МУЗЕ́І ЭТНАГРАФІ́ЧНЫЯ Збіраюць, захоўваюць, вывучаюць, экспануюць і папулярызуюць прадметы нар. культуры і побыту, вытв. дзейнасці, твораў мастацтва, дакумент. крыніц і інш. розных народаў. М.э. — неад’емная частка гісторыка-культ. спадчыны, крыніца па вывучэнні этналогіі народа і яго традыцый. Большасць М.э. комплексныя: спалучаюць 2 і больш блізкія тэматычныя кірункі — гісторыю, археалогію, мастацтва, дойлідства (гл. Скансэн), краязнаўства, рэлігіязнаўства і інш.

Прататыпам стараж. М.з. былі спец. ўладкаваныя святыя месцы з культавым інвентаром і сакральнымі рэліквіямі. Вял. геагр. адкрыцці садзейнічалі пашырэнню этнагр. ведаў, збору і калекцыяніраванню экзатычных рэчаў з жыцця і побыту розных народаў. Пазней узніклі спец. ўстановы, якія сталі цэнтрамі па ахове, сістэматызацыі і экспанаванні этнагр. помнікаў. У 19 ст. значныя этнагр. калекцыі мелі Брытанскі музей у Лондане, музей Ашмола ў г. Оксфард (Вялікабрытанія), Лейдэнскі музей (Нідэрланды), музеі натуральнай гісторыі ў Нью-Йорку і Чыкага (ЗША). Спецыялізаваныя М.э. або этнагр. аддзелы ёсць амаль ва ўсіх краінах свету. Сярод буйнейшых М.э. — Берлінскі, Лейпцыгскі, Дрэздэнскі, Гамбургскі (Германія), Стакгольмскі, Варшаўскі, Кракаўскі (Польшча), Музей нар. мастацтва і этнаграфіі ў Будапешце. Нац. музей нар. мастацтва і звычаяў у Парыжы, краязнаўча-этнагр. музеі ў Ротэрдаме (Нідэрланды) і Антверпене (Бельгія), Нац. этнагр. музеі ў Мюнхене (Германія), Вене, Сафіі, г. Марцін (Славакія), нац. музеі ў Празе, музеі пры Кембрыджскім (Вялікабрытанія) і Гарвардскім (ЗША) ун-тах. Сярод буйных комплексных музеяў, што спалучаюць этнаграфію, антрапалогію і археалогію, — Музей чалавека ў Парыжы і Нац. музей у Атаве (Канада). Старэйшы М.э. ў Расіі — Кунсткамера, засн. Пятром I у С.-Пецярбургу ў 1719, з 1879 Музей антрапалогіі і этнаграфіі пры Рас. АН. У 1895 адкрыты Рус. музей у Пецярбургу з раздзелам этнаграфіі Расіі і сумежных краін, у 1934 на яго базе створаны Дзярж. музей этнаграфіі народаў СССР, з 1991 Расійскі этнаграфічны музей. У 1885 адкрыты Гандл.-прамысл. музей саматужных вырабаў (з 1947 Музей народнага мастацтва ў Маскве).

На Беларусі першыя этнагр. калекцыі вядомы з Радзівілаўскіх і Сапегаўскіх збораў 16—17 ст. У 2-й пал. 18 ст. ў маёнтку Сямяцічы на Гродзеншчыне Г.​Сапегай-Ябланоўскай засн. Кабінет натуральнай гісторыі, дзе былі шырока прадстаўлены этнагр. экспанаты: прадметы агр. дзейнасці, прылады працы, інструменты, посуд, вырабы з кары і дрэва. У 1787—1820 Кабінет натуральнай гісторыі існаваў пры Полацкім езуіцкім калегіуме. Помнікі этнаграфіі былі шырока прадстаўлены ў «Кабінеце» М.​Гаўсмана ў Мінску (вядомы з 1870-х г.), краязн. музеі А.​Ельскага ў в. Замосце Пухавіцкага р-на, музеях Э.​Чапскага ў в. Станькава Дзяржынскага р-на, К. і Я.​Тышкевічаў у г. Лагойск Мінскай вобл., З.​Глогера ў маёнтку Яжэва каля Беластока (Польшча), В.​Федаровіча ў Віцебску (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.). На базе збораў братоў Тышкевічаў адкрыты Віленскі музей старажытнасцей (1856), які меў асобны аддзел этнаграфіі. У канцы 19 — пач. 20 ст. дзейнічалі царк.-археал. музеі ў Віцебску, Магілёве, Мінску, фонды якіх складаліся і з этнагр. экспанатаў. Каштоўныя этнагр. экспанаты захоўваліся таксама ў Віцебскім і Полацкім «музеумах разных прадметаў лясной гаспадаркі» (засн. ў сярэдзіне 19 ст.), Магілёўскім музеі пры губ. стат. к-це (існаваў з 1867), музеі пры Горы-Горацкім земляробчым ін-це Магілёўскай вобл. і інш. На аснове збораў І.​Луцкевіча ў 1921—45 дзейнічаў Беларускі музей у Вільні, дзе шырока былі прадстаўлены вырабы нар. майстроў. У пач. 20 ст. ў Магілёве арганізаваны гіст.-этнагр. музей пры Т-ве вывучэння бел. краю (з 1913 Т-ва вывучэння Магілёўскай губ.). Найбольшыя этнагр. калекцыі ў даваенны перыяд зберагаліся ў Бел. дзярж. музеі ў Мінску, Гродзенскім гіст.-археал. музеі, Пінскім музеі і інш. Збіральніцтва этнагр. матэрыялаў у пасляваенны перыяд звязана з аднаўленнем і пашырэннем сеткі краязн. музеяў, у рамках якіх пераважна і развіваліся этнагр. экспазіцыі. Найб. багата яны прадстаўлены ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, філіялах Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі. У 1970—80-я г. створаны дзярж. і грамадскія музеі этнагр. профілю. Найб. значныя з іх Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік, Музей беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы Мінскай вобл., Клецкі гісторыка-этнагр. музей, Веткаўскі музей народнай творчасці, Дзіўнаўскі музей мастацтва і этнаграфіі, Крошынскі музей нар. мастацтва і рамёстваў, Мотальскі музей народнай творчасці, Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры, Музей этнаграфіі ў Магілёве, Нараўлянскі этнагр. музей і інш.

