АЛЯКСЕ́Й ПЯТРО́ВІЧ (18.2.1690 — 16.6.1718),
рускі царэвіч. Старэйшы сын Пятра I. Выхоўваўся ў варожым да Пятра I асяроддзі, быў уцягнуты ў змову духавенства і баярства супраць цара. У 1716 уцёк у Вену, спадзеючыся на падтрымку аўстр. імператара Карла VI. У 1718 вернуты ў Расію і асуджаны на пакаранне смерцю. Верагодна, па загадзе Пятра I быў задушаны ў Петрапаўлаўскай крэпасці.
т. 1, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса імя Кірава. За 7 км на У ад Ганцавіч, 250 км ад Брэста. 1528 ж., 573 двары (1994). 3 цэхі (па вытв-сці безалкагольных напіткаў, каўбасны і швейны). Сярэдняя школа, Дом культуры, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Помнік архітэктуры — сядзіба 19 ст.
т. 1, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГО́НЬ (ваен.),
стральба з розных відаў агнястрэльнай зброі, адзін з асн. сродкаў знішчэння і паражэння праціўніка.
Адрозніваюць агонь адзіночнымі выстраламі, залпавы, бесперапынны; па напрамках — перакрыжаваны, франтальны, флангавы; можа быць беглы, кінжальны, масіраваны, метадычны і інш., з артыл. сістэм — сканцэнтраваны, рухомы і нерухомы загараджальны, паслядоўны, агнявы вал і інш. Агонь уключае таксама пуск ракет у звычайным начынні.
т. 1, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДАМ ((Adam) Роберт) (3.7.1728, г. Керколды, Вялікабрытанія — 3.3.1792),
англ. архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Разам з братам Джэймсам праектаваў рацыянальныя па планіроўцы сядзібныя дамы (Кенвуд-хаўс у Лондане, 1767—69), грамадскія будынкі (ун-т у Эдынбургу, 1789—91), гар. кварталы (Адэльфі ў Лондане, 1768—72) і інш. Выкарыстоўваў строгія класічныя формы, вытанчаны дэкор, надаваў вял. значэнне афармленню інтэр’ера, мэблі.
т. 1, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДАМС ((Adams) Джон Каўч) (5.6.1819—21.1.1892),
англійскі астраном. Прэзідэнт Лонданскага астр. т-ва, дырэктар Кембрыджскай астр. абсерваторыі (з 1861). Працы па нябеснай механіцы (асн. з іх — тэарэтычнае вызначэнне векавога паскарэння Месяца). На аснове матэм. аналізу няправільнасцяў у руху планеты Уран незалежна ад У.Левер’е ў 1845 адкрыў планету Нептун. Прапанаваў рознасны метад лікавага інтэгравання звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў першага парадку.
т. 1, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЫЯ́Н ((Hadrianus) Публій Элій) (24.1.76—10.7.138),
рымскі імператар [117—138] з дынастыі Антанінаў. У 107—108 намеснік Ніжняй Паноніі, з 114 — Сірыі. Праводзіў цэнтралізацыю дзярж. устаноў, умацоўваў імператарскую ўладу, пашыраў сістэму дзярж. дапамог (аліментацый) і інш. Па загадзе Адрыяна была ажыццёўлена кадыфікацыя рым. права, выд. «Пастаянны эдыкт». На межах імперыі стварыў магутную сістэму ўмацаванняў і абарончых валоў (гл. Адрыянаў вал).
т. 1, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРНА-РАЧНЫ́Я РЫ́БЫ,
віды рыб, аднолькава характэрныя для іхтыяфауны азёраў і рэк. Пашыраны па ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. На Беларусі 24 віды: акунь звычайны, аўсянка, бычок-падкаменшчык (гл. Падкаменшчыкі), верхаводка, вугор еўрапейскі, гарчак, гусцяра, джгір звычайны, жэрах, колюшкі (2 віды), карась, лешч, лінь, мянтуз, плотка, пячкур, сом звычайны, судак, уюн, краснапёрка, шчупак, шчыпоўка, язь. Большасць маюць прамысл. значэнне.
т. 1, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭ́МІЯ ПАРЛАМЕНТАРЫ́ЗМУ І ПРАДПРЫМА́ЛЬНІЦТВА,
недзяржаўная вышэйшая навуч. ўстанова. Адкрыта ў 1993 у Мінску. Рыхтуе палітолагаў-менеджэраў і эканамістаў-менеджэраў. У 1994/95 навуч. г. ф-ты: сацыяльна-эканам. і перападрыхтоўкі кадраў. Навучанне дзённае, вячэрняе, завочнае; платнае. У складзе акадэміі н.-д. цэнтр па праблемах аналізу і прагназіравання сац.-эканам. і паліт. працэсаў у Рэспубліцы Беларусь.
А.І.Осіпаў.
т. 1, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРУ́ГА,
падзел дзярж. тэрыторыі па адм. ці паліт. прыкметах. 1) Адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—30 і 1935—38.
2) Спец. адм.-тэр. адзінка галіновага кіравання (ваен. акруга, навучальная акруга, пагранічная акруга, судовая акруга і інш.).
3) У Зах. Беларусі — раён дзейнасці падп. акруговых к-таў КПЗБ і КСМЗБ.
4) Часовыя тэр. ўтварэнні для правядзення выбарчых кампаній.
т. 1, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВА́З (Атар-аглы) (15.8.1884, г. Хіва — 1919),
узбекскі паэт-асветнік. Вучыўся ў медрэсэ. У 18-гадовым узросце стаў прызнаным нар. паэтам Харэзма. Прадаўжальнік традыцый класічнай узб. літаратуры. У вершах рэалістычна адлюстроўваў тагачасную рэчаіснасць, выкрываў феад. знаць і ўлады. Аўтар зб. лірыкі «Шчаслівыя дні». Пісаў розныя па форме вершы (рубаі, газель, кыта і інш.), выкарыстоўваў фальклорныя вобразы.
т. 1, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)