вёска ў Шаркаўшчынскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дзісна, на аўтадарозе Шаркаўшчына — Дзісна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на У ад г.п. і чыг. ст. Шаркаўшчына, 238 км ад Віцебска. 742 ж., 293 двары (1996).
Упершыню ўпамінаецца ў 1563 пад назвай Ерманавічы як сяло ВКЛ на мяжы з Полацкім ваяв. З 1565 у Браслаўскім пав. Віленскага ваяв. Належала Сапегам, Гілзенам, Шырыным. З 1793 у Рас. імперыі, у Дзісенскім пав. У канцы 19 ст. ў Германавічах 300 ж., вінакурны з-д, млын, крама, карчма. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Шаркаўшчынскага р-на. У 1970 — 649 ж., 209 двароў.
Лясніцтва. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Музей Я.Драздовіча Малітоўны дом хрысціян старога абраду. Помнікі архітэктуры — Германавіцкі Благавешчанскі касцёл, царква (пач. 20 ст.), сядзіба (канец 18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙШАЛК (1223—9.12.1268),
князь новагародскі (навагрудскі; 1254, 1258—63), вял. князь ВКЛ [1263—67]. Сын Міндоўга. У 1246 уцёк з летапіснай Літвы ў Новагародак (Навагрудак), ахрысціўся паводле правасл.абраду. Пасля паражэння Новагародка (Навагрудка) у вайне 1248—54 абраны яго князем. Заключыў мір з Данілам Галіцкім, аддаў Новагародскае княства яго сыну Раману Данілавічу, а сам пайшоў у Галіцкую зямлю, дзе прыняў манаскі чын у Палонінскім манастыры. З дазволу Данілы Галіцкага вярнуўся на бацькаўшчыну, жыў у заснаваным ім Лаўрышаўскім манастыры (каля Новагародка). Каля 1258 у саюзе з полацкім кн.Таўцівілам захапіў Новагародак і зноў стаў яго князем. У 1263—64 скарыстаў паліт. крызіс у балцка-літоўскіх землях, выкліканы забойствам Міндоўга і Траняты, і заваяваў летапісную Літву, землі Нальшчаны і Дзяволтву, падпарадкаваў Полацк і Віцебск. Выганяў і знішчаў феадалаў, якія яму супраціўляліся. У 1267 перадаў велікакняжацкую ўладу Шварну, за што быў забіты Галіцкім кн. Львом Данілавічам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́СТАВЫЯ ПЕ́СНІ,
від веснавых песень, якія выконваліся ў час веснавога земляробчага свята сёмухі. Спяваліся пераважна на Палессі. Суправаджалі абрад ваджэння «куста» (прыбранай у зялёныя галінкі і кветкі дзяўчыны), што ўвасабляў жыватворныя сілы прыроды і быў нібыта здольны перадаваць іх зямлі, полю, а таксама служыў сімвалам роду і сувязі са светам продкаў, ад якіх «залежаў» ураджай. Падзяляюцца на рытуальныя, заклінальныя і велічальныя. Рытуальныя адлюстроўваюць гал. моманты абраду — паход дзяўчат у лес, дзе самую прыгожую прыбіралі «кустом», шэсце «дзявоцкага войска» з кустом па вёсцы, віншаванне гаспадароў з заканчэннем веснавых работ з просьбай надарыць «куст». Заклінальныя песні былі прызначаны магічным шляхам забяспечыць добры ўраджай. Песні, прысвечаныя хлопцу і дзяўчыне, закліналі каханне, шчаслівы лёс. Велічальныя песні ўхваляюць «зеляненькі куст», узвышаюць удзельніц свята, «дзявоцкае войска», якое «ніхто не б’е, не ваюе», услаўляюць шчодрых гаспадароў. К.п. завяршаецца веснавы цыкл каляндарна-абрадавых песень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ША,
