СЕРУЭ́Л,

позназімовы сорт яблыні. Атрыманы ў БелНДІ пладаводства скрыжаваннем сартоў Серынка і Уэлсі. На Беларусі ўключаны ў Дзярж. рэестр для выкарыстання па ўсёй тэрыторыі.

Дрэва сярэднярослае, з круглаватай кронай сярэдняй гушчыні і паніклымі канцамі галін. Сорт скараспелы, высокаўраджайны, сярэдняўстойлівы да грыбных хвароб, Зімаўстойлівасць недастатковая. Пладаносіць на 4—5-ы год. Плады вышэй сярэдняй велічыні (каля 150 г), круглавата-канічнай формы. Скурка светла-зялёная з цёмна-чырв. размытымі палосамі з сонечнага боку. Мякаць зеленаватая, сакавітая, прыемнага кісла-салодкага смаку. Збор пладоў у вер., захоўваюцца да сак.—красавіка.

З.​А.​Казлоўская.

т. 14, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́МПСАН (Simpson),

пустыня ў цэнтр. ч. Аўстраліі. Пл. каля 300 тыс. км². Паверхня пераважна пясчаная з паралельнымі градамі даўж. да 250 км, выш. да 30 м, якія распасціраюцца ў паўн.-зах. кірунку пануючых вятроў; на ПдУ — пясчана-галечнікавая, на З — камяністая, каля берагоў воз. Эйр — гліністая. Сярэдняя т-ра студз. 28—30 °C, ліп. 12—15 °C. Ападкаў да 130 мм за год. Багатая падземнымі водамі. Рэдкая расліннасць з акацый і эўкаліптаў; дзернавінны злак спініфекс. Нац. парк Сімпсан-Дэзерт. Названа імем прэзідэнта геагр. т-ва Аўстраліі.

т. 14, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАІ́ЦІ (Tahiti),

вулканічны востраў у Ціхім ак., самы вялікі ў групе астравоў Таварыства, у складзе Палінезіі Французскай, уладанне Францыі. Пл. 1042 км². Нас. каля 140 тыс. чал. (2000). Складаецца з 2 горных масіваў, злучаных вузкім (да 2 км) перашыйкам. Выш. да 2241 м (г. Арахена). Абкружаны каралавымі рыфамі. Клімат трапічны марскі. Ападкаў 1400 мм за год. Вільготныя трапічныя лясы. На берагавой нізіне плантацыі какосавых пальмаў, бананаў, цукр. трыснягу, ванілі, ананасаў. Вырошчваюць тара, ямс, батат, маніёк і інш. Здабыча жэмчугу. Рыбалоўства. Турызм. На Т. адм. цэнтр і асн. порт Палінезіі Франц. — Папеэтэ.

т. 15, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУСЫ́ (Oryctolagus),

род млекакормячых атр. зайцападобных. Адзіны від — дзікі Т. (O. cuniculus). Пашыраны першапачаткова ў Цэнтр. і Паўд. Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы; завезены ў шэраг краін Еўропы, пазней у Аўстралію, Новую Зеландыю, Паўд. Амерыку. Сустракаюцца на ПдЗ Украіны і ў Малдове. Жывуць у норах на адкрытых месцах з кустовай расліннасцю, утвараюць калоніі. Кормяцца травяністай расліннасцю. Ад Т. паходзяць пароды труса свойскага.

Даўж. да 44 см, маса каля 2 кг. Асн. афарбоўка карычнева-шэрая. Нараджаюць 4—9 дзіцянят 3—7 разоў за год. Аб’ект палявання.

т. 15, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУАМО́ТУ (Tuamotu), Паўмоту,

архіпелаг з 78 каралавых астравоў і рыфаў у Ціхім ак.; у складзе Палінезіі Французскай. Пл. (з а-вамі Гамб’е) 810 км². Нас. каля 10 тыс. чал. (2000). Найб. а-вы Ранпроа і Факарава. Клімат трапічны пасатны. Ападкаў 1500—2000 мм за год. Глебы пясчаныя. Расліннасць бедная. На вял. астравах растуць панданусы, баньяны, на малых — пераважна хмызнякі. Плантацыі какосавай пальмы, хлебнага дрэва, бананаў. Жывёлагадоўля. Штучнае развядзенне малюскаў-жамчужніц. Гал. горад — Ратаава (в-ваў Факарава). Біясферны рэзерват Атол-Таяра. Архіпелаг адкрыты ў 1606 ісп. мараплаўцам П.​Кіросам.

