Пабудаваны ў 1929—31 (арх. С.Шабунеўскі, інж. Р.Ханін) у Гомелі для рабочых вагонарамонтнага з-да. П-падобны ў плане мураваны будынак, займае па даўжыні квартал. Выразнасць аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дасягнута спалучэннем верт. 7-павярховых аб’ёмаў, якія фланкіруюць цэнтр. 6-павярховы аб’ём з бакавымі крыламі. Пластыка гал. і бакавых фасадаў, пазбаўленых арх. дэкору, ствараецца рытмам аконных праёмаў, чаргаваннем лоджый і балконаў. У Вял.Айч. вайну будынак пашкоджаны. Пры аднаўленні (1946—49) захавана старая планіровачная структура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЁГРАФ (ад гелія... + ...граф),
1) у метэаралогіі самапісная прылада для рэгістрацыі працягласці сонечнага ззяння. У аснове канструкцыі геліёграфа Кэмпбела—Стокса нерухомы шкляны шар. Ён служыць лінзай і збірае сонечныя промні, якія прапальваюць кардонную стужку, падзеленую на адпаведныя гадзіне і яе часткам адрэзкі. Па даўжыні прапаленай «зайчыкам» (які на працягу дня перамяшчаецца па стужцы) лініі падлічваецца час, калі свяціла Сонца. Існуюць і інш. сістэмы геліёграфа, у т. л. з фатаграфічнай рэгістрацыяй. Як геліёграф могуць выкарыстоўвацца актынографы.
2) У астраноміі тэлескоп, прыстасаваны для фатаграфавання Сонца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НЕЗІС ГЛЕ́БЫ,
паходжанне і развіццё глебы з мацярынскай горнай пароды пад уздзеяннем прыродных умоў (фактараў глебаўтварэння). Пры ўзаемадзеянні з глебай гэтыя ўмовы вызначаюць яе цеплавы, водна-паветраны, біял. і пажыўны рэжымы, а таксама абмен мінер. рэчываў паміж глебай, раслінамі і грунтавымі водамі. Працэсы, што адбываюцца ў глебе, адлюстроўваюцца ў яе профілі, расчляняючы яго на генетычныя глебавыя гарызонты з адметнымі марфал. асаблівасцямі, фіз., фізіка-хім., хім. і біял. ўласцівасцямі. У глебе могуць быць выяўлены і рэліктавыя прыкметы, што сведчыць аб інш. працэсах глебаўтварэння, якія адбываліся ў мінулым, пры інш. комплексе прыродных умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНО́М (англ. genome ад грэч. genos род, паходжанне),
адзінарны (гаплоідны) набор храмасом з лакалізаванымі ў ім генамі; асн.генет. і фізіял. сістэма дадзенага віду арганізмаў. У адрозненне ад генатыпа геном уяўляе сабой характарыстыку віду, а не асобнага арганізма. У гаплафазе дыплоіда кожная клетка мае 1 геном, у дыплафазе — 2 (адзін уведзены ў зіготу жаночай, другі — мужчынскай гаметай). Выключэнне складаюць паліплоідныя формы. Пры аддаленай гібрыдызацыі магчыма атрыманне алапаліплоідаў (напр., гібрыды ад скрыжавання пшаніцы і жыта), якія нясуць розныя геномы. Для вызначэння колькасці і падабенства геномаў у розных відаў выкарыстоўваюць геномны аналіз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ШТЭ-ЛУТ,
пустыня ў цэнтры Іранскага нагор’я, на У Ірана. Даўж. каля 550 км, шыр. да 200 км. Пл. 80 тыс.км². Пераважныя выш. 500—600 м. Шэраг пласкадонных бяссцёкавых упадзін (дно на выш. 200—250 м) і горных перамычак выш. 1000—2000 м (да 2992 м). Паверхня ў асн. гліністая і друзаватая. Трапляюцца саланчакі, такыры. На Пд і У барханныя і градава-ўзгорыстыя пяскі, якія слаба замацаваны саксаулам, джузгунам і салянкамі. Фіз. выветрыванне ўтварыла шматлікія «стаўбы», «грыбы» і інш. формы рэльефу. Па ўскраінах зрэдку аазісы з фінікавымі пальмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ГЕРСКАЯ СЛУ́ЖБА,