В.​С.​Цітоў.

т. 11, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНТ-ЛЮСІ́Я (Saint Lucia),

дзяржава ў Вест-Індыі на аднайм. востраве ў групе Наветраных а-воў (архіпелаг М. Антыльскія а-вы). Пл. 620 км². Нас. 156,3 тыс. чал. (2000). Афіц. мова — англійская, шырока распаўсюджаны мясц. крэольскі дыялект франц. мовы (патуа). Сталіца, найб. горад і порт — Кастры. Адм. падзел — 11 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (22 лют.).

Дзяржаўны лад. С.-Л. — канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1979. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Орган заканад. улады — двухпалатны парламент, які складаецца з сената (11 чл., прызначаюцца ген.-губернатарам) і палаты сходу (17 чал., выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам (кіраўнік большасці ў палаце сходу).

Прырода. Востраў С.-Л. вулканічнага паходжання. Рэльеф горны, выш. да 959 м (г. Жымі). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднемесячныя т-ры 18—26 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 1500—1700 мм на ўзбярэжжы да 2500—3500 мм на ўсх. схілах гор. Ёсць гарачыя крыніцы. У гарах захаваліся вільготна-трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. Жывёльны свет прадстаўлены ў асн. птушкамі. Мора багатае рыбай, ракападобнымі і малюскамі. Ёсць некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. 96% складаюць сентлюсійцы, нашчадкі рабоў, прывезеных з Афрыкі, у антрапал. адносінах негры (больш за 90%) і мулаты. У гарадах невял. колькасць выхадцаў з Індыі і англічан. Вернікі пераважна католікі (90%), ёсць пратэстанты (7%) і англікане (3%). Сярэднегадавы прырост каля 1%. Сярэдняя шчыльн. каля 250 чал. на 1 км², на ўзбярэжжы каля 500 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва больш за 50%. Найб. гарады: Кастры (з прыгарадамі больш за 50 тыс. ж., 2000), В’е-Фор, Міку, Суфрыер. У сельскай гаспадарцы занята 43% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 18%, у абслуговых галінах — 39%. Значная эміграцыя, пераважна ў Вялікабрытанію.

Гісторыя. Стараж. насельнікі С.-Л. — індзейцы аравакі і карыбы, б.ч. якіх знішчана еўрапейцамі. Адкрыта Х.​Калумбам у 1502. У 1605 тут засн. англ. пасяленне. У 17—18 ст. за валоданне С.-Л. ішла барацьба паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй; канчаткова замацавана за апошняй паводле Парыжскага мірнага дагавора 1814. У 1958—62 чл. Вест-Індскай федэрацыі. З 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава». 22.2.1979 абвешчана незалежнасць С.-Л. ў складзе Садружнасці. У С.-Л. дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднаная рабочая партыя С.-Л., Лейбарысцкая партыя, Прагрэсіўная лейбарысцкая партыя. С.-Л. — чл. ААН (з 1979).

Гаспадарка. С.-Л. — аграрная краіна сярэдняга ўзроўню развіцця, важнае значэнне для эканомікі мае замежны турызм. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае 4100 дол. за год. 32% яго ствараецца ў прам-сці, 11% — у сельскай гаспадарцы, 57% — у абслуговых галінах, пераважна ў турысцкай справе. С.-Л. — краіна развітога міжнар. турызму (штогод наведваюць 300—350 тыс. замежных турыстаў, даход ад турызму ў 1998—291 млн. дол.). У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 22 тыс. га зямлі, у т. л. каля 19 тыс. га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, 3 тыс. га пад пашай. Пераважаюць дробныя сялянскія гаспадаркі, ёсць плантацыі экспартных культур. Каля палавіны с.-г. зямель пад пасадкамі бананаў (штогадовы збор каля 100 тыс. т). Вырошчваюць таксама манга, какосавыя арэхі, цытрусавыя, какаву, батат, маніёк, цукр. трыснёг, рыс, вінаград. Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 15, свіней каля 10, авечак і коз каля 15. Птушкагадоўля (260 тыс. курэй у 1997). Марское рыбалоўства. Гал. прамысл. прадпрыемствы — нафтавы тэрмінал для перагрузкі супертанкераў (прывозяць нафту для ЗША з Б.​Усходу) і нафтаперапр. з-д (б. ч. прадукцыі экспартуецца). Працуюць невял. прадпрыемствы па зборцы электронных кампанентаў, вытв-сці паперы і кардону, тытунёвых вырабаў, тканін, адзення, цацак. Апрацоўчая прам-сць базіруецца на перапрацоўцы мясц. с.-г. сыравіны (вытв-сць копры, какосавага алею, мыла, рому, безалкагольных напіткаў). Лесанарыхтоўкі і дрэваапр. прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі — 110 млн. кВт∙гадз. (1998). Развіты саматужныя промыслы (ганчарныя вырабы, сувеніры і інш.). Транспарт аўтамаб. і марскі. На востраве 1,2 тыс. км аўтадарог, у т. л. каля 100 км з цвёрдым пакрыццём, 10 тыс. легкавых аўтамабіляў, 9,1 тыс. грузавых і аўтобусаў; 2 міжнар. аэрапорты. Марскія парты Кастры і В’е-Фор. У 1997 экспарт склаў 70,1 млн. дол., імпарт — 292,4 млн. дол. У экспарце пераважаюць бананы (41% па кошце), нафтапрадукты, адзенне, какава, агародніна, фрукты, какосавы алей і копра, у імпарце — харч. і прамысл. тавары, паліва. Гал. гандл. партнёры: ЗША (24% экспарту, 36% імпарту), Вялікабрытанія (50% экспарту, 11% імпарту), карыбскія краіны (16% экспарту і 22% імпарту), Японія, Канада. Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад Вялікабрытаніі. Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Сент-Люсіі.

