КРЫК ((Crick) Фрэнсіс Хары Комптан) (8.6.1916, г. Нартгемптан, Вялікабрытанія),

англійскі біяфізік; адзін з заснавальнікаў малекулярнай генетыкі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1959), Нац. АН ЗША (1960), ганаровы чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў (1962). Скончыў Лонданскі універсітэцкі каледж (1937). У 1937—39 і 1947—77 у Кембрыджскім ун-це, у 1953—54 у Бруклінскім політэхнічным ін-це, з 1977 у Солкаўскім ін-це ў г. Сан-Дыега (ЗША). Навук. працы па вывучэнні структуры нуклеінавых кіслот. У 1953 разам з Дж.Уотсанам стварыў мадэль структуры ДНК (мадэль Уотсана—Крыка, двайная спіраль). Нобелеўская прэмія 1962 (разам з Дж.​Уотсанам і М.Уілкінсам).

Ф.Крык.

т. 8, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНРО́ (Monroe) Мэрылін [сапр. Бейкер Мортэнсан

(Baker Mortenson) Норма Джын; 1.6.1926, г. Лос-Анджэлес, ЗША — 5.8.1962], амерыканская кінаактрыса. У кіно з 1947. У 1950-я г. самая папулярная актрыса — увасабленне жывой «амерыканскай мары». Здымалася ў фільмах розных жанраў: меладраме «Ніягара» (1953),

вестэрне «Рака, адкуль не вяртаюцца» (1954), камедыях «Сверб сёмага года» (1955), «Прынц і танцоўшчыца» (1957), «Некаторыя любяць больш гарачае» (1959, у сав. пракаце «У джазе толькі дзяўчаты») і інш. Дыяпазон яе драм. магчымасцей асабліва раскрыўся ў фільмах «Аўтобусны прыпынак» (1956) і «Непрыкаяныя» (1960). Пра жыццё і творчасць М. пісаў Н.Мейлер, знята кінаанталогія «Мэрылін» (1963).

т. 10, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАК ((Buck) Перл) (26.6.1892, г. Хілсбара, штат Зах. Віргінія, ЗША — 6.3.1973),

амерыканская пісьменніца. Чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў (з 1951). Аўтар раманаў пра Кітай: «Усходні вецер, заходні вецер» (1930), «Зямля» (1931, Пулітцэраўская прэмія; бел. пер. 1937), «Сыны» (1932), «Маці» (1934), «Дом, які распадаецца» (1935). Пад псеўд. І.​Седж публікавала сац.-бытавыя і «сямейныя» раманы з амер. жыцця: «Партрэт аднаго шлюбу» (1945), «Родзічы» (1949) і інш. Выступала за раўнапраўе неграў, супраць каланіялізму, папярэджвала пра небяспеку атамнай вайны (раман «Загадай раніцы», 1959). Аўтар зб-каў апавяданняў («Далёка і блізка», 1948, і інш.), кн. для дзяцей, мемуараў («Некалькі маіх светаў», 1954). Нобелеўская прэмія 1938.

П.Бак.

т. 2, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНІ́Т ((Granit) Рагнар Артур) (30.10.1900, Хельсінкі — 1991),

шведскі нейрафізіёлаг. Чл. Каралеўскай швед. АН, чл. Нац. АН ЗША, ганаровы чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Хельсінкскі ун-т (1927). З 1928 спецыялізаваўся ў лабараторыі Ч.​С.​Шэрынгтана ў Оксфардскім ун-це, у 1929—32 у Пенсільванскім ун-це. З 1935 праф. фізіялогіі Хельсінкскага ун-та, з 1940 у Каралінскім ін-це ў Стакгольме, у 1945—67 дырэктар Нобелеўскага ін-та нейрафізіялогіі. У 1963—65 прэзідэнт Каралеўскай швед. АН. Навук. працы па рэгуляванні рухаў цэнтр. нерв. сістэмай. Даследаваў першасныя нейрафізіялагічныя працэсы зроку. Нобелеўская прэмія 1967 (разам з Дж.Уолдам і Х.Хартлайнам).

Р.Граніт.

