БО́ТА ((Botha) Луіс) (27.9.1862, г. Грэйтаўн, ПАР — 28.8.1919),
дзяржаўны дзеяч бурскай рэспублікі Трансвааль, потым Паўд.Афр. Саюза (ПАС). Генерал. У час англа-бурскай вайны 1899—1902 галоўнакамандуючы войскамі Трансвааля (з 1900). З 1907 прэм’ер-міністр Трансвааля, у 1910—19 — ПАС. Праводзіў палітыку нац. кампрамісу паміж брыт. і бурскім насельніцтвам. Садзейнічаў уступленню ПАС у 1-ю сусв. вайну на баку Антанты. Пры Боту было задушана паўстанне бурскіх нацыяналістаў пад кіраўніцтвам К.Дэвета (1914), захоплена Паўд.-Зах.Афрыка (1914—15).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́МІЯ (Abelmoschus esculentus),
кветкавая расліна сям. мальвавых. Агародніна. Радзіма — Усх.Афрыка. Вырошчваюць ў трапічных і субтрапічных краінах Паўн. Амерыкі і Паўд. Еўропе, у Закаўказзі. Святло- і цеплалюбівая культура.
Аднагадовая травяністая расліна выш. да 2 м, падобная на бавоўнік. Лісце пальчаталопасцевае, на доўгіх чаранках. Кветкі жоўтыя, адзіночныя, у пазухах лісця. Плод — каробачка даўж. да 25 см. Тэхн. (з сцяблоў вырабляюць грубыя валокны), лек., кармавыя і харч. (няспелыя струкападобныя плады і лісце спажываюць у ежу, з насення гатуюць сурагат кавы і какавы) расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУПЯНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
сельскагаспадарчыя расліны, зерне якіх перапрацоўваецца пераважна на крупы. Большасць К.к. (магар, полба, проса, рыс, сорга, чуміза) з сям. метлюжковых, грэчка — з сям. драсёнавых. Крупы вырабляюць таксама з зерня аўса, пшаніцы, ячменю, гароху, кукурузы. Багатыя бялкамі, вітамінамі і вугляводамі. З зерня К.к. атрымліваюць крухмал, муку, спірт, іх выкарыстоўваюць на корм жывёле. З саломы вырабляюць паперу (рысавая папера), плеценыя вырабы, скормліваюць жывёле. Грэчка — добры меданос. Вырошчваюць ва ўсіх земляробчых раёнах. Найб. плошчы займаюць рыс (Азія), проса, сорга (Азія, Афрыка), грэчка (Еўропа, Паўн. Амерыка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФРЫКА́НСКАЕ ПРО́СА, негрыцянскае проса,
перыстамяшэй амерыканскі (Pennisetum americanum),
гібрыдная кветкавая расліна сям. метлюжковых з роду перыстамяшэй. Радзіма — Афрыка. Культывуецца ў засушлівых раёнах Афрыкі і Азіі, менш на Пд Еўропы, Амерыкі і Аўстраліі.
Аднагадовая травяністая расліна са шматлікімі высокімі (да 3 м і больш) сцёбламі і доўгім шырокім лісцем. Суквецце — густая цыліндрычная або эліпсападобная, коласападобная мяцёлка. Зярняўкі авальна-яйцападобныя або грушападобныя; белыя або шэрыя, багатыя бялком (12—13%), крухмалам (да 60%) і алеем (да 7%). Збожжавая і кармавая святло- і цеплалюбівая, засухаўстойлівая расліна, непатрабавальная да глебавых умоў. Размнажаюць насеннем. Апрацоўваецца, як прапашная культура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕЯ́ДАЎ ХАЛІФА́Т, Дамаскі халіфат,
дзяржава арабаў у перыяд праўлення халіфаў дынастыі Амеядаў. Сталіца — Дамаск. На пачатку займаў тэр. Аравійскага п-ва, Месапатаміі, Палесціны, Сірыі, Ірана, Егіпта. У ходзе араб. заваяванняў да халіфата далучаны Паўн.Афрыка, б.ч. Пірэнейскага п-ва, ч. Сярэдняй Азіі, некат. княствы Паўн.-Зах. Індыі, Арменія, Азербайджан, ч. Грузіі. Амеяды распаўсюджвалі сярод заваяванага насельніцтва іслам, увялі ў справаводства араб. мову, рэарганізавалі войска (салдаты атрымлівалі плату з казны ці надзяляліся зямлёй), будавалі дарогі, каналы, караван-сараі і інш. Нестабільныя падаткі і нормы землекарыстання выклікалі нар. паўстанні (часам у форме сектанцкіх рухаў), апошняе з якіх у 747—750 пад кіраўніцтвам Абу Мусліма прывяло да звяржэння дынастыі Амеядаў і разбурэння халіфата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШАНІ́ЛЬ (франц. cochenille ад ісп. cochinilla літар. макрыца),
некалькі відаў насякомых з розных сям.падатр.какцыд, самкі якіх выкарыстоўваюцца для атрымання чырв. фарбы — карміну. Найб. вядомыя мексіканская К. (Dactylopius cacti), якая жыве на надземных органах кашанільнага кактуса (Цэнтр. Амерыка, Зах. Еўропа, Паўн.Афрыка, Усх. Азія); армянская, ці арарацкая К. (Porphyrophora hamelii), якая жыве на каранях злакаў (Арменія) і польская К. (P. polonica) — на каранях дубровак, суніц, талакнянкі і інш. (Еўропа). На Беларусі сустракаецца К. польская, занесена ў Чырв. кнігу.
