палажэнне, якое прымаецца без лагічных доказаў на падставе непасрэднай пераканаўчасці; сапраўднае зыходнае палажэнне, на якім грунтуюцца доказы інш. палажэнняў навук. тэорыі. Сістэма аксіёмы не з’яўляецца раз і назаўсёды закончанай і, як і самі аксіёмы, змяняецца з развіццём чалавечага пазнання. Тэрмін «аксіёма» ўпершыню сустракаецца ў Арыстоцеля, потым праз працы паслядоўнікаў і каментатараў Эўкліда трывала ўвайшоў у геаметрыю. У сярэднявеччы пранік ў інш. навукі, а праз іх — у штодзённы побыт, дзе аксіёмай наз. суджэнні, шмат разоў правераныя на практыцы. Доўгі час аксіёма разглядалася як вечная і непарушная ісціна, што не патрабуе доследу і не залежыць ад яго. Лічылася, што спроба абгрунтавання можа толькі падарваць яе відавочнасць. Пераасэнсаванне праблемы абгрунтавання аксіёмы змяніла і змест самога тэрміна, паводле якога аксіёма не зыходны пачатак пазнання, а хутчэй яго прамежкавы вынік. Яна абгрунтоўваецца не сама па сабе, а як неабходны састаўны элемент тэорыі, пацвярджэнне якой ёсць адначасова і пацвярджэнне яе аксіёмай. У сучаснай навуцы пытанне пра ісціннасць аксіёмы вырашаецца ў рамках іншых навук. тэорый або шляхам інтэрпрэтацыі дадзенай тэорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАБІЯГРА́ФІЯ (ад аўта... + біяграфія),
1) афіцыйны дакумент з кароткімі звесткамі пра падзеі свайго жыцця.
2) Апісанне аўтарам уласнага жыцця; літаратурны жанр. Ад інш.літ. жанраў адрозніваецца большай прывязанасцю адлюстраваных падзей да рэальных фактаў асабістага жыцця. Сярод вядомых твораў сусв. л-ры «Споведзь» Ж.Ж.Русо, «Былое і думы» А.Герцэна, «Споведзь сына стагоддзя» А.Мюсэ і інш. У бел. л-ры пашыраны аўтабіягр. аповесць, раман, паэма, хроніка. Узоры аўтабіягр. твораў — аповесці «У дрымучых лясах» З.Бядулі, «Шлях з цемры» Я.Маўра, «Свая аповесць» Я.Скрыгана, «Сцежкі» А.Пальчэўскага, «Споведзь» Л.Геніюш і інш. Многія творы бел. л-ры грунтуюцца на адборы і тыпізацыі аўтабіягр. матэрыялу ў спалучэнні з маст. вымыслам. Аўтабіягр. аснову мае паэма Я.Коласа «Новая зямля», у якой аўтар, апіраючыся на жыццёвыя рэаліі сваёй сям’і, стварыў яркую энцыклапедыю бел. жыцця канца 19 — пач. 20 ст. «Чыстыя» аўтабіяграфіі бел. пісьменнікаў сабраны ў кнігах «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973). Да аўтабіягр. жанру адносяць таксама мемуары, дзённік, споведзь, успаміны, падарожныя нататкі; у стараж.бел. л-ры — дыярыуш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ ПЕ́РШЫў Вялікую Айчынную вайну.
Створаны 17.2.1944 у выніку перайменавання Беларускага фронту, дзейнічаў на Бабруйскім і Брэсцка-Люблінскім напрамках. Камандуючыя Маршалы Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі, з
ліст. 1944 Г.К.Жукаў; чл.ваен. савета: ген.-лейт. К.Ф.Цялегін, у маі—ліст. 1944 ген.-палк. М.А.Булганін, нач. штаба ген.-палк. М.С.Малінін. У розны час уваходзілі арміі: 3, 10, 28, 33, 47, 48, 50, 61, 65, 70, 3-я і 5-я ўдарныя, 6-я і 16-я паветр., 8-я гвардз., 1-я і 2-я гвардз.танк., 1-я і 2-я Войска Польскага, Дняпроўская ваенная флатылія. Франтавая газ. «Красная Армия». Войскі фронту сваімі сіламі і разам з інш. франтамі ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 правялі Рагачоўска-Жлобінскую, Бабруйскую, Мінскую, Люблін-Брэсцкую, у 1945 — Вісла-Одэрскую, Варшаўска-Пазнанскую, Усх.-Памеранскую, Берлінскую аперацыі (гл. адпаведныя арт.). 10.6.1945 фронт расфарміраваны, яго палявое ўпраўленне рэарганізавана ў Палявое ўпраўленне Групы сав. войскаў у Германіі.
