комплекс галін цяжкай прам-сці па вытв-сці машын, механізмаў, агрэгатаў, прылад, металаканструкцый, металавырабаў, а таксама па рамонце машын і абсталявання. У адпаведнасці з класіфікацыяй Рэспублікі Беларусь уключае каля 30 галін, найважнейшыя з іх: станкабудаўнічая і інструментальная, прыладабудаванне, аўтамабільная, трактарнае і с.-г. машынабудаванне, дарожна-буд. і камунальнае машынабудаванне, машынабудаванне для лёгкай і харч. прам-сці і быт. прылад, эл.-тэхн., сродкаў выліч. тэхнікі, падшыпнікавая, авіяц., суднабуд., метал. канструкцый, метал. вырабаў, рамонту машын і абсталявання і інш. (гл. адпаведныя артыкулы).
Машынабудаванне як галіна прам-сці ўзнікла ў 18 ст. Вынаходніцтва машын для вытв-сці пражы, ткацкага станка, паравой машыны як універсальнага рухавіка стымулявала стварэнне металаапр. станкоў. Як галіна вытв-сці станкабудаванне атрымала развіццё спачатку ў Вялікабрытаніі, потым у інш. краінах Зах. Еўропы, ЗША, а ў пасляваенныя гады ў Японіі, КНР, Бразіліі, Індыі і інш. Цяпер сярод краін свету М. і м. найбольш развіты ў ЗША (першае месца па колькасці і разнастайнасці выпускаемых відаў машын), Японіі (асабліва па выпуску легкавых машын і першае месца па выпуску прамысл. робатаў), Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Канады. У 1996 у свеце было выраблена 39,5 млн.шт. легкавых аўтамабіляў (Японія — 20,4%, ЗША — 16,8, Германія — 12,4, Францыя — 8,2, Вялікабрытанія — 4,4%) і 16,5 млн.шт. грузавых аўтамабіляў (ЗША — 43,7%, Японія — 16,9, Бразілія — 9,6, КНР — 5,0, Рэспубліка Карэя — 3,7%).
На Беларусі М. і м. як галіны вытв-сці пачалі развівацца ў канцы 19 — пач. 20 ст. Дзейнічалі: у Мінску — машынабуд. і чыгунаметалургічны з-д, як Кашырскі з 1881, металаапр.з-д «Гігант» з 1907; у Віцебску — чыгуналіцейны і машынабуд. з-д з 1877; у Магілёве — чыгуналіцейны з-д з 1915. У пач. 20 ст. было 26 невял. металаапр. прадпрыемстваў, якія выраблялі плугі, сярпы, косы, сякеры, цвікі, метал. посуд, нестандартнае абсталяванне для мукамольнай, крухмала-патачнай, дрэваапр. і спіртавой прам-сці, займаліся рамонтам рухомага саставу чыгунак і інш. У 1930-я г. значнымі цэнтрамі станкабудавання сталі Мінск, Віцебск, Гомель. Пачаўся выпуск складаных с.-г. і тарфяных машын, абсталявання для буд. прам-сці, электрарухавікоў. У пач. 1940-х г.асвоены выпуск радыёпрыёмнікаў. У Вял.Айч. вайну ч. машынабуд. з-даў была эвакуіравана ва ўсх. раёны СССР, астатнія разбураны. У пасляваенныя гады структура М. і м. значна змянілася. Пабудаваны аўтамабільны, трактарны, веласіпедны, інструментальны з-ды, радыёзавод у Мінску; асвоена вытв-сць падшыпнікаў, розных с.-г. машын, гадзіннікаў, электронна-выліч. машын, тэлевізараў і інш. Сучасныя М. і м. развіты ва ўсіх абласцях рэспублікі, найб. сканцэнтраваны ў Мінску (каля 45%); буйныя цэнтры М. і м. Гомель, Віцебск, Магілёў, Брэст, Гродна, Бабруйск, Баранавічы, Пінск, Орша, Барысаў, Жодзіна, Маладзечна. Дынаміку вытв-сці важнейшых відаў прадукцыі машынабудавання гл. ў табліцы. Паводле аб’ёму валавой прадукцыі, кошту асн.вытв. фондаў і колькасці рабочай сілы М. і м. займаюць 1-е месца ў рэспубліцы. У 1998 удзельная вага галіны ў агульным аб’ёме валавой прадукцыі склала 25,7%; у галіне 704 прадпрыемствы (з іх 24,7% — дзярж. уласнасці, якія далі 63% усяго аб’ёму прадукцыі), 37,2% усіх рабочых і служачых, 29,6% прамысл.-вытв. фондаў. Па колькасці відаў прадукцыі (больш за 600), сваёй разгалінаванасці, каап. сувязях машынабудаванне не мае сабе роўных сярод інш. галін прамысл. комплексу рэспублікі.
Літ.:
Сацыяльна-эканамічная геаграфія Рэспублікі Беларусь. Мн., 1997;
Рогач П.І., Сасноўскі В.М. Камерцыйная геаграфія Рэспублікі Беларусь. Мн., 1996.
П.І.Рогач.
Да арт.Машынабудаванне і металаапрацоўка. Робат-зваршчык у цэху Мінскага аўтамабільнага завода.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕТРАДЫЦЫ́ЙНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ ЭНЕ́РГІІ,
узнаўляльныя крыніцы энергіі, якія не адносяцца да найб. пашыраных традыц. крыніц энергіі: цеплавых, атамных і гідраўлічных (акрамя зусім малых) электрастанцый. Н.к.э. звычайна лічаць энергію сонца, ветру, малых рэк і вадасховішчаў, біямасы, сціснутага прыроднага газу.
Геліяэнергетыка грунтуецца на выкарыстанні сонечнай радыяцыі. Існуюць розныя спосабы пераўтварэння сонечнай энергіі (цеплавы, фота- і тэрмаэлектрычны, тэрмаэмісійны) у геліяўстаноўках (гл. таксама Геліятэхніка). Найб. пашыраны выпуск і выкарыстанне геліяэнергет. абсталявання ў Швецыі, Вялікабрытаніі, Германіі. Ветразнергетыка займаецца пераўтварэннем энергіі ветру ў эл., мех. і цеплавую энергію з дапамогай ветраэнергетычных установак (ВЭУ). Яе асновай з’яўляюцца ветраэлектрычныя станцыіНайб. развіта ў ЗША, ФРГ, Індыі, Даніі. Магутнасць традыц. лопасцевых ВЭУ, што падключаны да энергасетак свету, перавышае 6000 МВт (1996). Малая гідраэнергетыка выкарыстоўвае мех. энергію воднага патоку малых рэк і вадасховішчаў пераважна для выпрацоўкі электраэнергіі (гл.Гідраэнергетыка). Будуюцца пераважна нізканапорныя гідраэлектрычныя станцыі (мікрагэс) з гідраагрэгатамі малой магутнасці. Энергія біямасы (драўніны, мясц. відаў паліва, адходаў вытв-сці і бытавых, біягазу жывёлагадоўчых комплексаў і птушкафабрык) пераўтвараецца з дапамогай катлоў у цяпло (ідзе на цеплазабеспячэнне. вытв. патрэбы), з дапамогай газагенератараў — у гаручы газ (выкарыстоўваецца як паліва ў прамысл. пячах і інш.). Тэхналогія газіфікацыі цвёрдых быт. адходаў найб. дасканала распрацавана ў ФРГ, Японіі і інш.Энергія сціснутага прыроднага газу пры яго рэдуцыраванні на газаразмеркавальных станцыях ад 30—50 атм. да ціску 3—12 атм, пад якім газ падаецца спажыўцам, можа выкарыстоўвацца для выпрацоўкі электраэнергіі з дапамогай газарасшыральных турбін. Напр., на адной з ЦЭЦ «Мосэнерга» (Расія) укараненне энергакомплексаў з турбінамі ГНПГІ «Турбагаз» дало магчымасць на кожны 1 МВт устаноўленай магутнасці дадаткова атрымліваць 8 млн.кВтгадз электраэнергіі за год.
На Беларусі найб. спрыяльны перыяд выкарыстання геліясістэм красавік—верасень, калі з 1 м² геліякалектара можна атрымаць за суткі 90 л вады з т-рай 55—60 °C. У НВА «Белсельгасмеханізацыя» распрацаваны шэраг геліяпадагравальнікаў вытв. і быт. прызначэння, у Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» — геліякалектары з алюмінію. у Ін-це праблем энергетыкі Нац.АН даследуецца эфектыўнасць энергазберажэння пры выкарыстанні такіх геліясістэм для гарачага водазабеспячэння. Даследаванні ветраэнергет. патэнцыялу выявілі 1800 пляцовак са спрыяльнымі ветравымі патокамі (сярэднегадавая скорасць ветру 4,7—6.1 м/с). На іх перспектыўнае выкарыстанне аўтаномных ВЭУ і ветрапомпавых установак магутнасцю да 30 кВт (пераважна с.-г. прызначэння). Распрацоўваецца ветрарухавік новага тыпу — з камбінаванымі цыліндрамі замест лопасцей для работы пры нізкіх скарасцях ветру. Спраектавана і пабудавана (1998) доследна-прамысл. ВЭУ магутнасцю 60—110 кВт для характэрных на Беларусі скарасцей ветру, распрацоўваецца ротарная ВЭУ магутнасцю 250 кВт для скарасцей ветру 2—8 м/с. У малой гідраэнергетыцы найб. спрыяльныя для выкарыстання гідрарэсурсы басейна рэк Дняпро, Зах. Дзвіна, Нёман, Днестр, Вілія, Прыпяць, Зах. Буг, а таксама малых рэк і створаў у паўн. і ўсх.ч. краіны. Буд-ваГЭС мэтазгодна на буйных (аб’ём больш за 1 млн.м³) вадасховішчах. На Вілейскім вадасховішчы працуе 1-ы блок Вілейскай ГЭС магутнасцю 1 МВт (з 1998). Магутнасць такіх ГЭС на 17 буйных вадасховішчах можа дасягнуць 6 МВт, магутнасць мікрагэс на водагасп. і меліярац. сістэмах — 1 МВт. З біямасы найб. значныя аб’ёмы драўніны (за год у катлах яе спальваюць 1—1.5 млн.м³). Асвоены выпуск газагенератараў магутнасцю 30—200 кВт для перапрацоўкі драўнінных адходаў і нізкагатунковых відаў мясц. паліва. Высокаэфектыўныя катлы выпускаюць Гомельскі з-д «Камунальнік» і Бешанковіцкі «Котламаш». Біягазу ад 275 жывёлагадоўчых комплексаў і 66 птушкафабрык краіны можна атрымліваць 1,7 млрд.м³, ад перапрацоўкі цвёрдых быт. адходаў — больш за 350 млн.м³ за год. Ўкараненне энергакомплексаў з газарасшыральнымі турбінамі на газаразмеркавальных станцыях (іх у рэспубліцы 130) можа даць электраэнергіі магутнасцю больш за 30 МВт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́Н, Султанат Аман,
дзяржава на Б. Усходзе, займае паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва. Тэр. дзяржавы выцягнутая з ПдЗ на ПнУ на 940 км. Абмываецца водамі Аравійскага м. Мяжуе з Йеменам, Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі; граніцы на З праходзяць па пустыні і выразна не акрэслены. Абсалютная манархія. У адм. адносінах падзяляецца на 6 раёнаў і 59 губернатарстваў. Пл. 212,4 тыс.км. Нас. 1,9 млн.чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія іслам. Сталіца — г.Маскат. Нац. свята — Дзень нараджэння султана Кабуса (18 ліст.).
Прырода. Тэр. Амана займае ўскраіну плато Аравійскага п-ва з гарамі Хаджар (найвыш. пункт краіны г. Шам, 3353 м) на ПнУ. На ПдЗ плато Дафар з гарамі Кара. Уздоўж Аманскага заліва вузкая (40—50 км) прыбярэжная нізіна Эль-Батына. У цэнтры — усх. ўскраіна пустыні Руб-эль-Халі. Карысныя выкапні: нафта (запасы 575 млн.т), прыродны газ (283 млрд.м³), медная (20 млн.т) і хромавая (2 млн.т) руды; ёсць каменны вугаль, вапняк, мармур, падземныя воды, невял. запасы свінцу, золата, серабра. Клімат трапічны, гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. каля 21 °C, у ліп. 32 °C. Ападкаў на раўнінах каля 125 мм, у гарах да 500 мм за год, выпадаюць пераважна летам. Пастаянных рэк няма, ёсць вадзі. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць, у гарах участкі саваннаў, лістападных трапічных лясоў. У аазісах фінікавыя і какосавыя пальмы, аліўкавыя дрэвы. Сярод жывёл — газелі, ліс, шакал, зайцы, тушканчыкі, яшчаркі, змеі.
Насельніцтва. Больш як 90% арабы, жывуць таксама персы, індусы, выхадцы з Усх. Афрыкі. Большая палавіна насельніцтва аселая, сканцэнтравана ў Эль-Батына і вакол Маската, ва ўнутр. раёнах і на ПдЗ — качавое і паўкачавое. Шчыльнасць 8,9 чал. на 1 км². Пераважае сельскае насельніцтва (каля 89%). Найб. гарады: Маскат, Эль-Матрах, Эс-Сахар, Назва, Салала.
Гісторыя. Ёсць звесткі, што ў 4—3-м тыс. да н.э. насельніцтва на тэр. Амана мела флот і займалася пасрэдніцтвам у гандлі паміж краінамі бас. рэк Ніл, Тыгр, Еўфрат і Інд. У 7—11 ст.тэр. Амана некалькі разоў уключалася ў склад Арабскага халіфата. У сярэдзіне 8 ст. аманскія плямёны аб’ядналіся вакол імама, якому належала духоўная і свецкая ўлада. Незалежны імамат Амана з перапынкамі існаваў да канца 18 ст. У пач. 16 ст. прыбярэжнай ч. Амана завалодалі партугальцы, у 1730-я г. заваявалі персы. З 2-й пал. 18 ст. Аман — аб’ект барацьбы паміж Англіяй, Францыяй і вахабітамі. На пач. 19 ст. кантроль над паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва ўстанавіла Англія. Тэр. Амана была падзелена на імамат Амана, султанат Маскат і т.зв. Пірацкі бераг (з 1853 Аман Дагаворны). У 1891 над Маскатам устаноўлены брыт. пратэктарат. Імамат Амана заставаўся незалежны. Яго кіраўнікі выступалі за ліквідацыю залежнасці Маската ад Англіі і ўз’яднанне краіны, што прывяло да ўзбр. канфліктаў паміж абодвума бакамі. Паводле Сібскага дагавора 1920 англ. ўлады і султан Маската прызналі імамат Амана незалежнай дзяржавай. У 1955, парушыўшы дагавор, англа-маскацкія войскі ўвайшлі на тэр. Амана і да 1959 акупіравалі большую яго частку; правіцелем Амана стаў султан Маската Саід бен Тэймур. У выніку дзярж. перавароту з ліп. 1970 на чале Амана стаў султан Кабус бен Саід. Са жн. 1970 краіна мае назву Султанат Аман. У вер. 1971 Аман прыняты ў Лігу арабскіх краін, у кастр. — у ААН. Супрацоўнічае з ЗША, падтрымлівае цесныя сувязі з Вялікабрытаніяй. Аман быў пасрэднікам ва ўрэгуляванні ірана-іракскай вайны 1980—88, з’яўляецца прыхільнікам стварэння бяз’ядзерных зон у розных ч. свету. Выступае за захаванне на сучасным этапе замежных войскаў у Персідскім заліве. Мае пагадненне з ЗША аб ваен. супрацоўніцтве.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча (38 млн.т., 1993) і экспарт (праз порт Міна-эль-Фахль каля Маската) нафты; дае каля 70% валавога ўнутр. прадукту (у 1992 ацэньваўся ў 10,4 млрд.амер.дол., штогадовы прырост да 13%) і больш за 90% паступленняў цвёрдай валюты. Гадавая магутнасць нафтаперапр. з-даў 3 млн.т. Разведку і здабычу нафты ажыццяўляюць змешаныя кампаніі (60% капіталаў ва ўрада Амана, 40% у зах.-еўрап. фірмаў). Прыродны газ (гадавая здабыча 2,8 млрд.м³) выкарыстоўваецца ў энергетыцы, працуюць з-ды па звадкаванні газу. Ёсць дзярж. прадпрыемствы: медзеплавільны з-д у г. Эс-Сахар, нафтаперапрацоўчы ў Маскаце, цэментны ў Русаі. Развіты рыбалоўства, буд.прам-сць, саматужныя промыслы (апрацоўка скур, прадзенне, ткацтва, вытв-сць ювелірных вырабаў, халоднай зброі, прадметаў хатняга ўжытку, перапрацоўка фінікаў). Сельская гаспадарка дае 3% валавога ўнутр. прадукту (у ёй занята 42% насельніцтва, разам з рыбалоўствам). Для земляробства прыдатныя 0,2% плошчы краіны, 4,7% пад пашай. Найб.асвоены Эль-Батына, прыбярэжная раўніна Дафара і вадзі ўнутр. раёнаў. Земляробства аазіснае, са штучным арашэннем. Гал. культура — фінікавая пальма (50% апрацаваных зямель). Вырошчваюць проса, кукурузу, ячмень, пшаніцу, траву альфу (ідзе на выраб паперы і тканін), гародніну, тытунь, лімоны, апельсіны, манга, бананы, вінаград, какосавыя арэхі. Увозіцца збожжа. Жывёлагадоўля экстэнсіўная. Бедуіны-качэўнікі гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў. Асн. транспарт — марскі і аўтамабільны, сувязь з унутр. раёнамі — па караванных шляхах. Асн. парты Міна-Кабус, Райсут, Маскат, Эль-Матрах. Аўтамагістралі злучаюць Аман з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Даўж. аўтадарог каля 23 тыс.км, нафтаправодаў 800 км, газаправодаў 350 км. Міжнар. аэрапорты ў Эс-Сіб (прыгарад Маската) і Салале. Экспарт (4,9 млрд.амер.дол., 1991) — пераважна нафта, імпарт (3 млрд.амер.дол., 1991) — машыны і трансп. сродкі, змазачныя матэрыялы, прадукты харчавання. Буйнейшыя гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, ААЭ, Паўд. Карэя, Сінгапур. Грашовая адзінка — аманскі рыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЖА́РЫЯ, Аджарская Аўтаномная Рэспубліка,
у складзе Грузіі. Пл. 3 тыс.км². Нас. 385 тыс.чал. (1987), гарадскога 16%; грузіны (аджарцы), рускія, армяне і інш. Сталіца — г.Батумі. Найб. гарады: Кабулеты, Хула, Шуахеві, Ачхамуры.
Прырода. Аджарыя размешчана ў паўд.-зах.ч. Закаўказзя, на З абмываецца Чорным м. Большая ч.тэр. занята горнымі хрыбтамі і адгор’ямі М.Каўказа. З ПдЗ на ПнУ Аджарыю перасякае Месхецкі (Аджара-Імерэцінскі) хрыбет, яго адгор’і — Чаквінскі хрыбет і Кабулецкія горы; на У Арсіянскі хрыбет; на Пд па граніцы з Турцыяй Шаўшэцкі хрыбет. Карысныя выкапні: медзь, поліметалічныя руды, вогнетрывалыя гліны. Гідрарэсурсы. Крыніцы лячэбных мінер. водаў. Клімат прыморскай нізіны вільготны субтрапічны, у гарах — ад умерана цёплага да халоднага. Сярэдняя т-растудз. ў прыморскай паласе ад 4 °C да 6 °C, у гарах ад 2 °C да -2 °C; ліп. адпаведна 20—23 °C і 22—16 °C. Гадавая колькасць ападкаў на ўзбярэжжы і схілах 2500—2800 мм, ва ўнутраных раёнах 1000—1400 мм. Сярэдняя працягласць безмарознага перыяду ў прыморскай паласе 300 дзён; самы цёплы раён Закаўказзя. Рака Чарох (ніжняе цячэнне) з прытокам Аджарысцкалі — гал. водныя артэрыі, апошняя са значнымі гідраэнергарэсурсамі. На нізінах пашыраны алювіяльныя, часткова забалочаныя глебы, на перадгор’ях — чырваназёмы, па схілах гор — бурыя лясныя і горна-лугавыя. Больш як палавіна тэр. пад лясамі. Да выш. 600 м пераважаюць шыракалістыя лясы (каштан, дуб, граб, бук) з вечназялёным падлескам з ліян, лаўравішні, пантыйскага рададэндрана (па цяснінах самшыт), да 1500 м — мяшаныя лясы (пераважае бук), якія змяняюцца на хвойныя (хвоя, елка), вышэй за 1800 м — зараснікі хмызняку, яшчэ вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Прыморскія нізіны і перадгор’і асвоены пад субтрапічныя і тэхн. культуры. У горных лясах разнастайны жывёльны свет: казуля, дзік, шакал, барсук, куніца. Кінтрышскі запаведнік і Батумскі бат. сад.
