АШО́КА,

старажытнаіндыйскі цар, правіцель Магадхі [268—232 да нашай эры]. З дынастыі Маур’я. Праводзіў палітыку ўмацавання аб’яднанай інд. дзяржавы, якая ахоплівала амаль усю Індыю, вобласці Афганістана і Пакістана. Захаваліся яго ўказы, высечаныя на скалах, калонах, у пячорах. Садзейнічаў пашырэнню будызму ў Індыі і за яе межамі. Эпоха кіравання Ашокі адзначана развіццём інд. культуры, архітэктуры, пісьменства.

т. 2, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРАТУ́ШТРА, Зараастр,

паўлегендарны заснавальнік зараастрызму — стараж.-іранскай рэлігіі, у аснову якой пакладзена ідэя аб непазбежнай перамозе сіл дабра над сіламі зла; стваральнік самай стараж. часткі «Авесты». Згодна традыцыі і паводле меркаванняў вучоных, З. жыў і прапаведаваў у 7—пач. 6 ст. да н.э. на тэр. Усх. Ірана, Сярэдняй Азіі і Афганістана.

т. 6, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФГА́НЕЦ,

мясцовы паўд.-зах. або паўд. вецер, які дзьме з Афганістана ў раёны зах. Паміра і вярхоўі Амудар’і. Сухі, моцны (скорасць 17—25 м/с), вельмі пыльны. Узнікае пры ўварванні халодных паветраных масаў у паўд. раёны Сярэдняй Азіі. У г. Тэрмез (Узбекістан) бывае да 70 дзён за год. Прыгнечвае расліннасць, наносіць шкоду сельскай гаспадарцы.

т. 2, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДАГА́Р,

горад на Пд Афганістана, каля падножжа адгор’яў Зах. Гіндукуша. Адм. ц. правінцыі Кандагар. Паводле паданняў, заснаваны Аляксандрам Македонскім. 225 тыс. ж. (1989). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (жывёлагадоўля, садоўніцтва). Тэкст. ф-кі, фруктова-кансервавы з-д. Саматужныя рамёствы. Грабніца Ахмад-шаха Дурані і інш. арх. помнікі 18 ст.

т. 7, с. 577

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХМА́Д-ШАХ ДУРАНІ́ (каля 1721—1773),

заснавальнік незалежнай афганскай дзяржавы (Дуранійскай дзяржавы). Служыў у іран. шаха Надзір-шаха, пасля смерці якога (1747) на чале афг. Атрадаў пайшоў у Афганістан, дзе аб’яднаў усе афг. плямёны. З 1747 шах Афганістана. У 1748—57 заваяваў Пенджаб, Кашмір, Сірхінд, Сінд, Харасан, Балх, Белуджыстан, у 1761 у бітве пры Паніпаце нанёс паражэнне маратхам.

т. 2, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АВЕ́СТА»,

збор свяшчэнных кніг зараастрызму ў некаторых стараж. народаў Ірана, Сярэдняй Азіі, Азербайджана і Афганістана. Узнікла, верагодна, у 1-й пал. 1-га тыс. да н.э., агульнапрызнаным канонам стала ў 3—7 ст. Напісана на стараж.-іранскіх дыялектах. Складаецца з рэліг. прадпісанняў, малітваў, гімнаў, мае шмат міфічных элементаў. Выкарыстоўваецца ў богаслужэнні парсаў (Індыя). Раннія часткі «Авесты» прыпісваюцца прароку Заратуштры (Зараастру).

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІ́Н (Хафізула) (1926, г. Пагман, прав. Кабул, Афганістан — 27.12.1979),

афганскі дзярж. і паліт. дзеяч. Чл. Народна-дэмакр. партыі Афганістана (фракцыя «Хальк»). Пасля перавароту (рэвалюцыі) 27.4.1978 1-ы нам. прэм’ер-міністра і міністр замежных спраў, прэм’ер-міністр. 14.9.1979 адхіліў ад улады Н.М.Таракі, з 16 вер. ген. сакратар ЦК партыі, старшыня Рэв. савета краіны. Імкнуўся да ўсталявання аўтарытарнага рэжыму. Загінуў у час уводу сав. войскаў у Афганістан.

т. 1, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМА́НД (Абдул Ахад) (н. 1.1.1959, Сарда, Афганістан),

першы касманаўт Афганістана. Герой Рэспублікі Афганістан (1988), Герой Сав. Саюза (1988). Скончыў політэхн. ін-т (1976, г. Кабул), Ваенна-паветр. акадэмію (1987). У 1988 у атрадзе касманаўтаў. 29.8—7.9.1988 з У.А.Ляхавым і В.У.Паляковым здзейсніў палёт (як касманаўт-даследчык) на касм. караблі «Саюз ТМ-6» і арбітальнай станцыі «Мір» (пасадка на касм. караблі «Саюз ТМ-5»). У космасе правёў 8,9 сут.

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАПАМІ́З,

горная сістэма на ПнЗ Афганістана (паўн. перадгор’і — у Туркменіі). Даўж. каля 600 км, шыр. да 250 км. Складзена пераважна з вапнякоў і сланцаў, на Пд і У з гранітаў і гнейсаў. Паўн. перадгор’і ўкрыты лёсавым чахлом. Асн. хр. Банды-Туркестан, Хісар (выш. да 4565 м). П. глыбока расчлянёны далінамі рэк Мургаб, Сурхаб, Герыруд і інш. Шматлікія восыпы. Горныя паўпустыні, стэпы, рэдкалессі і ўчасткі шыракалістых лясоў.

т. 12, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯНДЖ,

рака на мяжы Таджыкістана і Афганістана, левая састаўляючая Амудар’і. Даўж. 921 км, пл. басейна 114 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў рэк Памір і Вахандар’я. Цячэ пераважна ў вузкай даліне. Гал. прытокі: Гунт, Бартанг, Язгулем, Ванч, Кызылсу. Сярэдні расход вады 1032 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная на 118 км ад вусця. Па даліне П. праходзіць аўтатракт Душанбе — Харог. На П. — гарады Харог, Пяндж (Таджыкістан).

т. 13, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)