асноўны від баявых дзеянняў войск. Вядзецца на сушы, моры, у паветры ў форме баёў, бітваў і аперацый. Гал. мэта — разгром праціўніка і авалоданне важнымі рубяжамі (аб’ектамі, раёнамі мясцовасці); дасягаецца паражэннем непрыяцеля ўсімі наяўнымі сродкамі, атакай, прарывам яго абароны, ліквідацыяй або ўзяццем у палон жывой сілы, захопам зброі, ваен. тэхнікі і інш. Можа весціся на праціўніка, што ў абароне, або які наступае (гл.Сустрэчны бой) ці адступае (гл.Праследаванне). Разнавіднасцю Н. з’яўляецца контрнаступленне. Пераход у Н. можа ажыццяўляцца з непасрэднага судакранання з праціўнікам або з ходу. Пры наяўнасці ў праціўніка адкрытых флангаў выкарыстоўваюцца абход і ахоп. У залежнасці ад маштабу, мэт і колькасці сіл і сродкаў Н. можа мець стратэгічнае, аператыўнае або тактычнае значэнне.
Спосабы Н. мяняліся пад уздзеяннем развіцця сродкаў узбр. барацьбы, якаснай змены асабовага складу і арганізацыі войск Н. як форма баявых дзеянняў вядома з глыбокай старажытнасці, калі барацьба вялася халоднай зброяй. У сярэднявеччы (11—15 ст.) адбываліся змены ў тактыцы Н.: удары з флангаў і тылу, акружэнне, выкарыстанне засадных палкоў і інш. Са з’яўленнем агнястрэльнай зброі і яе ўдасканаленнем (14—18 ст.) еўрап. арміі перайшлі да лінейнай тактыкі дзеянняў на полі бою. Пасля франц. рэвалюцыі 1789—99 і войнаў канца 18 — пач. 19 ст. з’явілася новая тактыка Н., заснаваная на спалучэнні калон і рассыпнога строю, манеўру і агню як сродку падрыхтоўкі атакі. У 1-ю сусв. вайну ў Н. выкарыстоўвалася тактыка прарыву суцэльнага фронту абароны. У 2-ю сусв. вайну ажыццяўляліся наступальныя аперацыі груп франтоў, франтавыя. армейскія наступальныя аперацыі. З сярэдзіны 1950-х г. пасля аснашчэння ўзбр. сіл ядз. зброяй (гл.Ракетна-ядзерная зброя) значна павялічылася магчымасць адначасовага паражэння праціўніка на вял. глыбіню, выраслі размах і тэмпы Н.
У сучасных умовах са з’яўленнем высокадакладнай зброі наземнага і паветр. базіравання, удасканаленнем інш. сродкаў паражэння істотна памяняўся часавы і прасторавы размах Н., якое набыло паветр.-наземны і паветр.-касм. характар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ (франц, révolution ад лац. revolutio пераварот),
карэнная якасная змена, рэзкі скачкападобны пераход ад аднаго якаснага стану да другога, ад старога да новага. Р. як перарыў паступовасці, якасны скачок супрацьпастаўляецца эвалюцыі. Першапачаткова тэрмін «Р.» азначаў «абарот», «кругаварот», «пераварот» у дачыненні да астр. працэсаў, у 17 ст. перайшоў у паліт. лексіку са значэннем «дзярж. пераварот», «цыклічныя зменыдзярж. ладу» (манархія, тыранія, арыстакратыя, алігархія, дэмакратыя, анархія). У перыяд Французскай (1789—99) і Амерыканскай (1776—83) рэвалюцый да паняцця «Р.» як зменыдзярж. ладу ці паліт. рэжыму дадалося разуменне Р. як увядзення новага сац. парадку, новай стадыі сусв. гісторыі; тэрмін «Р.» звязваўся ўжо не з ідэяй цыклічнасці, а з ідэяй прагрэсу. Пашырана таксама разуменне Р. як раптоўнага поўнага разрыву з папярэдняй сац. традыцыяй, замена старога грамадскага ладу на новы процізаконнымі сродкамі, узбр. барацьбой і гвалтам; разам з тым Р. — заўсёды актыўнае паліт. дзеянне нар. мас і мае сваёй мэтай пераход улады ў рукі новай сац. групы. Аб’ектыўныя перадумовы для ўзнікнення Р. ствараюцца тады, калі да напружанасці ў пэўных сац. структурах (надзвычайная сац няроўнасць і інш.) далучаецца неспрыяльная эканам. кан’юнктура (крызіс альбо, часцей, пачатак маруднага эканам. росту ў паслякрызісны перыяд), адсутнасць сац.-эканам. і паліт. рэформ (гл.Рэвалюцыя сацыяльная). Асн. мэтамі Р. нацыянальнай з’яўляюцца вызваленне ад панавання замежнай дзяржавы і набыццё незалежнасці або злучэнне раз’яднаных членаў адной нацыі ў адзіную дзяржаву, салідарнасць паміж рознымі сац. слаямі краіны, ажыццяўленне праграмы нац.-культ. і дзярж. будаўніцтва (гл.Нацыянальнае вызваленне, Нацыянальнае самавызначэнне). У шырокім сэнсе тэрмінам «Р.» абазначаюць любое істотнае пераўтварэнне ў жыцці грамадства, напр., індустрыяльная Р. (гл.Індустрыялізацыя), культурная рэвалюцыя, навукова-тэхнічная рэвалюцыя.
