ЛЯ́ХАВІЧЫ,

горад, цэнтр Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл., на р. Ведзьма. На шашы Брэст—Русінавічы. За 225 км ад Брэста, чыг. ст. на лініі Баранавічы—Лунінец. 12,2 тыс. ж. (1998).

Вядомы з 15 ст. як цэнтр Ляхавіцкай вол. (маёнтка). У 1-й пал. 16 ст. належалі Гаштольдам. З 1551 уладанне вял. кн. Жыгімонта II Аўгуста. З 1572 уладанне Я.​Е.​Хадкевіча і яго нашчадкаў, якія з канца 16 ст. сталі наз. «графы на Ляхавічах». У канцы 16 ст. пабудаваны Ляхавіцкі замак. У 1635 Л. перайшлі да Сапегаў. У 17 ст. мястэчка, у 1636—215 дымоў. З 1760 уладанне Масальскіх. Уваходзілі ў Навагрудскі, з 1791 — у Случарэцкі пав. Навагрудскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі. З 1797 цэнтр Ляхавіцкай вол. Слуцкага пав. Мінскай губ. У канцы 18—19 ст. ў ленным уладанні Касакоўскіх. У 1880-я г. праз Л. пракладзены ўчастак Палескай чыг. Баранавічы—Лунінец. У 1897 мястэчка, 5016 ж., каля 150 двароў. У лют.—снежні 1918 акупіраваны герм. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, горад у Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, у Баранавіцкай вобл., 5,1 тыс. ж. З 1940 цэнтр раёна. У Вял. Айч. вайну з 26.6.1941 да 6.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў горадзе і раёне знішчылі 4983 чал. З 1954 у Брэсцкай вобл. У 1959—4,5 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкетны з-д «Ляхавіцкі»), буд. матэрыялаў і харч. прам-сці. Ляхавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Брацкія магілы сав. воінаў; сав. воінаў і партызан. Помнік рус. воінам, якія загінулі ў 1-ю сусв. вайну. Радзіма бел. пісьменніка і грамадскага дзеяча 16 ст. Ф.Еўлашоўскага.

т. 9, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРУ́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Баруны». За 21 км на ПдУ ад Ашмян, 222 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Багданаў. 524 ж., 178 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, касцёл.

У мінулым мястэчка Ашмянскага пав., адзін з цэнтраў уніяцтва. У 18 ст. ў Барунах пабудаваны Барунскі манастыр базыльян, пры якім у 1793 адкрыта школа. З 1795 у Рас. імперыі. У 1905 — 229 ж., 294 дзес. зямлі. Дзейнічала Барунская настаўніцкая семінарыя. З 1922 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, дзейнічала антыфаш. група. Летам 1944 спалены.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎГУСТО́ЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў Польшчы, Рас імперыі і БССР у 19—20 ст. Цэнтр — г. Аўгустаў. Утвораны ў 1807 з Дамброўскага і Бебжанскага пав. у складзе Варшаўскага герцагства. Пл. 1779 кв. вёрст, нас. 81,7 тыс. чал. (1897), з якіх 42,3% палякаў, 32,5% беларусаў, 5,3% рускіх. Падзяляўся на 12 валасцей, меў 1 горад і 3 пасады. У 1815 павет далучаны да Рас. імперыі. У 1837—66 у складзе Аўгустоўскай, з 1866 — Сувалкаўскай губ. У 1915—18 акупіраваны герм. войскамі, затым у складзе Беластоцкага ваяв. Польшчы. З 1939 у складзе БССР, у Беластоцкай вобласці. У студз. 1940 павет скасаваны і ўтвораны раёны; у 1945 яго тэр. перададзена Польшчы.

т. 2, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАСТО́ЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі і Польшчы ў 19—20 ст. Утвораны ў 1808 у складзе Беластоцкай вобласці, з 1842 у Гродзенскай губерні. Цэнтр — г. Беласток. Пл. 2904 км², нас. 210 132 чал. (1897). Падзяляўся на 12 валасцей. У 1-ю сусв. вайну ў 1915—18 акупіраваны герм. войскамі, з канца 1918 у складзе адноўленай Польшчы, з 2.8.1919 у Беластоцкім ваяводстве, падзяляўся на гміны (б. воласці). 231,5 тыс. ж. (1919). З 2.11.1939 у БССР, з 4.12.1939 увайшоў у Беластоцкую вобл., дзе 15.1.1940 паветы скасаваны і праведзена раянаванне, у т. л. створаны Беластоцкі р-н. Паводле дагавора «Аб савецка-польскай дзяржаўнай граніцы» ад 16.8.1945 тэр. былога Беластоцкага павета перайшла да Польшчы.

т. 3, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РВІК (Narvik),

горад на Пн Нарвегіі. Каля 50 тыс. ж. (1997). Порт у глыбіні незамярзаючага Уфут-фіёрда (штогадовы знешнегандл. грузаабарот больш за 20 млн. т; больш за 90% — жал. руда); вываз руды са Швецыі, цэлюлозы і драўніны з Фінляндыі. Рыбалоўства. Суднарамонт.

Першапачаткова порт для вывазу руды, засн. англа-шведскай кампаніяй. З 1887 наз. Вікторыяхаўн, з 1898 — Н. З 1902 горад. Хутка развіваўся пасля буд-ва чыгункі (самая паўн. ў свеце). У 2-ю сусв. вайну ў час Нарвежскай аперацыі 1940 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. 14—18.4.1940 у раёне Н. высадзіўся брыт., франц. і польскі дэсант, які авалодаў горадам; у сувязі з цяжкім становішчам на фронце ў Францыі 8 ліп. саюзныя войскі эвакуіраваны.

