НАМЕНКЛАТУ́РА ХІМІ́ЧНАЯ,

сістэма назваў хім. элементаў, іх злучэнняў, хім. рэакцый, метадаў і інш., якой карыстаюцца ў хіміі і хім. прам-сці; мова сучаснай хіміі і хім. тэхналогіі. Найб. значэнне маюць наменклатуры: хім. элементаў, іх злучэнняў, спец. стэрэахімічная (гл. Стэрэахімія). Вылучаюць слоўную і сімвальную формы Н.х. (гл. Знакі хімічныя).

Да канца 18 ст. рэчывы і элементы атрымлівалі бессістэмныя (трывіяльныя) назвы, зыходзячы з іх уласцівасцей, імён вучоных-вынаходнікаў (Глаўберава соль), крыніц паходжання (кафеін) і інш.; частка з іх захавалася ў сучаснай Н.х. У 1787 Камісія пад кіраўніцтвам А.Л.Лавуазье прапанавала першую сістэму рацыянальных назваў хімічна індывід. рэчываў паводле прынцыпаў адназначнай адпаведнасці назвы рэчываў іх саставу. У пач. 19 ст. Ё.Я.Берцэліус увёў літарныя сімвалы хім. элементаў і прапанаваў называць рэчывы, зыходзячы з таго, што кожнае злучэнне складаецца з электраадмоўнай і электрададатнай частак. Значны ўклад у развіццё Н.х. зрабілі Жэнеўская (1892), Льежская (1930) і Парыжская (1957) канферэнцыі. Правілы сучаснай Н.х. сфармуляваны Міжнародным саюзам тэарэтычнай і прыкладной хіміі і маюць рэкамендацыйны характар пры стварэнні нац. наменклатуры; пры гэтым увага скіроўваецца ў асн. на стандартызацыю напісання формул хімічных і на фанет. форму. Назвы хім. элементаў утвараюцца шляхам паслядоўнай транскрыпцыі поўнай лац. формы (напр., у англ., франц., ням. мовах — лац. Lithium), захаваннем лац. асновы без канцавых фармантаў (напр., у бел., рус. мовах — бор; лац. Borum) ці з адпаведнымі фармантамі (напр., бел. плаціна). Нац. Н.х. ўключаюць і гіст. назвы (напр., англ. — Copper, бел. — кісларод). Пры запісе хім. формул бінарных неарганічных злучэнняў на першае месца ставіцца сімвал больш электрададатнага элемента, аснова назвы якога застаецца нязменнай. Назва электраадмоўнай часткі звычайна мае суфікс «-ід» («-ыд»): аксід, галагенід, гідрыд, сульфід, азід, карбід і інш. Парадак і грамат. афармленне вербальнай формы вызначаецца правіламі і традыцыямі канкрэтнай мовы, дадаткова вызначаюць зарад, валентнасць і інш. (напр., назва PCl3 у англ. мове phosphorus (III) chloride, у бел. — хларыд фосфару (III), ці трыхларыд фосфару). Аналагічна ўтвараюцца назвы псеўдабінарных злучэнняў: гідраксідаў, амідаў, цыянідаў, пераксідаў і інш. Кіслародзмяшчальныя к-ты звычайна маюць традыц. назвы, утвораныя ад назваў кіслотаўтваральных элементаў і спец. суфіксаў і прэфіксаў, якія вызначаюць ступень акіслення, будову і інш. (напр., H2SO4 серная к-та, H2SO3 сярністая к-та, H3PO4 артафосфарная к-та). Солі гэтых кіслот наз. аналагічна бінарным злучэнням: назва электраадмоўнай часткі (аніёна) утвараецца з дапамогай суфіксаў «-ат», «-іт» (напр., Na2SO4 сульфат натрыю, Na2SC3 сульфіт натрыю). Паводле замяшчальнай Н.х. асновай назвы арганічных злучэнняў з’яўляецца гал. вуглевадародны ланцуг, які мае гал. функцыянальную групу. Яго назва ўтвараецца з каранёў грэч. лічэбнікаў (C1 — мет, C2 — эт, C3 — прап і г.д.). Кратныя сувязі і гал. функцыян. групу пазначаюць суфіксамі, астатнія групы лічаць замяшчальнікамі і абазначаюць прэфіксамі; становішча замяшчальнікаў у ланцугу паказваюць з дапамогай лічбавых лакантаў, што адпавядаюць нумарам атамаў вугляроду, пры якіх яны знаходзяцца (напр., 1-гідроксі-4-метылпент-3-ен-2-он). У радыкальна-функцыян. Н.х. да назвы простага члена гамалагічнага рада дабаўляюцца назвы радыкалаў (напр., CH3-C ≡ C-CH3 дыметылацэтылен). Асобныя віды Н.х. выкарыстоўваюць у хіміі гетэрацыклічных, прыродных, комплексных злучэнняў.

Літ.:

Номенклатурные правила ИЮПАК по химии: Пер. с англ. Т. 1—6. М., 1979—88;

Кан Р., Дермер О. Введение в химическую номенклатуру: Пер. с англ. М., 1983;

Бокий Г.Б., Голубкова Н.А. Введение в номенклатуру ИЮПАК М., 1989;

Міляшкевіч Я.Г. Этапы станаўлення беларускай хімічнай тэрміналогіі // Хімія: Прабл. выкладання. 1996. Вып. 5.

Т.​Т.​Лахвіч.

Да арт. Наменклатура хімічная. Структурная формула 1-гідроксі-4-метылпент-3-ен-2-он.

т. 11, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЕКТЫ́ЎНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,

раздзел геаметрыі, што вывучае ўласцівасці фігур, якія не змяняюцца пры праектыўных пераўтварэннях. Такія ўласцівасці наз. праектыўнымі, напр., датычнасць прамой і лініі, парадак лініі. Існуюць таксама непраектыўныя ўласцівасці, напр., паралельнасць ці перпендыкулярнасць прамых, роўнасць адрэзкаў і вуглоў. Асн. тэарэмы класічнай П.г.: Брыяншона тэарэма, Дэзарга тэарэма, Паскаля тэарэма.

Асновы П.г. закладзены Ж.Дэзаргам у сувязі з развіццём вучэння аб перспектыве і Б.Паскалем пры вывучэнні ўласцівасцей канічных сячэнняў. Як самастойная дысцыпліна выкладзена франц. матэматыкам Ж.​Панселе, які вылучыў праектыўныя ўласцівасці фігур у асобны клас і вызначыў адпаведнасці паміж іх метрычнымі і праектыўнымі ўласцівасцямі. Пры праектаванні (гл. Праекцыя) пунктаў адной плоскасці П на другую П’ не кожны з іх мае вобраз на П’ і наадварот — не кожны пункт П мае правобраз на П. Гэта прывяло да неабходнасці дапаўнення эўклідавай плоскасці бясконца аддаленымі элементамі (няўласнымі пунктамі і няўласнай прамой; гл. Праектыўная плоскасць), што зрабіла праектаванне ўзаемна адназначным. Аналагічна эўклідава прастора пераўтвараецца ў праектыўную прастору. Паняцці «пункт» і «прамая» ў П.г. звязаны паміж сабою адным з асн. паняццяў — інцыдэнтнасцю: пункт і прамая інцыдэнтныя, калі пункт належыць прамой ці (што тое самае) прамая праходзіць праз пункт. Прынцып дваістасці сцвярджае: калі справядліва выказванне ў дачыненні пунктаў, прамых і суадносін інцыдэнтнасці паміж імі, то справядліва і дваістае выказванне, атрыманае з зыходнага, калі памяняць месцамі словы «пункт» і «прамая», напр., двум розным пунктам інцыдэнтная прамая (і прытым толькі адна); двум розным прамым інцыдэнтны пункт (і прытым толькі адзін). Гэты прынцып адлюстроўвае фундаментальную ўласцівасць праектыўнай плоскасці: прамыя і пункты на ёй — цалкам раўнапраўныя геам. аб’екты. П.г. знаходзіць дастасаванні ў намаграфіі, квантавай тэорыі поля, канструяванні пячатных схем і інш.

