Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВО́КСХАЛ»
(Vauxhall),
легкавы аўтамабіль канцэрна «Джэнерал мотарс». Уніфікаваны з аўтамабілем «Опель» (мадэль з правабакавым рулявым кіраваннем, разлічаная на англ. рынак, наз. «Воксхал», астатнія — «Опель», напр. «Воксхал-Кавалер» адпавядае «Опель-Вектра», «Воксхал-Карлтан» — «Опель-Амега»). З 1979 вырабляюцца аўтамабілі малога і сярэдняга класа. Рабочы аб’ём рухавіка ад 1,25 да 2,8 л, магутнасць ад 42 да 110 кВт, скорасць да 220 км/гадз.
Да арт.«Воксхал». Легкавы аўтамабіль «Воксхал-Вектра».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЦ ((Benz) Карл Фрыдрых) (25.1171844, г. Карлсруэ, Германія — 4.4.1929),
нямецкі інжынер-вынаходнік. Вынайшаў стацыянарны двухтактавы газавы рухавік (1878), заснаваў Рэйнскі з-д газавых рухавікоў (1883, г. Мангейм). У 1885, незалежна да Г.Даймлера, стварыў гарыз. аднацыліндравы чатырохтактавы бензінавы рухавік э эл. запальваннем і на яго аснове першы ў свеце аўтамабіль (1886). Паклаў пачатак серыйнай аўтамаб. вытв-сці (аўтамабіль «Вела», 1894). У 1926 заснаванае Бенцам прадпрыемства аб’ядналася з кампаніяй па вытв-сці рухавікоў Даймлера (гл.«Даймлер-Бенц»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІЦУБІ́СІ»,
сям’я аўтамабіляў і аўтобусаў японскага канцэрна «Міцубісі мотарс карпарэйшэн». Легкавыя аўтамабілі выпускаюцца з 1917 (масавая вытв-сць з 1964), грузавыя — з 1935, аўтобусы — з 1936. Выпускаюцца легкавыя аўтамабілі асабліва малога, малога і сярэдняга класаў (магутнасць рухавіка 32—219 кВт, найб. скорасць да 220 км/гадз), грузавыя аўтамабілі рознага прызначэння і кар’ерныя самазвалы (магутнасць рухавіка 51—115 кВт), аўтобусы пасажыраўмяшчальнасцю да 50 чал.
Да арт.Міцубісі: а — легкавы аўтамабіль «Міцубісі-Экліпс»; б — мікрааўтобус «Міцубісі-Спейс Геар»; в — грузавы аўтамабіль «Міцубісі-Дэліка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д (МАЗ). Засн. ў 1944 у Мінску, з 1975 галаўное прадпрыемства вытв. аб’яднання па выпуску велікагрузных аўтамабіляў «БелаўтаМАЗ». Першы аўтамабіль МАЗ-205 сышоў з канвеера ў 1947. За час існавання з-да асвоена вытв-сць 5 сем’яў аўтамабіляў — МАЗ-200, МАЗ-500, МАЗ-500А, МАЗ-5335, МАЗ-6422. У 1996 пачаты выпуск аўтамабіляў серыі МАЗ-64221, а з 1997 аўтамабіляў сям’і МАЗ-6430, якія адпавядаюць сучасным міжнар. патрабаванням. Асн. прадукцыя (1999): бартавыя трансп. аўтамабілі, седлавыя цягачы, поўнапрывадныя грузавыя і лесавозныя аўтамабілі, самазвалы, аўтамабілі-шасі. Імпарцёрамі прадукцыі прадпрыемства з’яўляюцца каля 80 краін. Пры з-дзе заснаваны філіялы па вытв-сці аўтобусаў («МАЗ») і прычэпаў («Белаўтапрычэп»). МАЗ стаў родапачынальнікам Беларускага аўтамабільнага завода, Магілёўскага аўтамабільнага завода, мінскіх з-даў колавых цягачоў і рысорнага, Баранавіцкага і Асіповіцкага аўтаагрэгатных з-даў, прадпрыемства «Туртранс» па выпуску прычэпаў-дач і гандл. кузаваў. На міжнар. выстаўках і кірмашах (у Бруселі, 1958; Лейпцыгу, 1980; Плоўдзіве, 1985) аўтамабілі МАЗа адзначаны вышэйшымі ўзнагародамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТА... (ад грэч. autos сам),
першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае: 1) словам «свой», «уласны» ці аснове «сама...»; 2) слову «аўтаматычны»; 3) словам «аўтамабільны», «аўтамабіль»; 4) словам «самаходны», «самарушны», напрыклад, аўтабіяграфія, аўтаблакіроўка, аўтадрызіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТАНАВО́З,
аўтамабіль для перавозкі бетоннай сумесі. Мае кузаў каўшовага або бункернага тыпу. Кузаў бетанавоза можа быць тэрмаізаляваны ці мець прыстасаванне для абагравання. Бетанавоз з бетонамяшалкамі, якія бесперапынна дзейнічаюць у час перавозкі, наз. аўтабетонамяшалкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«А́ВІЯ»
(Avia),
грузавыя аўтамабілі, якія выпускаюцца ў Чэхіі (Прага) з 1968 па ліцэнзіі франц. фірмы «Савіем». Грузападымальнасць 1,8—3,1 т, магутнасць дызельных рухавікоў 53—61 кВт, маса 4—6 т. Мае шэраг мадыфікацый.