т. 16, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́МІНГ (англ. homing ад home вяртацца дамоў), інстынкт дому,

здольнасць жывёл вяртацца са значнай адлегласці на сваё месца жыцця, нерасту, гнездавання і інш. Найб. развіты ў відаў з далёкімі сезоннымі міграцыямі: вугры, прахадныя ласасёвыя рыбы, марскія чарапахі, пералётныя птушкі, ластаногія. Напр., самцы марскога коціка кожны год з пачаткам сезона размнажэння знаходзяць сваю тэр. (дыям. каля 10 м) на пэўным пастаянным лежбішчы; альбатросы вяртаюцца ў свае гнёзды з адлегласці 2000—6600 км і інш. Як спадчынную прыкмету Х. выкарыстоўваюць у штучным адборы пры вывядзенні парод паштовых галубоў. Гл. таксама Біянавігацыя.

т. 17, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮТЛА́НДЫЯ (дат. Jylland, ням. Jütland),

паўвостраў у Еўропе, паміж Балтыйскім і Паўночным морамі, у Даніі (б.ч.) і Германіі. Пл. каля 40 тыс. км², даўж. каля 300 км. Усх. ўзбярэжжа моцна расчлянёна, зах. — пераважна прамалінейнае, на ПдЗ шырокі пояс ватаў. Узгорыстая марэнная раўніна выш. да 173 м. Клімат умераны марскі. Сярэднія т-ры студз. каля 0 °C, ліп. 15—16 °C. Ападкаў 600—800 мм за год. Хвойныя і шыракалістыя лясы, верасоўнікі. Значныя тэр. пад с.-г. ўгоддзямі. На Пд гарады Орхус (Данія), Фленсбург (Германія).

т. 18, кн. 1, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

адкладанні лёду на паверхні збудаванняў, дрэвах, правадах, дарогах і інш. аб’ектах. Утвараецца ў выніку выпадзення вадкіх ападкаў у халодную пару года, у туман, смугу. Адрозніваюць галалёд, зярністую і крышталічную шэрань, замёрзлае адкладанне мокрага снегу, складаныя адклады — з некалькіх слаёў розных відаў. На Беларусі за год колькасць сутак з абледзяненнем складае ў паніжаных месцах 20—28, на ўзвышшах да 40. Назіраецца з кастр. да крас., часцей за ўсё ў снеж. і студзені. Працягласць яго звычайна да 12 гадз. Самым працяглым на Беларусі было ў Навагрудку 28.12.1959—27.1.1960 (715 гадз). Небяспечная з’ява для работы транспарту, энергасістэм і інш. галін гаспадаркі.

т. 1, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЖАЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Gorzowskie),

адм.-тэр. адзінка на ПнЗ Польшчы. Пл. 8,5 тыс. км, нас. 507 тыс. чал., гарадскога каля 62% (1991). Адм. ц. — г. Гожаў-Велькапольскі. Найб. гарады: Костшын, Хошчна, Дэмбна, Барлінэк і інш. Размешчана на зах. ч. Гожаўскай катлавіны, на Пн заходзіць Паморскае Паазер’е, на Пд — Велікалольскае Паазер’е. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -1,5 °C, ліп. 18,2 °C, ападкаў 650 мм за год. Гл. рака — Варта (прыток Одры). 44,1% паверхні займаюць лясы. Прам-сць: дрэваапр., папяровая, хім., электратэхн. лёгкая. Вырошчваюць пшаніцу, жыта, бульбу, кармавыя і тэхн. культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней.

т. 5, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІЯ МУЗЫ́ЧНЫЯ КУ́РСЫ Адкрыты Г.​Львовай у вер. 1914 у Мінску пры Аляксееўскай жаночай гімназіі на базе класа фп. ігры

(існаваў пры гімназіі з 1913). Тэрмін навучання 3 гады. Заняткі праводзіліся па класах фп. (выкладчык Львова),

скрыпкі (Ю.​Жухавіцкі), спеваў (Ю.​Багуслаўскі), сумеснай ігры (Г.​Іваноўскі), хар. спеваў (Ф.​Леўчанка). Выкладаліся таксама агульнатэарэт. дысцыпліны — методыка фп. ігры, тэорыя музыкі і эстэтыка (Львова), сальфеджыо і гармонія (Л.​Эмерман). Асаблівая ўвага аддавалася вывучэнню методыкі ігры на фп., заснаванай на навейшых прыёмах выканання. 2 разы на год адбываліся канцэрты навучэнцаў. Выпускнікі атрымлівалі кваліфікацыю выкладчыкаў муз. школ.

А.​І.​Ахвердава.

т. 10, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)