т. 14, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХО́ДНІ ТЫМО́Р (тэтум Timor Lorosa’e, партуг. Timor-Leste), Дэмакратычная Рэспубліка Усходні Тымор (тэтум Republika Demokratika Timor Lorosa’e, партуг. Republica Democratica de Timor-Leste),

дзяржава на ПнУ в-ва Тымор, у паўд. ч. Малых Зондскіх а-воў Малайскага архіпелага. У складзе У.Т. а-вы Атаура (Камбінг) і Жаку і анклаў Акусі (Пантэ-Макасар) на паўн.-зах. беразе вострава. Мяжуе на ПдЗ з Інданезіяй; абмываецца Тыморскім, Саву і Банда морамі. Пл. 15 тыс. км². Нас. 952,6 тыс. чал. (2002). Афіц. мовы — тэтум і партугальская. Сталіца — г. Дылі. Падзяляецца на 13 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 ліст.).

Прырода. Рэльеф гарысты. На З горы выш. да 2963 м (г. Фоха-Татамайлаў), на У камяністае плато, на паўд. узбярэжжы вузкая раўніна. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, гаручыя сланцы, золата, марганцавыя руды, мармур. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Сярэдняя гадавая т-ра на ўзбярэжжы 25—27 °C, у гарах 21 °C. Ападкаў каля 1500 мм за год, частыя паводкі, апоўзні. Рэкі ў сухі сезон перасыхаюць. Пашыраны высакатраўныя саванны з рэдкімі акацыямі і эўкаліптамі. Вільготныя трапічныя лясы трапляюцца на паўд. узбярэжнай раўніне. Жывёльны свет бедны — алень, горны казёл, дзік, кускус. Шмат птушак.

Насельніцтва. Народы У.Т. належаць да ўсходнеінданезійскага антрапалагічнага тыпу (тэтумы, мамбаі, такодэ, бунакі, макасаі і інш.). Жывуць таксама метысы (нашчадкі ад шлюбаў еўрапейцаў з мясц. жанчынамі), кітайцы і інш. Вернікі пераважна католікі (90%), ёсць мусульмане (4%), пратэстанты (3%), анімісты. Сярэдняя шчыльн. каля 63 чал. на 1 км². Найб. горад — Дылі (каля 30 тыс. ж.).

Гісторыя Стараж. насельніцтва в-ва Тымор — плямёны, блізкія да папуасаў. Бліжэй да н.э. тут з’явіліся плямёны мангалоіднай расы, якія размаўлялі на аўстранезійскіх мовах. У 16 ст. на Тыморы пасяліліся тэтумы — найб. народнасць сучаснага У.Т. У 16 ст. тут з’явіліся партугальцы, у 17 ст. — галандцы. У канцы 18 ст. ўсх. ч. Тымора замацавана за Партугаліяй, зах. — за Нідэрландамі. У 1942—45 востраў акупіраваны яп. войскамі. З 1973 У.Т. — аўт. правінцыя Партугаліі. Пасля звяржэння ў Партугаліі фаш. рэжыму (1974) створаны паліт. арг-цыі У.Т.: Рэв. фронт за незалежны У.Т. (ФРЭТЫЛІН; адстойваў поўную незалежнасць У.Т.), Тыморскі дэмакр. саюз (УДТ; стаяў за захаванне цесных сувязей з Партугаліяй) і Тыморскі нар.-дэмакр. саюз (АПОДЭТЫ; стаяў за далучэнне У.Т. да Інданезіі). У жн. 1975 УДТ здзейсніў спробу дзярж. перавароту, што прывяло да грамадз. вайны, у якой перамог ФРЭТЫЛІН. 28.1 1.1975 ФРЭТЫЛІН абвясціў Нар.-Дэмакр. Рэспубліку У.Т. У адказ АПОДЭТЫ і УДТ звярнуліся за дапамогай да Інданезіі, якая 7.12.1975 увяла свае войскі ва У.Т. У ліп. 1976 Інданезія абвясціла У.Т. сваёй 27-й правінцыяй, што не прызнала ААН. ФРЭТЫЛІН працягваў партыз. вайну супраць інданез. акупацыі (з 1986 сумесна з УДТ). Інданез. войскі ажыццяўлялі масавыя рэпрэсіі. якія забралі больш за 100 тыс. жыццяў.

Пасля падзення ў Інданезіі дыктатуры (1998) новы інданез. ўрад правёў 30.8.1999 плебісцыт, на якім каля 80% жыхароў У.Т. выказаліся за незалежнасць. Узбр. выступленні праінданез. сіл прывялі да ўводу на тэр. У.Т. ў вер. 1999 войск ААН і стварэння Часовай адміністрацыі. У жн. 2001 адбыліся выбары ў Канстытуцыйную асамблею, якая ў кастр. 2001 прыняла канстытуцыю У.Т. У крас. 2002 прэзідэнтам У.Т. выбраны кіраўнік узбр. барацьбы за незалежнасць, лідэр ФРЭТЫЛІН Ш.​Гужмаў. 20.5.2002 абвешчана незалежнасць У.Т. Ва У.Т. дзейнічаюць паліт. партыі: Рэв. фронт за незалежны У.Т., Дэмакр. партыя, С.-д. партыя. У.Т. — чл. ААН (з 2002).

