БУ́РКА,

1) мужчынская вопратка з башлыком, якую надзявалі ў дарогу, у халоднае дажджлівае надвор’е паверх кажуха ці світкі. Як тып вопраткі прыйшла ў Еўропу з Усходу (тэрмін лічыцца персідскім). На Беларусі вядома з 17 ст., з канца 19 ст. пад уплывам гар. касцюма замацавалася ў сял. асяроддзі. Шылі буркі з саматканага валенага сукна цёмных колераў прамога крою, двухбортнай, з адкладным каўняром, шырокім хлясцікам (поясам), праразнымі кішэнямі. Святочныя буркі ўпрыгожвалі дэкар. строчкай і нашыўкамі чорнага ці чырвонага сукна, тасьмы. Да 1950-х г. бытавала амаль па ўсёй Беларусі (у некаторых мясцовасцях наз. бурносам).

2) Святочная ўзорыстая спадніца з паўшарсцяной валенай саматканкі ў маларыцкім строі. Ткалі буркі камбінаваным спосабам: узор выконвалі бранай, фон — шматнітовай тэхнікай, шылі з 4—5 полак адносна кароткай (закрывала калені), запрасоўвалі ў буйныя складкі. Для яе характэрны вытанчанасць геам. арнаменту, строгая ўраўнаважанасць шэра-белых і карычнева-чырвоных папярочных палос, якія пераходзілі ў больш шырокі дамінуючы шляк па нізе. Буркі насілі да 1940-х г. 3) Лямцавы плашч у народаў Каўказа.

М.​Ф.​Раманюк.

Бурка (вопратка). Брагінскі раён Гомельскай вобласці. Пач. 20 ст.
Бурка (спадніца). Маларыцкі раён Брэсцкай вобласці. Канец 19 ст.

т. 3, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРЭ́ЗІНА, Заходняя Бярэзіна,

рака ў Беларусі, у Гродзенскай і Мінскай абласцях, правы прыток Нёмана. Даўж. 226 км. Пл. вадазбору 4 тыс. км². Пачынаецца каля в. Бортнікі Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Асн. прытокі: Краўлянка, Альшанка, Чарніца, Чапунька (справа), Іслач, Волка (злева).

Даліна выразная, шыр. ў верхняй ч. ад 500 м да 3 км, ніжэй 3—4 км. Пойма нізкая, асушаная, месцамі ўзгорыстая, шыр. ў вярхоўі 200—500 м, на астатніх участках ад 300 м да 3 км. Рэчышча моцназвілістае, шыр. ракі ў межань у вярхоўі 5—20 м, у сярэднім і ніжнім цячэнні 20—35 м, паблізу вусця да 50 м. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў верхнім і сярэднім цячэнні ў канцы сак., у ніжнім — у пач. красавіка. Замярзае ў 2-й пал. снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка Сярэднегадавы расход вады ў вусці 30 м³/с. Мясцовае суднаходства (за 45 км ад вусця) у перыяд высокай вады. У сярэднім цячэнні ракі Сакаўшчынскае вадасховішча. У маляўнічай мясціне (12 км на Пн ад г. Маладзечна) зона адпачынку Барок. Амаль усе прытокі Бярэзіны каналізаваныя. У басейне ракі каля 20 каналаў (агульная даўж. больш за 150 км).

Рака Бярэзіна (басейн Нёмана) у Іўеўскім раёне.

т. 3, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАЗБО́Р, вадазборны басейн, вадазборная плошча,

1) вадазбор паверхневых водаў — тэрыторыя, з якой паверхневыя воды і грунтавыя воды сцякаюць у пэўны вадаём. Абмежаваны водападзеламі. Гідралагічнае значэнне вадазбору — у ператварэнні атм. ападкаў у сцёк. Характарызуецца паказчыкамі гідраграфічнымі (плошча, даўжыня, сярэдняя і найб. шырыня, сярэдні нахіл і вышыня над узр. м., форма, каэфіцыент асіметрыі) і геагр. (геагр. становішча, лясістасць, азёрнасць, забалочанасць, разаранасць, урбанізацыя і інш.). Кожны паказчык уплывае на фарміраванне і велічыню сцёку, які вызначаецца метэаралагічнымі фактарамі, асаблівасцямі геал. будовы тэрыторыі вадазбору, рэльефу, ландшафтаў у яго межах. Найважнейшая характарыстыка вадазбору — плошча. Каля 90% рэк Беларусі маюць малыя плошчы вадазбору (да 200 км²), 8 рэк (Дняпро, Прыпяць, Нараў з Бугам, Нёман, Зах. Дзвіна, Бярэзіна Дняпроўская, Сож і Вілія ў межах Беларусі) — больш за 10 тыс. км²; вадазборы рэк і вадаёмаў Беларусі належаць да бас. Чорнага (65% тэр.) і Балтыйскага мораў. Па форме вылучаюць 5 тыпаў вадазбораў.