Літ.:

Хартсхорн Р. Основы проективной геометрии: Пер. с англ. М., 1970;

Ефимов Н.В. Высшая геометрия. 6 изд. М., 1978;

Алгебра и аналитическая геометрия. Ч. 2. Мн., 1987.

А.​А.​Гусак.

Да арт. Праектыўная геаметрыя. Цэнтральнае праектаванне акружнасці, якая ляжыць у плоскасці П, з пункта S на плоскасць П′: прамыя AQ і AP праектуюцца ў паралельныя прамыя q і p, акружнасць — у парабалу, датычная да акружнасці QN — у датычную да парабалы.

т. 12, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЕСАЮ́ЗНЫ ЛЕ́НІНСКІ КАМУНІСТЫ́ЧНЫ САЮ́З МО́ЛАДЗІ (ВЛКСМ), камсамол,

маладзёжная грамадска-паліт. арг-цыя ў Расіі і СССР у 1918—91. Створаны на I Усерас. з’ездзе саюзаў рабочай і сял. моладзі 29.10.1918 як Рас. камуніст. саюз моладзі (РКСМ, у яго склад увайшлі і камуніст. маладзёжныя арг-цыі Беларусі). З 1924 — Рас. Ленінскі камуніст. саюз моладзі, з 1926 — ВЛКСМ. Дзейнічаў пад кантролем Камуніст. партыі як яе памочнік і рэзерв. Статут ВЛКСМ патрабаваў ад камсамольцаў змагацца за ажыццяўленне рашэнняў партыі і сав. ўрада. Асн. ідэалаг. задачай камсамола абвяшчалася выхаванне моладзі на ідэях марксізму-ленінізму, выпрацоўка і ўмацаванне ў яе класавага падыходу да ўсіх з’яў жыцця, падрыхтоўка стойкіх, высокаадукаваных, працавітых сав. патрыётаў. У камсамол прымаліся юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 14 да 28 гадоў. Першапачатковая жорсткая ідэалаг. патрабавальнасць да ўступаючых паступова паслаблена. У 1970—80-я г. членствам у ВЛКСМ, якое стала ў значнай ступені фармальным, была ахоплена амаль уся моладзь СССР (каля 42 млн. чал. у 1985). Арганізац. структура ВЛКСМ будавалася паводле прынцыпу дэмакр. цэнтралізму. Яе аснову складалі пярвічныя арг-цыі, якія ствараліся на прамысл. і с.-г. прадпрыемствах, у навуч. установах, часцях арміі, флоту і г.д. Вышэйшым органам пярвічнай арг-цыі з’яўляўся агульны сход членаў. Сход выбіраў к-т камсамола, які кіраваў справамі арг-цыі паміж сходамі. Аналагічна будаваліся і вышэйстаячыя камсамольскія арг-цыі — раённыя, гарадскія, абласныя, рэсп. і інш. Вышэйшым органам ВЛКСМ з’яўляўся з’езд ВЛКСМ (адбыліся 22 з’езды), які выбіраў для кіраўніцтва паміж з’ездамі ЦК ВЛКСМ на чале з 1-м сакратаром. Цэнтр. органы друку ВЛКСМ — газ. «Комсомольская правда» і час. «Молодой коммунист». Састаўнымі часткамі ВЛКСМ былі рэсп. камсамольскія арг-цыі саюзных рэспублік СССР (акрамя Расіі), у т. л. Камуністычны саюз моладзі Беларусі. Камсамол кіраваў Усесаюзнай піянерскай арг-цыяй імя Леніна (гл. ў арт. Піянерскія арганізацыі), быў шэфам сав. ВМФ. Пад яго кіраўніцтвам сав. моладзь удзельнічала ў грамадз. вайне, індустрыялізацыі краіны і калектывізацыі сельскай гаспадаркі, у культ. рэвалюцыі, Вял. Айч. вайне і пасляваен. аднаўленні гаспадаркі, здзяйсненні буйнамаштабных гасп. праектаў 1950—80-х г. З пачаткам перабудовы ў СССР у ВЛКСМ разгарнуўся працэс дэмакратызацыі ўнутрысаюзнага жыцця. Аднак агульны сістэмны крызіс афіц. ідэалогіі і дзярж. сістэмы СССР у канцы 1980 — пач. 1990-х г. прадрашыў і лёс ВЛКСМ, які пачалі пакідаць асобныя рэсп. камсамольскія арг-цыі. XXII надзвычайны з’езд ВЛКСМ (вер. 1991) палічыў вычарпанай паліт. ролю ВЛКСМ як федэрацыі камуніст. саюзаў моладзі і абвясціў аб яго самароспуску.

Літ.:

Славный путь Ленинского комсомола: История ВЛКСМ. 2 изд. М., 1978.

т. 16, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ 1812, Айчынная вайна 1812,

абарончая вайна Расіі супраць французскай агрэсіі; першы этап агульнаеўрапейскай антынапалеонаўскай вайны 1812—14.

У 1810-я г. франц. імператар Напалеон I Банапарт падпарадкаваў сабе амаль усе дзяржавы Еўропы. Пасля перамог над рус.-аўстр. войскамі пад Аўстэрліцам (1805) і рускімі пад Фрыдландам (1807) Напалеон навязаў нявыгадны для Расіі Тыльзіцкі мір 1807 і прымусіў яе далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі, што цяжка адбілася на эканоміцы Расіі. Франка-рус. адносіны абвастрыліся з-за палітыкі Францыі на Б. Усходзе і асабліва са стварэннем Варшаўскага герцагства. З 1810 абодва бакі пачалі рыхтавацца да вайны. Выкарыстаўшы эканам., паліт. і ваен. націск, шчодрыя абяцанкі саюзнікам (Прыбалтыку — Прусіі, Валынь — Аўстрыі, Беларусь, Літву і частку Украіны ў межах 1772 — Польшчы), Напалеон фактычна стварыў супраць Расіі агульнаеўрап. кааліцыю. Была падрыхтавана вялізная на тыя часы 600-тысячная т.зв. «Вялікая армія». Набытыя арміяй вопыт, дысцыпліна і ваенны геній Напалеона зрабілі яе грознай сілай. Слабасцю арміі Напалеона была рознапляменнасць і чужыя салдатам мэты вайны.

Ваен. міністр Расіі М.Б.Барклай дэ Толі (з 1810) распрацаваў буйнамаштабную праграму павышэння баяздольнасці рус. арміі, ажыццявіў шэраг мер па падрыхтоўцы тэатра ваен. дзеянняў супраць Варшаўскага герцагства і Францыі. Рамантаваліся старыя крэпасці, будаваліся новыя, фарміраваліся новыя для рус. арміі пастаянныя злучэнні — пях. карпусы і кав. дывізіі. Аляксандр I з канца 1810 усё больш схіляўся да ідэі наступальнай вайны ў саюзе з Прусіяй, ліквідацыі Варшаўскага герцагства і абвяшчэння сябе польскім каралём. 17.10.1811 Расія і Прусія заключылі саюзную ваен. канвенцыю, якая прадугледжвала рус. акупацыю ўсх. ч. Варшаўскага герцагства. У хуткім часе пасля гэтага Аляксандр I аддаў загад аб гатоўнасці ўсіх карпусоў на зах. граніцы да паходу.