Гісторыя. Першыя звесткі пра Аджарыю адносяцца да 6—4 ст. да н.э., калі яна ўваходзіла ў Калхідскае царства, потым Іберыю; у 4 ст. ў складзе груз.дзярж. аб’яднання — Лазіка. У 6 ст. Аджарыя — арэна барацьбы паміж Візантыяй і Іранам. З канца 10 ст. — частка груз.феад. дзяржавы, кіравалася эрыставамі (царскімі правіцелямі правінцый). У 11—13 ст. перажыла нашэсці сельджукаў і манголаў. У 2-й пал. 16 ст. захоплена Турцыяй, супраць прыгнёту якой насельніцтва паўставала ў 1680, 1685, 1697, 1744, 1819, 1856. У выніку рус.-тур. вайны 1877—78 Аджарыя далучана да Рас. імперыі, увайшла ў склад Кутаіскай губ. З канца 1880-х г. тут развіваецца прам-сць, праз тэр. Аджарыі ў 1897—1907 пракладзены нафтаправод Баку—Батум. У 1-ю сусв. вайну на тэр. Аджарыі ішлі ваен. дзеянні. Пасля Лют. рэв. 1917 знаходзілася пад уладай Асобага закаўказскага камітэта, з ліст. 1917 — Закаўказскага камісарыята. У крас. 1918 Батум, частку Гурыі і інш. раёны Аджарыі захапілі туркі, у снеж. 1918 — ліп. 1920 акупіравана англ. войскамі. У ліп. 1920 да ўлады ў Аджарыі прыйшлі меншавікі. 11.3.1921 Батум зноў акупіравалі тур. войскі. 18 сак. з дапамогай Чырв. Арміі ўстаноўлена сав. ўлада. 16 ліп. створана Адж. АССР у складзе Груз. ССР. 12.3.1922 Аджарыя як састаўная ч. Грузіі ўвайшла ў Закаўказскую федэрацыю. 25.10.1937 на 12-м Усеаджарскім з’ездзе Саветаў была прынята Канстытуцыя Адж. АССР. Пасля абвяшчэння Грузіяй у 1991 дзярж. незалежнасці Аджарыя захавала статус аўт. рэспублікі ў яе складзе.
Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці: нафтаперапр. (Батумі), машынабуд. (эл.-тэхн. вырабы, абсталяванне для харч. прам-сці, суднабудаванне), харчасмакавая (чайная, вінаробная, кансервавая і інш.). Ёсць хім.-фармацэўтычная, лёгкая, дрэваапр.прам-сць, працуе Аджарысцкальская ГЭС. Аджарыя — самая развітая ч. Грузіі ў галіне субтрапічнай гаспадаркі. Асноўныя с.-г. культуры — чай і цытрусавыя, культывуюцца тунг, хурма, мушмула, лаўр, эўкаліпт, бамбук. Пасевы збожжавых (кукуруза, ячмень, авёс, рыс), бульбы, тытуню, агародніны. Па схілах гор — вінаграднікі. Гадуюць буйн. раг. жывёлу. У гарах — авечка- і козагадоўля. Шаўкаводства, пчалярства. Вял. роля належыць марскому транспарту. Гал. порт — Батумі. Чыг. Баку—Батумі, шаша Батумі—Новарасійск, нафтаправод Баку—Батумі. Прыморскія курорты: Батумі, Кабулеты, Цыхісдзіры, Зялёны Мыс, Махінджауры.
Культура. У 1990 у Аджарыі 154 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (12,2 тыс. дзяцей), 408 агульнаадук. школ (67 тыс. вучняў), 5 ПТВ (2,7 тыс. навучэнцаў), 9 сярэдніх спец.навуч. устаноў (больш за 3 тыс. навучэнцаў). ВНУ: Батумскі ун-т і філіял Груз.тэхн. ун-та (усяго каля 3 тыс. студэнтаў). 353 б-кі, Дзярж. музей Аджарыі, Дзярж. музей рэвалюцыі. Навук. даследаванні вядуцца ў філіялах НДІ фітапаталогіі (Кабулеты), Ін-та чаю і субтрапічных культур (Чакві), Груз.НДІхарч. прам-сці, Дзярж.НДІ лакафарбавай прам-сці (усе ў Батумі), Батумскім бат. садзе і інш.
Рэсп. радыё вядзе перадачы на груз. і рус. мовах. Рэтрансліруюцца радыё- і тэлепраграмы з Тбілісі, Сочы, Масквы.
На тэр. Аджарыі захаваліся помнікі дагіст. перыяду: менгіры, «квакацэбі» (каменныя чалавечыя фігуры), рэшткі калхідскіх паселішчаў (3—2-га тыс. да н.э.), гарадзішча ў Кабулеты (4—3 ст. да н.э.). Арх. помнікі сярэднявечча: крэпасці Ганіясцыхе, Тамарысцыхе, Барцхана, масты Сапуткрэты, Дандальскі, храм Схалта. Сучаснае нар. мастацтва: разьба па дрэве, маст. апрацоўка металу, вышыўка. У 1939 заснаваны Адж.аддз. Саюза мастакоў Грузіі, у 1962 — Адж.аддз. Саюза архітэктараў Грузіі.
У нар. песнятворчасці Аджарыі пераважаюць натуральныя лады, характэрны фігурацыйны тып мелодыкі, часам віртуознага плана, з шырокім выкарыстаннем сінкоп. Пашыраны мужчынскія харавыя спевы а капэла і жаночыя сольныя спевы з інстр. суправаджэннем. Сярод інструментаў: духавыя — чыбоні, саламуры; струнна-шчыпковыя — чангуры, саз, пандуры; струнна-смычковыя — чыянуры, кеманча; ударныя — даўлі (долі), а таксама гармонік т.зв.ўсх. строю. Муз. адукацыя ў Аджарыі з 1890-х г. (муз. гурткі і прыватныя муз. класы ў Батумі). Нар. песні збіралі і запісвалі К.Пацхверашвілі, Ш.Мшвелідзе, Дз.Аракішвілі і інш. Працуюць (1988): сімф. аркестр Аджарыі, камерны хор, філармонія, Ансамбль песні і танца Аджарыі, муз. вучылішча (Батумі), муз. школы і інш.
У Аджарыі з 1880-х г. існавалі груз.драм. гурткі. У 1912 акцёр і драматург Ш.Дадыяні стварыў у Батумі прафес.т-р «Вандроўная трупа», які з 1921 наз.Дзярж.т-р Аджарыі імя І.Чаўчавадзе. Пастаноўкі: «Выгнаннік» Важа Пшавелы, «Цар Эдып» Сафокла, «Гамлет» і «Атэла» У.Шэкспіра і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІГАДРУКАВА́ННЕ,
спосаб размнажэння кніг, заснаваны на пераносе фарбы з друкарскай формы на паперу. Тэрмін «К.» звычайна выкарыстоўваюць у дачыненні да гісторыі вырабу друкаванай кнігі, да сучаснай кнігадрукавальнай вытв-сці часцей ужываюць тэрмін паліграфія. Асн. спосабы К. — высокі друк, глыбокі друк, плоскі друк, якія рэалізуюцца ў адпаведных друкарскіх машынах.
Да К. існавала бясфарбавае адцісканне тэксту з дапамогай рэльефных форм (захаваўся гліняны дыск з в-ва Крыт, 17 ст. да н.э.). Самы ранні спосаб мех. ўзнаўлення тэксту і ілюстрацый — ксілаграфія (дрэварыт), пры якой на дошцы выразалася форма для друкавання цэлых старонак. Адбіткі, зробленыя гэтым спосабам, знойдзены ў Карэі (датуюцца 704—751), Кітаі (713—741), Японіі (764—770). Друкаванне пераносам фарбавага слоя з наборнай формы на паперу ажыццявіў Бі Шэн (у 1041—48, Кітай). Ён складаў тэкставую форму з рухомых гліняных літар, пакрываў іх фарбай і атрымліваў адбіткі (некалькі тыс.экз.), вынайшаў таксама драўляныя скрыні-касеты для захоўвання шрыфту. Метал. літары (з бронзы) выкарыстаны ў 15 ст. ў Карэі. У Еўропе К. ўзнікла ў 1440-я г. пасля вынаходства І.Гутэнбергам друкарскага станка (прэса), прыстасавання для адліўкі метал. шрыфту ў матрыцах і спец. фарбаў. Ён заснаваў у Майнцы (Германія) першую друкарню, выдаў шэраг кніг. У іх друкарскім спосабам узнаўляўся толькі тэкст, а арнаментальныя ўпрыгожанні рабіліся ад рукі па палях. Упершыню арнаментыка перададзена друкаваннем на старонках т. зв. Майнцкай псалтыры ў 1457 (П.Шофер), дзе з’явіліся і шматфарбавыя адбіткі. У 1461 у Бамбергу (цяпер г. Быдгашч, Польшча) выдадзена кніга з гравіраванымі на дрэве ілюстрацыямі. З Германіі К. пранікла ў Італію (1465), Швейцарыю (каля 1468), Францыю (1470), Бельгію і Венгрыю (1473), Польшчу (каля 1473), Іспанію (1474), Чэхію (1476, выдадзена першая дакладна датаваная кніга), Англію (1476) і інш. У 15 ст. значнае развіццё К. атрымала ў Венецыі, дзе да 1500 заснавана каля 150 друкарняў. Да 1500 друкарні ўзніклі прыкладна ў 260 гарадах, надрукавана каля 40 тыс. кніг тыражом больш за 10 млн.экз. (кнігі, выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, наз.інкунабуламі, у 1-й пал. 16 ст. — палеатыпамі). У канцы 15 ст. буйныя рамесныя друкарні сталі ператварацца ў мануфактуры. У Еўропе ў 16 ст. выдадзена каля 500 тыс. назваў кніг, у 17 ст. — каля 3 млн.Асн. друкарска-выдавецкія дынастыі — Мануцыі (Італія), Эцьены (Францыя), Плантэны (Бельгія), Эльзевіры (Нідэрланды). Першыя кнігі славянскай глаголіцай надрукаваны ў 1483, кірыліцай — у 1491 (Ш.Фіёль, Кракаў). У 1517 бел. асветнік Ф.Скарына першы ва ўсходнеславянскім свеце надрукаваў кірыліцкім шрыфтам у Празе 23 кнігі Бібліі, каля 1520 у Вільні заснаваў першую друкарню ў Вялікім княстве Літоўскім. Каля 1553 заснавана т. зв. ананімная друкарня ў Маскве, у якой І.Фёдараў і П.Мсціславец у 1564 выпусцілі першую дакладна датаваную рус. друкаваную кнігу «Апостал». Першая друкарня на Украіне заснавана І.Фёдаравым у 1573 у Львове.
Тэхн. ўдасканаленне К. спачатку ішло пераважна ў ілюстрацыйных формных працэсах. У 15 ст. побач з ксілаграфіяй развівалася паглыбленая (разцовая і «сухой іголкі») гравюра на метале (гравіраваныя ілюстрацыі), каляровая фігурная ксілаграфія. Пашыранай тэхнікай ілюстравання стаў афорт (заснаваны на траўленні металу кіслотамі), яго разнавіднасць т. зв.мяккі лак і акватынта. Для друкавання выкарыстоўваўся ручны друкарскі станок (першы яго відарыс адносіцца да 1499), які паступова ўдасканальваўся: механізаваліся асобныя працэсы, драўляныя дэталі замяняліся металічнымі і інш. Першы суцэльнаметал. друкарскі станок зроблены ў 1800 (Ч.Стэнхап, Англія). Развіццю К. паспрыяла тыпаметрыя — друкарская сістэма мер, прапанаваная ў 1737 П.С.Фурнье (Францыя). Яна стварыла магчымасць стандартызацыі друкарскіх шрыфтоў. Бел. кнігавыдавец І.Ф.Капіевіч на аснове шрыфту Скарыны стварыў удасканалены кірыліцкі шрыфт, якім карыстаюцца многія славянскія краіны У канцы 18 ст. ў К. з’явіліся новыя спосабы рэпрадуцыравання — тарцовая ксілаграфія і літаграфія (вынайдзена каля 1798 А.Зенефельдэрам, Германія), якія зрабілі ілюстраванне кніг больш танным. У 1811 створана плоскадрукавальная машына (Ф.Кёніг, Германія), у 1840-х г. у выніку развіцця стэрэатыпіі — ратацыйная друкарская машына. Значным крокам у развіцці паліграф. тэхнікі стала ратацыйная машына, якая друкавала з паўцыліндрычных стэрэатыпаў на паперу, што змотвалася з рулона (запатэнтавана У.Балакам, ЗША). У 1851 створана тыгельная друкарская машына з верт. размяшчэннем формы (Дж.Гордан, ЗША), значнае пашырэнне набыла вынайдзеная ў 1869 (М.Галі, ЗША) тыгельная машына з нерухомым талерам (з замацаванай на ім формай) і рухомым тыглем (для прыціскання паперы). У 1822 запатэнтавана наборная машына (У.Чорч, Англія), у 1886 — радковаадліўная наборная машына лінатып (О.Мергенталер, ЗША), якая набыла масавае пашырэнне; у 1897 вынайдзена (Т.Ланстан, ЗША) літараадліўная наборная машына — манатып. У 19 ст.асвоены фотамех. рэпрадукцыйныя працэсы. цынкаграфія (прапанавана ў 1850 Ф.Жыло, удасканалена ў 1862 Г.Джэймсам), фотатыпія (1865, Я.Гуснік), геліягравюра — спосаб глыбокага друку, пры якім друкарская форма рабілася з выкарыстаннем фатаграфічных і хім. працэсаў (1879, К.Кліч, Чэхія), аўтатыпія (1880-я г., С.Д.Лапцеў, Г.Майзенбах). У 1890 Кліч пабудаваў машыну ракельнага глыбокага друку, у пач. 20 ст. А.Рубел (ЗША) і К.Герман (Германія) стварылі новы друкарскі працэс — афсетны друк. Удасканальваліся і наборныя працэсы. У 1894 Е.Порцэльт (Венгрыя) абгрунтаваў ідэю фотанабору, у 1895 В.А.Гасіеў (Расія) пабудаваў першую фотанаборную машыну (пашырыліся ў 1950—60-я г., калі ў паліграфію ўкаранілася электроніка). З дапамогай фотаэлектронікі ўдасканалены працэсы вырабу ілюстрацыйных форм (электрагравіравальнымі апаратамі), колеракарэктура і колерадзяленне. З’явіліся эл. спосабы фарміравання відарысу на фотапаўправадніковых паверхнях (электраграфія), бескантактныя электрастатычныя і эл.-магн. спосабы пераносу фарбавай выявы. У сучасным К. шырока выкарыстоўваюцца сінт. матэрыялы (фотапалімерныя друкарскія формы, пластмасавыя пераплётныя накрыўкі і інш). Пра развіццё і сучасны стан К. на Беларусі гл. ў арт Выдавецкая справа, а таксама Друк, Нотадрукаванне, Картадрукаванне, Паліграфічная прамысловасць.
Літ.:
Щелкунов М.И. История, техника, искусство книгопечатания. М.; Л., 1926;
Кацпржак Е.И. История письменности и книги М., 1955;
Пятьсот лет после Гутенберга, 1468—1968. М., 1968;
Варбанец Н.В. Йоханн Гутенберг и начало книгопечатания в Европе. М., 1980;
Немировский Е.Л. Начало славянского книгопечатания. М., 1971;
450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;
Волк А.А., Ракович А.И. Книгоиздательское дело в Белоруссии: Ист. очерк. Мн., 1977;
Бярозкіна Н.Ю. Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (XVI — пачатак XX ст.). Мн., 1998.
У.М.Сацута.
Да арт.Кнігадрукаванне. Друкарня. Гравюра І.Амана. 16 ст.Да арт.Кнігадрукаванне. 1 — выгляд адной з першых шрыфтаадліўных майстэрняў, т.зв. словалітні (гравюра І.Амана); 2 — першая плоскадрукавальная друкарская машына з аўтаматычным накатам друкарскай формы (вынайдзена ў 1839 С.Раглсам, ЗША); 3 — ратацыйная машына «Вікторы» (вынайдзена ў Англіі, друкавала на рулоннай паперы і фальцавала разрэзаныя лісты); 4 — тыгельная друкарская машына (у СССР выраблялі з 1932); 5 — наборна-праграмавальны апарат (манатып) МК-5 (асартымент розных знакаў да 288).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на ПдУ Беларусі, каля граніц з Украінай і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,4 тыс.км². Нас. 1594,2 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гомель. У вобласці 21 раён: Акцябрскі, Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жлобінскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Светлагорскі, Хойніцкі, Чачэрскі (гл. адпаведныя артыкулы), 17 гарадоў, у т. л. 8 абл. падпарадкавання — Гомель, Добруш, Жлобін, Калінкавічы, Мазыр, Рэчыца, Рагачоў, Светлагорск, 18 гар. пасёлкаў, 279 сельсаветаў, 2665 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці раўнінная. Большая ч. вобласці размешчана на Палескай нізіне, паўд.-ўсх. і ўсх. — на Прыдняпроўскай нізіне. У межах вобласці вылучаюцца 3 фізіка-геагр. раёны падправінцыі Беларускага Палесся: Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе, Гомельскае Палессе. На правым беразе Прыпяці — Мазырская града з вышэйшым пунктам вобласці — 221 м, у міжрэччы Дняпра і Прыпяці — Хойніцка-Брагінскія вышыні (да 157 м). Пераважае нізінны рэльеф (вышыні 135—150 м над узр. м.), які займае ¾ тэр. вобласці. Ніжэйшы пункт у пойме Дняпра пры выхадзе яго на тэр. Украіны — 103,4 м над узр. м. Карысныя выкапні: нафта (60 радовішчаў пераважна ў Рэчыцкім, Светлагорскім і Акцябрскім р-нах), калійныя і каменныя солі (Петрыкаўскае радовішча калійных і каменнай солей, Давыдаўскае і Мазырскае радовішча каменнай солі), буры вугаль (Брынёўскае і Жыткавіцкае радовішчы), гаручыя сланцы (Тураўскае радовішча), торф, будаўнічы і абліцовачны камень, шкловыя і фармовачныя пяскі, мел, гіпс, цагельныя гліны і суглінкі, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,3 °C на ПдЗ да -8,2 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,5 °C на З да 19,7 °C на У. Вегетац. перыяд 188—199 сутак. Гадавая колькасць ападкаў 510—670 мм. Каля 70% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Рэкі належаць да басейна Дняпра, што працякае па тэр. вобласці з Пн на Пд на працягу амаль 400 км. Найб. яго прытокі ў межах вобласці суднаходныя — Прыпяць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Прыпяці — Случ, Пціч, Трэмля, Іпа (злева), Сцвіга, Убарць, Славечна, Жалонь (справа), Сажа — Беседзь і Іпуць (злева). Самае вял. па плошчы воз. Чырвонае, у поймах рэк невял. азёры-старыцы. Густая сетка меліярац. каналаў. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (31,6%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28,7%), тарфяна-балотныя (19,2%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (31,2%) і пясчаныя (30,8%), менш тарфяных (19,2%) і сугліністых (18,8%). Асушаныя землі займаюць каля 30% сельгасугоддзяў, найб. у Акцябрскім р-не — 50%, у Калінкавіцкім, Ельскім, Петрыкаўскім, Светлагорскім, Хойніцкім р-нах каля 40%. Пад лесам каля 44% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 65%, бярозавыя — 14, чорнаальховыя — 9,5, дубовыя — 8%. Найб. лясістасць на З і Пд вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,2%, каля 2/3 з іх нізінныя. Балоты, пераважна нізінныя, займаюць каля 13% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік (з 1997 нац. парк), 11 біялагічных, 1 ландшафтны і інш. заказнікі, 35 помнікаў прыроды. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 69,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзію-137 больш як 5 Кі/км² займае 27,5% тэр. вобласці. У найб. забруджанай (шчыльнасць па цэзію-137 больш за 40 Кі/км²) паўд.ч. вобласці створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,4%), жывуць таксама рускія (9%), украінцы (3%), яўрэі (2,8%) і інш. Гарадскога насельніцтва 68,2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гомель (514), Мазыр (107), Светлагорск (76), Рэчыца (73), Жлобін (67), Калінкавічы (42), Рагачоў (37), Добруш (20). Пасля 1985 нараджальнасць і натуральны прырост зніжаюцца, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Нараўлянскім, Брагінскім і Хойніцкім р-нах (найб. пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася больш як на 50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гаспадарчым комплексе. У ёй занята 30% усіх працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. У 1991—95 для прам-сці вобласці характэрна зніжэнне аб’ёмаў вытв-сці і рост беспрацоўя. Вобласць спецыялізуецца на здабычы нафты, кухоннай солі, вытв-сці сталі і пракату, асобных галінах машынабудавання, хім., лясной, лёгкай і харч. прам-сці. У вобласці вырабляюць (у % да рэсп. вытв-сці): нафты і кухоннай солі (здабыча) — 100%, прадуктаў нафтаперапрацоўкі — 50, сталі — 81,5, сернай кіслаты — 49,3, фосфарных угнаенняў — 100, кормаўборачных камбайнаў — 100, падшыпнікаў качэння — 34, металарэзных станкоў — 20, аконнага шкла — 100, паперы — 29, кардону — 44, шпалераў — 58, драўняна-стружкавых пліт — 34, кандытарскіх вырабаў — 29, кансерваў — 21, туалетнага мыла — 100, гасп. мыла — 91%. Самыя вял. прадпрыемствы ў Гомелі, Мазыры, Светлагорску, Жлобіне, Рэчыцы, дзе сканцэнтравана каля 80% прамысл. патэнцыялу вобласці. У Рагачове малочнакансервавы камбінат і прадпрыемствы машынабудавання, у Рэчыцкім р-не асн. здабыча нафты краіны, у Добрушы папяровая ф-ка «Герой працы», фарфоравы з-д. На тэр. вобласці больш за 10 буйных прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці. У раённых цэнтрах і гар. пасёлках працуюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі (агародніны, мяса, малака), лясной, дрэваапр., лёгкай прам-сці, па вытв-сці будматэрыялаў. Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, у прыгарадных гаспадарках таксама на птушкагадоўлі, вырошчванні агародніны і пладаводстве. У сельскай гаспадарцы занята 17,5% усіх працуючых. Галіна перажывае негатыўныя вынікі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: паменшылася плошча сельгасугоддзяў (асабліва ворыва), змянілася структура пасеваў, скарацілася пагалоўе жывёлы і інш. У цэлым роля вобласці ў с.-г. вытв-сці рэспублікі пасля Чарнобыльскай катастрофы паменшылася. Сельгасугоддзі займаюць 36,3% тэр. вобласці, у т. л. лугі і паша — каля 13%, ворыва — 21,5%. Найб.асвоены Буда-Кашалёўскі, Кармянскі, Добрушскі р-ны, дзе пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэр. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры (гл.табл. 1).