2) Вадазбор падземных водаў абмежаваны плошчай тэктанічнай структуры, з паверхні якой адбываецца жыўленне ваданосных гарызонтаў і ваданосных комплексаў. Не заўсёды супадае па плошчы з вадазборам паверхневых водаў. У вузкім сэнсе вадазбор — плошча, з якой адбываецца прыток падземных водаў да водазаборнага збудавання — свідравіны, калодзежа, галерэі.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ДКАСЦЬ,

агрэгатны стан рэчыва, прамежкавы паміж цвёрдым і газападобным. Фіз. ўласцівасці і структура (блізкі парадак) залежаць ад хім. прыроды часцінак вадкасці і характару ўзаемадзеяння паміж імі. Спалучае ўласцівасці цвёрдага (малая сціскальнасць, свабодная паверхня, трываласць на разрыў пры ўсебаковым расцягненні і інш.) і газападобнага (зменлівасць формы) рэчываў. Існуе пры т-рах у інтэрвале ад т-ры крышталізацыі да т-ры кіпення і цісках большых, чым у трайным пункце.

Цеплавы рух малекул вадкасці складаецца з ваганняў каля стану раўнавагі і рэдкіх пераскокаў з аднаго раўнаважнага стану ў іншы, чым абумоўлена асн. ўласцівасць вадкасці — цякучасць. Адрозненні паміж вадкасцю і газам знікаюць у крытычным стане; пры больш высокіх т-рах вадкасць не існуе ні пры якім ціску. Некат. рэчывы маюць некалькі вадкіх фаз (напр., квантавыя вадкасці, вадкія крышталі). Нераўнаважныя цеплавыя і мех. працэсы ў вадкасці. (напр., дыфузія, цеплаправоднасць, электраправоднасць і інш.) вывучаюцца метадамі тэрмадынамікі неабарачальных працэсаў; мех. рух вадкасці як суцэльнага асяроддзя вывучае гідрадынаміка, няньютанавы (структурна-вязкасныя) вадкасці — рэалогія.

Літ.:

Крокстон К. Физика жидкого состояния: Пер. с англ. М., 1978;

Динамические свойства твердых тел и жидкостей: Пер. с англ. М., 1980.

В.​І.​Навуменка.

т. 3, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНО́СІНЫ,

1) філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае адзін з аб’ектыўных момантаў узаемасувязі рэчаў, абумоўленай матэрыяльным адзінствам свету. Існаванне, спецыфічныя ўласцівасці і развіццё рэчаў залежаць ад сукупнасці іх адносін да інш. рэчаў. Паняцце аб адносінах узнікае як вынік параўнання дзвюх ці больш рэчаў па выбранай (зададзенай) аснове (прыкмеце). Калі аснова параўнання не адвольная, то і адносіны як вынік параўнання таксама не адвольныя, іх анталагічны статус у дадзеным выпадку праяўляецца ў існаванні асновы (пры гэтым самі адносіны можна разглядаць як уласцівасць гэтай асновы).

Адрозніваюць унутраныя адносіны частак рэчы і яе знешнія адносіны з інш. рэчамі, адносіны істотныя і неістотныя, неабходныя і выпадковыя і інш. Істотныя агульныя ўстойлівыя адносіны паміж з’явамі выступаюць як закон іх развіцця і функцыяніравання. Асаблівы характар маюць грамадскія адносіны, вывучэнне якіх дае ключ да разумення сутнасці чалавека і гісторыі грамадства. Тыпы і ўласцівасці адносін, законы іх узаемасувязі вывучаюцца тэорыяй пазнання, логікай, матэматыкай, агульнай тэорыяй сістэм. 2) Эмацыянальна-валявая ўстаноўка асобы на што-небудзь (выказванне яе пазіцыі).

Літ.:

Уемов А.И. Вещи, свойства и отношения. М., 1963;

Райбекас А.Я. Вещь, свойство, отношение как философские категории. Томск, 1977;

Проблема связей и отношений в материалистической диалектике. М., 1990.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 1, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗБЕСТАЦЭМЕ́НТНЫЯ ВЫ́РАБЫ І КАНСТРУ́КЦЫІ,

