РАПА́К,
асобная льдзіна на замёрзлым моры, возеры, вадасховішчы, якая стаіць вертыкальна сярод адносна роўнай паверхні або рэзка выступае сярод таросаў.
т. 13, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФЕРАМАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС,
рэзкае павелічэнне паглынання энергіі электрамагнітных хваляў, што праходзяць праз антыферамагнетык, пры пэўных (рэзанансных) значэннях частаты і напружанасці прыкладзенага магн. поля; разнавіднасць электроннага магнітнага рэзанансу.
Пры антыферамагнітным рэзанансе ўзбуджаюцца рэзанансныя ўзаемна звязаныя ваганні вектараў намагнічанасці магн. падрашотак антыферамагнетыка адносна ўзаемнага размяшчэння і адносна напрамку прыкладзенага поля. Частата гэтых ваганняў вызначаецца значэннем эфектыўных магн. палёў, што ўздзейнічаюць на магн. моманты падрашотак (поле абменнага ўзаемадзеяння падрашотак, поле магн. анізатрапіі, вонкавае статычнае магн. поле). Антыферамагнітны рэзананс дае магчымасць выявіць значэнні эфектыўных магн. палёў у антыферамагнетыках, іх структуру і інш. ўласцівасці.
т. 1, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ВАДКАВЫЯ ПТУ́ШКІ,
птушкі, птушаняты якіх адразу пасля вылуплівання здольныя самастойна перамяшчацца і карміцца; адно з гал. падраздзяленняў птушак па характары постэмбрыянальнага развіцця. Роля бацькоў — дапамога ў пошуках корму, абарона і перыядычнае абаграванне вывадку. У яйцах вывадкавых птушак жаўток займае да 35% аб’ёму, птушаняты вылупліваюцца відушчыя, з адкрытымі слыхавымі праходамі, укрытыя густым пухам, яны ходзяць, бегаюць, плаваюць і ныраюць, смеццевыя куры лятаюць, маюць адносна развітую тэрмарэгуляцыю. Да вывадкавых птушак адносяцца афр. страусы, нанду, казуарападобныя, ківі, гусепадобныя, курападобныя і большасць сеўцападобных. Адносна шматлікія ва ўмераных шыротах. Гл. таксама Птушанятныя птушкі.
т. 4, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́ЦЫЯ,
згуртаванне расліннасці (напр., лясныя барэальныя балоты), якое знаходзіцца на стадыі змены (сукцэсіі), але яшчэ не дасягнула фінальнай, адносна ўстойлівай фазы развіцця (клімаксу).
т. 2, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАНО́СНЫ РУХ у механіцы,
рух рухомай сістэмы адліку адносна сістэмы адліку, якая прынята за асноўную і ўмоўна лічыцца нерухомай. Гл. таксама Адносны рух.
т. 12, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІЯКО́МПАС,
аэранавігацыйная прылада, якая паказвае курс лятальнага апарата адносна магн. і геагр. мерыдыянаў, зададзенага напрамку ці напрамку на радыёмаяк. Бываюць магнітныя, гіраіндукцыйныя, астранамічныя. Гл. таксама Радыёкомпас.
т. 1, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЕНТА́ЦЫЯ касмічнага апарата,
1) зададзенае вуглавое становішча касмічнага апарата (КА) адносна нябесных целаў, сілавых ліній магнітнага і гравітацыйнага палёў або іншых напрамкаў у прасторы.
2) Кіраванне вуглавым рухам КА на ўчастку свабоднага палёту — наданне яго восям пэўнага становішча адносна зададзеных напрамкаў. Бывае аўтаматычная і ручная. Арыентацыя залежыць ад прызначэння КА: пры даследаваннях нябесных целаў з борта КА неабходна яго арыентаваць на адпаведны аб’ект; ШСЗ, які выкарыстоўваецца для сувязі і мае накіраваныя антэны, арыентуюць на зямныя пункты сувязі; КА з сонечнымі батарэямі арыентуюць рабочай паверхняй батарэй на Сонца; збліжэнне некалькіх КА патрабуе іх узаемнай арыентацыі.
т. 2, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАКЛІ́МАКС (ад пара... + клімакс),
адносна ўстойлівае супольніцтва арганізмаў; экасістэма, якая ўзнікае пасля разбурэння клімаксу — апошняй стабільнай сукцэсійнай стадыі развіцця біягеацэнозаў. Разам з інш. супольніцтвамі, што развіваюцца да стану раўнавагі ў дадзеным асяроддзі (эдафічныя клімаксы), П. — найб. характэрная праява адносна найб. устойлівых экасістэм у прыродзе, якія змяняюцца дзейнасцю чалавека (напр., супольніцтва пашы, якое пастаянна падтрымліваецца выпасам жывёлы на месцы зведзенага лесу). Як і клімакс, П. — экасістэма, якая знаходзіцца ў стане раўнавагі і ўзаемазлучэння са знешнім асяроддзем у дадзеных умовах існавання. Ступень устойлівасці антрапагеннага П. залежыць ад частаты і характару ўздзеяння чалавека.
А.М.Петрыкаў.
т. 12, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМЕТРЫ́Я (ад грэч. symmetria суразмернасць),
у шырокім сэнсе — нязменнасць (інварыянтнасць) структуры, уласцівасцей, формы матэрыяльнага аб’екта адносна пэўных пераўтварэнняў (змены яго становішча ў прасторы, фіз. умоў і інш.).
т. 14, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЭФІЦЫЕ́НТЫ ў статыстыцы,
адносныя паказчыкі, што выкарыстоўваюцца ў ведамаснай, дзярж., міжнар. статыстыцы. Найб. распаўсюджаныя: К. сацыяльна-эканамічныя (паказваюць размеркаванне матэр. даброт, тавараў, паслуг у разліку на душу насельніцтва, на аднаго работніка і інш.), К. росту (зніжэння) эканамічных паказчыкаў (разлічваюцца ў працэнтах адносна значэння паказчыка на перыяд часу, узятага як базавы; напр., К. тэмпаў росту вытв-сці тавараў, тэмпаў інфляцыі), К. сацыяльна-дэмаграфічныя (адносіны колькасці выпадкаў ці падзей пэўнага роду да колькасці насельніцтва або асобных сац. груп; напр., К. нараджальнасці, смяротнасці, натуральнага прыросту насельніцтва, шлюбнасці, разводнасці і інш.). Сац.-дэмаграфічныя К. могуць быць агульнымі (разлічваюцца адносна колькасці ўсяго насельніцтва), полаўзроставымі (разлічваюцца адносна колькасці асобных полаўзроставых груп) і інш. К. могуць характарызаваць хуткасць развіцця якой-н. з’явы (К. дынамікі) і частату яе ўзнікнення (напр., К. нараджальнасці), узаемасувязь якасна розных з’яў (напр., К. шчыльнасці насельніцтва), ступень выкарыстання матэрыяльных, прац., грашовых рэсурсаў (напр., К. эфектыўнасці), варыяцыю велічынь адзнакі (напр., К. рытмічнасці). К. выражаюцца ў працэнтах, прамілях, адносінах да адзінкі.
Літ.:
Елисеева И.И., Юзбашев М.М. Общая теория статистики. М., 1996;
Социальная статистика. М., 1997.
В.В.Цярэшчанка.
т. 8, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)