У сак. 1812 сфарміраваны 3 рус. зах. арміі: 1-я (каля 120 тыс. чал., галоўнакаманд. Барклай дэ Толі) у Літве і зах. Беларусі, 2-я (каля 49 тыс. чал., галоўнакаманд. П.І.Баграціён) у наваколлі Луцка (у маі 1812 набліжана да 1-й арміі і заняла пазіцыі ў раёне Ваўкавыск—Зэльва), 3-я рэзервовая (каля 44 тыс. чал., галоўнакаманд. А.П.Тармасаў) у раёне Жытоміра, потым перамешчана пад Луцк. Іх дапаўнялі 3 асобныя корпусы (каля 103 тыс. чал.) — П.​К.​Эсена каля Рыгі, П.​І.​Мелер-Закамельскага каля Тарапца і Ф.​Ф.​Эртэля каля Мазыра.

21.4.1812 Аляксандр I выехаў з Пецярбурга ў Вільню ў гал. кватэру 1-й арміі і прыняў вярх. камандаванне. Даведаўшыся пра гэта, Напалеон таксама накіраваўся да сваіх войск, якія разгортваліся ў раёне Віслы. 22.6.1812 Францыя аб’явіла Расіі вайну, і 24 чэрв. яе гал. сілы перайшлі рас.-польск. граніцу ў раёне Коўна. У ходзе Віленскай аперацыі 1812 французы без бою 28 чэрв. занялі Вільню; армія Барклая дэ Толі, якую праследаваў узмоцнены авангард І.​Мюрата, пачала адступаць на Свянцяны ў напрамку на Дрысенскі лагер. Франц. войскі ўклініліся паміж 1-й і 2-й рус. арміямі і атрымалі магчымасць сканцэнтраваць амаль усе сілы супраць Баграціёна, на армію якога з фронту наступалі войскі Жэрома Банапарта, а шляхі адступлення адрэзала група Даву, што накіравалася з Вільні на Мінск. Аднак Баграціён здолеў адарвацца ад праціўніка і пачаў адступленне ад Мінска. Напалеон рушыў на Глыбокае, каб перарэзаць шлях адступлення 1-й арміі і прымусіць яе прыняць бітву. Але Барклай дэ Толі, выйшаўшы з Дрысенскага лагера, пакінуў П.Х.Вітгенштэйна прыкрываць Пецярбургскі напрамак, а сам пайшоў правым берагам Зах. Дзвіны да Полацка. Аляксандр I па патрабаванні вышэйшых саноўнікаў пакінуў армію, падпісаўшы адозву «Першапрастольнай сталіцы нашай Маскве» і маніфест пра збор апалчэння. Баграціён, які ад Навагрудка накіроўваўся да Міра, даведаўся, што Даву ўжо заняў Валожын і тым самым адрэзаў шлях на Мінск. У баях каля Міра (гл. Мірскі бой 1812) і Раманава ар’ергард 2-й арміі затрымаў прасоўванне праціўніка, і Баграціён бесперашкодна адступіў на Слуцк і Бабруйск, імкнучыся апярэдзіць французаў у руху да Магілёва. Але 20 ліп. Даву першы заняў горад. Спроба Баграціёна з боем прарвацца праз Магілёў, каб злучыцца з 1-й арміяй (бітва каля Салтанаўкі), не ўдалася. Гал. сілы 2-й арміі 24 ліп. пераправіліся цераз Дняпро каля Нова-Быхава і рушылі на Мсціслаў і Смаленск. Тым часам 1-я армія 23 ліп. перайшла на левы бераг Зах. Дзвіны і заняла пазіцыю за р. Лучоса, чакаючы падыходу Баграціёна з боку Оршы, каб даць Напалеону ген. бітву. У выніку бою каля Астроўна 25—26 ліп. наступленне французаў прыпынена. 30 ліп. — 1 жн. адбыліся Клясціцкія баі 1812 паміж войскам Вітгенштэйна і корпусам Ш.​Удзіно. На крайнім левым флангу «Вялікай арміі» Ж.​Макданальд накіраваў адну са сваіх дывізій на Рыгу, 1 жн. заняў Дынабург. 1-я і 2-я рус. арміі 3 жн. злучыліся ў Смаленску і, выкарыстаўшы раскіданасць напалеонаўскіх войск на фронце ад Веліжа да Магілёва, 7 жн. перайшлі ў наступленне на Віцебскім напрамку. Праз 5 дзён сустрэчнае наступленне пачаў Напалеон. 16—17 жн. адбылася першая ген. бітва (гл. Смаленская аперацыя 1812). Рускія вымушаны былі пакінуць Смаленск, але, маючы забяспечаны тыл, арганізавана адступілі па маскоўскай дарозе.

Марадзёрства, рабаванне і насілле чужынцаў выклікалі гнеў і нянавісць насельніцтва. Сяляне перашкаджалі франц. арміі нарыхтоўваць харчы і фураж, знішчалі салдат, часам ішлі ў лясы і стваралі партыз. атрады. Ствараліся і армейскія партыз. атрады Дз.В.Давыдава, І.С.Дорахава, Сяславіна, Фігнера, Кудашова і інш.

У гэты час Вітгенштэйн спрабаваў выцесніць войскі Удзіно з Полацка, але быў адкінуты і адышоў да Дрысы (гл. Полацкія бітвы 1812). Ваен. дзеянні на паўд. флангу вяліся самастойна, без непасрэднай сувязі з цэнтр. напрамкам. Армія Тармасава 18 ліп. рушыла з Луцка на Кобрын і 27 ліп. перамагла пях. брыгаду корпуса Ж.​Рэнье (гл. Кобрынскі бой 1812). Карпусы К.​Шварцэнберга і Рэнье 12 жн. атакавалі Тармасава каля Гарадзечна (гл. Гарадзечанская бітва 1812), нанеслі яму вял. страты і гналі да Луцка. З Прусіі і Варшаўскага герцагства карпусы К.​Віктора і П.​Ф.​Ажэро рушылі на Вільню. Супраць гарнізона Бабруйскай крэпасці (гл. Бабруйская абарона 1812) і корпуса Эртэля з Магілёва была накіравана дывізія Я.Г.Дамброўскага, а ў склад корпуса Рэнье з герцагства — зводны атрад А.​Касінскага.

Для кіравання акупіраванымі тэр. Беларусі і Літвы Напалеон зацвердзіў у Вільні Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага, улада якога пашыралася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губ. і Беластоцкую вобл., ператвораныя ў дэпартаменты з мясц. і франц. адміністрацыяй. Аналагічна былі арганізаваны Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ., хоць яны не падпарадкоўваліся Часоваму ўраду. Рабаўніцкая сістэма фуражных і харч. нарыхтовак для франц. арміі, спроба акупац. улад правесці рэкруцкі набор у «літоўскія» войскі паводле рас. закону, рашэнне Напалеона захаваць на Беларусі і ў Літве да канца вайны прыгоннае права прывялі да масавых сял. хваляванняў.

