РЭІНТРАДУ́КЦЫЯ (ад рэ... + інтрадукцыя),

другасная інтрадукцыя раслін або жывёл у месцы, дзе пэўны від раней існаваў, а потым знік па якіх-н. прычынах, у т. л. ў выніку дзейнасці чалавека. Паняцце, блізкае да рэакліматызацыі.

Р. дзікарослых раслін адрозніваецца ад першаснай інтрадукцыі тым, што зыходны матэрыял звычайна ўжо выкарыстоўваўся ў адборы і асвойваўся ў культуры. Рэінтрадукаваныя расліны маюць вышэйшую жыццяздольнасць у параўнанні з абранымі непасрэдна з прыроды.

т. 13, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙТАРЫ (ад ням. Reiter вершнік, коннік),

від цяжкай кавалерыі ў наёмных арміях Зах. Еўропы, у Польшчы, ВКЛ і Расіі ў 16—17 ст. Былі ўзброеныя доўгай шпагай, 2 пісталетамі, ружжом або карабінам, мелі шлем і нагрудныя латы; вялі атаку ў шчыльных баявых парадках. Арганізацыя і тактыка дзеянняў Р. распрацавана Морыцам Аранскім у арміі Нідэрландаў. У пач. 18 ст. Р. паступова выцеснены драгунамі і коннымі егерамі.

Рэйтары (Расія).

т. 13, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́КРУТ (ням. Rekrut ад франц. recruter набіраць войска),

асоба, прынятая на ваен. службу па найме або павіннасці. Тэрмін (ужываецца з 17 ст.) атрымаў шырокае распаўсюджанне ў 18—19 ст. у сувязі са стварэннем у шэрагу краін пастаяннага рэгулярнага войска. У рас. арміі ў 1705—1874 асоба, залічаная ў армію паводле рэкруцкай павіннасці. У 1874 з увядзеннем у Расіі ўсеагульнай воінскай павіннасці тэрмін «Р.» заменены словам «навабранец».

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭТРАНСЛЯ́ТАР (ад рэ... + лац. translator пераносчык),

апарат ці электраправоднае асяроддзе для рэтрансляцыі радыёсігналаў; прамежкавы пункт лініі радыёсувязі. Актыўны Р. — прыёмна-перадавальная радыёстанцыя (гл. Радыёрэлейная станцыя). Пасіўны Р. — пояс метал. іголак на каляземнай арбіце, іанізаваная пара металаў, ШСЗ ці мех. канструкцыя пэўнай формы (напр., плоскі адбівальнік, люстраная антэна), здольныя рассейваць або накіравана адбіваць радыёхвалі. Можа абслугоўваць радыёсетку з многіх ліній сувязі з рознымі частотамі радыёсігналаў.

т. 14, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТЭЛІ́Т [ад лац. satelles (satellitis) спадарожнік, паплечнік],

1) у Стараж. Рыме — узброены найміт, які суправаджаў свайго гаспадара.

2) Спадарожнік планеты (напр., Месяц — С. Зямлі).

3) Дзяржава або ўрад, фармальна незалежныя, а фактычна падпарадкаваныя інш., больш моцнай дзяржаве.

4) Шасцярня ў механізме, якая круціцца разам з воссю вакол цэнтр. кола накшталт спадарожніка планеты.

5) У пераносным значэнні С. наз. залежную, падначаленую асобу, што выконвае чужую волю, паслугача.

т. 14, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РВІС (англ. service служба),

дабраякасныя абслугоўванне, рамонт ці наладка тэхн. сродкаў, быт. апаратуры, камунальнай тэхнікі і г.д. Адрозніваюць С. перадпрадажны (уключае ліквідацыю няспраўнасцей, выяўленых пасля транспартавання тавару або пры апрабаванні) і пасляпродажны (падзяляецца на гарантыйны і паслягарантыйны). У гарантыйны перыяд спецыялісты службы С. бясплатна выконваюць усе работы па забеспячэнні бесперабойнай эксплуатацыі вырабу, уключаючы і навучанне спажыўца прыёмам карыстання. У паслягарантыйны перыяд работы выконваюцца за плату.

т. 14, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРЫ́ЙНАЯ ТЭ́ХНІКА, серыйнасць,

у музыцы — тэхніка муз, кампазіцыі, якая карыстаецца серыяй — пэўным радам гукаў, паўтарэнне якога ўтварае ўсю тканіну твора або яго часткі. Від С.т. — дадэкафонная тэхніка (гл. Дадэкафонія, Серыяльнасць). Шырока выкарыстоўваецца ў творчасці кампазітараў нававенскай школы (А.​Берг, А.​Веберн, А.​Шонберг), А Шнітке, Дз.​Смольскага.

Літ.:

Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976.

В.​С.​Клакоцкая.

т. 14, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛІКАГЕ́ЛЬ (ад лац. silex крэмень + гель),

мікрапорыстая белая маса, атрыманая пры высушванні гелю палікрэмніевай к-ты; гідрафільны сарбент. Паводле хім. саставу С. — крэмнію дыаксід SiO2 (крэменязём). Таварны С. — паўпразрыстыя або мелападобныя зярняты белага ці жаўтаватага (з-за прымесей) колеру. Мае вял. ўдзельную паверхню, нязначную асабістую каталітычную актыўнасць. Выкарыстоўваюць для асушвання, ачысткі і раздзялення хладонаў, спіртоў, амінакіслот, вітамінаў, антыбіётыкаў і інш., як адсарбент у храматаграфіі, носьбіт для каталізатараў.

т. 14, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІПУНКУЛІ́ДЫ (Sipunculida),

тып беспазваночных жывёл. 1 клас. Каля 320 відаў. Жывуць у морах, у грунце, часта ў норках, ракавінах малюскаў.

Даўж. 1—50 см. Цела чэрвепадобнае, несегментаванае. Пярэдняя ч. мае рот і венчык кароткіх шчупальцаў, можа ўцягвацца ў тулава. За ротам, на спінным баку, знаходзіцца анус. Ёсць другасная поласць цела, або цэлом. Крывяносная і нерв. сістэмы развітыя слаба. Раздзельнаполыя. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі і іх рэшткамі.

т. 14, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКВА́ТЭРЫ (англ., адз. л. squatter ад squat самавольна пасяляцца на чужой зямлі),

фермеры, якія ў 17—19 ст. самавольна, явачным парадкам захоплівалі незаселеныя землі ў брыт. калоніях Паўн. Амерыкі, а потым у ЗША (да 1862), Аўстраліі і некат. інш. краінах. Скватэрства было магчымае дзякуючы вял. фонду свабодных зямель і адноснай слабасці мясц. адміністрацыі; адыграла важную ролю ў складванні там фермерскага, або прадпрымальніцкага, шляху развіцця сельскай гаспадаркі.

т. 14, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)