РУ́БЕНС ((Rubens) Пітэр Паўэл) (28.6.1577, г. Зіген, Германія — 30.5.1640),
фламандскі жывапісец; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў жывапісу барока. З 1589 жыў у Антверпене. З 1591 вучыўся ў Т.Верхахта, А. ван Норта, О.Веніуса (ван Вена); з 1600 у Італіі, вывучаў творы Мікеланджэла, братоў Карачы, М.Караваджа, жывапісцаў венецыянскай школы. З 1608 у Антверпене, гал. прыдворны жывапісец інфанты Ізабэлы Аўстрыйскай. У ранніх творах выявілася імкненне Р. да адлюстравання італьян. уражанняў у духу нац.маст. традыцый. Не парушаючы прынцыпаў сталага барока, асн. зместам творчасці стала праслаўленне жыцця ў яго стыхійных праяўленнях. У творах ствараў ілюзію неабсяжнай прасторы, разбураў ізаляванасць выяў кампазіцыі. Манум.рэліг. творы пач. 1610-х г. поўныя дэкар. размаху, асіметрычныя, падначаленыя неспакойнаму, складанаму рытму; фігуры часта выяўляюцца ў руху і рэзкіх ракурсах, шырока ўжыты кантрасты святлаценю: «Узняцце крыжа» (каля 1610—11), «Зняцце з крыжа» (каля 1611—14). Пісаў карціны на міфалагічныя тэмы, парадныя партрэты ў рэчышчы нідэрландскіх традыцый 16 ст. («Аўтапартрэт з Ізабэлай Брант», 1609), якім уласцівы інтымная прастата кампазіцыі, дасканаласць прапрацоўкі мадэлі і адзення, стрыманы вытанчаны каларыт. У 1612—20 творчасць Р. дасягнула росквіту ў работах на біблейскія сюжэты і тэмы ант. міфалогіі, якія ён трактаваў з выключнай смеласцю і свабодай выяўлення прыгажосці аголенага чалавечага цела, апявання пачуццёвай радасці зямнога быцця: міфалагічныя кампазіцыі «Саюз Зямлі і Вады» (каля 1618), «Выкраданне дочак Леўкіпа» (каля 1619—20), «Персей і Андрамеда» (каля 1620—21). Фігуры людзей, ант. божастваў, жывёл на фоне квітнеючай прыроды або фантаст. архітэктуры ў яго карцінах сплятаюцца ў складаныя кампазіцыі, гарманічна ўраўнаважаныя або прасякнутыя дынамікай (два варыянты «Страшнага суда», каля 1615—16 і каля 1618). Паступова адмаўляўся ад характэрнага для ранніх твораў лакальнага колеру, дасягнуў выключнага майстэрства ў перадачы градацый святла і колеру, паветраных рэфлексаў. Пейзажы Р. («Возчыкі камення», каля 1620) часцей прыдуманыя, але поўныя адчування гарманічнасці і цэласнасці асяроддзя. Каля 1611—18 спраектаваў свой дом у Антверпене, арх. аблічча якога вылучалася тэатралізаванай раскошай. У 1615—20 Р. набыў шырокую вядомасць. З 1617 майстэрня Р. (яго вучні і памочнікі А. ван Дэйк, Я.Іорданс, Ф.Снейдэрс) выканала паводле яго эскізаў шэраг серыйных, манум.-дэкар. кампазіцый («Гісторыя Марыі Медычы», каля 1622—25). З выключным майстэрствам і пачуццёвай пераканаўчасцю Р. перадаваў знешнасць і асаблівасці характару мадэлі ў парадных партрэтах («Т.Эрэндэль з сям’ёй», 1620; «Марыя Медычы», каля 1622—25). Асаблівай віртуознасцю вылучаюцца інтымныя партрэты, у т. л. «Партрэт камерысткі інфанты Ізабэлы» (каля 1625), дзе з дапамогай празрыстых каляровых пераходаў і мяккіх рэфлексаў перададзена трапяткая жыццёвасць мадэлі. Пасля смерці першай жонкі (1626) Р. часова адышоў ад жывапісу; быў на дыпламат. службе, наведаў Галандыю, Іспанію, Англію. Карціны 1630-х г. вылучаюцца большай стрыманасцю маст. сродкаў, жывапіс становіцца больш інтымным і задушэўным, каларыт страчвае шматколернасць і будуецца на багацці колеравых адценняў, вытрыманых у эмацыянальна насычанай чырвона-карычневай гаме. Пісаў партрэты сваёй другой жонкі («Алена Фаўрмент з дзецьмі», каля 1636; «Футра», каля 1638—40) часам у вобразе міфал. і біблейскіх персанажаў («Вірсавія», каля 1635), сцэны вясковых свят («Кермеса», каля 1635—36), пейзажы («Пейзаж з вясёлкай», каля 1632—35), карціны на тэмы ант. міфалогіі («Вакх», паміж 1638 і 1640). Віртуознасцю жывапісу, строгасцю і лаканізмам маст. сродкаў вылучаюцца «Тры грацыі» (1638—40), «Аўтапартрэт» (каля 1637—40). Аўтар шматлікіх малюнкаў.
Літ.:
Лазарев В.Н. Рубенс // Лазарев В.Н. Старые европейские мастера. М., 1974;
П.П.Рубенс: Письма. Док. Суждения современников. М., 1977;
Лебедянский М.С. Портреты Рубенса. 2 изд. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЕ́ЙНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
выраб літых загатовак або дэталей (фасонных адлівак) спосабам запаўнення расплаўленым металам (сплавам) ліцейных форм; адна з асн. галін металургіі і машынабудавання. Уключае: прыгатаванне фармовачных сумесей і стрыжнёвых сумесей, выраб ліцейных мадэлей, форм і стрыжняў, плаўку металу і заліўку яго ў формы, выдаленне зацвярдзелых адлівак, іх ачыстку і абрубку. Рознымі спосабамі ліцця вырабляецца большасць прадукцыі машынабудавання з сталі, чыгуну і каляровых сплаваў.
Ліцейныя стрыжні і формы робяць на стрыжнёвых і фармовачных машынах, на паточных або аўтам. лініях з выкарыстаннем пескадуўных машын, пескастрэльных машын і інш. Зборка ліцейных форм (устаноўка стрыжняў, літніковай сістэмы, злучэнне верхніх і ніжніх апок) робіцца ўзгоднена з плаўленнем металу ў вагранках, полымных печах, дугавых і індукцыйных электрапечах і інш. Пасля заліўкі і зацвярдзення металу адліўкі (а таксама стрыжні з поласцей адлівак) выбіваюць, вызваляюць ад літніковай сістэмы, ачышчаюць ад прыгарэлых фармовачных сумесей і перадаюць на фарбаванне або тэрмічную апрацоўку (для паляпшэння мех. уласцівасцей). Для ачысткі адлівак выкарыстоўваюцца шротакідальныя, шротаструменныя, пескагідраўлічныя, электрахім. і электрагідраўлічныя ўстаноўкі, спец. прэсы і інш. Л. в. аснашчаецца ліцейнымі аўтаматамі, канвеерамі, аўтам. лініямі, электроннымі прыладамі і сістэмамі кіравання.
Вытв-сць літых вырабаў вядома з глыбокай старажытнасці. Прадметы рэліг. культу, хатняга ўжытку, зброю пачалі выплаўляць (пераважна з бронзы) у 4—3-м тыс. да н. э. ў краінах Пярэдняй Азіі, Егіпце, Індыі, Кітаі, на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н. э. ў Еўропе (гл.Бронзавы век). У 13—14 ст. адлітымі вырабамі славіліся Візантыя, Венецыя, Генуя, Фларэнцыя. У 12—13 ст.складаныя адліўкі выраблялі кіеўскія ліцейшчыкі. У рус. дзяржаве ў 14—15 ст. адлівалі бронзавыя і чыгунныя гарматы, ядры і званы, у 1479 у Маскве пабудаваны першы ліцейны з-д. Майстар-ліцейшчык А.Чохаў адліў шэраг буйных гармат, у т. л. «Цар-пушку» (у 1586, каля 40 т). У 1735 адліты «Цар-звон» (больш за 200 т). У 1873 зроблена адна з самых вял. адлівак у свеце — шабот (ніжняя ч.) паравога молата (650 т). Адліваліся помнікі, скульптурныя групы і інш. У распрацоўку тэарэт. асноў Л. в. ўклад зрабілі вучоныя П.П.Аносаў, Дз.К.Чарноў, А.А.Байкоў, А.А.Бочвар, М.С.Курнакоў, А.В.І.Вейнік, П.П.Берг, А.М.Ляс і інш.