Пасля Смаленскай бітвы 1-я і 2-я рус. арміі (каля 111 тыс. чал.) рухаліся як адна армія. 20 жн. Аляксандр I прызначыў галоўнакаманд. усімі арміямі М.І.Кутузава. Наступленне французаў актывізавалася; Напалеон ірваўся да Масквы, каб тут прадыктаваць Расіі ўмовы міру. Кутузаў вырашыў даць ген. бітву за 110 км ад сталіцы каля в. Барадзіно. 7 вер. адбылася Барадзінская бітва 1812, у якой рускія, паводле слоў Напалеона, «здабылі славу быць непераможнымі». Абодва бакі мелі велізарныя страты (у рускіх каля 46 тыс. чал.), таму Кутузаў аддаў загад адступаць далей. На ваен. нарадзе ў Філях (13 вер.) было вырашана пакінуць Маскву без бою, каб захаваць армію. Адступіўшы ад Масквы, Кутузаў скрытна перавёў армію з Разанскай на Калужскую дарогу і размясціў пад Таруцінам (т.зв. Таруцінскі манеўр). Рус. армія выйшла з-пад удару ворага, атрымала магчымасць папоўніць войскі людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Пачаліся пажары, дэмаралізаваныя і галодныя акупанты рабавалі горад. 6 дзён, што правялі ў Маскве Напалеон і яго армія, былі вырашальным фактарам, які змяніў ход вайны на карысць Расіі. Узмацніўся патрыят. рух насельніцтва, якое перашкаджала французам у нарыхтоўцы харчавання і фуражу, парушала іх камунікацыі на лініі Масква—Смаленск.

Пераканаўшыся, што заключыць мір не ўдасца, Напалеон 19 кастр. пакінуў Маскву і вырашыў адступаць па Калужскай дарозе праз багатыя паўд. губерні. Але Кутузаў бітвай пад Малаяраслаўцам 24 кастр. прымусіў Напалеона адступаць па спустошанай Смаленскай дарозе. Голад, які пачаўся ў франц. войску, гібель коней узмацніліся з вял. маразамі. Рус. армія гнала ворага, б’ючы яго з флангаў і тылу. У баях каля Краснага 16—18 ліст. французы страцілі каля 25 тыс. чал., аднак усе іх карпусы (акрамя ар’ергарда М.​Нея) прабіліся па дарозе на Дуброўну, перайшлі Дняпро і ўступілі ў Оршу.

Да гэтага часу змяніліся абставіны і на стратэг. флангах. На Валыні з 3-й арміяй Тармасава 19 вер. злучылася Дунайская армія П.В.Чычагова, што дало колькасную перавагу рус. арміі над праціўнікам (60 тыс. чал. супраць 43 тыс.). 30 кастр. армія Чычагова рушыла па пінскім шляху праз Пружаны на Слонім, 13 ліст. каля Новага Свержаня яна перайшла Нёман. Войскі Вітгенштэйна пасля Полацкай бітвы 18—20 кастр. адцяснілі французаў да Лепеля і Докшыц, пасля Чашніцкіх баёў 1812 — да Чарэі. Пераправай Напалеона (за ім і арміі Кутузава) цераз Дняпро пачалася Бярэзінская аперацыя 1812. У ёй рус. камандаванне планавала акружыць і знішчыць праціўніка канцэнтрычнымі дзеяннямі арміі Чычагова, Вітгенштэйна, 1-й і 2-й армій Кутузава. 16 ліст. войскі Чычагова ўзялі Мінск, а 21 ліст. — Барысаў, што абазначала поўнае перасячэнне шляхоў адступлення французаў. Толькі рашучыя і дакладныя дзеянні Напалеона, які, стрымліваючы націск Кутузава і Вітгенштэйна, выбіў Чычагова з Барысава і 26—28 ліст. пераправіў свае войскі цераз Бярэзіну, дазволілі рэшткам «Вялікай арміі» адступіць на Смаргонь і Вільню. Тым не менш вынікі бярэзінскай пераправы былі для Напалеона катастрафічныя. Пад яго камандаваннем заставалася не больш як 10 тыс. чал., і баявога значэння гэтая група практычна не мела. Пасля Маладзечанскага бою 1812 супраціўленне французаў па сутнасці спынілася. Галодныя і замёрзлыя салдаты кідалі зброю і неарганізаваным натоўпам рухаліся да Вільні. 5 снеж. ў Смаргоні Напалеон, даручыўшы камандаванне Мюрату, паехаў у Парыж. У Вільню Мюрат прывёў каля 4 тыс. баяздольных салдат. 10 снеж. іх выбіў з горада армейскі авангард Я.​І.​Чапліна, а рэшткі ўцяклі праз Коўна да прускай граніцы. Поўны разгром цэнтр. групоўкі Напалеона вызначыў і становішча войск на флангах, якія адступілі праз Беласток на Варшаву і праз Шаўлі ва Усх. Прусію. Прыбыццё 22 снеж. Аляксандра I у гал. кватэру Кутузава ў Вільні і пераход да цара ўсёй паўнаты ваен.-паліт. кіраўніцтва азначалі завяршэнне абарончага перыяду вайны і курс на вайну ў Еўропе.

Руска-англа-шведскі саюз склаў аснову 6-й антыфранц. кааліцыі, да якой на працягу 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Вайна скончылася поўным падзеннем і паражэннем імперыі Напалеона, рэстаўрацыяй у Францыі каралеўскай улады і дынастыі Бурбонаў. У вызваленых краінах Еўропы аднаўляліся феад.-абсалютысцкія рэжымы, для іх падтрымкі ў 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Паводле Парыжскага мірнага дагавору 1814 і пастаноў Венскага кангрэса 1814—15 Варшаўскае герцагства пераходзіла пад кіраванне Расіі, утворана Каралеўства Польскае. Аляксандр I адхіліў прапанову Кутузава аб канфіскацыі маёнткаў шляхты, якая выступіла на баку Напалеона, і абвясціў амністыю жыхарам зах. губерняў — удзельнікам вайны супраць Расіі пры ўмове, што яны вернуцца на радзіму на працягу 2 месяцаў (пазней гэты тэрмін быў прадоўжаны).

Вайна прынесла велізарныя страты абодвум бакам. Людскія страты напалеонаўскай арміі ацэньваюцца ў 80%, рус. — у 50% ад колькасці воінаў, што прымалі ўдзел у вайне. Скарацілася колькасць насельніцтва Беларусі, асабліва гарадскога. Матэрыяльныя страты 5 бел.-літ. губерняў і Беластоцкай вобл., паводле тагачасных падлікаў, склалі каля 160 млн. руб. серабром. Толькі добрыя ўраджаі 1813 і 1814 выратавалі ад масавага голаду і эпідэмій.

У гонар перамог рус. войск над арміяй Напалеона на тэр. Беларусі пастаўлены помнікі ў Брэсце, Верхнядзвінску, Віцебску, Кобрыне, Маладзечне, Полацку, Друі, у вёсках Астроўна, Капцэвічы, Клясціцы, Паддубна, Салтанаўка, Сапяжынка, Студзёнка і інш.

Літ.:

Богданович М. История Отечественной войны 1812 г. по достоверным источникам. Т. 1—3. СПб., 1859—60;

Харкевич В.Н. Война 1812 г. От Немана до Смоленска... Вильна, 1901;

Тарле Е.В. Нашествие Наполеона на Россию, 1812 г. М., 1992.

В.​В.​Антонаў.

Да арт. Вайна 1812. Атака данскіх казакаў М.​І.​Платава каля Нясвіжа. Чэрвень 1812. Хромалітаграфія 1912.
Да арт. Вайна 1812. Пераправа рускай арміі цераз Нёман у снежні 1812.

