НЕЙРАХІ́МІЯ (ад нейра... + хімія), біяхімія нервовай сістэмы,

раздзел біяхіміі, які вывучае хім. састаў нерв. тканкі, абмен рэчываў у ёй, хім. і малекулярна-клетачныя механізмы дзейнасці нерв. сістэмы. Цесна звязана з біяфізікай, малекулярнай біялогіяй, нейрафізіялогіяй, нейраэндакрыналогіяй, параўнальнай, узроставай і эвалюц. фізіялогіяй, цыта- і гістахіміяй. Мае вял. значэнне для нейрафармакалогіі, неўрапаталогіі, псіхіятрыі.

Узнікла ў 2-й пал. 19 ст. з пачаткам сістэм. даследавання хім. складу галаўнога мозга (А.Я.Данілеўскі, ням. вучоны Дж.Л.​У.​Тудыхум і інш.). У сярэдзіне 20 ст. сфарміравалася як самаст. кірунак. Уклад у развіццё Н. зрабілі Г.Х.Дэйл, Б.Кац, О.Лёві. Х.К.Хартлайн, сав. вучоныя А.У.Паладзін, Я.​М.​Крэпс, Г.​Я.​Уладзіміраў і інш. У складзе нерв. тканкі вылучаны шэраг складаных ліпідаў (гангліязіды, сфінгаміэліны, фасфатыды, цэрэбразіды і інш.), біялагічна актыўных рэчываў (медыятараў і нейрагармонаў), амінаў (адрэналін, ацэтылхалін, гістамін, норадрэналін, сератанін і інш.), пептыдаў (напр., эндарфіны, энкефаліны), амінакіслот і інш. Удакладняецца іх функцыян. роля, высвятляюцца метабалізм і механізмы дзеяння гэтых рэчываў, а таксама гармонаў, таксінаў, фармакалагічных прэпаратаў і інш. Вывучаюцца біяхім. асновы перадачы нерв. імпульсаў, нейратрафічных уплываў, узбуджэння, тармажэння, сну, памяці, навучання, работы рэцэптараў, індывід. развіцця мозга і інш.

На Беларусі Н. развіваецца з 1922 сумесна з нейрафізіялогіяй у ін-тах фізіялогіі і біяхіміі Нац. АН Беларусі, Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, БДУ, Мінскім і Гродзенскім мед. ін-тах, Віцебскім мед. ун-це і Гомельскім ун-це.

Літ.:

Палладин А.В., Белик Я.В., Полякова Н.М. Белки головного мозга и их обмен. Киев, 1972;

Хухо Ф. Нейрохимия: Основы и принципы: Пер. с англ. М., 1990.

С.​С.​Ермакова.

т. 11, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСТО́РА І ЧАС у філасофіі,

філасофскія катэгорыі, якія абазначаюць формы быцця рэчаў і з’яў. Прасторавыя адносіны ахопліваюць парадак падзей, што існуюць адначасова, а таксама памеры матэрыяльных аб’ектаў. Часавыя адносіны адлюстроўваюць парадак падзей, якія ідуць адна за адной, іх працягласць у часе. П. і ч. уласцівы ўсім прадметам і з’явам рэчаіснасці. Кожны прыродны ці гіст. працэс можа адбывацца толькі ў П. і ч. Узаемасувязь П. і ч., іх адзінства выяўляюцца ў руху і развіцці матэрыі, абумоўлены залежнасцю ад структурных адносін і працэсаў развіцця ў матэрыяльных сістэмах, адзінствам перапыннага і неперапыннага ў структурнай пабудове сістэм, колькаснай і якаснай бясконцасцю. Кожны элемент адзінства П. і ч. мае свае асаблівыя рысы. Прастора характарызуецца працягласцю, звязанасцю і неперапыннасцю, трохмернасцю, метрычнымі ўласцівасцямі, сіметрыяй і асіметрыяй, канкрэтнай формай і памерамі, месцазнаходжаннем, прасторавым размеркаваннем рэчыва і поля, адлегласці паміж целамі і рознымі сістэмамі. Да спецыфічных рысаў часу належаць: працягласць, якая выражае паслядоўнасць станаў і змен цел; канечнасць і перапыннасць існавання прадметаў і з’яў, асіметрычнасць, неабарачальнасць і накіраванасць ад мінулага да будучага, а таксама часавыя адносіны паміж рознымі цыкламі ў структуры сістэм, адначасовасць, рытм, тэмп, хуткасць развіцця працэсаў. Матэрыяліст. філасофія прызнае аб’ектыўнасць, усеагульнасць і універсальнасць П. і ч. Прадстаўнікі інш. філас. кірункаў ставяць П. і ч. у залежнасць ад індывід. свядомасці (Дж.​Берклі, Д.​Юм), ад надсусветнага розуму ці абсалютнай ідэі (Г.​Гегель, А.​Бергсон) або лічаць іх апрыёрнымі формамі пачуццёвага сузірання (І.​Кант).

