А́ЎСТРА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 16—18 ст.,

войны паміж аўстрыйскімі Габсбургамі і Асманскай імперыяй гал. ч. за паўн. частку Балканскага п-ва і тэр. Венгерскага каралеўства. Паводле мірнага дагавору 1533, якім завяршылася вайна 1532—33, да Аўстрыі адышлі землі на З і ПнЗ Венг. каралеўства. У выніку вайны 1540—47 Венг. каралеўства было расчлянёна на некалькі частак: зах. і паўн. — пад уладай Габсбургаў, цэнтр. — пад кіраўніцтвам намеснікаў султана і ўсх., дзе правіцелямі былі тур. васалы. Войны 1551—62 і 1566—68 з-за Трансільваніі не прывялі да істотных тэр. змен. Вайна 1592—1606 вызваліла Аўстрыю ад штогадовай даніны тур. султану. Пасля вайны 1660—64 тур. войскі выведзены з Трансільваніі, але ўлада султана захавалася. У войнах 1683—99 і 1716—18 Асманская імперыя пацярпела паражэнне ад антытурэцкай кааліцыі (Аўстрыя, Польшча, Венецыя, з 1686 і Расія), панесла буйныя тэр. страты (гл. ў арт. Карлавіцкі кангрэс 1698—99, Пажаравацкія мірныя дагаворы 1718). У выніку вайны 1737—39 Аўстрыя вярнула Турцыі землі ў Сербіі і Валахіі (Бялградскі мір 1.9.1739), пасля вайны 1788—90 (сепаратны Сістаўскі дагавор 1791) усе занятыя Аўстрыяй тэрыторыі, за выключэннем крэпасці Хоцін з акругай, вернуты Турцыі.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТА́НТА МІЖЗЕМНАМО́РСКАЯ,

палітычная групоўка Вялікабрытаніі, Аўстра-Венгрыі і Італіі супраць Расіі і Францыі. Аформлена ў 1887 двума сакрэтнымі пагадненнямі: 1-м — паміж Вялікабрытаніяй і Італіяй (12 лют.), Аўстра-Венгрыяй і Вялікабрытаніяй (24 сак.); 2-м — паміж Аўстра-Венгрыяй і Вялікабрытаніяй (12 снеж.), Вялікабрытаніяй і Італіяй (16 снеж.). 1-е пагадненне фармальна захоўвала статус-кво ў басейнах Міжземнага, Адрыятычнага, Чорнага, Эгейскага мораў і на ўзбярэжжы Паўн. Афрыкі, 2-е мела на мэце захаваць становішча, якое існавала на той час у М.Азіі, чарнаморскіх пралівах і ў Балгарыі (Вялікабрытанія імкнулася ўмацаваць свае пазіцыі ў Егіпце, Італія — у Трыпалітаніі і Кірэнаіцы, Аўстра-Венгрыя — на Балканах). Стварэнню Антанты Міжземнаморскай садзейнічаў канцлер Германіі Бісмарк, які разлічваў умацаваць становішча Аўстра-Венгрыі адносна Расіі, далучыць да Траістага саюза 1882 Вялікабрытанію і перашкодзіць збліжэнню Францыі і Італіі. У выніку ўзмацнення ў канцы 19 ст. англа-герм. саперніцтва і аўстра-італьян. супярэчнасцяў Антанта Міжхемнаморская страціла сваю сілу.

т. 1, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НСКАЯ ВАЙНА́ 1866,

нямецкая вайна, назва аўстра-прускай вайны 1866 у гістарыяграфіі ФРГ.

т. 5, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСНІ́ЙСКІ КРЫ́ЗІС 1908—09,

міжнародны канфлікт, выкліканы анексіяй 7.10.1908 Босніі і Герцагавіны Аўстра-Венгрыяй. Паводле рашэння Берлінскага кангрэса 1878 правінцыі Боснія і Герцагавіна, населеныя сербамі і харватамі, былі акупіраваны аўстра-венг. войскамі, але юрыдычна заставаліся пад намінальнай уладай Асманскай імперыі; у іх пасля выхаду Сербіі з саюзу з Аўстра-Венгрыяй (1903) узмацніўся нац.-вызв. рух. Анексія была задумана, каб прадухіліць магчымае аб’яднанне правінцый з Сербіяй, што не адпавядала інтарэсам Габсбургаў. Дзеянні Аўстра-Венгрыі выклікалі пратэст з боку Турцыі і Сербіі, якая спадзявалася на падтрымку Расіі. Англія заявіла пра непарушнасць Берлінскага трактата 1878, Францыя ўстрымалася ад пратэсту, анексію не ўхвалілі Італія і Румынія. Аўстра-Венгрыю падтрымала Германія. За кампенсацыю ў 2,5 млн. тур. фунтаў Габсбургі дамагліся прызнання анексіі ад Турцыі (пагадненне ад 26.2.1909). Расія імкнулася ўрэгуляваць Баснійскі канфлікт дыпламатычным шляхам, але ва ўмовах ваен. падрыхтоўкі Аўстрыі і магчымага яе нападу на Сербію вымушана была прыняць ультыматыўнае патрабаванне Германіі (22.3.1909) аб прызнанні анексіі. 31.3.1909 анексію прызнала і Сербія. Баснійскі крызіс прывёў да росту міжнар. напружанасці, паглыблення супярэчнасцяў паміж Антантай і Траістым саюзам, пагаршэння адносін паміж Аўстра-Венгрыяй і Сербіяй, стаў адной з перадумоў развязвання 1-й сусв. Вайны.