М.І.Камінскі.
Мемарыяльны комплекс у гонар воінаў Беларускага фронту першага і партызанаў у в. Сычкава Бабруйскага раёна Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІХ ТАТА́РАЎ МО́ВА,
першасная цюркская мова татараў, што пасяліліся на тэр.ВКЛ у 14—16 ст. Зыходзячы з таго, што большасць бел. татараў мела крымскае паходжанне і толькі нязначная частка — залатаардынскае (волжскае) ці турэцкае, можна лічыць іх мовай кыпчацкія і агузскія дыялекты крымска-татарскай мовы (на той час яшчэ не уніфікаваныя і не зафіксаваныя ў пісьменстве). Гетэрагеннасць (неаднароднасць па складзе) беларускіх татараў мовы, рассяленне татараў па ўсім ВКЛ, няцюркскае сямейнае асяроддзе (шлюбы татараў-мужчын з беларускамі) абумовілі выцясненне з канца 16 ст. беларускіх татараў мовы бел. і польск. мовамі.
Беларускіх татараў мова мела 8 галосных (а, ы, о, у, и, ё, ю; знакі падаюцца паводле дзеючай крымска-татарскай графікі). У сістэме зычных: глыбоказаднеязычны «гъ», «къ» побач з больш пярэднімі «г», «к»; звонкая афрыката «дж», заднеязычнае «нъ». Сінгарманізм складу і слова. Назоўнікі мелі катэгорыі ліку, склону, прыналежнасці і прэдыкатыўнасці. Прыметнікі паказвалі на ступень інтэнсіўнасці. Дзеяслоў меў катэгорыі часу і асобы, ладу, стану; аддзеяслоўны назоўнік на «-макъ» выступаў у функцыі інфінітыва. У лексіцы шмат араб. і іранскіх запазычанняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НІГСЕН Лявонцій Лявонцьевіч [10.2.1745, г. Браўншвайг (паводле інш. звестак — маёнтак Бантэльн каля г. Гановер), Германія — 3.10.1826], расійскі ваенны дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1802), граф (1813). Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63. У 1773 перайшоў на рас. службу з гановерскай арміі. Удзельнік паходаў супраць Турцыі, задушэння сял. вайны 1773—75 пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. У 1792 удзельнічаў у бітве супраць бел.-літ. войска пад Мірам (19 мая), асадзе Нясвіжскага замка, баях пад Зэльваю, Ваўкавыскам, каля р. Буг (2 ліп.). У час паўстання 1794 са сваім атрадам дзейнічаў паміж Ашмянамі і Дзісной, нанёс паражэнне паўстанцам каля мяст. Солы, за што атрымаў чын ген.-маёра. За ўдзел у ваен. кампаніі на тэр. Літвы атрымаў 1080 душ прыгонных сялян у Слуцкім пав. Удзельнік дварцовага перавароту 1801 (забойства Паўла I). У 1801—06 віленскі ваен. губернатар. У 1806—07 камандзір корпуса і галоўнакамандуючы рус. арміяй, удзельнічаў у баях супраць Напалеона. У вайну 1812 за інтрыгі супраць М.І.Кутузава зняты з пасады нач. Галоўнага штаба. У замежных паходах 1813—14 камандаваў Польск. арміяй. У 1818 звольнены ў адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ ЗЯМЛЯ́,
