З’ЕЗД БЕЛАРУ́СКІХ ДЭЛЕГА́ТАЎ ВІ́ЛЕНШЧЫНЫ І ГРО́ДЗЕНШЧЫНЫ.
Адбыўся 9—10.6.1919 у Вільні. Скліканы па ініцыятыве паланафільскай групы бел. паліт. дзеячаў на чале з Б.А.Тарашкевічам. Прысутнічала 125 дэлегатаў, большасць з іх члены Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Асн. даклады: аб кааперацыі (К.С.Дуж-Душэўскі), аб стане і неадкладных задачах бел. асветы (М.С.Кахановіч), аб выдавецкай дзейнасці (Я.Станкевіч). З’езд пацвердзіў вернасць ідэалам незалежнай і непадзельнай Беларусі, выказаў поўны давер ураду БНР, прызнаў пажаданым дзярж. саюз з Літвой. У прынятай дэкларацыі асудзіў акупацыю Беларусі Польшчай, заклікаў да стварэння працоўных валасных, пав. і губ. рад. Прыняў рэзалюцыі аб стварэнні бел. войска, аб арганізацыі настаўніцкіх курсаў у Вільні і Гродне, абмеркаваў пытанні пра беларусізацыю царквы і касцёла на Беларусі, пра дапамогу пацярпелым ад вайны. Выбраў Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гродзеншчыны, прыняў пастанову пра скліканне Рады БНР.
А.С.Ліс.
т. 7, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРОН (сапр. Крэйн) Аляксандр Аляксандравіч
(13.7.1909, Масква — 24.2.1983),
расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). Дэбютаваў у 1929 п’есай «Вінтоўка № 492116» (паст. 1930) пра дзіцячую беспрытульнасць. П’есам «Баязлівец» (паст. 1935), «Наша зброя» (1937), «Глыбокая разведка» (паст. 1943), «Афіцэр флоту» (паст. 1945), «Другое дыханне» (паст. 1956) і інш. характэрны вострыя маральныя канфлікты. Аўтар муз. камедыі «Раскінулася мора шырока...» (з У.Вішнеўскім і У.Азаравым; паст. 1942). Выдаў раман «Дом і карабель» (1964) пра падводнікаў і іх удзел у абароне Ленінграда ў Вял. Айч. вайну, псіхалагічны раман «Бяссонніца» (1977), дакумент аповесць «Капітан далёкага плавання» (1983), кнігі нарысаў «На хаду і на якары» (1961), «Вечная праблема» (1969), успамінаў «Аб равесніках» (1978). Пісаў артыкулы пра тэатр і інш.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3. М., 1990—91;
Пьесы и статьи о театре. М., 1980.
С.Ф.Кузьміна.
т. 8, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́З Уладзімір Вікенцьевіч (н. 11.6.1953, г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэт, кінадраматург. Скончыў БПІ (1975), Літ. ін-т імя Горкага (1983). Працаваў у ін-це «Мінскпраект», з 1988 на кінастудыі «Летапіс» «Беларусьфільма». З 1998 у час. «Бярозка». Друкуецца з 1978. У зб-ках «Голас», «Рэй» (абодва 1993) лірычны роздум пра бел. шлях, любоў да роднага краю, тэма кахання. Аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў пра гісторыю і культуру Беларусі «Кірыла Тураўскі» (1990), «Іван Насовіч» (1991), «Леў Сапега, канцлер», «Рэха збройнага чыну» (абодва 1992), «Браты Ермаловічы», «Успамін пра Міколу Равенскага» (абодва 1993, за апошні Дзярж. прэмія Беларусі 1994), «За брамай забытых мелодый», «Крыж ля дарогі» (абодва 1994), «Сымон Будны. Паэма» (1995), «Крэва» (1996), «Зорка Афанасія» (1997), «Згадкі страчанага раю» (1998) і інш. Адзін з укладальнікаў і аўтараў кн. «Памяць. Івацэвіцкі раён» (1997).
І.У.Саламевіч.
