МАКІЯ́Ж (ад франц. maquillage),
1) грыміраванне твару з дапамогай дэкаратыўнай касметыкі. Гл. таксама Грым. 2) Прыхарошванне, замазванне фактаў і да т.п.; скажэнне праўды (напр., палітычны М.).
т. 9, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАГРА́ФІЯ (ад мана... + ...графія),
грунтоўнае навуковае выданне, у якім даследуецца асобная праблема. ці тэма. Можа належаць аднаму аўтару ці быць калектыўнай. Забяспечваецца навук.-даведачным апаратам, паказальнікамі.
т. 10, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РЛЯ (ад франц. marli кісяя),
лёгкая, празрыстая, гіграскапічная баваўняная тканіна. Звычайна белага колеру. Выкарыстоўваюць пераважна ў медыцыне (перавязачны матэрыял), а таксама ў швейнай вытв-сці, паліграфіі.
т. 10, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГАРЭЛЬЕ́Ф (ад мега... + рэльеф),
самыя буйныя формы рэльефу сушы, дна акіянаў і мораў. Уключае планетарныя формы (мацярык, ложа акіяна) і буйныя формы (горныя краіны, вял. раўніны).
т. 10, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНЕМАСІ́НА, Мнемазіна,
у стараж.-грэч. міфалогіі багіня памяці, дачка Урана і Геі, сястра тытанаў. Маці 9 муз, якіх нарадзіла ад Зеўса. У пераносным сэнсе М. — памяць.
т. 10, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́ГРАФ (лац. paragraphus ад грэч. parāgraphos),
частка тэксту ўнутры раздзела, якая мае самаст. значэнне і пазначана звычайна знакам § і парадкавым нумарам, а таксама сам гэты знак.
т. 12, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭФО́Н (ад назвы франц. фірмы «Pathe» + ...фон),
партатыўны грамафон з гукаправодам унутры скрынкі. Створаны ў пач. 20 ст. ў Францыі. З сярэдзіны 20 ст. выцеснены электрафонамі.
т. 12, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАГІЯ́ЛЬ (ад грэч. pelagos мора),
пелагічная вобласць, тоўшча вады акіянаў, мораў і азёр як асяроддзе жыцця планктону, нектону і плейстону. Супрацьпастаўляецца бенталі (дну вадаёмаў), населенай бентасам.
т. 12, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭС-КАНФЕРЭ́НЦЫЯ (ад англ. press-conference),
сустрэча дзярж., паліт., грамадскіх ці навук. дзеячаў з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі для паведамлення пэўных звестак, высвятлення актуальных пытанняў грамадства.
т. 13, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛГА́КАЎ (Сяргей Мікалаевіч) (16.7.1871, г. Ліўны Арлоўскай вобл., Расія — 13.7.1944),
рускі эканаміст, філосаф, багаслоў. Скончыў Маскоўскі ун-т (1896). Праф. палітэканоміі Кіеўскага політэхн. ін-та (1901—06) і Маскоўскага ун-та (1906—18). Дэпутат 2-й Дзярж. думы. У 1918 прыняў сан свяшчэнніка. З 1923 за мяжой. З 1925 праф. Багаслоўскага ін-та ў Парыжы. Напачатку далучыўся да марксізму, але хутка адышоў ад яго. Пра яго паварот ад марксізму да правасл. царквы сведчыла кніга «Ад марксізму да ідэалізму» (1903). Марксавай тэорыі рэалізацыі проціпастаўляў тэорыю прапарцыянальнага размеркавання прадукту, адмаўляў марксісцкую тэорыю рэнты, сцвярджаў непрыдатнасць тэорыі капіталізацыі ў адносінах да с.-г. вытв-сці Расіі. Разам з М.А.Бярдзяевым выдаваў (1905) часопіс рэліг.-філас. кірунку «Вопросы жизни», друкаваўся ў час. «Вехи» і «Путь». Быў адным з ідэйных кіраўнікоў рус. студэнцкага хрысц. руху. Успрыняўшы ад У.С.Салаўёва ідэю філасофіі ўсёадзінства, развіваў вучэнне пра Сафію Прамудрасці Божай як спрадвечна існай у Божай задуме сусв. душы. На яго думку, Сафія мае дваісты характар — нябесны, Божы, і чалавечы, таму чалавек, створаны па вобразе і падабенстве Божым, узнаўляе адзінства свету і паўнату вобраза Божага. Аўтар 2 трылогій: «Купіна Неапалімая», «Сябра Жаніха» (1927), «Лесвіца Іакава» (1929); «Ягня Божае» (1933), «Суцяшальнік» (1936), «Нявеста Ягняці» (1945).
Тв.:
Соч. Т. 1—2. М., 1993;
Православие: Очерки учения Православной Церкви. М., 1991;
Свет невечерний. М., 1994;
Тихие думы. М., 1996.
т. 3, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)