ГУАНА́КА (Lama guano),

млекакормячае роду ламаў сям. вярблюдавых. Трапляецца на сухіх паўпустынных высакагор’ях (да 5000 м) Андаў Паўд. Амерыкі. Жывуць невял. статкамі (да 20 галоў).

Даўж. цела 180—225 см, хваста 15—25 см, выш. 90—130 см, маса 48—96 кг. Цела ўкрыта бураватай шэрсцю (даўж. 6—10 см). Шыя і канечнасці доўгія, тулава пакарочанае. Нараджае 1, зрэдку 2 дзіцянят. Корміцца травяністай расліннасцю. Аб’ект палявання. Продак свойскай ламы.

Гуанака.

т. 5, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАНЬЁН (Marañón),

рака ў Перу, левы (галоўны) прыток р. Амазонка. Даўж. каля 2000 км, пл. басейна каля 350 тыс. км². Выцякае з горнага воз. Патакоча, якое размешчана на выш. каля 4000 м (Зах. Кардыльера Андаў), перасякае Цэнтр. і Усх. Кардыльеры ў глыбокіх цяснінах, цячэ па Амазонскай нізіне, дзе зліваецца з р. Укаялі. Сярэдні гадавы расход вады 15,6 тыс. м³/с. Суднаходная на 1000 км ад вусця (да парогаў).

т. 10, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНК ((Penck) Вальтар) (30.8.1888, Вена — 29.9.1923),

нямецкі геолаг і геамарфолаг, адзін з заснавальнікаў ням. геамарфалагічнай школы. Сын А.Пенка. З 1914 у Лейпцыгскім ун-це, у 1915—18 праф. Стамбульскага ун-та. Вывучаў геамарфалогію і геалогію Андаў, Гавайскіх а-воў, Апенінаў, Сіцыліі. М. Азіі, Сярэдняй Еўропы і інш. рэгіёнаў. Навук. працы па ўплыве верт. рухаў зямной кары і дэнудацыйных працэсаў на фарміраванне рэльефу. Прапанаваў марфалагічны аналіз як адзін з метадаў вывучэння рэльефу.

т. 12, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУТУМА́ЙО (Putumayo),

рака ў Паўд. Амерыцы, левы прыток р. Амазонка. Амаль на ўсім працягу служыць мяжой паміж Калумбіяй з Эквадорам і Перу; нізоўі ў Бразіліі, дзе наз. Іса (Isá). Даўж. 1580 км, пл. басейна 123 тыс. км². Вытокі ў паўд. ч. Цэнтр. Кардыльеры Андаў Калумбіі, цячэ пераважна па Амазонскай нізіне. Разводдзе ад крас. да ліпеня. Сярэдні расход вады каля 7,2 тыс. м³/с. Суднаходная да г. Пуэрта-Асіс (на 1350 км).

т. 13, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКУ́НЬЯ (Vicugna vicugna),

млекакормячае сям. вярблюдавых. Жыве невял. статкамі пераважна ў маладаступных высакагорных паўзасушлівых стэпах і пустынях Андаў на Пд Перу, ПдЗ Аргенціны, Пн Чылі і часткова на З Балівіі.

Даўж. цела 125—190, хваста 15—25, выш. ў карку 70—110 см, маса 40—65 кг. Цела ўкрыта кароткай, але мяккай і тонкай поўсцю пераважна з пуховых валасоў, у дарослых жывёл рыжаватай на спіне, баках і светла-шэрай на брусе. Хутка бегае (да 47 км/гадз на выш. 4500 м). Корміцца нізкімі травяністымі раслінамі. Мае каштоўнае футра. Занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

Вікунья.

т. 4, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТЫПЛА́НА (Altiplano),

заходняя частка ўнутр. пласкагор’я Цэнтр. Андаў Паўд. Амерыкі, у Перу і Балівіі. Займае катлавіны (днішчы) вял. азёраў, якія існавалі ў плейстацэне. Ляжыць на выш. 3300—3800 м. Алювіяльныя раўніны, азёры — Тытыкака і Паапо, саланчакі Уюні і Кайпаса (рэшткі стараж. азёраў), вулканічныя плато і асобныя масівы (да 5300 м). Клімат высакагорны, трапічны. Сярэднямесячныя т-ры ад 6 да 11 °C. Альтыплана — вобласць унутр. сцёку, гал. р. Дэсагуадэра. На Пн, дзе выпадае 500—700 мм ападкаў за год, — горны злакавы стэп, на З і Пд (ападкаў да 300 мм) — пустынная і паўпустынная расліннасць. Альтыплана — найб. заселеная ч. Балівіі.

Альтыплана. Паўпустынны ландшафт.

