САХІ́ВАЛ,

горад на У Пакістана, у міжрэччы Раві — Сатледж. Каля 200 тыс. ж. (2000). Трансп. вузел. Гандл цэнтр с.-г. раёна (бавоўнік, пшаніца, цукр. трыснёг, малочная жывёлагадоўля). Прам-сць: баваўняная, харч. (мукамольная, цукр., малочная). Саматужная вытв-сць вырабаў з тэкстылю, скуры, металаў. За 30 км на З — руіны Харапы (помнік стараж. цывілізацыі — 2,5 тыс. г. да н.э.).

т. 14, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЧЫЎЛЯ́НЫ,

вёска ў Гербелевіцкім с/с Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл., каля р. Пад’яварка. Цэнтр калгаса. За 17 км на Пд ад г. Дзятлава, 156 км ад Гродна, 30 км ад чыг. ст. Наваельня. 343 ж., 139 двароў (2001). Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯРЫ́НАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА У Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Расонка, за 7 км на Пд ад г.п. Расоны. Пл. 0,22 км², даўж. 820 м, найб. шыр. 430 м, даўж. берагавой лініі каля 2,1 км. Пл. вадазбору 2,75 км². Схілы катлавіны выш. 8—10 м, стромкія, пад лесам, на Пн спадзістыя, разараныя. Пойма забалочаная, пад хмызняком.

т. 14, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЙТВАЛІ́ЕЎ (Сейтнафе) (29.5.1919, в. Таў-Кіпчак Белагорскага р-на, Крым, Украіна — 13.3.1983),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). На фронце з 1941. Разлік гарматы знішчальнай процітанк. батарэі на чале са старшым сяржантам С. вызначыўся ў 1944 пры вызваленні г. Жлобін і ў баі каля г.п. Мар’іна Горка, дзе адбіў некалькі контратак ворага.

т. 14, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕН-КАНТЭ́Н (Saint-Quentin),

горад на Пн Францыі, на р. Сома і Сен-Кантэнскім канале. Вядомы да н.э., стараж. гальскі горад. Каля 100 тыс. ж. (2001). Чыг. ст., вузел аўтадарог, рачны порт. Прам-сць: баваўняная (адзін з гал. цэнтраў краіны), эл.-тэхн., трансп. машынабудаванне. У раёне С.-К. — маст. промыслы (выраб карункаў, гардзін, бялізны). Маст. музей.

т. 14, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЛЕКАДО́НТЫ [Scolecodontes ад грэч. scōlēx чарвяк + odys(odontos) зуб],

выкапнёвыя рэшткі сківіц драпежных многашчацінкавых чарвей. Маюць выгляд чорных вызубленых скрыўленых пласцінак даўж. 0,3—3 мм. Складаюцца з хіцінавага рэчыва, часам з уключэннямі вапны. На тэр. Беларусі выяўлены ў адкладах ардовіку, сілуру, дэвону, карбону (каля 500 млн. г. назад і пазней). Служаць для вызначэння ўзросту геал. адкладаў.

т. 14, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫПУНЫ́ (Saperda),

род жукоў сям. вусачоў. Каля 30 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважаюць у Паўн. паўшар’і. Трапляюцца на лісцевых пародах дрэў (таполях, вербах і інш.). На Беларусі 11 відаў, найб. пашыраны С. малы асінавы (S. populnea).

Даўж. 10—30 мм. Цела цыліндрычнае, зверху — у густых валасках, звычайна рознакаляровых. Пры раздражненні выдаюць гучны характэрны скрып (адсюль назва). Многія — шкоднікі дрэў.

т. 14, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАБАДА́,

вёска ў Халопеніцкім пас. Савеце Крупскага р-на Мінскай вобл., каля р. Эса. Цэнтр эксперым. базы «Эса». За 40 км на Пн ад горада і 34 км ад чыг. ст. Крупкі, 145 км ад Мінска. 575 ж., 215 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІНІ́КА (Dominica),

Садружнасць Дамінікі (Commonwealth of Dominica), дзяржава на аднайм. востраве ў Карыбскім м. Падзяляецца на 10 раёнаў. Пл. 751 км². Нас. 88 тыс. чал. (1994). Сталіца — г. Разо. Афіц. мова — англійская, пашыраны таксама мясц. дыялект франц. мовы. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 ліст.).

