казкі, якія ў крытычна-завостранай форме адлюстроўваюць побыт і жыццё працоўных, узаемаадносіны ў грамадстве і сям’і, высмейваюць адмоўныя сац. тыпы і людскія недахопы, сцвярджаючы нар. ідэалы. У адрозненне ад чарадзейных казак у іх адсутнічаюць элементы фантастыкі. Героі С.-б.к. — бедны селянін, работнік, салдат, якія перамагаюць сваіх ворагаў-прыгнятальнікаў не звышнатуральнай сілай, а мудрасцю, кемлівасцю і знаходлівасцю. Найб. папулярнасцю карысталіся казкі на тэмы «мужык і пан», «мужык і поп(ксёндз)», дзе паны, папы і ксяндзы трапляюць у камічнае становішча, праз якое выразна выяўляюцца іх прагнасць, хцівасць, жорсткасць, дурасць («Пану навука», «Завідлівы поп»). У С.-б.к. 2-йпал. 19 ст. ярка адлюстравалася класавае расслаенне ў вёсцы ў паслярэформенны час. Канфлікт паміж беднымі і багатымі выразна раскрывае асн. рысы і якасці створаных народам вобразаў — бязлітаснага жорсткага багатыра і прыгнечанага абяздоленага бедняка. У некат. з гэтых казак вял. месца адведзена псіхал. характарыстыцы персанажаў. Адна з найважнейшых іх асаблівасцей адлюстравання рэчаіснасці — спалучэнне верагоднага паказу жыцця з карыкатурна-гратэскавай абмалёўкай адмоўных персанажаў. Для іх характэрна іронія, сарказм, гіпербала, дасціпны нар. гумар. Найб. развіццё С.-б.к. набылі ў эпоху феадалізму, актыўна бытавалі ў перыяд капіталізму, лепшыя ўзоры дайшлі да нашага часу.
Публ.:
Сацыяльна-бытавыя казкі. Мн., 1976.
Літ.:
Фядосік А.С. Беларуская сацыяльна-бытавая казка. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́ЛЬНАГА ПАРТНЁРСТВА ТЭО́РЫЯ,
сацыяльна-эканамічная канцэпцыя ідэалаг. абгрунтавання ідэі пра неабходнасць супрацоўніцтва ўсіх сац. груп грамадства ў інтарэсах агульнага прагрэсу і дабрабыту. Набыла пашырэнне пасля 2-йсусв. вайны ў ФРГ, Аўстрыі, Швецыі, Францыі, Вялікабрытаніі, што звязана з асн. працэсамі эканам. і паліт. развіцця Зах. Еўропы. Ідэя класавага супрацоўніцтва сфармулявана ў працах Дж.Міля, Ж.Б.Сея і атрымала развіццё ў дактрыне індустрыяльнага грамадства (Дж.Голбрэйт, Ф.Перу, Р.Арон, Р.Дарэндорф і інш.). Паводле яе, класавыя канфлікты і барацьба перашкаджаюць грамадскаму інтарэсу і таму павінны саступіць месца сац. партнёрству. С.п.т. стала састаўной часткай распрацаванай Л.Эрхардам дактрыны зах.-герм. неалібералізму, якая прадугледжвала неабходнасць пераадолення класавых супярэчнасцей, мэтанакіраванага і планамернага развіцця ўсяго жыцця краіны з дапамогай метадаў дзярж. рэгулявання і планавання. Тэарэтычна абгрунтоўвалася і ў інш. краінах: як надыход эры «сацыяльнага праграмавання» (Бельгія), эпоха «пабудовы новага грамадства» з дапамогай «кантрактаў прагрэсу» (Францыя), эра «добраахвотнага супрацоўніцтва» (Вялікабрытанія) і г.д. Адзін з яе кірункаў — удзел працоўных у кіраўніцтве прадпрыемствамі і эканомікай краіны. На думку тэарэтыкаў лейбарызму і правай сацыял-дэмакратыі (Дж.Стрэйчы, Дж.Коўл, У.Пальме і інш.), паступовае ўкараненне сумеснага кіравання прадпрыемствамі наёмнымі работнікамі і прадпрымальнікамі прывядзе да стварэння грамадства новага тыпу — «дэмакратычнага сацыялізму».