т. 2, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Брусілаўскі прарыў, гл. Прарыў аўстра-германскага фронту 1916

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФЁЛЬДСКІ РУХ,

нац.-дэмакратычны рух збяднелай інтэлігенцыі, малазямельных і беззямельных сялян у паўд.-ўсх. Венгрыі (Альфёльдзе) супраць пагаднення 1867 пра стварэнне аўстра-венг. дзяржавы. Праходзіў пад лозунгамі свабоды, раўнапраўя, аднаўлення канстытуцыі 1848. Пачаўся са стварэння па ініцыятыве адваката Я/Асталаша дэмакр. гурткоў. Сяляне выступалі за падзел лугоў і пашаў, адмену падаткаў; мелі месца ўзбр. сутыкненні з войскамі. Альфёдаўскага руху задушаны аўстра-венг. урадам у 1868.

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІЦЫ́ЙСКАЯ БІ́ТВА 1914,

буйнамаштабныя баявыя дзеянні паміж рас. і аўстра-венг. войскамі на тэр. Галіцыі і Польшчы 18.8—21.9.1914 у 1-ю сусв. вайну. Складалася з Люблін-Холмскай (баі каля Красніка і Тамашава), Галіч-Львоўскай (на р. Залатая Ліпа і Гнілая Ліпа), Гарадоцкай і інш. аперацый. На фронце каля 400 км паміж рэкамі Вісла і Днестр з абодвух бакоў удзельнічалі каля 2 млн. чал. і да 5 тыс. гармат. Рас. камандаванне Паўд.-Зах. фронтам (галоўнакамандуючы ген. М.І.Іваноў) планавала акружыць і знішчыць аўстра-венг. сілы (каля 850 тыс. чал., 1800 гармат); аўстра-венг. (эрцгерцаг Фрыдрых) мела намер разграміць правае крыло рас. Паўд.-Зах. фронту (4-ю і 5-ю арміі). 18 жн. на левым крыле распачала наступленне рас. 8-я армія (ген. А.А.Брусілаў). 23 жн. перайшлі ў наступленне ўсе арміі Паўд.-Зах. фронту. У ходзе сустрэчнай бітвы ў раёне Краснік—Тамашаў (23 жн.—3 вер.) аўстра-венг. 1-я і 4-я арміі прымусілі 4-ю (ген. А.Е.Эверт) і 5-ю (ген. П.А.Плеве) рас. арміі адступіць да Любліна, Холма і Уладзіміра-Валынскага. 3-я рас. армія (ген. М.У.Рузскі) разбіла аўстра-венграў (3-я армія ген. Р.Брудэрмана) на р. Залатая Ліпа (26—28 жн.) і прарвала фронт на р. Гнілая Ліпа на ПдУ ад Львова (29—31 жн.). 2 вер. рас. войскі занялі Галіч, 3 вер. — Львоў. У ходзе сустрэчнай Гарадоцкай бітвы (5—12 вер.) 4-я рас. армія прарвала фронт у раёне Тарнаўкі. 12 вер. пачалося агульнае адступленне аўстра-венг. войск. Рас. часці прасунуліся на 280—300 км, занялі Галіцыю і частку аўстр. Польшчы. У Галіцыйскай бітве аўстра-венг. армія страціла 325 тыс. чал. (у т. л. каля 100 тыс. палоннымі) і 400 гармат, рас. войскі — каля 230 тыс. чал. (з іх 40 тыс. палонных) і 94 гарматы.

С.Б.Каўн.

т. 4, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Луцкі прарыў 2/409, гл. Прарыў Аўстра-германскага фронту 1916

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БУХАРЭ́СЦКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1918.

Падпісаны паміж Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Балгарыяй і Турцыяй з аднаго боку і Румыніяй з другога 7.5.1918 у г. Бухарэст (Румынія). Паводле яго Румынія ўступала Аўстра-Венгрыі пагран. ўчасткі (каля 6 тыс. км²), вяртала Балгарыі Паўд. Дабруджу, над Паўн. Дабруджай усталёўвалася сумеснае кіраванне краін герм. блока. Пасля паражэння у 1-й сусв. вайне краін герм. блока Румынія адмовілася ратыфікаваць дагавор і ён быў адменены Версальскім мірным дагаворам 1919.

т. 3, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЦАГАВІ́НСКА-БАСНІ́ЙСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1882,

нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць аўстра-венг. панавання ў Босніі і Герцагавіне. Штуршком да яго паслужыла ўвядзенне воінскай павіннасці (закон ад 4.11.1881). Пачалося з нападу групы ўзбр. сялян ноччу 10 студз. на жандарскую казарму ў г. Улог, потым пашырылася на Паўн.-Усх. Герцагавіну і Паўд.-Усх. Боснію; ва Улогу (стаў цэнтрам паўстання) быў створаны орган улады паўстанцаў — меджліс. У студз.лют. дрэнна ўзброеныя паўстанцы на чале з С.Кавачавічам і С.Фортам намагаліся заняць гарады Фоча і Трнава. Задушана ў крас. аўстра-венг. войскамі пад камандаваннем фельдмаршала Іаванавіча.

т. 5, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)