Гаспадарка. У.Т. — слабаразвітая аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. складае каля 500 дол. (2001). 25,4% ВУП ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 17,2% — у прам-сці, 57,4% — у абслуговых галінах. Аснова эканомікі — плантацыйная гаспадарка, якая спецыялізуецца на вытв-сці экспартных культур: кавы, какосавай пальмы. Гал. харч. культуры — рыс, кукуруза, касава, сорга, батат. бабовыя, цукр. трыснёг, манга, бананы, ваніль. Гадуюць буйвалаў, коз, коней (мясц. нізкарослая парода). Рыбалоўства, паляванне, лесанарыхтоўкі (сандалавае дрэва). Прам-сць развіта слаба. Дробныя кава- і рысаачышчальныя прадпрыемствы, мылаварныя з-ды. Здабыча мармуру. Рамёствы (кавальскае, ткацкае, пляценне, вытв-сць керамікі). Транспарт аўтамаб. і марскі. Даўж. аўтадарог 3,8 тыс. км. Гал. порт — Дылі. Экспарт (8 млн. дол., 2001) кавы, копры, сандалавага дрэва; імпарт (237 млн. дол., 2001) машын і абсталявання і інш. Гал. гандл. партнёры: Аўстралія, ЗША, Партугалія, Сінгапур, Японія. Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад міжнар. арганізацый (2,2 млрд. дол. у 1999—2001). Грашовая адзінка — долар ЗША.

Літ.:

Заказникова Е. Восточный Тимор: В ожидании независимости // Азия и Африка сегодня. 2002. №2.

т. 16, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСТРА́ДА (франц. estrade ад ісп. estrado памост),

1) від сцэнічнага мастацтва, калі ў адным паказе (канцэрце) спалучаюцца выступленні артыстаў розных жанраў (чытальнікаў, спевакоў, музыкантаў, акрабатаў, танцораў, канферансье і інш.). Як самаст. мастацтва сфарміравалася ў канцы 19 ст.

Вытокі Э. ў паказах вандроўных акцёраў. У пач. 18 ст. ў Англіі ўзніклі невял. эстр. т-ры — мюзік-холы. З 1850-х г. у Францыі пры рэстаранах ствараліся т.зв. кафэ-шантаны, з 1880-х г. — кабарэ, пазней вар’етэ. У 20 ст. эстр. паказы (агляды, рэвю) адбываліся ў вар’етэ і мюзік-холах. Першыя папулярныя выканаўцы Э. — расійскія спевакі Н.​Вяльцава, А.Вярцінскі, В.Паніна, І.​Юр’ева, франц. — А.​Бруан, І.​Гільбер, швейцарскі клоун Грок і інш. Сярод вядомых майстроў замежнай Э.: спевакі Э.​Дзімітроў (Балгарыя), Г.Герман (Польшча), К.Гот (Чэхія), Х.​Белафонтэ, П.Робсан, П.Сігер, Э.К.Фіцджэралд (ЗША), Ш.​Азнавур, Э.Піяф, М.​Шэвалье (Францыя); джаз-аркестры пад кіраўніцтвам Л.Д.Армстранга, Э.К.Элінгтана (ЗША) і інш. Праводзяцца міжнар. конкурсы і фестывалі эстр. мастацтва. У Расіі вытокі Э. ў нар. гульнях і балаганах, у мастацтве скамарохаў. З канца 18 ст. пашыраны т.зв. дывертысменты. У пач. 20 ст. ўзніклі эстр. тэатры мініяцюр. У станаўленні сав. Э. пэўную ролю адыгралі тэатры рэвалюцыйнай сатыры, паказы «Сіняй блузы», эстр., эстр.-сімф. і джаз-аркестры, вак.-інстр. ансамблі.