На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны і пераплаўка сапсаваных вырабаў пачалася ў 1-й пал. 2-га тыс. да н. э. З 14 ст. адлівалі бронзавыя гарматы, алавяныя і бронзавыя ядры. Каля 1540 у Вільні заснаваны гарматны ліцейны двор — людвісарня, у 1597 — Баранская кульня (майстэрня па выплаўцы куль і ядраў). Ў 16—18 ст. невял. людвісарні — «дзелалейні» існавалі ў Нясвіжы, Слуцку, Быхаве, Магілёве, Друі, Віцебску, Полацку і інш. гарадах, якія адлівалі гарматы для сваёй абароны. Захаваліся імёны некаторых ліцейшчыкаў-людвісараў: запрошаны ням. майстар Г.Мольтцфельд, мясц. майстры Сцяпан і Пятро ў Нясвіжы (канец 16 — пач. 17 ст.), К.Ганусаў у Быхаве (2-я пал. 16 ст.), быхаўскія майстры Юрка і Мікалай, якія рабілі разавыя адліўкі ў Магілёве (сярэдзіна 17 ст.). У 18 ст.артыл. гарматы адлівалі ў Слуцку, Быхаве, Нясвіжы, Гродне, Жлобіне, Вішневе. У 1768 А.Тызенгаўзам пабудавана Маларыцкая металургічная мануфактура. Пазней дзейнічалі Вішнеўскі і Барысаўшчынскі металургічныя, Старынкаўскі чыгуналіцейны з-ды (гл. адпаведныя арт.), Налібоцкі металургічны камбінат, Досаўская медзеплавільная мануфактура. У 1990-я г. працуюць: Беларускі (у Жлобіне) і Магілёўскі металургічныя з-ды (гл. адпаведныя арт.), Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт», высокаразвітая Л.в. на трактарным, аўтамабільным, маторным, падшыпнікавым, станкабудаўнічых, с.-г. машынабудавання і інш. з-дах. Над удасканаленнем тэхналогіі Л.в. і распрацоўкай ліцейнага абсталявання працуюць ліцейнай вытворчасці Беларускі навукова-даследчы і канструктарска-тэхналагічны інстытут, Фізіка-тэхн. ін-т, Ін-т тэхналогіі металаў (г. Магілёў) Нац.АН Беларусі, кафедры Л.в. Бел.політэхн. акадэміі і Гомельскага тэхн. ун-та і інш.
Д.М.Кукуй, У.М.Сацута.
Да арт.Ліцейная вытворчасць. А — чарвячная машына для ліцця пад ціскам палімерных матэрыялаў: 1 — ліцейная форма; 2 — выраб; 3 — цыліндр з расплаўленым матэрыялам і абагравальнікамі; 4 — прывод чарвяка. Б — атрыманне адліўкі цэнтрабежным ліццём на машыне з вертыкальнай воссю: 1, 2 — ніжняя і верхняя паўформы; 3 — літніковая сістэма; 4 — стрыжань.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ЛО́ГІКА, сімвалічная логіка,
адзін з кірункаў сучаснай фармальнай логікі, заснаваны на выкарыстанні матэм. метадаў даследавання. У М.л. аперацыі мыслення і пераважна вывадных ведаў вывучаюцца шляхам іх адлюстравання ў спец. фармалізаваных мовах, або лагічных злічэннях. Адным з асн. яе метадаў з’яўляецца метад фармалізацыі, або вывучэння аб’ектаў з дапамогай адносна жорсткіх фіксаваных элементаў іх формы (пры адцягненні ад унутр. зместу). Сістэма фармалізаваных аксіём і фармальных правіл вываду афармляецца ў выглядзе некаторага злічэння. Прасцейшыя з іх — злічэнні выказванняў, калі аперацыі з простымі выказваннямі аб’ядноўваюцца ў складаныя выказванні з дапамогай аператараў кан’юнкцыі, дыз’юнкцыі, імплікацыі, эквіваленцыі і адмаўлення (гл.Логіка выказванняў). У агульных злічэннях выказванняў — класічным і інтуіцыянісцкім (гл.Інтуіцыянізм) — ужываюцца адны і тыя ж правілы вываду (падстаноўкі і вываду заключэння). Формула лічыцца класічна агульназначнай, калі правільнае ўсякае выказванне, што выводзіцца з яе ў выніку падстановак любых выказванняў замест пераменных (A, B, C...); да ўсякага злічэння прад’яўляюцца патрабаванні несупярэчлівасці і паўнаты. Другая форма — злічэнне прэдыкатаў, якое ўключае ў свой склад злічэнне выказванняў, але дадае да яго апарату аперацыі агульнасці і існавання (гл.Логіка прэдыкатаў, Квантары). Самаст. раздзелам у М.л. ўваходзіць злічэнне класаў, якое адпавядае вузкаму злічэнню аднамесных прэдыкатаў, або сілагістыцы Арыстоцеля (гл.Логіка класаў).
Зыходныя паняцці М.л. былі ўжо ў вучэнні прадстаўнікоў мегарскай школы і стоікаў. На мяжы 13—14 ст.ісп. філосаф Р.Лулій сканструяваў спец. «лагічную машыну», якая складалася з сямі канцэнтрычных кругоў са знакамі, літарамі і тэрмінамі і дазваляла атрымаць разнастайныя камбінацыі слоў і паняццяў. Спроба стварэння «злічэння розуму», падобнага да матэм. злічэння і заснаванага на універсальнай лагічнай мове, належала Г.Лейбніцу. Як самаст. дысцыпліна М.л. аформілася ў сярэдзіне 19 ст. ў працах англ. матэматыка і логіка Дж.Буля і ў распрацаванай ім алгебры логікі. Далей М.л. развівалася ў сувязі з распрацоўкай аксіяматычнага метаду, мностваў тэорыі, вызначэння несупярэчлівасці матэм. злічэнняў і інш.Рас. вучоны П.С.Парэцкі распрацаваў тэорыю лагічных роўнасцей і прапанаваў найб. агульны метад знаходжання ўсіх эквівалентных форм пасылак і вынікаў з іх («Аб спосабах рашэння лагічных роўнасцей...», 1884). Ч.Пірс (ЗША) праводзіў даследаванні ў строгай і раздзяляльнай дыз’юнкцыі, матэрыяльнай імплікацыі, індукцыі і гіпотэзы, логікі адносін і інш. галінах М.л. Ням. логік Г.Фрэге прапанаваў аксіяматычную пабудову логікі выказванняў, сфармуляваў правіла падстаноўкі, увёў паняцце квантара, распрацаваў асн. прынцыпы семантыкі лагічнай. Сучасную форму М.л. надаў італьян. вучоны Дж.Пеана, які распрацаваў сістэму аксіём для арыфметыкі натуральных лікаў і паказаў, як з дапамогай сімвалічнага злічэння можна практычна пабудаваць матэм. дысцыпліны («Фармуляр матэматыкі», т. 1—2, 1895—97). Развіццю М.л. садзейнічалі працы Б.Расела і А.Н.Уайтхеда («Прынцыпы матэматыкі», т. 1—3, 1910—13). У далейшым атрымалі развіццё даследаванні ў розных галінах М.л., была распрацавана тэорыя матэм. доказаў на аснове выкарыстання лагічных злічэнняў да пытанняў асноў матэматыкі (Я.Лукасевіч, А.Гейцінг, А.М.Калмагораў, В.І.Шастакоў, С.К.Кліні, А.А.Маркаў і інш.).
Сучасная М.л. — гэта мноства спец. логік (імавернасная логіка, індукцыйная логіка, інтуіцыянісцкая, камбінаторная, канструктыўная, мнагазначная, мадальная і г.д.), кожная з якіх уяўляе сабой больш або менш адпаведнае апісанне працэсаў лагічнага паходжання. Далейшая фармалізацыя лагічных аперацый М.л. і адкрытыя ёю новыя заканамернасці даюць магчымасць вырашэння шэрагу складаных задач у матэматыцы, кібернетыцы, тэорыі рэлейна-кантактных схем, пры праектаванні і ў функцыянаванні ЭВМ, розных аўтам. апаратаў, а таксама ў матэматычнай лінгвістыцы, у тэорыі праграмавання, пры даследаваннях у квантавай фізіцы, тэорыі эвалюцыі, нейрафізіялогіі, праблем кіравання вытв-сцю і грамадствам. Сродкі М.л. выкарыстоўваюцца ў даследаваннях уласцівасцей дэдуктыўных тэорый (гл.Металогіка, Метаматэматыка). Праблематыка і навук. метад М.л. непасрэдна звязаны з інш. навукамі пра мысленне і пазнанне, у т. л. з логікай дыялектычнай. Гл. таксама Алгарытмаў тэорыя, Лагістыка.