будаўнічыя вырабы і канструкцыі з азбестабетону. Азбестацэментныя вырабы (АВ) падзяляюцца на ліставыя (прасаваныя і непрасаваныя, плоскія і профільныя), трубныя і экструзійныя (гл. Экструзія). Ліставыя АВ бываюць сценавыя, дахавыя, электраізаляцыйныя і спец. прызначэння (ідуць на вентыляцыйныя каробкі, паўцыліндры, скляпеністыя элементы і інш.). Памер лістоў 1,5 м х 3,6 м, таўшчыня 4—20 мм. Да трубных АВ адносяцца напорныя (воданапорныя), газаправодныя, безнапорныя і абсадныя трубы. Даўж. трубаў 3—6 м, унутр. дыяметр да 576 мм. Экструзійнымі вырабамі з’яўляюцца швелеры даўж. 3 м і выш. 70—170 мм. Азбестацэментныя канструкцыі (АК) вырабляюцца з азбестацэменту, цеплаізаляцыйных матэрыялаў з драўлянымі, азбестацэментнымі ці метал. элементамі каркаса. Да АК адносяцца ўцепленыя (звычайна мінер. лямцам) пліты для пакрыццяў вытв. будынкаў. Маналітныя канструкцыі (пліты і панелі) робяць з двух плоскіх лістоў, злучаных слоем уцяпляльніка (звычайна пенапласту). Найб. пашыраны канструкцыі каркаснага тыпу — пліты і панелі з плоскіх азбестацэментных лістоў, злучаных з каркасам клеем ці шрубамі. Каркас робяць з азбестацэментных ці метал. профіляў, драўляных брускоў. Шырыня пліт 1,2—1,5 м, пралётаў, што імі перакрываюцца, — 3 і 6 м. АК лёгкія і часта больш эканамічныя за жалезабетонныя.

Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі. Абалонка пакрыцця і тарцовыя сцены летняга спальнага павільёна.

т. 1, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́ЎСКАЕ МО́РА (стараж.-рус. Суражскае мора),

унутранае мора Атлантычнага ак. на Пд Усх.-Еўрап. раўніны; самае мелкае на Зямлі. Пл. 39 тыс. км², аб’ём 0,29 тыс. км³, сярэдняя глыб. 7 м, найб. — 15 м. Узбярэжжа належыць Украіне і Рас. Федэрацыі. Керчанскім пралівам злучана з Чорным м. Паўн. і паўд. берагі ўзгорыстыя і абрывістыя, зах. і ўсх. — пераважна нізінныя. Шмат пясчаных косаў (Бярдзянская, Арабацкая Стрэлка і інш.). Залівы Таганрогскі, Цемрукскі, Сіваш. Упадаюць Дон, Кубань, Міус, Кальміус і інш. Клімат пераважна кантынентальны. Укрыта лёдам 2—3 месяцы. Летам т-ра вады на паверхні да 25—30 °C. Цячэнні няўстойлівыя. У канцы 20 ст. выкарыстанне водных рэсурсаў рэк у бас. Азоўскага мора садзейнічае памяншэнню аб’ёму і змене рэжыму паступлення ў мора рачнога сцёку, павелічэнню прытоку больш салёнай вады з Чорнага мора, што ўплывае на склад флоры і фауны мора. Салёнасць 10—13%, у малаводныя гады да 15—17%; памяншаецца ўлоў рыбы (судак, лешч, таран, сяўруга, хамса, цюлька і інш.). Транспартнае значэнне павялічылася пасля буд-ва Волга-Данскога канала. Порты: Марыупаль, Таганрог, Ейск, Бярдзянск, у вусці Дона — Растоў. Шмат курортаў і зон адпачынку.

Марскі газавы промысел на Азоўскім моры.

т. 1, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАФРЭНІ́Я (ад аліга... + грэч. phrēn розум),

разумовая недаразвітасць, прыроджаная ці набытая ў першыя гады жыцця дзіцяці. Прычыны: паталогія на ўзроўні генаў і храмасом, неспрыяльнае ўздзеянне экзагенна-арган. фактараў на мозг зародка, плода дзіцяці (алкагалізм бацькоў, таксікозы, асфіксія пры родах, нейраінфекцыі, чэрапна-мазгавыя траўмы і інш.). Найб. тыповыя прыкметы алігафрэніі — недаразвіццё абстрактна-лагічнага мыслення, зніжэнне памяці, малы запас слоў. Інтэлектуальная недастатковасць часта спалучаецца з заганамі развіцця органаў, сістэм, будовы цела. Адрозніваюць лёгкую, сярэднюю, цяжкую і глыбокую алігафрэнію

Дзеці з лёгкай ступенню разумовай адсталасці (дэбільныя) у стане авалодаць праграмай дапаможнай школы, моўнымі навыкамі і нескладанымі прафесіямі; каэф. інтэлектуальнага развіцця 50—69 балаў. Да сярэдняй ступені разумовай адсталасці (імбецыльнасць) адносяцца дзеці з каэф. інтэлектуальнага развіцця 35—49 балаў, здольныя авалодаць толькі элементамі мовы і навыкамі самаабслугоўвання. Сістэматычная вучэбная і прац. дзейнасць недаступная. Дарослыя самастойна жыць не могуць. Пры цяжкай ступені разумовай адсталасці (каэф. інтэлектуальнага развіцця 20—34 балы) інтэлектуальная недастатковасць больш выяўлена, парушана маторыка, ёсць фіз. дэфекты. Хворыя з глыбокай разумовай адсталасцю (ідыятыя) не маюць вышэйшых псіх. функцый, мова не развіваецца, увага не засяроджваецца, рэакцыя рэзка зніжана; каэф. інтэлектуальнага развіцця ніжэй за 20 балаў. Патрабуюць пастаяннага догляду. Лячэнне алігафрэніі сімптаматычнае.