гістарычная вобласць у 10—16 ст. у бас. сярэдняга цячэння рэк Зах. Буг і Нараў. Найб. гарады: Бельск, Берасце (Брэст), Драгічын над Бугам, Камянец, Кобрын, Мельнік. З 10 ст. ў складзе Кіеўскай Русі, з канца 11 да сярэдзіны 12 ст. ва ўладанні тураўскіх, пасля — валынскіх князёў. У 11—13 ст. тут сутыкаліся інтарэсы кіеўскіх, тураўскіх, пінскіх, менскіх, галіцка-валынскіх, а з пач. 14 ст. і князёў ВКЛ з інтарэсамі польскіх феадалаў. Польскія князі Казімір II у 1179 і 1182, Конрад Мазавецкі і Лешка Кракаўскі ў 1210 часова захоплівалі Берасцейскую зямлю Драгічынскую воласць захапілі ням. рыцары, якіх у 1237 разбіў валынскі кн. Даніла Раманавіч. Паводле ўскосных звестак Іпацьеўскага летапісу, у 1240 у Берасцейскую зямлю з Пд уварваліся манголы. З пач. 14 ст. Берасцейская зямля ў складзе ВКЛ, ва ўладанні вял. князя Кейстута. У 1349 на некат. час Берасцейскую зямлю захапіў польскі кароль Казімір III. У 1382 кн. Януш Мазавецкі асадзіў Берасце, захапіў Драгічын, Мельнік і інш. З 1413 Берасцейская зямля ў складзе Трокскага ваяв. У 1566 створана Берасцейскае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЖАСТО́ЎСКІЯ,
шляхецкі род герба «Стрэмя» ў ВКЛ. Найб. вядомыя:
Цыпрыян Павел (1612—88), каралеўскі сакратар з 1645, рэферэндар літоўскі з 1650, пісар літоўскі з 1657, ваявода трокскі з 1684. У 1658, 1661—64 у складзе дыпламат. місій, у 1667 камісар Рэчы Паспалітай на перагаворах з Расіяй, якія скончыліся падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667. У 1671—72, 1679, 1683 пасол у Маскву.
Канстанцін Казімір, гл.Бжастоўскі К.К.
Міхал (1722—21.5.1784), ген.-лейт. (1753), пісар літоўскі з 1758, канюшы літоўскі з 1762, падскарбі вял. літоўскі з 1764. У 1764 маршалак Генеральнай літ. канфедэрацыі.
Адам (1722—90), ген.-маёр кавалерыі (1748), потым ген.-лейт. пяхоты, кашталян полацкі ў 1758—76. Удзельнік Барскай канфедэрацыі 1768—72.
Станіслаў (2.3.1733—8.4.1769), ваявода інфлянцкі з 1767.
Павел Ксаверы (30.3.1739—17.11.1827), вял. пісар літоўскі з 1762, рэферэндар літоўскі ў 1774—87. У сваім маёнтку Мерач (пазней Паўлава) Віленскага пав. правёў прагрэс. рэформы (гл.Паўлаўская рэспубліка).
Міхал Геранім (17.4.1762—1806), чашнік літоўскі. Пасол на Чатырохгадовым сойме 1788—92. У час паўстання 1794 чл. Найвышэйшай літоўскай рады і дэпутацыі бяспекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКІРАВА́ННЕ,
спосаб кіравання механізмамі, прыладамі і прыстасаваннямі, пры якім у якасці кіроўных сігналаў выкарыстоўваюцца розныя праяўленні жыццядзейнасці арганізма чалавека (часам паняцце біякіравання пашыраецца і на інш. жывыя сістэмы). Для біякіравання могуць выкарыстоўвацца біяпатэнцыялы, гукі, што суправаджаюць працэс дыхання і работу сэрца, ваганні т-ры цела і інш.Найб. пашыраны сістэмы з біяэлектрычным кіраваннем, у якіх біяпатэнцыялы, што генерыруюцца галаўным мозгам, сардэчнай і шкілетнымі мышцамі, нервамі, узмацняюцца і пераўтвараюцца ў іншыя сігналы для ўздзеяння на кіроўны аб’ект.
