ПРЫРО́ДНЫЯ ЎМО́ВЫ,

сукупнасць геаграфічнага становішча тэрыторыі, прыродных рэсурсаў і інш. кампанентаў геаграфічнага асяроддзя (напр., рэжым рэк і азёр, клімат, рэльеф). Непасрэдна ўплываюць на размяшчэнне вытворчасці, рассяленне насельніцтва, рэкрэацыю і інш. формы чалавечай дзейнасці.

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРЫ́М,

рака на З Кітая; самая доўгая ў Цэнтр. Азіі. Утвараецца ад сутокаў рэк Яркенд, Аксу і Хатан, якія цякуць са схілаў Куньлуня, Каракарума, Цянь-Шаня, Паміра. Даўж. ад вытоку р. Яркенд 2030 км, пл. бас. каля 1 млн. км² (разам з бас. азёр Лабнор і Карабуранкёль). Сярэдняе і ніжняе цячэнне ў межах Тарымскай раўніны, дзе рака абгінае пустыню Такла-Макан, утварае лабірынт рэчышчаў і невял. азёр, мае складаную дэльту, агульную з р. Канчэдар’я. Жывіць папераменна азёры Лабнор і Карабуранкёль, што абумоўлівае змену іх памераў і абрысаў. Разводдзе з мая да верасня. Сярэдні расход пры зліцці Аксу (дае 70—80% агульнага сцёку), Хатана і Яркенда 167 м³/с, ніжэй ён памяншаецца. Выкарыстоўваецца для арашэння Аксуйскага, Кашгарскага і Яркендскага аазісаў.

т. 15, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРЫКАМЫ́ШСКАЕ ВО́ЗЕРА, Сарыкамыш,

саланаватае возера ў цэнтр. ч. Сарыкамышскай катлавіны, у Туркменістане і Узбекістане. Пл. 2850 км², аб’ём вады 23,5 км³, глыб. да 40 м. Узнікла ў 1971 у выніку затаплення скіднымі водамі групы Сарыкамышскіх азёр. Рыбалоўства.

т. 14, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДААХО́ЎНАЯ ЗО́НА,

тэрыторыя, што мяжуе з акваторыямі рэк, азёр і інш. водных аб’ектаў, дзе ахоўваюцца падземныя і паверхневыя воды або наладжаны асаблівы рэжым гасп. дзейнасці. Водаахоўныя зоны могуць уключаць надпоймавыя тэрасы, берагі, а таксама лагчыны і яры, непасрэдна злучаныя з рачной далінай, лясныя насаджэнні на вадазборах, па берагах рэк і азёр (гл. Водаахоўныя лясы). У водаахоўнай зоне забараняецца выкарыстанне і захоўванне ядахімікатаў, складзіраванне мінер. угнаенняў, размяшчэнне жывёлагадоўчых комплексаў і фермаў, расшырэнне дзейных і буд-ва новых прамысл. прадпрыемстваў, стаянка і абслугоўванне аўтамотатранспарту і інш. віды гасп. дзейнасці. У межах водаахоўнай зоны па берагах вадаёмаў вылучаюцца прыбярэжныя палосы, на тэр. якіх забараняюцца таксама аранне зямлі, выпас жывёлы, выкарыстанне ўгнаенняў, стварэнне месцаў адпачынку. Напр., на Беларусі для зберажэння прыроднага комплексу воз. Нарач вылучана водаахоўная зона ў межах яго вадазборнай плошчы.

т. 4, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РЧЫЛ (Churchill),

1) рака ў цэнтр ч. Канады. Даўж. 1600 км, пл. бас. 282 тыс. км². Выцякае з воз. Чэрчыл, упадае ў Гудзонаў заліў. Рэчышча — шэраг азёрападобных расшырэнняў, падзеленых парожыстымі ўчасткамі. У сістэме Ч. шмат буйных азёр (Аленевае, Нортэрн-Індыян-Лейк, Саўтэрн-Індыян-Лейк, Ла-Ронж і інш.). Гал. прыток — Бівер (справа). Вясенне-летняе разводдзе. Сярэдні расход вады 1200 м³/с. Ледастаў каля 8 мес. ГЭС Айленд-Фолс. У вусці порт Чэрчыл.

2) Рака ў Канадзе, на п-ве Лабрадор. Да 1965 наз. Гамільтан. Даўж. 560 км, пл. бас. 80 тыс. км². Ажыццяўляе сцёк вял. групы азёр у цэнтр. ч. Лабрадора. Упадае ў воз. Мелвіл, якое злучана пратокай з зал. Гамільтан Атлантычнага акіяна. Вадаспады (Чэрчыл-Фолс, Маскрат-Фолс), парогі (Порк’юпайн, Муні). Сярэдні расход вады 1580 м³/с. Вадасх. Чэрчыл. ГЭС.

т. 17, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ АЗЁРЫ (Great Lakes),

група вял. азёр ва ўсх. частцы Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Уключае азёры: Верхняе возера, Гурон, Мічыган, Эры, Антарыо. Агульная пл. 245,2 тыс. км²; аб’ём вады 22,7 тыс. км³; самая вял. колькасць прэснай вады на Зямлі. Сцёк па р. Св. Лаўрэнція ў Атлантычны акіян.