Прырода Паверхня вострава гарыстая (выш. да 1447 м, вулкан Д’яблатэн). Ёсць гарачыя крыніцы і невял. азёры з кіпячай вадой. Бываюць землетрасенні. Клімат трапічны пасатны, вільготны. Сярэднямесячная т-ра 25—27 °C. Ападкаў 1500—2500 мм за год, дажджлівы сезон чэрв.—кастр., частыя ўраганы. У гарах захаваліся вільготна-трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. Нац. парк Морн-Труа-Пітон.

Насельніцтва. 91% складаюць негры, 6% — мулаты і крэолы, 1,5% — індзейцы-карыбы (карэнныя жыхары). Сярод вернікаў пераважаюць католікі (93%). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 117 чал. на 1 км², амаль усё яно жыве на ўзбярэжжы. У гарадах каля 50% насельніцтва.

Гісторыя. Адкрыта Х.​Калумбам у 1493. У 17—18 ст. Д. папераменна валодалі Францыя і Англія. Канчаткова стала калоніяй Вялікабрытаніі паводле Парыжскага міру 1783. У 1871—1939 у складзе Федэрацыі Падветраных а-воў, у 1958—62 — Вест-Індскай федэрацыі. У 1967 аб’яўлена «асацыіраванай з Вялікабрытаніяй дзяржавай». 3.11.1978 абвешчана незалежнасць Д. Восенню 1983 удзельнічала ў інтэрвенцыі ЗША на Гранаду. З сярэдзіны 1980-х г. у Д. ажыццяўляецца праграма паліт. інтэграцыі з карыбскімі краінамі. Д. — чл. Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Паводле канстытуцыі 1978 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (з 1993 — К.​Сараінда), які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Палаце сходу, выканаўчая — ураду. У 1978 Д. прынята ў ААН. Чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскай супольнасці і Арг-цыі ўсходнекарыбскіх дзяржаў. Паліт. партыі: Партыя свабоды Д. (правячая), Аб’яднаная партыя працоўных Д., Лейбарысцкая партыя Д. Прафсаюзы — Аб’яднаны саюз рабочых Д., Прафсаюз Д., Асацыяцыя дзярж. служачых, Прафсаюз докераў і рабочых сумежных прафесій, Саюз сялян Д.

Гаспадарка. Найб. развіта сельская гаспадарка. Яе доля ў валавым унутр. прадукце каля 30%, прам-сці — каля 6%. Апрацоўваецца каля ​1/4 тэрыторыі. Гал. культура — бананы (збор штогод каля 40—50 тыс. т). Вырошчваюць какосавыя арэхі, цытрусавыя, какаву, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак і коз. Лесанарыхтоўкі. Здабыча пемзы і вапняку. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена паўсаматужнымі прадпрыемствамі па вытв-сці сокаў, фруктовых кансерваў, копры, цыгарэт (з імпартнага тытуню), рому, мыла, эфірных алеяў і інш. Ёсць некалькі дрэваапр. прадпрыемстваў, цэментны з-д. Шырока развіты замежны турызм (занята 20% рабочай сілы). Рыбалоўства. Транспарт аўтамабільны (аўтадарог 752 км) і марскі. Гал. порт Разо. Міжнар. аэрапорт. Экспарт: бананы, мыла, цытрусавыя, сокі з садавіны, какосавы алей. Імпарт: харч. і прамысл. тавары, машыны і абсталяванне, хімікаты. Асн. гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, суседнія краіны. Д. залежыць ад знешняй эканам. дапамогі. Грашовая адзінка — усходнекарыбскі долар.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка).

Герб і сцяг Дамініканскай Рэспублікі Дамінікі.

т. 6, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯ́СЦІЦКІЯ БАІ́ 1812.

