ПРАЦО́ЎНАЯ КНІ́ЖКА,

асноўны дакумент аб прац. дзейнасці работніка. Вядзецца на ўсіх работнікаў, якія працуюць у наймальніка больш як 5 дзён. Паводле КЗаП Рэспублікі Беларусь у П.к. заносяцца звесткі пра работніка, пра выконваемую ім работу, а таксама пра заахвочванні і ўзнагароды за поспехі ў працы. Пры звальненні П.к. выдаецца работніку. Запіс аб прычынах звальнення ў П.к. робіцца ў адпаведнасці з фармулёўкамі дзеючага заканадаўства.

т. 13, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІМЕ́ДА ЗАКО́Н,

асноўны закон гідрастатыкі і аэрастатыкі, паводле якога на кожнае цела, апушчанае ў вадкасць (газ), дзейнічае выштурхная сіла, накіраваная ўверх, роўная па модулі вазе выціснутай гэтым целам вадкасці (газу) і прыкладзеная да цэнтра цяжару апушчанай у вадкасць (газ) часткі цела. Адкрыты ў 3 ст. да н.э. Архімедам. Архімеда закон — аснова тэорыі і практыкі плавання целаў. З яго ўлікам будуюцца аэрастаты, дырыжаблі, падводныя лодкі і інш.

т. 1, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́БРЫЧ, Добрыца,

рака ў Рагачоўскім і Кармянскім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Сож (бас. Дняпра). Даўж. 36 км. Пл. вадазбору 234 км². Пачынаецца за 200 м на З ад в. Рубанае Рагачоўскага р-на. Цячэ па Чачорскай раўніне. Асноўны прыток р. Ржаўка. Даліна трапецападобная. Пойма двухбаковая. Ад вытоку на працягу каля 7 км рэчышча каналізаванае, ніжэй звілістае. На рацэ плаціна і сажалка.

т. 6, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ХТА (ад ням. Wacht каравул, варта),

1) асноўны від дзяжурства на караблях і суднах, які забяспечвае іх плаванне, захоўвае бяспеку, а ў ВМФ і боегатоўнасць. Падзяляецца на агульнакарабельную, спецыяльную (у баявых часцях і службах), хадавую і якарную.

2) Прамежак часу, на працягу якога адна змена вахты на караблі нясе дзяжурства.

3) Склад чарговай (вахтавай) змены нарада.

4) Група людзей, якая выязджае працаваць на пэўны перыяд часу ў зададзены раён.

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЕ СЛО́ВА»,

газета. Выдавалася ў 1943—44 у Віцебску (друкавалася ў Дзвінску) на бел. мове пад кантролем герм. акупац. улад. Выходзіла 2—3 разы ў месяц. Асноўны змест газеты — інфармацыя аб падзеях на франтах, міжнар. адносінах, пытанні гісторыі Беларусі, нац.-культ. жыцця, адукацыі. Друкавала тэатр. рэцэнзіі, крытычныя агляды бел. л-ры, метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў, маст. творы бел. аўтараў. Выйшаў не менш як 61 нумар.

С.​У.​Жумар.

т. 2, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРО́ТНЫ КАПІТА́Л,

частка пастаяннага прадукцыйнага капіталу, вартасць якога ў працэсе яго вытв. расходавання цалкам пераносіцца на прадукт і цалкам вяртаецца да прадпрымальніка ў грашовай форме ў канцы кожнага кругаабароту капіталу. Да абаротнага капіталу адносіцца капітал, авансаваны на куплю сыравіны, паліва, дапаможных матэрыялаў і інш. прадметаў працы, а таксама пераменны капітал. Абаротны капітал абарачаецца хутчэй за асноўны капітал. Чым большая доля абаротнага капіталу ў авансаваным капітале, тым меншы час абароту ўсяго капіталу і большы прыбытак.

т. 1, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРУХ у супраціўленні матэрыялаў,

від пругкай дэфармацыі, які характарызуецца зменай (скажэннем) вуглоў элементарных паралелепіпедаў цела пры захаванні іх аб’ёму. Прыводзіць да ўзаемнага зрушэння паралельных слаёў матэрыялу з захаваннем нязменнай адлегласці паміж імі. Пры З. мае месца Гука закон: τ=Gγ, дзе τ — датычнае напружанне, што выклікае З., G — модуль З. дадзенага матэрыялу (гл. Модулі пругкасці), γ — вугал З. ці адносны З. Разлік на З. — асноўны для балтовых і заклёпачных злучэнняў і зварных швоў.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГНІЮ АКСІ́Д, паленая магнезія,

злучэнне магнію з кіслародам; асноўны аксід, MgO. У прыродзе рэдкі мінерал перыклаз.

Бясколернае крышт. рэчыва, tпл 2827 °C, шчыльн. 3580 кг/м³. Дрэнна раствараецца ў вадзе. Дробнакрышт. М.а. паглынае вуглякіслы газ і вадзяную пару, лёгка ўзаемадзейнічае з к-тамі. Атрымліваюць абпальваннем магнезіту і даламіту. Выкарыстоўваюць у вытв-сці вогнетрывалых матэрыялаў, магнезіяльнага цэменту (гл. Магнію злучэнні), пры вулканізацыі гумы, для ачысткі нафтапрадуктаў, у медыцыне (сродак для зніжэння кіслотнасці страўнікавага соку, лёгкае слабіцельнае).

т. 9, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНТО́Л (ад лац. mentha мята + oleum алей),

n-ментанол-3,3-метыл-6-ізапрапілцыклагексанол, арганічнае злучэнне, спірт аліцыклічнага шэрагу; асноўны кампанент мятнага алею.

Бясколерныя легкаплаўкія крышталі (tпл 43—44 °C) з пахам мяты і гаркаватым смакам. Раствараецца ў этаноле, абмежавана ў вадзе. Атрымліваюць вымарожваннем з мятнага алею, а таксама сінтэзуюць гідрыраваннем тымолу. Выкарыстоўваюць для араматызацыі лікёраў, цукерак, тытуню, сродкаў догляду за зубамі, як кампанент лек. прэпаратаў (напр., валідолу). Аказвае абязбольвальнае і абеззаражвальнае дзеянне, моцна ахалоджвае скуру.

т. 10, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́СА ЗАКО́Н,

асноўны закон тэрмахіміі: цеплавы эфект хім. рэакцыі залежыць толькі ад прыроды і стану зыходных рэчываў і канчатковых прадуктаў і не залежыць ад колькасці і характару прамежкавых стадый у сістэме. Адкрыты эксперыментальна Г.І.Гесам у 1840. З’яўляецца адной з формаў закону захавання энергіі для сістэм, дзе адбываюцца хім. рэакцыі пры пастаянным аб’ёме ці пастаянным ціску. Карыстаюцца Геса законам для разліку цеплавых эфектаў працэсаў, якія цяжка ці практычна немагчыма ажыццявіць, на аснове эксперым. даных для інш. працэсаў.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)