т. 3, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФЕСІЙНЫЯ САЮЗЫ

Правапераемнікам прафсаюзаў у Беларусі з’яўляецца Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) — адзіны нац. прафс. цэнтр, рэсп. добраахвотнае незалежнае аб’яднанне прафес. саюзаў, абласных (Мінскага гарадскога) аб’яднанняў прафсаюзаў, а таксама асацыіраваных членаў, самая масавая грамадская арг-цыя. Вышэйшы орган ФПБ — з’езд, вышэйшы кіруючы орган у перыяд паміж з’ездамі — Савет ФПБ, у перыяд паміж Пленумамі Савета ФПБ — яго Прэзідыум, у які ўваходзяць кіраўнікі буйных галіновых прафсаюзаў, абласных аб’яднанняў прафсаюзаў, прадстаўнікі нізавых прафс. структур.

Першыя прафсаюзы ўзніклі ў канцы 18 ст. ў Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША. Яны былі падобныя на таварыствы ўзаемадапамогі, будаваліся паводле цэхавай прыналежнасці і змагаліся за паляпшэнне эканам. становішча працоўных. На працягу 19 ст. прафсаюзы аформіліся ў большасці краін Еўропы. У 1-й чвэрці 20 ст. ў выніку абвастрэння сац. праблем і ўздыму рэв. руху прафсаюзы кансалідаваліся на міжнар. узроўні. Найб. буйнымі і ўплывовымі міжнар. аб’яднаннямі сталі Амстэрдамскі Інтэрнацыянал прафсаюзаў (1919), Міжнар. канфедэрацыя хрысціянскіх прафсаюзаў (1920), Прафінтэрн (Чырв. Інтэрнацыянал прафсаюзаў, 1921). Вострыя сац.-паліт. канфлікты таго часу не садзейнічалі адзінству міжнар. прафс. руху; як і рабочы рух, ён быў расколаты на камуністычную (рэвалюцыйную) і сацыял-дэмакр. (рэфармісцкую) плыні. Сав. Расія, потым і СССР падтрымлівалі камуністычную плынь, найперш праз Камінтэрн.

Прафсаюзны рух Беларусі пачаў фарміравацца ў канцы 19 — пач. 20 ст. як састаўная частка міжнар. прафс. руху. У гэты перыяд на тэр. Беларусі з’явіліся стачачныя касы і камітэты, дэлегацкія і цэхавыя сходы. Разгрупаваныя па дробных майстэрнях, разрозненыя ў дзеяннях, яны імкнуліся да прафес. аб’яднання з мэтай барацьбы за свае правы. Першая арганізацыя рабочых — прафес. саюз шчаціншчыкаў — на тэр. Беларусі была створана ў 1894. У сярэдзіне 1890-х г. у Мінску ўтварылася арганізацыя рабочых дробнай і рамеснай прамысловасці. Да ліп. 1896 у яе ўваходзілі 24 падпольныя цэхавыя прафес. саюзы, якія аб’ядналі 1188 рабочых. У 1898 быў створаны прафсаюз гарбароў, у які ўвайшлі рабочыя Смаргоні, Ашмян, Беластока, Вільні. Крыху пазней арганізацыйна аформіўся прафсаюз друкароў у Гомелі. У 1904 у развіцці рабочага руху Беларусі пачаўся новы перыяд, які характарызаваўся ўтварэннем прафсаюзаў па вытворчым прынцыпе. Напярэдадні рэв. выступленняў працоўных у 1905 масава пачалі з’яўляцца прафсаюзы ў Віцебску, Гродне, Магілёве, Оршы і інш. гарадах. Гэта быў час арганізаванай барацьбы працоўных, аб’яднаных у прафсаюзы для сумесных выступленняў у абарону эканам. інтарэсаў. 1904 год, калі прафсаюзы ўжо існавалі практычна ва ўсіх буйных гарадах Беларусі, лічыцца пачаткам адліку ўзросту бел. прафсаюзаў. На развіццё прафс. руху вял. ўплыў зрабіла барацьба працоўных за свае правы ў час рэвалюцыі 1905—07. З гэтага часу сталі стварацца масавыя легальныя прафсаюзы паводле вытв. прынцыпу. У 1905 у Мінску ўзніклі прафсаюзы канторскіх служачых, т-ва фармацэўтаў, краўцоў і швачак і інш. Прыняцце царскім урадам 4.3.1906 закона аб легалізацыі прафсаюзаў пад назвай «Часовыя правілы аб прафесіянальных арганізацыях» актывізавала прафс. рух у Беларусі. У 1906 у Віцебску ўтвораны прафсаюзы ювеліраў, будаўнікоў, гарбароў, хатняй прыслугі, булачнікаў, зубных урачоў і дантыстаў, слесараў і кавалёў, усяго больш за 10; у Полацку — прафес. т-ва гандл.-прамысл. служачых. Да канца 1905 улады дазволілі дзейнасць у Мінску 15 прафсаюзам, у Гродзенскай губ. — 28. У Віцебску на губернскім з’ездзе настаўнікаў (13.6.1906, каля 300 дэлегатаў) абмяркоўваліся пытанні эканам. становішча педагогаў і арганізацыі прафсаюза. У 1906 у Гродзенскай губ. ўтвораны прафсаюз сялян (с.-г. рабочых), аднак ім было адмоўлена ў яго легалізацыі, бо паводле закону арганізацыя прафсаюзаў у гэтай галіне не дазвалялася. «Часовыя правілы» забаранялі стварэнне прафсаюзаў рабочым і служачым, якія працавалі на чыг. транспарце, работнікам пошты, тэлеграфа, банкаў і дзярж. устаноў. У 1906—07 у 5 зах. губернях Расіі створаны 74 прафес. саюзы, у т. л. 13 у Мінскай, 8 у Гродзенскай, 39 у Віцебскай і 2 у Магілёўскай губ. У 1907 на Беларусі афіцыйна зарэгістраваны 101 прафсаюз, які аб’ядноўваў 14 533 чал., але рабочых у іх было каля 3,5%. Тагачасныя прафсаюзы былі рэвалюцыйна актыўныя і моцна палітызаваныя, таму да 1910 амаль палова іх забаронена; а ў 1-ю сусв. вайну практычна ўсе прафсаюзы перасталі дзейнічаць. Найперш закрываліся тыя, што знаходзіліся пад уплывам РСДРП і інш. рэв. партый, якія выкарыстоўвалі прафсаюзы для арганізацыі легальнай барацьбы супраць царскай улады. Закрыццё прафсаюзаў урад разглядаў як меру барацьбы з рэвалюцыяй. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 дзейнасць прафсаюзаў актывізавалася. У першыя месяцы 1917 большасць прафс. к-таў на Беларусі кантралявалі бундаўцы і меншавікі, якія імкнуліся да арганізацыі прафсаюзаў паводле цэхавага і вузкапрафес. прынцыпу. Бальшавікі актыўна змагаліся за стварэнне рэв. прафсаюзаў паводле вытв. прынцыпу. У выніку прафс. рух на Беларусі ў 1917 апынуўся расколатым. Такое становішча заставалася на працягу грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 і нават у гады нэпа. Так, у 1918 цэнтр. бюро прафсаюзаў Віцебска, дзе бальшавікі былі ў меншасці, пратэставала супраць роспуску сав. ўладамі гар. думы і ўправы. Аналагічна выказаўся і савет прафсаюзаў Гомеля.

