А́ЗІЯ (Asia),
рымская правінцыя ў зах. частцы Малой Азіі. Утворана ў 133 да н.э. на тэр. б. Пергамскага царства. У 1 ст. да н.э. — 1 ст. н.э. яе тэр. была расшырана. Правінцыяльнае ўпарадкаванне з 126 да н.э. З 27 да н.э. — сенацкая правінцыя, з часоў Дыяклетыяна падзелена на 7 асобных правінцый.
т. 1, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВА́ЧЫНСКАЯ СО́ПКА, Авача,
дзеючы вулкан на ПдУ Камчаткі, каля г. Петрапаўлаўск-Камчацкі. Выш. 2741 м (новы кратэр узвышаецца ў старым). Складзены з андэзітавых і базальтавых лаваў, туфаў, шлакаў і попелу. З 1730-х г. было 15 вывяржэнняў, апошняе ў 1945. На схілах лес з каменнай бярозы, кедравы сланік. Вулканалагічная станцыя.
т. 1, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІНЬЁНСКАЕ ПАЛАНЕ́ННЕ ПА́ПАЎ,
«вавілонскі палон», перыяд у гісторыі папства, калі рымскія папы трапілі ў паліт. залежнасць ад франц. караля і вымушаны былі перанесці сваю рэзідэнцыю ў 1309—77 (з перапынкам 1367—70) з Рыма ў Авіньён (Францыя). Сведчыла пра паражэнне папства ў барацьбе з феад. манархіямі Еўропы за паліт. ўплыў.
т. 1, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́САД (Хафез аль) (н. 7.8.1930, правінцыя Латакія, Сірыя),
сірыйскі дзярж., паліт. і ваенны дзеяч. Ген. арміі (1968). Мае вышэйшую ваен. адукацыю. Камандуючы ВПС (1964—70), адначасова з 1966 міністр абароны. У 1970—71 прэм’ер-міністр. З 1971 прэзідэнт Сірыйскай Арабскай Рэспублікі. Ген. сакратар Партыі араб. сацыяліст, адраджэння (БААС, з 1971).
т. 2, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІСКВІ́Т (франц. biscuit ад лац. bis coctus двойчы спечаны),
1) непакрыты палівай фарфор, які найчасцей выкарыстоўваюць для стварэння фарфоравай мяккай пластыкі. З сярэдзіны 18 ст. ў Германіі, пазней у Расіі, Францыі, Даніі з бісквіту выраблялі настольныя скульпт. фігуры і групы.
2) Кандытарскі выраб; печыва з мукі, узбітых яек, цукру і інш.
т. 3, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭВАЛЬВА́ЦЫЯ (ад дэ... + вальвацыя),
зніжэнне курсу валюты адной краіны ў адносінах да курсу валюты іншай краіны або шэрагу дзяржаў. Д. звычайна праводзіцца ва ўмовах вял. дэфіцыту плацежнага балансу, уцечкі золата і замежнай валюты з краіны, міграцыі капіталаў у інш. краіны з-за росту працэнтных ставак, а таксама з мэтай стымулявання экспарту.
т. 6, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАЛУБЕ́Ц»,
«Голуб», бел. народны танец. Блізкі да рус. і ўкр. узораў з такой самай назвай. Муз. памер . Тэмп жвавы. Выконваецца парамі, з характэрным рухам «галубец» (удар абцаса аб абцас з падскокам). У старадаўнім варыянце танца хлопец і дзяўчына імправізавалі ўзаемаадносіны галубоў: партнёрка плыла павай, партнёр увіваўся каля яе.
т. 4, с. 471
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАБНАСО́ПАЧНІК,
арыдна-дэнудацыйны тып рэльефу, які ўяўляе сабой узгоркі і групы ўзгоркаў (50—100 м адноснай вышыні), падзеленыя плоскімі катлавінамі і далінамі. Складзены пераважна з карэнных парод, вяршыні часта завостраныя, катлавіны з азёрамі. Утвараецца ў выніку разбурэння горных краін з неаднародным складам парод ва ўмовах кантынентальнага клімату (напр., Казахскі драбнасопачнік, Мугаджары).
т. 6, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́ШСКІ ШКЛОЗАВО́Д, акцыянернае аб’яднанне «Шкло-Глуша». Дзейнічае з 1896 (у маёнтку Глуша Бабруйскага павета — зараз г.п. Глуша Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.). З 1920 шклозавод «Камінтэрн», з 1995 акц. аб’яднанне «Шкло-Глуша». У час Вял. Айч. вайны разбураны. Адноўлены ў 1945. Выпускае бутэлькі для малака, алею, каньяку, пепсі-колы і інш.
т. 5, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААФІ́ЛІЯ (ад заа... + ...філія),
1) перакрыжаванае апыленне раслін з дапамогай жывёл, звычайна насякомых, што жывяцца кветкавым пылком, нектарам, сакаўнымі тканкамі кветкі і інш., іншы раз (пераважна ў тропіках) — птушкамі (калібры) і млекакормячымі.
2) Адна з форм палавой ненармальнасці ў чалавека, пры якой ён атрымлівае задавальненне ад сексуальнага кантакту з жывёлай.
т. 6, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)