В.​І.​Боўш.

т. 13, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫ́ПЫ НЕРВО́ВАЙ СІСТЭ́МЫ, тыпы вышэйшай нервовай дзейнасці,

комплекс асн. прыроджаных і набытых індывід. уласцівасцей нервовай сістэмы чалавека і жывёл, што вызначае адрозненні ў паводзінах і адносінах да адных і тых жа ўздзеянняў навакольнага асяроддзя. Уведзены І.​П.​Паўлавым (1927). У аснове класіфікацыі — уяўленне пра сілу, ураўнаважанасць і рухомасць працэсаў узбуджэння і тармажэння. Існуе 4 гал. Т.н.с. Моцны неўраўнаважаны тып (адпавядае тэмпераменту халерыка) характарызуецца хуткай выпрацоўкай станоўчых (узбуджальных) умоўных рэфлексаў (УР) і слабай тармазных; у жывёл такога тыпу вегетатыўныя функцыі аднаўляюцца працягла і няроўна. Для моцнага ўраўнаважанага інертнага тыпу (флегматык) характэрна павольнае ўтварэнне станоўчых і тармазных УР; у жывёл рэакцыі прыстасавальнасці і ўзнаўлення вегетатыўных працэсаў адбываюцца павольна. У моцнага ўраўнаважанага рухальнага тыпу (сангвінік) станоўчыя і тармазныя УР утвараюцца хутка і лёгка трансфармуюцца пры змене раздражняльніка; жывёлам уласціва лёгкая прыстасавальнасць вегетатыўных функцый да змен навакольнага асяроддзя. Слабы тып (меланхолік) характарызуецца слабымі ўзбуджальнымі і тармазнымі працэсамі, УР выпрацоўваюцца з цяжкасцю, а тыя, што ўтварыліся, лёгка тармозяцца; у жывёл вегетатыўныя працэсы вялыя, лёгка парушаюцца, цяжка і няпоўна аднаўляюцца. У чалавека вылучаюць спец. тыпы, якія характарызуюцца ўзаемадзеяннем 1-й сігнальнай сістэмы, што адлюстроўвае рэчаіснасць у форме адчуванняў і ўспрыманняў, і другой сігнальнай сістэмы: тып мысліцельны з перавагай 2-й сігнальнай сістэмы; тып мастацкі з перавагай першай; тып сярэдні, калі абедзве сігнальныя сістэмы прадстаўлены ў роўных суадносінах. Неўрозы і псіхасаматычныя захворванні ўзнікаюць пераважна ў прадстаўнікоў моцнага неўраўнаважанага і слабага Т.н.с.

Літ.:

Русалов В.М. Биологические основы индивидуально-психологических различий. М., 1979.

С.​С.​Ермакоеа.

