СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ АРЦЕ́ЛЬ,

калектыўная сялянская гаспадарка; добраахвотнае аб’яднанне грамадзян для сумеснай вытв-сці с.-г. прадукцыі. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь грунтуецца на членстве яе ўдзельнікаў, якія абавязаны ўнесці свой паявы ўзнос, прымаць асабісты прац. ўдзел у дзейнасці арцелі і несці субсідыярную адказнасць па яе абавязацельствах. Прававое становішча С.а., правы і абавязкі іх членаў вызначаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб вытв. кааператывах. Устаноўчым дакументам С.а. з’яўляецца статут, зацверджаны агульным сходам яе членаў. Вышэйшым органам кіравання С.а. з’яўляецца агульны сход, выканаўчымі органамі — праўленне і яго старшыня. Гл. таксама Калгас.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМЯЗА́ВЯЗЬ, семязачатак,

шматклетачнае ўтварэнне насенных раслін, з якога развіваецца насенне. Мае ў сабе нуцэлус, дзе знаходзіцца мацярынская клетка мегаспор (мегаспарацыт), 1—2 інтэгументы, якія пры змыканні ўтвараюць вузкі канал — мікрапіле (праз яго пылковая трубка пранікае да зародкавага мяшка) і фунікулюс (семяножку), што прымацоўвае С. да плацэнты. У кветкавых раслін С. утвараецца ў завязі, у голанасенных — адкрыта на відазмененым лісці (мегаспарафіле). Пасля апладнення, з пачаткам развіцця зародка С. ператвараецца ў семя, што развіваецца. Колькасць С. у завязі кветкавых раслін ад аднаго (у злакаў) да 1 млн. (у архідных).

В.​М.​Прохараў.

т. 14, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ГУРДСАН ((Sigurðsson) Іоўн) (17.6.1811, Пафсейры, Ісландыя — 7.12.1879),

дзеяч ісландскага нац.-вызв. руху, гісторык. У 1833—35 вучыўся ў Капенгагенскім ун-це. З 1844 дэп. альцінга, з 1845 яго старшыня. У 1835—55 выступаў за адмену дацкай гандл. манаполіі ў Ісландыі, наданне Ісландыі абласной аўтаноміі, устанаўленне рэальнай уніі з Даніяй на ўзор швед.-нарв. уніі 1814—1905. У 1848—49 прапанаваў тэзіс пра юрыд. права Ісландыі на поўную дзярж. незалежнасць з аддзяленнем ад Даніі. Аўтар ісландскай канстытуцыі ад 5.1.1874, «бацька незалежнасці Ісландыі». Выдаваў (з 1853) крыніцы па стараж. гісторыі Ісландыі.

т. 14, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛАЭ́ ((Siloé) Дыега дэ) (каля 1495, г. Бургас, Іспанія — 22.10.1563),

іспанскі архітэктар і скульптар. Верагодна, сын і вучань скульпт. Х. дэ Сілаэ. Працаваў у Італіі, дзе зазнаў уплыў Мікеланджэла і фларэнційскай школы архітэктуры, з 1519 — пры саборы ў Бургасе («Залатая лесвіца», 1519—23; шэраг надмагілляў). У арх. творах С. (сабор у г. Гранада, з 1528, і інш.) спалучаў гатычныя элементы з ордэрам і рэнесансавымі па духу гарманічнымі прасторавымі пабудовамі. Яго скульпт. работы блізкія да маст. традыцыі Высокага Адраджэння (убранне сабора ў Гранадзе, рэльефы хора касцёла Сан-Беніта ў Вальядалідзе).

т. 14, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМБІ́РЦАЎ (Васіль Мікалаевіч) (14.1.1901, С.-Пецярбург — 1982),

расійскі архітэктар. Нар. архітэктар СССР (1975). Скончыў Маскоўскі вышэйшы маст.-тэхн. ін-т (1928). Выкладаў у Валгаградскім ін-це інжынераў гар. гаспадаркі (1955—59). Удзельнік пасляваен. аднаўлення і буд-ва Валгаграда (гал. архітэктар у 1944—59), праектавання яго асобных раёнаў і збудаванняў (Алея герояў, пл. Паўшых змагароў і інш., усе ў сааўт.). Адзін з аўтараў праектаў будынка Т-ра Сав. Арміі ў Маскве (пабудаваны ў 1934—40), забудовы жылога раёна Другая Рэчка ва Уладзівастоку (1960-я г.). Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 14, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ТА (стараж.-інд. — баразна),

