народнае мастацкае ўзорыстае ткацтва на Гродзеншчыне. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 17 ст. Ткачыхі выраблялі высокамастацкія рэчы — посцілкі, ручнікі, абрусы, дываны, падвойныя дываны і інш., у розных тэхніках: перабору, закладання, шматнітовага ткацтва. Посцілкі і дываны звычайна ткалі ў палосы без танальных адценняў і з адценнямі («вясёлка»), часам у клетачку. У апошні час пашырыліся кампазіцыі з каляровых палос, якія чаргуюцца з раслінным арнаментам, найб. тыповыя — зблянскія посцілкі з насычанай колеравай гамай (зялёны, малінавы, жоўты, чырвоны, фіялетавы). Ручнікам і абрусам уласціва серабрыста-белая гама. На аснове развітога нар. ткацтва ў 18—19 ст. былі засн.Гродзенскія каралеўскія мануфактуры, дзе выраблялі шпалеры (гл.Гродзенскія дываны), паясы (гл.Гродзенскія паясы) і інш. У 1920-я г. на Гродзеншчыне былі створаны прамысл. арцелі, а пасляАйч. вайны нар. майстры працавалі ў сістэме ф-к маст. вырабаў Гродна, Слоніма, дзе вырабляліся як унікальныя рэчы, так і прадметы шырокага ўжытку ў традыц. формах. У наш час ткацтва паступова перастала быць промыслам і стала заняткам асобных майстрых.
Дз.С.Трызна.
Гродзенскае ткацтва. Посцілка. Вёска Малая Воля Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
навучальная ўстанова ў Гродне ў 1625—1773. Уключаў вучэбныя і жылыя памяшканні, б-ку (у 1773 — 2373 кнігі), аптэку (засн. ў 1687), сад, гасп. будынкі, касцёл Францыска Ксаверыя (гл. ў арт.Гродзенскі кляштар езуітаў). Яго пабудовы займалі цэлы квартал горада. Калегіум складаўся з 2 аддзяленняў: малодшага, якое мела 5 класаў (апошні — 2-гадовы), і старэйшага, 3-гадовага. Выкладаліся традыцыйныя для калегіума прадметы: «сем вольных мастацтваў», тэалогія, класічныя мовы і інш. З 1667/68 навуч.г. ўсе настаўнікі калегіума мелі вучонае званне прафесара. У 1707 пры калегіуме адкрыта муз. бурса, пры ёй дзейнічала капэла (у 1773 мела 63 муз. інструменты). На 1773 калегіум валодаў 7 фальваркамі і 25 вёскамі ў Гродзенскім пав., у якіх было 240 дымоў. Пасля роспуску ў 1773 ордэна езуітаў будынкі і маёмасць калегіума перададзены Адукацыйнай камісіі, пазней — урадавым установам. Касцёл ператвораны ў фарны (прыходскі). Калегіум адыграў значную ролю ў пашырэнні ўплыву каталіцкай царквы на З Беларусі, яго дзейнасць спрыяла зацвярджэнню еўрап. сістэмы адукацыі на Гродзеншчыне. У ліку яго выхаванцаў асветнік і астраном М.Пачобут-Адляніцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 15 — 1-й пал. 20 ст. Цэнтр — г.Гродна. Утвораны пасляГарадзельскай уніі 1413 на тэр. Гродзенскага княства ў складзе Трокскага ваяв.ВКЛ. Межы павета ўдакладняліся ў час адм.-тэр. рэформы 1565—66. У 2-й пал. 16 ст. ў павеце 27 валасцей. У 17 ст. плошча павета 11 505 км². З 1793 у складзе Гродзенскага ваяв., у 1795 зах. частка павета адышла да Прусіі, усх. (з г. Гродна) — да Рас. імперыі ў складзе Слонімскай (з 1795), Літоўскай (з 1797), Гродзенскай (з 1801) губ. У 1897 пл. павета 3770 кв. вёрст, нас. 206 770 чал. У 1886—1912 у павеце 21 воласць, 1 горад (Гродна), 11 мястэчак, 955 сельскіх нас. пунктаў. З 1921 у Польшчы, у Беластоцкім ваяв. У 1927 пл. павета 4743 км², 22 гміны, 4 гарады (Гродна, Друскенікі, Індура, Скідзель). З 1939 у БССР, з 4.12.1939 у Беластоцкай вобл. 15.1.1940 скасаваны, на тэр. павета ўтвораны Гродзенскі раён; асобныя яго часткі далучаны да інш. раёнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗОНД»,
серыя савецкіх касмічных апаратаў для вывучэння касм. прасторы і адпрацоўкі тэхнікі міжпланетных палётаў, а таксама праграмы іх распрацоўкі і запускаў.