1) у беларусаў вясельная абрадавая страва, якой частавалі маладых пасля, а часам і перад першай шлюбнай ноччу. Маладых, накрытых ручніком ці наміткай, прыводзілі з каморы ў хату, свякроў у вывернутым кажусе пугай здымала з іх пакрывала, кідала яго на печ і садзіла за стол, потым тройчы папераменна частавала з лыжкі К., трымаючы ў руках пугу. Пакаштаваўшы К., жаніх браў з рук маці лыжку з рэштай К. і кідаў яе на печ. Свякроў «біла» маладых пугай і выганяла з-за стала, яны аббягалі вакол яго і выходзілі з хаты, а свякроў садзілася на іх месца. За стол садзіліся госці. Неўзабаве маладая вярталася з закускай, частавала свякроў, апярэзвала яе поясам уласнага вырабу, вешала на плечы ручнік, на галаву завязвала чыстую хустку (Віцебшчына). Рытуал кідання К. на печ ці парог — рэшткі стараж.абраду ахвярапрынашэння продкам роду. Да 19 ст. яго першапачатковае значэнне страцілася. К. таксама абрадавая страва на радзінах (гл.Бабіна каша). 2) Традыцыйная страва амаль усіх народаў свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́ЙНЫЯ ПЕ́СНІ,
вясельныя песні, прысвечаныя вясельнаму рытуальнаму хлебу—караваю. Найб. пашыраны ў беларусаў і ўкраінцаў. На Беларусі вядомы ўсюды, але значна пераважаюць на Палессі. Тут яны адлюстроўваюць усе моманты каравайнага абраду: «як матка маладой (маладога) запрашае каравайніц гатаваць каравай», «як каравай расчыняюць», «як яго месяць», «як саджаюць у печ», «як каравай пячэцца», «як яго з печы вынімаюць», «як пільнуюць каравай, каб хлопцы не ўхапілі», «як ставяць каравай на стол», «як упрыгожваюць яго», «як нясуць каравай з дому маладога ў дом маладой», «як аб’ядноўваюць абодва караваі (маладога і маладой)», «як крояць каравай», «як яго дзеляць», а таксама шмат песень, якія ўхваляюць сам каравай, урачыстых і жартаўлівых песень-зваротаў да каравайніц. Напевы К.п. прыўзнята «буйнага» характару са звонкімі воклічамі; пераважаюць тыпавыя, агульныя для многіх вясельных песень, але ёсць і спецыфічныя (напр., «Да рана-рана нешта ў лесе звінела»).
Публ.:
Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 4. Мн., 1976;
Вяселле: Песні. Кн. 2. Мн.,1981;
Вяселле: Мелодыі. Мн., 1990;
Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.
Літ.:
Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАШЭ́ЎЦЫ,
удзельнікі паліт. гуртка М.В.Петрашэўскага, які існаваў у Пецярбургу ў 1845—49. Мэта — барацьба супраць самадзяржаўя і прыгону. Сярод П. былі дваране і разначынцы: М.А.Спешнеў, Ф.М.Дастаеўскі, А.В.Ханыкаў, Дз.Дз.Ахшарумаў, М.А.Мамбелі, М.С.Кашкін і інш.Паліт. погляды П. неаднародныя, але большасць з іх ненавідзела царызм, схілялася да утапічнага сацыялізму, рыхтавалася да надыходу сял. рэвалюцыі. На сходах, т.зв. «пятніцах» Петрашэўскага, абмяркоўваліся пытанні вызвалення сялян з зямлёю без выкупу, замены самадзяржаўя дэмакр. рэспублікай, увядзення адкрытага суда і суда прысяжных, свабоды друку, рэв. прапаганды перадавых сац.-паліт. ідэй у шырокім асяроддзі. Многія П. стаялі на пазіцыях матэрыялізму, былі атэістамі, вялі барацьбу з афіц. ідэалогіяй. У апошні перыяд сваёй дзейнасці П. намагаліся стварыць тайнае т-ва са сваёй праграмай і тактыкай, адкрыць падп. друкарню. 5.5.1849 П. арыштаваны. Да следства прыцягнуты 123 чал., 21 чал. прыгавораны да расстрэлу. Пасля абраду падрыхтоўкі да пакарання смерцю 3.1.1850 была зачытана царская канфірмацыя, паводле якой расстрэл заменены ссылкай на катаржныя работы і ў арыштанцкія роты на розны тэрмін. У 1856 П. амнісціраваны і да пач. 1860-х г. усе (акрамя Петрашэўскага, які да канца жыцця заставаўся ў ссылцы) адноўлены ў грамадз. правах.