у старажытнаіндыйскай ведычнай міфалогіі багіня раллі, у вішнуізме — аватара (увасабленне) жонкі бога Вішну Лакшмі, у эпасе «Рамаяна» — жонка героя Рамы. Паводле «Рамаяны», С. выкрадзена царом злых дэманаў (ракшасаў) Раванам. Пасля многіх подзвігаў Рама перамог Равану і вызваліў С., аднак неўзабаве прагнаў яе ў лес, бо яго падданыя падазравалі С. ў шлюбнай нявернасці. Пустэльнік Вальмікі (легендарны аўтар «Рамаяны») даў прытулак С. і выхаваў двух яе сыноў, а пасля, разам з імі, вярнуў яе Раме. Аднак пры сустрэчы з мужам С., па яе просьбе, паглынула яе маці — Зямля.

т. 14, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАНІ́РАВАННЕ ў тэхніцы,

кіравальнае прасторавае перамяшчэнне (паводле пэўнага закону) светлавога пучка, пучка электронаў, напрамку максімуму выпрамянення (прыёму) антэны і інш., пры якім паслядоўна «праглядаецца» зададзеная зона прасторы ці паверхні назіранага аб’екта.

Ажыццяўляецца мех. (напр., вуглавым перамяшчэннем выпрамяняльнай сістэмы) ці немех. метадамі — эл. кіраваннем элементамі выпрамяняльніка ці ўласцівасцямі асяроддзя, дзе распаўсюджваецца прамень (пучок). С. пучка зараджаных часціц выконваецца ўздзеяннем на яго пераменным эл. або магн. полем. С. плоскіх відарысаў (тэксту, чарцяжоў, рысункаў і інш.) выконваецца з дапамогай сканера. Выкарыстоўваецца ў электронна-прамянёвых прыладах, растравых мікраскопах, сістэмах аптычнай апрацоўкі інфармацыі, радыёлакацыі і інш.

т. 14, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРО́Н (ад лац. operare працаваць, дзейнічаць),

участак генетычнага матэрыялу з аднаго, двух і больш счэпленых структурных генаў, якія кадзіруюць бялкі (ферменты), што ажыццяўляюць паслядоўныя этапы біясінтэзу якога-н. метабаліту. У аперон эўкарыёт уваходзіць, як правіла, адзін структурны ген. Рэгулятарныя элементы аперона складаюць таксама праматар (участак малекулы ДНК, з якім спецыфічна звязваецца фермент РНК-палімераза, што ажыццяўляе транскрыпцыю аперона) і аператар (участак ДНК, які нясе функцыю «ўключэння» або «выключэння» структурных генаў і рэгулюе функцыянальную актыўнасць аперона). Канцэпцыя аперона распрацавана франц. вучонымі Ф.​Жакобам і Ж.​Мано (1961) для тлумачэння механізму рэгуляцыі сінтэзу бялку ў бактэрыяльных клетках.

Рэгулятарная функцыя аперона адбываецца на стадыі транскрыпцыі і забяспечвае каардынацыю сінт. працэсаў і адпаведныя рэакцыі клеткі на ўплыў навакольнага асяроддзя. Кантралюе дзейнасць аперона ген-рэгулятар, які можа знаходзіцца ў розных участках храмасомы. Яго прадукт — бялок-рэгулятар — пастаянна сінтэзуецца ў клетцы ў невял. колькасці і здольны ўзаемадзейнічаць з двума рознымі субстратамі, з аператарам і эфектарам (нізкамалекулярным рэчывам). У рэпрэсібельных сістэмах комплекс бялку-рэгулятара з эфектарам набывае роднасць з аператарам і далучаецца да яго, у выніку адбываецца выключэнне генаў, якія кіруюцца гэтым аператарам. У індуцыбельных сістэмах эфектар, які далучаецца да бялку-рэгулятара, вызваляе аператар ад гэтага бялку. Такім чынам, запускаюцца ў работу гены, падпарадкаваныя дадзенаму аператару.

Да арт. Аперон. Асноўныя структуры і працэсы, якія ўдзельнічаюць у рэгуляцыі біясінтэзу бялкоў — ферментаў паводле гіпотэзы Жакоба—Мано. Лічбы паказваюць паслядоўнасць працэсаў.