На Беларусі элементы Э. меліся ў праграмах беларускіх вечарынак, паказах Першай бел. трупы І.​Буйніцкага. Развіццю жанраў бел. эстр. мастацтва спрыялі мітынгі-канцэрты, «жывыя газеты», т-ры рэв. сатыры ў Віцебску і Мінску (1919—22). З бел. нар. песнямі выступалі Л.Александроўская, І.Яўнзем. Сярод першых выканаўцаў Э.: цымбалісты А.Астрамецкі, І.Жыновіч, цымбальны дуэт Х.Шмелькін і С.Навіцкі, балалаечнік Дз.Захар, Беларускі вакальны квартэт. У 1939 створана «Белдзяржэстрада» з аддзяленнямі ў Віцебску і Беластоку, сярод артыстаў якой танц. пара В.​Міхеда і М.​Гільзінец, спевакі Ю.​Матраеў, Р.​Плоткіна, чытальніца Ю.​Фляйто, акрабаты С.​Сакалоў, Л. і А.​Міхайлавы. У першае пасляваен. дзесяцігоддзе пры «Белдзяржэстрадзе» працавалі т-р драмы і камедыі, ансамбль аперэты, т-р лялек, эстр. аркестр. У 1950—60-я г. вылучыліся эстр. спевакі Г.​Буцько, І.​Вішнеўская, У.​Зяміраў, Э.Міцуль, І.​Палянская, А.Самарадаў, вак. трыо з балалайкамі сясцёр Логінавых, цымбалісты В.Бурковіч, М.​Шмелькін, танцоры Т.​Гіжэўская, М.​Лапша, Б.​Нікулін, М.​Сцепанец, І.Хвораст, майстры размоўнага жанру З.​Бандарына, Р.Дзідзенка, М.​Зорын, І.Лакштанаў, С.​Сімараў, А.Слесарэнка, В.​Спіткоўская, М.Шышкін, акрабаты А.​Беразоўская, Н.​Іванова, І.​Пігулеўскі, А. і В.​Ржавускія, Ф.​Фаменка, П.​Чарапанаў, мастак-манументаліст Г.​Ермаловіч і інш. У 2-й пал. 1960-х г. бел. Э. атрымала ўсесаюзнае і міжнар. прызнанне. У 1968 у Мінску адбыўся Усесаюзны фестываль эстр. мастацтва, у 1973 — Усесаюзны конкурс выканаўцаў сав. песні, у 1974 — Першы рэсп. конкурс артыстаў Э. Узніклі новыя калектывы, паявіліся таленавітыя выканаўцы. Для рэпертуару і выканаўчай манеры сталі характэрны публіцыстычнасць, грамадз. пафас, развіццё нар. традыцый, засваенне лепшых узораў сав. і зарубежнага эстр. мастацтва; у канцэртныя праграмы шырока ўключаюцца творы бел. пісьменнікаў і кампазітараў. Набылі вядомасць вак.-інстр. ансамблі «Песняры», «Сябры», «Верасы», інстр. ансамбль «Тоніка», эстр.-харэаграфічны ансамбль «Чараўніцы», харэаграфічны ансамбль «Харошкі», Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, Сімфанічны аркестр беларускага тэлебачання і радыё, бел. т-р пантамімы «Рух», т-р сатыры і гумару «Хрыстафор», ансамбль нар. музыкі «Свята» і інш. Уклад у развіццё бел. Э. зрабілі спевакі Н.Багуслаўская, Л.Барткевіч, В.Вуячыч, Я.Еўдакімаў, В.Кучынскі, Н.Мікуліч (гл. Дадатак), Я.Навуменка, В.Пархоменка, Т.Раеўская, М.Скорыкаў, Ю.Смірноў, В.Шутава, А.Ярмоленка, вак. дуэт. Я.Паплаўская і А.Ціхановіч, музыканты В.Раінчык і І.​Цвяткова, цымбалісты Астрамецкі, Я.Гладкоў, майстар размоўнага жанру Г.Рыжкова і інш. У 1995 у Мінску адкрыты Дзярж. маладзёжны тэатр эстрады. Арганізацыйна-творчую работу ў галіне Э. на Беларусі вядуць Бел. філармонія, Гомельская (з 1967), Гродзенская (з 1987), Магілёўская (з 1990) і інш. абласныя філармоніі, прадпрыемства «Белканцэрт» (з 1990). Штогод праводзяцца Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі, міжнар. фестывалі «Славянскі базар у Віцебску», «Залаты шлягер» у Магілёве (з 1995), у рамках якіх адбываюцца конкурсы маладых эстр. выканаўцаў. На Беларусі артыстаў Э. рыхтуюць Мінскае муз. вучылішча імя Глінкі, Бел. ун-т культуры.

2) Сцэнічная пляцоўка (пастаянная ці часовая) для канцэртных выступленняў артыстаў.

Літ.:

Кузнецов Е.М. Из прошлого советской эстрады: Ист. очерки. М., 1958;

Дмитриев Ю.А. Искусство советской эстрады. М., 1962;

Загородний Г.Н. Музыки высокое призвание: Ист. очерк о Бел. гос. филармонии. Мн., 1988;

Эстрада без парада: Сб. М., 1991;

Певцы советской эстрады: Сб. М., 1992.

Г.​М.​Загародні.

Да арт. Эстрада. Сцэна са спектакля Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра эстрады Беларусі.

т. 18, кн. 1, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬНАДУ́МСТВА,

ідэйна-філасофская плынь, зыходным пунктам якой з’яўляецца крытычнае асэнсаванне рэлігіі і рэчаіснасці. У адносінах да дактрыны аб існаванні пазазямных істот можа набліжацца да матэрыялізму (Д.​Дзідро), дэізму (Вальтэр) ці пантэізму (Дж.​Бруна, Б.​Спіноза). Генезіс і развіццё вальнадумства непасрэдна звязаны з прагрэсам чалавечых ведаў і навук. крытыкі ўсялякіх спроб абмежавання магчымасцяў пазнання Сусвету. Элементы вальнадумства існавалі ўжо ў ант. філасофіі (Сакрат). Асн. этапы развіцця навукі, мастацтва і філасофіі (Адраджэнне, Асветніцтва, пазітывізм і матэрыялізм 19—20 ст.) былі адначасова этапамі развіцця вольнай думкі. Пэўныя арганізац. структуры вальнадумства ўзніклі ў 2-й пал. 19 ст. У 1880 у Бруселі створаны першы «Міжнародны саюз вальнадумцаў», у 1952 — «Міжнародны гуманістычны і этычны саюз». Паборнікі вальнадумства распаўсюджваюць свае погляды праз шматлікія выданні ў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, ЗША.

На Беларусі ідэі вальнадумства мелі свае праявы ўжо ў фальклоры і помніках пісьменства 11—12 ст., у ерасях 14—15 ст. (рух стрыгольнікаў). Вяхой у развіцці вальнадумства з’яўляецца творчасць бел. першадрукара, гуманіста і асветніка Ф.​Скарыны. Яго паслядоўнікі ў 16 ст. С.​Будны, В.​Цяпінскі, С.​Лован і інш. трактавалі біблейскія тэксты з рацыяналістычных пазіцый, патрабавалі развіцця навук. ведаў, пашырэння асветы. У 17 ст. К.​Лышчынскі абараняў матэрыялістычны светапогляд, даказваў супярэчлівасць рэліг. догматаў, быў актыўным барацьбітом за гуманіст. ідэалы і прынцыпы. Важную ролю ў пераадоленні ўплыву схаластыкі, у адстойванні значэння вопыту ў навук. пазнанні адыгралі ў 18 ст. К.​Нарбут, у 19 ст. — Э.​Жалігоўскі, І.​Ястржэмбскі, К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч, Я.​Лучына, у пач. 20 ст. — Цётка, Я.​Купала, Я.​Колас, Ц.​Гартны, М.​Багдановіч, М.​Гарэцкі і інш. У Рэспубліцы Беларусь прынцыпы вальнадумства замацаваны ў заканадаўчых гарантыях свабоды сумлення і веравызнання, развіцця і функцыянавання мноства грамадз. рухаў і паліт. партый, якія могуць свабодна распаўсюджваць свае паліт., сацыякульт. погляды, ідэалы, прынцыпы.

