ВАЛЯ́ННЕ,

спосаб вытворчасці шарсцяных вырабаў (сукно, лямец, валены абутак) счапленнем і перапляценнем паміж сабой ваўняных валокнаў. Пры валянні воўну разрыхляюць на трапальных і шчыпальных машынах, замасліваюць і змешваюць; з сумесі робяць вату, з якой наслаеннем рыхтуюць аснову па форме вырабу, але большых памераў. Аснову ўшчыльняюць, прамочваюць растворам сернай кіслаты і ўвальваюць, пасля чаго праводзяць інш. апрацоўчыя работы.

т. 3, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕРАВЯ́ШКІ,

у беларусаў абутак з дрэва, які насілі вясной і восенню. Бытавалі ў 19 — пач. 20 ст. пераважна на Гродзеншчыне і на З Віцебшчыны (спарадычна трапляліся ў інш. рэгіёнах Беларусі). Былі 2 тыпаў: выдзеўбаныя з кавалка дрэва башмакі, з круглым або завостраным наском і камбінаваныя туфлі на нізкім ці высокім абцасе, да драўлянай падэшвы якіх прымацоўваўся скураны верх або шырокая скураная паласа.

Дзеравяшкі.

т. 6, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКАЯ АБУТКО́ВАЯ ФА́БРЫКА.

Створана ў 1929 у г. Ліда Гродзенскай вобл. як ф-ка гумавых вырабаў «Ардаль». У Вял. Айч. вайну разбурана. Адноўлена ў 1946. У 1949 здадзены ў эксплуатацыю гумавы цэх, у 1952—3-і цэх мужчынскага, у 1957—7-ы цэх жаночага абутку. З 1994 народнае прадпрыемства «Лідская абутковая фабрыка». Асн. прадукцыя (1999): мужчынскі, жаночы і дзіцячы абутак.

т. 9, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЛЫ́, поршні,

у беларусаў старадаўні скураны абутак накшталт лапцей. Шылі з кавалка (радзей двух) ялавай або свіной сырамятнай скуры, мацавалі вакол ступні абораю. Святочныя П. аздаблялі вышыўкай. Бытавалі амаль па ўсёй Беларусі. Часта П. называлі лапці, падшытыя скурай, а на ПдЗ Беларусі — лыкавыя лапці. Рэшткі П. знойдзены пры раскопках стараж. Брэста (11—13 ст.) і Мінска (12—13 ст.). У пач. 20 ст. выйшлі з ужытку.

т. 12, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ АБУТКО́ВАЯ ФА́БРЫКА «НЁМАН».

Створана ў 1939 на базе б. прыватнай ф-кі. У Вял. Айч. вайну разбурана. У 1947 адбудавана як абутковая ф-ка № 1. У 1956 рэканструявана, у 1962 пабудаваны новы корпус, з 1963 абутковая ф-ка «Нёман». З 1991 акц. т-ва «Гроднаабутак». Цэхі: закройны, штамповачны, пашыўна-загатовачны, клеявы і рантавы. Асн. прадукцыя (1997): скураны абутак мужчынскі, дзіцячы і жаночы. Прадукцыя экспартуецца ў краіны СНД, Германію, Галандыю, Чэхію.

т. 5, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕРА ДЭЗІНФЕКЦЫ́ЙНАЯ,

збудаванне або тэхн. абсталяванне, прызначаныя для дэзінфекцыі. Асн. ч. — памяшканне ці ёмістасць, куды змяшчаюць вопратку, абутак, пасцельныя і інш. рэчы, якія неабходна апрацаваць. Бываюць К.д. газавыя (выкарыстоўваюць газападобныя дэзінфіцыруючыя сродкі — вокіс этылену, бромісты метыл і інш.), гарачапаветраныя (апрацоўваюць паветрам з т-рай 80—110 °C), парааўтаномныя (маюць абсталяванне для стварэння вадзяной пары), паравыя (апрацоўваюць вадзяной парай атм. ці павышанага ціску), парапаветрана-фармалінавыя (маюць фарсунку для распылення фармаліну), эл. (параўтварэнне адбываецца з дапамогай эл. награвальных прылад) і інш.