служба аховы паляўнічага дзярж. фонду. У асобных краінах ствараецца для нагляду за выкананнем правіл палявання і барацьбы з браканьерствам, правядзення выхаваўчай і тлумачальнай работы з паляўнічымі і насельніцтвам, уліку дзікіх жывёл, арганізацыі палявання і паляўніча-гасп. работ. Існуе Е.с. штатная і на грамадскіх пачатках. На Беларусі штатная Е.с. арганізавана ў паляўнічых і лесапаляўнічых гаспадарках. Участкі паляўнічых угоддзяў (егерскія абходы) замацоўваюцца за егерамі. На гэтых тэрыторыях егеры ажыццяўляюць ахову ўгоддзяў, звяроў і птушак, якія там жывуць, удзельнічаюць у арганізацыі палявання, правядзенні біятэхн. мерапрыемстваў і работ па ўліку колькасці паляўнічых жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗНІЦА (Sideritis),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Больш за 60 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і і ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляецца Ж. горная (S. montana), рэдкі заносны від, расце на чыг. насыпах.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты. Сцябло прамастойнае або каля асновы ўзыходнае, чатырохграннае, лямцава-касматае. Лісце лапацістае або эліпсоіднае, з падоўжанымі жылкамі, якія пераходзяць у зубчыкі з шыпікамі, на кароткіх чаранках. Кветкі двухгубыя, светла-жоўтыя, з чырвона-карычневым адгінам, у шматлікіх кальчаках. сабраных у несапраўдныя каласы. Плод — арэшак. Атрутная для коней.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВЁЛЬНЫЯ КАРМЫ́,
прадукты жывёльнага паходжання і адходы іх перапрацоўкі, якія выкарыстоўваюцца на корм с.-г. жывёлам. Найб. пашыраныя Ж.к.: малако і прадукты яго перапрацоўкі (адгон, сыроватка, маслёнка і інш.), адходы мясакамбінатаў (мука мясная, мяса-касцявая. крывяная, субпрадукты і інш.), рыбакамбінатаў (мука рыбная і інш.), птушкафабрык і інкубатарных станцый (мука з гідралізатаў пер’я, тумакі, заморкі), зверабойнага промыслу (мяса цюленяў і інш. жывёл і мука з іх туш), а таксама мясцовыя Ж.к. (кукалкі тутавага шаўкапрада, малюскі, азёрныя рачкі і інш.) Ж.к. маюць шмат біялагічна паўнацэннага пратэіну, багатыя вітамінамі, макра- і мікраэлементамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААБЕ́НТАС (ад заа... + бентас),
сукупнасць донных жывёл, што жывуць на грунце і ў грунце марскіх і мацерыковых вадаёмаў. Адрозніваюць жывёл, якія жывуць у тоўшчы грунту (інфауна), перамяшчаюцца на паверхні грунту (анфауна) — многашчацінкавыя чэрві і малюскі, большасць ігласкурых, ракападобныя; прымацоўваюцца да субстрату (эпіфауна), плаваюць паблізу дна і толькі перыядычна апускаюцца на дно (нектабентас) — крэветкі, мізіды, некат. галатурыі, прыдонныя рыбы і інш.Асн. маса З. жыве на мелкаводдзі, дасягае многіх дзесяткаў кілаграмаў на 1 м² (пераважна малюскі), на большай глыбіні — паліхеты, ракападобныя, ігласкурыя. Гл. таксама Бентас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМА́Х,
наўмыснае дзеянне, непасрэдна накіраванае на ўчыненне злачынства, але не даведзенае да канца па прычынах, якія не залежаць ад волі вінаватага; адна са стадый учынення злачынства. У залежнасці ад таго, ці зрабіў вінаваты ўсё, што ён лічыў неабходным для ажыццяўлення свайго намеру, адрозніваюць закончаны і незакончаны З., у залежнасці ад выбраных сродкаў — прыгодны і непрыгодны З. Пакаранне за З. назначаецца паводле закону, які прадугледжвае адказнасць за адпаведнае злачынства, з улікам ступені ажыццяўлення злачыннага намеру і прычын, з-за якіх злачынства не было даведзена да канца.