Сярод збожжавых найб. плошчы пад жытам і ячменем. У 1995 пры долі пасяўных плошчаў 14,3% (ад пасяўных плошчаў па рэспубліцы) атрымана 14,3% збожжа, 15,5% бульбы, 16,6% агародніны ад вытв-сці па рэспубліцы. На 433 фермерскія гаспадаркі (1996) прыпадае 8,3 тыс.га сельгасугоддзяў (у т. л. 6,7 тыс.га ворыва), што складае 0,6% ад усіх сельгасугоддзяў вобласці і 0,7% ворыва. Павышаецца доля фермерскіх і асабістых дапаможных гаспадарак у валавых зборах бульбы (83,6% у 1995), агародніны (80,9%), пладоў і ягад (96,4%). Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, развіты свінагадоўля і птушкагадоўля. Дынаміка пагалоўя на 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл.табл. 2).
У апошнія гады павышаецца доля асабістых дапаможных гаспадарак у вытв-сці жывёлагадоўчай прадукцыі. Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Гомельскага, Добрушскага, Жлобінскага р-наў, малака — Акцябрскага, Гомельскага, Калінкавіцкага, яец — Гомельскага р-на.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 903 км. Праходзяць важныя міжнар. магістралі: С.-Пецярбург—Жлобін—Адэса, Вільнюс—Мінск—Жлобін—Корасцень—Кіеў, Брэст—Гомель. Удзельная вага чыг. транспарту ў агульным грузаабароце вобласці складае больш за 90%, у пасажыраабароце — 50% (1995). Буйныя чыг. вузлы Гомель, Жлобін, Калінкавічы. Аўтамаб. транспарт займае 2-е месца пасля чыгуначнага па груза- і пасажыраабароце. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,9 тыс.км (1994). Асн. магістралі С.-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Кіеў, Мінск—Гомель, Бранск—Гомель—Пінск—Брэст. Суднаходства па Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы. Па тэр. вобласці праходзіць магістральны нафтаправод «Дружба», газаправоды Гомель—Мінск, Шчорс—Гомель. Сетка нафтаправодаў злучае нафтапромыслы з нафтаправодам «Дружба». У Гомелі аэрапорт.
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
880,5
855,2
Збожжавыя і зернебабовыя
379,7
407,8
Бульба
112,1
101,8
Лён
6,0
5,0
Агародніна
6,8
12,0
Плады і ягады
25,2
24,1
Кармавыя культуры
367,1
321,3
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1981
1991
1996
Буйная рагатая жывёла
1221
1160,3
776,2
у т.л. каровы
504
368,4
324,7
Свінні
652
686,3
556,4
Авечкі і козы
88
13,6
19,0
Птушка
7132
8274,5
5122,0
Да арт.Гомельская вобласць. Балота ў Рэчыцкім раёне (уверсе). На рацэ Сож у Гомелі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана ў цэнтры Беларусі, мяжуе з усімі абласцямі рэспублікі. Утворана 15.1.1938. Пл. 39,96 тыс.км². Нас. 1554,6 тыс.чал. (без Мінска, на 1.1.1999). Цэнтр — горад рэсп. падпарадкавання Мінск. У вобласці 22 раёны: Барысаўскі, Бярэзінскі, Валожынскі, Вілейскі, Дзяржынскі, Капыльскі, Клецкі, Крупскі, Лагойскі, Любанскі, Маладзечанскі, Мінскі, Мядзельскі, Нясвіжскі, Пухавіцкі, Салігорскі, Слуцкі, Смалявіцкі, Старадарожскі, Стаўбцоўскі, Уздзенскі, Чэрвеньскі (гл. адпаведныя арт.), 20 гарадоў, у т. л. 7 абласнога падпарадкавання — Барысаў, Вілейка, Жодзіна, Заслаўе, Маладзечна, Салігорск, Слуцк, 23 гар. пасёлкі, 307 сельсаветаў, 5248 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці характарызуецца чаргаваннем узгорыста-марэнных узвышшаў з раўніннымі і нізіннымі ўчасткамі. На ПнЗ — Мінскае ўзвышша, дзе знаходзіцца самы высокі пункт Беларусі — Дзяржынская гара (345 м) і Ашмянская града, на ПнУ — адгор’і Аршанскага ўзвышша. Крайні ПнЗ займае Нарачана-Вілейская нізіна, ПнУ — Верхнебярэзінская нізіна, усх.ч. — Цэнтральнабярэзінская раўніна, паўд. — Стаўбцоўская раўніна, Капыльская града і ўскраіна Палескай нізіны. Пераважаюць выш. 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. — 130 м (урэз р. Арэса пры выхадзе за межы вобласці). Карысныя выкапні: калійныя і каменная солі (гл.Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей), торф (1277 радовішчаў; 1-е месца па запасах на Беларусі), буд. матэрыялы (мел, пясок, пясчана-жвіровы матэрыял, гліна), сапрапелі. Выяўлены Аколаўскае радовішча жалезных рудаў, Любанскае радовішча гаручых сланцаў. Ёсць мінер. воды (Ждановіцкая, Мінская і Нарачанская мінер. крыніцы). Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,2 °C на ПдЗ да -7,5 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,4 °C на Пд да 17,3 °C на Пн. Вегетац. перыяд 186—195 дзён. Гадавая колькасць ападкаў 580—670 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.—кастр.). Большая ч.тэр. вобласці адносіцца да бас.р. Дняпро. На ПнУ працякае р. Бярэзіна з прытокамі Сха, Бобр з Можай і Начай, Клява (злева), Гайна з Цной і Усяжай, Пліса, Уша, Уса, Свіслач з Волмай (справа), на Пд — Пціч і Случ з прытокамі (бас.р. Прыпяць). З і ПнЗ вобласці адносяцца да бас.р. Нёман. На З бярэ пачатак Нёман з прытокамі Лоша, Уса, Сула, Уша, Бярэзіна з Іслаччу. На ПнЗ цячэ р. Вілія з прытокамі. Частка вады з Віліі перакідваецца ў р. Свіслач па Вілейска-Мінскай воднай сістэме. Найб. азёры: на ПнЗ — Нарач, Мядзел, Мястра, Свір, на ПнУ — Сялява і Палік. Вадасховішчы: Вілейскае, Заслаўскае, Любанскае, Салігорскае, Чырвонаслабодскае і інш. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (44,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (26,4%), тарфяна-балотныя (18,5%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя (8%) і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (53,4%) і сугліністыя (35,2%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 27% с.-г. угоддзяў, найб. у Любанскім, Салігорскім і Слуцкім р-нах. Пад лесам 36% тэр. вобласці, найб. (да 49—51%) у Барысаўскім, Лагойскім, Старадарожскім і Бярэзінскім р-нах. Пераважаюць хвойныя (75,5%) і драбналістыя (22,7%) лясы. Пад лугамі каля 14%, больш за палавіну іх нізінныя. Пад балотамі 14,3% тэрыторыі, амаль усе асушаны. На тэр. вобласці частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, прыродны нац. парк Нарачанскі і шэраг іншых асабліва ахаваных прыродных тэрыторый рэсп. значэння: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка»; заказнікі: біялагічныя — Рудакова, Некасецкі; гідралагічныя — Прошыцкія Балоты, Чарэмшыца; ландшафтны — Блакітныя Азёры; заалагічныя — Антонава, Лебядзіны; лясны — Прылуцкі; паляўнічы — Налібоцкі (частка); журавіннікі — Амяльнянскі, Дзянісавіцкі, Копыш, Мацеевіцкае, Фаліцкі Мох, Чэрнеўскі, 32 помнікі прыроды рэсп. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 1,67 тыс.км²тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду (найб. — тэр. Валожынскага і Бярэзінскага р-наў).
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (88,8%), жывуць таксама рускія (6,9%), палякі (2%), украінцы (1,3%). Гарадскога насельніцтва (без г. Мінска) 52%. Сярэдняя шчыльн. 38,9 чал. на 1 км² (з Мінскам — 82,2 чал. на 1 км²), сельскага — 18,4 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1998): Барысаў (154, Салігорск (102), Маладзечна (99), Слуцк (63), Жодзіна (60). Для вобласці характэрна зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва (з 1991 ён стаў адмоўным), з 1995 адбываецца абсалютнае зніжэнне колькасці насельніцтва.
Гаспадарка. Вядучымі галінамі гасп. комплексу вобласці з’яўляюцца сельская гаспадарка (занята 27,8% працуючых) і прам-сць (занята 26,2%). Прамысловасць мае развітую галіновую структуру і цесныя вытв. сувязі з прамысл. комплексам Мінска. На тэр. вобласці размешчаны філіялы і падраздзяленні буйнейшых мінскіх прадпрыемстваў і аб’яднанняў. Прамысл. спецыялізацыю вызначаюць машынабудаванне і металаапрацоўка (23,2% агульнага аб’ёму прамысл. прадукцыі), хім. (28,2%), харч. (21,5%), дрэваапр. (7,5%) і лёгкая прам-сць. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў. За 1991—99 удзельная вага машынабудавання і металаапрацоўкі крыху знізілася, паменшала доля лёгкай прам-сці, павялічылася доля хімічнай. У вобласці вырабляецца (1997, у % да рэсп. вытв-сці): мінер. угнаенняў 83,8, у т. л. калійных 100; грузавых аўтамабіляў 8,4, фотаапаратаў 96,7, металарэзных станкоў 7,3, піяніна 100, бялізнавага трыкатажу 72,6, верхняга трыкатажу 13,5, цукру-пяску 45,8, макаронных вырабаў 64, мяса 20,7, калбасных вырабаў 17,5, масла 17,2. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў Барысаве, Салігорску, Маладзечне, Слуцку, Жодзіне, Вілейцы. Найб. прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі: Бел. аўтамабільны з-д (кар’ерныя самазвалы) і з-ды цяжкіх кавальскіх штамповак у Жодзіне, «Аўтагідраўзмацняльнік», аўтатрактарнага электраабсталявання, інструментальны, аўтаагрэгатаў у Барысаве, станкабудаўнічы, сілавых паўправадніковых вентыляў, лёгкіх металаканструкцый у Маладзечне, з-д фотаапаратаў «Зеніт» у Вілейцы. Хім.прам-сць прадстаўлена вытв. аб’яднаннем «Беларуськалій» у Салігорску, з-дамі хіміка-фармацэўтычным, гумава-тэхн. вырабаў, пластмасавых вырабаў у Барысаве. Асн. прадпрыемствы лясной, дрэваапр., і цэлюлозна-папяровай прам-сці ў Барысаве (дрэваапр., папярова-лесахім. і фанерна-запалкавы камбінаты, ф-ка піяніна і інш.), мэблевыя ф-кі ў Маладзечне, Вілейцы, Слуцку. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена з-дамі жалезабетонных вырабаў, зборнага жалезабетону, буд. дэталяў, цагельнымі і асфальтавымі, аб’яднаннем па здабычы пяску і гравію. Найб. буйнымі прадпрыемствамі лёгкай прам-сці з’яўляюцца трыкатажныя ф-кі ў Салігорску і Жодзіне, тэкст. аб’яднанне ў Слуцку, швейныя ф-кі ў Маладзечне, Салігорску, Барысаве, Дзяржынску, філіялы мінскіх абутковых фабрык. На тэр. вобласці 7 ільнозаводаў, 2 шклозаводы, 3 ф-кі маст. вырабаў. Прадпрыемствы харч. прам-сці ва ўсіх гарадах і гар. пасёлках. Найб. з іх цукрова-рафінадны камбінат у Слуцку і цукр. камбінат у Гарадзеі. Сельская гаспадарка арыентавана на забеспячэнне патрэб насельніцтва Мінска і вобласці ў харч. прадуктах. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні бульбы ў спалучэнні з ільнаводствам, а на ПдЗ — з пасевамі цукр. буракоў. Пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур. У прыгарадных зонах гарадоў развіты птушкагадоўля, агародніцтва і садоўніцтва. Пад сельгасугоддзямі 1,9 млн.га (47,5% тэр. вобласці), у т. л. пад ворывам 1,3 млн.га (32,5%). Найб.асвоены землі на ПнЗ — у Нясвіжскім, Капыльскім, Слуцкім і Клецкім р-нах пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэрыторыі. Пры ўдзельнай вазе ў сельгасугоддзях краіны 19,2% у вобласці атрымліваюць (1996, у % да вытв-сці ў краіне): збожжа 22,3, бульбы 24,7, агародніны 21,7, ільновалакна 16,3, цукр. буракоў 29,4, мяса 23,4, малака 22,4. На долю раслінаводства прыпадае 42,3% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (іл.табл. 1).
У 1997 сабрана (тыс.т; у дужках — 1990): збожжа 1287 (1483), бульбы 1707 (2807), агародніны 252 (232), ільновалакна 5 (13), цукр. буракоў 352 (440). Жывёлагадоўля дае 57,7% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, аднак яе ўдзельная вага ў параўнанні з 1990 знізілася. Адзначаецца тэндэнцыя зніжэння пагалоўя жывёлы і птушкі (гл.табл. 2). Змяншаюцца аб’ёмы прадукцыі рыбнай гаспадаркі на базе азёр і сажалак.
У 1997 атрымана (у дужках 1990): 1149 тыс.т малака (1713 тыс.т), 961 млн.шт. яец (1018 млн. шт), закуплена жывёлы і птушкі ў жывой вазе 120 тыс.т. (356 тыс.т). На пач. 1998 у вобласці 522 фермерскія гаспадаркі, за якімі замацавана 11,2 тыс.га зямлі. Доля асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытв-сці с.-г. прадукцыі павялічваецца: бульбы з 49% у 1990 да 81% у 1996, агародніны з 24% да 73%, малака з 22% да 40%, мяса з 13% да 24%.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 888 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі Масква—Мінск—Брэст, Вільнюс—Мінск—Гомель, Асіповічы—Баранавічы з адгалінаваннем Слуцк—Салігорск, Ліда—Маладзечна—Полацк, якія звязваюць вобласць з інш. абласцямі рэспублікі, Расіяй, Прыбалтыкай, Украінай, Польшчай. Электрыфікаваны лініі ад Мінска да Масквы і Брэста, Маладзечна і Асіповіч. Гал.чыг. вузел Мінск, меншы па значэнні — Маладзечна. На долю чыг. транспарту прыпадае больш за 90% грузаабароту. Працягласць аўтамаб. шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 13,4 тыс.км. Асн. аўтадарогі: Брэст—Мінск—Масква, Вільнюс—Мінск—Бабруйск—Гомель, Бабруйск—Слуцк—Івацэвічы, Мінск—Магілёў, Мінск—Віцебск, Мінск—Салігорск і інш. Нерэгулярнае суднаходства па Бярэзіне. Тэр. вобласці перасякаюць магістральныя газаправоды Таржок—Мінск—Івацэвічы і Ямал—Зах. Еўропа (будуецца).
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1. Пасяўныя плошчы вобласці (тыс. га)
Гады
1990
1997
Уся пасяўная плошча
1280,5
1326,5
Збожжавыя і зернебабовыя
550,3
558,1
Лён-даўгунец
24,2
12,4
Цукровыя буракі
14,4
14,1
Бульба
155,9
187,6
Агародніна
10,8
20,1
Кармавыя культуры
513
524,9
Табліца 2. Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці (тыс. галоў)
Гады
1990
1997
Буйная рагатая жывёла
1522,9
1016,1
у т. л. каровы
549,6
444,5
Свінні
1226,4
866,6
Авечкі і козы
115,3
34,4
Птушка
13 148
11 976
Да арт.Мінская вобласць. Краявід у Клецкім раёне.Да арт.Мінская вобласць. Акультураная паша ў Вілейскім раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРА́ЛІЯ (Australia),
Аўстралійскі Саюз (Commonwealth of Australia), дзяржава ў Паўд. паўшар’і. Займае кантынент Аўстралія, в-аў Тасманія і прылеглыя дробныя астравы. Пл. 7,68 млн.км². Нас. 18 млн.чал. (1994). Афіцыйная мова — англійская. Сталіца — г.Канбера. Адміністрацыйна падзяляецца на 6 штатаў (Новы Паўд. Уэльс, Квінсленд, Вікторыя, Паўд. Аўстралія, Зах. Аўстралія, Тасманія) і 2 тэрыторыі (Паўночная і Сталічная). Пад кіраваннем Аўстраліі а-вы Норфалк, Какосавыя, Каляд. Нац. свята — Дзень Аўстраліі (26 студз.).
Дзяржаўны лад. Аўстралія — федэральная дзяржава ў складзе Садружнасці, што ўзначальвае Вялікабрытанія. На чале дзяржавы брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар, прызначаны па рэкамендацыі аўстрал. ўрада. Вышэйшы заканад. орган — федэральны парламент, які складаецца з сената і палаты прадстаўнікоў. Гал. ролю ў ажыццяўленні заканад. функцыі адыгрывае палата прадстаўнікоў са 148 дэпутатаў, выбраных усеагульным тайным галасаваннем тэрмінам на 3 гады. Верхняя палата — сенат з 76 сенатараў (па 12 сенатараў ад штатаў і па 2 сенатары ад тэрыторый), выбіраецца тэрмінам на 6 гадоў (палавіна з іх перавыбіраецца кожныя 3 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. Асн. ўрадавыя рашэнні прымае кабінет міністраў, але юрыд. сілу яны набываюць пасля праходжання праз Выканаўчы к-т — фармальны орган, які ўзначальвае ген.-губернатар.
Прырода. Гл. ў арт.Аўстралія і Тасманія.