У 1964—70 запушчана 8 «З.». «З.-1», «З.-2», «З.-3» па канструкцыі падобныя на аўтаматычныя міжпланетныя станцыі «Венера-2», «Марс-1». «З.-2» выкарыстоўваўся для выпрабавання электраракетных плазменных рухавікоў, «З.-3» — для аблёту Месяца і фатаграфавання яго адваротнага боку. Запускам «З.-5» і «З.-6» упершыню вырашана праблема вяртання на Зямлю касм. апарата, які ўваходзіць у атмасферу Зямлі з 2-й касм. скорасцю. «З.-3» — «З.-8» мелі спускальны апарат і вярталіся на Зямлю. Апошняя ступень ракеты-носьбіта з касм. апаратам выводзілася на прамежкавую геацэнтрычную арбіту, з якой стартавала да Месяца. Пасля аблёту Месяца касм. апарат вяртаўся да Зямлі з 2-й касм. скорасцю, тармазіўся, спускальны апарат аддзяляўся і рабіў пасадку ў зададзеным раёне. Разліковая працягласць аўтаномнага палёту 7—8 сут. Навук. даследаванні: фатаграфаванне Зямлі і Месяца; даследаванне радыяцыйнага стану на трасе палёту і ў калямесяцовай прасторы; біял. эксперыменты і інш.
Да арт. «Зонд». Схема палёту касмічнага апарата «Зонд-6».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАЦЭ́ВІЧЫ,
горад, цэнтр Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Грыўда. Чыг. станцыя на лініі Брэст—Баранавічы. За 135 км ад Брэста. 19,7 тыс.ж. (1998).
Упершыню ў пісьмовых крыніцах упамінаюцца ў 1519. Належалі Юндзілам. З 1654 вядомы як маёнтак. З 2-й пал. 16 ст. ў Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв.ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі. Пасля пракладкі чыг. Масква—Брэст (1871) побач з маёнткам узнікла пасяленне. У канцы 19 ст. ў ім былі вінакурня і цагельня, сукнавальня і вадзяны млын. У 1915—18 акупіраваны герм., у 1919—20 польск. войскамі У ліп.—жн. 1920 існавала сав. ўлада. У 1921—39 у складзе Польшчы, мястэчка ў Косаўскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Косаўскім р-не. З 20.9.1947 гар. пасёлак, цэнтр Івацэвіцкага р-на. У 1959—5,2 тыс.ж. У 1962—65 у Бярозаўскім р-не. З 28.5.1966 горад.