Літ.:
Теория революции. История и современность. М., 1984;
Дзюрасэль Ж.-Б Еўропа з 1815 г. да нашых дзён: Паліт. жыццё і міжнар. адносіны. Мн., 1996;
Эйзенштадт Ш.Н. Революция и преобразование обществ: Сравнит. изучение цивилизаций: Пер. с англ.М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕТЫ́Т (ад лац. appetitus жаданне),
эмацыянальнае выяўленне і адчуванне патрэбы чалавека ў ежы ўвогуле або ў асобных яе відах. У адрозненне ад пачуцця голаду звязаны з прыемнымі эмоцыямі і ўяўленнямі. Адбітак на яго (стымулявальны ўплыў або прыгнечанне) могуць накладваць нац. традыцыі, індывід. прывычкі і прыхільнасці, выгляд, пах, кампаненты, смакавыя якасці і спосабы падачы ежы. Фізіял. аснову апетыту складае ўмеранае ўзбуджэнне пэўных аддзелаў ц. н. с., што суправаджаецца слінацячэннем, выдзяленнем «запаляльнага» стрававальнага соку, узмацненнем перыстальтыкі стрававальна-кішачнага тракту. У аснове расстройстваў апетыту могуць ляжаць парушэнні рэжыму і ўмоў харчавання, рэзкія змены яго звыклага рацыёну, а таксама ўкладу жыцця, фіз. і нерв. ператамленне, захворванні і інш. фактары. У асобных выпадках яны могуць выклікаць поўную адсутнасць апетыту (анарэксія) ці неадольнае жаданне есці (булімія), што сведчыць пра неабходнасць мед. абследавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНЫ ЗА́ПІС,
сістэма запісу і ўзнаўлення інфармацыі, заснаваная на выкарыстанні аптычнага выпрамянення. Пры запісе аптычнае выпрамяненне, мадуляванае сігналамі інфармацыі, што запісваецца, уздзейнічае на аптычны носьбіт даных (фотаплёнку, аптычны дыск, фотахромны матэрыял, ферамагн. плёнку і інш.) і стварае ў ім устойлівыя лакальныя зменыфіз. уласцівасцяў (каэф. адбіцця ці паглынання, колеру, намагнічанасці і г.д.), адпаведныя зыходнаму сігналу. Пры ўзнаўленні адбываецца адваротны працэс: счытвальны прамень пры ўзаемадзеянні з носьбітам мадулюецца па інтэнсіўнасці і потым з яго вылучаюцца сігналы інфармацыі. Па спосабе запісу адрозніваюць сістэмы фатаграфічнага запісу, галаграфічнага (гл.Галаграфія), сістэмы з запісам на аптычных дысках і інш. Існуюць аналагавы аптычны запіс, пры якім фіксуюць усе значэнні ўваходнага сігналу ў пэўным дыяпазоне частот, і лічбавы, пры якім уваходныя сігналы падлягаюць квантаванню (дыскрэтызацыі), а затым пераўтвараюцца ў двайковыя лічбы для запісу на носьбіце (у выглядзе кода).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТЭАЛО́ГІЯ (ад астэа... + ...логія),
1) раздзел анатоміі, які вывучае будову, развіццё і змены касцявога шкілета. Вылучаюць астэалогію агульную, прыватную (пра развіццё і будову асобных касцей), параўнальную, узроставую. Агульная астэалогія вывучае фіз.-хім. якасці косці, тканкавы, клетачны і субклетачны ўзроўні структурнай арганізацыі, уплыў розных фактараў на працэсы росту і перабудовы косці. Сучасныя даследаванні ў галіне астэалогіі звязаны з пошукамі спосабаў уплыву на працэсы рэгенерацыі, вызначэннем прычын эктапічнага росту, ацэнкай характару марфалагічных змяненняў пры трансплантацыі касцей. Прыватная астэалогія грунтуецца на вывучэнні анат. прэпаратаў і выкарыстанні метадаў даследавання шкілета жывога чалавека (рэнтгенаграфія, камп’ютэрная тамаграфія, ядзерна-магнітны рэзананс).
