форма с.-г. вытворчага кааператыва ў першыя гады сав. ўлады. Ствараліся з канца 1917 вясковымі беднякамі, батракамі і рабочымі пераважна на аснове былых панскіх маёнткаў; сав. ўлада аддавала ім гасп. пабудовы, інвентар, жывёлу. У К.с. абагульваліся ўсе сродкі вытв-сці; землекарыстанне, размеркаванне было ўраўняльным — па едаках; практыкавалася таксамакалект. бытавое абслугоўванне (агульная сталовая, яслі і інш.). У членаў К.с. поўнасцю адсутнічала асабістая гаспадарка, што дазваляла пазбегнуць прыватнаўласніцкіх памкненняў. Нягледзячы на падтрымку дзяржавы і больш эфектыўнае развіццё ў параўнанні з інш. формамі калект. гаспадарак, камуны не сталі асн. формай калектывізацыі. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. ператвораны ў калгасы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́ПА (франц. canapé),
шырокае драўлянае сядзенне на ножках, з падлакотнікамі і спінкай; від мэблі. Вядома з часоў сярэдневякоўя ў інтэр’ерах палацаў і сядзіб. У формах і аздабленні (разьба, інкрустацыя, абіўка са скуры ці тканін) праявіўся ўплыў маст. стыляў рэнесансу, барока, класіцызму, ампіру і інш. З 19 ст. пашырана ў інтэр’еры бел.нар. хаты, замяніла лаву. К. выраблялі мясц. майстры-саматужнікі, аздаблялі прапілоўкай па краях спінкі, такарнымі элементамі, фігурнымі накладкамі. На З Беларусі бытаваў таксама шлябан — К. з сядзеннем у выглядзе скрыні, куды складвалі розныя рэчы. У наш час самаробныя К. саступілі месца прамысл. вырабам, якія звычайна ўваходзяць у гарнітур мэблі для гасціных пакояў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́КТАР,
двухпазіцыйны камутацыйны апарат з самазваротам для частых пераключэнняў у эл. ланцугах нізкага напружання; разнавіднасць выключальніка. Бываюць пастаяннага і пераменнага (прамысл. і высокай частаты) токаў.
Дапускаюць да 1500 уключэнняў-выключэнняў за гадзіну, камутуюць токі да 1 кА Маюць пераважна эл. прывод, часам пнеўматычны ці гідраўлічны. К. пастаяннага току (1- і 2-полюсныя) прызначаны пераважна для кіравання эл. рухавікамі пастаяннага току (у трамваях, тралейбусах, электравозах і інш), а К. пераменнага току (3- і шматполюсныя) — для кіравання асінхроннымі эл. машынамі (прыводы станкоў, ліфтаў, кранаў). Выкарыстоўваюцца таксама ў аўтаматызаваных вытв. устаноўках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАПУ́СНІК»,
жартаўлівае гумарыстычнае парадыйнае тэатралізаванае прадстаўленне. Узнік у дарэв. Расіі. «К.» наладжвалі работнікі т-раў у час Вял. посту (назва ад традыц. поснага блюда — капусты ці пірага з капустай). У Пецярбургу найб. вядомы т. зв. «Варламаўскія К.» (вечары ў доме акцёра К.А.Варламава). У Маскве першыя «К.» ў выглядзе закрытых вечарын з пародыямі і жартамі арганізоўвала Т-ва мастацтва і л-ры. Пазней праводзіліся ў МХАТ (1902, 1903, 1908). У сав. час былі пашыраны як від маст. самадзейнасці. Форма вечароў «К.» захавалася да нашага часу ў вядучых бел. т-рах у дні свят, юбілеяў, а таксама як студэнцкія вечарыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ ВЫВЕ́ТРЫВАННЯ,
геалагічнае ўтварэнне, складзенае з прадуктаў разбурэння горных парод у выніку выветрывання. Ад карэнных парод адрозніваецца больш рыхлай структурай, змененым хім. і мінералагічным складам са значнымі ўключэннямі гліністых мінералаў, часта бурай або чырвонай афарбоўкай. Адрозніваюць астаткавую (прадукты разбурэння застаюцца на месцы першаснага залягання) і пераадкладзеную К.в. (пераносяцца на нязначныя адлегласці з захаваннем прыкмет мацярынскай пароды). Па форме залягання вылучаюць К.в. плошчавую і лінейную. У залежнасці ад мінералагічнага складу горных парод фарміруюцца латэрытныя, каалінавыя і інш. тыпы. Са стараж. К.в. звязаны радовішчы руд жалеза, нікелю, хрому, алюмінію, рэдкіх металаў, а таксама фосфару, кааліну і інш. На тэр. Беларусі пашыраны астаткавыя плошчавыя К.в. каалінітавага і мантмарыланітавага складу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАБЕ́ЛЬНЫЯ ЧЭ́РВІ, тэрэда (Teredo),
род марскіх двухстворкавых малюскаў сям. тэрэдынід. Каля 30 відаў. Пашыраны ў морах трапічнага і ўмеранага паясоў Паўн. паўшар’я. Жывуць у драўніне, што трапляе ў марскую ваду, у падводных ч. драўляных суднаў і гідратэхн. збудаванняў, у якіх праточваюць хады і разбураюць драўніну.