Супраць арганізацыі рэв. трыбунала выступіла кіраўніцтва прафсаюзаў Полацка. Разам з тым у 1918—20 значная частка прафс. к-таў арганізавала шэраг акцый пратэсту супраць ням. і польскіх акупац. улад. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на прадпрыемствах стварыліся фабрычна-заводскія к-ты (фабзаўкомы). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 прафс. рух цэнтралізаваўся. На I Усерас. з’ездзе прафсаюзаў (7—14.1.1918, Петраград), у якім удзельнічалі дэлегаты ад Мінска, Магілёва і Віцебска адбылося аб’яднанне прафсаюзаў у маштабе краіны. Яны будаваліся паводле галіновага і вытв.-тэр. прынцыпу, які адпавядаў прынцыпу пабудовы парт. улады, Стварэнне Цэнтр. бюро прафсаюзаў (14.7.1920), потым яго рэарганізацыя ў Савет прафсаюзаў Беларусі (30.7.1920) азначалі перабудову, за якой стаяў адыход ад традыцыйнага галіновага прынцыпу пабудовы прафсаюзаў і стварэнне гарызантальных тэр. структур, адпаведных парт. структурам. Стварэнне саветаў прафсаюзаў непасрэдна кантралявалі адпаведныя ідэалаг. і прапагандысцкія структуры партыі бальшавікоў. Найб. рашуча за адзяржаўленне прафсаюзаў выказваўся Л.​Д.​Троцкі. У.​І.​Ленін не падтрымаў ідэю адзяржаўлення прафсаюзаў.

X з’езд партыі (1921) ухваліў ленінскую платформу па прафс. пытанні, якая разглядала прафсаюзы як школу камунізму, школу кіравання ў перыяд сацыяліст. будаўніцтва, але звярнуў увагу на неабходнасць парт. кіраўніцтва прафсаюзамі, аднаўлення прынцыпу дэмакр. цэнтралізму ў яго кіраўніцтве. I Усебел. з’езд прафсаюзаў (7—13.5.1921, гэты і ўсе наступныя з’езды праходзілі ў Мінску) стварыў адзіны кіруючы цэнтр, выбраў новы склад Прэзідыума Савета прафсаюзаў Беларусі, вызначыў канкрэтныя задачы прафсаюзаў рэспублікі ў перыяд пераходу да новай эканам. палітыкі. II Усебел. з’езд прафсаюзаў (1922) прыняў рашэнне аб перарэгістрацыі членаў прафсаюзаў і пераходзе ад абавязковага калектыўнага членства да добраахвотнага індывідуальнага. У 1-й чвэрці 20 ст. прафсаюзы Беларусі актыўна ўдзельнічалі ў барацьбе з ворагамі сав. улады, пераадоленні разрухі, правядзенні камуніст. суботнікаў, гасп. будаўніцтве, арганізацыі кампаній у падтрымку галадаючых і інш. На IV Усебел. з’ездзе прафсаюзаў (14—18.6.1924; 1-ы з’езд пасля ўзбуйнення БССР) 283 дэлегаты прадстаўлялі 113,1 тыс. чл. прафсаюзаў. З’езд выбраў Цэнтр. савет прафсаюзаў Беларусі (ЦСПСБ) у складзе 70 чал. Асн. задачы і формы дзейнасці прафсаюзаў у 1924—28: барацьба з беспрацоўем, удзел у аднаўленні і рэканструкцыі вытв-сці, размеркаванні фондаў матэрыяльнага забеспячэння працоўных, рэгуляванні прыватнакапіталіст. вытв-сці, умацаванне дысцыпліны і павышэнне прадукцыйнасці працы, культ.-асв. праца, ліквідацыя непісьменнасці і інш. У гэты перыяд разгарнулася кампанія па заключэнні калектыўных дагавораў, якія прадугледжвалі павышэнне аплаты і прадукцыйнасці працы, паляпшэнне культ. ўзроўню працоўных. Першы такі дагавор заключаны паміж прафсаюзам хімікаў і ўпраўленнем шкляной прам-сці. За эфектыўную працу па ліквідацыі непісьменнасці сярод насельніцтва прафсаюз работнікаў асветы быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырв. Сцяга БССР. Унутрыпарт. барацьба ў кіраўніцтве бальшавіцкай партыі ў 1920—30-я г. адбілася і на дзейнасці прафсаюзаў. У канцы 1920-х г. супраць прафсаюзаў БССР былі прыняты т.зв. «арганізацыйныя меры», у выніку якіх зменены 72% кіруючых прафс. кадраў. У пач. 1929 расфарміраваны праўленні гандл. служачых, работнікаў сувязі, зменена кіраўніцтва ЦК саюза будаўнікоў, распушчаны шэраг фабрычна-заводскіх і мясц. к-таў. У выніку рэформы арганізац. структур прафсаюзаў і іх разбуйнення ў пач. 1930-х г. у БССР ствараліся прафгрупы, цэхавыя бюро, выбіраліся прафупаўнаважаныя; замест 27 створана 76 прафес. саюзаў. У сувязі з цяжкасцямі, выкліканымі супярэчнасцямі грамадска-паліт. жыцця, прафсаюзы не заўсёды маглі эфектыўна адстойваць правы працоўных, хоць яны праводзілі пэўную работу па развіцці сістэмы сац. страхавання і культ. абслугоўвання насельніцтва, ахове працы і здароўя працоўных, навучанні кадраў і інш. Пры ЦСПСБ была арганізавана школа прафс. работнікаў на 350 чал.; у 1931 адкрыты Бел. філіял завочнага ін-та прафсаюзаў на 600 месц і вячэрні прафс. ун-т на 80 месц з 2-гадовым тэрмінам навучання. За гады першых пяцігодак прафсаюзы БССР умацаваліся арганізацыйна, вырасла іх актыўнасць. У 1937 яны аб’ядноўвалі больш за паўмільёна рабочых і служачых (84,1% усіх працуючых), але з 1932 да 1958 у рэспубліцы не склікаліся з’езды прафсаюзаў.

У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы, прафсаюзы знаходзіліся пад уплывам розных паліт. сіл і аб’ядноўвалі невял. частку працоўных (5—8% усіх працуючых на прадпрыемствах і ва ўстановах). У 1935 тут 6,6 тыс. чал. належалі да прафсаюзаў, якія знаходзіліся пад уплывам урадавых арг-цый, 5,8 тыс. — Бунда, 2,3 тыс. — партый і арг-цый хрысціянскага і нац. кірунку, 3,2 тыс. — Кампартыі Зах. Беларусі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР прафсаюзы прынялі ў свае рады амаль 85% усіх рабочых і служачых.

У пач. Вял. Айч. вайны прафсаюзы Беларусі займаліся мабілізацыяй, арганізацыяй падп. і партыз. барацьбы ў тыле ворага. Спробу арганізаваць прафсаюзы і выкарыстаць іх у сваіх мэтах зрабілі на акупіраванай тэр. Беларусі ням.-фаш. захопнікі. Паводле загаду ген. камісара Беларусі В.​Кубэ ў жн. 1942 пачалося стварэнне прафаш. прафсаюзаў, утворана Цэнтр. бюро прафсаюзаў Беларусі на чале з Фрэйдэнбергам. Акупанты патрабавалі ад прафс. «актывістаў» рашучых мер супраць тых, хто «зрывае мерапрыемствы па павышэнні прадукцыйнасці працы», не выключаючы прымус і сілу зброі. Але вынікі былі нязначныя.

Па меры вызвалення Беларусі аднаўлялі сваю дзейнасць і прафс. арг-цыі. Ужо ў канцы 1943 у Гомелі працавала 7 арганізац. бюро рэсп. галіновых прафсаюзаў. 12.12.1944 ЦК КП(б)Б прыняў пастанову «Аб аднаўленні прафсаюзных арганізацый у Беларускай ССР».