т. 1, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІ́ЧНАЯ АРХІТЭКТУ́РА,

творчы кірунак, у аснове якога ляжыць прынцып падпарадкавання формы архітэктурнага твора яго зместу. Узнікла ў 1-й пал. 20 ст. як рэакцыя супраць акадэмізму, рацыяналізму і эклектыкі. Ідэі арганічнай архітэктуры закладзены ў 1890-я г. амер. арх. Л.Салівенам, развіты ў тэорыі і практыцы буд-ва яго вучнем Ф.Л.Райтам. Канцэпцыі арганічнай архітэктуры зыходзяць з цеснай сувязі архітэктуры з прыродай, грунтуюцца на бесперапыннасці арх. прасторы, на праектаванні «з сярэдзіны — да навакольнага асяроддзя», рацыянальным выкарыстанні якасцяў буд. матэрыялаў, увядзенні элементаў нар. творчасці; сама функцыя будынка не абмяжоўвалася тэхнал. і фізіял. фактарамі, а ўключала і эстэтычны, таму арх. твор уяўляў сабой цэласны арганізм.

Пад уздзеяннем ідэй арганічнай архітэктуры склаліся рэгіянальныя арх. школы ў сканд. краінах (творчасць А.Аалта і інш.); у ЗША прынцыпы арганічнай архітэктуры выкарыстоўвала т.зв. каліфарнійская школа на чале з Р.Нейтрай. У 1940-я г. тэорыя падхоплена ў Італіі арх. Б.​Дзэві; у 1945 у Рыме створана група АРАО (Associazione per Architettura Organica, Асацыяцыя арганічнай архітэктуры), якая падкрэслівала гуманіст. кірунак асн. палажэнняў арганічнай архітэктуры. Дыяпазон арганічнай архітэктуры быў абмежаваны гал. чынам буд-вам асабнякоў, вілаў, загарадных атэляў; у 1960-я г. арганічная архітэктура растварылася сярод рацыяналістычных кірункаў архітэктуры. Прынцыпы формаўтварэння, выпрацаваныя арганічнай архітэктурай, выкарыстоўваюцца ў бел. архітэктуры.

Літ.:

Райт Ф.Л. Будущее архитектуры: Пер. з англ. М., 1960;

Zevi B. Towards an organic architecture. London, 1950.

Да арт. Арганічная архітэктура. Дом над вадаспадам. Арх. Ф.​Л.​Райт. 1937.

т. 1, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАЦЫЯ́ЦЫЯ у псіхалогіі,

сувязь паміж псіхічнымі з’явамі, калі актуалізацыя (успрыманне або ўяўленне) адной з іх выклікае з’яўленне другой. Найб. вядомыя асацыяцыі па сумежжы (у прасторы або часе), падабенстве або кантрасце. У іх могуць спалучацца думкі, адчуванні, успрыманні, рухі або вобразы, якія ўзнікаюць у свядомасці без бачнай знешняй прычыны.

Упершыню пра наяўнасць такіх сувязяў пісаў Арыстоцель. У навук. ўжытак тэрмін «асацыяцыя» ўвёў у 1698 Дж.​Лок, які лічыў, што асацыяцыі ствараюць штучныя, неадэкватныя спалучэнні. У 18—19 ст. у трактоўцы асацыяцыі існавалі розныя падыходы і кірункі. Дж.Берклі і Д.Юм разглядалі асацыяцыю як праяву суб’ектыўнай дзейнасці свядомасці. Д.​Гартлі лічыў яе вынікам мінулага вопыту чалавека, які адлюстроўваўся ў яго нервовай сістэме. Дж.​Міль сцвярджаў, што псіхіка — гэта сістэма асацыятыўных адчуванняў. А.​Бэн і Дж.С.Міль прызнавалі магчымасць узнікнення якасна новых псіхічных з’яў з адчування. З паняцця асацыяцыі пры тлумачэнні дынамікі псіхічных працэсаў зыходзілі прадстаўнікі ўсіх асн. кірункаў асацыятыўнай псіхалогіі (гл. Асацыянізм). На пач. 20 ст. К.Г.Юнг прапанаваў асацыятыўны эксперымент для выяўлення неўсвядомленых, схаваных афектных утварэнняў (комплексаў). Падобныя эксперыменты выкарыстоўваў Ч.Дарвін для вывучэння эмоцый і Т.Эбінгаўз для даследавання памяці.

У сучаснай псіхалогіі вывучэнне асацыяцыі праводзіцца з мэтай выяўлення спецыфікі розных псіхічных працэсаў і з’яў.

Літ.:

Ярошевский М.Г. История психологии. 3 изд. М., 1985;

Яго ж. Краткий курс истории психологии. М., 1995;

Общая психология. 2 изд. М., 1986.

Т.​У.​Васілец.

т. 2, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)