Літ.:
Клини С.К. Математическая логика: Пер. с англ.М., 1973;
Шенфилд Дж.Р. Математическая логика: Пер. с англ.М., 1975;
Колмогоров А.Н., Драгалин А.Г. Введение в математическую логику. М., 1982;
Гильберт Д., Бернайс П. Основания математики: Теория доказательств: Пер. с нем. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРГАНІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,
навука пра хім. элементы і ўтвораныя імі простыя і складаныя рэчывы, акрамя арганічных злучэнняў. Асн. задачы Н.х. — даследаванне будовы, саставу і ўласцівасцей простых рэчываў і хім. злучэнняў, навук. абгрунтаванне і распрацоўка спосабаў атрымання матэрыялаў, неабходных сучаснай тэхніцы. Асн. метады даследаванняў грунтуюцца на аналізе (сукупнасць аперацый, скіраваных на вызначэнне якаснага і колькаснага саставу рэчыва) і сінтэзе (атрыманне складаных хім. злучэнняў з больш простых ці з хім. элементаў). У Н.х. выкарыстоўваюцца тэарэт. ўяўленні і метады фізікі, крышталяграфіі, крышталяхіміі, а таксама метады аналіт., фіз. і калоіднай хіміі. Па аб’ектах, якія вывучаюцца, падзяляюць: на хімію асобных элементаў, хімію груп элементаў перыяд. сістэмы (хімія шчолачных металаў, галагенаў, шчолачназямельных элементаў, халькагенаў і інш.), хімію пэўных злучэнняў некаторых элементаў (хімія сілікатаў, пераксідных злучэнняў і інш.), хімію блізкіх па ўласцівасцях і галінах выкарыстання рэчываў (хімія тугаплаўкіх рэчываў, інтэрметалідаў, паўправаднікоў, высакародных металаў, неарган. палімераў і інш.), а таксама хімію элементаў, аб’яднаных у групы па адзнаках, якія склаліся гістарычна (напр., хімія рэдкіх элементаў). Самаст. раздзел Н.х. — каардынацыйная хімія, ці хімія каардынацыйных злучэнняў (ш. Комплексныя злучэнні). Звычайна «адасабляюць таксама хімію пераходных элементаў.
Гісторыя Н.х. пачынаецца з глыбокай старажытнасці; першыя звесткі пра золата, серабро, медзь, волава і інш. металы адносяцца да 3 ст. да н.э. У сярэднія вякі, калі панавала алхімія, былі адкрыты мыш’як, сурма, фосфар, цынк, вісмут, атрыманы к-ты (серная, саляная, азотная), некаторыя солі і інш. неарган. злучэнні. Як самаст. навука пачала развівацца ў 18—19 ст., калі былі ўстаноўлены асн. законы хім. атамістыкі: законы захавання масы пры хім. рэакцыях (М.В.Ламаносаў, 1756; А.Лавуазье, 1770), пастаянства саставу (Ж.Пруст, 1801—07), кратных адносін закон (Дж.Дальтан, 1803). У пач. 19 ст. Ё.Я.Берцаліус апублікаваў табліцу атамных мас 45 вядомых элементаў; А.Авагадра і Ж.Л.Гей-Люсак адкрылі газавыя законы; П.Л.Дзюлонг і А.Пці вынайшлі правіла, што звязвае цеплаёмістасць з колькасцю атамаў у злучэнні; Г.І.Гес адкрыў закон пастаянства колькасці цеплаты (гл.Геса закон) узнікла атамна-малекулярная тэорыя. У 1807 Г.Дэві ажыццявіў электроліз гідраксідаў натрыю і калію і ўвёў у практыку новы метад атрымання простых рэчываў. У 1834 М.Фарадэй апублікаваў асн. законы электрахіміі. Наступны этап у развіцці Н.х. звязаны з адкрыццём перыяд. закону і перыядычнай сістэмы элементаў Мендзялеева (1869), а таксама з дасягненнямі фізікі, якія дазволілі даць перыяд. закону фіз. абгрунтаванне, заснаванае на тэорыі будовы атама. У пач. 20 ст. прапанаваны першыя электронныя тэорыі валентнасці (В.Косель, 1915; Г.Льюіс, 1916), распрацаваны асновы каардынацыйнай хіміі (Л.А.Чугаеў, І.І.Чарняеў). Даследаванне прыроднай радыеактыўнасці прывяло да адкрыцця прыродных радыеактыўных элементаў і ўзнікнення радыяхіміі. Адкрыццё ў 1934 штучнай радыеактыўнасці дазволіла атрымаць новыя хім. элементы і ізатопы, запоўніць прабелы ў перыяд. сістэме элементаў і дабудаваць яе трансуранавымі элементамі. Развіццё ядз. энергетыкі, рэактыўнай тэхнікі, электронікі спрыяла стварэнню новых сінт. матэрыялаў і тэхналогій з выкарыстаннем дасягненняў у галіне тэхнікі высокіх тэмператур і ціску, глыбокага вакууму, распрацоўкі метадаў атрымання матэрыялаў высокай чысціні. Важная задача сучаснай Н.х. — даследаванне хім. уласцівасцей і спосабаў атрымання рэдкіх металаў (ніобій, тытан, малібдэн, тантал) і сплаваў на іх аснове, вывучэнне неарганічных палімераў і сіталаў. Н.х. з’яўляецца таксама навук. базай хім. вытв-сці неарган. рэчываў (солей, Кіслот, шчолачаў і інш.), неабходных для развіцця цяжкай індустрыі і сельскай гаспадаркі.
На Беларусі даследаванні па Н.х. вядуцца ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац.АН (сінтэз эмаляў, адсарбентаў, каталізатараў, керамічных матэрыялаў і мінер. угнаенняў), Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН і БДУ (сінтэз звышцвёрдых і паўправадніковых матэрыялаў, сегнетаэлектрыкаў і ферытаў), Бел.тэхнал. ун-це (фосфарныя ўгнаенні, пераўскіты, ферыты), НДІ будматэрыялаў (пенашкло, пенабетон, вапна і інш.), Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (паўправадніковыя злучэнні).
Літ.:
Джуа М. История химии: Пер. с итал. М., 1975;
Штрубе В. Пути развития химии: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХА́НІКА [ад грэч. mēchanikē (technē) пабудовы машын (майстэрства)],
навука пра механічны рух матэрыяльных цел і ўзаемадзеянні, што пры гэтым адбываюцца паміж імі. Разглядае рухі матэрыяльных пунктаў, іх дыскрэтных сістэм і суцэльных асяроддзяў. Класічная М. (ці проста М.), у аснове якой ляжаць Ньютана законы механікі, падзяляецца на статыку (вывучае раўнавагу цел), кінематыку (геам. ўласцівасці руху без уліку мас і сіл) і дынаміку (рух з улікам дзеяння сіл). Складаныямех. сістэмы (машыны, механізмы, сістэмы з вял. колькасцю часціц), рух якіх абмежаваны мех. сувязямі, вывучаюцца аналітычнай механікай. У класічнай М. разглядаюцца рухі макраскапічных цел са скарасцямі, значна меншымі за скорасць святла (рухі з калясветлавымі скарасцямі вывучае рэлятывісцкая механіка, а рух мікрачасціц з улікам іх хвалевых уласцівасцей — квантавая механіка). Законы М. выкарыстоўваюцца для разліку машын і механізмаў (тэарэтычная механіка, механізмаў і машын тэорыя, дэталі машын і інш.), збудаванняў (будаўнічая механіка, механіка грунтоў), трансп. сродкаў (гідрааэрамеханіка, балістыка), руху нябесных цел (нябесная механіка), для вывучэння мех. працэсаў у зямной кары (геамеханіка), у жывых арганізмах (біямеханіка). На аснове нелінейнай аналіт. М. развіваецца сінергетыка, якая даследуе ўмовы самаарганізацыі сістэм у дыяпазоне ад дэтэрмінаванага хаосу да рэгулярных станаў.