т. 16, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРАПАДО́БНЫХ А́МФАР КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура познанеалітычных плямён, якія ў 3-м тыс. да н.э. жылі на тэр. цэнтр. і ўсх. Германіі, Польшчы, Чэхіі, на ПнУ Румыніі, у лесастэпавай частцы Правабярэжнай Украіны, на З Беларусі. Падзялялася на групы і варыянты. Насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай і паляваннем. Паселішчы размяшчаліся на берагах рэк. Жытлы пераважна наземныя, слупавой канструкцыі, часам шматкамерныя з каменнымі або глінянымі агнішчамі; месцамі сустракаюцца паўзямлянкі. Побач з жытламі ствараліся гасп. ямы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў неглыбокіх ямах, абкладзеных каменнымі плітамі або валунамі, часам няпоўнае трупаспаленне. Пахавальны інвентар прадстаўлены каменнымі і касцянымі прыладамі працы, керамікай, упрыгожаннямі. Месцамі над пахаваннямі насыпалі курганы. Былі пахаванні індывід. і групавыя, часам у іх знаходзяць рэшткі жывёл. Сустракаюцца і асобныя рытуальныя пахаванні жывёл. Для керамікі характэрны амфары з шарападобным корпусам (адсюль назва культуры) і верт. венчыкам, разнастайныя гаршкі, кубкі, міскі, арнаментаваныя пераважна ў верхняй частцы адбіткамі лінейнага штампа, шнура, насечкамі, наколкамі. Сярод прылад працы і зброі — крамянёвыя сякеры-кліны і долаты, касцяныя нажы і долаты, верацёнападобныя наканечнікі стрэл. Для ўпрыгожанняў характэрны бурштынавыя вырабы, аздобы з косці і гліны. На тэр. Беларусі носьбіты гэтай культуры праніклі на познім этапе яе развіцця. Найб. вядомыя помнікі — могільнікі Краснасельскі і Малыя Ёдкавічы (Ваўкавыскі і Бераставіцкі р-ны Гродзенскай вобл.).

Літ.:

Свешников И.К. Культура шаровидных амфор. М., 1983;

Чарняўскі М.М. Культура шарападобных амфар // Археалогія Беларусі. Мн., 1997. Т. 1.

М.​М.​Чарняўскі.

Да арт. Шарападобных амфар культура. Пасудзіна з могільніка Малыя Ёдкавічы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобл.

т. 17, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА АД РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫХ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯЎ,

сукупнасць фіз. і хім. сродкаў аховы арганізма, накіраваных на стварэнне бяспечных умоў працы персаналу і пражывання насельніцтва пры магчымым уздзеянні радыеактыўнага выпрамянення. Уключае: ахову ад вонкавага выпрамянення «закрытых» крыніц (радыеактыўныя прэпараты, ядз. рэактары, рэнтгенаўскія і паскаральныя ўстаноўкі і інш.); ахову біясферы ад забруджвання радыеактыўнымі рэчывамі «адкрытых» радыеактыўных крыніц (адходы ядз. прам-сці, прадукты выпрабаванняў ядз. зброі і выкідаў прадпрыемствамі атамнай прам-сці, работа з «адкрытымі» радыеактыўнымі прэпаратамі і інш.).

Ахова ад вонкавага выпрамянення мае на мэце аслабленне выпрамянення пры яго ўзаемадзеянні з рэчывам асяроддзя: для паглынання альфа- і бэта-часціц дастаткова аркуша паперы, гумавых пальчатак, адзення ці слоя паветра таўшч. 8—9 см; для паглынання электронаў — некалькіх мм алюмінію, плексігласу або шкла; для паглынання гама-квантаў — матэрыялы, якія ўключаюць элементы з вял. атамнымі нумарамі (вальфрам, свінец, жалеза і інш.), для нейтронаў — водазмяшчальныя рэчывы (парафін, гідрыды металаў, бетон і інш.). Каб знізіць пранікальную здольнасць другаснага выпрамянення (напр., жорсткага зыходнага гама-выпрамянення, тармазнога выпрамянення пры паглынанні бэта-часціц), дадаткова ўжываюць літый або бор. Ахова ад вонкавага апрамянення праводзіцца з улікам спектральнага складу іанізавальнага выпрамянення, магутнасці яго крыніц, адлегласці, на якой знаходзіцца абслуговы персанал, і працягласці знаходжання ў сферы ўздзеяння выпрамянення. Ахоўныя прыстасаванні падзяляюцца на суцэльныя, частковыя, ценявыя і паасобныя (ахоўныя сцены, перакрыцці падлогі і столі, дзверы, назіральныя вокны, кантэйнеры і інш.). Ахова біясферы прадугледжвае спец. захады па зніжэнні канцэнтрацыі радыеактыўных рэчываў у вадзе і паветры да гранічна дапушчальных канцэнтрацый (пастаянна ўдакладняюцца і пераглядаюцца; гл. Дозы выпрамянення). Уздзеянне радыеактыўных рэчываў, што трапляюць у арганізм чалавека і жывёлы, зніжаюць пры дапамозе радыеахоўных рэчываў, якія ўводзяць у арганізм перад ці на працягу ўздзеяння іанізавальнай радыяцыі. Іх умоўна падзяляюць на сродкі агульнабіял. дзеяння, якія павышаюць натуральную радыерэзістэнтнасць — агульную супраціўляльнасць арганізма (вадкія экстракты і настойкі элеўтэракоку калючага, жэньшэню, лімонніку кітайскага, лагахілусу, вітаміны, гармоны, каферменты, вітамінна-амінакіслотныя комплексы, некат. мікраэлементы і антыбіётыкі, біястымулятары) і спецыфічныя радыеахоўныя рэчывы — радыепратэктары, якія ствараюць умовы штучнай радыерэзістэнтнасці. Да іх належаць пераважна рэчывы сінт. паходжання, увядзенне якіх за некалькі мінут ці гадзін перад апрамяненнем у арганізм чалавека і жывёлы паніжае ўздзеянне іанізавальнага выпрамянення. Найбольш эфектыўныя індалілалкіламіны і серазмяшчальныя злучэнні (напр., амінаалкілтыяфасфаты, пептыды і адпаведныя ім дысульфіды, серазмяшчальныя амінакіслоты, дытыякарбаматы, вытворныя тыязалідзіну). Яны выкарыстоўваюцца ў асноўным для індывід. засцярогі арганізма ад вонкавага апрамянення ў надзвычайных абставінах (аварыйныя, ваен. ўмовы) і для пераважнай аховы нармальных тканак пры прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Найбольш эфектыўныя сумесі з радыепратэктараў, якія валодаюць рознымі механізмамі ахоўнага дзеяння.