Насельніцтва. Пераважная большасць — англа-аўстралійцы, нашчадкі перасяленцаў з Вялікабрытаніі і інш. краін Зах. Еўропы. Захоўваюцца некаторыя культ. і рэліг. адрозненні паміж групамі рознага паходжання. Нядаўнія імігранты жывуць пераважна ў буйных гарадах. Карэнныя аўстралійцы і метысы (каля 250 тыс.чал.) жывуць пераважна ў пустынных малаасвоеных раёнах, часткова на ўскраінах гарадоў і ў сельскай мясцовасці. Карэннае насельніцтва Тасманіі цалкам знішчана, захавалася невял. група англа-тасманскіх метысаў. Паводле веравызнання 76% насельніцтва хрысціяне: англікане і католікі (па 26%), прэсвітэрыяне, метадысты і інш.; ёсць невял. групы мусульман, будыстаў і прадстаўнікоў інш. рэлігій. Гар. насельніцтва 85,2% (1990). Самыя вял. гарады (млн.чал., 1993): Сідней (3,7), Мельбурн (3,2), Брысбен (1,4), Перт (1,2), Адэлаіда (1,1). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 2,3 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены ПдУ, У і ПдЗ краіны (каля 90% насельніцтва). Найбольшая шчыльнасць у штаце Вікторыя — 18 чал. на 1 км².
Гісторыя. Продкі карэнных жыхароў Аўстраліі прыйшлі з Паўд. Азіі і засялілі кантынент, верагодна, у перыяд позняга палеаліту. Цяжкія прыродныя ўмовы і аддаленасць ад інш. народаў свету ўскладнілі развіццё аўстрал. плямёнаў. У канцы 18 ст. яны займаліся паляваннем і збіральніцтвам, не ведалі земляробства і жывёлагадоўлі.
Першыя еўрапейцы ступілі на зямлю Аўстраліі ў пач. 17 ст.: галандцы В.Янсзан (1606) і А.Тасман (1642). У 17 ст. Аўстралію даследавалі партугальцы, у 18 ст. — англічане (Дж.Кук). У 1788 сюды прыбыла англ. эскадра (11 суднаў, узначальваў капітан А.Філіп) з асуджанымі. Яны заснавалі першае паселішча — будучы г. Сідней. З гэтага часу Аўстралія служыла месцам ссылкі асуджаных злачынцаў з Вялікабрытаніі. Пасля адкрыцця ў 1813—15 пераходаў праз Блакітныя горы і хр. Ліверпул да багатых выпасаў прыток еўрапейцаў павялічыўся. З 1830-х г.англ. ўрад перайшоў да т.зв. сістэматычнай каланізацыі. Гаспадаркі, якія гадавалі мерыносавых авечак, паступова аб’ядналіся ў буйныя манаполіі. Адкрыццё запасаў золата (штат Вікторыя) выклікала «залатую ліхаманку» (1851—61) і ўзмацніла прыток імігрантаў з Еўропы. За 10 гадоў насельніцтва павялічылася амаль у 3 разы і дасягнула 1,2 млн.чал., да 1900 — 3,8 млн. Паўстанне ў 1854 на залатых капальнях стала пачаткам аб’яднання рабочых. Да 1870-х г. прафсаюзы Аўстраліі (упершыню ў свеце) дамагліся 8-гадзіннага рабочага дня. У 1891 створана Лейбарысцкая партыя. У канцы 19 ст.англ. ўрад аб’яднаў асобныя калоніі Аўстраліі ў адну дзяржаву і ў 1901 стварыў Аўстралійскі Саюз са статусам дамініёна (6 калоній, у 1906 далучылася Папуа). Пасля 1-й сусв. вайны Аўстралія — малая дзяржава. На Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 Аўстралія запатрабавала перадаць ёй усе б. ўладанні Германіі ў Ціхім ак. Паводле Версальскага мірнага дагавору 1919 яна атрымала (1920) ад Лігі нацый мандаты на кіраванне тэр. Новая Гвінея і, сумесна з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй, на в-аў Науру (з 1968 самаст. дзяржава). Паводле Вестмінстэрскага статута 1931 Аўстралія, як і інш. дамініёны, атрымала права на самастойнасць у знешняй і ўнутр. палітыцы, але да 1939 у знешнепаліт. дзейнасці фактычна залежала ад Англіі. У час 2-й сусв. вайны Аўстралія — чл.Антыгітлераўскай кааліцыі. Яе тэр. выкарыстоўвалі ЗША для ваен. аперацый супраць Японіі. Пасля 2-й сусв. вайны ў эканоміку Аўстраліі інтэнсіўна пранікае амер. капітал, і ў знешняй палітыцы Аўстралія пачала арыентавацца на ЗША.
Пасля перамогі на парламенцкіх выбарах (1983, 1993) лейбарысцкі ўрад Аўстраліі ўзяў курс на развіццё інтэграцыйных працэсаў сярод краін азіяцка-ціхаакіянскага рэгіёна. Аўстралія — адзін з ініцыятараў Дагавору аб бяз’ядзернай зоне ў паўд.ч. Ціхага ак., займае актыўную пазіцыю па раззбраенні, у т. л. абмежаванні ядз. узбраенняў, забароне ядз. выпрабаванняў, разблакіраванні рэгіянальных канфліктаў, удзельнічае ў міратворчых аперацыях ААН. Аўстралія — адна з краін-заснавальніц ААН, чл. Арг-цыі Азіяцка-Ціхаакіянскага эканам. супрацоўніцтва (АЦЭС), Савета па ціхаакіянскім эканам. супрацоўніцтве (СЦЭС), інш.міжнар. дагавораў і пагадненняў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы.
Найб. значныя паліт. партыі: Аўстрал. лейбарысцкая партыя, Ліберальная партыя Аўстраліі, Нац. партыя Аўстраліі (б. Аграрная), Партыя аўстрал. дэмакратаў. Буйнейшае прафс. аб’яднанне — Аўстрал. савет прафсаюзаў.
Гаспадарка. Аўстралія — высокаразвітая індустрыяльна-аграрная дзяржава. У эканоміцы вядучая роля належыць буйным кампаніям, у т. л. кампаніям ЗША, Японіі, Зах. Еўропы. Прамысловасць дае 25% валавога ўнутр. прадукту, у т. л. апрацоўчая 17% (1989). У горназдабыўной прам-сці вылучаецца здабыча каменнага вугалю і метал. рудаў. Запасы каменнага вугалю 48 млрд.т (раёны Ньюкасла, Порт-Кембла і інш.), бурага 35 млрд.т (штат Вікторыя), нафты 279 млн.т, газу 1,3 трыльёна м³ (на шэльфе і ў нетрах мацерыка), урану 526 тыс.т (Паўн. Аўстралія), жал. руды 15,2 млрд.т (Зах. Аўстралія), баксітаў 4,4 млрд.т (Пн і ПдЗ), медзі 16,8 млн.т, нікелю 2,1 млн.т, свінцу 15,9 млн.т, цынку 26,3 млн.т. Буйнейшыя поліметал. радовішчы Маўнт-Айза (Квінсленд) і Брокен-Хіл (Новы Паўд. Уэльс). Значныя запасы алмазаў (на ПнЗ Аўстраліі), волава, марганцу, вальфраму, золата, рэдказямельных металаў. Здабыча (млн.т): вугалю 210 (1990), нафты 24 (1993), жал. руды 117 (1992), баксітаў 39,3; прыроднага газу 22 млрд.м³ (1992). У значных колькасцях здабываюць алмазы, поліметал. руды, волава, марганец, вальфрам, цырконій, ільменіт, рутыл, фасфатную сыравіну і інш. Устаноўленая магутнасць электрастанцый 34,1 млн.кВт, выпрацоўка 150 млрд.кВт∙гадз. Адна з вядучых галін — каляровая металургія. Выплаўка (тыс.т, 1990): алюмінію 1268 (з-ды ў Гладстане, Портлендзе, Ньюкасле), медзі 245 (Маўнт-Айза, Таўнсвіл), свінцу 214, цынку 299 (Порт-Піры, Рысдан, Ньюкасл), волава 381, серабра 1,27; золата 242 т. Вытворчасць сталі 6,7 млн.т (камбінат у Порт-Кембла, значныя цэнтры Ньюкасл, Уаяла, Куінана). Машынабудаванне: вытв-сць аўтамабіляў (386 тыс., 1990, гал. цэнтры Адэлаіда і Мельбурн), с.-г. машын (усе штаты). Развіты электратэхн., прыладабуд., суднабуд. прам-сць, нафтаперапрацоўка і нафтахімія. Вытворчасць угнаенняў (тыс.т, 1990): азотных 224 (Порт-Кембла, Брысбен), фосфарных 270 (ва ўсіх штатах); сернай кіслаты, сінт. каўчуку. Цэлюлозна-папяровая прам-сць працуе на мясц. і прывазной сыравіне. Вытв-сць паперы і кардону 2,06 млн.т. Харч.прам-сць: перапрацоўка мяса, малака, цукр. трыснягу (1991; вытв-сць масла 104 тыс.т, сыру 176 тыс.т, цукру 3,6 млн.т), вінаробства і піваварэнне. Тэкст. і швейная прам-сць працуе на ўнутраны рынак. Сельская гаспадарка высокатаварная і механізаваная. Пад пашай і лугамі 55,8% тэрыторыі, пад апрацаванымі землямі 6,2%. Характэрна буйное землеўладанне, сярэднія памеры фермы 2300 га. Вядучая галіна — пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (1991; млн.гал.): авечак 162,8 (1-е месца ў свеце), буйн. раг. жывёлы 23,4, свіней 2,5, коней 0,3. Мясная і малочная жывёлагадоўля на ПдУ і ў Тасманіі, мясная ў трапічнай зоне, авечкагадоўля ўздоўж зах. схілаў Усх.-Аўстралійскіх гор і на ПдЗ. Настрыг воўны 1110 тыс.т (1991; каля 30% сусв. вытворчасці; 1-е месца ў свеце). Птушкагадоўля развіта каля вял. гарадоў. Галоўная збожжавая культура — пшаніца (каля 60% пасяўных плошчаў). Зборы вагаюцца па гадах — 15,4 млн.т у 1990, 9,6 млн.т у 1991. Значныя зборы ячменю, аўса, сорга, рысу. У тропіках (на ПнУ) цукр. трыснёг, ананасы, бананы, манга, на Пд і ПдУ — цытрусавыя, персікі, абрыкосы, яблыкі, вінаград. Агародніцтва ў густанаселеных раёнах. Вытв-сць бавоўны 433 тыс.т (1991; Квінсленд, Новы Паўд. Уэльс), тытуню 14 тыс.т. Улоў рыбы 227,3 тыс.т (1991). Транспарт. Даўж. чыгунак 40 тыс.км. Да 80% унутр. грузаў і пасажыраў перавозяць аўтатранспартам. Даўж. аўтадарог каля 900 тыс.км. Экспартныя і імпартныя грузы перавозяць пераважна марскім транспартам замежных краін. Буйнейшыя парты: Дампір, Порт-Хедленд, Сідней, Ньюкасл, Мельбурн, Порт-Кембла, Перт, Брысбен. Асн. аэрапорты каля Сіднея, Мельбурна, Дарвіна. Па сетцы трубаправодаў транспартуюць ваду, нафту, газ. Экспарт склаў (1991—92) 55 млрд.Аўстрал. долараў: мінер. сыравіна і паліва (40%), с.-г. прадукты (30%), вырабы апрацоўчай прам-сці (каля 20%). З пач. 1960-х г. Аўстралія — буйны экспарцёр каменнага вугалю, жал. руды, баксітаў, алмазаў, рэдказямельных металаў. Яна займае 1-е месца ў свеце па экспарце воўны, значны вываз мяса і збожжа. Імпарт склаў (1991—92) 51 млрд.Аўстрал. долараў: машыны, абсталяванне і трансп. сродкі, спажывецкія і хім. тавары, нафта і інш.Гал. гандлёвыя партнёры: Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, краіны Паўд.-Усх. Азіі, Новая Зеландыя.
Гаспадарка Аўстраліі характарызуецца нераўнамернасцю ў размяшчэнні прадукц. сіл. Найб.асвоены ўскраіны кантынента, дзе выпадае дастатковая колькасць ападкаў, што спрыяе вырошчванню с.-г. культур і водазабеспячэнню вял. гарадоў (штаты Вікторыя і Тасманія, усх. часткі Новага Паўд. Уэльса і Квінсленда, невял. раёны вакол Адэлаіды, Перта). На гэтых тэрыторыях, якія займаюць каля 15% пл. краіны, сканцэнтравана больш за 90% насельніцтва, усе вял. і значныя гарады з іх разнастайнай прам-сцю, пасевы ўсіх с.-г. культур, сады і вінаграднікі. Па-за межамі гэтых раёнаў пашырана пашавая жывёлагадоўля, каля радовішчаў карысных выкапняў знаходзіцца некалькі горнапрамысл. цэнтраў. Вял. прасторы ў Цэнтр. Аўстраліі заняты пустынямі і амаль не асвоены. Грашовая адзінка — аўстралійскі долар.
Узброеныя сілы Аўстраліі складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС, ВМС. Агульная колькасць 68,3 тыс.чал. (1991). Сухапутных войскаў 30,3 тыс.чал. (6 вайсковых акруг, 1 пях. дывізія, 20 палкоў); на ўзбраенні каля 690 ракетных снарадаў (процітанкавыя і тыпу «зямля—паветра»), танкі, бронетранспарцёры, артылерыя, самалёты і верталёты, стралк. ўзбраенне і інш. У ВПС 22,3 тыс.чал.; на ўзбраенні баявыя самалёты, самалёты і верталёты дапаможнай авіяцыі. У ВМС 15,7 тыс.чал.; на ўзбраенні падводныя лодкі, баявыя караблі рознага прызначэння, марская авіяцыя. Узбр. сілы камплектуюцца па найме з працягласцю кантракта ад 3 да 6 гадоў з наступным прадаўжэннем на 3 гады. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміях, ваен. і камандна-штабных каледжах, вышэйшых спецыялізаваных афіцэрскіх вучылішчах і лётных школах, радавы і малодшы камандны склад — у навуч. цэнтрах і непасрэдна ў часцях. Больш за 30 тыс.чал. рэзерву. Аўстралія — член блока АНЗЮС.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя дзяржаўная, бясплатная. Існуюць таксама прыватная ўрачэбная практыка і прыватныя клінікі. Узровень нараджальнасці — 15 на 1 тыс.чал. насельніцтва. Дзіцячая смяротнасць — 6,6 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 75, у жанчын 80 гадоў (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Аўстраліі ўключае дашкольныя ўстановы, абавязковыя 10-гадовыя агульнаадук. школы для дзяцей з 5—6-гадовага ўзросту, поўныя сярэднія школы (2 гады навучання), прафес.навуч. ўстановы, ВНУ. Існуюць дзярж. і недзярж. навуч. ўстановы. З-за нізкай шчыльнасці насельніцтва ў Аўстраліі існуюць і аднакамплектныя школы (у асноўным пачатковыя). Развіта сістэма завочнага навучання (з 1914), навучання па радыё, з 1958 — з выкарыстаннем тэлебачання. У дашкольных дзіцячых установах у 1985 налічвалася каля 162 тыс. дзяцей. У 1989 агульная колькасць школ складала больш За 10 тыс., у т. л. каля 7,6 тыс. дзяржаўных; у сістэме прафес.-тэхн. адукацыі (каледжы, школы, навуч. цэнтры, курсы з 2—3-гадовым навучаннем) — больш за 937 тыс.чал. У 89 ВНУ Аўстраліі (19 ун-таў, 46 каледжаў павышанага ўзроўню, 16 каледжаў тэхн. і далейшага навучання) навучалася каля 394 тыс. студэнтаў, у т. л. каля 2 тыс. абарыгенаў. Буйнейшыя ун-ты: Сіднейскі (з 1850), Мельбурнскі (з 1853), ун-ты ў Перце (з 1811), Адэлаідзе (з 1874), Тасманіі (з 1890), Клінслендзе (з 1910). Б-кі: публічная ў Мельбурне (з 1853), нац. ў Канберы (з 1902) і інш. Музеі: Нац. галерэі ў Сіднеі і Мельбурне. Аўстрал. музей прыкладных мастацтваў у Сіднеі, бат. музей і гербарый у Брысбене і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Аўстралійскай АН, ва ун-тах, НДІ, лабараторыях.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Аўстраліі больш за 3 тыс.перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты «Sun News-Pictorial» («Дзённыя ілюстраваныя навіны», з 1922) і «The Sydney Morning Herald» («Ранішні веснік Сіднея», з 1831). Агенцтва друку Астрэліян Асашыэйтэд Прэс (ААП, з 1935). Радыё дзейнічае з 1923, тэлебачанне з 1956. Сістэма грамадскага радыё і тэлебачання прадстаўлена карпарацыяй Астрэліян бродкастынг карпарэйшэн (АБС, фінансуе дзяржава), якая трансліруе 1 агульнанац. тэлепраграму (з 1974 у колеры), 4 агульнанац. радыёпраграмы, праграмы для моладзі і замежжа. У камерцыйным сектары дзейнічае каля 50 тэле- і каля 140 радыёстанцый. Існуюць таксама сістэмы тэле- і відэатэксту, функцыянуе сістэма спадарожнікавай тэлекамунікацыі АУССАТ (3 спадарожнікі). Аўстралія належыць да ІНТЭЛЬСАТ.
Літаратура. Да пач. 19 ст. развівалася на мовах і дыялектах плямёнаў аўстрал. абарыгенаў, потым — на англ. мове. Л-ра дакаланіяльнага перыяду прадстаўлена рытуальнымі песнямі, магічнымі рытмізаванымі тэкстамі (замовы, заклікі да татэмаў і інш.), казкамі, легендамі, міфамі, зафіксаванымі ў запісах 19—20 ст.Найб. цікавыя сярод іх — міфы: татэмныя («Людзі-каты», «Людзі-сабакі», «Людзі-сокалы» і інш.), пра культурных герояў («Катукан-кара», «Мура-мура» і інш.), касмаганічныя («Кунапіп», «Нурундэрэ», «Джункгова», «Змей-вясёлка» і інш.). Л-ра каланіяльнага перыяду (да канца 19 ст.) развівалася як частка англ. л-ры. Доўгі час пануючым літ. кірункам быў рамантызм, прадстаўнікі якога (Ч.Харпур, Г.Кендал, А.Л.Гордан) распрацоўвалі паэт. жанры. Значная з’ява ў прозе — раман М.Э.Кларка «Пажыццёвае зняволенне» (1870—72). У паслякаланіяльны перыяд л-ра набывае выразна нац. характар. Адбываецца станаўленне і развіццё рэалізму (проза і драматургія — Т.Колінз, М.С.Франклін, К.С.Прычард, В.Э.Палмер, Б.К.Пентан, Ф.Харды, Э.Д.К’юзек, А.Маршал, М.Брэнд, Р.Лоўлер і інш.; паэзія — Б.О’Даўд, М.Гілмар, «універсітэцкія паэты» Дж.А.Райт, Д.А.Сцюарт, «хрысціяналірык» Дж.Маколей і інш.) і мадэрнізму (паэзія — К.Брэнан, «рэлігійны неарамантык» Дж.Шоу Нілсан, члены аб’яднання «Джындыуорабак клаб» І.М’юды, Р.Робінсан і інш.; проза і драматургія — П.Уайт і інш.). У 1960—70-я г. ўзнікла англамоўная л-ра абарыгенаў (паэты К.Уокер, Дж.Дэйвіс, празаік К.Джонсан і інш.).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У разьбе, гравіроўцы і размалёўках аўстралійцы-абарыгены спалучалі выявы з умоўнымі магічнымі сімваламі і геам. арнаментам. У асобных раёнах захаваліся пячорныя (плато Кімберлі) і наскальныя (п-аў Арнем-Ленд) размалёўкі (выявы людзей і жывёл у т.зв. «рэнтгенаўскім стылі» — з іх унутр. органамі), скульптура. З 18 і асабліва з сярэдзіны 19 ст. развіваюцца гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, мураванымі дамамі ў духу англ. класіцызму і неаготыкі (арх. Ф.Х.Грынуэй і інш.), невял. «каланіяльнымі» дамамі. У 1913—27 па адзіным плане (амер.арх. У.Б.Грыфін) забудавана сталіца Канбера. Прынцыпы сучаснага дойлідства пашыраны з 1950-х г. (арх. Г.Зайдлер і інш.). З пабудоў вылучаюцца крыты плавальны басейн Алімпійскага стадыёна ў Мельбурне (1956), оперны тэатр у Сіднеі (1966, арх. І.Утзан). У выяўл. мастацтве канца 18 — пач. 19 ст. пашыраны «тапаграфічныя» замалёўкі мясц. прыроды. У 19 ст. рамантычныя акварэльныя пейзажы пісаў К.Мартэнс, лірычныя пейзажы — А.Л.Бювелат, жанравыя і сатыр. — С.Т.Гіл. На рубяжы 19—20 ст. разам з акадэмізмам (Дж.У.Ламберт) і салонным мастацтвам развівалася нац. школа рэаліст. мастацтва (Т.У.Робертс, А.Стрытан, Ф.Мак-Кабін), пашырыўся імпрэсіянізм (Ч.Кондэр); з 1930-х г. — кубізм, сюррэалізм. На сучасным этапе ў Аўстраліі рэаліст. мастацтва жывапісу і графікі (У.Добела, Дж.Р.Драйсдэйла, Н.Куніхана, скульптара Л.Дадсуэла) суіснуе з мадэрнісцкімі плынямі. З 1940-х г. развіваецца мастацтва абарыгенаў: у Хермансбергу сем’ямі А.Наматжыра і Парэрулцыя створана школа акварэльнага пейзажа.
