РУ́ПАРНА-ЛЮСТРА́НАЯ АНТЭ́НА накіраваная антэна ў выглядзе спалучэння рупара з адным ці больш люстэркамі. Сферычная хваля, узбуджаная на вяршыні рупара, пераўтвараецца ў плоскую хвалю пасля адбіцця люстэркамі. Найб. пашырана рупарна-парабалічная антэна, дзе рупар аб’яднаны з парабалічным люстэркам, у фокусе якога размешчана вяршыня рупара. Такія антэны выкарыстоўваюцца ў радыёрэлейных лініях сувязі, для сувязі з ШСЗ і інш.
Рупарна-люстраная антэна: 1 — рупарны апрамяняльнік; 2 — фронт хвалі, што падае на люстэрка; 3 — фронт адбітай хвалі; 4 — люстэрка; F — фокус люстэрка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁСТА́НЦЫЯ,
комплекс радыёэлектронных прылад, прыстасаванняў і абсталявання, прызначаных для перадачы і (ці) прыёму інфармацыі з дапамогай радыёхваль. Адрозніваюць перадавальныя, прыёмныя і прыёмна-перадавальныя; па даўжыні хваль — доўга-, сярэдне-, каротка- і ультракароткахвалевыя. Бываюць стацыянарныя, на рухомых аб’ектах (аўтамабілях, самалётах, суднах) і пераносныя. Атрымалі пашырэнне Р. дуплекснай сувязі з убудаванымі мікраЭВМ: сотавы радыётэлефон, радыёмадэм, тэлефонны радыёпадаўжальнік, а таксама Р. транкінгавай сувязі.
Асн. вузлы перадавальнай Р.: радыёперадатчык, антэна (са злучальным фідэрам), крыніца сілкавання; прыёмнай — радыёпрыёмнік, антэна (з фідэрам ці без яго) і крыніца сілкавання. Асн. патрабаванні да тэхн. сродкаў перадавальных Р.: стабільнасць частаты і магутнасці выпрамяняльных радыёхваль; дакладнасць перадавальнай інфармацыі; высокі ккдз; адсутнасць пабочнага выпрамянення за межамі ўстаноўленай паласы частот. Тэхн. сродкі прыёмных Р. павінны задавальняць патрабаванням: нескажонае ўзнаўленне інфармацыі; дастатковая адчувальнасць да радыёсігналаў; здольнасць вылучаць сігналы патрэбнай частаты; стабільнасць прыёму радыёсігналу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Дыполь Надзененкі (антэна) 1/374
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Несіметрычны вертыкальны вібратар, гл.Антэна
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Сіметрычны гарызантальны вібратар, гл.Антэна
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЦА ВІБРА́ТАР, дыполь Герца,
самая простая антэна; першая з вібратарных антэн (гл.Вібратар). Прапанаваны Г.Р.Герцам (1888) для эксперыментальных доказаў існавання эл.-магн. хваль. Герц выкарыстоўваў медныя стрыжні з шарыкамі або палоскамі на канцах і іскравым прамежкам пасярэдзіне. Найменшы з выкарыстаных вібратараў меў даўжыню 26 см, у ім узбуджаліся ваганні з частатой 500 МГц, што адпавядае даўжыні хвалі 60 см.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭТРАНСЛЯ́ТАР (ад рэ... + лац. translator пераносчык),
апарат ці электраправоднае асяроддзе для рэтрансляцыі радыёсігналаў; прамежкавы пункт лініі радыёсувязі. Актыўны Р. — прыёмна-перадавальная радыёстанцыя (гл.Радыёрэлейная станцыя). Пасіўны Р. — пояс метал. іголак на каляземнай арбіце, іанізаваная пара металаў, ШСЗ ці мех. канструкцыя пэўнай формы (напр., плоскі адбівальнік, люстраная антэна), здольныя рассейваць або накіравана адбіваць радыёхвалі. Можа абслугоўваць радыёсетку з многіх ліній сувязі з рознымі частотамі радыёсігналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІБРА́ТАР,
сістэма, у якой узбуджаюцца ваганні (мех., эл.-магн. і інш.). 1) Вібратар у тэхніцы — прыстасаванне для атрымання мех. ваганняў. Выкарыстоўваецца самастойна або як. рабочы орган вібрацыйных машын і абсталявання (гл.Вібрацыйная тэхніка).
2) Вібратар у радыётэхніцы — адрэзак метал. проваду, токаправодны або дыэлектрычны стрыжань, які з’яўляецца ўзбуджальнікам (крыніцай) эл.-магн. ваганняў. Выкарыстоўваецца як самая простая антэна або як элемент складаных антэн.
3) Вібратар у вымяральнай тэхніцы — рухомая частка вымяральных прылад вібрацыйнага тыпу, напр., частатамераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНАЯ СТА́НЦЫЯ, радыёлакатар, радар,
радыёэлектронная сістэма, што забяспечвае знаходжанне і распазнаванне аб’ектаў (цэлей) і інш. характарыстык з дапамогай адбітых ад іх (выпрамяняемых імі) радыёхваль; сродак радыёлакацыі. Асн. паказчыкі Р.с.: далёкасць дзеяння, дакладнасць вызначэння і вымярэння каардынат цэлей і параметраў іх руху; распазнавальная здольнасць па далёкасці, скорасці і інш. велічынях; перашкодаўстойлівасць; скрытнасць работы і інш.
Першыя Р.с. для выяўлення самалётаў з’явіліся ў Вялікабрытаніі (1936). У СССРвытв-сць Р.с. пачалася ў 1939. У склад Р.с. ўваходзяць: радыёперадатчык; антэна-фідэрная сістэма (гл.Антэна, Фідэр), радыёпрыёмнік; індыкатар, на экране якога фіксуюцца даныя аб аб’екце; кіравальнае прыстасаванне, што ўзгадняе ўзаемадзеянне асн. вузлоў. Атрыманыя даныя апрацоўваюцца на ЭВМ. Далёкасць дзеяння вызначаецца ўмовамі распаўсюджвання радыёхваль, магутнасцю радыёперадатчыка і адчувальнасцю радыёпрыёмніка. Адрозніваюць Р.с. наземныя (перасоўныя і стацыянарныя), карабельныя і бартавыя (на самалётах, ракетах і інш.). Выкарыстоўваюцца для кіравання рухам і пасадкай лятальных апаратаў, вызначэння каардынат аб’ектаў, курсу і скорасці перамяшчэння караблёў, самалётаў і інш., таксама для патрэб астраноміі, геадэзіі, метэаралогіі і інш.
Літ.:
Аверьянов В.Я. Разнесенные радиолокационные станции и системы. Мн., 1978;
Ширман Я.Д., Манжос В.Н. Теория и техника обработки радиолокационной информации на фоне помех. М., 1981.
В.І.Вараб’ёў.
Радыёлакацыйная станцыя: а — знешні выгляд; б — структурная схема: 1 — рэфлектар; 2 — выпрамяняльнік; 3 — механізм варочання і нахілу; 4 — паказальнік азімута; 5 — паказальнік вугла месца.