Ва ўстановах, дзе праводзяцца работы з крыніцамі іанізавальных выпрамяненняў, ажыццяўляецца дазіметрычны і радыеметрычны кантроль. Пры рабоце з «закрытымі» крыніцамі робяць замеры індывід. дозаў для ўсіх відаў апрамянення, перыядычны кантроль магутнасцяў дозаў на рабочых месцах і ў сумежных памяшканнях. Пры правядзенні работ з вял. крыніцамі ўстанаўліваюць прылады з аўтам. сігналізацыяй. Пры наяўнасці «адкрытых» крыніц дадаткова кантралююць колькасць радыеактыўных рэчываў у паветры рабочых памяшканняў, забруджанне рабочых паверхняў, абсталявання, рук і адзення працуючых, радыеактыўнасць сцёкавых водаў і паветра, што выдаляецца ў атмасферу. У выпадках буйнамаштабных аварый на АЭС (накшталт Чарнобыльскай) прадугледжваюцца паэтапныя мерапрыемствы: першачарговыя — укрыццё, эвакуацыя і ўвядзенне стабільнага ёду насельніцтву ў першыя дні пасля аварыі; перасяленне, абмежаванні на ўжыванне харч. прадуктаў з забруджаных тэрыторый, дэзактывацыйныя работы і рэкультывацыя с.-г. угоддзяў і інш.

Літ.:

Владимиров В.Г., Красильников И.И., Арапов О.В. Радиопротекторы: структура и функция. Киев, 1989;

Beir V. Health effects of exposure to low levels of ionizing radiation. Washington, 1990.

