АФРАДЫЗІЯ́КА,
рэчывы, якія стымулююць палавую цягу і актыўнасць. Традыцыйна гэта сродкі расліннага і жывёльнага паходжання. Сродкі нар. медыцыны: цыбуля, яйкі, сельдэрэй, мёд, шакалад, амбра, гарчыца, крабы, вустрыцы, жэньшэнь, бабровы струмень, залаты корань; фармакалагічныя сродкі: палавыя гармоны, псіхастымулятары, адаптагены. Радзей да афрадызіякаў адносяць эратычныя фатаграфіі, відарысы, кнігі, кіна- і відэафільмы і інш.
т. 2, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕРМЕ́НТНЫЯ Я́ДЫ,
рэчывы прыроднага ці сінт. паходжання, якія тармозяць актыўнасць пэўных ферментаў. Ф.я. прыгнечваюць жыццёва важныя функцыі арганізма (напр., сінільная к-та і яе солі, злучэнні цяжкіх металаў і інш. прыгнечваюць акісляльныя ферменты і выклікаюць тканкавую гіпаксію). Могуць выкарыстоўвацца ў якасці ядахімікатаў, лекавых сродкаў, атрутных рэчываў і інш.
І.М.Семяненя.
т. 16, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫГЕЛЬМІ́НТЫКІ, антыгельмінтныя сродкі, проціглісныя сродкі,
лекавыя сродкі, якія выкарыстоўваюцца для лячэння гельмінтозаў. Бываюць прыроднага паходжання (цытвора, экстракт мужчынскай папараці) і сінтэтычныя (хлаксіл, дытразін і інш.). Вынішчаюць гельмінтаў, разбураючы покрывы іх цела (фенасал, гептылрэзарцын), або ўздзейнічаюць на нерв.-мышачную сістэму, прыгнечваюць рухальную актыўнасць паразітаў і забяспечваюць выдаленне іх з арганізма (сантанін, дытразін, піперазін, нафтамон і інш.).
т. 1, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТО́М (ад грэч. plastos вылеплены),
сукупнасць генаў, што размешчаны ў кальцавых малекулах ДНК пластыд. У кааперацыі з генамі ядра П. забяспечвае ўласнае ўзнаўленне і рэалізацыю генет. інфармацыі ў пластыдах. Характарызуецца множнасцю копій ДНК на клетку і пластыду. Вывучэнне П. дазваляе мэтанакіравана праводзіць селекцыю высокаўраджайных сартоў культ. раслін, якія маюць высокую актыўнасць фотасінтэзу.
т. 12, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУКТУ́РНЫЯ ГЕ́НЫ,
участкі малекулы ДНК, якія вызначаюць паслядоўнасць амінакіслот у малекуле бялку ці ферменту. У пракарыётаў у склад аперона ўваходзяць некалькі С.г., эўкарыётаў — адзін, які мае інфарматыўныя (экзоны) і неінфарматыўныя (інтроны) участкі. Экзоны ўтвараюць інфарм. РНК, дзе адбываецца зборка адпаведнай малекулы бялку. Функцыян. актыўнасць С.г. вызначае фенатыпічныя асаблівасці кожнага арганізма.
Р.Г.Заяц.
т. 15, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСЕЛЕРА́ТАР у эканоміцы,
эканамічны паказчык, які характарызуе сувязь паміж аб’ёмам капіталаўкладанняў і велічынёй спажывецкіх выдаткаў у эканоміцы. Істотны рост спажывецкіх выдаткаў стымулюе інвестыцыйную актыўнасць і наадварот. Акселератар разам з мультыплікатарам выкарыстоўваецца для выяўлення сутнасці і фактараў макраэканам. нестабільнасці пры дзярж. рэгуляванні рыначнай эканомікі. Прынцып акселератара прапанаваны ў 1913 А.Афтальёнам і ўключаны ў неакейнсіянскія мадэлі эканам. росту.
т. 1, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНІЦЫЛІ́НЫ,
група антыбіётыкаў, якія прадуцыруюцца шматлікімі відамі плесневых грыбоў роду пеніцыл. Комплекс прыродных П. вылучаны ў 1929 А.Флемінгам. П. эфектыўныя супраць шэрагу патагенных мікраарганізмаў: стафілакокаў, стрэптакокаў, пнеўмакокаў, ганакокаў, менінгакокаў, узбуджальнікаў батулізму, сіфілісу і інш. Антымікробная актыўнасць П. абумоўлена прыгнечаннем розных стадый біясінтэзу кампанентаў клетачнай сценкі мікробаў. П. лечаць гнойныя інфекцыі скуры, пнеўманіі, сепсіс, ганарэю, сіфіліс і інш. хваробы.
т. 12, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧОЛАЧНАЗЯМЕ́ЛЬНЫЯ МЕТА́ЛЫ,
хімічныя элементы гал. падгрупы II групы перыяд. сістэмы элементаў Дз.І.Мендзялеева: кальцый Са, стронцый Sr, барый Ва, радый Ra. Аксіды Ш.м. (паводле тэрміналогіі алхімікаў — «землі») надаюць вадзе шчолачную рэакцыю (адсюль назва). Атамы Ш.м. маюць на знешняй абалонцы па 2 5-электроны і 6 p-электронаў; ступень акіслення +2. Хім. актыўнасць Ш.м. нарастае ад кальцыю да радыю.
т. 17, с. 499
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНІЛАЦЭТЫЛЕ́Н,
ненасычаны вуглевадарод, H2C==CH—C≡CH. Бясколерны газ, tкіп 5 °C, шчыльн. 709,5 кг/м³ (0 °C), добра раствараецца ў бензоле і інш. арган. растваральніках. Мае выключную хім. актыўнасць: лёгка акісляецца, здольны да рэакцый далучэння, замяшчэння, полімерызацыі. У прам-сці атрымліваюць дымерызацыяй ацэтылену ў прысутнасці каталізатара. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці хларапрэну. Раздражняе слізістыя абалонкі, аказвае наркатычнае ўздзеянне, ГДК 20 мг/м³.
т. 4, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЦЭРАФАСФАТЫ́ДЫ, фосфагліцэрыды,
адна з груп фосфаліпідаў (фасфатыдаў). Да гліцэрафасфатыдаў адносяцца вытворныя 1,2-дыацыл-sn-гліцэрол-3-фасфату (фасфатыднай к-ты). Найб. распаўсюджаны дыацылгліцэрафасфатыды і плазмалагены. Гліцэрафасфатыды адыгрываюць ролю асн. фосфаліпіднага кампанента клетачных мембран жывёл, раслін і мікраарганізмаў, вызначаючы іх будову і пранікальнасць, а таксама актыўнасць шэрагу лакалізаваных у мембранах ферментаў. З бялкамі ўтвараюць ліпапратэінавыя комплексы. Розным біял. мембранам уласцівы пэўны састаў гліцэрафасфатыдаў.
т. 5, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)