т. 7, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕНЯВО́СТРАЎСКІ МО́ГІЛЬНІК,

могільнік канца мезаліту (канец 6 — пач. 5-га тыс. да н.э.) на в-ве Аленевым Анежскага возера (Карэлія). У 1936—38 даследавана 174 пахаванні, у якіх нябожчыкі пахаваны на спіне (118), на баку (11), скурчанымі (5) і вертыкальна (5). Знойдзена больш за 7 тыс. прадметаў, пераважна з косці і рогу: падвескі і пласцінкі (нашываліся на галаўны ўбор, шырокія паясы, адзенне і абутак), гарпуны, наканечнікі стрэл, кінжалы з крамянёвымі ўкладышамі, па-мастацку выразаныя фігуркі людзей, змей, галовы ласёў і інш.

Галава лася на рагавым стрыжні з Аленявостраўскага могільніка.

т. 1, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАПРАНІКА́ЛЬНАСЦЬ,

уласцівасць матэрыялаў прапускаць паветра і іншыя газы пры наяўнасці перападу ціску. Характарызуецца каэфіцыентам пранікальнасці: аб’ём газу, які праходзіць за 1 с праз адзінку паверхні матэрыялу пры перападзе ціску, роўным адзінцы.

Каэфіцыент пранікальнасці залежыць ад прыроды газу і т-ры. Адна з асн. характарыстык порыстых керамічных матэрыялаў (буд. вырабы, керамічныя фільтры).

Газапранікальнасць уласцівая і бяспорыстым матэрыялам: палімерам, металам, шклу. Газапранікальнасць уплывае на ахоўныя ўласцівасці палімерных пакрыццяў, скорасць акіслення палімераў, абмен рэчываў у жывых арганізмах (гл. Біялагічныя мембраны), якасць вырабаў з палімераў (шыны, пракладкі, раздзяляльныя мембраны, абутак, упакоўкі і інш.).

т. 4, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ АБУТКО́ВАЯ ФА́БРЫКА «ЧЫРВО́НЫ КАСТРЫ́ЧНІК» Засн. ў 1923 у Віцебску на базе саматужных майстэрняў. З 1938 — ф-ка «Чырвоны Кастрычнік». У час Вял. Айч. вайны была эвакуіравана ў г. Кунгур (Пермская вобл. Рас. Федэрацыі). Аднаўленне пачалося ў Віцебску з 1944. У пасляваен. гады рэканструявана і расшырана, у 1988 дзейнічала 13 патокаў з закончаным вытв. цыклам магутнасцю 7 млн. пар абутку за год. З 1989 у складзе прадпрыемства «Белвест». З 1994 ф-ка пераўтворана ў акц. т-ва «Чырвоны Кастрычнік». Магутнасць 3,5 млн. пар абутку за год. Асн. прадукцыя (1996): жаночы і дзіцячы абутак.

т. 4, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУНІНЕ́ЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Створаны ў 1978, адкрыты ў 1986 у г. Лунінец Брэсцкай вобл. Пл. экспазіцыі 170 м², каля 6,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў рубілы і сякеры каменнага веку з раскопак археал. помнікаў Лунінеччыны, старадрук «Мінеі-чэцці» за жн. 1705, інтэр’ер сял. хаты з кроснамі і інш. прыладамі працы, вышыванкі, самаробныя вопратка і абутак пач. 20 ст., дакументы і матэрыялы пра рэв. рух 1905, грамадз. вайну, Вял. Айч. вайну (стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху), вызваленне раёна ад ням.-фаш. захопнікаў, пра пасляваеннае аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі, устаноў культуры і аховы здароўя.

т. 9, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)