Цела даўж. да некалькіх дзесяткаў сантыметраў, чэрвепадобнае. На пярэднім канцы маленькая ракавіна (даўж. каля 10 мм), якая служыць для свідравання. Нага рэдукаваная. Робяць хады даўж. да 2 м, дыяметрам да 5 см. Гермафрадыты. Кормяцца планктонам, фільтруючы ваду, а таксама апілкамі. Некат. віды ядомыя ў краінах Паўд.-Усх. Азіі.
Карабельны чарвяк тэрэда ў кавалку паточанага ім дрэва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТАНЬЕ́ТЫ (ісп. castanetas ад лац. castanea каштан),
ударны муз. інструмент. Найб. пашыраны ў Іспаніі, а таксама ў Паўд. Італіі і краінах Лац. Амерыкі. Складаюцца з 2 пар (бо́льшая для левай рукі) драўляных ці пластмасавых пласцінак у форме ракавін, змацаваных папарна шнурком, пад які прасоўваюць вял. палец так, каб К. злучаліся асновамі, а канцы іх крыху разыходзіліся. Гук атрымліваюць ударамі ракавін адна аб адну з дапамогай інш. пальцаў. Правай рукой выконваюць рытмічны малюнак, левай — яго апорныя долі. Выкарыстоўваюць К. для суправаджэння танцаў. У еўрап.сімф. аркестрах выкарыстоўваюць аркестравыя К., замацаваныя папарна на канцах спец. дзяржання, пры лёгкім патрэсванні якога здабываецца гук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ БІЯХІ́МІЯ,
навука, якая вывучае структуры, уласцівасці і ўзаемадзеянне біял. макрамалекул з дапамогай сродкаў, уяўленняў і метадаў квантавай механікі.
Сфарміравалася ў 1950—60-я г. на стыку біяхіміі, біяфізікі і малекулярнай біялогіі. Асновы К.б. закладзены франц. вучонымі А.Пюльман і Б.Пюльманам, амер. Р.Рэйнам і І.Тынака, італьян. Э.Клеменці і інш. Выкарыстоўвае таксама метады квантавай хіміі, з іх дапамогай выяўлена прырода макраэргічнасці АТФ, кропкавых мутацый і інш.
На Беларусі навук. даследаванні па К.б. праводзяцца ў ін-тах фотабіялогіі, біяхіміі, біяарган. хіміі Нац.АН Беларусі, БДУ і інш. Вывучаюцца механізмы ферментнага каталізу, фотапераўтварэнняў, асаблівасці структур біяпалімераў, вядзецца пошук біялагічна актыўных рэчываў і мед. прэпаратаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАТАРА́НЦТВА,
сумеснае жыццё жывёл розных відаў, заснаванае на прасторавых сувязях. Вылучаюць 3 катэгорыі К.: сінайкія, калі кватарант пасяляецца ў жыллі гаспадара (напр., у норах грызуноў і інш. рыючых жывёл, у гнёздах птушак, мурашніках і вуллях пчол); эпіайкія, калі кватаранты пасяляюцца на целе гаспадара (напр., некаторыя вусаногія, якія кормяцца планктонам, прымацоўваюцца да акул і кітоў і выкарыстоўваюць іх як сродак перамяшчэння); энтайкія, калі арганізм жыве ўнутры цела гаспадара пры адсутнасці кармавых зносін з ім (напр., дробныя рыбкі фіерастары, якія жывуць у клаацы галатурый і перыядычна выходзяць адтуль, каб карміцца рачкамі; нематоды, якія пасяляюцца ў кішэчніку коней і кормяцца інфузорыямі, якія там жывуць). Гл.таксамаКаменсалізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕСО́Н (ад франц. caisson скрыня),
у архітэктуры — паглыбленні на столі, унутр. паверхнях арак, скляпенняў, звычайна квадратнай ці шматвугольнай формы. Адыгрываюць канстр. і дэкар. ролю, выкарыстоўваюцца для паляпшэння акустыкі памяшканняў. Вырабляюць з каменных блокаў і маналітных жалезабетонных канструкцый.
Як канстр.-дэкар. элемент вядомы ў манум. архітэктуры Стараж. Грэцыі, адкуль запазычаны Стараж. Рымам (купал Пантэона ў Рыме, каля 125 н.э.), пазней — Зах. Еўропай.
На Беларусі пашыраны ў збудаваннях стыляў барока і класіцызму. Часам К. багата размалёўвалі, аздаблялі ляпным дэкорам. Выкарыстоўвалі таксама ў архітэктуры 1950-х г. У сучаснай архітэктуры выгляд К. маюць зборныя панэлі вонкавых сцен і пліты перакрыццяў.