Ф.​М.​Гайдук.

т. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНГАРДЫ́ЗМ,

умоўная абагульненая назва мастацкіх кірункаў 20 ст., для якіх характэрны пошукі новых, небывалых, часта штучных формаў і сродкаў мастацкага выяўлення, недаацэнка або адмаўленне традыцый і абсалютызацыя наватарства. Народжаны духоўнай атмасферай часу і яго катаклізмаў, авангардызм адлюстроўвае супярэчнасці паміж рознымі сістэмамі і тэхнікамі кампазіцыі і барацьбу светапоглядных пазіцый. Адны тэарэтыкі і практыкі авангардызм дэкларуюць стварэнне элітарнага мастацтва, адчужанага ад сац. задач, другія, наадварот, звязваюць пошук прынцыпова новых выразных сродкаў з неабходнасцю перадачы настрояў сац. пратэсту. З’яўляючыся крайняй праявай больш шырокага кірунку — мадэрнізму, авангардызм выявіўся пераважна не ў закончаных формах, а ў тэндэнцыях да выцяснення традыц. тэм, сюжэтаў і прынцыпаў кампазіцыі, гіпертрафіі ўмоўнасці. Для яго характэрны падкрэсленая эмацыянальнасць, скіраваная непасрэдна да пачуццяў (экспрэсіянізм), імкненне разбурыць традыц. эстэтыку (дадаізм), замяніць пасіўную эстэтычнасць актыўным сац. дзеяннем («левае» мастацтва і рус. футурызм), спроба ўздзейнічаць на падсвядомасць (сюррэалізм) і г.д. Пачаў бурна развівацца ў 1910—20-я г., аб’ядноўваючы розных па творчай стылістыцы прыхільнікаў (Л.​Арагон, Б.​Брэхт, У.​Маякоўскі, В.​Незвал і інш.), якія бачылі ў авангардызме разбурэнне ідэалаг. міфаў бурж. грамадства. Паступова прынцыповая антыідэалаг. накіраванасць многіх прадстаўнікоў авангардызму прывяла іх у 1960-я г. да поўнага адмаўлення традыц. культуры.

Літ.:

Гл. пры арт. Мадэрнізм.

У.​М.​Конан.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРО́ДНІННЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць для атрымання агародніны (сакаўных пладоў, лісця, цыбулін, караняплодаў). У сусв. асартыменце агароднінных культур каля 160 відаў, сярод якіх коранеклубняплодныя расліны, шырока вядомыя ў краінах трапічнага і субтрапічнага клімату, — касава (маніёк ядомы), тара, ямс і інш. На Беларусі вырошчваюць больш за 40 відаў асн. агароднінных культур амаль з 13 сямействаў.

Паводле прадукцыйных органаў адрозніваюць агароднінныя культуры пладовыя (памідоры, агурок, кабачок, патысон, гарбуз, баклажан, кавун, дыня, кукуруза), ліставыя (капуста, салата, шпінат, шчаўе, рэвень), цыбулевыя (цыбуля, часнок), бабовыя (гарох, фасоля, боб), караняплоды (морква, бурак, сельдэрэй, пятрушка, радыска, рэдзька, бручка, рэпа). У асобныя групы вылучаюць бульбу і вострапрыпраўныя расліны (аніс, каляндра, крэс-салата, кмен, мята, маяран, агурочнік, эстрагон, хрэн і інш.; пра кожную агароднінную культуру гл. асобны арт.). Асн. крыніца вітамінаў, вугляводаў, мінер. соляў, арган. к-т, мікраэлементаў, гліказідаў, фітанцыдаў, эфірнага алею, а таксама клятчаткі і пекцінавых рэчываў. Вырошчваюцца ў адкрытым (на працягу вегетац. перыяду з вясны да восені) і ахаваным (увесь год) грунце.

Літ.:

Гусев А.М. Целебные овощные растения. М., 1991;

Матвеев В.П., Рубцов М.И. Овощеводство. 3 изд. М., 1985;

Шуин К.А. 70 видов овощей на огороде. Мн., 1978.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)