Літ.:

Из истории философской и общественно-политической мысли в Белоруссии. Мн., 1962;

Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;

Основы религиоведения. М., 1994.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 3, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНАГРА́ДАРСТВА,

1) галіна сельскай гаспадаркі, якая займаецца вырошчваннем вінаграду. Забяспечвае насельніцтва свежым і сушаным вінаградам (разынкамі, кішмішам, карынкай), а вінаробную (гл. Вінаробства) і кансервавую прам-сць сыравінай. Вінаградарства мае 4 вытв. кірункі: сталовае вінаградарства — вытв-сць свежага вінаграду для мясц. спажывання, вывазу і захоўвання; вінаградарства як сыравінная база вытв-сці сушанага вінаграду — вырошчванне кішмішна-разынкавых сартоў; вінаградарства як сыравінная база вінаробнай прамысловасці (выкарыстоўвае каля 80% усяго вінаграду) і кансервавай прамысловасці. Адрозніваюць вінаградарства ўкрыўное і неўкрыўное, арашальнае і неарашальнае, або багарнае, коранеўласнае і прышчэпленае на марозаўстойлівых і філаксераўстойлівых прышчэпах.

Вінаградарства з’явілася ў старажытнасці ў краінах Міжземнамор’я, Б. Усходу, Сярэдняй Азіі. Сусв. вытв-сць вінаграду складае штогод 57—60 млн. т. Больш як палову яго атрымліваюць у Італіі, Францыі, ЗША, Іспаніі, Турцыі. Далей ідуць Аргенціна, Іран, ПАР, Грэцыя, Румынія, Партугалія, Германія, Расія, Чылі, Аўстралія, Азербайджан, Бразілія, Малдова. Прамысл. вінаградарства развіта паміж 34—52° паўн. ш. і 20—40° паўд. ш. У Еўропе паўн. мяжа вырошчвання прамысл. вінаграду праходзіць праз Парыж, Льеж, Дзюсельдорф, Камянец-Падольскі, Саратаў. Прысядзібнае аматарскае вінаградарства пашыраецца далей на поўнач.

На Беларусі вінаград вядомы з 16 ст. Аматарскае вінаградарства адзначана ў большасці раёнаў, невял. вытворчае — у Пінскім, Столінскім, Хойніцкім і Мінскім. Найб. спрыяльныя для яго развіцця паўд. раёны Брэсцкай і Гомельскай абласцей (акрамя раёнаў, забруджаных радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС). Доследныя работы па селекцыі вінаграду на Беларусі праводзяцца ў Бел. НДІ пладаводства (в. Самахвалавічы Мінскага р-на). Беларусь атрымлівае вінаград пераважна з Малдовы. Прамысл. вінаградарства характарызуецца інтэнсіўнасцю, патрабуе вял. капіталаўкладанняў і значных затрат працы. У ім выкарыстоўваецца механізацыя многіх працаёмкіх работ: тэрасавання, плантажу, пасадкі, рыхлення міжрадкоўяў, унясення ўгнаенняў, укрывання і адкрывання кустоў, устаноўкі шпалераў, барацьбы са шкоднікамі і хваробамі і інш.

2) Навука аб біял. асаблівасцях вінаграду і спосабах яго вырошчвання; раздзел раслінаводства. Складаецца з агульнага вінаградарства (вывучае пытанні біялогіі, экалогіі і агратэхнікі вінаграду); прыватнага (распрацоўвае агратэхніку вінаграду ў розных глебава-клімат. умовах, для розных вытв. кірункаў, а таксама пры вырошчванні вінаграду ў цяпліцах); ампелаграфіі — навукі аб сартах і відах вінаграду; селекцыі вінаграду — навукі пра вывядзенне новых сартоў.

т. 4, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАФІ́ЗІКА (ад геа... + фізіка),

навука аб фіз. палях Зямлі, фіз. уласцівасцях і будове рэчыва Зямлі і працэсах ва ўсіх геасферах. У вузкім сэнсе геафізіка — навука аб фіз. з’явах у цвёрдых сферах: зямной кары, мантыі Зямлі, ядры Зямлі. Фіз. працэсы ў гідрасферы вывучае гідрафізіка, у атмасферы — фізіка атмасферы.