Адбыліся 30 ліп. — 1 жн. каля в. Клясціцы і на шляху Полацк—Себеж (цяпер тэр. Расонскага і Полацкага р-наў) паміж рус. 1-м пях. корпусам П.​Х.​Вітгенштэйна (каля 23 тыс. чал., 108 гармат) і франц. 2-м корпусам Ш.​Удзіно (37—40 тыс. чал., 114 гармат) у вайну 1812. Авангард Удзіно 20 ліп. пачаў пераправу цераз Зах. Дзвіну каля г. Дзісна. Вітгенштэйн, корпус якога размяшчаўся на правым беразе, абмежаваўся партыз. дзеяннямі атрада Я.​П.​Кульнева на левым беразе і 26 ліп. адвёў свае гал. сілы да Росіцы. Войскі Удзіно 26 ліп. занялі Полацк і працягвалі наступленне на Себеж; 30 ліп. іх перадавыя часці дасягнулі в. Клясціцы. Вітгенштэйн, разумеючы, што гэтым яму будзе адрэзана магчымасць адыходу на Пскоў і Пецярбург, вырашыў прарвацца да себежскага шляху. Ён сканцэнтраваў свае войскі на р. Свольна каля в. Кацярынава (цяпер Марачкова) і высунуў уперад па дарозе на Клясціцы авангард пад камандаваннем Кульнева. 30 ліп. пасты абодвух бакоў сустрэліся на лясной дарозе на З ад в. Якубова, і пачаліся авангардныя баі. Атакі дывізіі ген. К.​Ж.​Леграна былі адбіты. Увечары на дапамогу рус. авангарду прыбыў Вітгенштэйн з егерскай брыгадай Фралова і павёў атаку на левы фланг французаў. На дапамогу Леграну падышла 8-я пях. дывізія ген. Ж.​А.​Вердзье, якая нанесла беспаспяховы ўдар па цэнтры рус. войск. За ноч Вітгенштэйн сцягнуў да Якубова ўсе свае сілы, апрача кав. рэзерву, і дасягнуў прыкладнай колькаснай роўнасці з французамі. На світанні 31 ліп. французы адбілі ўдар па ключавым пункце сваёй пазіцыі, атакавалі цэнтр і левы фланг Вітгенштэйна, аднак былі спынены артыл. агнём. Вітгенштэйн атакаваў французаў і прымусіў Удзіно адступаць у бок Клясціц. Контратака рэзерву Удзіно забяспечыла бесперашкодны адыход яго 2-га корпуса на левы бераг р. Нішча, войскі пачалі адступаць на рубеж р. Дрыса. Рус. войскі занялі Клясціцы, а авангард Кульнева пачаў праследаваць французаў. Пад вечар французы перайшлі Дрысу і сталі лагерам у раёне в. Белае (цяпер Азіна). Кульнеў таксама пераправіўся цераз Дрысу і размясціў свой атрад на Пд ад в. Сівошына. Група франц. войск пад камандаваннем Леграна ў ноч на 1 жн. скрытна падышла да размяшчэння рускіх і раптоўным кав. і штыкавым ударам адкінула іх. Рус. авангард быў амаль цалкам знішчаны, некалькі соцень чалавек узяты ў палон; Кульнеў смяротна паранены. З раніцы дывізія Вердзье працягвала праследаваць рэшткі атрада Кульнева. Вітгенштэйн заняў моцную пазіцыю каля в. Галоўчыцы паміж лесам і р. Нішча, абышоў флангі і ўдарыў па цэнтры французаў. Вердзье адступіў у бок Сівошына. 2 жн. Удзіно пачаў адвод сваіх часцей да Полацка. За тры дні баёў страты з абодвух бакоў склалі па 4—5 тыс. чал. К.б. былі першай у ходзе вайны перамогай рус. войск над большымі сіламі праціўніка. У выніку гэтых баёў французы перайшлі да абароны на ўсім паўн. стратэгічным флангу, пагроза для камунікацый Вітгенштэйна была ліквідавана.

Літ.:

Гл. да арт. Вайна 1812.

В.​В.​Антонаў.

т. 8, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)