У канцы 1945 на Беларусі працавалі 6964 нізавыя прафс. арг-цыі, якія аб’ядноўвалі больш за ​2/3 усіх працуючых, на 1.1.1946—34 рэсп. і 49 абл. к-таў, 7678 пярвічных прафс. арг-цый, якія аб’ядноўвалі 334,6 тыс. чл. прафсаюзаў, ці 64,4% агульнай колькасці рабочых і служачых. 1-я Бел. міжсаюзная канферэнцыя прафсаюзаў (ліст. 1948) сфарміравала Бел. рэсп. савет прафсаюзаў (Белсаўпроф); саветы прафсаюзаў створаны ва ўсіх абласцях рэспублікі. Для падрыхтоўкі кадраў прафс. работнікаў у 1946—55 у Мінску дзейнічала Рэсп. школа ВЦСПС, якую скончылі 629 чал. Вял. значэнне ў павышэнні ролі і ўнутр. дэмакратызацыі прафсаюзаў меў снежаньскі (1957) пленум ЦК КПСС, які разгледзеў пытанне аб рабоце прафес. саюзаў СССР. На аснове яго рашэння VI пленум Белсаўпрофа (30.1.1958) патрабаваў, каб прафсаюзы будавалі сваю працу на строгім захаванні норм прафс. жыцця, развіцці і забеспячэнні калегіяльнасці ў кіраўніцтве, справаздачнасці і выбарнасці прафс. органаў. У маі 1958 адбыўся VIII з’езд прафсаюзаў Беларусі. Да пач. 1980-х г. прафсаюзы рэспублікі правялі яшчэ 7 з’ездаў (у лют. 1982 прайшоў XV з’езд прафсаюзаў Беларусі). З пач. 1958 да 1980 прафсаюзная арг-цыя павялічылася з 1459 тыс. да 5 млн. чал. Развіваліся міжнар. сувязі прафсаюзаў Беларусі. З 1954 яны ўключаліся ў работу Міжнар. арг-цыі працы (МАП). З сярэдзіны 1960 да сярэдзіны 1980-х г. назіралася ўзмоцненае адзяржаўленне прафсаюзаў. Улады ўцягвалі прафс. актыў і радавых членаў у парт.-сав. работу, надзялялі прафсаюзы дзярж.-ўладнымі функцыямі. Не садзейнічалі ўмацаванню прафсаюзаў і шматлікія рэарганізацыі. Так, паводле рашэнняў лістападаўскага (1962) пленума ЦК КПСС за аснову быў узяты тэрытарыяльны прынцып дзейнасці парт., сав., прафс. і інш. грамадскіх арг-цый, а праз 2 гады зноў вернуты тэрытарыяльна-вытв. прынцып. Прафсаюзы Беларусі пасляваен. перыяду займаліся наступнымі відамі дзейнасці: вытворча-эканамічнай (арганізацыя сацыяліст. спаборніцтва, удзел у распрацоўцы гасп. планаў і нарміраванні працы, развіццё масавай тэхн. вытворчасці працоўных); абарончай, культ.-выхаваўчай (у іх распараджэнні было каля 900 клубаў, больш за 500 бібліятэк, звыш 5000 піянерскіх лагераў, у маст. самадзейнасці ўдзельнічала больш як 600 тыс. рабочых і служачых; за кошт сваіх сродкаў прафсаюзы пабудавалі ў рэспубліцы 9 санаторыяў, 16 дамоў адпачынку і турыстычных баз, 165 спарт. аб’ектаў); нарматыўнай (Белсаўпроф удзельнічаў у распрацоўцы афіц. каментарыя да кодэкса законаў аб працы ў Беларусі); міжнароднай (толькі ў 1986 прафсаюзы рэспублікі прынялі 67 замежных дэлегацый і накіравалі сваіх прадстаўнікоў у 18 краін свету); арганізацыйнай (штогод на курсах Белсаўпрофа і аблсаўпрофаў праходзілі перападрыхтоўку каля 46 тыс. прафс. актывістаў, працаваў філіял Вышэйшай школы прафс. работнікаў, бюджэт прафес. саюзаў і бюджэт дзярж. сац. страхавання, якім кіравалі прафсаюзы, у 1985 перавышаў 1 млрд. руб. і складаў 14% ад усіх расходаў бюджэту БССР). XVI з’езд прафсаюзаў Беларусі (студз. 1987) выказаўся за больш рашучы паварот прафсаюзаў да інтарэсаў чалавека працы. XVII з’езд прафсаюзаў Беларусі (5—6.10.1990) прыйшоў да высновы, што прафсаюзы павінны абараняць інтарэсы шырокіх мас насельніцтва незалежна ад іх паліт., нац. і рэліг. арыентацыі. З’езд вызначыў новыя прынцыпы аб’яднання прафсаюзаў. Вынікам гэтага стала стварэнне Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ, некаторы час называлася Федэрацыя прафсаюзаў беларуская). XVII з’езд абвясціў сябе I з’ездам ФПБ, прыняў статут і праграму дзеянняў прафсаюзаў Беларусі.