У залежнасці ад стану рэчыва, якое даследуецца, вылучаюць М.: цвёрдага цела; механіку суцэльных асяроддзяў (вадкасці і газу); плазмы; механіку сыпкіх асяроддзяў, механіку цел пераменнай масы. У апошні час з’явіліся новыя раздзелы М.: фізіка-хім М. (улічвае працяканне фіз. і хім. працэсаў пры мех. рухах і ўзаемадзеяннях). біяробатамеханіка і інш. У М. выкарыстоўваюць 2 спосабы апісання з’яў: фенаменалагічны, заснаваны на фенаменалагічнай тэрмадынаміцы, і статыстычны (структурны), заснаваны на стат. тэрмадынаміцы. Навук. аснову М. складаюць варыяцыйныя прынцыпы механікі, з дапамогай якіх апісваюцца мех. станы і сувязі механічныя сістэмы.
Звесткі з М. (напр., пра раўнавагу цел) вядомы з глыбокай старажытнасці (некалькі тыс. гадоў да н.э.). Антычныя веды М. абагульніў Арыстоцель, які ўвёў тэрмін «М.» (4 ст. да н.э.). Архімед дакладна сфармуляваў закон раўнавагі (на ім заснавана будова машын і законы раўнавагі плаваючых цел). Г.Галілей даследаваў асн. заканамернасці руху цел, на базе якіх І.Ньютан сфармуляваў вядомыя законы М. і надаў М. строгую форму. Далейшае развіццё М. звязана з імёнамі Л.Эйлера, Д.Бернулі, Ж.Д’Аламбера (асн. працы па М. вадкасці і газу), Ж.Лагранжа (варыяцыйнае вылічэнне, аналіт. М.). 3 прац А.Эйнштэйна пачаўся этап развіцця рэлятывісцкай, Л.Больцмана і Дж.Гібса — статыстычнай, М.Планка і Н.Бора — квантавай М. Аэрамеханіка значнае развіццё атрымала ў працах М.Я.Жукоўскага, О.Ліліенталя, К.Э.Цыялкоўскага, С.А.Чаплыгіна і інш.; газавая дынаміка — у працах Л.Прандтля, Дж.І.Тэйлара, Чаплыгіна, Л.І.Сядова, С.А Хрысціяновіча, М.У.Келдыша і інш. Значны ўклад у развіццё розных галін М. ў 19—20 ст. зрабілі Л.М.А.Наўе, Дж.Стокс, Ш.А.Кулон, Г.Р.Кірхгоф, А.Пуанкарэ, М.В.Астраградскі, А.М.Ляпуноў, А.М.Крылоў, І.У.Мяшчэрскі, Г.П.Чарапанаў, Дз.Д.Іўлеў і інш.
На Беларусі даследаванні ў галіне М. пачаліся ў 1920—30-я г. і вядуцца ў ін-тах фізіка-тэхн., цепла- і масаабмену, механікі металапалімерных сістэм, надзейнасці машын Нац.АН, у БДУ, БПА, Бел.тэхнал. ун-це і інш. Выкананы даследаванні па пластычнасці і трываласці металаў (С.І.Губкін, В.П.Севярдэнка, Я.М.Макушок і інш.), іх апрацоўцы (В.М.Чачын, А.У.Белы, А.В.Сцепаненка, П.І.Яшчарыцын), М. металапалімерных сістэм (Белы, А.І.Свірыдзёнак, Ю.М.Плескачэўскі), М. кампазіцыйных матэрыялаў на метал. аснове (А.У.Роман, П.А.Віцязь, Н.М.Дарожкін), М. дэфармаванага цела (М.Дз.Мартыненка, І.А.Прусаў, А.У.Чыгараў і інш.), тэорыях дыслакацыі і пластычнасці, М. разбурэння (М.С.Акулаў, Севярдэнка, Губкін і інш.), М. дэталей машын, тэорыі надзейнасці (І.С.Цітовіч, А.В.Бераснеў), М. мабільных машын (М.С.Высоцкі, Л.Р.Краснеўскі), М. вадкасці і газу, тэрмамеханіцы (А.В.Лыкаў, Р.І.Салаухін, А.Р.Мартыненка, З.П.Шульман, Б.А.Калавандзін і інш.).
Літ.:
Арнольд В.И. Математические методы классической механики. 3 изд. М., 1989;
Маркеев А.П. Теоретическая механика. М., 1990;
Лойцянский Л.Г. Механика жидкости и газа. 5 изд. М., 1978;
Черепанов Г.П. Механика хрупкого разрушения. М., 1974;
Ивлев Д.Д. Теория идеальной пластичности. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯШО́Ў (Аркадзь Аляксандравіч) (6.2.1914, в. Саматэвічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 4.2.1978),
бел.паэт.Нар. паэт Беларусі (1968). Засл. работнік культ. Украіны (1973). Вучыўся ў Бел. вышэйшым пед. ін-це (1931—33). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», на Бел. радыё (1934—36), літ. кансультантам пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі (1936—37). У 1941—43 у армейскай газ. «Знамя Советов», потым у БШПР. У 1945—46 рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у 1958—67 нач. сцэнарнага аддзела, гал. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1926. Першыя зб-кі «Росквіт зямлі» (1930), «Па песню, па сонца!..» і «Медзі дождж» (1932) апявалі новую рэчаіснасць, выяўлялі (часам рытарычна) юначую захопленасць жыццём, сац. перспектывамі. Паэмы «Крыўда» (1931), «Аманал» (1932), «Гарбун» (1934) выявілі пошукі новых сродкаў адлюстравання ў паэт. эпасе мінулага і сучаснасці, хоць не пазбаўлены фармаліст. перакосаў і штучнасці. У нізцы вершаў «Сонечнае заўтра» (1931) — узбагачэнне лірызму, спалучэнне ўзнёсласці з жывымі малюнкамі жыцця. Паэма «У зялёнай дуброве» (1938) узнаўляла ў нар.-песенным ключы атмасферу згуртаванасці і таварыскасці людзей. У паэмах «Баранаў Васіль» (1937), «Хлопцы апошняй вайны» (1940), цыкле «Юнацкі свет» (1939—40) глыбокі роздум пра лёс маладога пакалення, якое ўвайшло ў жыццё ў 1930-я г., пафас патрыятызму і інтэрнацыяналізму, узмацненне гераічнага пачатку, тэмы міру і бяспекі Радзімы. Барацьбе народа супраць ням.-фаш. захопнікаў прысвечана паэма «Сцяг брыгады» (нап. 1942; Дзярж. прэмія СССР 1946). Прасякнутая верай у перамогу, насычаная драм. падзеямі пач. перыяду вайны, сурова велічная ў паказе абставін, яна стала адным з буйнейшых дасягненняў паэзіі таго часу. Вершы ваен. гадоў («Ліст з палону», «Над брацкай магілай», «Камсамольскі білет» і інш.), паэмы «Прыгоды цымбал» і «Дом № 24» (абедзве нап. 1944) паказваюць духоўны свет людзей у ваен. выпрабаваннях, раскрываюць моц нар. духу, іх жыццетрываласць і непераможнасць. У пасляваен. лірыцы мацнеюць публіцыст. матывы (верш «Слова да Аб’яднаных Нацый»). У паэмах «Новае рэчышча» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949), «Толькі ўперад» (1950) адлюстравана мірная стваральная праца, падсумоўваецца вопыт пакалення паэта. Гісторыка-рэв. паэма «Грозная пушча» (1955) пра барацьбу працоўных Зах. Беларусі. Зб. «Новая кніга» (у пер. на рус. мову, 1964) выявіў узбагачэнне і ўскладненне свету сучасніка, якому ўласціва ўсё больш шырокае і поўнае далучэнне да навук.-тэхн. уяўленняў, адчуванне асабістай адказнасці за лёс чалавецтва. У зб-ках «Сасна і бяроза» (1970), «Хуткасць» (1976), паэмах «Цунамі» (1968) і «Далёка да акіяна» (1970—71) складаныя калізіі часу атрымалі лірыка-філас. вытлумачэнне; асабісты лёс героя ўпісваецца ў гіст. шлях грамадства, пачуцці паэта набываюць маштаб і значнасць як якасці светаўспрымання сучасніка, які ўсведамляе сваё месца ў свеце. Паэма «Варшаўскі шлях» (1973, прысвечана А.Твардоўскаму), напісаная ў форме трагедыйна-лірычнага маналога, сцвярджае ідэю адказнасці паэта перад грамадствам, выяўляе сувязь маральных і грамадзянскіх асноў асобы з усімі духоўнымі і творчымі пачаткамі жыцця. Раскрываючы праз прызму агульначалавечых праблем драматызм і складанасць свайго часу, паэзія К. паўстае як цэласны маналог-роздум пра месца чалавека ў грамадстве, пра абавязак мастака, сутнасць паэзіі; узбуйненае абагульненае лірычнае перажыванне не траціць пры гэтым адзнак асабістасці, разгортваецца як індывід. духоўны, творчы пошук. Драм. паэма «Хамуціус» (1975) — пра лёс і подзвіг К.Каліноўскага, паказ духоўнага і маральнага росту асобы ў змаганні за шчасце народа. Стыль К. вызначаецца рамантычнай адухоўленасцю, разгорнутай метафарычнасцю, багаццем вобразна-асацыятыўных сувязей. Паводле матываў паэмы «Песня аб разведчыках» («Песня аб слаўным паходзе», нап. 1935—51) у 1967 створана тэлеопера «Ранак» (муз. Г.Вагнера). К. — сааўтар сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце» (1958, з А.Кучарам) і «Першыя выпрабаванні» (паводле матываў трылогіі «На ростанях» Я.Коласа, 2 серыі, 1960—61, з М.Лужаніным). Выступаў з літ.-крытычнымі артыкуламі. На бел. мову пераклаў «Яўгенія Анегіна», паэму «Цыганы», асобныя творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, С.Ясеніна, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, А.Пракоф’ева, А.Малышкі, М.Рыльскага, М.Нагнібеды, К.Куліева і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1970 за пераклады вершаў і паэм М.Лермантава, «Энеіды» І.Катлярэўскага, «Спеву аб Гаяваце» Г.Лангфела. Імя паэта прысвоена Магілёўскаму ун-ту, школам у Мінску і Саматэвічах, у Мінску, на доме, дзе ён жыў, мемарыяльная дошка. У 1979 устаноўлена літ. прэмія імя К. Саюза пісьменнікаў Беларусі. У Саматэвічах створаны літ. музей К.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1966—67;
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1974—77.