Прадпрыемствы лесанарыхтоўчай, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. прам-сці, прыладабудаўнічы з-д, ільнозавод. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́Ў ЯРАСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Дзмітрый; 1024—3.10.1078),
князь тураўскі і вял. князь кіеўскі, старэйшы сын Яраслава Мудрага. Княжыў у Тураве, напэўна, з 1042 (заснавальнік дынастыі Ізяславічаў), а ў 1052 атрымаў і пасад у Ноўгарадзе. Пасля смерці бацькі (1054) стаў вял. князем кіеўскім. У 1058 зрабіў паход і перамог заходнябалцкае племя голядзь. У 1067 з братамі Святаславам і Усеваладам ваяваў супраць полацкага кн.Усяслава Брачыславіча, удзельнік Нямігскай бітвы 1067. У час перагавораў каля Оршы вераломна захапіў Усяслава ў палон і адправіў у цямніцу ў Кіеў. У выніку нар. паўстання ў 1068 І.Я. скінуты з трона. У 1069 з дапамогай польск. караля Баляслава вярнуўся ў Кіеў, прагнаў Усяслава з Полацка і прызначыў на яго месца свайго сына Мсціслава Ізяславіча, а потым — Святаполка Ізяславіча. У 1073 вымушаны пакінуць Кіеў, у 1077 зноў захапіў кіеўскі трон. У Тураў на княжанне паслаў сына Яраполка Ізяславіча. І.Я. загінуў у міжусобнай барацьбе пад Чарнігавам. Адзін са складальнікаў «Рускай праўды». Віслыя свінцовыя пячаткі І.Я. выяўлены пры археал. раскопках у Ваўкавыску, Тураве, Брэсце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1978—79,
антыманархічная, ісламская, кансерватыўная рэвалюцыя ў Іране. Пачалася як рэакцыя іранскага грамадства на эканам. (інфляцыя і інш.) і паліт. (праследаванне апазіцыйных, у т. л.рэліг., дзеячаў, самавольства тайнай паліцыі) сітуацыю, на захады правіцеля-шаха (апошняга з дынастыі Пехлеві), які імкнуўся паскорыць развіццё Ірана на ўзор індустр. дзяржаў Зах. Еўропы. На 1-м этапе рэвалюцыі (91—8.9.1978) адбываліся дэманстрацыі пад лозунгамі абмежавання шахскай улады і ўвядзення паліт. свабод у краіне. 8.9.1978 у сутыкненнях з войскамі ў Тэгеране забіта больш за 1 тыс. дэманстрантаў. На 2-м этапе (8.9 1978—16.1.1979) актывізаваўся забастовачны рух, антышахскія заклікі духоўнага ісламскага лідэра аяталы Р.Хамейні падтрымала ліберальная інтэлігенцыя, якая аб’ядналася ў Нац. фронт. У канцы 1978 — пач. 1979 сфарміраваны пераходны ўрад на чале з адным з лідэраў фронту Ш.Бахціярам; 16.1.1979 шах выехаў за мяжу. 3-і этап рэвалюцыі завяршыўся пераможным узбр. паўстаннем 9—12.2.1979 у Тэгеране і інш. гарадах. 1.4.1979 пасля рэферэндуму абвешчана Ісламская Рэспубліка Іран, у снеж. 1979 прынята яе канстытуцыя.
Літ.:
Резников А.Б. Иран: падение шахского режима. М., 1983;
Иранская революция 1978—1979: Причины и уроки. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́ЛА-ТУРЭ́ЦКАЯ ВАЙНА́ 1911—12, Трыпалітанская вайна, Лівійская вайна,
каланіяльная вайна Італіі супраць тур. Асманскай імперыі з мэтай захопу яе паўн.-афр правінцый Трыпалітаніі і Кірэнаікі (сучасная Лівія). Баявыя дзеянні пачаліся 29.9.1911 пасля адхілення Турцыяй італьян. ультыматуму. Да канца кастр.італьян. экспедыцыйны корпус (35 тыс.чал., 72 гарматы) і ВМФ разграмілі невял. тур. гарнізоны і мясц. атрады, захапілі ўзбярэжныя гарады Трыпалі, Хомс, Табрук, Бенгазі і інш. Акупацыя выклікала ўзбр. супраціўленне мясц.араб. насельніцтва, падтрыманае атрадамі добраахвотнікаў з Туніса, Алжыра, Егіпта і інш. краін, што зацягнула вайну. У маі 1912 колькасць італьян.сухап. войск у Паўн. Афрыцы дасягнула 100 тыс.чал., ім былі прыдадзены 35 самалётаў, некалькі дырыжабляў і інш. У крас. і ліп. 1912 італьян.ВМФ бамбардзіраваў тур. гарнізоны каля праліва Дарданелы, у маі захапіў а-вы Дадэканес. Паводле Лазанскага мірнага дагавора (падпісаны 18.10.1912) Турцыя вывела свае войскі з Трыпалітаніі і Кірэнаікі, якія перайшлі пад уладу Італіі. У І.-т.в ўпершыню ў ваен. мэтах выкарыстана авіяцыя.