Музыка Аўстраліі ўключае элементы муз. культуры абарыгенаў, англа-аўстралійцаў і эмігрантаў брытанскага паходжання.
Найб. архаічнымі з’явамі муз. культуры абарыгенаў з’яўляюцца каробары — абрадавыя сінкрэтычныя дзействы з элементамі спеваў і танцаў, іх абрадавыя, бытавыя і эпічныя песні. Сярод муз. інструментаў «магічныя» чурынгі (драўляныя або каменныя гудзелкі) і пустое бервяно убар, па якім стукалі палкамі, бумерангі, папуаскія барабаны, з духавых — дыджэрыду (труба са згорнутай кары ці з бамбуку), насавая флейта і інш. З 1830-х г. актывізуецца канцэртнае жыццё, створаны Сіднейскае (1833) і Аўстралійскае (1844) філарманічныя т-вы. У канцы 19 ст. ўзніклі тэатр. манаполіі, оперныя кампаніі, на пач. 20 ст. — аўстралійскі балет. Фарміруецца нац. кампазітарская школа (заснавальнікі А.Хіл, Э.Хатчэсан, Э.Трумэн і інш). Уклад у развіццё муз. культуры Аўстраліі зрабіў кампазітар, піяніст і фалькларыст П.Грэйнджэр. Муз. традыцыі абарыгенаў выкарыстоўвалі Дж.Антыл (балет «Каробары», 1946), К.Дуглас, Э.Л.Бейнтан. Сярод сучасных кампазітараў Ф.Вердэр, М.Уільямсан, Р.Міл, Л.Сіцкі, А.Бенджамін, Р.Эдвардс, Д.Уільямс, А.Болт, М.Уэслі-Сміт; дырыжораў — Б.Хейнцэ, піяністаў — Э.Хатчэсан, Р.Вудвард; спевакоў — Дж.Сазерленд, з абарыгенаў — Х.Блэер. У Аўстраліі працуюць (1986): Т-р оперы і балета ў Сіднеі, Нац. мемар. т-р у Мельбурне; 10 сімф. аркестраў (у т. л. Сіднейскі), камерныя аркестры, хары, інстр. ансамблі; Саюз кампазітараў (з 1935), Аўстралійскі муз. цэнтр (з 1976); кансерваторыі ў Сіднеі, Брысбене, Канберы, Хобарце, Мельбурне і інш.
Тэатр. Першыя тэатр. відовішчы каланістаў і катаржан адносяцца да 1780-х г. У 1830—40-я г. ў Сіднеі, Хобарце, Адэлаідзе, Мельбурне пачалі стварацца пастаянныя т-ры. У 2-й пал. 19 ст. яны аб’ядналіся ў трэсты, якія ўзначальвалі тэатр. дзеячы Дж.С.Копін, Д.Бусіка (малодшы) і інш. Рэпертуар складаўся з п’ес еўрап. і амер. класікі, аўстрал. аўтараў. У 1910—30-я г. актывізавалася дзейнасць літ.-тэатр. аб’яднанняў, якія ставілі п’есы нац. і еўрап. аўтараў, што спрыяла фарміраванню нац.т-ра. Шматлікія аматарскія калектывы ў 1936 аб’ядналіся ў «Лігу новага т-ра». У 1954 створаны «Аўстрал. елізавецінскі тэатральны трэст», які меў на мэце развіццё прафес.аўстрал. тэатра, у т. л. балетнага і опернага. Большасць т-раў у Аўстраліі — камерцыйныя. З 1960-х г. ствараюцца эксперым. калектывы т.зв. альтэрнатыўнага тэатра; арганізоўваюцца невял. тэатры ў кафэ, стайнях, старых складах. Працуюць рэжысёры Д.Хіберт, Дж.К.Уільямсан, А.Бура, Б.Хемфрыс і інш.Гал.тэатр. цэнтры — Сідней, Мельбурн, Брысбен, Канбера, Хобарт, Перт. У Адэлаідзе з 1973 адбываюцца міжнар.тэатр. фестывалі. Тэатр. дзеячаў рыхтуе нац.ін-тдрам. мастацтваў (Мельбурн).
Кіно. Вытворчасць ігравых фільмаў у Аўстраліі пачалася ў 1900. Першы гукавы фільм «Са свету ценяў» (рэж. А.Р.Харвуд) зняты ў 1930. Дакумент. кінематаграфія развіваецца з 1930-х г.; у 1937 заснаваны Аўстрал.нац. савет па кіно, у 1970 — Аўстрал. карпарацыя па развіцці кіно (з 1975 Аўстрал. кінематаграфічная камісія). Пастаноўкі фільмаў фінансуюць прыватныя і замежныя фірмы ў супрацоўніцтве з дзярж. цэнтрамі. Найбольшыя кінематаграфічныя арг-цыі: Аўстрал.ін-т, Аўстрал. школа кіно і тэлебачання, Нац. кінабібліятэка. Вядомыя кінарэжысёры: Б.Борэсфард, Т.Берстэл, К.Хенем, М.Тэрнхал, П.Бенет, акцёры С.Таўл, Х.Гібсан, Л.Хант і інш.
Беларусы ў Аўстраліі. Пасля 2-й сусв. вайны Аўстралія стала новым цэнтрам пасялення бел. эмігрантаў. Тут пражывае 9—10 тыс. беларусаў. Найб. іх канцэнтрацыя ў штатах Вікторыя (г. Мельбурн), Новы Паўд. Уэльс (Сідней), Зах. Аўстралія (Перт), Паўд. Аўстралія (Адэлаіда). Больш як 10 бел.нац. арг-цый ажыццяўляюць культ.-асв. і грамадска-арганізац. дзейнасць, рэпрэзентуюць Беларусь у замежжы. Найб. значныя з іх — Бел.цэнтр.к-т у Вікторыі, Бел. аб’яднанне Аўстраліі, Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел.культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе; тут размешчана і Беларуская цэнтральная рада. Правасл.бел. прыходы ў Адэлаідзе, Мельбурне, Перце і інш. Дзейнасць бел. арг-цыі каардынуе Федэральная рада бел. арг-цый у Аўстраліі. Праз свае арг-цыі беларусы ўдзельнічаюць у рабоце міжнар. і агульнааўстрал. арг-цый: Асацыяцыі па справах Аб’яднаных Нацый, Сусв. антыкамуніст. лігі, К-та Тыдня заняволеных народаў, Аўстралійскай нац. этнічнай рады і інш. З 1976 штогод, потым кожныя 2 гады праходзяць сустрэчы беларусаў Аўстраліі Бел. эміграцыя ўдзельнічае ў бел. і агульнааўстрал. святах, фестывалях, выстаўках, культ. праграмах. У Мельбурне і Адэлаідзе існуюць бел. хары і танц. гурткі. З 1990 пры Федэральнай радзе бел. арг-цый у Аўстраліі дзейнічае к-т дапамогі ахвярам Чарнобыля. Рэгулярныя бел. радыёперадачы арганізаваны ў Сіднеі, Перце і інш. З 1950-х г. выходзілі час. «Новае жыццё», «Наша царква», «Праваслаўным шляхам», «Лучнік».
Літ.:
Петриковская А.С. Государство и развитие национальной культуры в Австралии (1945—1980) // Австралия и Океания в современном мире: Сб. статей. М., 1982;
Small A. Art and artists of Australia. Melbourne, 1981;
Hughes R. The art of Australia. Ringwood, 1981.
М.С.Вайтовіч (гаспадарка), В.В.Халіпаў (літаратура), А.М.Гарахавік (музыка), А.С.Ляднёва (беларусы ў Аўстраліі).
Герб і сцяг Аўстраліі.Аўстралія. Нацыянальны парк Улуру.Да арт.Аўстралія. Астанцовыя горы ў Цэнтральнай Аўстраліі.Аўстралія. Даліна Бараса.Да арт.Аўстралія. Жалезаруднае радовішча Маўнт-Ньюмен у Заходняй Аўстраліі.Да арт.Аўстралія. Від на цэнтр Мельбурна з боку р. Яра.Да арт.Аўстралія. Дзелавая частка Сіднея і гавань.Да арт.Аўстралія. Грамадзянскі цэнтр у Канберы.
Да арт.Аўстралія. Горад Брысбен.Да арт.Аўстралія. Будынак парламента штата Вікторыя ў Мельбурне.Да арт.Аўстралія. Сідней у сярэдзіне 19 ст.Да арт.Аўстралія. Наскальны жывапіс абарыгенаў (злева), малюнкі абарыгенаў на кары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕДО́НІЯ (Македонија),
Рэспубліка Македонія (Република Македонија), дзяржава ва ўнутр.ч. Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Югаславіяй (часткова з б.аўт. краем Косава), на У з Балгарыяй, на Пд з Грэцыяй, на З з Албаніяй. Пл. 25,3 тыс.км². Нас. 2009 тыс.чал. (1998). Дзярж. мова — македонская. Сталіца — г.Скоп’е. Падзяляецца на 34 абшчыны. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (2 жн.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу, выканаўчая — ураду на чале з прэм’ер-міністрам. Дзярж. герб не зацверджаны.
Прырода. Большую ч.тэр. займаюць сярэдневышынныя горы (выш. да 2764 м, хр. Карабі на мяжы з Албаніяй). Горы падзелены тэктанічнымі паніжэннямі, занятымі азёрамі або далінамі рэк. Частыя землетрасенні (у 1963 дзесяцібальным землетрасеннем разбураны г. Скоп’е). Карысныя выкапні: храміты, свінцова-цынкавыя, марганцавыя, вальфрамавыя, нікелевыя, жал. руды, азбест, буры вугаль і інш. Клімат пераходны ад умеранага да міжземнаморскага. У далінах і катлавінах лета гарачае і сухое, зіма параўнальна цёплая і дажджлівая, сярэднямесячныя т-ры ў студз. 4 °C, у ліп. — 22—25 °C. Ападкаў за год 900 мм на 3, 400 мм на У. У гарах халадней, зімой выпадае снег, ападкаў больш. Гал. рака Вардар. У катлавінах значныя азёры — Ахрыдскае (на мяжы з Албаніяй), Прэспа (на мяжы з Албаніяй і Грэцыяй), Дайранскае (на мяжы з Грэцыяй). Даліны і катлавіны асвоены, на схілах да выш. 2000 м — мяшаны лес і хмызнякі, вышэй — горныя лугі. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэрыторыі. З жывёл захаваліся ў гарах буры мядзведзь, рысь, дзік, воўк, алень, лань, сарны, дзікія козы і інш.Нац. паркі: раён г. Охрыд (уключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны), Маўрава, Галічыца, Пелістар.
Насельніцтва. 65% складаюць македонцы, нар.паўд.-слав. моўнай групы. Жывуць таксама албанцы (21%; найб. на ПнЗ), туркі (3%), цыганы, сербы і інш. Сярод вернікаў праваслаўных 67%, мусульман 30%. Сярэднегадавы прырост 0,68% (1997). Сярэдняя шчыльн. 79 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 200 чал. на 1 км²) заселены даліны і катлавіны. У гарадах жыве 54% насельніцтва. Найб. горад Скоп’е — 541,3 тыс.ж. (1994). Каля 50 тыс.ж. у гарадах Куманава, Цітаў-Велес, Бігала, Охрыд. Каля 40% працоўных занята ў прам-сці, каля 35% — у сельскай гаспадарцы.
Гісторыя. У антычнасці паўд. частка сучаснай М. ўваходзіла ў склад Македоніі Старажытнай, у 5 — пач. 20 ст. ўсе тэр. (Вардарская М.) у складзе гіст. вобласці Македонія. Пасля 2-й Балк. вайны (гл.Балканскія войны 1912—13), якая завяршылася Бухарэсцкім мірным дагаворам 1913, гіст. вобласць М., што раней была пад уладай Турцыі, падзелена паміж Сербіяй (большая ч. — Вардарская М.), Грэцыяй (Эгейская М.) і Балгарыяй (Пірынскі край). У 1918 Вардарская М. ў складзе Сербіі ўвайшла ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 2-ю сусв. вайну з часоў Балканскай кампаніі 1941 большай ч. Вардарскай М. валодала Балгарыя, зах. частку акупіравалі італьян. войскі. На акупіраваных землях М. разгортваўся партыз. рух. Пасля вызвалення з 1945 Вардарская М. — адна з 6 рэспублік у складзе Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславіі (з 1963 Сацыяліст. Федэратыўная Рэспубліка Югаславія). У час грамадз. вайны ў Грэцыі 1946—49, у якой удзельнічалі і грэч. македонцы, камуніст. партыя Грэцыі намагалася далучыць да Югаславіі Эгейскую М.; частка македонцаў эмігрыравала ў Югаславію і СССР (каля 20 тыс.чал., пасяліліся пераважна ў г. Ташкент). У выніку распаду югасл. федэрацыі М. стала самаст. дзяржавай. У вер. 1991 на рэсп. рэферэндуме большасць выказалася за суверэнітэт і дзярж. самастойнасць М., 17.11.1991 прынята яе канстытуцыя. З 1992 незалежнасць М. прызналі Рас. Федэрацыя, Турцыя, Балгарыя, Славенія, Харватыя, Філіпіны, Літва і інш. Незалежную М. не прызнае Грэцыя (у яе складзе ёсць вобласць М. з цэнтрам у г. Салонікі), кіраўніцтва якой патрабуе перайменаваць М. ў Рэспубліку Скоп’е. М. — чл.ААН (з 1993), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (з 1995). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў студз. 1993.
У М. дзейнічаюць Унутр.макед.рэв.арг-цыя — Дэмакр. партыя за макед. нац адзінства, Дэмакр. альтэрнатыва, Партыя дэмакр. працвітання, Дэмакр. партыя албанцаў, С.-д. саюз М., Ліберальна-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя, Саюз цыганоў М., прафс. аб’яднанне — Асацыяцыя прафсаюзаў М.
Гаспадарка. М. — аграрна-індустр. краіна. Штогадовы даход на 1 чал. складае 1060 дол. ЗША (1998). У канцы 1990-х г. на эканоміку адмоўна ўплываюць: аслабленне эканам. сувязей з б. рэспублікамі Югаславіі, паліт. спрэчкі з Грэцыяй, ваен. дзеянні ў суседніх раёнах і вял. прыток бежанцаў з Косава. Гал. галіны прам-сці: маш.-буд., лёгкая (пераважна тэкстыльная), харчасмакавая (асабліва тытунёвая і кансервавая), горназдабыўная і энергетычная. Новыя галіны прам-сці: каляровая металургія, хім. і буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 5,4 млрд. кВт∙гадз (1995), 87% выпрацавана на ЦЭС (працуюць пераважна на імпартнай нафце). Ёсць некалькі ГЭС, найбольшая — «Маўрава» на р. Чорны Дрын. Найбольшыя прадпрыемствы машынабудавання ў Скоп’е, Бітале і інш., дзе вырабляюць станкі, аўтобусы, с.-г. машыны, халадзільнікі, электрапрылады, аўтадэталі, інструмент. Асн. цэнтры тэкст. прам-сці — Цетава (камбінат шарсцяных вырабаў), Шціп (баваўняны камбінат), Цітаў-Велес (шаўкаткацкі камбінат). Тытунёвыя вырабы выпускаюць ф-кі ў Прылепе і Скоп’е. Харч.прам-сць (мукамольная, алейная, цукр., мясная, плодакансервавая, вінаробчая) пашырана ўсюды, гал. цэнтры Скоп’е, Куманава, Бітала, Прылеп. На базе лясных рэсурсаў сфарміравалася дрэваапр. і папяровая прам-сць (Прылеп, Кочані і інш.). Чорная (Скоп’е, Ягунаўцы, Куманава) і каляровая (Цітаў-Велес, Ягунаўцы, Скоп’е) металургія. Хім.прам-сць (Скоп’е) дае пластмасы, сінт. валокны, сродкі аховы раслін і інш. Развіты прам-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, мармур, керамічныя вырабы, вогнетрывалыя матэрыялы) і горназдабыўная. Здабываюць свінцова-цынкавыя (цэнтр Злетава), хромавыя (Скоп’е, Цетава, Куманава), жал., марганцавыя, сурмяныя, нікелевыя руды і буд. матэрыялы. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, мэблевай, паліграф., фармацэўтычнай і інш. галін прам-сці. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы Скоп’е. Развіты нар. промыслы і саматужныя рамёствы, асабліва выраб прадметаў хатняга ўжытку і сувеніраў, дыванаткацтва, вышыўка, разьба па дрэве, чаканка па серабры і інш. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,3 млн. га зямель, палавіна іх пад ворывам і шматгадовымі культурамі, палавіна пад пашай. Раслінаводства развіта ў далінах і катлавінах, жывёлагадоўля — пераважна на горных пашах. Са збожжавых вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, рыс (83 тыс. га арашальных зямель), з тэхнічных — тытунь (штогадовы збор 17—20 тыс. т), цукр. буракі, бавоўну, опіумны мак, кунжут, арахіс, аніс і інш. Развіты агародніцтва (экспартнае значэнне маюць памідоры і перац), садоўніцтва (найб. яблыкі і слівы, на Пд аліўкі, інжыр, тутавае дрэва), вінаградарства (штогадовы збор каля 200 тыс. т). З галін жывёлагадоўлі лепш развіта авечкагадоўля. Пагалоўе (1997, тыс.гал.): авечак — 1800, буйн. раг. жывёлы — 300, свіней — 200, коней — 66,5, буйвалаў — 1. Птушкагадоўля. Рыбалоўства на буйных азёрах. Лясная гаспадарка. Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 699 км, у т. л. 232 км электрыфікавана, аўтадарог 8,5 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,4 тыс. км. У краіне 263 тыс. легкавых, 23 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Важнае міжнар. значэнне маюць чыгунка і аўтамагістраль Бялград (Югаславія) — Скоп’е — Салонікі (Грэцыя). Амаль усе знешнегандл. сувязі праз грэч. порт Салонікі. У краіне 14 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Скоп’е і Охрыда (курортны і турыст. цэнтр). У 1996 экспарт складаў 900 млн.дол., імпарт — 1,4 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць прамысл. тавары, харч. прадукты, віно і тытунёвыя вырабы, у імпарце — машыны і трансп. сродкі, хімікаты, паліва. Гал.гандл. партнёры — рэспублікі б. Югаславіі, Балгарыя, Германія, Італія. Гандаль з Беларуссю (1997, млн.дол.): экспарт — 4,3, імпарт — 1,9. М. — краіна развітога міжнар. турызму. Грашовая адзінка — дэнар.