т. 11, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛА́РУЧЫ,

вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., на р. Вяча. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПдЗ ад Лагойска, 26 км ад Мінска. 89 ж., 55 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

З 16 ст. мяст. Бяларуч Мінскага пав. ВКЛ. У 1600 мястэчка, маёнтак і двор Бяларучы належалі А.​Друцкай-Горскай. У 1870 цэнтр Бяларуцкай вол., у 1880 — 140 ж, 15 двароў, царква, нар. вучылішча, якое ў 1898 скончыў Я.​Купала. З 1924 цэнтр сельсавета Астрашыцка-Гарадоцкага, з 1931 Лагойскага р-наў. У Вял. Айч. вайну ў чэрв. 1941 — ліп. 1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў ліп. 1942 спалілі вёску і загубілі 13 жыхароў. У 1970 — 164 ж., 54 двары.

т. 3, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГА́ЦЬКАЎКА,

вёска ў Беларусі, у Раздзельскім с/с Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Рамясцвянка. За 23 км на ПнЗ ад Мсціслава, 104 км ад Магілёва, 27 км ад чыг. ст. Ходасы. 100 ж., 66 двароў (1993).

У 1834 — 116 ж., 28 двароў, уласнасць памешчыка. У пач. 20 ст. існавалі 2 вёскі: Вял. Багацькаўка (172 ж., 30 двароў) і Малая Багацькаўка (160 ж., 21 двор) у складзе Шамаўскай вобласці Мсціслаўскага пав. У Вял. Айч. вайну з 14.7.1941 да 29.9.1943 вёскі акупіраваны ням. фашыстамі. У 1976 аб’яднаны ў адну вёску. Малая Багацькаўка — радзіма бел. пісьменніка Максіма Гарэцкага і бел. вучонага, акад. АН Беларусі Г.І.Гарэцкага. Музей М.​Гарэцкага.

Да арт. Багацькаўка. Хата Гарэцкіх у бы-лой в. Малая Багацькаўка.

т. 2, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСУНСЬЁН (Asunción),

горад, сталіца Парагвая, на ўсх. беразе р. Парагвай. 502,4 тыс. ж. (1992). Гандл. порт, транспартны і камерцыйны цэнтр (75% экспарту і 90% імпарту) краіны. Міжнар. аэрапорт, чыг. станцыя. Асн. прамысл. цэнтр краіны: тэкст., гарбарна-абутковая, харчовая (мясахаладабойні, кансервавая, цукр. і інш.), дрэваапр. прам-сць. Цэнтр вытв-сці экстракту кебрача. Суднаверф. Паблізу Асунсьёна — нафтаперапр. З-д. 2 ун-ты, 3 акадэміі, у т. л. мовы і культуры гуарані.

Засн. 15.8.1537 ісп. канкістадорамі ў дзень Прачыстай, адсюль назва (ісп. Asunción Прачыстая). Да пач. 17 ст. цэнтр ісп. калоній у раёне Ла-Платы. У маі 1811 у Асунсьёне абвешчана незалежнасць Парагвая. У час Парагвайскай вайны 1864—70 у студз. 1869 акупіраваны браз. войскамі, у выніку загінула каля ​2/3 жыхароў горада.

Асунсьён. Цэнтр горада.

т. 2, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАР-ЭС-САЛА́М (Dar es Salaam),

горад у Танзаніі. Месцазнаходжанне ўрада. Адм. ц. Прыбярэжнай вобл. 1436 тыс. ж. (1990). Гал. марскі порт краіны, на беразе Індыйскага ак. (абслугоўвае часткова суседнія краіны). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Пачатковы пункт нафтаправода ў Замбію. Прам-сць: нафтаперапр., цэм., аўтазборачная, тэкст., эл.-тэхн., харчасмакавая (мясакансервавая, тытунёвая, мукамольная, піваварная), абутковая. Суднабудаванне (пераважна рыбацкіх суднаў). Вытв-сць лакаў, фарбаў, мыла, мэблі. Рыбалоўства. Ун-т. Бат. сад. Гісторыка-этнагр. музей.

Засн. ў 1862 султанам Занзібара на месцы рыбацкай в. Мзізіма. У 1887 захоплены герм. усх.-афр. кампаніяй. З 1891 адм. ц. Герм. Усх. Афрыкі. У 1916 акупіраваны англ. войскамі. У 1919—61 цэнтр англ. каланіяльнай адміністрацыі Танганьікі. У 1861—64 сталіца незалежнай дзяржавы Танганьіка, у 1964—73 — Танзаніі.

т. 6, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́РЫН,

гарадскі пасёлак у Брагінскім р-не Гомельскай вобл., прыстань на р. Дняпро. За 52 км на Пд ад Брагіна, 3 км ад чыг. ст. Ёлча на лініі Чарнігаў—Оўруч (Украіна), аўтадарогай злучаны з Брагінам. 2,4 тыс. ж. (1998).

У 19 ст. мястэчка Рэчыцкага пав., параходная прыстань, вятрак, 6 крам; 550 ж. (1897). З 1923 цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1926—62 цэнтр Камарынскага раёна. З 28.8.1941 да 23.9.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. 98 чал. З 17.11.1959 гар. пасёлак, з 1962 у Брагінскім р-не. У 1971—1,6 тыс. ж.

Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік у гонар воінаў-вызваліцеляў.

т. 7, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)