АЎДЗІЕ́ЎСКІ Анатоль Цімафеевіч (н. 16.8.1933, г. Знаменка Кіраваградскай вобл., Украіна),

украінскі харавы дырыжор. Нар. арт. СССР (1983). Праф. Кіеўскага пед. ін-та (1986). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1958). У 1958—63 арганізатар і маст. кіраўнік Палескага нар. хору «Лянок» (Жытомір). З 1966 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Украінскага народнага хору імя Р.​Г.​Вяроўкі. Аўтар харавых твораў, апрацовак укр. нар. песень. Дзярж. прэміі Украіны 1968 і СССР 1978.

т. 2, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНЕ́ВІЧ (Antoniewicz) Ежы (3.5.1919, Пётркаў-Трыбунальскі, Пётркаўскага ваяв., Польшча — 29.6.1970),

польскі гісторык і археолаг. Д-р гіст. н. (1961). Скончыў Варшаўскі ун-т (1946). Працаваў у Дзярж. археал. музеі ў Варшаве. Арганізатар і кіраўнік Ятвяжскай і Ятвяжска-Сувалкаўскай археал. экспедыцый. Рэдактар штогодніка «Acta Baltico-Slavica» па агульных праблемах гісторыі польскага, літ. і бел. народаў.

Літ.:

Cieslak T. Jerzy Antoniewicz (1919—1970) // Rocznik Białostocki. Warszawa, 1971. Т. 10.

т. 1, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РГЕ (Sorge) Фрыдрых Адольф (9.11.1828, Бетаў, Германія — 26.10.1906),

дзеяч міжнар. рабочага руху. Дзед Р.Зорге. Удзельнік Бадэнска-Пфальцкага паўстання 1849. Эмігрыраваў у Швейцарыю, потым у Бельгію, Вялікабрытанію; з 1852 у ЗША, дзе прапагандаваў марксізм, уваходзіў у кіраўніцтва шэрагу рабочых і сацыяліст. арг-цый. Арганізатар секцый Інтэрнацыянала 1-га ў ЗША, у 1872—74 яго ген. сакратар. Удзельнічаў у заснаванні Сацыяліст. рабочай партыі Паўн. Амерыкі (1876—77).

т. 7, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЗІН Васіль Васілевіч (6.8.1898, Масква — 1.10.1981),

рускі паэт, адзін з пачынальнікаў рабочай тэмы ў рус. лірыцы. Арганізатар і ўдзельнік літ. групы пралетарскіх пісьменнікаў «Кузніца». Друкаваўся з 1914. У зб. вершаў «Рабочы май» (1922) услаўляў вольную працу. Прастата, канкрэтнасць лірыкі К. адрознівалі яе ад касмізму і абстрактнасці «Кузніцы». У паэме «Лісіная шуба і каханне» (1926) выкрываў мяшчанскую мараль.

Тв.:

Стихотворения и поэмы. М., 1964;

Избранное. М., 1978.

т. 7, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЙПО́ЛЬСКІ Аляксандр Фёдаравіч (1834—6.3.1907),

бел. вучоны ў галіне гігіены; арганізатар аховы здароўя на Беларусі. Д-р медыцыны (1873). Скончыў Кіеўскі ун-т (1859). Працаваў урачом у Харкаўскай губ., у мед. дэпартаменце МУС. У 1876—1904 інспектар Гродзенскай урачэбнай управы. Стварыў у Гродзенскай губ. сістэму сельскіх мед. устаноў. Удзельнік ліквідацыі небяспечных эпідэмій. Ініцыятар склікання і старшыня з’ездаў урачоў Гродзенскай губ. (1892, 1893).

Ф.​І.​Ігнатовіч.