2) Астэалогія ў антрапалогіі вывучае варыяцыі памераў і формы чалавечага шкілета ў цэлым, а таксама асобных яго касцей. Даныя астэалогіі выкарыстоўваюць таксама ў палеанталогіі, расазнаўстве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ЦЦІ,
1) у фізіцы, перыядычныя змены амплітуды выніковага вагання пры складанні двух гарманічных ваганняў блізкіх частот; асобны выпадак амплітудна-мадуляваных ваганняў (гл.Амплітудная мадуляцыя). Калі A1 і A2 — амплітуды складаемых ваганняў, то амплітуда выніковага вагання змяняецца ад A1 + A2 да A1 − A2. Метад Біцці выкарыстоўваецца для вымярэння частот, ёмістасці, індуктыўнасці, для настройвання муз. інструментаў і інш. 2) У механіцы — адхіленні паверхняў вярчальных (вагальных) цыліндрычных дэталяў машын і механізмаў ад правільнага ўзаемнага размяшчэння. Радыяльныя Біцці — вынік зрушэння цэнтра (эксцэнтрысітэт) разгляданага сячэння дэталі адносна восі вярчэння. Тарцовыя Біцці — вынік неперпендыкулярнасці тарцовай паверхні дэталі да базавай восі і адхіленняў формы тарца ўздоўж лініі вымярэння. Біцці прыводзяць да павышанага зносу і выхаду са строю дэталяў машын (напр., пры парушэнні балансіроўкі колаў аўтамабіля).
Біцці пры складанні ваганняў блізкіх частот ω1 і ω2; T — перыяд біццяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЕ́РТ ВЯЛІ́КІ (Albertus Magnus),
Альберт фон Бальштэт (Albert von Bollstädt; каля 1193, Лаўінген — 15.11.1280), нямецкі філосаф, тэолаг, прыродазнавец. Манах-дамініканец, епіскап Рэгенсбурга, папскі легат, арганізатар крыжовага паходу на тэр. Германіі. Вучыўся ў Падуі, Балонні. Выкладаў у Парыжы, Кёльне і інш.; настаўнік Фамы Аквінскага. Вывучаў анатомію, эмбрыялогію, батаніку, заалогію, хімію, касмалогію, оптыку. У сваіх творах даў энцыклапедычны агляд дасягненняў тагачаснай навукі. Увёў ва ўжытак сярэдневяковай філасофіі і навукі працы Арыстоцеля, якія выклаў і пракаменціраваў з пазіцый хрысціянскай тэалогіі. Сцвярджэнне пра стварэнне матэрыі і часу дало Альберту Вялікаму магчымасць узаконіць у рамках схаластыкі арыстоцелеву фізіку з яе вучэннем пра неперарыўнасць матэрыі як асновы змены. Поруч з сістэматызатарскай працай у галіне прыродазнаўства праводзіў уласныя даследаванні. Аўтар філас. прац («Сума тэалогіі» і інш.) і прыродазнаўчанавук. трактатаў. У 1931 кананізаваны каталіцкай царквой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТЫ́ЎНЫЯ ТЫ́ПЫ,