т. 2, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОСТ,

павелічэнне масы і лінейных памераў асобіны і яе органаў. Адбываецца за кошт павелічэння колькасці і масы клетак, няклетачных утварэнняў у выніку перавагі працэсаў анабалізму над працэсамі катабалізму. У жывёл Р. звязаны з якаснымі зменамі — дыферэнцыроўкай. Некат. жывёлы (напр., малюскі, рыбы, земнаводныя) растуць на працягу ўсяго жыцця, у інш. Р. спыняецца на пэўным узросце (напр., шэраг насякомых, птушкі). Працэсы Р. маюць сезонную (звязаныя са зменай пары года, што адлюстроўваецца ў гадавых слаях шкілетных структур) і сутачную (назіраецца па частаце дзялення клетак і павелічэнні памераў усяго арганізма) рытмічнасці; ёсць інш., напр., 15-сутачныя рытмы Р. марскіх малюскаў, звязаныя з прылівамі. Спадчыннасць Р. вызначаецца ўздзеяннем многіх генаў. На Р. уплываюць забяспечанасць ежай, т-ра, вільготнасць (для наземных арганізмаў), салёнасць (для марскіх арганізмаў), шчыльнасць папуляцыі і інш. фактары навакольнага асяроддзя. Рэгулюецца пераважна гармонамі (напр., у пазваночных жывёл — гармонамі гіпофіза, вілачкавай, шчытападобнай і палавых залоз). Р. чалавека, або даўжыня цела — праекцыйная адлегласць ад т.зв. верхавінкі галавы да плоскасці ступняў. У спалучэнні з інш. адзнакамі характарызуе фіз. развіццё, прапорцыі цела, часам этн. прыналежнасць. Залежыць ад сукупнасці фактараў асяроддзя, спадчыннасці і мае ўзроставую, палавую, групавую, унутрыгрупавую (індывід.) і эпахальную зменлівасць. У 1-ы год жыцця сярэдні прырост звычайна 24 см, да 3 гадоў — 10 см, да 7 гадоў — 6—6,5 см, у перыяд палавога выспявання — 5—7 см. З 10 да 14 гадоў дзяўчынкі растуць больш інтэнсіўна, але пасля 14 гадоў хлопчыкі зноў становяцца вышэйшымі. У мужчын працэс Р. заканчваецца ў 18—20 гадоў, у жанчын — у 16—18 і даўж. іх цела на 8—11 см меншая, чым у мужчын. Пасля заканчэння Р. і прыкладна да 50 гадоў даўж. цела стабільная, потым паступова памяншаецца. У чалавека Р. не заўсёды звязаны з геагр. становішчам і кліматам. Напр., малы Р. (ніжэй за 160 см у мужчын) маюць эскімосы, бураты, в’етнамцы; вял. (вышэй за 170 см) — шатландцы, шведы, жыхары Балканскага п-ва. Размах індывід. зменлівасці большы за групавую (18—20 см ад сярэднеарыфм. значэння Р. людзей дадзенай групы). Эпахальныя змены праяўляюцца, напр., у акселерацыі. Паталаг. парушэнні Р. чалавека, звязаныя з дзейнасцю залоз унутр. сакрэцыі, — карлікавы рост і гігантызм. Р. раслін — неабарачальнае павелічэнне памераў і масы раслін, звязанае з новаўтварэннем элементаў іх структуры (клетак, тканак, органаў); аснова рухаў раслін (настый, трапізмаў). Асн. этапы Р. (дзяленне клетак, іх расцяжэнне і дыферэнцыроўка) адбываюцца ў спец. утваральных тканках, мерыстэмах, таму расліны здольны расці на працягу ўсяго жыцця. Тыпы Р. розных органаў вызначаюцца размяшчэннем мерыстэм. Важная асаблівасць — рытмічнасць (чаргаванне працэсаў інтэнсіўнага і запаволенага Р.). Ёсць рытмы, звязаныя са зменамі навакольнага асяроддзя, і рытмы, якія кантралююцца ўнутр. фактарамі, замацаванымі генетычна ў ходзе эвалюцыі. Працэс Р. перапыняецца працяглымі перыядамі яго тармажэння, якія звязаны ў паўн. ш. з памяншэннем светлавога дня і надыходам зімы, а ў паўд. — з засушлівым сезонам. Рэгуляцыя Р. фітагармонамі заснавана на яго стымуляцыі (аўксіны, гіберэліны і інш.) і прыгнечанні (абсцызавая кіслата). Інтэнсіўнасць роставых працэсаў залежыць ад асветленасці, мінер. жыўлення, воднага рэжыму, даўжыні дня, т-ры. Р. мікраарганізмаў — каардынаванае самаўзнаўленне клетачных кампанентаў, якое прыводзіць да размнажэння клетак і павелічэння біямасы папуляцыі. Працэсы Р. адбываюцца больш інтэнсіўна, чым у жывёл і раслін (напр., у некат. бактэрый падваенне біямасы адбываецца за 5 мін). Макс. магчымая хуткасць Р. залежыць ад віду мікраарганізмаў, саставу пажыўнага асяроддзя і ўмоў. Клеткі, што не растуць і не перайшлі ў стан спакою (споры), вычэрпваюць рэзервовыя рэчывы і паступова адміраюць.