Літ.:
Гэлбрейт Дж. Новое индустриальное общество: Пер. с англ.М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́ЗНІКІрымскія
(socii),
абшчыны і плямёны, падпарадкаваныя Стараж. Рымам. Пасля страты суверэнітэту ў 338 да н.э. С. не мелі права весці самаст. знешнюю палітыку, павінны былі дапамагаць Рыму войскамі і матэрыяльнымі сродкамі ў час вайны і аддаваць рым. каланістам ч. сваёй зямлі. Паводле асноў самакіравання і правоў, якія даваліся С. у Рыме, абшчыны падзяляліся на розныя катэгорыі. Прывілеяваную групу складалі т. зв. лацінскія С., якія карысталіся поўным самакіраваннем і некат. грамадз. правамі ў Рыме. Большасць грэч. полісаў Італіі былі ўласна С.; іх жыхары, маючы самакіраванне, не валодалі ніякімі правамі рым. грамадзянства. Ніжэйшай катэгорыяй С. з’яўляліся дэдытыцыі; яны карысталіся абмежаваным самакіраваннем і не мелі правоў рым. грамадзянства. Да гэтай катэгорыі належалі б. члены самніцкай федэрацыі (гл.Самніты). Пытанне аб наданні С. правоў рым. грамадзянства ставілася яшчэ ў 2-йпал. 2 ст. да н.э., аднак было вырашана толькі ў выніку паўстання італійскіх плямён (гл.Саюзніцкая вайна 90—88 да н.э.). З канца 2 ст. да н.э.рым. правіцелі пасялялі ў межах імперыі варварскія плямёны ў якасці С., або федэратаў.
Тытул «С. і прыяцель рым. народа» атрымлівалі ад Рыма правіцелі дружалюбных васальных царстваў (напр., цар Нумідыі Масініса і інш.).
Літ.:
Нечай Ф.М. Рим и италики. Мн., 1963;
Маяк И.Л. Взаимоотношения Рима и италийцев в III—II вв. до н.э.М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́РСКІЯ,
княжацкі род герба «Ліс» у ВКЛ. Першыя прадстаўнікі роду вядомы з дакументаў 1-й трэці 15 ст., валодалі маёнткамі Свір (адсюль прозвішча), Сырмеж, Споры, Мядзел, Варняны і інш.Андрэй С. падпісаў Кірстымонскі мірны дагавор 15.5.1432 вял.кн. Свідрыгайлы з Інфлянцкім ордэнам. Браты Эрык і Раман С. падпісалі акты Трокскай уніі 1433 і Гродзенскай уніі 1434, вядомы таксама іх брат (?) Івашка. Унукамі Эрыка былі: Андрэй Петкавіч (? — пасля 1503) — канонік віленскі, пробашч варнянскі, валодаў маёнткам Варняны; Якуб Петкавіч(? — даі 528) — харунжы свірскі; Марцін і Міхал Петкавічы (? — пасля 1503). Унук Івашкі Юхна прадаў у 1528 Ю.Радзівілу свой маёнтак разам з г. Свір і правам карыстання воз. Свір. Андрэй Юхнавіч (? — пасля 1533) прадаў у 1527 сваю частку Мядзела Гаштольду, астатнюю частку яму ж разам з братам Войцехам у 1533. Войцех Юхнавіч (?—1547) — харунжы крэўскі і свірскі (згадваецца з 1540). Унук Міхала Петкавіча Лукаш Баляслававіч (? — 1593) — пісар віленскага ваяводы М.Радзівіла Чорнага, дваранін гаспадарскі, маршалак гаспадарскі з 1565, староста крэўскі (згадваецца з 1569), цівун бяржанскі. Януш Баляслававіч (?—1597) — мастаўнічы полацкі (згадваецца з 1561), маршалак гаспадарскі (згадваецца з 1566), намеснік віленскі (згадваецца з 1588). Адзін з унукаў Марціна Петкавіча. Якуб Аляксандравіч (? — 1585) — маршалак гаспадарскі з 1580. Гэтая лінія роду С. і лінія Міхала Петкавіча мелі працяг.
