КІПРЭ́ГЕЛЬ (ням. Kippregel ад kippen перакульвацца + Regel лінейка),

камбінаваная геадэзічная прылада для вымярэння верт. вуглоў, адлегласцей, перавышэнняў і графічнай пабудовы напрамкаў пры выкананні спец. мензульнай здымкі. Складаецца з лінейкі для вычэрчвання прамых ліній на мензульным планшэце, калонкі, якая мае на гарызантальнай восі трубу для назірання з дальнамернымі ніткамі, і верт. круга з градуіраванымі дзяленнямі для вымярэння вуглоў нахілу. Гл. арт. Геадэзічныя прылады і інструменты.

т. 8, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НТУРНЫЯ КА́РТЫ,

адлюстраванне картаграфічнай сеткі і элементаў (контураў) агульнагеагр. карты. На К.к. паказваюцца без надпісаў, адным колерам: берагавыя лініі мораў, азёр, рэкі, населеныя пункты, палітыка-адм. граніцы і асобныя элементы тэматычных карт. Выкарыстоўваюць у вучэбных мэтах. К.к. — від бланковай карты, дзе нанесены разрэджаная аснова геагр. карты з надпісамі; ужываюць у якасці асновы для спец. і тэматычных карт у археалогіі, геалогіі, метэаралогіі і інш.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 8, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЗАЎ аўтамабіля,

частка аўтамабіля (або прычэпа), прызначаная для перавозкі грузаў, пасажыраў ці спец. абсталявання. Паводле тыпу К. адрозніваюць аўтамабілі (прычэпы) агульнага прызначэння (К. у выглядзе бартавой платформы) і спецыялізаваныя (самазвалы, фургоны, цыстэрны і інш.). Пасажырскія аўтамабілі маюць нясучы або рамны К. У легкавых аўтамабіляў найб. пашыраныя закрытыя К. тыпу седан, лімузін, купэ, адкрытыя (з адкідным верхам) — кабрыялет і фаэтон, а таксама двухмесныя (закрытыя і адкрытыя) тыпу «спорт».

т. 8, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ВІН (Аляксандр Майсеевіч) (16.3.1918, г. Днепрапятроўск, Украіна — 17.2.1998),

бел. вучоны ў галіне цеплагазазабеспячэння. Д-р тэхн. н. (1968), праф. (1971). Скончыў Харкаўскі механіка-машынабуд. ін-т (1941). З 1976 у Полацкім дзярж. ун-це. Навук. працы па нестацыянарным руху ў газаправодах, працэсах інжэкцыі, стабілізацыі полымя, эмісіі шкоднасцей пры спальванні газу, распрацоўцы спец. прылад, метадах разліку газавых сетак.

Тв.:

Принципы рационального сжигания газа. Л., 1977.

т. 9, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САВАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

тып вытворчасці, які характарызуецца выпускам прадукту ў буйных маштабах за працяглы перыяд. Характэрна для прадпрыемстваў, якія выпускаюць вырабы, што маюць шырокі і ўстойлівы попыт. Ажыццяўляецца пры строгай паўтаральнасці вытв. працэсу на ўчастках, лініях, прац. месцах і заснавана на паточным метадзе вытворчасці (яго вышэйшая форма — аўтам. лінія). Пры М.в. выкарыстоўваюцца спец. і спецыялізаванае абсталяванне, інструменты і прыстасаванні; пераважаюць рабочыя і спецыялісты вузкага профілю.

т. 10, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЦУСІ́ТА ЭЛЕ́КТРЫК ІНДА́СТРЫЯЛ»

(Matsushita Electric Industrial Company Limited),

японская эл.-тэхн. і радыёэлектронная кампанія, адна з найб. у свеце. Засн. ў 1918. Вырабляе камунікацыйнае, вымяральнае і спец. абсталяванне, быт. тэхніку: тэлефоны, радыёперадатчыкі і радыёпрыёмнікі, міні-камп’ютэры, апараты каляровага ксерадруку, тэлевізары, відэамагнітафоны, халадзільнікі, электрабатарэі, электронныя лямпы і інш. Вядома гандл. маркамі «Панасонік», «Нэшанал», «Тэкнікс», «Квазар». Мае філіялы ў Паўн. Амерыцы, Паўд.-Усх. Азіі, у Зах. Еўропе.

т. 10, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАФІЛЬМАВА́ННЕ,

атрыманне фатагр. спосабам зменшаных у дзесяткі і сотні разоў копій (мікрафільмаў) тэкставых і графічных матэрыялаў; азін з працэсаў, што выкарыстоўваюцца ў аргтэхніцы. Дае магчымасць працягла захоўваць арыгіналы без іх пашкоджання пры частым выкарыстанні, аператыўна ўзнаўляць копіі мікрафільмаў і інш.; патрабуе фотаматэрыялаў з высокай раздзяляльнай здольнасцю і спец. аптычных сродкаў пры здымцы і чытанні. Выкарыстоўваецца ў н.-д. і праектна-канструктарскіх установах, архівах, б-ках і інш.

т. 10, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ АГРА́РНА-КАМЕРЦЫ́ЙНЫ КАЛЕ́ДЖ,

сярэдняя спец. навуч. ўстанова. Засн. ў 1978 у в. Сеніца (Мінскі р-н) як Бел. с.-г. тэхнікум па падрыхтоўцы кіруючых кадраў калгасаў і саўгасаў. З 1993 сучасная назва. Рыхтуе тэхнолагаў па перапрацоўцы прадукцыі раслінаводства, эканамістаў па камерцыйнай дзейнасці. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч.г.): камерцыйная дзейнасць у аграпрамысл. комплексе; маркетынг; вытв-сць, захаванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства. Прымае асоб з сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 10, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯЎНІ́ЧЫЯ САБА́КІ,

група парод свойскіх сабак, якія выкарыстоўваюцца для палявання. Каля 100 парод. Сфарміраваліся ў працэсе шматвяковага выкарыстання ў розных геагр. зонах і ўмовах мясцовасці ў спалучэнні з натуральным, а потым штучным адборам і спец. дрэсіроўкай. Паводле выкарыстання, паляўнічых якасцей і экстэр’еру вылучаюць 6 асн. груп П.с.: выжлы, ганчакі, лайкі, норныя сабакі, спаніэлі і харты.

Літ.:

Слимак К., Духай Й. Охотничьи собаки: Пер. со словац. М., 1986.

т. 12, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭ́НТ [ад лац. patens (patentis) адкрыты, яўны],

1) дакумент, які сведчыць аб прызнанні заяўленага аб’екта вынаходствам, прыярытэце вынаходства, аўтарстве і выключным праве на вынаходства. Выдаецца кампетэнтным дзярж. органам. На Беларусі П. выдаецца аўтару або яго правапераемнікам на 20 гадоў.

2) У шэрагу краін П. — спец. дазвол на занятак пэўнымі відамі прадпрымальніцкай дзейнасці. Купля П. ў дзяржавы вызваляе прадпрымальніка (звычайна індывід.) ад далейшай уплаты падаткаў (на вызначаны перыяд).

т. 12, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)