т. 13, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПУХО́Ў Фёдар Васілевіч (20.10.1886, С.-Пецярбург — 28.1.1973),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Расіі (1956). Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1905, педагог М.Легат). У 1905—22 саліст Марыінскага т-ра (у 1910—11 гастраліраваў у ЗША). У 1922—56 (з перапынкамі) маст. кіраўнік трупы Т-ра імя Кірава, з 1931 арганізатар і кіраўнік балетнай трупы Ленінградскага Малога т-ра оперы і балета, у 1936—41 маст. кіраўнік Ленінградскага харэаграфічнага вучылішча. Арганізатар і кіраўнік балетмайстарскага аддзялення Ленінградскай кансерваторыі (1962, з 1965 праф.). Адным з першых сярод сав. балетмайстраў пачаў аднаўляць балеты класічнай спадчыны. Стварыў бессюжэтны праграмны «балет-сімфонію» (танцсімфонія «Веліч сусвету» на муз. Л.​Бетховена, 1923), сінт. спектаклі (уводзіў спевы, слова, эксцэнтрыку, буфанаду, элементы цырка, т-ра лялек і інш.). Сярод пастановак у Т-ры імя Кірава: «Веліч сусвету»; «Пульчынела» І.​Стравінскага (1926), «Ледзяная дзева» на муз. Э.​Грыга (1927), «Вясновая казка» на муз. П.​Чайкоўскага — Б.​Асаф’ева (1947). На бел. сцэне паставіў балеты «Капелія» Л.​Дэліба (1935), «Салавей» М.​Крошнера (разам з А.​Ермалаевым), танцы ў оперы «У пушчах Палесся» А.​Багатырова (1939). Аўтар кніг «Шляхі балетмайстра» (1925), «Шэсцьдзесят гадоў у балеце» (1966).

Літ.:

Добровольская Г. Ф.​Лопухов. Л., 1976.

Ф.В.Лапухоў.

т. 9, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛУНАН (Alunāns) Адольф (11.10.1848, г. Елгава, Латвія — 5.7.1912),

латышскі акцёр, рэжысёр, драматург; заснавальнік нац. т-ра і драматургіі. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1866. Працаваў у ням. т-рах у Тарту, Таліне, Пецярбургу. Выконваў пераважна камедыйныя ролі. Арганізатар, кіраўнік і рэжысёр першага нац. т-ра (Рыга, 1870—85), перасоўнай трупы ў Елгаве (1885—1904). Аўтар п’ес: «Дамарослы», «Радасць і гора», «Нашы продкі» і інш., артыкулаў пра тэатр. мастацтва, успамінаў.

т. 1, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНСЕРМЭ́ (Ansermet) Эрнест (11.11.1883, г. Веве, Швейцарыя — 20.2.1969),

швейцарскі дырыжор, кампазітар. У 1915—23 муз. кіраўнік трупы «Рускі балет С.​Дзягілева». Арганізатар і кіраўнік (з 1918) аркестра Раманскай Швейцарыі. Адзін з лепшых інтэрпрэтатараў музыкі франц. імпрэсіяністаў, а таксама І.​Стравінскага (кіраваў першай паст. «Гісторыі салдата», 1918, Лазана, і інш.). Аўтар муз. твораў, кніг «Гутаркі аб музыцы» (1963, рус. пер. 1976); «Артыкулы аб музыцы і ўспаміны» (1971, рус. пер. 1986).

т. 1, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НАЎ Юрый Міхайлавіч (н. 19.2.1945, г. Ташкент),

спявак і кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1994). Скончыў Маладзечанскае муз. вучылішча (1963, клас акардэона). Працаваў у калектывах эстраднага жанру, у т. л. ў ансамблі пад кіраўніцтвам В.​Вуячыча, аркестры «Сучаснік», вак.-інстр. ансамблях «Пявучыя гітары», «Магістраль» (арганізатар), «Аракс» і інш. Аўтар і выканаўца папулярных песень (у т. л. «Залатая лесвіца», «Макі», «Снегіры», «Ля бяроз і сосен» і інш.).

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 1, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛТУ́РЫН Сцяпан Мікалаевіч (2.1.1857, в. Верхнія Жураўлі Кіраўскай вобл., Расія — 3.4.1882),

расійскі рабочы-рэвалюцыянер. Арганізатар (1878) і кіраўнік (з В.​П.​Абнорскім) «Паўночнага саюза рускіх рабочых». З 1879 у «Народнай волі». У лют. 1880, каб здзейсніць замах на цара Аляксандра II, учыніў выбух у Зімнім палацы (цар уцалеў), дзе працаваў сталяром. З сак. 1881 чл. Выканкома «Нар. волі». Пакараны смерцю (павешаны) за ўдзел у забойстве (сак. 1882) адэскага ваен. пракурора.

т. 16, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)