Літаратура. Прыгожае пісьменства на макед. мове зарадзілася ў 19 ст. і звязана з дзейнасцю асветнікаў К. і Дз.Міладзінавых, П.Зографскага, К.Самарджыева і інш. У станаўленні новай макед. пісьменнасці і л-ры вял. роля належыць К.Місіркаву, які даў першы ўзор кадыфікацыі макед.літ. мовы. У рэчышчы рэв. і нар.-патрыят. традыцый развівалася паэзія (К.Нядзелкаўскі, В.Маркоўскі), рэаліст. тэндэнцыі выявіліся ў драматургіі (В.Ілёскі). Першы паэт.зб. на макед. мове — «Белыя досвіткі» К.Раціна (1939). Пасля 2-й сусв. вайны засн. Саюз макед. пісьменнікаў (1946), Т-вамакед. мовы і л-ры (1954), пачалі выходзіць літ.перыяд. выданні. Найб. росквіту дасягнула паэзія (С.Янеўскі, Б.Хонескі, А.Шопаў, Г.Тадароўскі) і навелістыка (У.Малескі, І.Бошкаўскі, Г.Абаджыеў). Асновы новай драматургіі заклалі К.Чашуле і Ілёскі. У 1950—60-я г. вядучым літ. жанрам стаў раман («Вёска за сямю ясенямі» і «І боль, і гнеў» Янеўскага, «Тое, што было небам» і «Ткацкі станок» Малескага, «Пабрацімы» і «Глухія досвіткі» І.Леава, «Зоркі падаюць самі» С.Дракула), зарадзілася аповесць (Дз.Солеў). Асн. тэмы твораў — нац.-вызв. барацьба, чалавекі рэвалюцыя, антыфаш. супраціўленне, сацыяліст. пераўтварэнні. У гэтыя гады ў л-ры адзначыўся т.зв. працэс дэдагматызацыі, адмаўлення ад лініі развіцця, вызначанай сав. ўзорамі, сацыяліст. рэалізмам; дэклараваліся ідэйна-эстэт. плюралізм, разнастайнасць творчай метадалогіі. У 1970-я г. ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі. Найб. прыкметныя творчыя здабыткі належалі паэтам Тадароўскаму, Р.Паўлоўскаму, А.Попаўскаму, М.Матэўскаму, празаікам Ж.Чынгу, Дракулу, Т.Геаргіеўскаму, Дж.Абаджыеву, драматургам Ілёскаму, Т.Арсоўскаму. Для сучаснай л-ры М. характэрна суіснаванне разнастайных ідэйна-эстэт. і маст. кірункаў. На бел. мове выдадзены макед. казкі ў зб. «Ці страшны страх?» (1970), «Югаславянскія казкі» (1999) і апавяданні ў зб. «Югаслаўскія апавяданні» (1975). На бел. мову паасобныя творы макед. пісьменнікаў перакладалі Н.Гілевіч, П.Кавалёў, М.Паслядовіч, А.Разанаў, М.Ракітны, І.Чарота.
Архітэктура. Ад часоў неаліту і бронз. веку на тэр. М. захаваліся рэшткі кругавых паселішчаў, каменных і глінабітных дамоў, умацаванняў, складзеных насуха з неабчасанага каменю. Сярод помнікаў архітэктуры 5—11 ст. рэшткі цыклапічных абарончых сцен Скоп’е (535), замка балг. цара Самуіла каля г. Охрыд, крэпасці ў Струміцы (абодва 11 ст.). Найб. ранні тып культавай архітэктуры — 3-нефавая базіліка з купаламі і харамі, часам з трансептам (сабор св. Сафіі ў Охрыдзе, каля 1037—50). У 12—14 ст. усталяваўся тып крыжова-купальнага, звычайна квадратнага ў плане храма з купалам (цэрквы св. Клімента ў Охрыдзе, 1295; Міхаіла і Гаўрыіла ў Леснаве, 1341) ці з 5 купаламі (царква св. Панцеляймона ў Неразі, 1164). Будавалі таксама 1-нефавыя скляпеністыя цэрквы (св. Міколы ў Варашы каля г. Прылеп, 1299). У перыяд тур. панавання ў Скоп’е, Бітале, Шціпе і інш. узводзілі цагляныя і каменныя купальныя мячэці, мінарэты, заезныя дамы («ан»), крытыя базары («безістэн»), лазні («амам»), вежападобныя ўмацаваныя жытлы («кулы»). Да 18—19 ст. належаць маляўнічыя ансамблі манастыроў (Іаана Бігорскага), разнастайныя прыклады нар. дойлідства: на раўнінах — 1-павярховыя 2-часткавыя дамы (стойла і жылы пакой з ачагом), у горных раёнах — 2-павярховыя (унізе стойла і кухня, наверсе — жыллё) з навесам-галерэяй, дамы тур. тыпу з сіметрычным размяшчэннем пакояў вакол сенцаў і ізаляваным ад вуліцы дваром. У гарадах будавалі 2—3-павярховыя дамы з эркерамі, лоджыямі ці балконамі. Своеасаблівыя крытыя чарапіцай дамы Охрыда з драўлянымі каркаснымі верхнімі паверхамі, гладкія атынкаваныя сцены якіх навісаюць над ніжнім паверхам, складзеным з каменю. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў буйных гарадах будавалі ў духу еўрап. эклектычнай архітэктуры. Пасля 2-й сусв. вайны разгарнулася рэканструкцыя гарадоў і сёл, пабудаваны буйныя прамысл. комплексы са зборнага жалезабетону, раёны 2—3-секцыйных і вежавых жалезабетонных жылых дамоў і грамадскіх будынкаў у ’сучасных стылях. У Скоп’е пасля землетрасення 1963 паводле праекта яп.арх. Тангэ Кэндзо ўзведзены будынкі Гіст. архіва, Макед.нар.т-ра, акадэміі навук і мастацтваў і інш. Ствараюцца новыя жылыя раёны. Раён г. Охрыд уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З часоў неаліту і бронзавага веку захаваліся керамічныя пасудзіны, мадэлі дамоў, фігуркі людзей і жывёл, помнікі мастацтва ілірыйцаў (залатыя маскі і інш. з Трэбенішце каля Охрыда, 6 ст. да н.э.), з 2 ст. да н.э. — рэшткі мазаік і фрэсак, скульптура. У 6—7 ст. развівалася культура стараж. славян. У мастацтве сярэдневякоўя важную ролю адыгрываў самабытны фрэскавы жывапіс, які дасягнуў росквіту ў 11—14 ст.: размалёўкі ў храме св. Сафіі ў Охрыдзе (сярэдзіна 11 ст.), у царкве св. Панцеляймона ў Неразі (1164), у цэрквах св. Клімента ў Охрыдзе (пасля 1295) і св. Георгія ў Стара-Нагарычане (1317—18, у абедзвюх майстры Міхаіл і Яўціхій, малявалі таксама абразы), у царкве Маці Божай у Мацейчы (каля 1355) і інш. Высокага ўзроўню дасягнула разьба па дрэве, якая мела фалькл. характар (разныя дзверы з плеценымі ўзорамі, фігурамі святых і ваяроў, выявамі звяроў, царква св. Міколы Болнічкага ў Охрыдзе, 12—13 ст.). 17—19 ст. — росквіт глыбокай і ажурнай разьбы з расл. ўзорамі і рэаліст. фігуркамі жывёл і людзей (у т. л. аўтапартрэтамі рэзчыкаў), у якой візант. і грэч. ўплывы, элементы барока і ракако спалучаліся з рысамі наіўнага гратэску. У эпоху асманскага панавання развіццё жывапісу запаволілася. Паступовы адыход ад стараж. канонаў пачаўся з 2-й пал. 18 ст. пад уплывам мастацтва Зах. Еўропы і Расіі (сям’я Фрчкоскіх). У канцы 19 — пач. 20 ст. Дж.Зографскі і Дз.Андонаў уключалі ў царк. жывапіс фалькл. і сатыр. матывы, патрыят. кампазіцыі, партрэты, пейзажы, сцэны нар. жыцця. У 1920—30-я г. жывапісцы Л.Лічэноскі, М.Марціноскі і інш. ў свабоднай дэкар. манеры стваралі нац. пейзажы, жанравыя кампазіцыі, партрэты і нацюрморты. Сярод першых прафес. скульптараў Дз.Тадароўскі, П.Хаджы-Бошкаў і інш.Вял. ўклад у развіццё выяўл. мастацтва М. зрабілі жывапісцы Р.Анастасаў, П.Мазеў, скульптар Б.Мітрычэўскі і інш. У 1960—80-я г.рэаліст. традыцыі часта спалучаліся з пошукамі новых сродкаў пластычнай выразнасці (жывапісцы Д.Кандоўскі, Г.Чэмерскі, С.Шэмаў, Т.Шыяк, графік Д.Перчынкаў, скульптар С.Манеўскі і інш.). Развіваюцца нар. промыслы (чаканка па серабру, вышыўка, выраб дываноў і інш.).
Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.А.Чарота (літаратура).
Сцяг Македоніі.Да арт.Македонія. Узбярэжжа Ахрыдскага возера.Да арт.Македонія. Удзельнікі нацыянальна-вызваленчага паўстання 1903.Да арт.Македонія. Царква святога Клімента ў г. Охрыд. 13 ст.Да арт.Македонія. Аплакванне Хрыста. Размалёўка царквы святога Панцеляймона ў Нерэзі. 1164.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВА́КІЯ (Slovensko),
Славацкая Рэспубліка (Slovenská republika), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на З з Аўстрыяй, на ПнЗ з Чэхіяй, на Пн з Польшчай, на У з Украінай, на Пд з Венгрыяй. Пл. 49 тыс.км². Нас. 5408 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — славацкая. Сталіца — г.Браціслава. Падзяляецца на 8 краёў. Нац. свята — Дзень утварэння Славацкай Рэспублікі (1 студзеня).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць Нац. савету (аднапалатны парламент, выбіраецца насельніцтвам на 4 гады). Вышэйшы выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным прэзідэнтам.
Прырода. Амаль усю краіну займаюць горныя хрыбты Заходніх Карпат, што падзяляюцца на асобныя масівы. Пераважаюць сярэдневышынныя горы, у цэнтр. частцы каля мяжы з Польшчай — высака- і сярэднягорны масіў Татры (найб.выш. 2655 м, г. Герлахаўскі-Шціт). Нізіны і раўніны — ускраіны Сярэднедунайскай раўніны, займаюць невял. плошчы на ПдЗ і ПдУ. Карысныя выкапні: руды жалеза, марганцу, поліметалічныя, радовішчы сурмы, магнезіту; ёсць буры вугаль і лігніт. Клімат умерана кантынентальны. На раўнінах сярэдняя т-растудз. каля -2 °C, ліп. 19—21 °C. Ападкаў 500—700 мм за год, у гарах да 1000 мм. Рэкі горныя, належаць да бас.р. Дунай (цячэ на ПдЗ). Горныя лясы займаюць каля 35%. На паўд. схілах пераважаюць шыракалістыя (дуб, бук) і мяшаныя, на паўн. — хвойныя (елка, піхта). Даліны і раўніны асвоены. У гарах трапляюцца буры мядзведзь, воўк, рысь, казуля, дзік; шмат птушак. У С. 5 нац. паркаў агульнай пл. 2051 км², 13 запаведнікаў агульнай пл. 6338 км². На мяжы з Венгрыяй сумесны запаведнік з пячорамі Агтэлека і Славацкага Краса ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Славакі складаюць 85,8%. Жывуць таксама венгры (9,7%, пераважна на Пд), цыганы (1,7%), чэхі (0,8%), украінцы, румыны і інш. Вернікі католікі (82%), евангелісты (8,2%), грэка-католікі (4,9%), прыхільнікі рэфармацкай хрысц. царквы (2,4%) і інш. Сярэдняя шчыльн. 110,4 чал. на 1 км², найб. (да 200—300 чал. на 1 км²) на раўнінах і ў міжгорных далінах, найменшая (каля 10—20 чал. на 1 км²) у гарах. Натуральны прырост блізкі да нулявога. У гарадах жыве 57% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1999): Браціслава — 450, Кошыцы — 236; у гарадах Банска-Бістрыца, Жыліна, Нітра, Прэшаў, Трнава прыкладна па 100 тыс.ж. У прам-сці і буд-ве занята 34,6% эканамічна актыўнага насельніцтва, у гандлі — 14,2%, у сельскай гаспадарцы — 9,7%, у сферы паслуг і кіраванні — 41,5%.
Гісторыя. Тэр. С. заселена з часоў сярэдняга палеаліту. Тут жылі кельты, якіх у 1 ст.н.э. выцеснілі германцы. У час Вялікага перасялення народаў землі С. каля 5—6 ст. каланізаваны славянамі (этнонім «славені»). Яе паўд. раёны ўваходзілі ў склад дзяржавы Сама. Першым паліт. аб’яднаннем на тэр. С. ў пач. 9 ст. было Нітранскае княства ў далінах рэк Ваг і Нітра. Каля 833 яно далучана да Мараўскага княства і ўвайшло ў склад Вялікамараўскай дзяржавы. З пач. 9 ст. ў С. праз ням. місіянераў пашыралася хрысціянства, г Нітра стаў цэнтрам епіскапства. З 863 у Вял. Маравіі ажыццяўлялася рэліг.-асв. дзейнасць Кірылы і Мяфодзія, якія пашыралі слав. пісьменнасць і богаслужэнне на слав. мове. Аднак у выніку інтрыг ням. духавенства і палітыкі рым. папства развіццё слав. культуры ў С. было перапынена і ўмацаваліся пазіцыі лацінамоўнай рым.-каталіцкай царквы. У 11 ст. С. ўключана ў Венг. каралеўства, што перапыніла працэс утварэння славацкай народнасці і прывяло да частковай мадзьярызацыі, асабліва феад. вярхоў. Паўд. і зах. раёны С. (т.зв. Верхняй Венгрыі) найб. развіваліся ў Венг. каралеўстве. У 12—13 ст. тут фарміравалася феад. і царк. землеўладанне, адносіны залежнасці вольнага сялянства ад феадалаў; хутка раслі гарады (Трнава, Банска-Бістрыца, Трэнчын, Браціслава, Кошыцы); развівалася гарнарудная прам-сць. У пач. 14 ст: зах. і цэнтр. С. на кароткі час дамаглася незалежнасці ад Венгрыі. У 14 ст. С. стала цэнтрам еўрап. транзітнага гандлю. Пад уплывам гусіцкіх войнаў у 1440—60-я г. ў С. актывізаваўся антыфеад. рух, скіраваны супраць венг. шляхты і каталіцкай царквы У 1467 у Браціславе адкрыты каталіцкі ун-т. У 1562 паўд.ч. С. захапіла Турцыя. Уцалелыя ад тур. заваявання славацкія і венг. землі ўвайшлі ў склад імперыі Габсбургаў. У 1678 у С. адбылося найбуйнейшае антыгабсбургскае паўстанне венг. магнатаў, падтрыманае Турцыяй. У выніку аўстра-тур. вайны 1683—99 Габсбургі захапілі Паўд. С. і асн. частку Венгрыі. У імперыі Габсбургаў С. была агр.-сыравінным раёнам, яе горныя руднікі належалі аўстр. двару. У час праўлення імператара Іосіфа II [1765—90, да 1780 суправіцель Марыі Тэрэзіі] праведзены рэформы (у 1781 уведзена свабода веравызнання, у 1785 скасавана асабістая прыгонная залежнасць сялян, ажыццяўляўся мытны і мануфактурны пратэкцыянізм і інш.), якія спрыялі ажыўленню прам-сці ў С. У канцы 18 — пач. 19 ст. адраджаўся славацкі грамадска-культ.нац. рух. Паэт, філолаг і грамадскі дзеяч Л.Штур (1815—56) рэфармаваў на аснове сярэднеславацкага дыялекту славацкую літ. мову (у 1845 яна кадыфікавана як агульнанацыянальная). На ёй выдаваліся газеты, літ. творы. У 1863 засн. нац.-культ. цэнтр «Маціца славацкая». З утварэннем у 1867 Аўстра-Венгрыі С. афіцыйна стала часткай Каралеўства венграў; венг. буржуазія займала пануючае становішча ў эканоміцы С.
У 1-ю сусв вайну ў С. ўзмацніўся рух за нац. і сац. вызваленне. У 1916 дзеячы чэш. (Т.Масарык, Э.Бенеш) і славацкай (М.Штэфанік) эміграцыі ўтварылі ў Парыжы Чэхаславацкі нац. савет, які летам 1918 прызнаны ўрадамі краін Антанты і ЗША у якасці будучага ўрада дзяржавы чэхаў і славакаў. Ва ўмовах ваен. паражэння і распаду Аўстра-Венгрыі Нац.к-т у Празе (засн. ў 1916) 28.10.1918 абвясціў пра стварэнне незалежнай Чэхаславакіі. Гэтае рашэнне падтрымаў Славацкі нац. савет у г. Марцін, які 30.10.1918 абвясціў пра аддзяленне С. ад Венгрыі. Са студз. 1919 у Браціславе дзейнічала мін-ва Чэхаславакіі па справах С. Непрацяглы час (16.6—7.7.1919) на частцы тэр. С. існавала Славацкая сав. рэспубліка (кіраўнік — чэш. камуніст А.Янаўшак), створаная пры дапамозе войск Венг.сав. рэспублікі. Адносна адсталая прам-сць С. не вытрымлівала канкурэнцыі з чэшскай і скарачалася, што вяло да масавага беспрацоўя і эміграцыі. Пасля Мюнхенскага пагаднення 1938 клерыкальна-нацыяналіст. Глінкаўская славацкая нар. партыя і інш. партыі прымусілі ўлады Чэхаславакіі пагадзіцца з утварэннем у С. свайго ўрада на чале з лідэрам глінкаўцаў І.Цісам. У ліст. 1938 да Венгрыі адышлі паўд. раёны С. 14.3.1939 па патрабаванні А.Гітлера славацкі сейм абвясціў «самаст. і незалежную Славацкую дзяржаву», якую 18 сак.фаш. Германія ўзяла «пад сваю абарону». Нацысты ўсталявалі ў С. таталітарны рэжым. Паводле ваен. дагавору паміж С. і Германіяй (жн. 1939) славацкія войскі ў 2-ю сусв. вайну ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях супраць Польшчы і СССР. Масавы характар набыў пераход славацкіх ваеннаслужачых на бок Чырв. Арміі (папаўнялі Чэхаславацкі армейскі корпус ген. Л.Свобады) і сав. партызан (на тэр. Беларусі і Украіны дзейнічаў славацкі партыз. атрад на чале з маёрам Я.Налепкам). Масавы партыз. рух разгарнуўся і на тэр. самой С. У канцы 1943 прадстаўнікі Кампартыі С. (КПС) і інш.апазіц. партый стварылі Славацкі нац. савет (СНС), які ўзначаліў Славацкае нацыянальнае паўстанне 1944 супраць гітлераўскіх войск (25.8.1944 увайшлі ў С.) і рэжыму Цісы. У студз. 1945 сав. войскі ўступілі ў С., 4 крас. вызвалены г. Браціслава. На вызваленай тэр. С. ўладу ўзяў адноўлены СНС. У пасляваен Чэхаславакіі паўнамоцтвы органаў славацкага нац. прадстаўніцтва (СНС і Корпус упаўнаважаных), дзе ў 1946—48 мела перавагу Дэмакр. партыя, былі абмежаваны на карысць цэнтр. улад Чэхаславакіі. У лют. 1948 да ўлады ў С., як і ў Чэхіі, прыйшлі камуністы. У вер. 1948 КПС увайшла ў адзіную Кампартыю Чэхаславакіі (КПЧ), захаваўшы арганізац. самастойнасць. У краіне фармальна захоўвалася шматпартыйнасць пры фактычным панаванні камуністаў, якія ажыццяўлялі праграму сацыяліст. пераўтварэнняў ва ўсіх сферах жыцця. Канстытуцыя 1960 абвясціла Чэхаславакію дзяржавай раўнапраўных народаў, славацкі Корпус упаўнаважаных быў аб’яднаны з СНС. Падзеі «Пражскай вясны» 1968 паспрыялі адраджэнню славацкіх нац. памкненняў. Паводле Канстытуцыйнага Закона 1968 С. з 1.1.1969 — раўнапраўная сацыяліст. рэспубліка (ССР) у складзе Чэхаславацкай Сацыяліст. Рэспублікі (ЧССР) са сваім заканад. органам (СНС) і ўрадам, які прызначаў Прэзідыум СНС. На працягу 1960—80-х г. С. стала развітой індустр.-агр. рэспублікай, палепшыўся дабрабыт насельніцтва і яго культ. ўзровень. Аднак у параўнанні з Чэхіяй, у С. захоўвалася адносная эканам. адсталасць. Славацкія і чэш.дэмакр. сілы разам удзельнічалі ў «аксамітнай рэвалюцыі» 1989, у выніку якой ад улады ў ЧССР адхілены камуністы і абвешчаны курс на аднаўленне рыначнай эканомікі. Сярод паліт. сіл С. ў гэты час дамінаваў рух «Грамадскасць супраць насілля». У 1990 чэш.-славацкія адносіны абвастрыліся і ЧССР пераўтворана ў Чэшскую і Славацкую Федэратыўную Рэспубліку (ЧСФР) На парламенцкіх выбарах у С. ў чэрв. 1992 перамог Рух за дэмакр. С. (РЗДС), які выступаў за поўную незалежнасць краіны. 25.11 1992 Федэральны сход ЧСФР прыняў рашэнне аб спыненні яе існавання.
