«АРЫЯ́Н»
(французскае Ariane),
серыя 3-ступеньчатых ракет-носьбітаў на вадкім паліве для запуску штучных спадарожнікаў Зямлі. Створаны Еўрапейскім касмічным агенцтвам пры вядучай ролі Францыі і ФРГ. У эксплуатацыі з 1979. Карысны груз больш за 1700 кг пры вывадзе на пераходную арбіту з вышынёй у апагеі 36 тысяч км. Стартавая маса каля 200 т, даўжыня 50 м (з карысным грузам), дыяметр 3,8 м.
т. 2, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́НАВІЧЫ,
два паселішчы эпохі неаліту (4—3-е тыс. да нашай эры) каля в. Бабінавічы Лёзненскага р-на Віцебскай вобласці. Раскопкамі выяўлены рэшткі посуду, блізкага да керамікі верхня-волжскай культуры, кераміка нёманскай культуры, крамянёвыя прылады (наканечнікі стрэл, разцы, нажы і інш.). Стаянкі неаліту на У Бел. Падзвіння і ў прылеглых раёнах Верхняга Падняпроўя з-за іх гіст. агульнасці атрымалі назву «помнікі бабінавіцкага тыпу».
т. 2, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКО́Ў (Фёдар Ісакавіч) (каля 1612 — 1663 або 1664),
рускі дзярж. дзеяч. Дваранін. У 1654—57 узначальваў першае рускае пасольства ў Кітай для ўстанаўлення дыпламат. і гандл. адносін. Місія не мела поспеху. У час паездкі ў Пекін Байкоў вёў назіранні, якія выклаў у справаздачы пасольства — «Стацейным спісе» (прыведзены кашт. звесткі пра Сібір і Кітай, што стала значным укладам у геагр. л-ру таго часу).
т. 2, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКІХА́НАЎ (Абас-Кулі-ага) (літ. псеўд. Гудсі; 21.6.1794, с. Аміраджаны каля Баку — 1847),
азербайджанскі вучоны і пісьменнік. З сям’і бакінскіх ханаў. У кн. «Райскі кветнік» (апубл. 1926) гісторыя Азербайджана ад старажытнасці да пач. 19 ст. Аўтар навук. прац па педагогіцы, філасофіі, мове фарсі, астраноміі і геаграфіі, паэт. і празаічных твораў. Адзін з пачынальнікаў новых жанраў у азерб. л-ры (навелы, рэаліст. бытавой паэмы).
т. 2, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНІВА́Р (Bonnivard, Bonivard) Франсуа дэ (лют. 1493, Савоя — канец 1570), швейцарскі паліт. дзеяч, гуманіст. З 1514 прыёр абацтва Сен-Віктор каля Жэневы. У 1528 удзельнічаў у барацьбе за незалежнасць Жэневы ад герцага савойскага Карла III, за што ў 1530 зняволены ў падзямелле Шыльёнскага замка (Банівар — прататып «Шыльёнскага вязня» Дж.Байрана). У 1536 вызвалены бернцамі, якія паўсталі. Пакінуў жэнеўскія хронікі (выд. Ў 1831).
т. 2, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РБАН ((Barbon) Нікалас) (1640, Лондан — 1698),
англійскі вучоны-эканаміст. Каля 1680 пасля вял. пажару ў Лондане заснаваў першае ў Англіі т-ва па страхаванні ад пажараў. У сваёй асн. працы «Нарыс пра гандаль» (1690) выступаў супраць меркантылізму, крытыкаваў дзярж. рэгламентаванне эканомікі, абгрунтоўваў неабходнасць свабоднага гандлю. Абараняў інтарэсы землеўладальнікаў, ідэі наміналізму. Упершыню вызначыў працэнт як цану капіталу, быў прыхільнікам заканад. абмежавання працэнта.
т. 2, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКІ́,
курганны могільнік крывічоў (8—9 ст.), гарадзішча жал. веку і селішча 11—12 ст. каля в. Баркі Полацкага р-на. На могільніку даследавана 9 курганоў, у т. л. доўгі. Пахавальны абрад — трупаспаленне пад насыпам на грунце. У шэрагу выпадкаў рэшткі крэмацыі змешчаны ў ямцы, накрытай гаршком. Знойдзены ўпрыгожанні (бронзавыя падвескі, грыўня, бранзалеты, шкляныя пацеркі і інш.), ляпныя гаршкі. Доўгі курган — пусты (кенатаф).
т. 2, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТУРЫ́ЙСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
найбуйнейшы ў Іспаніі, на Пд і ў цэнтры правінцыі Аўеда. Пл. каля 3 тыс. км². Адклады вугляноснага карбону. Запасы каменнага вугалю 1215 млн. т. Гал. радовішчы: Цэнтральнае, Тэверга, Хіхон. Прамысл. распрацоўка з сярэдзіны 19 ст. Вуглі ўсіх марак — ад антрацытаў да блізкіх да бурых. Цеплыня згарання 28—34,7 МДж/кг. Вуглі выкарыстоўваюцца ў металургіі як энергет. сыравіна.
т. 2, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЫ́ПАК,
намнажэнне несартаваных абломкаў скальных горных парод, якое ўтвараецца ў выніку скочвання або саслізгвання разбуранага выветрываннем абломкавага матэрыялу на стромкіх схілах (ухіл звычайна больш за 30%). Звычайна маюць форму конуса даўжынёй дзесяткі і сотні метраў з расшыранай асновай, каля падножжа схілаў іншы раз утвараюць шлейфы. Магутнасць намнажэння да дзесяткаў метраў. Развіццё асыпку улічваецца пры буд-ве горных дарог, ліній электраперадач і інш.
т. 2, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТАМНА-АБСАРБЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ,
метад элементнага аналізу і даследавання ўласцівасцяў рэчываў па атамных спектрах паглынання. Заснаваны на прапусканні праз атамізаванае рэчыва бачнага або УФ-выпрамянення і рэгістрацыі спектраў. Выкарыстоўваецца для вызначэння каля 70 хім. элементаў у вадзе, глебе, прадуктах жыццядзейнасці арганізма, нафце, мінералах, сплавах і інш. аб’ектах, для вымярэння некаторых фіз. і фіз.-хім. велічыняў.
Літ.:
Брицке М.Э. Атомно-абсорбционный спектрохимический анализ. М., 1982.
т. 2, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)