Літ.:
Грынчык М. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1964;
Бярозкін Р. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1978;
Твардовский А. Аркадий Кулешов: Поэма «Знамя бригады»: Зрелость таланта // Собр. соч.М., 1980. Т. 5;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ЗЫКА (ад грэч. musikē літар. мастацтва муз),
від мастацтва, у якім маст. вобразы ўвасабляюцца лагічна абумоўленай паслядоўнасцю гукаў і іх спалучэнняў. Падпарадкаваныя вышынным і часавым суадносінам, яны ўтвараюць гукавыя сістэмы, што грунтуюцца на законах акустыкі і фізіялогіі слыху. Сродкі муз. выразнасці: інтанацыя, лад, гармонія, рытм, метр, тэмп, тэмбр, інструментоўка, артыкуляцыя, дынаміка, агогіка і інш. Разгортванне М. ў часе — дыялектычны працэс, у якім узнікаюць пачатковыя муз. пабудовы (матыў, фраза, сказ, перыяд і інш.) і больш складаныя структуры (гл.Форма музычная). Будова кожнага муз. твора спалучае тыповае і індывідуальна-своеасаблівае. М. можа разгортвацца ў адна- (манодыя) і шматгалосым (поліфанія, гамафонія) гучанні, выкладзеным у адпаведнай фактуры. Ва ўвасабленні маст. вобразаў магчымы спалучэнні М. з паэзіяй (вак. музыка, меладэкламацыя) і інш. відамі мастацтва (опера, балет, аперэта, кіно, драм.т-р, тэлебачанне і інш.). Паводле характару драматургіі і прызначэння адрозніваюць М. оперную, сімф., камерную, харавую, ваенна-духавую і інш.; больш дробныя іх жанравыя разнавіднасці: у оперы — seria, buffa, муз. драма, у сімф. М. — сімфонія, сюіта, уверцюра, паэма; у камернай — саната, раманс і інш. Як від мастацтва М. ўключае 2 творчыя акты, што знаходзяцца ў непарыўнай сувязі: кампазіцыю (стварэнне) і выкананне. Паводле спосабу выканання М. падзяляюць на інстр. і вакальную; для аднаго выканаўцы (сола), некалькіх (ансамбль), пэўнага складу інструментаў (аркестр) або галасоў (хор). Тэкст муз. твора, указанні выканаўцам і інш. фіксуюцца нотным запісам (гл.Нотнае пісьмо, Ноты). Сукупнасцю заканамернасцей вобразна-эмацыянальнага зместу і маст. сродкаў вызначаецца муз.стыль. Кожны муз. стыль (класіцызм, рамантызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм і інш.) — з’ява грамадска-гістарычная. Паняцце «стыль» выкарыстоўваюць і ў дачыненні да пэўнай нац. М. (італьянскі, рускі), да творчасці асобнага кампазітара. Вывучае М. музыказнаўства.
У першабытным грамадстве М. мела дапаможнае значэнне, была неад’емнай ад прац. працэсаў і магічных дзействаў, сінкрэтычна звязаная з паэзіяй і танцам. Паступова, у непарыўнай сувязі з эвалюцыяй форм працы і побыту вылучалася як асобны від мастацтва. Краіны стараж. цывілізацый (Егіпет, Грэцыя, Рым, Кітай, Індыя) мелі развітое муз. мастацтва, у т. л. прафесійнае. У сярэдневяковай Еўропе інтэнсіўна развівалася песенная, інстр.быт. і прафесійная М. Напачатку цэнтрамі прафес. М. былі саборы і манастыры. У краінах Усходу актывізавалася прыдворнае і быт. музіцыраванне. Паваротны этап у станаўленні еўрап. М. — эпоха Адраджэння, калі расквітнелі жанры месы, матэта, мадрыгала, рэквіема, напісаныя ў традыцыях поліфаніі «строгага стылю», зарадзіліся многія жанры М., у т. л. опера, араторыя, кантата, пачала складвацца сістэма прафес.музычнай адукацыі, удасканальвалася нотнае пісьмо. У 1-й пал. 18 ст. дасягнула кульмінацыі мастацтва поліфаніі (І.С.Бах). У 18 ст. сфарміраваліся асновы класічнай гармоніі, оперныя і інстр. формы, у т. л. сімфонія, канцэрт, саната, выпрацаваўся класічны склад аркестра, зарадзіліся нац.муз. школы. Уздым муз. творчасці звязаны з антыфеадальным дэмакр. рухам (Бах, Г.Ф.Гендэль, К.В.Глюк, І.Гайдн, В.А.Моцарт), з франц. рэвалюцыяй 1794, ідэі якой яскрава ўвасоблены ў творчасці Л.Бетховена. Класіцызм, рамантызм, інш. стылявыя плыні, а таксама нац. школы, што складваліся на аснове нац.муз. традыцый, узбагачалі сусв.муз. культуру. Найб. значныя дасягненні нац. школ у 19 ст. звязаны з творчасцю Ф.Шуберта (Аўстрыя), К.М.Вебера, Р.Шумана, І.Брамса, Р.Вагнера (Германія), Г.Берліёза, Ж.Бізэ (Францыя), Дж.Расіні, Дж.Вердзі (Італія), Ф.Шапэна, С.Манюшкі (Польшча), Ф.Ліста, Ф.Эркеля (Венгрыя), Э.Грыга (Нарвегія), А.Дворжака, Б.Сметаны (Чэхія). Вял. роля ў развіцці М. належыць рус.нац. школе, станаўленне і росквіт якой прыпадае на 19 ст. (М.Глінка, А.Даргамыжскі, М.Балакіраў, А.Барадзін, М.Мусаргскі, М.Рымскі-Корсакаў, П.Чайкоўскі, С.Танееў, А.Глазуноў і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў зах.-еўрап. М. сфарміраваліся новыя тэндэнцыі, у выніку якіх адбылася дыферэнцыяцыя аўтарскіх стыляў, у т. л.імпрэсіянізм (К.Дэбюсі, М.Равель), верызм (П.Масканьі, Р.Леанкавала), неарамантызм (Г.Малер, Р.Штраус) і інш. Значнае месца ў гэтым рэчышчы займае творчасць рус. кампазітараў А.Скрабіна, І.Стравінскага. Глыбокія змены адбыліся ў гукавышынных сістэмах (Б.Бартак, А.Анегер, Ф.Пуленк, К.Орф, К.Шыманоўскі, Л.Яначак, Б.Марціну, Б.Брытэн, А.Шонберг, А.Веберн, Ч.Айвз, А.Месіян і інш.), што абумовіла існаванне разнастайных стылявых плыняў у М. 20 ст. Традыцыі рус. кампазітарскай школы развівалі Глазуноў, С.Рахманінаў, М.Метнер, С.Пракоф’еў, Дз.Шастаковіч, М.Мяскоўскі, Г.Свірыдаў, Р.Гліэр, А.Хачатуран, Ц.Хрэннікаў і інш. Значнае месца ў сусв.муз. мастацтве займае творчасць Р.Шчадрына, Э.Арцем’ева, С.Сланімскага, Э.Дзянісава, А.Шнітке, С.Губайдулінай. Пра гісторыю развіцця нац. М. гл. раздзелы Музыка ў арт. пра дзяржавы, напр., пра бел. М. ў арт.Беларусь.
