КАНЦЭНТРЫ́ЧНЫ ПУЧО́К,

сасудзіста-валакністы цяж праводзячай тканкі раслін, у якім драўніна (ксілема) знаходзіцца ў цэнтры пучка, а луб (флаэма) — звонку ці наадварот. З’яўляецца закрытым пучком, бо адсутнічае камбій. Характэрны для вегетатыўных органаў папарацепадобных і аднадольных раслін. Гл. таксама Калатэральны пучок.

т. 8, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСЕЎДАГАМІ́Я (ад псеўда... + ...гамія),

несапраўднае апладненне. У грыбоў і ніжэйшых раслін — асобны тып працэсу размнажэння (псеўдаміксіс), пры якім адбываецца зліццё двух марфалагічна не дыферэнцыраваных па прыкметах полу вегетатыўных клетак. У пакрытанасенных раслін і жывёл вынікам П. бывае андрагенез або гінагенез.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЎГІНЫ, Боэн (Bauhin),

швейцарскія батанікі, браты. Нарадзіліся ў г. Базель (Швейцарыя).

Іаган (12.2.1541—27.10.1613), апісаў 5000 відаў раслін («Новая універсальная гісторыя раслін», т. 1—3, 1650—61). Каспар (17.1.1560—15.12.1624) упершыню выкарыстаў бінарную наменклатуру ў сістэматыцы раслін (1620). Спрабаваў аб’яднаць усе віды па прыкметах агульнага падабенства ў пэўныя групы. Падзяліў расліны на 12 «кніг», кожную з якіх — на секцыі (адпавядаюць сямейству па сучаснай сістэматыцы), роды і віды. Дыягнаставаў некат. расліны да разнавіднасці. Апісаў засланку (клапан) у кішэчніку, якая названа яго імем (баўгінава засланка).

т. 2, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМАПАЛІ́ТЫ ў біялогіі,

віды (або інш. таксоны) раслін і жывёл, якія трапляюцца амаль па ўсёй Зямлі. К. — арганізмы з вял. адаптыўнымі здольнасцямі, шырокай экалагічнай пластычнасцю. На ўзроўні віду К. нямнога. З раслін — водныя і балотныя, напр., рагоз, раска, урэчнік, або пустазелле — драсён птушыны, мятліца аднагадовая, стрэлкі, трыпутнік вялікі і інш.; з жывёл — гар. верабей, шэры пацук, пакаёвая муха і інш. Часцей К. — таксоны больш высокага рангу. З раслін — злакі і складанакветныя, з жывёл — калаўроткі, прэснаводныя ракападобныя, ціхаходкі і інш. Гл. таксама Эндэмікі.

т. 8, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́ДЗІН (Уладзімір Іванавіч) (23.7.1859, Масква — 3.2.1922),

расійскі батанік і біяхімік, заснавальнік школы фізіёлагаў і біяхімікаў раслін. Акад. Пецярбургскай АН (1914). Вучань К.А.Ціміразева. Бацька А.У.Паладзіна. Скончыў Маскоўскі ун-т (1883). У 1889—1914 праф. Харкаўскага, Варшаўскага і Пецярбургскага ун-таў. Навук. працы па дыханні раслін, ролі ферментаў у гэтым працэсе. Даследаваў утварэнне і каардынацыю дзейнасці раслінных ферментаў, працэсы ператварэння бялкоў. Устанавіў розніцу паміж запаснымі бялкамі і бялкамі пратаплазмы, першаснымі і другаснымі прадуктамі іх распаду. Прапанаваў тэорыю дыхання раслін як сістэму ферментатыўных рэакцый.

У.І.Паладзін.

т. 11, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІКІРО́ЎКА (ад франц. piquet кол, калок),

перасадка маладых агароднінных, пладовых, дэкаратыўных і некат. тэхн. раслін.

Пікіруюць пераважна раннюю капусту, перац, памідоры. П. забяспечвае раўнамернае размеркаванне расады, павялічвае плошчу жыўлення раслін, эканоміць насенне, парніковую плошчу. У пладаводстве П. — адзін са шляхоў атрымання раслін з кампактнай разгалінаванай каранёвай сістэмай. Сеянцы вырошчваюць густым пасевам у скрынках або ў парніковым грунце, потым перасаджваюць з дапамогай калка (пікі) у торфаперагнойныя гаршчочкі. Пры П. карані ўкарочваюць, расліны паліваюць, трымаюць 2—3 сут пры аслабленым асвятленні і высокай вільгаці.

т. 12, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛЕРАНХІ́МА (ад грэч. sklēros цвёрды, шчыльны + enchyma налітае, тут тканка),

механічная тканка раслін, якая складаецца з таўстасценных клетак 2 тыпаў — валокны і камяністыя клеткі (склераіды). Валокны — моцна выцягнутыя празенхімныя клеткі даўж. ад некалькіх дзесятых міліметра да 4 см (рамі) з завужанымі канцамі, слаістымі порыстымі сценкамі і поравымі каналамі. Забяспечваюць трываласць органаў раслін на расцяжэнне, сцісканне, выгін. У многіх раслін валокны складаюць мех. абкладку праводных пучкоў. Неадраўнелыя валокны С. з цэлюлознымі сценкамі (напр., у джута, канапель, лёну) — сыравіна для тэкст. прам-сці.

т. 14, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭГУМЕ́НТ (ад лац. integumentum пакрывала),

покрыва семязавязі насенных раслін, які вырастае з яе цэнтр. ч. — нуцэлуса. На верхавінцы семяпупышкі І. не злучаецца, фарміруецца адтуліна — пылкаўваход (мікрапіле). Пасля апладнення І. ператвараецца ў насенную скурку. У некат. раслін адзін І., у інш. (усе аднадольныя) — два.

т. 7, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАБІЁНТЫ (ад неа... + біёнт),

заносныя віды раслін (адвентыўныя расліны, неафіты) і жывёл (неафілы). Адрозніваюць Н., занесеныя чалавекам (антрапабіёнты, напр., каларадскі жук, пацукі і інш.) і прыродным шляхам (прыродная інвазія): воднымі патокамі і цячэннямі, ветрам і інш. (напр., насенне раслін, плады і інш.).

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРАКО́ВЫЯ ТЛІ,

насякомыя атрада раўнакрылых падатрада сысучых; шкоднікі буракоў і інш. с.-г. раслін. Найб. пашыраны ва ўсіх раёнах буракасеяння 2 віды: бураковая, або бабовая, тля (Afis fabae) і бураковая каранёвая тля (Pemphigus fuscicornus). Псуюць таксама пасевы бобу, бульбы, шпінату, гарбузоў і інш. раслін, асабліва моцна насеннікі буракоў.

Бураковая тля бывае бяскрылая і крылатая, даўж. 2 мм, чорная з шызым адценнем. Да 17 пакаленняў за год. Высмоктвае сокі з раслін, у выніку лісце скручваецца і завядае, расліна адстае ў росце, зніжаецца ўраджай. Зімуе ў стадыі яец. Бураковая каранёвая тля жаўтавата-белая, даўж. да 2,5 мм. Калоніі тлей жывуць на дробных карэньчыках раслін, якія вянуць, а пры недахопе ў глебе вільгаці гінуць. Цукрыстасць цукр. буракоў зніжаецца на 3—5%.

Бураковыя тлі: бяскрылая і крылатая самкі.

т. 3, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)