Дарослыя самкі К. польскай даўж. да 7 мм, вішнёва-чырв. колеру, бяскрылыя, нагадваюць макрыц. Самцы крылатыя, з доўгімі васковымі ніткамі на канцы брушка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЯРЫ́К, кантынент,
буйны масіў зямной кары, б.ч. паверхні якога выступае над узроўнем Сусветнага акіяна ў выглядзе сушы, а перыферычная ч. апушчана пад узровень акіяна. У сучасную геалагічную эпоху існуе 6 мацерыкоў: Еўразія, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Афрыка, Аўстралія, Антарктыда. Для іх характэрны кантынентальны тып будовы зямной кары магутнасцю 35—70 км з прысутнасцю гранітна-метамарфічнага слоя. Вылучаюць унутрыкантынент. і ўскраінна-кантынент. структуры. Да першых адносяцца раўнінныя вобласці, развітыя на стараж. і маладых платформах, і горныя ўтварэнні, якія ўзніклі на месцы геасінклінальных складкавых абласцей. Другі тып структур уключае выраўнаваныя падводныя прадаўжэнні кантынентаў (шэльф, схіл) пасіўных (атл.) ускраін і шэльф, схіл, глыбакаводныя катлавіны, жалабы, акіянічныя астраўныя дугі актыўных (ціхаакіянскіх) ускраін, якія чаргуюцца. Гл. таксама Зямля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАПЕ́ЧНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ,
тэрыторыі, якія пасля заканчэння 2-й сусв. вайны ўключаны ў Міжнар. сістэму апекі ААН, прадугледжаную Статутам ААН. Гэта пераважна былыя падмандатныя тэрыторыі Лігі Нацый або калоніі, найперш Германіі і яе саюзнікаў: у Афрыцы — Камерун, Руанда, Бурундзі, Самалі, Танзанія, Паўд.-Зах.Афрыка; а-вы у Ціхім Акіяне — Зах. Самоа, Науру, Новая Гвінея, Марыянскія, Маршалавы і Каралінскія; з насельніцтвам каля 20 млн. чалавек. Кіраванне імі, са згоды ААН і пад кантролем яе Савета па апецы, атрымалі б. каланіяльныя дзяржавы — Вялікабрытанія, Бельгія, Францыя, а таксама Італія (над Самалі). Апрача таго, Савет Бяспекі ААН у 1947 перадаў Каралінскія, Марыянскія і Маршалавы а-вы ў якасці «стратэгічнага раёна» пад кіраванне ЗША. Да 1997 усе П.т. атрымалі незалежнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЫЛІ́НА (Луцый Сергій) (Lucius Sergius Catilina; каля 108—62 да н.э.),
старажытнарымскі паліт. і дзярж. дзеяч, военачальнік. У грамадз. войнах 88—82 да н. э. прыхільнік Сулы. У 68 прэтар, у 67—66 прапрэтар у правінцыі Афрыка. Дамагаючыся абрання на пасаду консула, сабраў вакол сябе незадаволеных, выступіў абаронцам рым. беднаты, абяцаў ліквідаваць даўгі. Пасля паражэння на выбарах вырашыў дамагчыся ўлады сілай. Змова К. была раскрыта, некаторыя яго прыхільнікі паводле загаду Цыцэрона арыштаваны і пакараны смерцю. Пасля няўдалага замаху на жыццё Цыцэрона К. пакінуў Рым (7.11.63 да н. э.), сабраў у Этрурыі войска. Загінуў у бітве з консульскай арміяй каля Пісторыі (цяпер Пістоя).
Літ.:
Лившиц Г.М. Социально-политическая борьба в Риме 60-х гг. I в до н. э. и заговор Катилины. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКІЯ ЗАВАЯВА́ННІ,
ваенныя паходы арабаў у 30-я г. 7 — пач. 9 ст., у ходзе якіх створана феад.-тэакратычная дзяржава — Арабскі халіфат. На працягу 7 ст. заваяваны Сірыя, Палесціна, Месапатамія, Егіпет, амаль уся Паўн.Афрыка, Іран; на пач. 8 ст. — Закаўказзе і міжрэчча Амудар’і і Сырдар’і ў Сярэдняй Азіі; у 712 — Сінд (тэр. ў ніжнім цячэнні Інда), у 711—714 — б.ч. Пірэнейскага п-ва, пазней — Сіцылія, Мальта, Крыт. На заваяваных тэрыторыях распаўсюджваўся іслам, адбывалася арабізацыя мясц. насельніцтва (акрамя Ірана і Сярэдняй Азіі). У выніку ўзаемадзеяння арабаў з заваяванымі народамі ўзнікла сярэдневяковая арабская культура. З 1-й чвэрці 9 ст. пачаўся паліт. распад халіфата на адасобленыя часткі. Барацьбу за вызваленне ад араб. экспансіі карэннае насельніцтва Пірэнейскага п-ва вяло некалькі стагоддзяў (гл.Рэканкіста).