Літ.:
Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1982—83;
Яе ж. Из истории музыки и музыкознания за рубежом. М., 1981;
Грубер Р.И. История музыкальной культуры. Т. 1—2. М.; Л., 1941—59;
История русской музыки: В 10 т. Т. 1—6. М., 1983—89;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ ТЭА́ТР,
від народнай творчасці. Бытуе ў формах, створаных самім народам, арганічна звязаны з усім комплексам яго культуры. Для Н.т. характэрна пераемнасць і ўстойлівасць маст. традыцый, якія складваліся ў працэсе гіст. развіцця нар.эстэт. прынцыпаў, творчых навыкаў і прыёмаў выканання і перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Н.т. не меў спец. сцэны і дэкарацый, яго паказы вызначаліся адкрытай умоўнасцю ўсіх маст.-выяўл. кампанентаў, даходлівасцю і непасрэднасцю кантакту з гледачамі. Гэта адпавядала асаблівасцям выканальніцтва нар. артыстаў (імправізацыйнасць, падкрэсленыя рухі і жэсты, фарсіраваны гук, прыёмы буфанады і гратэску і інш.). У Н.т. вылучаюцца т-р жывога акцёра і лялечны.
Вытокі Н.т. ў стараж.-егіп.рэліг. рытуальных прадстаўленнях, у стараж.-грэч. абрадавых гульнях у гонар бога Дыяніса, культавых рытуалах, у якіх прысутнічалі элементы ігравога дзеяння і тэатр. пераўвасаблення. З прыходам хрысціянства язычніцкія абрады страцілі свой магічны сэнс і садзейнічалі развіццю Н.т. У розныя часы вылучыліся спецыялісты тэатр. справы — мімы (Стараж. Грэцыя), жанглёры, шпільманы (Зах. Еўропа), скамарохі (у некат. слав. народаў). Выступленні акцёраў найчасцей мелі вандроўны характар, яны будаваліся на аснове сцэнарыяў, якія давалі вял. магчымасці для імправізацыі. Акцёры Н.т. часта звярталіся да пантамімы. Майстэрства акцёра спалучала гімнастыку, спевы, танец, музыку, цырк. мастацтва (фокусы і дрэсіроўка), мастацтва лялечнага т-ра, які часта наз. па імю героя прадстаўлення; Пятрушка (Расія), Панч (Англія), Пульчынела (Італія), Кашпарак (Чэхія). Да Н.т. адносяць таксама балаганныя прадстаўленні і т.зв. раёк (паказ рухомых карцінак у суправаджэнні драматызаванага тэксту). Традыцыйнасць выканання вызначыла ўзнікненне ў многіх краінах асаблівага тыпу тэатр. прадстаўленняў — т. зв. традыцыйны тэатр. У краінах Азіі са стараж. часоў былі пашыраны нар. танцавальна-пантамімічныя муз. прадстаўленні. На іх аснове сфарміраваўся традыц.т-р Інданезіі (ваянг, тапенг і інш.), Шры-Ланкі (калам), Індыі (катхакалі і інш.), Японіі (кабукі, но) і інш. У Еўропе нар. акцёры значна паўплывалі на рэліг.-драм. прадстаўленні (сярэдневяковую містэрыю). Пранікненне камед.-быт. элементаў у паказы містэрый садзейнічала фарміраванню фарса. Традыцыі фарса і карнавала падрыхтавалі з’яўленне камедыі дэль артэ. Традыцыі Н.т. распрацоўвалі буйнейшыя драматургі і акцёры.
Вытокі бел. Н.т. ў стараж. паляўнічых і земляробчых абрадавых гульнях, культавых рытуалах, дзе зараджаліся элементы гульнявога дзеяння і тэатр. пераўвасаблення. Абрады, што ўзніклі ў часы язычніцтва, паступова страчвалі сваю магічную аснову. Працэс абміршчэння абрадаў і павелічэнне іх драм.-ігравога пачатку прывёў да адносна самаст. развіцця драм.тэатр. момантаў, якія набылі выразную эстэт. функцыю. Элементы тэатралізаванага дзеяння ёсць у многіх каляндарных (Каляды, Купалле і інш.), сямейна-бытавых (вяселле і інш.) абрадах, карагодах, карагодных танцах і гульнях. Сцэнарый вяселля меў кампазіцыйна-структурную будову, аналагічную драме: завязку, кульмінацыю і развязку, падзел на асобныя сцэны і эпізоды, пэўныя ролі, выпрацаваныя і замацаваныя абрадавай традыцыяй. Каляды мелі характар своеасаблівага карнавалу: хадзілі гурты калядоўшчыкаў са звяздой, вадзілі «казу», «кабылу», «мядзведзя», «жорава», пазней адбываліся паказы батлейкі, народнай драмы. Выканаўцы пераапраналіся, карысталіся маскамі, своеасаблівым грымам, рэквізітам. Персанажы з калядных гульняў і прынцыпы іх абмалёўкі, кампазіцыйныя і выканальніцкія прыёмы, асобныя сцэны развіліся ў больш складаныя формы Н.т. У карагодах арганічна спалучаліся песня, танец і драматызаванае дзеянне, тэатралізацыя ў іх узнікла на аснове песеннага сюжэту. Паступова з карагода вылучаліся выканаўцы роляў, паміж імі і карагодным хорам вёўся песенны дыялог. Эвалюцыя абрадавай сістэмы, куды ўваходзілі раней і розныя формы творчасці, стварыла перадумовы гіст.-ранняга вылучэння з яго нар. ігрышчаў, якія спалучалі ў сабе песеннае, харэаграфічнае і тэатр. мастацтвы і тэатралізаваныя паказы: хаджэнні пераапранутых, гульнявы паказ вяселля («Жаніцьба Цярэшкі», «Жаніцьба бахара»), гульні («Яшчур», «Халімон» і інш.). Развітую сюжэтную аснову мелі таксама шматлікія пазаабрадавыя гульні («Старыца», «Кавалі», «Злыдні» і інш.). Значную ролю ў развіцці разнастайных форм Н.т. адыгралі аселыя скамарохі — нязменныя ўдзельнікі нар. свят і ігрышчаў. Іх мастацтва садзейнічала далейшай тэатралізацыі абрадаў і гульняў, прыкметна ўплывала на характар дзейнасці нар. музыкантаў, казачнікаў і інш. выканаўцаў. У станаўленні нар. форм тэатр. прадстаўленняў значны ўклад зрабілі вандроўныя прафес. скамарохі, сярод якіх асаблівай папулярнасцю на Беларусі карысталіся павадыры мядзведзяў (гл.«Мядзведжыя пацехі», «Смаргонская акадэмія»), музыкі, лірнікі, выканаўцы драм сцэнак. Н.т. развіваўся як т-р жывога акцёра і т-р лялек (батлейка). Найб. яскрава і пераканаўча ў батлейкавым т-ры нац.маст. традыцыя выявілася ў малых формах нар. драмы, у невял. камедыйных сцэнах (інтэрмедыях). Некаторыя сцэны з рэпертуару батлейкі ў канцы 19 — пач. 20 ст. выконвалі жывыя акцёры, такія паказы наз.жывой батлейкай. У батлейцы канчаткова аформілася нар. драма. У паказах батлейкі і нар. драмы знайшлі сваё ўвасабленне найб. развітыя формы нар.тэатр. творчасці. Элементы Н.т. ў пач. 20 ст. выкарыстоўваліся аматарскімі гурткамі, якія наладжвалі беларускія вечарынкі, і прафес. т-рамі І.Буйніцкага, У.Галубка. Спектаклі трупы Буйніцкага захоўвалі сувязь з нар. ігрышчамі: разам з пастаноўкамі драм. твораў уключалі выкананне нар. песень і танцаў, дэкламацыю. Традыцыі батлейкі і нар. драмы адраджаюцца ў асобных пастаноўках студэнтаў Бел.АМ, Мінскага нар.т-раБДУ і інш.нар. тэатраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́СУД МАСТА́ЦКІ,
прадметы бытавога, гаспадарчага, утылітарна-маст. і дэкар. прызначэння для прадуктаў харчавання, вадкасцей і інш., форма і дэкор якіх вызначаюцца эмацыянальна-вобразнай асновай. Адносна матэрыялу бывае метал. (чыгунны, медны, сярэбраны і інш.), керамічны (гліняны, фарфоравы, фаянсавы), драўляны, саламяны, шкляны, лубяны, пластмасавы і інш.; паводле вырабу — каваны, літы, штампаваны, бандарны, выдзеўбаны, такарны, плецены і інш.; аздабляецца размалёўкай, гравіраваннем, чаканкай, чарненнем, эмалямі, лепкай, разьбой і інш. Як і інш. творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваэстэт. прывабнасцю стварае колерава-пластычныя акцэнты ў інтэр’еры. У вобразным ладзе П.м. выяўляецца яго непасрэднае прызначэнне і эстэт. ўяўленні эпохі, часам грамадскія ідэі і з’явы. Асн. яго маст. прынцып — арганічнае спалучэнне дэкар. і утылітарных функцый, цесная ўзаемасувязь формы і дэкору. Вядомы ўсім народам свету, вызначаецца характэрнымі нац. асаблівасцямі.