3 1.1.1993 С. — незалежная Славацкая Рэспубліка. Пасля атрымання незалежнасці рэзка знізіўся ўзровень рэальных даходаў насельніцтва, скарацілася дзярж. падтрымка аховы здароўя, культуры і адукацыі. Новы эканам. ўздым (з 1994) дазволіў да канца 1990-х г. у асн. пераадолець гэтыя негатыўныя з’явы. Да 1998 улада ў С. знаходзілася ў руках кааліцыі на чале з РЗДС, а яе лідэр У.Мечыяр у 1994—98 быў прэм’ер-міністрам, у сак.—вер. 1998 в.а. прэзідэнта рэспублікі (пасля адстаўкі М.Ковача, які быў прэзідэнтам у лют. 1993 — сак. 1998). На выбарах у Нац. савет у вер. 1998 перамагла апазіц. Славацкая дэмакр. кааліцыя (СДК) у складзе Партыі левых дэмакратаў (ПЛД, б. камуністы), Кааліцыі венг. партый (КВП) і Партыі грамадзянскай згоды (ПГЗ). З 30.8.1998 лідэр СДК М.Дзурында — прэм’ер-міністр С., прэзідэнтам 29.5.1999 выбраны лідэр ПГЗ Р.Шусцер. С. — чл.ААН (з 1993), асацыіраваны чл. Заходнееўрап. саюза (з 1996). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 14.1.1993. Гл. таксама Чэхаславакія.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. РЗДС, Дэмакр. саюз С., ПЛД, Славацкая нац. партыя, Хрысц.-дэмакр. рух, ПГС, КВП і інш.Асн.прафс. аб’яднанне — Канфедэрацыя прафсаюзаў Славацкай Рэспублікі.
Гаспадарка. С. — індустр.-агр. краіна. Пасля 1993 праведзена эканам. рэформа ў гаспадарцы, стабілізавана грашовая сістэма, што суправаджалася адмовай ад дзярж. рэгулявання цэн, лібералізацыяй гандлю і прыватызацыяй. Вялікую ролю ў эканам. рэфармаванні адыгралі замежныя інвестыцыі (каля 0,5 млрд.дол. штогод). У 1998 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 44,5 млрд.дол., каля 8300 дол. на чалавека. 22% ВУП ствараецца ў прам-сці, 6% — у сельскай гаспадарцы, каля 9% — у транспарце і сувязі, 23% у гандлі, 40% — у інш. абслуговых галінах. Горназдабыўная прам-сць занята здабычай бурага вугалю і лігнітаў (раён гарадоў Гандлава і Пр’евідза), жал., марганцавых, свінцова-цынкавых і медных руд. Электраэнергетыка засн. на выкарыстанні гідрарэсурсаў (ГЭС на горных рэках, у т. л. каскад 16 ГЭС на р. Ваг), бурага вугалю і імпартаванай нафты. Працуюць 2 АЭС каля гарадоў Нітра і Трнава (даюць 40% усёй электраэнергіі). У 1998 атрымана 20 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. У апрацоўчай прам-сці найб. развіты машынабудаванне (вытв-сць электроннай, радыёэлектроннай і быт. тэхнікі, трансп. сродкаў і інш.), чорная і каляровая металургія, нафтаперапр., хім., фармацэўтычная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая, лёгкая (тэкст., гарбарна-абутковая, швейная) і харчовая. Значныя вытв. магутнасці паліграф. і шкляной прам-сці. Асн.прамысл. цэнтры: Браціслава (хім. і нафтахім., маш.буд., станкабуд., тэкст., паліграф., харчасмакавая, швейная і інш.), Кошыцы (чорная металургія, цяжкае машынабудаванне), Банска-Бістрыца (каляровая металургія, маш.-буд., дрэваапр., тэкст., цэм., харчовая), Жыліна (маш.-буд., тэкст., цэлюлозна-папяровая, хім.), Нітра (маш.-буд., піваварная, хім., тэкстыльная), Прэшаў (маш.-буд., тэкст.), Комарна (рачное суднабудаванне), Шаля (з-д азотных угнаенняў на імпартным прыродным газе). Штогод атрымліваюць (млн.т): бурага вугалю і лігніту — каля 5, жалезнай руды — 1, свінцова-цынкавай — 0,3, меднай — 0,3, чыгуну — 3,2, пластмас — 0,4, азотных угнаенняў — 0,2, цэменту — 3, нафтапрадуктаў — 3,5; піва — каля 4 млн. гекталітраў. Развітая шматгаліновая сельская гаспадарка засн. на сучаснай матэрыяльна-тэхн. базе і інфраструктуры. С.-г. кааператывы і дзяржгасы трансфармаваны ў кааператывы ўласнікаў і акцыянерныя прадпрыемствы. С.-г. ўгоддзі займаюць 2445 тыс.га, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 1630 тыс.га, пад пашай і лугамі каля 815 тыс.га. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства. Большасць пасеваў засяроджана ў раўнінных раёнах на ПдЗ, Пд, ПдУ і ў далінах рэк; лугі і паша — у гарах. Штогод збіраюць (млн.т): пшаніцы — каля 2, ячменю — 1, кукурузы — 0,7, жыта — 0,1. Вырошчваюць таксама бульбу, алейныя культуры (сланечнік, рапс), цукр. буракі, тытунь, агародніну. Садоўніцтва, на Пд — вінаградарства. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы —0,7, свіней — 1,6, авечак — 0,3. Птушкагадоўля (у 1997—13,1 млн. курэй). У паўд. раёнах гадуюць пераважна свіней, малочную буйн. раг. жывёлу, птушку, у горных раёнах — авечак і мясную буйн. раг. жывёлу. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны. Даўж. (тыс.км): чыгункі — 3,7, аўтадарог — 17,7, унутр. водных шляхоў (участак Дуная і нізоўі асн. прытокаў) каля 0,4. У краіне (2000) 994 тыс. легкавых, 94 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Асн. рачныя парты Браціслава і Комарна. Авіяц. транспарт абслугоўвае пераважна знешнія пасажырскія зносіны, гал.міжнар. аэрапорты каля Браціславы, Кошыц, Попрада. С. перасякаюць з У на З нафта- і газаправоды з Расіі ў Зах. Еўропу. У 1998 экспарт склаў 10,7 млрд.дол., імпарт — 12,9 млрд.дол.Гал. тавары экспарту: машыны і абсталяванне, прадукцыя нафтаперапр., хім., дрэваапр., харч. прам-сці. Імпартуюцца машыны і абсталяванне, нафта, хім. сыравіна і інш. Важнейшыя гандл. партнёры: Чэхія (35%), Германія (19%), Аўстрыя (5%), Расія, Польшча, Італія. У 2000 Беларусь экспартавала ў С. тавараў на 19,2 млн.дол. (пераважна халадзільнікі, маразільнікі, шыны), імпартавала тавараў на 12,8 млн.дол. С. — краіна развітога турызму і горнага спорту. Штогод С. наведвае каля 0,5 млн. замежных грамадзян, даход ад замежнага турызму ў 1998 склаў 461 млн.дол. Грашовая адзінка — славацкая крона.
Узброеная сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы, а таксама ваенізаваныя фарміраванні, у т. л. сілы ўнутр. бяспекі (1,4 тыс.чал.), грамадз. абароны (1,2 тыс.чал.) і інш. (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Тэрмін службы — 1 год. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА. У сухап. войсках 23,8 тыс.чал., каля 480 танкаў, больш за 680 баявых браніраваных машын, да 390 адзінак палявой артылерыі, мінамётаў, рэактыўных сістэм залпавага агню і інш. У ВПС і ППА 12 тыс.чал., больш за 100 баявых самалётаў, каля 60 верталётаў, у т. л. 19 баявых, каля 100 пускавых установак зенітных кіроўных ракет і інш.
Ахова здароўя. Насельніцтва атрымлівае бясплатную дзярж.мед. дапамогу, карыстаецца паслугамі страхавой і прыватнай медыцыны. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70, жанчын — 77 гадоў. Узровень нараджальнасці — 10 на 1 тыс.чал., смяротнасць — 9 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,1%. Дзіцячая смяротнасць — 9 на 1 тыс. нованароджаных (2001). Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 86 чал., урачамі — 1 на 381 чал. (1996).
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі С. ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—5-гадовага ўзросту), асн. школы, гімназіі, сярэднія прафес. школы і вучылішчы, ВНУ. Пераважная большасць устаноў дзяржаўныя; ёсць прыватныя і царкоўныя. Асн. школа для дзяцей з 6-гадовага ўзросту мае 2 ступені — пач. (4 гады навучання) і няпоўную сярэднюю (5 гадоў) і з’яўляецца абавязковай. Поўную сярэднюю адукацыю (пасля асн. школы) даюць гімназіі (4 гады навучання), некаторыя сярэднія прафес. вучылішчы (4—5 гадоў навучання), большасць сярэдніх прафес. школ, у якіх вучні праходзяць і кароткатэрміновае прафес. навучанне, пераважна па складаных профілях. У гімназіях уведзена дыферэнцыраванае навучанне (гуманіт. і тэхн. профілі) з улікам індывід. схільнасцей навучэнцаў, выкарыстоўваюцца навуч. праграмы з павышаным узроўнем патрабаванняў. У сістэме вышэйшай адукацыі — ун-ты, вышэйшыя школы, акадэміі. У 2000/01 навуч.г. ў С. 3245 дзярж. дашкольных устаноў (больш за 153 тыс. дзяцей), 2362 асн. школы (каля 626 тыс. вучняў і больш за 38 тыс. настаўнікаў), 157 гімназій (больш за 67 тыс. навучэнцаў і больш за 5 тыс. выкладчыкаў), 309 сярэдніх прафес. школ (каля 85 тыс. навучэнцаў), 363 сярэднія прафес. вучылішчы (больш за 104 тыс. навучэнцаў). У сістэме вышэйшай адукацыі больш за 20 навуч. устаноў. Буйнейшыя ВНУ: ун-т Я.А.Каменскага (з 1465), эканам. і Славацкі тэхн. ун-ты, Паліцэйская акадэмія, вышэйшыя школы — выяўл. мастацтва і тэатральна-мастацкая (усе ў Браціславе); Ун-т Мацея Бела і Акадэмія мастацтваў у Банска-Бістрыцы; Ун-т Паўла Іозефа Шафарыка, тэхн. і вет. ун-ты, Ваенная лётная акадэмія (усе ў Кошыцах); Ун-т Канстанціна Філосафа і Славацкі аграрны ун-т у Нітры; Ваенная акадэмія ў Ліптаўскі-Мікулашы, Ун-т Кірылы і Мяфодзія ў Трнаве, тэхн.ун-т у Зволене; ун-ты ў Прэшаве, Трнаве, Жыліне, Трэнчыне і інш. У С. больш за 70 б-к і больш за 75 музеяў. Буйнейшыя б-кі: універсітэцкая ў Браціславе, Дзярж.навук. ў Кошыцах, акрамя таго працуе 9 навук. б-к і Цэнтр. навукова-тэхн. інфармацыі ў Браціславе. Буйнейшыя музеі: Славацкі нац, (мае 8 філіялаў), Гарадскі ў Браціславе, Славацкі тэхн. ў Кошыцах, Музей він у Прэшаве, Музей славацкага нац. паўстання ў Банска-Бістрыцы, этнагр. ў Марціне. Навук. даследаванні праводзяцца на кафедрах ун-таў, у Славацкай АН (з 1952), якая ўключае больш за 60 ін-таў і лабараторый, і інш.н.-д. установах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у С. выходзілі газеты «Pravda» («Праўда», з 1920), «Praca» («Праца», з 1946), «Smena» («Змена», з 1948), «Večer» («Вечар», з 1990), «Narodna obroda» («Нацыянальнае адраджэнне», з 1990), штотыднёвік «Beseda» («Размова», з 1990) і інш.Інфарм. агенцтва — Тэлегр. агенцтва Славацкай Рэспублікі (ТАСР, з 1992). Радыёвяшчанне з 1926; асн. праграмы — «Браціслава» і «Дэвін». Тэлебачанне з 1956 (з 1970 каляровае); вяшчанне па 2 каналах.
Літаратура. Развіваецца на славацкай мове. Вытокі пісьменнасці славакаў звязаны з дзейнасцю Кірылы і Мяфодзія (2-я пал. 9 ст.). У 15 ст. пісьмовай мовай была латынь. Пашыраны былі легенды (жыціі), драм.рэліг. творы і духоўная лірыка (не захаваліся). Вял. значэнне для культ. жыцця С. мела заснаванне Карлам IV у Празе універсітэта (1348). Ідэі гусіцкага руху (1-я пал. 15 ст.) і Рэфармацыі паспрыялі выцясненню латыні чэш. пісьмовай мовай з элементамі славацкай гутарковай мовы. Вядома творчасць паэтаў-гуманістаў М.Ракаўскага, Я.Якобеўса, духоўная паэзія Я.Сільвана, Э.Лані. Барацьба з тур. нашэсцем (канец 15—16 ст.) спарадзіла героіка-эпічныя песні і балады на гіст. сюжэты. З’явіліся творы з любоўнай праблематыкай (вершаваны раман «Пра Сілада і Хадмазі», 2-я пал. 16 ст.), драматургія на біблейскія сюжэты П.Кырмезера і Ю.Тэсака. У 17—18 ст. узмацніўся ўплыў каталіцкай царквы, свецкія матывы выцясняліся рэліг. містыкай. Выявілася блізкасць да л-ры еўрап. барока: дыдактычна-рэфлексіўныя творы П.Беніцкага, О.Луцэ, мемуарная проза Ш.Піларыка, Т.Масніка, С.Грушкавіца, свецкая паэзія Г.Гаўлавіча. Самастойнасць набыло літ.-знаўства (Д.Цвітынгер, П.Валаскі). З канца 18 ст. пачалося нац. адраджэнне славацкай пісьменнасці, спробы стварэння нац. мовы (А.Берналак). Рэфарматар мовы і аўтар першага славацкага рамана — І.І.Байза. Вядомасць набыла паэзія Я.Колара, Б.Табліца, проза Я.Голага, навук. працы Ю.Фандлі, П.І.Шафарыка, драмы Я.Халупкі. У 1840—70-я г. ў л-ры ўсталяваўся рамантызм (паэт. цыкл «Думкі вечаровыя» Л.Штура, паэмы і лірыка Я.Краля, А.Сладкавіча, паэмы-казкі Я.Боты, гіст. аповесці Я.Калінчака, І.М.Гурбана). У 1863—75 навук.-асветніцкае і літ.т-ва «Маціца славацкая» выдавала кнігі, часопісы, адкрывала школы, гімназіі. З 1880-х г. вядучым кірункам стаў рэалізм (творчасць С.Ваянскага, П.Гвездаслава, М.Кукучына). Значнае месца занялі пераклады з рус. і зах.-еўрап. л-ры. У творчасці пісьменнікаў-рэалістаў Цімравай, Я.Есенскага, І.Таяўскага (прадстаўнікі «Маладой Славакіі») узмацніўся сац.-аналіт. падыход да рэчаіснасці. У пач. 20 ст. ўзнік літ. рух т.зв. Славацкай мадэрны, які выявіўся ва ўзбагачэнні эмацыянальнага зместу і псіхал. раскрыцця ўнутр. свету чалавека і кульце формы (І.Краска, І.Гал, У.Рой). Развіццю л-ры спрыяла ўтварэнне Чэхаславацкай рэспублікі. У паэзіі выступілі Ш.Крчмеры, М.Разус, Я.Смрэк, Э.Б.Лукач. Я.Понічан, у прозе — Я.Грушаўскі, Г.Вамаш, М.Урбан, І.Горват, у літ. крытыцы — Э.Уркс, А.Матушка. Вядомасць набылі раманы П.Ілямніцкага, паэзія Л.Новамескага. Пошукам гармоніі займаўся І.Цыгер-Гронскі У 2-ю сусв. вайну ў час ням.-фаш. акупацыі побач з падп. л-рай існавалі як форма легальнага пратэсту «лірызаваная» проза (Д.Хробак, М.Фігулі, Ф.Швантнер) і паэзія сюррэалістаў (Ю.Ленка, П.Бунчак, Ш.Жары). Тэмы паўстання, антыфаш. барацьбы, пабудовы новага грамадства — гал. ў пасляваен. л-ры (У.Мінач, М.Крно, Я.Боданек, Я.Коранка). Умацоўваецца сацыяліст. рэалізм (паэты А.Плаўка, Я.Костра, В.Мігалік, празаікі Р.Яшык, Ф.Гечка, К.Лазарава). 1950-я г. — пік псіхал. прозы (А.Беднар, Ф.Краль). У 1960-я г. выявіліся авангардысцкія канцэпцыі і фармальнае эксперыментатарства (Л.Балек, А.Гікіш, Р.Слобада). Нетрадыц. падыход да раскрыцця характараў пераважаў у творах Д.Мітаны, І.Гудзеца, Д.Душака і інш. У 1970-я г. росквіту дасягнуў гіст. раман (І.Тала, Я.Ленч, М.Ферка і інш.). 1980-я г. адметныя ўзлётам раманнай формы, рухам эпасу да сінтэзу, цыклізацыяй малых жанраў (П.Яраш, П.Андрушка, І.Габай і інш.). У канцы 1990-х г. змены жанравага зместу прозы за кошт фалькларызацыі суправаджаліся паглыбленнем лірычнага пачатку. Маральна-філас. пошукі вядуцца ў межах сінтэзу рамана і міфа, легенды, прытчы, балады, драмы і камедыі (В.Шыкула, М.Валек, О.Заграднік, Я.Солавіч і інш). На бел. мове выдадзены «Чэшскія і славацкія апавяданні» (1958), зб-кіапавяд. «Апошні вераснёвы дзень» (1982), «Разбуджаны голас» (1988), «Соль зямлі» (1992), вершаў «Татры пяюць» (1976), «Славацкая паэзія» (1990), казак «Дванаццаць месяцаў» (1956), «У сонейка ў гасцях» (1958), творы Крно («Я вярнуся жывы», 1960), Мінача («Жывыя і мёртвыя», 1961), Г.Зелінавай («Якубка», 1962), Шыкулы («Канікулы з дзядзькам Рафаэлем», 1972), К.Ярункавай («Брат маўклівага ваўка», 1976), Валека («Крылы», 1978), М.Галямавай («Пра сініцу з какосавага доміка», 1979), Грушаўскага («Янашык», 1980), Э.Гашпаравай («Цяжка быць мустангам», 1981), Р.Морыца («Выбух», 1984). Сярод перакладчыкаў на бел. мову: Я.Бяганская, У.Дамашэвіч, Х.Жычка, У.Караткевіч, Я.Каршукоў, А.Мажэйка, П.Макаль, С.Міхальчук і інш.