Элементы натуральнай геафізікі вядомы з прац антычных вучоных. У 17—19 ст. адкрыты асн. законы макраскапічнай фізікі, створаны першыя геафізічныя абсерваторыі. Як комплексная навука геафізіка аформілася ў сярэдзіне 19 ст., у сучасным разуменні — з 1960-х г. Асновы тэорыі і прыкладной геафізікі распрацавалі Д.Ф.Араго, (Францыя), Б.​Гутэнберг (ЗША), Х.​Джэфрыс (Вялікабрытанія), рус. і сав. вучоныя А.​Дз.Архангельскі, Р.А.Гамбурцаў, М.​С.​Маладзенскі, А.​М.​Ціханаў, П.​П.​Лазараў, А.​І.​Забароўскі, У.​У.​Фядынскі, Э.​Э.​Фатыяды і інш. Геафізіка падзяляецца на фізіку Зямлі і пошукава-разведвальную геафізіку (гл. Геафізічная разведка). Фізіка Зямлі — тэарэт. навука, якая фіз. метадамі даследуе глыбінную будову і глыбінныя працэсы Зямлі. У ёй вылучаюцца буйныя раздзелы: геадынаміка, геатэрмія, гравіметрыя, сейсмалогія, геамагнетызм (гл. Зямны магнетызм), геаэлектрыка, даследаванні мінералаў і горных парод пры высокіх ціску і т-рах. Пошукава-разведвальная геафізіка — прыкладная навука, якая фіз. і матэм. метадамі даследуе будову верхняй часткі зямной кары з мэтай пошукаў і разведкі радовішчаў карысных выкапняў, для вырашэння задач гідрагеалогіі і інж. геалогіі. У ёй вылучаюцца структурная (пошукі нафтавых і газавых радовішчаў), рудная (радовішчаў руд і рудных вузлоў) і прамысл. геафізіка (даследаванні геал. разрэзу свідравін). У 1970-я г. вылучылася вылічальная геафізіка, мэта якой — назапашванне, захоўванне і аналіз інфармацыі з шырокім выкарыстаннем ЭВМ. Геафізіка цесна звязана з фіз.-матэм., тэхн. (аўтаматыка, электроніка, кібернетыка, касманаўтыка) і геал. навукамі (геалогія, геахімія, планеталогія, тэктоніка і інш.).

На Беларусі геафізіка развіваецца з 1930-х г., калі пачалі праводзіць гравіметрычную і магнітную здымку. З 1950-х г. вядзецца планамернае геафіз. вывучэнне тэр. краіны. Даследаванні праводзяць з 1957 у Геолагаразведачным навукова-даследчым інстытуце, з 1960 у Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі, з 1971 у Інстытуце геалагічных навук Нац. АН Беларусі, Геафізічнай экспедыцыі і інш. падраздзяленнях ВА «Беларусьгеалогія», а таксама ў Гомельскім дзярж. ун-це і БДУ.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 5, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАГЕАЛО́ГІЯ (ад гідра... + геалогія),

навука аб падземных водах, іх саставе, уласцівасцях, фарміраванні, пашырэнні, руху, узаемадзеянні з горнымі пародамі і паверхневымі водамі. Распрацоўвае метады вызначэння гідрагеал. параметраў ваданосных гарызонтаў, пошуку і разведкі радовішчаў падземных вод, ажыццяўляе ацэнку запасаў і рэсурсаў падземных вод рэгіёнаў, краіны, вывучае рэжым і баланс падземных вод, даследуе гідраўлічную сувязь паверхневых і падземных вод, водаабмен паміж ваданоснымі гарызонтамі і комплексамі, прагназуе змены гідралагічных умоў тэрыторыі пад уздзеяннем меліярацыі, водазабораў падземных вод і інш.

Першыя звесткі аб паходжанні і ўласцівасцях прыродных вод адносяцца да 1-га тыс. да н. э. (Стараж. Грэцыя — Фалес, Арыстоцель, Стараж. Рым — Лукрэцый). У эпоху Адраджэння і пазней у Зах. Еўропе падземныя воды вывучалі Г.​Агрыкала, Б.​Палісі, Н.​Стэна і інш.; у Расіі — М.​В.​Ламаносаў, В.​М.​Севяргін. Да сярэдзіны 19 ст. вучэнне аб падземных водах было часткай геалогіі. Як самаст. навука гідрагеалогія сфарміравалася ў канцы 19 ст. У развіццё гідрагеалогіі значны ўклад зрабілі А.​Дарсі, Ж.​Дзюпюі, А.​Шэзі (Францыя), Э.​Прынц, К.​Кайльгак, Г.​Гёфер (Германія), А.​Хазен, Ч.​Сліхтэр, О.​Мейнцэр (ЗША), А.​П.​Карпінскі, С.​М.​Нікіцін, І.​В.​Мушкетаў (Расія) і інш.

На Беларусі комплексныя гідрагеал. даследаванні арганізаваны ў 1928 (у бас. р. Свіслач), у выніку якіх выяўлены крыніцы водазабеспячэння г. Мінск. У 1929—35 дзейнічаў Ін-т геалогіі і гідрагеалогіі АН БССР, з 1935 сектар гідрагеалогіі і інж. геалогіі ў Ін-це геал. навук АН. У 1938 на базе свідравіны, якая ўскрыла мінер. воды ў Бабруйску, пабудавана першая на Беларусі водалячэбніца. Пасля Вял. Айч. вайны складзены кадастр падземных вод, дробнамаштабныя гідрагеал. карты Беларусі, вывучаны хімізм і асн. элементы балансу падземных вод. З 1958 вядзецца сярэднемаштабная геолага-гідрагеал., з 1970 гідрагеал. здымка. Рэжым, т-ру і хім. састаў падземных вод і расолаў, умовы іх фарміравання, прынцыпы аховы і рацыянальнага выкарыстання даследуюцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі (Г.​В.​Багамолаў, М.​Ф.​Казлоў, А.​В.​Кудзельскі), у Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це (А.​П.​Лаўроў, С.​П.​Гудак), Бел. геолага-гідрагеал. экспедыцыі, БДУ, Гомельскім дзярж. ун-це і інш.

А.​В.​Кудзельскі.