т. 1, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАКА́ЙБА НІЗІ́НА,

тэктанічная міжгорная ўпадзіна на ПнЗ Венесуэлы і часткова (на ПдЗ) у Калумбіі. Пл. каля 60 тыс. км². Акружана хрыбтамі Андаў, на Пн выходзіць да Венесуэльскага зал. Карыбскага м. У цэнтры М.н. возера (лагуна) Маракайба. Складзена з мелавых і палеаген-неагенавых нафтаносных пясчанікаў і сланцаў, перакрытых алювіем. Здабыча нафты і газу (Маракайбскі нафтагазаносны раён). Клімат субэкватарыяльны, гарачы. Сярэднегадавая т-ра 28,5 °Cнайвыш. ў Паўд. Амерыцы. Ападкаў на Пд 1500 мм, на Пн 500 мм за год. Паўд. ч. забалочана, укрыта вечназялёнымі лясамі, на Пн летнезялёныя лясы і хмызнякі, якія чаргуюцца з саваннамі, у бок Венесуэльскага зал. пераходзяць у паўпустыню.

т. 10, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЗЛАВО́Е ПІСЬМО́, кіпу,

сістэма перадачы інфармацыі пры дапамозе вузлоў на шнурах рознай даўжыні і колеру, якія былі прымацаваны да інш. шнура ці палкі. Існавала ў шэрагу народаў Паўд. Амерыкі. Узнікла ў вобласці Цэнтр. Андаў і дасягнула росквіту ў эпоху інкаў (15—16 ст.). На думку некаторых вучоных, кіпу змяшчаюць складаныя гіст. і паэтычныя тэксты. Але большасць даследчыкаў лічыць, што яны не мелі іншага прызначэння, акрамя запісу самых простых даных уліковага характару. Падобны прынцып перадачы інфармацыі выкарыстоўваўся і пры стварэнні «пісьма» вампум (шнуры з нанізанымі ракавінкамі розных колераў), што было пашырана ў індзейцаў Паўн. Амерыкі. Вузлавое пісьмо існуе ў Паўд. Амерыцы і на яп. а-вах Рукю і ў наш час.

А.​А.​Кожынава.

Вузлавое пісьмо кіпу (уверсе) і вампум.

т. 4, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́КА ((Vaca) Альвара Нуньес Кавеса дэ) (1490—1564),

іспанскі канкістадор. У 1528 высадзіўся з экспедыцыяй П.​Нарваха на п-ве Фларыда ў Паўн. Амерыцы. Пасля гібелі экспедыцыі быў у палоне ў розных плямён індзейцаў, займаўся знахарствам. За 9 гадоў блуканняў першы з еўрапейцаў ажыццявіў падарожжа праз тэр. сучасных Луізіяны, Тэхаса да р. Рыо-Грандэ і паўн. ісп. фарпостаў каля Каліфарнійскага заліва. У 1537 праз Мексіку вярнуўся ў Іспанію. Быў прызначаны імператарам Карлам V губернатарам Рыо-дэ-Ла-Платы, у 1541 з флотам прыбыў на в-аў Санта-Катарына паблізу ўзбярэжжа Бразіліі і дайшоў праз невядомыя землі да Асунсьёна. Падымаўся па р. Парана да 18° паўд. ш., зрабіў няўдалую спробу дайсці да Андаў. У 1542 захоплены сапернікам-канкістадорам Д.​М.​Іралам і адпраўлены ў Іспанію. Пакінуў апісанне падарожжа па Паўн. Амерыцы (1555).

т. 3, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАЗО́НСКАЯ НІЗІ́НА, Амазонія,

найбуйнейшая на Зямлі нізіна ў Паўд. Амерыцы, у бас. р. Амазонка, пераважна ў Бразіліі, а таксама ў Калумбіі, Эквадоры, Перу. Пл. больш за 5 млн. км². Слаба заселеная. Распасціраецца з З на У на 3200 км ад Андаў да Атлантычнага ак. паміж Гвіянскім і Бразільскім пласкагор’ямі. Размешчана ў вобласці тэктанічнага прагіну (Амазонская сінекліза) Паўд.-Амерыканскай платформы, запоўненага ў асн. палеазойскімі марскімі і меза-кайназойскімі кантынент. адкладамі. Пераважае плоскі рэльеф пластавых раўнін з неглыбокімі шырокімі рачнымі далінамі. Карысныя выкапні: нафта, марганцавыя і жал. руды, золата, алмазы і інш. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны, сярэднія т-ры 24—28 °C, ападкаў 1500—3000 мм за год. Рачная сетка густая, рэкі паўнаводныя. Разнастайная расліннасць вільготных экватарыяльных лясоў (сельвас) уключае 80 тыс. відаў дрэў (шмат каштоўных парод). Жывёльны свет разнастайны — 3 тыс. відаў сухапутных пазваночных (малпы, ляніўцы, малы мураўед, браняносцы, тапіры, пекары і інш.). Шмат птушак, паўзуноў, грызуноў, земнаводных, рыб (2 тыс. прэснаводных відаў), тэрмітаў, мурашак. Праз трапічныя лясы пракладзена Трансамазонская шаша (1970-я г.).

Каўчуканосы Амазонскай нізіны.

т. 1, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)