С.​С.​Ермакова.

т. 13, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАНАДАЎСТВА АБ ПРАЦЫ.

Складаецца з нарматыўных актаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны ў сферы арганізацыі і выкарыстання працы. Прававая рэгламентацыя працоўных і звязаных з імі адносін замацавана ў Канстытуцыі, законах, дэкрэтах і ўказах Прэзідэнта, пастановах Урада, рэсп. і мясц. органаў дзярж. кіравання. Асн. заканад. акт, у якім сістэматызаваны нормы прац. права, — Працоўны кодэкс (ПК) Рэспублікі Беларусь, прыняты 26.7.1999 і ўведзены ў дзеянне 1.1.2000. Ён прынцыпова адрозніваецца ад папярэдняга кодэкса законаў аб працы і распрацаваны з улікам сац.-паліт. пераўтварэнняў і фарміравання рыначнай эканомікі, наяўнасці ў грамадстве прыватнай уласнасці і наёмнай працы, неабходнасці забеспячэння балансу інтарэсаў сац. партнёраў — наймальнікаў і наёмных работнікаў. Дзейны ПК складаецца з 6 раздзелаў (39 глаў, 468 артыкулаў).

У раздзеле «Агульныя палажэнні» вызначаны задачы, сфера дзеяння, формы адносін, якія рэгулююцца кодэксам, суадносіны бел. заканадаўства аб працы і норм міжнар. права, асн. правы работнікаў (на выбар прафесіі, роду заняткаў, бяспечныя ўмовы працы, аб’яднанне ў прафес. саюзы, сац. страхаванне, суд. абарону прац. правоў і інш.) і наймальнікаў. Раздзел «Агульныя правілы рэгулявання індывід прац. і звязаных з імі адносін» устанаўлівае парадак заключэння, змянення і спынення прац. дагавора; вызначае асн. абавязкі работнікаў і наймальнікаў; рэгулюе пытанні заработнай платы, формы, сістэмы і памеры аплаты працы розных катэгорый работнікаў, нормы працы і здзельныя расцэнкі, агульныя норм ы рабочага часу і адпачынкаў, дысцыплінарнай адказнасці і парадку вырашэння індывід. прац спрэчак, правілы аховы працы. Раздзел «Асаблівасці рэгулявання працы асобных катэгорый работнікаў» устанаўлівае правілы прац. адносін з кіраўнікамі і членамі калегіяльных выканаўчых органаў арганізацыі; вызначае дадатковыя гарантыі аховы працы жанчын; устанаўлівае правы непаўналетніх у прац. адносінах і нормы, якія забараняюць выкарыстанне працы асоб да 18 гадоў на цяжкіх і звышурочных работах; рэгулюе парадак, умовы працы і сац. забеспячэння інвалідаў; вызначае асаблівасці рэгулявання працы часовых і сезонных работнікаў, работнікаў-надомнікаў, хатніх работнікаў, работнікаў асобных галін эканомікі і асобных прафесій; устанаўлівае перавагі і кампенсацыі для работнікаў, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, пражываюць (працуюць) на тэр. радыеактыўнага забруджвання, гарантыі работнікам у сувязі з выкананнем воінскіх абавязкаў. У раздзеле «Агульныя правілы рэгулявання калектыўных працоўных адносін» устанаўліваюцца асн. прынцыпы сац. партнёрства, рэгулююцца пытанні заключэння і змянення калект. дагавораў, парадак вырашэння калект. прац. спрэчак (прымірыцельная камісія, пасрэдніцтва, прац. арбітраж), парадак правядзення забастовак і прававое становішча работнікаў у час забастовак. У спец. раздзеле вызначаюцца ўмовы і падставы адказнасці работніка перад наймальнікам і наймальніка перад работнікам, парадак вырашэння спрэчак і памер кампенсацыі за шкоду, прычыненую пры выкананні прац. абавязкаў, сістэма кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы.