т. 5, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРО́ЛІЗНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

адна з галін мікрабіялагічнай прамысловасці. Спецыялізуецца на перапрацоўцы нехарчовых раслінных матэрыялаў метадам гідролізу для атрымання этылавага спірту, кармавых дражджэй, глюкозы і ксіліту, фурфуролу, арган. кіслот, лігніну і інш. прадуктаў. Сыравінай служаць адходы лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, перапрацоўкі с.-г. сыравіны (салома, сланечнікавае шалупінне, кукурузныя храпкі, сцёблы бавоўніку, мелес з цукр. буракоў і інш.). Пры гідролізе раслінных тканак вугляводы пераходзяць у раствор (пад уздзеяннем вады і цяпла ў прысутнасці каталізатараў), а лігнін застаецца. У гэтым працэсе нерастваральныя поліцукрыды ператвараюцца ў растваральныя монацукрыды (гексозы і пентозы), якія хім. і біяхім. шляхам перапрацоўваюцца ў крышт. манозы (глюкозы, ксілозы), этылавы спірт, гліцэрын, ксіліт, сарбіт і інш., у альдэгіды і іх вытворныя (фурфурол, фуран і інш.), арган. кіслоты (воцатную, лімонную, яблычную і інш.), бялкова-вітамінныя дрожджы і антыбіётыкі. З 1 т сухой сыравіны ў залежнасці ад тэхналогіі можна атрымаць да 150 кг фурфуролу, або 140 кг першасных спіртоў, або 300 кг крышт. глюкозы, або 250 кг кармавых дражджэй і каля 300 кг гідролізнага лігніну.

Гідролізная прамысловасць развіваецца з пач. 20 ст. У б. СССР з 1935 наладжана вытв-сць этылавага спірту, з 1940-х г. — кармавых дражджэй і фурфуролу. На Беларусі гідролізную прадукцыю вырабляюць з 1936 на Бабруйскім гідролізным заводзе, з 1963 на Рэчыцкім доследна-прамысловым гідролізным заводзе, шматлікіх спіртавых і крухмальных з-дах. Выпускаецца тэхн. рэктыфікаваны этылавы спірт і этылавы спірт-сырэц, кармавыя дрожджы, фурфурол, вуглякіслы газ. У 1994 выраблена (разам з прадпрыемствамі мікрабіял. прам-сці) 49 тыс. т таварнай прадукцыі кармавых дражджэй (найб. у 1990 — 508 тыс. т). Значную гідролізную прамысловасць, якая спецыялізуецца пераважна на вытв-сці фурфуролу і этылавага спірту, маюць ЗША (найб. вытворца фурфуролу), Францыя, Італія, Японія, Фінляндыя; развітая вытв-сць этылавага спірту, кармавых дражджэй і фурфуролу ў Расіі, Германіі і інш. краінах. Гідролізная прамысловасць — перспектыўная галіна біятэхналогіі, здольная вырашаць праблемы, звязаныя з вытв-сцю харч. прадуктаў, лекавых прэпаратаў, энергет. паліва і сыравіны для хім. і біяхім. Вытв-сці.

Т.​П.​Цэдрык.

т. 5, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫТА́НСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ (British Empire),

назва Вялікабрытаніі разам з яе каланіяльнымі і паўкаланіяльнымі ўладаннямі.

Шырокую калан. экспансію Англія пачала ў перыяд станаўлення капіталізму (17 ст.), але першыя тэр. захопы былі яшчэ ў 12 ст. (заваяванне Ірландыі). У войнах 17 ст. з Галандыяй, 1701—14 з Іспаніяй, Сямігадовай вайне 1756—63 Англія дамаглася панавання ў Паўн. Амерыцы, завалодала Канадай, Гібралтарам, Ямайкай, пачала заваёўваць Індыю. Да пач. 1760-х г. былі закладзены асновы Брытанскай імперыі. У выніку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 ад Брытанскай імперыі аддзялілася 13 паўн.-амер. калоній, якія ўтварылі ЗША. Гэтыя страты Англія кампенсавала за кошт новых тэр. захопаў канца 18 — пач. 19 ст. Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў за ёю захопленыя тэрыторыі. У 1-й пал. 19 ст. вялася каланізацыя Аўстраліі і Новай Зеландыі, у асноўным заваявана Індыя (гл. Англа-сікхскія войны, Англа-маратхскія войны, Англа-майсурскія войны), захоплены в-аў Сянган (Ганконг), атрыманы шэраг прывілей у Кітаі (гл. Англа-кітайская вайна 1840—42 і Англа-франка-кітайская вайна 1856—60 і інш.). Асабліва шпаркімі тэмпамі англ. калан. экспансія развівалася ў апошняй трэці 19 ст.: Вялікабрытанія набыла шэраг уладанняў у Афрыцы (гл. Англа-бурская вайна 1899—1902, Англа-бура-зулуская вайна 1838—40), у Азіі заваявала Бірму (гл. Англа-бірманскія войны), устанавіла пратэктарат над Афганістанам (гл. Англа-афганскія войны). Хуткае развіццё капіталізму ў т.зв. перасяленчых калоніях, дзе значную частку насельніцтва складалі еўрапейцы, імкненне гэтых калоній да самавызначэння прымусілі Англію пайсці на ўступкі. Статус самакіравання дамініёнаў атрымалі Канада (1867), Аўстралійскі Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907), Паўд.-Афрыканскі Саюз (1910), Ірландыя (1921, без Ольстэра). Але роля калоній у эканоміцы і палітыцы Англіі заставалася надзвычай вялікай (капіталаўкладанні, вываз сыравіны, размяшчэнне ваен. баз і інш.). Нац.-вызв. рух калан. народаў у час і пасля 2-й сусв. вайны прывёў да заваявання незалежнасці большасцю калоній. Тэрмін Брытанская імперыя заменены на Брыт. садружнасць нацый (яе юрыд. статус вызначаны Вестмінстэрскім статутам 1931), потым на Садружнасць.

т. 3, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)