т. 10, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РШАЛ (Marshall) Алан (2.5.1902, Нурат, Аўстралія — 22.1.1984),
аўстралійскі пісьменнік. Літ. дзейнасць пачаў у 1920-я г. Вядомасць набыў аўтабіягр. трылогіяй «Я магу скакаць цераз лужыны» (1955, экранізацыя 1970), «Гэта трава, што расце ўсюды» (1962), «У сэрцы маім» (1963), у цэнтры якой гісторыя дзяцінства і юнацтва, барацьбы з хваробай, выбар жыццёвага шляху. Аўтар зб-каў апавяд. «Раскажы нам пра індыка, Джо» (1946), «Як ты там, Эндзі?» (1956), «Дзікія чырвоныя коні» (1976), «Людзі мары» (1978), кніг нарысаў «Мы таксама людзі» (1948), «Аўстралія Алана Маршала» (1981), твораў пра дзяцей і жывёл. Сабраў і апрацаваў легенды і міфы абарыгенаў (зб. «Людзі з давён-даўна», 1952). На бел. мову прытчу М. пра абарыгенаў «Дынга і Кенгуру» пераклаў Я.Семяжон.
Тв.:
Рус. пер. — Страдай молча. М., 1966;
Я умею прыгать через лужи: Повесть.Рассказы. Легенды. 2 изд. М., 1982.
т. 10, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ КАМІТЭ́Т ЧЫРВО́НАГА КРЫ́ЖА (МКЧК),
міжнародная арг-цыя дапамогі ахвярам вайны і стыхійных бедстваў. Створаны ў кастр. 1863 на канферэнцыі прадстаўнікоў 16 краін па ініцыятыве А.Дзюнана. З гэтага часу пачалі ўзнікаць нац. т-вы Чырв. Крыжа (у мусульм. краінах — Чырв. Паўмесяца). Для каардынацыі сваіх намаганняў у 1919 нац. т-вы стварылі Лігу т-ваў Чырв. Крыжа (цяпер Ліга т-ваў Чырв. Крыжа і Чырв. Паўмесяца). Сумесна з МКЧК яны склалі Міжнар. Чырв. Крыж (з 1986 — Міжнар. рух Чырв. Крыжа і Чырв. Паўмесяца). Пад уплывам і пры ўдзеле МКЧК распрацаваны і прыняты Гаагскія канвенцыі 1907 пра законы і звычаі вайны, Канвенцыя пра ваеннапалонных 1929 і Жэнеўскія канвенцыі 1949 пра ахвяр вайны. Цэнтр. орган — Міжнар. камісія Чырв. Крыжа. Бел. т-ва Чырв. Крыжа ўваходзіць у МКЧК з 1995. Нобелеўскія прэміі міру 1917, 1945, 1963.
т. 10, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РЫЦ Юна Пятроўна (н. 2.6.1937, Кіеў),
расійская паэтэса. Скончыла Літ. ін-т імя М.Горкага (1961). Друкуецца з 1954. У паэт. зб-ках «Размова пра шчасце» (1957), «Мыс Жадання» (1961), «Лаза» (1970), «Пры святле жыцця» (1977), «Трэцяе вока» (1980) «Сіні агонь» (1985), «На гэтым беразе высокім» (1987), «Учора я спявала ў пераходзе» (1997), «Дзіўны які я звер» (1998) і інш. роздум пра чалавечыя адносіны, любоў, мацярынства. Паэма «Зорка Сербасці» (нап. 1999) прысвечана Сербіі. Аўтар «Апавяданняў пра дзівоснае» (1998), літ.-крытычных эсэ, вершаў для дзяцей. Творчасці М. уласцівы глыбіня пачуццяў, багацце фарбаў, гумар, літ., музычныя і жывапісныя рэмінісцэнцыі. Многія яе вершы пакладзены на музыку («Добра — быць маладым!», «Калі мы былі маладыя...», «Вялікі сакрэт для маленькай кампаніі» і інш.). Займаецца графікай і жывапісам. На бел. мову асобныя яе вершы пераклаў Я.Сіпакоў.
Тв.:
Избранное. М., 1982;
В логове голоса. М., 1990.
т. 10, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЧЫ́НСКАГА ЛЕ́ТАПІС, Пазнанскі спіс,
помнік бел.-літ. летапісання, спіс 2-га агульнадзярж. бел.-літ. летапіснага зводу 3-й, поўнай рэдакцыі (гл. «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага»), Захаваўся ў рукапісе канца 16 ст. Змест летапісу — паліт. гісторыя ВКЛ ад легендарных часоў да 1548, дапоўненая запісамі па гісторыі Беларусі і Польшчы сярэдзіны 15—1-й пал. 16 ст. Сярод арыгінальных запісаў зместам і літ. вартасцямі вылучаецца «Аповесць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл». У Р.л. аб’яднаны «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Аповесць пра Падолле», «Пахвала Вітаўту», а таксама шэраг гіст. апавяданняў і летапісных звестак пра падзеі 14—1-й пал. 16 ст. Адкрыты ў 1846 В.Бадзянскім. Зберагаецца ў б-цы Рачынскага ў Познані (Польшча).
