МАГНІ́ТНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,

параметр (характарыстыка) магнітнага ланцуга, роўны адносінам магнітарухальнай сілы F, якая дзейнічае ў ланцугу, да створанага ёю магнітнага патоку Ф. Выкарыстоўваецца для разлікаў магн. ланцугоў (магнітаправодаў).

М.с. Rm аднароднага ўчастка магн. ланцуга вылічваецца па формуле: Rm = l/μμ0S, дзе l і S — даўжыня і папярочнае сячэнне ўчастка ланцуга, μ — адносная магн. пранікальнасць матэрыялу, μ0 — магн. пастаянная. Адзінка М.с. ў СІ — ампер (або ампер-віток) на вебер.

т. 9, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭЛІРО́ЎКА (ад італьян. modellare ляпіць) у выяўленчым мастацтве, перадача аб’ёмна-пластычных і прасторавых уласцівасцей прадметнага асяроддзя сродкамі святлоценявых градацый (жывапіс, графіка) або адпаведнай пластыкай трохвымерных форм (скульптура) з мэтай ідэйна-вобразнай характарыстыкі прадмета, абагульнення, выяўлення і ўзмацнення істотнага і інш. У жывапісе ажыццяўляецца сродкамі колеру, перспектывы, святлаценю, у скульптуры — пластыкай пэўнага матэрыялу. У скульптуры М. — стварэнне твораў з мяккага пластычнага матэрыялу (гліна, пластылін, воск).

т. 9, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІБДЭ́НУ ДЫСУЛЬФІ́Д,

хімічнае злучэнне малібдэну з серай, MoS2. Шэрыя крышталі з вельмі нізкім каэф. трэння. Не раствараецца ў вадзе, салянай і разбаўленай сернай к-тах. Пры награванні ў паветры вышэй за 350 °C акісляецца. У прыродзе — мінерал малібдэніт. Атрымліваюць уздзеяннем пары серы або серавадароду на малібдэн ці яго трыаксід MoO3 пры т-ры 600—800 °C. Выкарыстоўваюць як цвёрдую змазку і каталізатар у арган. сінтэзе.

т. 10, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЖАНЬ,

доўгае сезоннае стаянне нізкіх узроўняў вады і малога аб’ёму сцёку ў рэках; частка гадавога гідралаг. цыкла. Абумоўлена перыядамі сухога або марознага надвор’я, калі рэзка памяншаецца прыток вады з вадазборнай плошчы. Жыўленне рэк у М. ідзе пераважна за кошт падземных вод. Ва ўмераных і высокіх шыротах на раўнінных рэках адрозніваюць летнюю і зімовую М. (да зімовай М. адносіцца малаводны перыяд з наяўнасцю лядовых з’яў).

т. 10, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГМАТЫ́Т (ад грэч. migma сумесь),

горная парода, якая ўтвараецца пры пранікненні магмы ва ўмяшчальныя пароды або пры метамарфічнай дыферэнцыяцыі рэчыва. Для М. характэрна палосчатая, плойчатая, плямістая і інш. тэкстуры, якія адлюстроўваюць паасобную сканцэнтраванасць цемнаколернай ч. пароды (палеасомы) і светлаколернай (неасомы). Вядомы разнавіднасці М.: артэрыты (паслойныя М.), агматыты (глыбавыя М.), веніты (жыльныя М.), небуліты (ценевыя М.) і інш. М. пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 10, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКУ́ЛІНСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ (назва ад в. Мікуліна Руднянскага р-на Смаленскай вобл.),

эпоха цёплага клімату паміж маскоўскім зледзяненнем (або маскоўскай стадыяй дняпроўскага зледзянення) і валдайскім зледзяненнем у пачатку позняга плейстацэну (ад 115 да 130 тыс. гадоў назад) на тэр. еўрапейскай ч. Расіі. На тэр. Зах. і сярэдняй Еўропы адпавядае рыс-вюрму, земскаму, у Зах. Сібіры — казанцаўскаму міжледавікоўю, на тэр. Беларусі — муравінскаму міжледавікоўю.

А.​Ф.​Санько.

т. 10, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯТЛІ́ЧКА (Apera),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 5 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 1 від — М. палявая (A. spicaventi). Трапляецца на вільготных пясках, каля дарог, у пасевах збожжавых культур.

М. палявая — аднагадовая травяністая расліна выш. да 1 м. Сцёблы круглыя, голыя, прамыя або каленчата-ўзыходныя. Лісце лінейна-ніткападобнае, шурпатае. Дробныя аднакветныя каласкі сабраны ў буйную раскідзістую мяцёлку. Плод — зярняўка. Шкоднае пустазелле.

Мятлічка палявая.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГРАВА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

цеплатэхнічныя прылады і прыстасаванні для нагрэву рэчываў (матэрыялаў), прадметаў, асяроддзя, ацяплення памяшканняў. Падзяляюцца на цеплагенерыруючыя і цеплаабменныя.

У цеплагенерыруючых Н.п. адбываецца згаранне вадкага, цвёрдага, газавага паліва (паяльныя лямпы, полымныя печы, газавыя прылады) або напал электраспіралі пры працяканні эл. току (электрычныя печы, паяльнікі, электраканвектары), у цеплаабменных — перадача цяпла, што падводзіцца рознымі цепланосьбітамі (гарачай вадой, парай), у навакольнае асяроддзе (ацяпляльныя прылады, бойлеры, каларыферы, паветрападагравальнікі, радыятары, ацяпляльныя панэлі).

т. 11, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМАТЫ́ЎНЫ АКТ,

афіцыйны дакумент паўнамоцнага суб’екта праватворчасці, які ўстанаўлівае, змяняе або адмяняе прававыя нормы. Класіфікуецца паводле юрыд. сілы, якая залежыць ад кампетэнцыі дзярж. органа, што выдаў іх, і характару самога акта. Юрыд. сіла выражае суадносіны пэўнага акта з іншымі, яго месца і ролю ў сістэме крыніц права. Н.а. падзяляюцца на законы і падзаконныя акты. У многіх дзяржавах, у т. л. Рэспубліцы Беларусь, Н.а. з’яўляюцца асн. крыніцамі права.

т. 11, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТА́РЫУС (ад лац. notarius пісар, сакратар),

службовая асоба, якая ажыццяўляе натарыяльныя дзеянні (гл. Натарыят). На Беларусі існуюць Н. прыватныя і дзяржаўныя. У адпаведнасці з заканадаўствам на пасаду Н. назначаюцца грамадзяне краіны, якія маюць вышэйшую юрыд. адукацыю і прайшлі адпаведную стажыроўку ў дзярж. натарыяльнай канторы або ў Н., які займаецца прыватнай практыкай, вытрымалі кваліфікацыйны экзамен і атрымалі ліцэнзію на права натарыяльнай дзейнасці.

І.​С.​Шахрай.

т. 11, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)