Літ.:
Лейкина-Свирская В.Р. Петрашевцы. М., 1965;
Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЖСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура ранняга сярэднявечча (5—7 ст.) на тэр. Еўропы, абмежаванай з У Дняпром, з З Эльбай, з Пд Дунаем, з Пн Прыпяццю. У самаст. культуру вылучана ў 1940-я г. чэшскім археолагам І.Баркоўскім пад назвай «кераміка пражскага тыпу». Помнікі П.к. належалі раннім славянам. Вядома больш за 600 яе паселішчаў і могільнікаў. Прадстаўлена пераважна неўмацаванымі селішчамі, часам гарадзішчамі. У міжрэччы Дняпра і Віслы асн. тыпам жылля была квадратная ў плане паўзямлянка пл. 6—20 м² зрубнай ці слупавой канструкцыі з печчу-каменкай у адным з кутоў. На зах. Валыні паўзямлянкі мелі глінабітныя печы, у Беларускім Палессі — агмені, складзеныя з камянёў, металургічнага шлаку і кавалкаў балотнай руды (Петрыкаў, Кажан-Гарадок, Камень, Востраў), або печы, складзеныя з дробных камянёў і гліны (Струга 1-я, Ліпляны). Пахавальныя помнікі П.к. — грунтавыя могільнікі, часам курганы з абрадам трупаспалення па-за магіламі. Рэчавы матэрыял складаецца з керамікі, вырабаў з металу, шкла, косці і каменю. Адметная рыса культуры — высокія гаршкі з усечана-канічным тулавам, крыху звужаным горлам і кароткаю шыйкай. На тэр.Усх. Еўропы вылучаюць карчакскі варыянт П.к. Наконт генезісу П.к. адзінай думкі няма. Існуюць меркаванні аб значнай ролі ў яе фарміраванні кіеўскай культуры, пшэворскай культуры верхнеднястроўскага варыянта і чарняхоўскай культуры. У Бел. Палессі пахаванні паводле абраду трупаспалення ў грунтавых ямах даследаваліся каля в. Хорск, Снядзін і Хотамель.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛІЦЫ́ЗМ (грэч. katholikos усеагульны, лац. catholismus галоўны, сусветны),
адзін з асн. кірункаў (разам з праваслаўем і пратэстантызмам) у хрысціянстве. Вылучэнне з агульнай плыні хрысціянства пачалося ў сувязі з падзелам у 395 Рым. імперыі на Зах. і Усходнюю; канчаткова аформіўся ў 1054 пасля падзелу цэркваў на зах. (каталіцкую) і ўсх. (праваслаўную). Мае шэраг асаблівасцей ў дагматыцы, кульце, арганізац. структуры. Уяўляе сабой моцную цэнтралізаваную царкву, якая кіруецца тэакратычнай дзяржавай — Ватыканам на чале з папам рымскім. Папа лічыцца намеснікам Ісуса Хрыста на Зямлі, пераемнікам апостала Пятра. Крыніцамі веравучэння К. з’яўляецца Свяшчэннае пісанне (Біблія) і Свяшчэннае паданне (традыцыя). У адрозненне ад праваслаўя К. лічыць усе без выключэння тэксты Бібліі кананічнымі. Свяшчэннае паданне — пастановы ўсіх усяленскіх сабораў (а не толькі першых сямі, як у праваслаўных), творы святых айцоў і рашэнні рым. першасвятароў. Дагматыка К. адрозніваецца ад праваслаўнай, яна ўдакладнялася і дапаўнялася новымі тэалагічнымі прынцыпамі. Так, догмат філіокве, паводле якога Св. Дух зыходзіць не толькі ад Бога-бацькі, але ад Бога-Сына, стаў спрэчным пунктам у час падзелу царквы ў 1054. Догмат аб запасе добрых спраў, на падставе якога склалася практыка продажу індульгенцый, быў адной з прычын аддзялення ад К. пратэстантызму ў 16 ст. Істотна большая роля ў К. належыць культу Дзевы Марыі, што складаецца з догматаў аб бязгрэшным зачацці і цялесным узнясенні яе на неба, а таксама з вучэння пра першародны грэх і чысцілішча. Значным лічыцца і прыняты ў 1870 догмат аб непагрэшнасці пап у справах веры і маралі ў час знаходжання іх на кафедры. Сярод кананічных асаблівасцей К. вызначаюцца: цэлібат (зарок бясшлюбнасці не толькі манаства, але ўсіх святароў), недапушчальнасць выхаду з духоўнага сану, інстытут кардыналаў, непарушнасць шлюбу, першынство папы. У К. шануюцца чатырохканцовы крыж, рэліквіі, святыя Найб. значнае свята — Раство Хрыстова; ёсць і спецыфічныя святы: Цела Гасподняга, Сэрца Ісусавага і інш. Сярод устаноў К. — рымская курыя, калегія кардыналаў (у поўным складзе — кансісторыя) кангрэгацыі і канцылярыі; ордэны манаскія. Існуе ў К. добра арганізаваны грамадскі рух — Акцыя каталіцкая. У сферы ідэалогіі К. кіруецца афіц.філас. дактрынай, абноўленым вучэннем Фамы Аквінскага — неатамізмам. Праяўляецца цікаўнасць і да інш.філас. сістэм, якія больш адпавядаюць патрэбам царквы і часу, напр., да тэярдызму. Адметная рыса К. — процістаянне мадэрністаў і традыцыяналістаў. Да 2-га Ватыканскага сабора (1962—65) каталіцкая імша (богаслужэнне) адбывалася па-лацінску, цяпер — і на родных мовах. К. найб. пашыраны ў Зах. Еўропе, Лац. Амерыцы, Філіпінах, ЗША, некат. краінах Афрыкі. Акрамя рымска-каталіцкай царквы (уласна каталіцкай першапачатковай царквы зах.абраду) К. уключае і шэраг б.правасл. і стараж.усх. цэркваў, якія прызналі ўладу рым. папы і каталіцкую дагматыку пры захаванні сваёй абраднасці і ўнутр арг-цый і ператварыліся ва уніяцкія. Гэта цэрквы грэч., арм., копцкага (у Егіпце), мараніцкага (у Ліване) і інш. абрадаў (гл.Каталіцкія цэрквы ўсходняга абраду). На Беларусі К. пашырыўся пасля Крэўскай уніі 1385 у выглядзе рым.-каталіцкай царквы, а ў выніку Брэсцкай уніі 1596 створана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква (гл.Беларуская грэка-каталіцкая царква, Рымска-каталіцкая царква на Беларусі).