Публ.:
Полное собрание русских летописей. Т. 17. СПб., 1907;
Т. 35. М., 1980.
В.А.Чамярыцкі.
т. 13, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНЮ́ТА Аляксандр Аляксандравіч (н. 17.10.1936, Мінск),
бел. крытык, літаратуразнавец, пісьменнік. Сын С.М.Станюты. Д-р філал. н. (1999). Праф. (2000). Скончыў БДУ (1960). Працаваў у газ. «Знамя юности» (1960—70). З 1973 выкладае ў БДУ. Друкуецца з 1959. Піша на бел. і рус. мовах. Даследуе праблемы ўзаемадзеяння бел. л-ры і тэатра з рус. класічнай л-рай, творчую маст. індывідуальнасць А.Адамовіча, Я.Брыля, В.Быкава, В.Казько, А.Жука, М.Стральцова і інш. Аўтар манаграфіі «Спасціжэнне чалавека. Творчасць Дастаеўскага 1840—1860-х гг.» (1976), кнігі пра творчасць Дастаеўскага «Твар і воблік» (1999), даследавання «Талстой на беларускай сцэне» (1980), зб. літ.-крытычных артыкулаў «Плошча Свабоды» (1991), аповесці пра гар. прыватнае жыццё 1950-х г. «Мост» (1984), кнігі пра маці «Стэфанія» (1994, дап. варыянт «Жыццё актрысы», 2001), апавяданняў, нарысаў, сцэнарыяў дакумент. тэлефільмаў.
І.У.Саламевіч.
т. 15, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭРЭАТЫ́П САЦЫЯ́ЛЬНЫ,
адносна ўстойлівы, спрошчана-рэдукаваны вобраз ці ўяўленне пра пэўны сац. аб’ект (індывіда, групу, падзею і інш.); эмацыянальная форма выяўлення сац. устаноўкі. Тэрмін «С.с.» ўведзены ў навуку амер. публіцыстам і сацыёлагам У.Ліпманам у працы «Грамадская думка» (1921). Механізм С.с. заснаваны на псіхал. працэсе абагульнення свайго і чужога вопыту ўспрымання і ацэнкі сац. з’яў і працэсаў; фарміруецца ва ўмовах няпоўнай ці пераменлівай інфармацыі пра пэўны сац. аб’ект як тыпізаваныя, стандартызаваныя, часам шаблонныя ўяўленні асобных індывідаў ці груп. Устойлівасць С.с. адыгрывае станоўчую ролю ў паўсядзённай практыцы людзей, але не адпавядае патрабаванням зменлівай, праблематычнай сітуацыі. Ва ўмовах сац. трансфармацый С.с. часам прыводзяць да скажонага ўспрымання і неадэкватных, прадузятых меркаванняў пра пэўныя сац. групы і з’явы, таму важна карэкціраваць уздзеянне С.с. на асобу ці сац. групу на аснове верыфікацыі сапраўднасці ці памылковасці вобразаў і ацэнак, якія складаюць С.с.
Я.М.Бабосаў.
т. 15, с. 235
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ЙНІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1981, адкрыты ў 1982 у г. Хойнікі Гомельскай вобл. як гісторыка-краязнаўчы на грамадскіх пачатках, з 1992 дзярж., з 1996 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 371 м², каля 2 тыс. экспанатаў асн. фонду (2002). Сярод экспанатаў крамянёвыя каменныя прылады працы, керамічныя вырабы 11—13 ст., паліваная кераміка 17—18 ст. з раскопак Хойніцкага замка, матэрыялы пра ўдзел жыхароў Хойніцкай вол. ў паўстанні 1863—64, рэв. выступленні сялян у 1905, калектывізацыю, сав. рэпрэсіі, дзейнасць падполля і партыз. рух у Вял. Айч. вайну (гл. Хойніцкае патрыятычнае падполле). У экспазіцыі інтэр’ер сял. хаты канца 19 — пач. 20 ст., матэрыялы пра знакамітых землякоў, вырабы саломапляцення, разьбы па дрэве, чаканкі, вязання, карціны мясц. мастакоў, гербарыі раслін, чучалы птушак і жывёл раёна. Раздзел «Рэха Чарнобыля» распавядае пра ўплыў вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
М.С.Скрыпчанка.
т. 17, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)