грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася штодзённа з 29.12.1905 (11.1.1906) да 5(18).6.1907 у Віцебску на рус. мове; замяняла неафіц. аддзел газ. «Витебские губернские ведомости». У 1906 прытрымлівалася акцябрысцкага кірунку, пазней — прыватная газ. ліберальна-кадэцкага кірунку. Асуджала імперыял. планы царызму ў рус.-яп. вайне 1904—05, рэпрэсіі супраць удзельнікаў 1-й рус. рэвалюцыі і інш. Крытыкавала ўрадавую палітыку «адзінай і непадзельнай» Расіі, выступала за культ.-нац. і тэр. аўтаномію яе народаў. Вітала выхад «Нашай нівы» як сапраўды народнага выдання. Змяшчала літ. творы рус. і мясц. аўтараў. Асвятляла пытанні мясц. жыцця, эканомікі, нар. асветы, тэатр. і муз. навіны горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАКХА́ЛЕ (Гапал Крышна) (9.5.1866, г. Бамбей, Індыя — 19.2.1915),
дзеяч нац.-вызв. руху Індыі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Адзін з вядучых лідэраў памяркоўнага крыла Індыйскага нацыянальнага кангрэса (ІНК). Да 1902 праф. гісторыі і палітэканоміі Фергюсан-каледжа ў г. Пуна. З 1899 чл.заканад. савета Бамбея (з 1902 — Цэнтр.заканад. савета пры англ. віцэ-каралі ў Індыі). З 1905 прэзідэнт ІНК. У 1905 заснаваў і да 1915 быў лідэрам «Т-ва слуг Індыі». Выступаў супраць эканам. ўплыву Вялікабрытаніі ў Індыі, але быў праціўнікам паліт. байкоту англ. улад, лічыў, што Брыт. імперыя павінна ператварыцца ў саюз свабодных народаў, а Індыя атрымаць аўтаномію шляхам паступовых рэформаў пад англ. кіраваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНО́ЎСКІ (Цімафей Мікалаевіч) (21.3.1813, г. Арол, Расія — 16.10.1855),
расійскі гісторык, адзін з лідэраў заходнікаў. Д-ргіст.н. (1849). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1835). Праф. гісторыі Маскоўскага ун-та (1839—55). Чытаў публічныя лекцыі па гісторыі зах.-еўрап. сярэдневякоўя, параўнальнай гісторыі Англіі, Францыі і інш. З 1847 кіраўнік гуртка маскоўскіх заходнікаў. Лічыў гал. рухавіком гіст. працэсу натуральныя фактары (геагр., этнагр., антрапал. і фізіял. ўмовы існавання чалавека), а яго асновай — імкненне ўсіх народаў да свабоды і гармоніі; падкрэсліваў агульнае ў гіст. развіцці Расіі і краін Зах. Еўропы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІДО́ВІЧ (Ісак Аронавіч) (4.12.1911, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 5.12.1993),
бел. мастак. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930). Рэалізмам ва ўвасабленні гіст. тэмы вызначаюцца жывапісныя творы «Курлоўскі расстрэл» (1939), «Партызаны на прывале» (1948), «Паміж баямі» (1965), «Нарачанская быль» (1967), «Першадрукар Францыск Скарына» (1968), псіхалагізмам і жыццёвасцю вобразаў — творы быт. жанру «Карагод» (1937), «Маці» (1954), «Хакеісты» (1975) і інш. Сярод твораў манум.-дэкар. жывапісу размалёўка плафона «Дружба народаў» для Рэсп.т-ра юнага гледача (1955, з І.Ахрэмчыкам), пано «Беларускія народныя майстры» ў канферэнц-зале Бел.т-ва дружбы і культ. сувязі з зарубежнымі краінамі (1956, з Ахрэмчыкам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКА́ЛЬСКАЯ Галіна Альфонсаўна, (н. 1910, г. Сейны, Польшча), бел. жывапісец. Сястра Б.А.Дакальскай. З 1928 жыла на Беларусі. Скончыла Віцебскі маст. тэхнікум (1932). Працавала ў газ. «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва». На дэкадзе бел. мастацтва ў Маскве (чэрв. 1940) экспанавалася яе карціна «Польскія акупанты ў Беларусі». З 1942 у Літве, з 1944 у эміграцыі ў Германіі, жыла ў лагеры для перамешчаных асоб у г. Кемптэн. З 1949 у ЗША, працавала ў Нью-Йорку на фабрыцы, дзе размалёўвала посуд; з 1982 жыве ў г. Санта-Моніка (штат Каліфорнія). Творчасці ўласцівы шырокі стылявы дыяпазон (ад абстракцыянізму да натуралізму), зварот да гісторыі і культуры бел. і літ.народаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖИВА́Я СТАРИНА́»,