папуляцыі чалавека, аб’яднаныя фізіялагічнымі і марфалагічнымі адзнакамі, сфарміраванымі ў залежнасці ад геакліматычных умоў. У розных кліматычных зонах у людзей незалежна ад іх расавай і этн. прыналежнасці назіраецца тэндэнцыя да зменыфізіял. і марфалаг. рысаў у кірунку, найб. спрыяльным для існавання ў гэтым асяроддзі. Напр., у арктычных умовах адзначаецца павышанае развіццё мускулатуры, мінералізацыя касцяка, павелічэнне колькасці бялку ў сываратцы крыві, змена ахоўных уласцівасцяў арганізма (паскарэнне рэакцыі асядання эрытрацытаў, нейтрафілёз, павелічэнне гама-глабулінавых фракцый сывараткі крыві). Паводле асаблівасцяў адаптыўных рэакцый вылучаюць арктычны, кантынентальны, трапічны, высакагорны тыпы, тып сярэдняй зоны, арыдны (тып пустыні). Вывучэнне біял. адаптацыі і адаптыўных тыпаў спрыяе высвятленню працэсу расаўтварэння.
Літ.:
Алексеева Т.И. Адаптивные процессы в популяциях человека. М., 1986;
Тегако Л.И., Саливон И.И. Экологические аспекты в антропологических исследованиях на территории БССР. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБПА́Л,
тэрмічная апрацоўка матэрыялаў з мэтай надання ім неабходных уласцівасцяў ці для ачышчэння ад дамешкаў. Уключае награванне да пэўнай т-ры, вытрымку і ахаладжэнне да пакаёвай т-ры. Суправаджаецца рэакцыямі раскладання (пры апрацоўцы прыроднай сыравіны), акіслення або аднаўлення (пры выгаранні дамешкаў, узаемадзеянні з вугляродам, вадародам ці кіслародам), мінералаўтварэння; фазавымі пераўтварэннямі (частковае плаўленне матэрыялаў, выпарэнне і інш.). Робіцца ў абпальвальных печах у акісляльна-аднаўляльным або нейтральным газавым і цвёрдым асяроддзях, а таксама ў вакууме. Руды і рудныя канцэнтраты абпальваюць перад іх абагачэннем, кавалкаваннем, плаўкай для змены іх фіз. і хім. уласцівасцяў. Сыравіну для буд., вяжучых матэрыялаў (гліна, вапняк, цэментная шыхта), вогнетрывалую цэглу, фарфоравыя і фаянсавыя паўфабрыкаты абпальваюць для атрымання вырабаў пэўнай формы і памераў з неабходнымі ўласцівасцямі, эмалі і фарбы — для нанясення пакрыццяў з ахоўнымі і мастацка-дэкаратыўнымі мэтамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́БЛАСЦЬу матэматыцы, абсяг,
звязнае адкрытае мноства ў эўклідавай прасторы — мноства, што разам з кожным сваім пунктам змяшчае ў сабе і пэўнае яго наваколле, кожныя два пункты ў якім можна злучыць неперарыўнай лініяй; адно з асноўных паняццяў тапалогіі.
Прыклад вобласці на плоскасці — унутранасць круга (сукупнасць усіх яго пунктаў, апрача акружнасці, якая абмяжоўвае гэты круг). Сукупнасць унутр. пунктаў двух датычных кругоў — адкрытае мноства, але не з’яўляецца вобласцю (два ўнутр. пункты гэтых кругоў нельга злучыць неперарыўнай лініяй, усе пункты якой належаць гэтаму адкрытаму мноству: унутранасці кругоў не маюць агульных пунктаў). Вобласць на прамой — адкрыты інтэрвал (канечны ці бясконцы). Вобласць, дапоўненая ўсімі яе гранічнымі пунктамі, — замкнутая вобласць. Іншы раз вобласцю наз. любое адкрытае мноства ў прасторы. Паняцце вобласці можа быць без змены вызначана ва ўсялякай тапалагічнай прасторы.