На Беларусі з часоў неаліту вядомы гліняны посуд ручной лепкі, часта з геам. арнаментам. У 10—13 ст. пачаўся масавы рамесніцкі выраб сталовага і літургічнага П.м. У 15—16 ст. з утварэннем рамесніцкіх цэхаў пашырыліся злотніцтва і медніцтва. Геам. дэкор дапоўніўся рэльефнымі расл. і зааморфнымі матывамі. У 17 ст. пад уплывам барока П.м. набыў складаныя формы, аздобленыя рэльефнай чаканкай, літым або разьбяным арнаментам з густа пераплеценых расл. парасткаў, клетак, пладоў. Для храмаў і палацаў выраблялі разнастайныя чашы, блюды, паціры, кубкі, якія аздаблялі эмалямі, фініфцю, каштоўнымі камянямі, чарненнем, гравіраваннем і інш. Керамічныя вырабы ўпрыгожвалі ангобным геам. і расл. дэкорам, зялёнай, белай, карычневай палівамі (гл.Кераміка). Развівалася ліццё мастацкае з волава і бронзы. Высокамаст. посуд выраблялі бел. майстры, якія працавалі ў Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. Найб. развіцця П.м. дасягнуў у 18 ст. На буйных шкляных мануфактурах у Налібаках (Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл.), Урэччы (Любанскі р-н Мінскай вобл.), Новай Мышы (Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) і інш. выраблялі шкляны і хрусталёвы П.м., аздоблены расл., заа- і антрапаморфнымі выявамі, гербамі і інш. (гл.Урэцка-Налібоцкае шкло). Фаянсавы посуд мануфактур у Целяханах (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) і Свержані (Стаўбцоўскі р-н мінскай вобл.) дэкарыравалі паліхромнай размалёўкай, рэльефнымі выявамі кветак, пладоў, гірляндаў, маскаронаў (гл.Целяханскія фаянсавыя вырабы, Свержанская фаянсавая мануфактура). У Бакштах (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.), Вішневе і Рудні (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.) адлівалі алавяны посуд. У Гродне, Давыд-Гарадку, Магілёве, Пінску, Слуцку выраблялі залаты, сярэбраны, латунны, пазалочаны і пасярэбраны П.м. з рэльефным чаканным дэкорам расл. характару. З 2-й пал. 18 ст. пад уплывам класіцызму формы і аздабленне П.м. сталі больш ураўнаважаныя, дэкарыраваныя ўчасткі чаргаваліся з гладкімі, пашырыліся ант. матывы, ваен. атрыбутыка, маскароны. У 19 ст. пачаўся масавы прамысл. выраб П.м. штампоўкай, адліўкай і выдзіманнем у формы. У канцы 19 — пач. 20 ст. формы і дэкор П.м. часта мелі эклектычны характар, адлюстроўвалі ўплыў ампіру і мадэрну. У нар. побыце пераважаў самаробны П.м. з дрэва, гліны, саломы, лазы, бяросты (карцы, сальніцы, талеркі і інш.) простых канструктыўных форм, часта падкрэсленых нескладаным геам. ці зааморфным дэкорам, які захоўваў стараж. сімвалічную ролю. У 2-й пал. 19 ст. прыёмы і сродкі аздаблення традыц.нар. П.м. ўзбагаціліся, пашырыўся яго асартымент (гліняныя вазы, цукарніцы, масленіцы, сальніцы з размалёўкай і ляпнінаю, фігурныя пасудзіны для вадкасцей, драўляныя талеркі з разьбой, берасцяныя вырабы з цісненнем і інш.). Нар. майстры імкнуліся паўтараць формы і дэкор прамысл. вырабаў, але інтэрпрэтавалі іх у адпаведнасці з мясц. традыцыямі і ўласнымі густамі. У 1920-я г. П.м. амаль не вырабляўся. Шкляны і хрусталёвы П.м. (пераважна для выставак) выпускалі шклозаводы ў Барысаве, Бярозаўцы Лідскага р-на Гродзенскай вобл. (гл.Барысаўскае шкло, Нёманскае шкло). У характары вырабаў выяўляліся рэмінісцэнцыі маст. стыляў 19 ст. Недахоп П.м. часткова кампенсавалі вырабы традыц. ганчарных цэнтраў, у многіх з іх былі створаны арцелі (гл.Ганчарства). У 1940—50-я г. выставачны П.м. вызначаўся арнаментальным багаццем, перавагай дэкору над формай, пампезнасцю і электрычнасцю. У 1951 пачаў працаваць Мінскі фаянсава-фарфоравы з-д (гл.Мінскі фарфоравы завод) прадукцыя якога ў значнай ступені стваралася па ўзорах з-даў Расіі і Украіны. У канцы 1950-х г. задачы масавасці і функцыяналізму выклікалі выпрацоўку адточаных і выразных форм пры мінімуме дэкору, прастату і лаканізм абрысаў П.м. У 1960—80-х г. мастакі пры стварэнні ўзораў П.м. звярталіся да асн. прынцыпаў нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва: спалучэння мэтазгоднасці і функцыянальнасці з умелым выкарыстаннем магчымасцей матэрыялу, яго колеру і фактуры. З’яўляюцца больш індывід. творчыя вырашэнні, вырабы пазбавіліся залішняга лаканізму. Сучасны П.м. вызначаецца разнастайнасцю форм, багаццем дэкар. вырашэнняў. Керамічны, драўляны разьбяны і размаляваны, плецены з саломы і лазы П.м. ў характэрным нац. стылі вырабляюць прадпрыемствы і майстры народных мастацкіх промыслаў.
Літ.:
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984;
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;
Яе ж. Беларускае мастацкае шкло XIX — пачатак XX ст.Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЕ́Т (франц. ballet ад позналац. ballare танцаваць),
від сцэнічнага мастацтва, змест якога выяўляецца ў музычна-харэаграфічных вобразах; вышэйшая форма харэаграфіі.
