МНАГАЗНА́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя, якая прымае некалькі значэнняў для аднаго і таго ж значэння аргумента з вобласці яе вызначэння. Напр., адваротная трыганаметрычная функцыя Arctg x = arctg x + kπ, дзе k = 0, ±1, ±2, ... з’яўляецца бясконцазначнай. М.ф. ўзнікаюць, напр., пры рашэнні ўраўненняў. М.ф. камплекснай пераменнай вывучаюцца ў тэорыі аналітычных функцый. Асн. элементарнай аналітычнай функцыяй з’яўляецца бясконцазначная функцыя lnz, праз якую выражаюцца ўсе астатнія элементарныя функцыі.

т. 10, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОРФАГЕНЕ́З (ад морфа + ...генез),

формаўтварэнне, узнікненне і развіццё структур арганізма ў індывідуальным (антагенез) і эвалюцыйным (філагенез) развіцці. Індывідуальны М. — сукупнасць працэсаў развіцця аплодненай яйцаклеткі, што прыводзіць да ўтварэння складанага шматклетачнага арганізма. У філагенет. М. пры атрыманых у спадчыну зменах генома відазмяняюцца морфагенет. карэляцыі арганізма. Працэсы, што спрыяюць выжыванню віду, замацоўваюцца натуральным адборам, у выніку паяўляюцца патомкі з новай структурай.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ХАЦКАЯ БІ́ТВА 1526.

Адбылася 29 жн. на правым беразе Дуная каля г. Мохач (Венгрыя) паміж тур. арміяй султана Сулеймана I Кануні (100 тыс. чал. і 300 гармат) і дваранскім войскам венг.-чэш. караля Лаяша II (25 тыс. чал. і 80 гармат). Скончылася разгромам войск Лаяша (загінуў пры адступленні). Пасля М.б. значная частка Венг. каралеўства захоплена Асманскай імперыяй; у Чэхіі ўмацавалася ўлада Габсбургаў.

т. 10, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЙМЕ́НШАГА ДЗЕ́ЯННЯ ПРЫ́НЦЫП,

адзін з асн. варыяцыйных прынцыпаў механікі. Паводле Н.дз.п. з дадзенага класа рухаў мех. сістэмы ажыццяўляецца такі, для якога фіз. велічыня, якая наз. дзеяннем (гл. Дзеянне ў фізіцы), мае мінімум. Выкарыстоўваецца для атрымання ўраўненняў руху мех. сістэмы і даследавання агульных уласцівасцей гэтых рухаў. Пры пэўных абагульненнях паняццяў Н.дз.п. дастасуецца таксама да рашэння задач механікі неперарыўных асяроддзяў, электрадынамікі, квантавай механікі і інш.

т. 11, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ТРЫЮ ПЕРАКСІ́Д,

неарганічнае пераксіднае злучэнне, моцны акісляльнік, Na2O2 Бясколернае крышт. рэчыва (тэхн. прадукт слаба-жоўтага колеру). Раствараецца ў вадзе. Пры награванні вышэй за 300 °C раскладаецца з вылучэннем кіслароду. Атрымліваюць акісленнем расплаву натрыю кіслародам ачышчанага ад вуглякіслага газу сухога паветра. Выкарыстоўваюць для рэгенерацыі паветра (Na2O2 + СО2 → Na2CO3 + ​1/2 O2) У падводных лодках і дыхальных прыборах, водныя растворы — для адбельвання паперы, тканін.

т. 11, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАЛА́Н,

горад у Азербайджане, у перадгор’ях Малога Каўказа, за 18 км ад чыг. ст. Герань. 7,9 тыс. ж. (1991). Здабыча нафталанскай лячэбнай нафты. Краязнаўчы музей. Бальнеалагічны курорт. Клімат субтрапічны. Асн. прыродны лек. фактар — нафталанская нафта (нафталан), якую выкарыстоўваюць для нафталаналячэння (у выглядзе мясц. агульных ваннаў, мазяў) пры лячэнні захворванняў органаў руху і апоры, перыферычнай нерв. сістэмы, скуры і інш. Вял. хваёвы парк.

т. 11, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМАТА́, алалія,

адсутнасць або абмежаванне маўлення ў дзяцей (пры захаванні слыху і інтэлекту) ад недаразвіцця ці пашкоджанняў зон маўлення ў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга. Адрозніваюць Н. маторную (парушаецца рухальная функцыя маўлення, разуменне яго застаецца) і сенсорную (парушаецца разуменне маўлення). Прычыны — захворванні і траўмы мозга, інтаксікацыі, пашкоджанні зон маўлення кары галаўнога мозга, якія ўзнікаюць у час родаў. Лячэнне: спец. лагапедычныя практыкаванні.

т. 11, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́РНСТА—ЭТЫНГСГА́ЎЗЕНА ЭФЕ́КТ,

узнікненне эл. поля (поля Нернста) у цвёрдых правадніках пры наяўнасці градыента т-ры і перпендыкулярнага да яго магн. поля. Адкрыты ў 1886 В.Нернстам і аўстр. фізікам А.​Этынгсгаўзенам. Абумоўлены скрыўленнем траекторыі носьбітаў зараду ў магн. полі. Адрозніваюць падоўжны (эл. поле EN накіравана ўздоўж градыента т-ры ▽T) і папярочны (EN перпендыкулярнае ▽T і магн. полю) эфекты. Гл. таксама Гальванамагнітныя з’явы.

т. 11, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́СЦЕРАЎ (Іван Фірсавіч) (7.7.1904, в. Таўкачы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 24.12.1989),

Герой Сав. Саюза (1945). З 1924 на камсам. рабоце ў Таўкачах. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Сталінградскім, 2-м і 3-м Укр. франтах. Нам. камандзіра батальёна па палітчастцы капітан Н. вызначыўся ў 1944 пры фарсіраванні Дуная на тэр. Венгрыі. Да 1962 на сав. і парт. рабоце.

І.Ф.Несцераў.

т. 11, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ЦІН (Фёдар Пракопавіч) (13.4.1913, в. Шпылёўшчына Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 3.11.1979),

Герой Сав. Саюза (1945). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1943 у партызанах, з 1944 на фронце. Камандзір стралк. аддзялення сяржант Н. вызначыўся ў чэрв. 1944 пры вызваленні Чавускага р-на Магілёўскай вобл. У 1945—63 старшыня калгасаў, да 1973 на гасп. рабоце.

Ф.П.Нікіцін.

т. 11, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)