часопіс. Выдаваўся ў 1890—1916 у Пецярбургу аддзяленнем этнаграфіі Рус.геагр.т-ва на рус. мове 4 разы ў год. Друкаваў даследаванні і матэрыялы па фальклору і этнаграфіі народаў Расіі, а таксама замежжа. Асн. ўвагу надаваў апісанню побыту, абрадаў, жылля, адзення, нар. медыцыне. З артыкуламі, прысвечанымі бел. фальклору і этнаграфіі, выступалі У.М.Дабравольскі, М.В.Доўнар-Запольскі («Заметкі па беларускай этнаграфіі»), Я.Ф.Карскі, М.М.Косіч («Ліцвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні, іх побыт і песні»), Е.Р.Раманаў, М.А.Саковіч, А.К.Сержпутоўскі, П.В.Шэйн. Сярод публікацый — рэцэнзіі на працы бел. фалькларыстаў і этнографаў, справаздачы па этнагр. экспедыцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБО́РАЎСКІ ДАГАВО́Р 1649 паміж гетманам Украіны Б.Хмяльніцкім і каралём Рэчы Паспалітай Янам Казімірам у час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Заключаны 18 жн. ў г. Збораў (Украіна) пасля пераможнай для Хмяльніцкага Збораўскай бітвы. Паводле З.д. захоўваліся вольнасці запарожскага войска, колькасць укр. казакоў на каралеўскай службе вызначалася ў 40 тыс., абвяшчалася амністыя ўдзельнікам вайны, улада ў Кіеўскім, Чарнігаўскім, Брацлаўскім ваяв. перадавалася ўкр. гетману, шляхце вярталіся ўсе яе маёнткі на Украіне. Аднак З.д. не задавальняў ні казакоў, ні шляхту і не быў зацверджаны сеймам Рэчы Паспалітай. У пач. 1651 баявыя дзеянні аднавіліся.
Літ.:
Голобуцкия В.А. Дипломатическая истории освободительной войны украинского народа 1648—1654. Киев, 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПЕ́РЫЯ (ад лац. imperium улада, дзяржава),
1) найменне манарх. дзяржаў, на чале якіх стаіць імператар. Звычайна вялізная дзяржава, якая ўключае ў свой склад (у т. л. шляхам заваяванняў) тэр.інш. дзяржаў і народаў. Напр., І. наз. Рымская дзяржава (з канца 1 ст. да н.э.), Франкская дзяржава (з 800), Расія (1721—1917), Аўстра-Венгрыя (1867—1918), Германія (1871—1918) і інш. Асобныя рысы І. мела і Полацкае княства (узначальвалася князем).
2) Буйная дзяржава, якая мае вял.калан. ўладанні (калан. І.). Складаецца з метраполіі і калоній. Прыклад — б.Брытанская імперыя, якая разам з Вялікабрытаніяй уключала ўсе яе калоніі і дамініёны. З 1979 у свеце афіц. не існуе І.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖУ́Х,
верхняе зімовае мужчынскае і жаночае адзенне з аўчын. Вядомы ў многіх народаў, асабліва ўсх. славян. У беларусаў шылі з нядубленых, пазней з вырабленых аўчын жоўта-карычневага, вохрыста-цаглянага, радзей белага колераў. Паводле крою былі прамыя, прыталеныя і з «вусам» (ушытым па баках ад таліі шырокім клінам; характэрныя для Палесся). Святочныя К. багата аздаблялі нашыўкамі паскаў белай або чорнай аўчыны воўнай наверх, паскамі і лапікамі сукна, тонкай скуры, плеценымі тасёмкамі, пярэстым шнурам, вышыўкай гладдзю. Сярод традыц. К. маст. афармленнем, дасканаласцю крою і шытва вылучаюцца мотальскія, калінкавіцкія, магілёўскія.
М.Ф.Раманюк.
Маладзіца ў мотальскім кажуху. Вёска Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1970-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННЫЯ БА́БЫ,
старажытныя каменныя выявы чалавечых фігур, звязаныя з культам продкаў. Сустракаюцца пераважна ў стэпавай паласе Еўропы і Азіі, ад Прыкарпацця да Манголіі. Зроблены ў тэхніцы рэльефу, барэльефа, скульптуры, выш. 1—4 м. Вядомы К.б. бронзавага веку, скіфа-сармацкага часу ў Прычарнамор’і, у цюркамоўных народаў Азіі 4—9 ст. і насельніцтва ўсх. стэпаў ранняга сярэдневякоўя. На тэр. Беларусі вядома каля 10 К.б. 11—13 ст., якія былі завезены для ўпрыгожання паркаў у 18—19 ст. (верагодна, з Прыазоўя). Ва ўсіх фігур рукі складзены на жываце, у руках цыліндрычны кубачак.
Л.У.Дучыц, С.Я.Расадзін.
Каменныя бабы з Дзедзілава (1), Гомеля (2, 3), Крынак (4).