Належыць да сінт. відаў маст. твор-часці. Аб’ядноўвае музыку, харэаграфію (танец і пантаміму), выяўл. мастацтва. Асновай харэагр. вобраза з’яўляецца танец; у балет уключаюць розныя віды танца: класічны, характарны, народна-сцэнічны, гратэскавы, мадэрн, рытмапластычны, свабодную пластыку. Аснова балета — дзейны танец. Пэўную ролю ў балеце адыгрываюць дывертысмент і пантаміма. Вобразна адлюстроўваючы рэчаіснасць, балет з уласцівай яму ўмоўнасцю здольны да паэт. абагульненняў, увасаблення жыццёвых канфліктаў, сцвярджэння ідэалаў прыгожага. Існуюць балеты-трагедыі і балеты-камедыі, балеты-п’есы і балеты-сімфоніі, балеты сюжэтныя (блізкія да драм. спектакля) і бессюжэтныя, або сімфанічныя (у іх аснове сімф. танец), шматактовыя і аднаактовыя, харэагр. мініяцюры.
Як самаст. від мастацтва складваўся ў Еўропе ў 16—18 ст. (першы спектакль «Камедыйны балет каралевы» паст. ў Францыі ў 1581) і пашырыўся ва ўсім свеце. Тэрмін «балет» узнік у канцы 16 ст. ў Італіі і, як правіла, абазначае еўрап. класічны балет; з 20 ст. так называюць і спецыфічныя танц. паказы, што склаліся ў краінах Азіі, Афрыкі, Усходу. Эстэтыка балета ўвабрала рысы розных маст. кірункаў — класіцызму, рамантызму, імпрэсіянізму, сентыменталізму і інш Станаўленне балета (18—19 ст.) звязана найперш з Францыяй (харэографы Ж.Ж.Навер, Ж.Даберваль, Ф.Тальёні, Ж.Перо), Даніяй (К.Бурнанвіль), Расіяй (І.Вальберх, Ш.Дзідло і А.Глушкоўскі, М.Петыпа, Л.Іваноў, М.Фокін, А.Горскі і інш.). У 20 ст. балетнае мастацтва пашырылася ва ўсім свеце. Вял. ўплыў на яго развіццё зрабілі дзейнасць Фокіна і Рускія сезоны ў Парыжы (з 1909), гастролі Г.Паўлавай, а таксама «свабодны» танец А.Дункан, танец мадэрн (М.Грэхем і інш.), рытмапластычны танец (М.Вігман і інш.). У 1920—30-я г. цэнтрам балетнага мастацтва была Францыя, дзе працавала трупа Рускі балет Дзягілева і створаныя пазней на яе аснове калектывы. У пастаноўках Л.Мясіна, Б.Ніжынскай, Дж.Баланчына, пазней С.Ліфара (1930—50-я г.) атрымалі развіццё фокінскія традыцыі ў спалучэнні з нац. асаблівасцямі. У Вялікабрытаніі ў 1930-я г. пачаў развівацца балет, заснаваны на традыцыях рус. мастацтва, але блізкі да англ.т-ра пантамімы. У ЗША пераважаў танец мадэрн; пастаноўкі Грэхем, Д.Хамфры, пазней Х.Лімона ўзнімалі складаныясац. і псіхал. праблемы. З 1940-х г. у ЗША і краінах Зах. Еўропы на аснове бессюжэтных балетаў Баланчына пашырыліся т.зв. «сімфанічныя» балеты. Для сучаснага зарубежнага т-ра характэрна разнастайнасць стыляў, жанраў і формаў. Часта балетам наз. харэагр. творы ад бессюжэтнай мініяцюры да шматактовага сінт. відовішча, у якое ўводзяцца спевы, кінакадры, дэкламацыя, шумавыя і светлавыя эфекты, лялькі («татальны тэатр» М.Бежара). Найб. пашыраны аднаактовы балет. Сярод вядомых замежных труп: «Балет XX стагоддзя» на чале з Бежарам, «Балет Елісейскіх палёў» і «Балет Парыжа» (стваральнік абодвух Р.Пці), «Амерыканскі тэатр балета», «Нью-Йоркскі гарадскі балет». У развіццё рас. балетнага мастацтва вял. ўклад зрабілі балетмайстры І.Бельскі, В.Вайнонен, А.Вінаградаў, К.Галяйзоўскі, В.Гардзееў, Ю.Грыгаровіч, А.Ермалаеў, Р.Захараў, Н.Касаткіна і У.Васілёў, Ф.Лапухоў, Л.Лаўроўскі, Б.Эйфман, Л.Якабсон і інш.
Вытокі бел. харэагр. мастацтва ў глыбокай старажытнасці — у гульнях, абрадах, карагодах, дзе танец быў неаддзельны ад песні, гульні, акцёрскага дзеяння. Першыя прафес. танцоры-скамарохі вядомыя на Беларусі з 12 ст.Пач. формы харэагр. мастацтва мелі школьны тэатр, нар. драма, батлейка. Перыяд уздыму танца-балета на Беларусі — 16 ст., калі ў прыватнаўласніцкіх замках і буйных сядзібах дзейнічалі прыватныя балетныя трупы (гл.Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла, Слонімскі тэатр Агінскага, Шклоўскі тэатр Зорыча, Ружанскі тэатр Сапегаў), балетныя школы (Гродзенская музычна-тэатральная школа, Нясвіжская балетная школа, Слонімская балетная школа, Шклоўская балетная школа). Найб. таленавітыя бел. прыгонныя танцоры [А.Дарэўская, А.Бжазінскі, М.Малінская, К.Азарэвіч (гл.Азарэвічы), К.Буткевіч, Р.Бекер, М.Рымінскі і інш.] пазней выступалі на варшаўскай і пецярбургскай сцэнах. У 1840-я г.бел. артысты працавалі ў Віцебскім балеце Піёна. Нац. балетны т-р узнік на пач. 1920-х г. Першыя балетныя спектаклі, у т. л. «Капелія» Л.Дэліба, «Зачараваны лес» Р.Дрыга, пастаўлены ў 1920-я г. К.Алексютовічам на сцэне БДТ, які меў і балетную трупу. Беларуская студыя оперы і балета (1930—33) паслужыла асновай для стварэння Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь (першая харэагр. паст. «Чырвоны мак» Р.Гліэра). Значнай вяхой у гісторыі бел. балета стаў першы нац. балет «Салавей» М.Крошнера (паст. 1939, 1940). Пошукі нац. своеасаблівасці працягваліся пры паст.нац. балета «Князь-возера» В.Залатарова (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Падстаўная нявеста» (1958), «Святло і цені» (1963), «Пасля балю» (1971) Г.Вагнера, «Мара» (1961), «Альпійская балада» (1967), «Тыль Уленшпігель» (1974, 2-я рэд. 1978) Я.Глебава, «Страсці» («Рагнеда», 1995) А.Мдывані, «Кругаварот» («Народны трылер», 1996) А.Залётнева і інш. У пастаноўках В.Елізар’ева «Стварэнне свету» А.Пятрова (1976), «Тыль Уленшпігель» (2-я рэд., 1978), «Спартак» А.Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (1982), «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1983), «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага (1986), «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1988) на высокім узроўні ўвасабляюцца грамадска значныя філас. тэмы, інтэнсіўна абнаўляюцца сродкі выразнасці, фарміруюцца новыя прынцыпы харэагр. паэтыкі і эстэтыкі. У 1970—90-я г.бел. балет атрымаў міжнар. прызнанне ў час гастроляў у краінах Еўропы, Лац. Амерыкі, ЗША, Азіі і інш. Балеты бел. кампазітараў паст. ў Маскве, С.-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску, Львове, Самары, Чэлябінску, Хельсінкі. У Мінску працуе Дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Красовская В. Западноевропейский балетный театр: Очерки истории: От истоков до середины XVIII в. Л., 1979;
Яе ж. Русский балетный театр от возникновения до середины XIX в. Л.;
М., 1958;
Яе ж. Русский балетный театр второй половины XIX в. Л.;
М., 1963;
Слонимский Ю. Советский балет: Материалы к истории сов. балетного театра. М.; Л., 1950;
Чурко Ю.М. Белорусскнй балет. Мн., 1966;
Яе ж. Белорусский балетный театр. Мн., 1983;
Яе ж. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;
Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;
Яе ж. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993;
Гришенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989.
Т.М.Мушынскі.
Сцэна з балета «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава. 1978.Сцэна з балета «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага. Вялікі балет маркіза дэ Куэваса. Парыж. 1960.Сцэна з балета «Жызэль» А.Адана. Парыжская опера.Сцэна з балета «Князь-возера» В.Залатарова. 1949.