тэхнічны спосаб манум.-дэкар. жывапісу, засн. на выдрапванні верхняга слоя тынкоўкі да ніжніх кантрастных па колеры слаёў. Вызначаецца трываласцю і ўстойлівасцю да атм. змен. Выкарыстоўваецца пераважна для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў. Вядома з эпохі Адраджэння ў Італіі, пазней у Чэхіі, Польшчы і інш.еўрап. краінах. На Беларусі рэшткі С. захаваліся на сценах Гродзенскага Старога замка (16 ст., цяпер затынкаваны) і фрызе Гродзенскага касцёла кляштара брыгітак (сярэдзіна 17 ст., рэстаўрыраваны ў 1978). Цікавасць да С. ў пэўнай ступені адрадзілася ў творах стылю класіцызму (фрагменты сграфітавага дэкору ў палацы Ружанскага палацавага комплексу). З 2-йпал. 20 ст. выкарыстоўвалася ў манум. мастацтве: дэкар. кампазіцыі ў фае кінатэатра «Кіеў» у Мінску (маст. Г.Гаркуноў, А.Кішчанка), у кінатэатры «Беларусь» у Брэсце (маст. І.Крупскі) і інш. У тэхніцы С. працавалі бел. мастакі Г.Вашчанка, С.Дамарад, Г.Жарын, А.Жгун, Л.Каленік, Кішчанка, У.Крываблоцкі, З.Літвінава, С.Рабашчук, С.Сакалоў, У.Стальмашонак, В.Чайка.
Э.І.Вецер.
Сграфіта на фасадзе дома «Каля хвіліны» ў Старым горадзе Прагі.Фрагмент сграфіта на фрызе касцёла кляштара брыгітак у Гродне.Да арт.Сграфіта. Г.Гаркуноў, А.Кішчанка. Фрагмент дэкаратыўнай кампазіцыі ў фае кінатэатра «Кіеў» у Мінску. 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СД (ням. SD скарачэнне ад Sicherheitsdienst des Reichsführers SS служба бяспекі рэйхсфюрэра СС),
служба бяспекі і паліт. разведкі (шпіянажу) унутры СС, якая дзейнічала ў межах Нацыянал-сацыялісцкай партыі (НСДАП) у час дыктатуры гэтай партыі ў Германіі. Засн. ў 1931 Г.Гімлерам як служба разведкі (узначальваў Р.Гайдрых), з вер. 1932 наз. СД. Напачатку служыла для збору інфармацыі пра паліт. праціўнікаў і апазіцыянераў унутры НСДАП. З 1933 парт. ведамства з уласнай арг-цыяй на ўсёй тэр. дзяржавы па ажыццяўленні паліт. кантролю над насельніцтвам, з 1934 адзіная разведвальная служба нацысцкай партыі. У 1939 разам з паліцыяй бяспекі падпарадкавана Гал. ўпраўленню імперскай бяспекі (РСХА). Дзейнічала праз штатных і няштатных агентаў, мела архівы (картатэкі), афіц. канторы; выканаўчую ўладу ажыццяўляла гестапа. З СД рэкрутаваліся кіруючыя кадры для паліцыі бяспекі, якія дзейнічалі ў 2-ю сусв. вайну (са студз. 1943 СД узначальваў Э.Кальтэнбрунер) як кіраўнікі т. зв. айнзацгруп у акупіраваных краінах, у т. л. на Беларусі (айнзацгрупы «A» і «B»). Яны арганізоўвалі забойствы паліт. праціўнікаў фашызму, яўрэяў і інш. У падпарадкаванні Мінскага СД знаходзіўся Трасцянецкі лагер смерці. У лют. 1944 да СД перайшлі гал. функцыі органа ваен. разведкі і контрразведкі Абвера. На Нюрнбергскім працэсе пасля 2-йсусв. вайны СД прызнана злачыннай арг-цыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РБСКІЯ ПАЎСТА́ННІ ПАЧА́ТКУ 19 СТАГО́ДДЗЯ,
