МАНА́Т, Мануту (араб. лёс, смяротны лёс),
у старажытнаарабскай міфалогіі багіня лёсу і помсты, валадарка падземнага царства і захавальніца магільнага спакою, якая шанавалася пераважна ў Паўн. і Цэнтр. Аравіі. У арабаў Сірыйскай пустыні і Цэнтр. Аравіі лічылася дачкой Алаха — вярх. бога дамусульм. араб. вераванняў. У Набатэйскай дзяржаве (цяпер тэр. Іарданіі) і Пальміры (Сірыя) атаясамлівалася з грэч. багіняй Немесідай. Была апякункай г. Медына, дзе знаходзілася яе свяцілішча.
т. 10, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАВА́Т (араб.),
адна з назваў «свяшчэннай вайны» мусульман супраць іншаверцаў. Гл. таксама Джыхад.
т. 4, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛА́С (араб. літар. гладкі),
шаўковая, паўшаўковая або баваўняная мяккая тканіна з гладкім бліскучым правым бокам.
т. 2, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЧКО́ЎСКІ (Ігнат Юльянавіч) (16.3.1883, Вільня — 24.1.1951),
савецкі вучоны-ўсходазнавец. Сын Ю.Ф.Крачкоўскага. Акад. АН СССР (1921), Польскай АН, правадз. чл. Арабскай АН у Дамаску, ганаровы чл. Іранскай і інш. акадэмій. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1905). У 1908—10 у навук. экспедыцыях у Сірыі і Егіпце. З 1918 праф. Петраградскага ун-та. Упершыню ў свеце пачаў сістэм. вывучэнне новай і найноўшай араб. л-ры. Працы па гісторыі, філалогіі і культуры арабаў, у т. л. «Арабская культура ў Іспаніі» (1937), «Нарысы па гісторыі рускай арабістыкі» (1950), «Уводзіны ў эфіопскую філалогію» (1955). Вывучаў рус.-араб. літ. сувязі, распрацаваў план выдання збору араб. крыніц па гісторыі народаў Усх. Еўропы, Каўказа, Сярэдняй Азіі. Даследаваў і помнікі стараж.-бел. мовы. Дзярж. прэмія СССР 1951.
Тв.:
Избр. соч. Т. 1—6. М.; Л., 1955—60.
т. 8, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛА́ (араб. пан, уладар),
служыцель рэліг. культу ў мусульман; знаўца рэліг. навук. Звычайна выбіраецца вернікамі са свайго асяроддзя.
т. 11, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́Н (араб., літар. чытанне),
галоўная свяшчэнная кніга мусульман; зборнік рэліг. догмаў, міфаў і прававых палажэнняў ісламу. Кананізаваны спіс К. складзены ў 7—8 ст., напісаны на араб. мове рыфмаванай прозай. Уключае 114 сур (раздзелаў), размешчаных у парадку памяншэння колькасці аятаў (вершаў), якіх 6625. Суры падзяляюцца на «мекканскія» і «медынскія». К. змяшчае заклінанні і праклёны, вял. запазычанні з даісламскіх культаў, стараж.-іудзейскай і хрысц. міфалогіі. К. з’яўляецца літ. помнікам і адной з найважнейшых крыніц мусульм. права — шарыяту.
т. 8, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБІСІ́НІЯ,
старажытная неафіцыйная назва Эфіопіі. Паходзіць ад араб. Слова «аль-хабаша», якім называлі гэту краіну ў стараж. часы арабы.
т. 1, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВЫЗВАЛЕ́ННЯ ПАЛЕСЦІ́НЫ (АВП),
галоўная арг-цыя палесцінскага нац.-выз. руху. Створана ў 1964. Уключае большасць арг-цый Палесцінскага руху супраціўлення і грамадска-паліт. аб’яднанняў, якія актыўна змагаюцца за правы араб. народа Палесціны. Мае ўзбр. сілы, прадстаўніцтвы больш як у 100 краінах, чл. Лігі араб. краін, Арг-цыі «Ісламская канферэнцыя», з 1974 — адзіны законны прадстаўнік араб. народа Палесціны ў ААН. Вышэйшы орган — Нац. савет Палесціны (НСП, склікаецца раз у год, лічыцца палесцінскім парламентам у выгнанні), які ў 1988 прыняў рашэнне пра стварэнне Дзяржавы Палесціна на тэр. зах. берага р. Іардан і сектара Газа. Паліт. і арганізац. кіраўніцтва АВП ажыццяўляе яе Выканком (надзелены НСП паўнамоцтвамі часовага палесцінскага ўрада); з 1969 старшыня Выканкома АВП Я.Арафат. Гал. інфарм. агенцтва АВП выдае штотыднёвік «Філастын ас-Саура» («Рэвалюцыйная Палесціна»).
Палітыка АВП доўгі час будавалася на ўзбр. барацьбе супраць Ізраіля за вызваленне акупіраваных ім тэрыторый і непрыняцці рэзалюцыі Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 пра стварэнне на тэр. Палесціны яўр. і араб. дзяржаў. З канца 1980 — пач. 1990-х г. стала на шлях перагавораў і пошуку мірнага ўрэгулявання палесцінскай праблемы: прызнала рэзалюцыі Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 і Савета Бяспекі ад 22.11.1967 і 22.10.1973; паводле Вашынгтонскай дэкларацыі 1993 прадугледжана часовае палесцінскае самакіраванне на тэр. зах. берага р. Іардан сектара Газа. АВП і Ізраіль заявілі пра ўзаемнае прызнанне.
т. 1, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕА́РЫЙ [Olearius; сапр. Эльшлегер
(Ölschläger)] Адам (16.8.1603, Саксонія — 23.2.1671),
нямецкі вучоны, падарожнік. Вучыўся, потым выкладаў у Лейпцыгскім ун-це. Прыдворны матэматык і бібліятэкар у герцага Фрыдрыха III Шлезвіг-Гальшнтэйнскага. Ведаў рус. і араб. мовы. Наведаў Расію ў складзе пасольства герцага ў 1633—34. Аўтар «Апісання падарожжа ў Масковію...» (выд. 1647, рус. пер. 1906) са звесткамі па геаграфіі, гісторыі Расіі, яе населеных пунктах, народах і іх звычаях; мае шмат картаў і малюнкаў. У 1654 выдаў на ням. мове зб-кі перс. і араб. паэтаў.
т. 1, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКАЛЕ́Я (ад араб. бакал прадавец харчовых прыпасаў),
абагульненая назва некаторых харч. тавараў — круп, мукі, кандытарскіх вырабаў, солі, чаю, кавы, прыпраў і інш.
т. 2, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)