Архітэктура. У 1—2 ст. на тэр. С. ўзніклі стараж.-рым. крэпасці. У 9—12 ст. будавалі замкі з хрысц. капэламі (у Браціславе, Бойніцах, Турчанска-Бістрыцы, Спішскі-Градзе), вакол якіх з 13 ст. раслі гарады. Да раманскага стылю належаць базіліка св. Эмерама ў Нітры (1200), 2-ярусная капэла-ратонда ў Скаліцы (12 ст.), 3-нефавая базіліка з 2-вежавым фасадам у Дзякаўцы (1228). З канца 13 ст. пашырана гатычная храмавая архітэктура, адметная нац. стрыманасцю: 3-нефавыя базілікі св. Лізаветы ў Кошыцах (1382—1499), св. Кацярыны ў Банска-Шцяўніцы (1491), сабор св. Марціна (14—15 ст.), Старая ратуша (13—15 ст.) у Браціславе. Для готыкі характэрны зальны тып храма (3-нефавы сабор св. Якуба ў Левачы, 14—15 ст.). Да вялікіх храмаў часам далучалі невял. капэлы з вытанчанымі прапорцыямі (капэлы Запольскіх у Спішска-Капітуле, 1488—93). Гатычныя замкі ўяўлялі сабой комплексы з унутр. дварамі, капэламі (у Стрэчне, 14—15 ст.; Зволен, 1361—16 ст.). Гарады мелі ўмацаванні, ратушную плошчу, элементы рэгулярнага плана (Бардзеёў, Левача, Трэнчын). Рэнесансавыя прыкметы звязаны пераважна са свецкай архітэктурай: жылыя дамы з атыкамі, парталамі, дваровымі галерэямі, размалёўкамі сграфіта (у Прэшаве, Левачы, Банска-Бістрыцы), ратушы ў Бардзеёве (1508—09), Левачы (1525—86) і інш. Рэспектабельны выгляд мелі познагатычныя ратушы, перабудаваныя ў рэнесансавым ключы (у Браціславе). У 17 ст. пашырыўся стыль барока: касцёлы ун-та ў Трнаве (1637—1700, арх. П.Спеца), св. Тройцы (1717—35, арх. К.Каневале, Ф.А.Хілебрант, І.Б.Фішэр фон Эрлах), св. Альжбеты (1739—42), кляштарны комплекс у Ясаве (1765, арх. абодвух А.Пільграм). Канстр.-вобразнае вырашэнне набыла нар. драўляная архітэктура (касцёлы ў Тврдошыне, Фрычцы і інш.). Ад рэспектабельна-ўрачыстых да стрымана-вясковых будаваліся замкі і палацы (палац Грасалкавіча ў Браціславе, 1760, цяпер рэзідэнцыя прэзідэнта; замкі ў Маркушаўцы і Банска-Шцяўніцы і інш.). У стылі барока перабудаваны некат. гатычныя абарончыя вежы, касцёлы ў Браціславе, Нітры і інш. З 1770-х г. развіваўся класіцызм, найперш у рэспектабельных палацах (прымаса ў Браціславе, 1781, арх. М.Хефеле). Характэрныя былі т.зв. рэдуты з функцыямі атэляў, т-раў, корчмаў (у Ельшаве, Кежмараку і інш.). Вылучаўся класіцыстычны будынак пратэстанцкага сабора ў Банска-Бістрыцы (1807, арх. М.Полак). З сярэдзіны 19 ст. будавалі ў гіст. стылях (Славацкі нац.т-р у Браціславе, 1884—86, арх. Ф.Фельнер і Г.Гельмер). Пад уплывам сецэсіі працаваў арх. Д.Юркавіч (грамадскі дом у Скаліцы, 1904). Пабудовы пач. 20 ст. ў стылях канструктывізму, неакласіцызму і нар. традыцыях: атэль «Карлтан-Савай» (1928), вышынны будынак «Мандарла», санаторый у Трэнчанске-Цепліцы (1930-я г.). Сярод збудаванняў 2-й пал. 20 ст. зімовы стадыён (1963), мост цераз Дунай (1972) у Браціславе, помнік нац. паўстанню ў Банска-Бістрыцы (1970) і інш.
З 1990-х г. архітэктура С. выпрацоўвае праграму добраўпарадкавання гар. і сельскага асяроддзя. Паводле плана пераўтварэння краіны ў цэнтр культ. сувязей і міжнар. турызму будуюцца атэлі і турыстычныя комплексы, упарадкоўваюцца і мадэрнізуюцца курортныя мясціны. Сучасная свецкая і культавая архітэктура адметная эстэт. культурай, імкненнем да прастаты і функцыянальнасці. Горад-запаведнік Банска-Шцяўніўца і ансамбль сярэдневяковых умацаванняў Спішскі-Град уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. У 1945 засн.Т-ва славацкіх архітэктараў.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Стараж. помнікі выяўл. мастацтва на тэр. С. вядомы з эпох палеаліту, неаліту (статуэткі жывёл і людзей, упрыгожанні) і бронзавага веку: Выяўлены творы кельтаў, сарматаў, авараў, протаславян і стараж. славян. Вытокі мастацтва С. ў культуры Вялікамараўскай дзяржавы. У 13—15 ст. пашыраны скульпт. элементы арх. дэкору. Раннім насценным размалёўкам у плоскаснай лінеарнай манеры ўласцівы паўн.-італьян. ўплывы (фрэскі касцёла ў Дэхтыцэ, каля 1175) і рысы рамана-візант. стыляў (фрэскі касцёла ў Драўцэ, пач. 14 ст.). У дэкоры касцёлаў канца 14 — пач. 15 ст. адчуваецца ўздзеянне П.Парлера. Статуі мадоннаў сярэдзіны 14 ст. блізкія да франц. гатычнай пластыкі, на мяжы 14—15 ст. набылі рысы «мяккага стылю». У жывапісе ўмоўнасць выяў змянялася набліжэннем да рэальнасці (размалёўкі касцёла ў Жэгры з жанравымі матывамі, каля 1400), у насценным і алтарным жывапісе пач. 15 ст. — да выяўлення прасторы і індывідуалізацыі вобразаў (алтар касцёла ў Гронскі-Бенядзіку). У канцы 15 — пач. 16 ст. дасягнула росквіту драўляная алтарная скульптура, у якой познагатычныя традыцыі спалучаліся з рысамі Адраджэння. Вядучым майстрам скульптуры быў Павел з Левачы (Вял. алтар сабора св. Якуба ў Левачы, 1508—15). У пач. 16 ст. ў жывапісе майстра «MS» праявіліся рысы дунайскай школы. У 16 ст. пашырылася рэнесансавая скульптура з гатычнымі рысамі, у якой прасочваліся аўстр. ўплывы (алтар касцёла ў Юры каля Браціславы, 1527). Ствараліся рэнесансавыя надмагіллі і круглая дэкар. скульптура («Фантан Роланда» перад ратушай ў Браціславе, 1527). Жывапіс Адраджэння прадстаўлены пераважна арнаментальнымі мініяцюрамі і сграфіта, якімі пакрывалі фасады дамоў, замкаў, званіц. Ва ўсх. С. быў пашыраны іканапіс у познавізант. стылі. У эпоху барока панавала пышная дэкар. скульптура са стука. З каменю і мармуру выкананы манум.арх.-скульптурныя алтары (гал. алтар сабора ў Браціславе, 1732—34, аўстр. скульптар Р.Донер). У канцы’ 18 ст. з’явілася свецкая партрэтная скульптура. У жывапісе 17—18 ст. пераважалі італьян., нідэрл. і аўстр. ўплывы. Фрэскі з ілюзіяністычнымі эфектамі выконвалі аўстр. майстры (П.Трогер, Ф.Маўльберч). Сярод нешматлікіх мясц. мастакоў — Я.Богдан, С.Генрых, Я.Купецкі. Сярод вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва 15—18 ст. — метал. (часта з перагародчатай эмаллю), фаянсавыя, разьба па дрэве, вышыўка і ткацтва. У партрэтным жывапісе пач. 19 ст. класіцызм спалучаўся з рысамі бідэрмееру. Класіцыстычным пейзажам уласцівы рамант. тэндэнцыі (нац. па матывах работы К.Л.Лібая, А.Бродскага, Л.Нюлашы). У перыяд. уздыму рэв. і нац.-вызв. руху ствараліся рамант. па кампазіцыі партрэты сучаснікаў, герояў вызв. барацьбы (П.Богунь, І.Б.Клеменс). У канцы 19 — пач. 20 ст. дасягнуў росквіту жанравы жывапіс, у якім рэаліст. рысы, каларыстычныя і пленэрныя пошукі спалучаліся з элементамі акадэмізму (В.Андзьяла, Д.Скуцецкі, І.Ганула). Рэаліст. і сац.-крытычныя тэндэнцыі ўласцівы творам скульптара Я.Коньярака. У фарміраванні нац. школы жывапісу 20 ст.вял. роля належыць М.Бенку, М.Базаўскаму і Я.Алексі, якія развівалі традыцыі постімпрэсіянізму. Рысы фавізму, кубізму і элементы нар. творчасці спалучалі жывапісцы і графікі М.Галанда і Л.Фула, сац.-крытычнай скіраванасцю вызначаліся творы графіка К.Сокала, жывапісца К.Баўэра, скульпт. Ф.Гібалы. У 1939—45 экспрэсіўныя драм. кампазіцыі антыфаш. тэматыкі стваралі жывапісцы і графікі В.Гложнік, Я.Жэлібскі, Ц.Маернік, Ю.Немчык, скульптар І.Костка, неакласіцыстычныя творы — скульпт. Ю.Горавая-Ковачыкава і інш.
З 1950-х г. пашырыліся творы на тэмы нац.-вызв. барацьбы і працы, індустр. пейзажы (графікі Гложнік, Р.Дубравец, жывапісцы Бенка, Жэлібскі, Б.Хофштэтэр, скульптары Костка, Ц.Бартфай), абагульненыя сцэны нар. жыцця і вобразы сялян (Алексі, Базаўскі, Фула, Немчык, В.Хмель, М.Чэхава), партрэтны жывапіс (Ф.Драшкавіч, Гібала), камерная станковая пластыка (Я.Куліх, А.Трызуляк), манум.-дэкар. скульптура (Костка, Куліх, Трызуляк). У 2-й пал. 20 ст. абстрактны экспрэсіянізм, неакубізм, сюррэалізм і інш.; развівалі Ю.Бартфай, Л.Гударна, В.Жылінчанава, У.Компанек, Р.Крываш, М.Лалуха, М.Паштака, Л.Сламка, Ф.Студзены, П.Тот, Л.Чэміцкі, В.Хложнік, М.Якабчыц, Ю.Якабы. У дэкар.-прыкладным мастацтве пашыраны габелены, вітражы, кераміка, маст. апрацоўка металу і інш.
Музыка. У муз. фальклоры С. вядомы балады, лірычныя, эпічныя, быт. і абрадавыя песні, пераважна аднагалосыя, з развітой мелодыкай, рытмічнай разнастайнасцю. У 13 ст. з’явіліся т.зв. разбойніцкія песні («разбойнікі» — змагары за правы народа), у 15 ст. — гусіцкія песні, у 16 ст. — гіст., у 18 ст. — песні куруцаў (удзельнікі антыфеад. паўстанняў), у 19 ст. — новавенгерскія. У аснове стараж. мелодый розныя віды тэтрахордаў, часцей мажорныя. Характэрны рэгіянальныя адрозненні. Сярод муз. інструментаў: гайда (валынка), пастухоўскія дудкі, фуяра і інш. Распаўсюджаны танцы: адземок (пастухоўскі тыпу казачка), каламыйкі, фрышка (тыпу кракавяка). Пачатак кампазітарскай творчасці ў 15 ст. дала культавая поліфанічная хар. музыка (Ю.Банаўскі, Т.Лнтнер). У вак. і вак.-інстр. творах 17 ст. адчувальны ўплывы ням. і італьян. барока (З.Заравуціус, Я.Кусер, І.Шымбрацкі і інш.), развіваюцца свецкія жанры (п’есы для лютні, вёрджынела, танц. сюіты). У 18 ст. пашырыліся царк. і свецкія муз. жанры (кантаты, арыі), францысканская пастараль, звязаная з нар. песняй (П.Баян, Э.Пасха), уплывы венскай класічнай школы. З пач. 19 ст. вырасла цікавасць да нар. песні, фарміруецца нац.муз. культура. Адзін з заснавальнікаў нац.муз. школы — Я.Бела (опера «Віланд», паст. 1926; сімф. паэма «Лёс і ідэал», 1874). Развіццё нац. школы звязана з творчасцю Ф.Кафенды, М.Мойзеса, В.Фігуша-Бістры, М.Шнайдэр-Трнаўскага. У Браціславе створаны оперная трупа Славацкага нац.т-ра (1919), хар. і інш. выканальніцкія калектывы, муз. школа (з 1919; з 1927 Муз. і драм. акадэмія). Уклад у муз. мастацтва С. 20 ст. зрабілі: кампазітары М.Базлік, І.Зельенка, А.Очанаш, Э.Сухань, Я.Цыкер; дырыжоры О.Ленард, Л.Райтар, Л.Словак; піяністы К.Гаўлікава, М.Дапшанскі; скрыпачы Т.Гашпарак, П.Міхаліца; спевакі Г.Бенячкава, Ш.Гоза, Э.Кітнарава, М.Чэсанёва; музыказнаўцы Л.Бурлас, Л.Мокры, З.Новачак і інш. У С. працуюць: Усходнеславацкі нац.т-р у Кошыцах (з 1945), Славацкая філармонія з сімф. аркестрам і хорам (з 1949), Дзярж. камерны аркестр у г. Жыліна і Славацкі камерны аркестр (з 1960), ансамбль нар. песні і танца «Лучніца» (з 1948) і інш.; кансерваторыя (з 1941), Вышэйшая школа прыгожых мастацтваў з муз. факультэтам (з 1949), Ін-т музыказнаўства Славацкай АН (з 1951, усе ў Браціславе). Праводзіцца Міжнар.муз. фестываль «Браціслаўская ліра». У 1955 створаны Саюз кампазітараў С.
Тэатр. Першыя тэатр. прадстаўленні ў С., звязаныя з рэліг. рытуаламі, ставіліся на ням., лац., венг., чэшскай мовах. Пашыранымі былі выступленні вандроўных акцёраў на плошчах гарадоў (у 12 ст. забараняліся сінодам). У сярэдневякоўі ўзнікла рэліг. драма (звесткі пра рэліг. спектаклі ў Браціславе і Бардзеёве датуюцца 1439). Першая свецкая п’еса пастаўлена ў 1536 у Браціславе. У 15 — пач. 16 ст. з’явілася школьная драма (школьныя т-ры ў Бардзеёве, Прэшаве, Крэмніцы, Банска-Бістрыцы), ставіліся і творы ант. аўтараў. У эпоху барока дасягнула росквіту езуіцкая драма (Трнава, Скаліца, Трэнчын, Браціслава, Прэшаў, Банска-Бістрыца і інш.). З 17 ст. прадстаўленні адбываліся ў спец.тэатр. залах, з 18 ст. — спец. дамах для т-раў (у 1740 у Браціславе пабудаваны першы 3-павярховы т-р). У пач. 19 ст. ўзнік аматарскі т-р (у 1830 адбылося першае публічнае прадстаўленне на славацкай мове гуртка ў Ліптаўскі-Мікулашы). У 1890 у Марціне пабудаваны Нац. дом, дзе перыядычна ставілі аматарскія спектаклі. У 1920 у Браціславе створаны першы прафес.т-р — Славацкі нац.т-р (засн. Я.Борадач, А.Багар, Г.Кела, О.Орсагава, Г.Мелічкава; да 1932 спектаклі на чэш. мове, пазней арганізавана славацкая трупа). У 1940-я г. сетка прафес.тэатр. калектываў пашырылася, створаны Т-р Славацкага нац. паўстання ў Марціне, Славацкі т-р у Прэшаве (абодва 1944), Новая сцэна ў Браціславе (1946) і інш. З 1960-х г. развіваецца мастацтва лялечнага т-ра (Дзярж. лялечны т-р у Браціславе, Стары т-р у Нітры, «На перакрыжаваннях» у Банска-Бістрыцы, т-ры ў Кошыцах, Жыліне). Славацкі нац.т-р мае драм., оперную і балетную трупы. Працуюць таксама драм. т-ры: Астарка Корза’90 у Браціславе, Андрэя Багара ў Нітры, Дзярж.т-р у Кошыцах, Трнаўскі т-р, тэатры І.Таяўскага ў Зволене, І.Забарскага ў Прэшаве; укр.т-р у Прэшаве, венг. ў Комарне. Праводзяцца міжнар. фестывалі: «Дзівадзельна Нітра», пантамімы ў Браціславе, нетрадыц. т-раў у Пежзінаку, славацкіх лялечных т-раў у Банска-Бістрыцы і інш.Тэатр. кадры рыхтуюць Тэатр.ін-т, Акадэмія музыкі і драм. мастацтва ў Браціславе, Акадэмія мастацтваў у Банска-Бістрыцы.
Кіно С. ўзнікла і развівалася як частка агульнай экраннай культуры чэхаў і славакаў. У 1920—30-я г. кінадакументалісты з Прагі здымалі ў С. відавыя фільмы пейзажаў Татраў і фалькл. замалёўкі: «Славацкія танцы і спевы» (рэж. Я.Палаўш), «Па гарах, па долах» і «Зямля спявае» (рэж. К.Пліцка). У 1921 з чэш. кінематаграфістамі пастаўлены першы славацкі нямы фільм «Янашык» (рэж. Я.Сіякель і Ф.Горлівы). У 1939—45 увоз чэш. фільмаў у С. быў забаронены. У 1940 створана кінаарганізацыя «Наступ», падпарадкаваная берлінскай студыі «УФА» (пракат і выпуск прапагандысцкіх фільмаў). У 1945 кінапрамысловасць нацыяналізавана; у Браціславе створана Студыя славацкага маст. кіно «Коліба». У 1947 пастаўлены першы поўнаметражны славацкі фільм «Сцеражыся» (рэж. М.Фрыч) пра лёс славакаў-эмігрантаў у Амерыцы. У 1948 заснавальнік славацкага кіно, акцёр кіно і т-ра, сцэнарыст і рэжысёр П.Біелік зняў драму «Воўчыя норы» пра Славацкае нац. паўстанне. Цікавасць да гісторыі народа, да яе легендарных герояў выявілася ў каляровай дылогіі Біеліка «Янашык I—II» (у сав. пракаце «Горныя мсціўцы», 1962—63). Славацкія кінарэжысёры стварылі адметныя экранізацыі твораў П.Ілямніцкага («Неўзаранае поле», 1953, рэж. У.Багна; «Браты», 1961, рэж. А.Летрых), Я.Калінчака («Дваранскі гонар», 1957, рэж. Багна), Ф.Гечака («Драўляная вёска», 1955, рэж. Летрых), А.Чэхава («Іванаў», 1963, рэж. І.Будскі) і інш. Тэме вайны як маральнаму выпрабаванню чалавека ў вострадрам. сітуацыях прысвечаны фільмы Біеліка «Сорак чатыры» (1957), «Капітан Дабач» (1959), П.Солана «Баксёр і смерць» (1969) і інш. У 1960-я г. тэматыка і жанравая палітра фільмаў пашырылася, прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў; С.Барабаш («Песня пра шызага голуба», 1961), І.Крэйчык («Паўночная імша», 1962) і інш. Да тэм сучаснасці, духоўных пошукаў моладзі звяртаюцца рэжысёры М.Голы («Шлях воранаў», «Справа для адваката»), Э.Грэчнер («У кожным тыдні сем дзён»), І.Медвед («Кадрыль», «Выпрабаванне кахання», «Юнацтва атамана», «Тройчы настае світанак», «Не для мяне іграюць блюз»). Ш.Угер абнаўляе кінамову, надае фільмам гукапластычную выразнасць («Было такое сяброўства», «Сонца ў. сетцы», «Мы з 9 «А», «Орган»). У 1972 створаны сумесны славацка-бел. фільм «Заўтра будзе позна...» («Ян Налепка», рэж. А.Карпаў і М.Цяпак). Творчы пошук спрыяў самаідэнтыфікацыі славацкага кіно, якое звяртаецца да нац.культ. традыцый; з 1980-х г. усё больш выразна выяўляюцца яго тэматычныя і стылістычныя своеасаблівасці (рэж. Д.Ганак, З.Заган, Я.Якубіска і інш.).
Літ.:
Краткая история Чехословакии. М., 1988;
Коровицына Н. Агония соцмодернизации: Судьба двух поколений двух европ. наций. М., 1993;
История словацкой литературы. М., 1970;
История литератур западных и южных славян. М., 1997;
Шумов С.А., Андреев А.Р. История Словакии, V—XX вв. М., 2000.
Герб і сцяг Славакіі.Да арт.Славакія. Горнае возера ў Татрах.Да арт.Славакія. Высокія Татры зімой.Да арт.Славакія. Узбярэжжа р. Дунай у Браціславе.Да арт.Славакія. Замак у Бойніцах.Да арт.Славакія. Касцёл Архангела Міхаіла ў Фрычцы.Да арт.Славакія. Ратуша ў Левачы.Да арт.Славакія. Новы касцёл у Дудзінцах. 1990-я г.Да арт.Славакія. Рэзідэнцыя Прэзідэнта (былы палац Грасалкавіча) у Браціславе.Да арт.Славакія. Атэль «Геліяс» на курорце Штрбске-Плеса.Да арт.Славакія. Павел з Левачы. Апостал Якуб. 1508—15.Да арт.Славакія. Л.Нюлашы. Перад навальніцай. Каля 1880.Да арт.Славакія. К.Сокал. Па́ра. 1932.Да арт.Славакія. І.Костка. Смутак. 1943.Да арт.Славакія. Л.Гударна. Дзяўчына. 1959.Да арт.Славакія. Будынак Славацкага нацыянальнага тэатра.