Літ.:
Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГА́Н,
зямельны насып над стараж. пахаваннем, часам засыпанае зямлёй пахавальнае збудаванне. Звычай хаваць нябожчыкаў у К. склаўся на мяжы неаліту і энеаліту, на Беларусі — на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н.э. Выяўленыя на Беларусі асобныя К. і курганныя могільнікі належаць усх.-слав. плямёнам, славяна-балцкаму насельніцтву, балтам, найб.стараж. — плямёнам сярэднедняпроўскай культуры. Вядомы пад назвамі курганы, капцы, валатоўкі, сопкі, французскія або шведскія магілы. Адрозніваюцца формай, памерамі, унутр. будовай, становішчам нябожчыка, абрадам пахавання, характарам пахавальнага інвентару. Найб. пашыраны круглыя (дыям. 3—18 м, зрэдку да 25), доўгія курганы і падоўжаныя ў плане К. (даўж. 10—110 м). Да канца 1-га тыс.н.э. пахавальны абрад — трупаспаленне, у 11—13 ст. — трупапалажэнне. Найчасцей у К. пахаваны адзін нябожчык, радзей 2—3, зрэдку больш, бываюць пазнейшыя падпахаванні. Больш ранняе трупаспаленне адбывалася па-за межамі К., пазней на месцы насыпу; рэшткі крэмацыі змяшчалі на падсыпцы, на гарызонце, у гаршку ці інш. пасудзіне, у выкапанай ямцы. Трупапалажэнне ў залежнасці ад племяннога абраду адбывалася на гарызонце, у яме, у некат. К. выяўлены рэшткі драўляных трун. Нябожчыка клалі на спіне або на баку, зрэдку ў сядзячым становішчы, галавой у пэўным напрамку свету (ва ўсх. славян звычайна на 3). Пахавальны інвентар складаецца з керамічнага посуду (або яго рэштак), прылад працы і побыту, упрыгожанняў. Сустракаюцца насыпы без пахаванняў — кенатафы. У 14 ст. курганныя пахаванні заменены грунтавымі пахаваннямі на могілках.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Курган. Курганны могільнік каля в. Высачаны Лёзненскага раёна Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАМБЕ́Й, Вялікі Бамбей,
горад у Індыі. Адм. ц. штата Махараштра. 12,9 млн.ж. (з прыгарадамі, 1992; самы вял. горад краіны). Порт на Аравійскім м. («вароты» Індыі; каля чвэрці марскога знешнегандл. абароту). Міжнар. аэрапорт. Адзін з асноўных прамысл., гандл.-фін. і культ. цэнтраў краіны. Буйнейшы цэнтр баваўнянай прам-сці (больш за чвэрць агульнаіндыйскай вытв-сці). Судна-, аўтамабіле-, станкабудаванне, сярэдняе, дакладнае, энергет., эл.-тэхн. і інш. машынабудаванне, хім., тэкст., нафтахім., фармацэўтычная, нафтаперапр., гарбарна-абутковая, паліграф.прам-сць. Прадпрыемствы харчасмакавай, у т. л. цукровай прам-сці. 2 ун-ты. Цэнтр атамных даследаванняў. Кінематаграфічны цэнтр.Політэхн.ін-т. Ін-т фундаментальных даследаванняў. Паблізу горада АЭС.
Прыбярэжная зона каля Бамбея — асн. раён нафтаздабычы ў краіне.
Горад пабудаваны ў 13 ст., належаў мусульманам з Гуджарату. У 1534 захоплены партугальцамі, у 1661 перададзены англ. каралю Карлу II як частка пасагу яго жонкі. У 1668 здадзены ў арэнду Ост-Індскай кампаніі. У 1672 пабудаваны новы горад, з 1708 адм. сядзіба Ост-Індскай кампаніі. Росквіту дасягнуў у канцы 19 ст. ў выніку буд-ва чыгункі (першая лінія Бамбей — Тхана, 1853), адкрыцця Суэцкага канала (1869) і развіцця тэкст. вытв-сці (з 1860).
Асн. будынкі канца 19 ст.: ун-т (засн. ў 1857, новыя будынкі пастаўлены ў 1923), вакзал Вікторыя, муніцыпалітэт, суд, крыты рынак у псеўдакласічным і псеўдагатычным стылях; будынкі 20 ст.: «Вароты Індыі», гасцініца «Тадж-Махал», паштамт, музей прынца Уэльскага ў псеўданац. стылі. Культавыя будынкі: цэрквы, мячэці, храмы індуісцкія і парсаў. У раёне Малабар Хіл багатыя асабнякі, сады, паркі, кінастудыі, 5 «Вежаў Маўчання» для пахавальнага абраду парсаў. Мані Бхаван (Мемарыял Гандзі).