нацыянальна-вызваленчыя нар. паўстанні сербаў у 1-й чвэрці 19 ст. супраць тур. прыгнёту. 1-е сербскае паўстанне 1804—13 пачалося ў лют. 1804 у Бялградскім пашалыку (губерні) пасля забойства янычарамі (студз. 1804) каля 70 найб. папулярных у народзе сербаў. Паўстанне ўзначаліў Карагеоргій. Паўстанцы атрымалі некалькі перамог і на пач. 1807 кантралявалі ўсю тэр. Сербіі. Значную дапамогу паўстанцам аказала Расія ў час.рус.-тур. вайны 1806—12. Па патрабаванні галоўнакаманд. Малдаўскай арміяй М.І.Кутузава ў Бухарэсцкі мірны дагавор 1812 быў уключаны спец.арт. аб дазволе Сербіі мець унутр. самакіраванне. Выкарыстаўшы тое, што Расія вяла вайну з Францыяй, тры тур. арміі ў 1813 разграмілі паўстанцкае войска і аднавілі ўладу султана. 2-е сербскае паўстанне 1815 фактычна стала працягам першага. Яно пачалося ў крас. ў Бялградскім пашалыку. Кіраўніком паўстання быў абраны ваявода Мілаш Абрэнавіч, войскі якога атрымалі шэраг перамог над туркамі. Аднак колькасная перавага тур. войск прымусіла сербаў пайсці на перагаворы з Турцыяй, і пры дыпламат. падтрымцы Расіі было заключана перамір’е. Тур. ўрад прызнаў Мілаша вярх. кнезам (князем) Сербіі, рэгламентаваў памеры падаткаў сербскіх сялян тур. памешчыкам, а права збору падаткаў султану перадаў сербам. Паўстанне стварыла ўмовы для далейшай барацьбы сербаў за ўнутр. аўтаномію, якая завяршылася ў 1830-х г. стварэннем Сербскага княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ДНЕЙ (Sydney),
горад на ПдУ Аўстраліі. Адм. ц. штата Новы Паўднёвы Уэльс. 3664 тыс.ж. (2000). Пачатковы пункт чыгунак і аўтадарог углыб краіны, порт на беразе зал. Порт-Джэксан Ціхага ак.Міжнар. аэрапорт. Найбуйнейшы эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л.трансп., эл.-тэхн., радыёэлектроннае; чорная і каляровая металургія, нафтаперапр., хім., тэкст., паліграф., харч., папяровая. Метрапалітэн. Ун-т (з 1850). Оперны тэатр. Музеі: аўстралійскі, ваенна-мемарыяльны, геал., прыкладнога мастацтва, маст. галерэя. Заапарк. Штогадовыя аўкцыёны шэрсці. Месца правядзення XXVII летніх Алімпійскіх гульняў (2000).
Засн. ў 1788 як англ. калонія для ссылкі злачынцаў з метраполіі. Першае еўрап. паселішча ў Аўстраліі. Назва ад імя брыт. міністра ўнутр. спраў лорда Сідні. У 1842 атрымаў гар. права. Адкрыццё ў 1851 каля С. залатых прыіскаў паспрыяла хуткаму развіццю горада і росту яго насельніцтва. З 2-йпал. 19 ст. С. — гал.прамысл. цэнтр штата Новы Паўднёвы Уэльс і ўсёй Аўстраліі.