Прававыя нормы, якія рэгулююць прац. і звязаныя з імі адносіны, утрымліваюцца ў законах Рэспублікі Беларусь «Аб прафесійных саюзах» ад 22.4.1992 (у рэдакцыі 14.1.2000), «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» ад 30.5.1991, «Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь» ад 28.5.1991, «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы» ад 18.2.1991, «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь» ад 11.11.1991, «Аб статусе ваеннаслужачых» ад 13.11.1992, «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» ад 22.2.1991 (з наступнымі зменамі і дапаўненнямі да ўсіх гэтых законаў), дэкрэце Прэзідэнта «Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны» ад 26.7.1999, у зацверджаным пастановай Савета Міністраў «Палажэнні аб парадку і ўмовах заключэння кантрактаў наймальнікаў з работнікамі» (25.9.1999) і інш. нарматыўных актах.

Літ.:

Трудовое право. 2 изд. Мн., 2002;

Комментарий к Трудовому кодексу Республики Беларусь. 2 изд. Мн., 2003;

Томашевский К.Л., Войтик А.А. Научно-практический комментарий к законодательству о трудовых контрактах. Мн., 2003.

А.​А.​Войцік, К.​Л.​Тамашэўскі.

т. 18, кн. 2, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАВЫ́ ЎНУ́ТРАНЫ ПРАДУ́КТ (ВУП),

абагульняльны эканам. і статыст. паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць канчатковых тавараў і паслуг, вырабленых на тэр. краіны, у дзеючых рыначных цэнах без уліку сальда плацежнага балансу. Уваходзіць у сістэму нацыянальных рахункаў. Вызначаецца па методыцы ААН, у бягучых і пастаянных цэнах. Яго даходы, як і валавога нац. даходу, — гэта сума заработнай платы ўсіх наёмных работнікаў (да выплаты падаткаў), рэнтных плацяжоў, працэнтаў па пазыках, амартызацыйных адлічэнняў, прыбытку фірмаў, карпарацый і асобных прадпрыемстваў, даходаў ад індывід. прац. дзейнасці, даходаў творчых, навук. і інш. работнікаў, ускосных падаткаў на бізнес. У матэрыяльна-рэчыўнай форме ВУП — сукупнасць вырабленых у краіне тавараў і паслуг, якія на працягу года выкарыстоўваюцца на спажыванне і накапленне. Падлічваецца ВУП у маштабе краіны ў разліку на душу насельніцтва, што дае магчымасць параўноўваць асобныя краіны і рэгіёны па ўзроўні сац.-эканам. развіцця. Важнае значэнне мае і структура выкарыстання ВУП: якая яго доля на якія мэты затрачваецца — на харчаванне, адукацыю, ахову здароўя, навуку і культуру, кіраванне, ваен. і інш. Такія паказчыкі адлюстроўваюць узровень жыцця ў пэўнай краіне і характар яе сац. палітыкі. На Беларусі ў сувязі з крызісам у пераходны да рыначнай эканомікі перыяд агульны аб’ём вытв-сці ВУП змяншаецца. У разліку на душу насельніцтва Беларусь адносіцца да групы краін, дзе гэты паказчык ніжэйшы за сярэдні. Істотныя змены адбываюцца і ў структуры ВУП. Доля расходаў на канчатковае спажыванне ў 1994 склала 84,4%, у 1995 — 71,9 (з іх адпаведна на дамашнюю гаспадарку 56,5 і 50,5, на дзярж. кіраванне 21,3 і 21,9%, на валавыя накапленні 28,9 і 25,2%).

І.​Дз.​Прахарэнка.