На 1.1.1999 у ФПБ уваходзілі 33 галіновыя прафсаюзы, 6 абл. аб’яднанняў, больш за 29,7 тыс. пярвічных прафс. арг-цый з агульнай колькасцю больш за 4,4 млн. членаў. З 2-й пал. 1990-х г. дзейнасць ФПБ стала палітызавацца, адыходзіць ад праграмных і статутных палажэнняў і патрабаванняў федэрацыі. У 2001 — пач. 2002 у прафс. руху Беларусі абвастрыліся крызісныя працэсы: з-за памылак кіраўніцтва ФПБ, галіновых прафсаюзаў значна знізіліся аўтарытэт і ўплыў прафсаюзаў у грамадстве. У выніку спыніўся сац. дыялог, пачаліся дэзінтэграцыйныя працэсы, кіраўніцтва ФПБ не змагло эфектыўна працягваць узаемадзеянне з членскімі арг-цыямі, Урадам, аб’яднаннямі наймальнікаў. Прафсаюзы паступова страцілі частку сваіх функцый: ФПБ пазбавілася права заканадаўчай ініцыятывы і магчымасці ўдзельнічаць у падрыхтоўцы заканадаўчых актаў, права на ажыццяўленне кантролю за станам аховы працы на вытворчасці і прававой абароны членаў прафсаюза; быў забаронены збор прафс. узносаў у безнаяўным парадку; аслабелі пазіцыі прафсаюзаў у сац. абароне работнікаў, аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні, страчана магчымасць абароны сваіх прафс. работнікаў і актыву. Адбыўся раскол у галіновых прафсаюзах. З прычыны таго, што лідэры ФПБ актыўна заняліся палітыкай, пачаўся масавы выхад з прафсаюзаў як асобных іх членаў, так і цэлых арг-цый. Спынілі існаванне шэраг пярвічных прафс. арг-цый. З улікам гэтых абставін з’явілася неабходнасць перагледзець вызначаныя раней прафсаюзамі мэты і задачы, якія ўжо не былі канкрэтнымі і зразумелымі людзям, вызначыць шляхі далейшага развіцця і выхаду з крызісу. Усё гэта выклікала неабходнасць рэфармавання і мадэрнізацыі дзейнасці прафсаюзаў, патрабавала склікання пазачарговага IV з’езда ФПБ. На з’ездзе (18—19.9.2002) быў абраны новы склад ФПБ, яго прэзідыума. З’езд вызначыў гал. напрамкам работы прафс. арг-цый арганізацыйнае ўмацаванне прафсаюзаў, прыняў курс на кансалідацыю, умацаванне адзінства і салідарнасці прафс. руху пад кіраўніцтвам і вакол ФПБ, аб’явіў аб узнаўленні сац. дыялогу паміж прафсаюзамі, наймальнікамі і Урадам. Пасля пазачарговага IV з’езда ФПБ кіраўніцтвам федэрацыі праведзена значная работа, скіраваная на ўзнаўленне і ўмацаванне прафс. руху Беларусі. Па ініцыятыве і з удзелам ФПБ распрацаваны нарматыўныя прававыя акты, якія з’яўляюцца прававой асновай абароны працоўных і дзейнасці прафсаюзаў. ФПБ удзельнічала ў распрацоўцы і рэалізацыі рэсп. і рэгіянальных праграм занятасці насельніцтва, аздараўлення працоўных і членаў іх сем’яў, інш. сац. праграм, ініцыіравала станаўленне і развіццё сістэмы сац. партнёрства, садзейнічала і працягвае садзейнічаць стабілізацыі паліт. і сац.-эканам. жыцця краіны. Праводзімая ФПБ і яе членскімі арганізацыямі работа ўзмацніла аўтарытэт прафсаюзаў і іх уплыў у грамадстве. На 1.10.2004 ФПБ уключала 30 галіновых прафсаюзаў, 6 абл. і Мінскае гар. аб’яднанні прафсаюзаў, 23,4 тыс. пярвічных прафс. арг-цый з агульнай колькасцю 4 млн. членаў. Членамі прафсаюзаў на прадпрыемствах, у арг-цыях і ўстановах, дзе створаны іх пярвічныя арг-цыі, з’яўляюцца больш за 90% работнікаў. Найб. буйныя прафсаюзы ў ФПБ — работнікаў аграпрамысл. комплексу, адукацыі і навукі, аховы здароўя, мясц. прамысловасці і камунальна-быт. прадпрыемстваў і інш. ФПБ, яго кіруючыя органы ажыццяўляюць сваю дзейнасць у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі «Аб прафесіянальных саюзах», «Аб занятасці», «Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь», інш. заканадаўчымі і нарматыўнымі актамі, статутам ФПБ, а таксама Усеаг. дэкларацыяй правоў чалавека, міжнар. пактамі і канвенцыямі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь. Прафсаюзы Беларусі працуюць у кірунку ўмацавання незалежнай, суверэннай дзяржавы, стварэння ўмоў для ўздыму жыццёвага ўзроўню насельніцтва краіны, фарміравання дэмакр. грамадства. ФПБ удзельнічае ў рабоце Усеаг. Канфедэрацыі прафсаюзаў, Сусв. Федэрацыі прафсаюзаў, прадстаўляе працоўных Беларусі ў МАП, ажыццяўляе кантакты і супрацоўніцтва з многімі прафцэнтрамі СНД, Еўропы, Азіі, Амерыкі.

ФПБ вырашыла шэраг важных сац.-эканам. пытанняў. Адноўлены безнаяўны парадак пералічэння прафс. узносаў па пісьмовых заявах работнікаў. Федэрацыя дабілася ўдзелу прафсаюзаў у падрыхтоўцы нарматыўных прававых актаў, якія закранаюць працоўныя і сац.-эканам. інтарэсы работнікаў. Па патрабаванні ФПБ зніжана пеня за несвоечасовую аплату жыллёва-камунальных паслуг з 0,5 да 0,3%, а тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі ў 2004 замарожаны і абмежаваны: яны не могуць павялічвацца больш чым на 4—5 долараў ЗША у год. Федэрацыя настаяла на ўнясенні змянення ў Жыллёвы кодэкс, якое прадугледжвае паляпшэнне сістэмы аплаты камунальных паслуг. Мінімальная заработная плата ўстаноўлена па прапанове ФПБ з 1.11.2004 на ўзроўні бюджэту пражытачнага мінімуму. Федэрацыя пастаянна патрабавала ад Урада прыняцця канкрэтных мер па ліквідацыі запазычанасці па заработнай плаце, у выніку дзяржавай узмоцнены патрабаванні да наймальнікаў па своечасовай яе выплаце. Дзякуючы паслядоўнай і прынцыповай пазіцыі ФПБ, Ген. пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў на 2004—05, падпісанае 11.3.2004, удалося напоўніць канкрэтнымі паказчыкамі ў галіне аплаты працы, пенсійнага забеспячэння, узмацніць пазіцыі ў частцы правоў і гарантый членаў прафсаюзаў і прафс. актывістаў. Усе ўключаныя ў Ген. пагадненне абавязацельствы па павышэнні ўзроўню жыцця і сац. абароне насельніцтва выконваюцца. У 2003 створаны спарт. клуб ФПБ, працуюць дзіцяча-юнацкія спарт. школы. У структуры ФПБ налічваецца 173 дзіцяча-юнацкія спарт. школы, што складае 40% ад іх агульнай колькасці ў рэспубліцы. У гэтых школах займаюцца больш за 53 тыс. дзяцей, падлеткаў і моладзі па 57 відах спорту, працуюць 1,9 тыс. трэнераў-выкладчыкаў, у т. л. 43 заслужаныя трэнеры і 109 трэнераў-выкладчыкаў вышэйшай катэгорыі. У складзе зборных каманд краіны па відах спорту выступаюць 1172 прафс. спартсмены, што складае каля 30% ад агульнай колькасці. На XXIII летніх Алімпійскіх гульнях (2004) у Афінах 34 спартсмены прадстаўлялі прафсаюзы ў складзе бел. дэлегацыі і заваявалі 4 алімпійскія медалі. Узрос аўтарытэт сістэмы санаторна-курортных устаноў прафсаюзаў. У аздараўленні і лячэнні членаў прафсаюзаў задзейнічаны ўсе здраўніцы унітарнага прадпрыемства ФПБ «Белпрафсаюзкурорт». Штогод у санаторыях, пансіянатах, дамах адпачынку прафсаюзаў праходзяць лячэнне і адпачываюць каля 100 тыс. чал. На балансе прафс. к-таў рэспублікі знаходзяцца 45 дзіцячых аздараўленчых лагераў. У рамках акцыі «Прафсаюзы — дзецям» прафкомы ўзялі шэфства на пастаяннай аснове над 168 дзіцячымі дамамі, школамі-інтэрнатамі і сац. прытулкамі, у якіх выхоўваюцца дзеці-сіроты. ФПБ дабіваецца поўнай перадачы размеркавання пуцёвак на лячэнне, аздараўленне і адпачынак прафс. арг-цыям прадпрыемстваў і ўстаноў. ФПБ удзяляе асаблівую ўвагу рацыянальнаму выкарыстанню прафс. уласнасці. Праведзена рэканструкцыя рэсп. Палаца культуры прафсаюзаў. У 2004 пачалася рэканструкцыя спартыўна-аздараўленчай базы ў пас. Ратамка пад Мінскам. Змянілі свой знешні выгляд будынкі гасцініц, лячэбныя карпусы санаторыяў і інш. аб’екты. У рамках святкавання 60-й гадавіны вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле ФПБ былі праведзены 2 этапы рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Курган Славы», створаны музей ваен. тэхнікі пад адкрытым небам. Федэрацыя мае свой гімн і марш. Па ініцыятыве ФПБ Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.4.2004 устаноўлены юбілейны медаль «100 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі».

т. 18, кн. 2, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)