род марскіх жывёл падтыпу бесчарапных тыпу хордавых. Апісаны П.С.Паласам (1774). 7 відаў. Пашыраны ўсюды ў цёплых і ўмераных водах. Жывуць на пясчаным грунце на глыб. да 30 м і больш.
Даўж. да 8 см. Цела паўпразрыстае, ружаватага колеру. Спінны плаўнік пераходзіць у хваставы, які мае форму ланцэта (адсюль назва). Шкілет прадстаўлены хордай. Сэрца адсутнічае. Дыханне шчэлепнае. Кормяцца планктонам. Раздзельнаполыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРАВІ́ШНЯ (Laurocerasus),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі і Амерыкі. Культывуецца Л. лекавая (L. officinalis).
Вечназялёныя дрэвы і кусты. Лісце цэльнае, часцей скурыстае. Кветкі белыя, дробныя, духмяныя, у вузкіх гронках. Плод — сакаўная касцянка, у некат. відаў — ядомая. Насенне ядавітае (мае сінільную к-ту). Драўніна выкарыстоўваецца ў дрэваапрацоўчай прам-сці. Дэкар., лек. і пладовыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕПТАМАНА́ДЫ (Leptomonas або Herpetomonas),
род прасцейшых сям. трыпанасамід кл. жгуціканосцаў. Больш за 10 відаў. Паразіты жывёл і раслін. У жывёл паразітуюць у кішэчніку насякомых, чарвей, паўзуноў, крыві рыб, птушак, млекакормячых; у раслін — у млечным соку (малачаевыя, складанакветныя і інш.), вакуолях клетак, выклікаюць захворванне кафейнага дрэва — некроз флаэмы. Пераносчыкі — клапы.
Даўж. 15—30 мкм. Цела тонкае, верацёнападобнае. Жгуцік служыць для перамяшчэння і прымацавання да эпітэлію кішэчніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЫ́ЛЬСКІ ЧАЙ (Pentaphylloides),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі інтрадукаваны К.ч.: драбналісты (P. parvifolia), куставы (P. fruticosa), маньчжурскі (P. mandshurica), Фрыдрыхсена (P. friedrichsenii).
Лістападныя кусты выш. да 1,5 м. Лісце перыстае, жаўтавата-зялёнае. Кветкі адзіночныя або ў суквецці, белыя, жоўтыя дыяметрам да 3 см. Плод — апушаны шматарэшак. Лісце ўжываецца для прыгатавання чайнага напітку. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́СІЯ (Cassia),
сенна, род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 600 відаў. Пашырана ў трапічных і цёплаўмераных паясах (акрамя Еўропы). К. вастралістая (C. acutifolia) і вузкалістая (C. angustifolia) культывуюцца ў Афрыцы, Сярэдняй Азіі, на Каўказе.
Шматгадовыя травы, кусты і невял. дрэвы. Лісце складанае, парнаперыстае, з 5—10 парамі вузкіх лісточкаў. Кветкі жоўтыя, радзей белыя або чырванаватыя, у гронках. Лек, інсектыцыдная і дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАКО́СМІЯ, мантбрэцыя (Crocosmia),
род кветкавых раслін сям. касачовых. 7 відаў. Пашыраны ў Паўд. Афрыцы. На Беларусі інтрадукаваны садовы гібрыд К. звычайная (C. crocosmiiflora) у Цэнтр.бат. садзе Нац.АН. Мае шмат сартоў (напр., Везувій, Ледзі Аксфорд).
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 60—100 см. Сцябло прамое, разгалінаванае. Лісце мечападобнае, у густых пучках. Кветкі аранжава-чырванаватыя, дыяметрам 3—5 см у верхавінкавым мяцёлчатым суквецці. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙСЕ́РЫІ (Neisseria),
род бактэрый сям. нейсерыевых. Высокаадаптаваныя паразіты (гінуць па-за арганізмам), жывуць у верхніх дыхальных шляхах млекакормячых жывёл і чалавека. Выключэнне — патагенныя віды: ганакок (N. gonorrhoeae), узбуджальнік ганарэі, размнажаецца ў мочапалавым тракце, і менінгакок (N. meningitidis), выклікае эпідэмічны цэрэбраспінальны менінгіт.
Клеткі дыяметрам 0,5—1 мкм у форме боба ці кававага зерня, размешчаныя парамі. Грамадмоўныя. Аэробы ці факультатыўныя анаэробы. Ёсць сапрафітныя віды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТЭЛО́ПСІС (Nitellopsis),
род харавых водарасцей сям. харавых. 3 віды. Пашыраны ўсюды. На Беларусі на ілістым дне глыбокіх вадаёмаў трапляецца Н. прытуплены (N. obtusa).
Талом з ніткападобных парасткаў, членіста-кальчаковай будовы выш. да 1 м, падзелены на вузлы і міжвузеллі, прымацоўваецца да грунту рызоідамі. Міжвузеллі ўтвораны адной шмат’ядзернай клеткай даўж. 0,2—20 см, якая не здольна да дзялення. Размнажэнне вегетатыўнае і палавое.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРМЕЛІЁПСІС (Parmeliopsis),
род ліставатых лішайнікаў сям. пармеліевых. 4 віды. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 3 віды П.: бляднеючы (P. pallescens), няпэўны (P. ambiqua), цёмны (P. hyperopta). Трапляюцца ў лясах на дрэвах.
Слаявіна ліставатая. Зверху жаўтавата-зеленаватая ці шараватая са сподкападобнымі пладовымі целамі (апатэцыямі) або сарэдыямі. Знізу светла-карычневая, прымацоўваецца да субстрату. Сумкі булавападобныя з аднаклетачнымі спорамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАРНА́К (Pastinaca),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від — П. дзікі, або лясны (P. sylvestris). Трапляецца на схілах, каля дарог, жылля. Культывуецца П. пасяўны (P. sativa).
Двух- або шматгадовыя травы з перыстым лісцем. Кветкі жоўтыя, у складаных парасоніках. Плод — сямянка. П. пасяўны здаўна вырошчваюць як прыпраўную, агароднінную і кармавую расліну.