т. 3, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ДЖА (Caravaggio; сапр. Мерызі да Караваджа, Merisi da Caravaggio) Мікеланджэла (28.9.1573, Караваджа, каля Бергама, Італія — 18.7.1610), італьянскі жывапісец, заснавальнік рэаліст. кірунку ў еўрап. жывапісе 17 ст. Вучыўся ў Мілане (1584—88). Працаваў у Рыме, Неапалі, на а-вах Мальта і Сіцылія. У ранні перыяд імкнуўся да пераадолення ўласцівых маньерызму і акадэмізму ўмоўнасці і ідэалізацыі вобразаў, пошуку нар. прататыпаў і простых быт. сюжэтаў, індывід. выразнасці канкрэтнай мадэлі, увасабляў у ант. сюжэтах святочна-гульнявы нар. пачатак («Вакх», 1592—93, і інш.). Узбагаціў новыя жанры жывапісу: нацюрморт («Кошык з садавінай», каля 1596), быт. жанр («Варажбітка», 1590-я г.), даваў жыццёвую трактоўку рэліг. матывам («Адпачынак на дарозе ў Егіпет», 1590-я г.). У канцы 1590-х г. склалася арыгінальная жывапісная сістэма К.: ярка асветлены праменем святла пярэдні план карціны вылучаўся на агорнутым глыбокім ценем фоне, чым дасягалася падкрэсленая аптычная нагляднасць выявы і ўражанне яе непасрэднай блізкасці да гледача; магутныя святлоценявыя кантрасты стваралі драм. настрой, строгі малюнак, энергічная пластычная лепка і колеравыя дамінанты падкрэслівалі рэальнасць матываў, перадавалі эмацыянальнае напружанне («Нясенне крыжа», 1590-я г.; «Прызнанне апостала Матфея», 1599—1600; «Укрыжаванне апостала Пятра», «Ператварэнне Саўла», абодва 1600—01; «Мадонна ды Ларэта», каля 1603—06; «Палажэнне ў труну», 1602—04; «Успенне Марыі», каля 1605—06). У позніх работах узмацніўся трагізм светаўспрымання, жывапісная манера набыла рысы свабоднай імправізацыйнасці, колеравая гама — танальнага адзінства («Сем дзеянняў міласэрнасці», 1607; «Пахаванне св. Лючыі», 1608; «Адсячэнне галавы Іаана Хрысціцеля», 1609). Творчасць К. паўплывала на Рэмбранта, П.​П.​Рубенса, Д.​Веласкеса і інш. Гл. таксама Караваджызм.

В.​Я.​Буйвал.

М.Караваджа. Нясенне крыжа. 1590-я г.

т. 8, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІЯ АЭРАПО́РТЫ,

агульная назва аэрапортаў мясц. значэння Мінск-1 і міжнар. Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Аэрапорт Мінск-1 у межах Мінска, замыкае перспектыву вул. Чкалава з плошчай. Пабудаваны ў 1933. Уключае стары будынак аэравакзала (1946—57, арх. А.​П.​Воінаў, Г.​Заборскі) і новы павільён (1976, арх. С.​Баткоўскі, А.​Серапян). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя сіметрычнага 2-павярховага будынка аэравакзала складаецца з цэнтр. ч. і 2 бакавых крылаў. У архітэктуры будынка выкарыстаны формы класіцызму: 6-калонны порцік з боку плошчы, 2 сіметрычныя рызаліты з боку ўзлётна-пасадачнай паласы, бельведэр з каланадай карынфскага ордэра. Павільён — прамавугольны ў плане зашклёны на ўсю вышыню будынак з 2 сіметрычнымі ўваходамі, вылучанымі масіўнымі казыркамі. Нацыянальны аэрапорт Мінск — міжнар. аэрапорт 1-га класа каля г. Смалявічы Мінскай вобл. Забудоўваецца з 1977 паводле праекта ін-таў «Ленаэрапраект» (С.-Пецярбург) і «Мінскпраект» (арх. Б.​Ларчанка, Ю.​Грыгор’еў, Г.​Сысоеў, Н.​Цямнова). У комплексе збудаванняў — аэравакзал, камандна-дыспетчарскі пункт, гасцінічны комплекс, адм.-бытавы блок. Аэравакзал размешчаны ў дугападобным аб’ёме (даўж. больш за 500 м) — дэцэнтралізаванага тыпу, зоны адпраўлення і прыбыцця пасажыраў падзелены і знаходзяцца на розных узроўнях аб’ёму. Усе асн. памяшканні на 3 гал. паверхах дугападобнага аб’ёму, які завяршаецца тэхн. паверхам і камандна-дыспетчарскім пунктам. Да дугападобнага аб’ёму прымыкае гасцінічны комплекс, які мае сувязь з аперацыйнымі заламі аэравакзала. Аэрадром прызначаны для прыёму ўсіх тыпаў паветраных суднаў у складаных метэаўмовах. Увесь комплекс будуецца з каркасна-панэльных канструкцый, зборныя жалезабетонныя элементы распрацаваны паводле індывід. праектаў. Іл. гл. таксама да арт. Аэравакзал.

С.​Дз.​Філімонаў.

Да арт. Мінскія аэрапорты. Аэрапорт Мінск-1.

т. 10, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)