т. 5, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКАРЫ́РУЮЧЫЯ ВІ́ДЫ (ад лац. vicarius замяшчальны),

замяшчальныя віды, блізкароднасныя віды раслін або жывёл, якія займаюць розныя арэалы (геагр. вікарыят) ці трапляюцца ў межах аднаго арэала, але ў розных экалагічных умовах (экалагічны вікарыят). Эвалюцыйна вікарыруючыя віды фарміруюцца ва ўмовах геагр. ці экалагічнай ізаляцыі. Напр., арэал роду лістоўніцы ўтвораны шэрагам яе геагр. вікарыруючых відаў: лістоўніцай сібірскай (Еўрап. частка і Зах. Сібір), даурскай (Усх. Сібір), амерыканскай (Паўн. Амерыка); у пустынях Еўразіі арэал тушканчыка ўтвораны яго экалагічнымі вікарыруючымі відамі: махнаногім (на пясках) і малым (на гліністых участках). На Беларусі прыклады вікарыруючых відаў: мыш лясная (на Пд і ў сярэдняй частцы) і мыш малая (на Пн); бяроза бародаўчатая (сухія месцы) і бяроза пушыстая (забалочаныя ўчасткі) і інш.

В.​В.​Грычык.

т. 4, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РВІЧ (Ісак Аронавіч) (Адольфавіч; 1860, Мінск — 1924),

удзельнік народніцкага і с.-д. руху на Беларусі і сацыяліст. руху ў ЗША, вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1891), прафесар. Скончыў Мінскую гімназію (1877). У час вучобы ў Пецярбургскім ун-це ў 1879 арыштаваны, пасля гадавога зняволення высланы ў Мінск. Удзельнічаў у стварэнні мінскай Друкарні «Чорнага перадзелу». У 1880 зноў арыштаваны і сасланы на 4 гады ў Сібір. З 1885 у Мінску. З 1889 у ЗША. Чл. Амерыканскай сацыяліст. партыі. Выдаваў у Нью-Йорку на рус. мове газ. «Прогресс», удзельнічаў у стварэнні і рэдагаванні час. «The Class Struggle» («Класавая барацьба») і «The Revolutionary Age» («Рэвалюцыйная эпоха»). Аўтар прац па перасяленчым руху сялян у Сібір, развіцці капіталізму ў сельскай гаспадарцы Расіі.

М.​А.​Сакалова.

т. 5, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЭНС ((Vance) Сайрус Робертс) (н. 27.3.1917, г. Кларксберг, ЗША),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША, дыпламат. Д-р права. Чл. Дэмакр. партыі. Скончыў Іельскі ун-т (1939). Удзельнік 2-й сусв. вайны. Нам. міністра абароны ЗША (1964—67). Пасол па асобых даручэннях прэзідэнта (1967—69), у час вайны ЗША у В’етнаме 1964—73 пасрэднік на перагаворах з в’етн. бокам аб міры. Саветнік па знешнепаліт. пытаннях прэзідэнта Дж.Э.Картэра (1976). Дзярж. сакратар ЗША (1977—80), выступаў за аслабленне напружанасці ў адносінах з СССР, кантроль над узбраеннямі, узмацненне эканам. дапамогі краінам, што развіваюцца, паляпшэнне становішча з правамі чалавека ў свеце. Чл. Камісіі Пальме (1980—89). У 1991 — 93 па даручэнні ААН пасрэднік па ўладжванні канфлікту ў Югаславіі. Аўтар мемуараў «Цяжкія рашэнні. Чатыры крытычныя гады амерыканскай знешняй палітыкі» (1983).