Літ.:
Яхимович З.П. Итало-турецкая война 1911—1912 гт. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХЭТУА́НЬСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ, Баксёрскае паўстанне,
паўстанне пераважна супраць засілля іншаземцаў у Паўн. Кітаі ў 1898—1901. Ініцыіравана тайным рэліг. т-вам Іхэцюань («Кулак у імя справядлівасці і згоды»), пазней перайменаваны ў Іхэтуані («Атрады справядлівасці і згоды» — адсюль назва) у прав. Шаньдун. У 1900 паўстанцы (100 тыс.; сяляне і гар. беднякі), якіх не здолелі спыніць урадавыя войскі, накіраваліся да Пекіна, знішчаючы замежныя місіі і прадстаўніцтвы. 14.6.1900 іхэтуані ўступілі ў Пекін і разам з урадавымі войскамі 56 дзён вялі аблогу пасольскага квартала. Пасля сумеснай ноты кіт. ўраду Вялікабрытанія, ЗША, Германія, Японія, Расія, Францыя, Італія і Аўстра-Венгрыя распачалі ўзбр. інтэрвенцыю. 21 чэрв.кіт. ўрад абвясціў вайну дзяржавам-інтэрвентам, аднак іх аб’яднаная армія на чале з ням. фельдмаршалам А. фон Вальдэрзе 14 жн. заняла Пекін. 7 вер.кіт. ўрад, які перабраўся ў г. Сіань, абвясціў іхэтуаняў па-за законам. У 1901 замежныя і кіт. войскі задушылі паўстанне. 7.9.1901 Кітай падпісаў навязаны яму «Заключны пратакол», які фактычна зводзіў краіну да становішча паўкалоніі.
Літ.:
Калюжная Н.М. Восстание ихэтуаней (1898—1901). М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЙАШКАР-АЛА,
горад у Расійскай Федэрацыі, сталіца Марый Эл Рэспублікі, на р. Малага Какштага (левы прыток Волгі). 251 тыс.ж. (1996). Чыг. станцыя. Вузел шашэйных дарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (паўправадніковыя прылады, гандл. халадзільнае абсталяванне, інструменты і інш.), лёгкая, дрэваапр., харч., вытв-сць вітамінаў. 3 ВНУ, у т. л.ун-т. Тэатры: муз.-драм., рус. драмы, лялек. Філармонія. Планетарый. Краязн. музей, Дом-музей марыйскага кампазітара І.С.Палантая (Ключнікава). Царква Ушэсця (1756), мураваныя і драўляныя дамы 19 ст. аздобленыя разьбой.
Засн. як крэпасць у 1584 пасля далучэння марыйскіх зямель да Расіі. Першапачаткова вядома пад назвай Какшажск, пазней — Какшацкі гарадок. З 1708 у складзе Казанскай губ., з 1781 — павятовы горад. Улетку 1918 цэнтр антыбальшавіцкага паўстання эсэраў. Да 1919 наз. Царовакакшайск, у 1919—27 — Чырвонакакшайск, з 1927 — Й.А. (марыйск. — Чырвоны горад), у 1936—90 — сталіца Марыйскай АССР.
Літ.:
Йошкар-Ола: Очерки о столице Марийской республики. Йошкар-Ола, 1984;
Андреянов А.А. Город Царевококшанск: страницы истории (конец XVI — нач. XVIII в.). Йошкар-Ола 1991.