ГАРБАВІ́ЧЫ,

вёска ў Чавускім р-не Магілёўскай вобл., на р. Раста, на аўтадарозе Магілёў—Чавусы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на З ад г. Чавусы, 20 км ад Магілёва, 1,5 км ад чыг. ст. Раста. 890 ж., 370 двароў (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Каля вёскі гарадзішча жал. веку, курганны могільнік радзімічаў (9—11 ст.).

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎСМАНІ́Т (ад прозвішча ням. мінералога І.​Гаўсмана),

мінерал падкласа складаных аксідаў, аксід марганцу Mn​2+Mn23+O4. Прымесі жалеза, цынку, барыю, магнію, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі псеўдаактаэдрычныя. Пераважна зярністыя або шчыльныя агрэгаты. Колер карычнева-чорны. Бляск металічны. Цв. 5,5. Крохкі. Шчыльн. каля 4,9 г/см³. Метамарфічнага, кантактава-метасаматычнага, гідратэрмальнага ўтварэння. Уваходзіць у састаў марганцавых руд. Руда для выплаўкі ферамарганцу і легіраваных чыгуноў.

т. 5, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЦЬ,

вадасховішча ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., за 22 км на ПдЗ ад Баранавіч, каля в. Яжона, на р. Лахазва (бас. Нёмана). Створана ў 1934. Пл. 1,26 км², даўж. 3,1 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 4,7 м. Аб’ём вады 3,15 млн. м³. Берагі моцна парэзаныя, спадзістыя, пад лесам. Дно ўкрыта торфам і глеем. Сярэдні шматгадовы сцёк 32 млн. м³. Выкарыстоўваецца для адпачынку і рыбагадоўлі.

т. 5, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖХУКА́Р,

археалагічная культура эпохі энеаліту (16—15 ст. да н.э.) на тэр. Сінда (Зах. Пакістан). Прасочваецца на некат. помніках, у т. л. каля сучаснага паселішча Джхукар, дзе змяняе Інда даліны цывілізацыю. Характэрная двухкаляровая кераміка, якая мае аналагі з Белуджыстанам. Выяўлены своеасаблівыя пячаткі з каменю, фаянсу і гліны, медныя шпількі, правушныя сякеры, характэрныя для тэр. Сярэдняга Усходу. Некат. даследчыкі звязваюць развіццё Дж. з арыйцамі.

А.​В.​Іоў.

т. 6, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭ́ЛАМ,

рака ў Індыі і Пакістане, правы прыток р. Чынаб (бас. Інда). Даўж. 810 км, пл. бас. 55,3 тыс. км².

Пачынаецца ў хр. Пір-Панджал (Цэнтр. Гімалаі), перасякае Кашмірскую даліну, Паўн. і Зах. Гімалаі, цячэ па раўнінах Пенджаба. Сярэдні расход вады каля 900 м³/с. Летняя паводка. Ад Дж. адыходзіць сетка арашальных каналаў. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. ГЭС. На Дж. — гарады Срынагар (Індыя), Джэлам (Пакістан).

т. 6, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭМА́ЛЬ-АД-ДЗІН АЛЬ-АФГАНІ́ (Мухамед Сеід) (1838, с. Асадабад, каля Кабула — 9.3.1897),

мусульманскі рэліг. і паліт. дзеяч, філосаф, пісьменнік, публіцыст. Заснавальнік панісламізму. Заклікаў да мадэрнізацыі ісламу з мэтай паліт. адраджэння халіфата пад эгідай Асманскай імперыі і вызвалення з-пад еўрап. паліт. і культ. ўплыву. У 1883—86 жыў у Зах. Еўропе. Выдаваў у Парыжы газ. «Надзейная апора». Аўтар твораў на перс. мове «Абвяржэнне матэрыялізму».

т. 6, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́КСАН,

скалісты востраў у Енісейскім зал. Карскага м., за 1,5 км ад мацерыка, у Краснаярскім краі Расіі. Пл. каля 25 км². Складзены пераважна з дыябазаў. Выш. да 50 м. Палярная станцыя (з 1916), на базе якой у 1930-я г. пабудаваны арктычны радыёметэаралагічны цэнтр і геафіз. абсерваторыя. Рыбазавод. Востраў названы Н.А.Э. Нордэншэльдам у 1878 у гонар швед.

купца Дзіксана, які фінансаваў яго экспедыцыю. Порт Дзіксан.

т. 6, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́БРЫЧ, Добрыца,

рака ў Рагачоўскім і Кармянскім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Сож (бас. Дняпра). Даўж. 36 км. Пл. вадазбору 234 км². Пачынаецца за 200 м на З ад в. Рубанае Рагачоўскага р-на. Цячэ па Чачорскай раўніне. Асноўны прыток р. Ржаўка. Даліна трапецападобная. Пойма двухбаковая. Ад вытоку на працягу каля 7 км рэчышча каналізаванае, ніжэй звілістае. На рацэ плаціна і сажалка.

т. 6, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРО́Н (Huron),

возера ў Паўн. Амерыцы, у ЗША і Канадзе, другое па велічыні ў сістэме Вялікіх азёр. Пл. 59,6 тыс. км². Даўж. 330 км, шыр. каля 293 км, глыб. да 208 м. Злучаецца р. Сент-Мэрыс і каналам Су-Сент-Мары з Верхнім воз., пралівам Макіна — з воз. Мічыган; сцёк па р. Сент-Клэр у воз. Эры. Рыбалоўства. Суднаходства. Гал. парты — Сарнія і Мідленд (Канада), Алпіна (ЗША).

т. 5, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГХА́ГХРА,

рака ў Індыі, Непале і Кітаі, левы прыток Ганга. Даўж. 950 км, пл. бас. 127,7 тыс. км². Пачынаецца на Пд Тыбецкага нагор’я, перасякае Гімалаі (пад назвай Карналі), ніжняе цячэнне — на Інда-Гангскай раўніне. Жыўленне змешанае, снегава-ледавіковае і дажджавое. Сярэдні расход каля 1800 м³/с. Разводдзе вясенне-летняе; здараюцца катастрафічныя паводкі. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На Гхагхры — г. Файзабад (Індыя).

т. 5, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)