Сістэмы біякіравання выкарыстоўваюцца ў тэхніцы (напр., для кіравання маніпулятарам, лятальным апаратам, калі на пілота ўздзейнічаюць моцныя перагрузкі і рухі яго абцяжараны). Асабліва пашыраны ў медыцыне, напр., біяпатэнцыялы галаўнога мозга служаць для кантролю глыбіні наркозу ў часхірург. аперацый. Біякіраванні з выкарыстаннем біяпатэнцыялаў сэрца ўжываюцца ў дыягнастычных прыладах, якія забяспечваюць уключэнне сігналізацыі і рэгістравальнай апаратуры (напр., пры парушэннях сардэчнага рытму) і ў мед. прыладах для аўтам. падтрымання функцый арганізма (напр., у апаратах для штучнага кровазвароту). Значную групу прыстасаванняў з біякіраваннем складаюць актыўныя пратэзы, для кіравання якімі выкарыстоўваюцца біяпатэнцыялы, што ўзнікаюць у тканках здаровых, часткова ампутаваных ці паралізаваных канечнасцяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ КАПЭ́ЛА ТЫЗЕНГА́ЎЗА,
прыдворны аркестр раннекласічнага складу падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза ў 1765—80. Належала да найбольшых і найлепшых па прафес. узроўні калектываў падобнага роду ў ВКЛ, славілася і за яго межамі, у т. л. ў Мангейме (Германія); у 1780 была ангажыравана ў Нац.т-р у Варшаве. Суправаджала паказы Гродзенскага т-ра Тызенгаўза, касцельныя службы, іграла на балях, розных урачыстасцях і інш. Рэпертуар капэлы ўключаў араторыі, месы, муз.-сцэн. творы, сімфоніі, быт. музыку (танцы, дывертысменты, серэнады). Удзельнічала ў выкананні оперы А.Грэтры «Магніфік» («Велікапышны»), камедыі П.Бамаршэ «Севільскі цырульнік», «Сялянскага балета» і «Балета пекараў». Выконвала сімфоніі І.Гайдна, а таксама музыку, створаную ў прыдворным асяроддзі Тызенгаўза. У капэле былі замежныя і мясц. музыканты, у т. л. прыгонныя, якія атрымлівалі адукацыю ў Гродзенскай музычна-тэатральнай школе Тызенгаўза або пры дварах у Нясвіжы, Слоніме. У час росквіту капэлы ў 1777—79 у ёй было 30 капэлістаў і 7 «хлопцаў з капэлы». З адстаўкай Тызенгаўза капэла распалася.
Літ.:
Żórawska-Witkowska A. Kapeła Antoniego Tyzenhauza w Grodnie // Muzyka. 1977. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 15 — 1-й пал. 20 ст. Цэнтр — г.Гродна. Утвораны пасля Гарадзельскай уніі 1413 на тэр. Гродзенскага княства ў складзе Трокскага ваяв.ВКЛ. Межы павета ўдакладняліся ў часадм.-тэр. рэформы 1565—66. У 2-й пал. 16 ст. ў павеце 27 валасцей. У 17 ст. плошча павета 11 505 км². З 1793 у складзе Гродзенскага ваяв., у 1795 зах. частка павета адышла да Прусіі, усх. (з г. Гродна) — да Рас. імперыі ў складзе Слонімскай (з 1795), Літоўскай (з 1797), Гродзенскай (з 1801) губ. У 1897 пл. павета 3770 кв. вёрст, нас. 206 770 чал. У 1886—1912 у павеце 21 воласць, 1 горад (Гродна), 11 мястэчак, 955 сельскіх нас. пунктаў. З 1921 у Польшчы, у Беластоцкім ваяв. У 1927 пл. павета 4743 км², 22 гміны, 4 гарады (Гродна, Друскенікі, Індура, Скідзель). З 1939 у БССР, з 4.12.1939 у Беластоцкай вобл. 15.1.1940 скасаваны, на тэр. павета ўтвораны Гродзенскі раён; асобныя яго часткі далучаны да інш. раёнаў.