У цэнтры С. — эклектычныя будынкі 19 ст. Жылыя раёны абкружаюць кольцам (радыус 20—30 км) дзелавыя ч. горада. У С. шмат садоў, паркаў, бат. сад, заапарк, нац. парк. Сярод сучасных збудаванняў работы арх. Г.Зайдлера (пераважна 1960-я г.), оперны т-р (1959—66, арх. І.Утзан), арачны мост цераз заліў Порт-Джэксан (даўж. 2 км) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛЕ́ЗСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1919, 1920, 1921,
узброеныя выступленні палякаў Верхняй Сілезіі (знаходзілася ў складзе Германіі) з мэтай далучэння рэгіёна да адноўленай польскай дзяржавы пасля 1-йсусв. вайны. Паўстанне 1919 пачалося стыхійна 17 жн. і адбывалася пераважна як лакальныя выступленні ў паўд.-ўсх. частцы Верхняй Сілезіі атрадаў падп.Польскай арганізацыі вайсковай. Не падтрыманае ўрадам Польшчы, ліквідавана герм. войскамі. Паўстанне 1920 адбылося 18—28 жн. ў сувязі з абвастрэннем у краі міжнац. адносін (антыпольск. акцыі немцаў). Паўстанцы патрабавалі ліквідацыі тут ням.узбр. арг-цый, стварэння «польскай грамадз. аховы» і інш. Яны авалодалі шэрагам паветаў. Пасля прыняцця Міжсаюзніцкай камісіяй дзяржаў, што перамаглі ў 1-ю сусв. вайну, рашэння аб стварэнні змешанай паліцыі, палякі спынілі паўстанне. Паўстанне 1921 (пачалося 3 мая ноччу) было рэакцыяй на неспрыяльныя для мясц. палякаў вынікі плебісцыту 20.3.1921. У ходзе паўстання баставалі 190 тыс. рабочых, з іх 60 тыс. выступілі са зброяй. Паўстанцы авалодалі шэрагам паветаў, утварылі Вярх. ўладу, Выканаўчы к-т і Гал. камандаванне, да канца чэрв. супраціўляліся герм. войскам, што прыбылі сюды. Па патрабаванні Антанты ў сярэдзіне чэрв. — 5 ліп.ваен. сілы паўстанцаў і герм. войскі эвакуіраваны з рэгіёна. С.п. 1919, 1920, 1921 падштурхнулі Савет Лігі Нацый прыняць 12.10.1921 рашэнне аб перадачы Польшчы 29% усёй тэр. Верхняй Сілезіі з 46% насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛЯПЕ́ННЕ,
нясучая прасторавая канструкцыя для перакрыцця ці пакрыцця збудаванняў, якая мае крывалінейную паверхню. Можа быць з цэглы, прыроднага каменю, жалезабетону, дрэва. Пад нагрузкай працуе пераважна на сцісканне, перадае на апоры верт. і гарыз. намаганні. Бываюць рознай формы. Разнавіднасць С. — купал. У манум. архітэктуры Беларусі вядомы з 11—12 ст. Цыліндрычныя С. з малымі пралётамі ўжыты ў Спаса-Праабражэнскай царкве Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, Гродзенскай Барысаглебскай царкве і інш. У гатычных збудаваннях асобныя прасторавыя ячэйкі (травеі) паміж слупамі і сценамі перакрываліся крыжовымі і нервюрнымі С. (зорчатымі, сотавымі). З 2-йпал. 16 ст. пашырыліся цыліндрычныя С. з распалубкамі, якія перакрывалі вял. пралёты, часам былі аздоблены ляпнымі кесонамі ці размалёўкай (Нясвіжскі касцёл езуітаў). Культавыя збудаванні ў стылі барока мелі звычайна цыліндрычныя С. з распалубкамі на падпружных арках у сярэднім нефе і крыжовыя С. ў бакавых. Над сяродкрыжжам рабілі купалы. У палацавым буд-ве ў перыяд барока і класіцызму шырока выкарыстоўваліся люстраныя С. У сучасным буд-ве адным з новых тыпаў пакрыцця з’яўляюцца жалезабетонныя танкасценныя С.-абалонкі рознай геам. формы (цырк у Гомелі, Камароўскі крыты рынак у Мінску і інш.).
Т.В.Габрусь.
Скляпенні: а — цыліндрычнае; б — самкнутае; в — люстраное; г — рабрыстае жалезабетоннае; д — скляпенні-абалонкі; е — бочкападобнае; ж — крыжовае; з — ветразевае.Цыліндрычнае скляпенне з распалубкамі ў касцёле езуітаў у г. Нясвіж Мінскай вобл.