т. 4, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОС ПА́САС ((Dos Passos) Джон Радэрыга) (14.1.1896, г. Чыкага, ЗША — 28.9.1970),

амерыканскі пісьменнік. З партуг. эмігрантаў. Скончыў Гарвардскі ун-т (1916), з 1917 добраахвотнікам удзельнічаў у 1-й сусв. вайне. Адным з першых пачаў пісаць у рэчышчы л-ры «страчанага пакалення» (раманы «Пасвячэнне аднаго маладога чалавека — 1917», 1920; «Тры салдаты», 1921). Наватарства Д.П. ў найб. ступені праявілася ў рамане «Манхэтэн» (1925), трылогіях «ЗША» («42-я паралель», 1930; «1919», 1932; «Вялікія грошы», 1936) і «Акруга Калумбія» (1939—48), рамане «У сярэдзіне стагоддзя» (1961). Апублікаваў маст. аўтабіяграфію «Лепшыя часы» (1966). Пісьменнік асэнсоўваў праблемы чалавека ў індустр. грамадстве ЗША, з яго «амерыканскай марай» пачатку стагоддзя і вял. дэпрэсіяй 1930-х г., з крахам ілюзій і стратай ідэалаў. Яго творам уласцівы маштабнасць абагульненняў, імпрэсіяністычнасць, асацыятыўнасць.

Е.​А.​Лявонава.

т. 6, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУШНЫ́Я ЗВЯРЫ́,

дзікія і выгадаваныя ў няволі млекакормячыя, шкуркі якіх выкарыстоўваюцца на футравыя вырабы. Належаць да атр. драпежных (собаль, скунс, выдра, куніца, норка, ліс, гарнастай, пясец, воўк, барсук, расамаха, шакал, рысь, тыгр, гепард, леапард, мядзведзь і інш.), грызуноў (вавёрка, андатра, бобр бабёр*, суслік, хамяк, бурундук, сурок, шыншыла), зайцападобных (зайцы, пішчухі), насякомаедных (хахуля, краты), ластаногіх (марскі коцік, грэнландскі цюлень). Здабыча і развядзенне П.з. найб. развіты ў Расіі, Канадзе, ЗША, Фінляндыі, Швецыі, Нарвегіі. На Беларусі каля 25 відаў П.з., з якіх найб. пашыраны і шматлікія; краты, зайцы, вавёркі, лісы, куніцы, менш — бабры, выдры, гарнастаі, тхары; акліматызаваныя — норка амерыканская, андатра, янотападобны сабака, янот-паласкун. Шырокае развіццё атрымалі развядзенне П.з. у няволі (пясца, норкі амерыканскай, ліса серабрыста-чорнага); клетачная зверагадоўля (да 98% нарыхтовак пушніны). Большасць П.з. належаць да паляўнічых жывёл і з’яўляюцца ч. паляўнічага дзяржаўнага фонду. Барсук, буры мядзведзь, еўрап. рысь, палятуха звычайная занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

т. 13, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕРЫКА́НСКАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ — КАНГРЭ́С ВЫТВО́РЧЫХ ПРАФСАЮ́ЗАЎ (American Federation of Labor-Congress of Industrial Organizations АФП—КВП),

найбольшае прафс. аб’яднанне ў ЗША. Створана ў 1955 у выніку зліцця Амерыканскай федэрацыі працы і Кангрэса вытворчых прафсаюзаў. Да 1969 уваходзіла ў Міжнародную канфедэрацыю свабодных прафсаюзаў. Штаб-кватэра ў г. Вашынгтон. З’яўляецца асн. сацыял-рэфармісцкай сілай у краіне, на прэзідэнцкіх выбарах у асноўным падтрымлівае Дэмакр. партыю. У сваёй дзейнасці зыходзіць з ідэі, што рабочыя павінны мець права на забастоўку, выкарыстоўвае метады калект. торгу (для дасягнення калект. дагавору з работадаўцам) і паправак да закону (паляпшэнне існуючых законаў); кіраўніцтва АФП—КВП выступае супраць левага радыкалізму і свабоднай рыначнай стыхіі. Аб’ядноўвае (1994) 98 найбуйнейшых прафсаюзаў краіны: рабочых буд. прам-сці, транспартнікаў, партовых грузчыкаў усх. ўзбярэжжа і інш.; больш за 14,5 млн. чл. Старшыні АФП—КВП: Дж.​Міні (1955—79), Л.​Керкленд (з 1979). Друкаваныя органы: штотыднёвік «AFL—CIO News» («Навіны АФП—КВП») і штомесячны час. «American Federationist» («Амерыканскі федэрацыяніст»).

т. 1, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)