Катлавіны Вялікіх азёр тэктанічнага (Верхняе возера і Гурон) і ледавіковага паходжання. Паўн. берагі часта скалістыя, абрывістыя, паўд.-ўсх. — пераважна нізкія, гліністыя і пясчаныя. Шмат астравоў. Вялікія азёры размешчаны прыступкамі, злучаны паміж сабой кароткімі парожыстымі мнагаводнымі рэкамі. Рака Ніягара, якая злучае азёры Эры і Антарыо, утварае Ніягарскі вадаспад. З воз. Антарыо выцякае р. Св. Лаўрэнція. Сярэднія т-ры вады на паверхні ў студз. ад 0 °C у паўд. частцы да -5 °C на Пн, ліп. адпаведна ад 20 да 14 °C. Са снеж. да сак. — красавіка прыбярэжныя воды Вялікіх азёр укрыты лёдам. Інтэнсіўнае суднаходства. Рыбалоўства. Звязаны суднаходнымі каналамі з р. Гудзон і сістэмай Місісіпі. Шлюзавыя каналы ўтварылі водны шлях для марскіх суднаў даўж. каля 3000 км (у абход парогаў на р. Сент-Мэрыс, канал Су-Сент-Мары і Ніягарскага вадаспада — канал Уэленд).

Да пач. 1970-х г. Вялікія азёры былі значна забруджаны прамысл. сцёкамі. У выніку правядзення спец. праграм адноўлены флора і фауна, палепшылася якасць вады. Гал. парты — Дулут, Мілуокі, Чыкага, Дэтройт, Таліда, Кліўленд, Эры, Буфала (ЗША), Тандэр-Бей, Су-Сент-Мары, Таронта (Канада).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЧА́НСКІХ РЫБАКО́Ў ВЫСТУПЛЕ́ННЕ 1935,

барацьба сялян прынарачанскіх вёсак супраць забароны ўрадам Польшчы свабодна лавіць рыбу. Паводле прынятага польскім урадам у 1932 закона аб нацыяналізацыі рэк і азёр воз. Нарач перайшло да Дырэкцыі дзярж. лясоў і здадзена ў арэнду акц. т-ву на чале з памешчыкам Яблонскім, які ў 1935 забараніў сялянам рыбны промысел. Сяляне навакольных вёсак адмовіліся выконваць гэтае распараджэнне. Пачаліся сутычкі з паліцыяй, арышты. ЦК КПЗБ накіраваў на Нарач сваіх прадстаўнікоў А.​К.​Шчасную і А.​І.​Багданчука, звярнуўся з адозвай «Брацкае слова да рыбакоў возера Нарач і ўсіх азёр Заходняй Беларусі», выдаў лістоўку «Возера належыць вам». У чэрв. 1935 выбраны забастовачны к-т, у які ўвайшлі рыбакі І.​П.​Зарэцкі, К.​І.​Субач, М.​І.​Субач, І.​А.​Чарняўскі і інш. У жн. пачалася забастоўка, прагнаны арандатар, сяляне не пускалі на працу штрэйкбрэхераў, вялі арганізаваную лоўлю і продаж рыбы. Паліцыя правяла арышты. Да забастоўкі далучыліся рыбакі Браслаўскіх азёр, баставала каля 40 вёсак. Дружыны самаабароны ахоўвалі лодкі і сеткі. Улады вымушаны былі пайсці на частковыя ўступкі: павысілі цану на рыбу, дазволілі сялянам лавіць рыбу сваімі сеткамі. Барацьба за свабодную лоўлю рыбы і адмену закона аб нацыяналізацыі працягвалася да вер. 1939. Выступленню нарачанскіх рыбакоў прысвечана паэма М.​Танка «Нарач» (1937), карціна В.​Цвіркі «Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач» (1957) і інш.

Да арт. Нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935. Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач. З карціны В.​Цвіркі 1957.

т. 11, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ (Victoria),

востраў на Пд Канадскага Арктычнага архіпелага; тэр. Канады. Пл. 213,8 тыс. км². Паверхня пераважна раўнінная, асобныя горы выш. да 914 м. Складзены з палеазойскіх пясчанікаў, кангламератаў, вапнякоў, сланцаў і дакембрыйскіх гранітагнейсаў. Шмат азёр. Расліннасць тундравая. Населены пункт — Кембрыдж-Бей.

т. 4, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЁС,

больш глыбокі ўчастак рэчышча ракі, размешчаны паміж перакатамі. Звычайна ўтвараецца ў месцах павелічэння скорасці цячэння вады і інтэнсіўнага размывання дна (напр., у выгінах рэк, у звужаных рачных далінах). П. называюць таксама ч. азёр ці вадасховішчаў, адасобленыя астравамі, паўастравамі, косамі.

т. 12, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМЕ́ТРЫЯ (ад гідра... + ...метрыя),

раздзел гідралогіі сушы, які распрацоўвае методыку вымярэнняў і назіранняў гідралагічнага рэжыму мораў, рэк, азёр, каналаў і вадасховішчаў, а таксама вызначэнне спосабаў вымярэння ўсіх элементаў рэжыму вод сушы і мора (узроўняў, скорасці воднага патоку, глыбіні, аб’ёму, рэльефу дна і інш.).

т. 5, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)