ВАКЗА́Л (ад англ. Vauxhall — назва забаўляльнай установы каля Лондана ў 17 ст.),
будынак ці комплекс будынкаў, збудаванняў і прыстасаванняў для абслугоўвання пасажыраў, кіравання рухам транспарту і размяшчэння службовага персаналу. Адрозніваюць чыгуначныя, рачныя, марскія, аўта- і аэравакзалы, а таксама аб’яднаныя, ці комплексныя (напр., чыгуначна-аўтобусны). Першыя вакзалы з’явіліся з пачаткам пасажырскіх перавозак па чыгунцы (напр., вакзалы на лініі Стоктан—Дарлінгтан у Англіі, 1822—25).
На Беларусі чыгуначныя вакзалы будавалі адначасова з пракладкай чыгунак. Будынак вакзала (Віленскага) у Мінску адкрыты ў 1874 (перабудаваны ў 1939, пасля Айч. вайны адноўлены ў 1949, з 1980-х г. узводзяцца новыя будынкі), у 1866 пабудаваны Віцебскі чыгуначны вакзал, да 1867 — чыг. вакзал у Гродне (у 1948 рэканструяваны, у 1986 пабудаваны новы), у 1886 — Брэсцкі чыгуначны вакзал (у 1956 рэканструяваны), у 1-й пал. 20 ст. пабудаваны Магілёўскі чыгуначны вакзал, Слонімскага вакзала будынак. Адноўлены разбураныя ў Айч. вайну і рэканструяваны вакзал ў Баранавічах (1947), Гомелі (1948), Оршы (1951), Полацку (1953). Пабудаваны аэравакзалы: у Мінску (гл.Мінскія аэрапорты), Брэсцкі аэравакзал, у Гродне (1962), Салігорску (1965), Бабруйску (1966), Гомелі (1976), Магілёве (1971). У ліку буйных аўтавакзалаў Беларусі Мінскі аўтавакзал «Усходні». На суднаходных рэках будуюцца рачныя вакзалы (Мазырскі рачны вакзал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКА́ЛА-АМУ́РСКАЯ МАГІСТРА́ЛЬ (БАМ),
чыгунка ў Расіі; 2-і (пасля Транссібірскай чыгункі) больш кароткі чыгуначны выхад да Ціхага акіяна. Праходзіць праз Іркуцкую, Чыцінскую, Амурскую вобл., Хабараўскі край, рэспублікі Бурацкую і Саха (Якуція). Буд-ва пачалося ў 1930-я г., спынена ў 1961 у сувязі з ліквідацыяй БАМлага. З 1972 пачалася рэканструкцыя ўчастка БАМ (цяпер Бамаўская—Тында). У 1974—80 распачата буд-ва на зах. напрамку ад Камсамольска-на-Амуры і Ургала, на зах. і ўсх. напрамках ад Тынды, на ўсх. — ад Усць-Кута і Северабайкальска. У 1981—84 на некаторых участках адкрыты рабочы рух, асобныя канцавыя ўчасткі здадзены ў эксплуатацыю. У 1989 завершаны ўвод у эксплуатацыю ўсёй магістралі. 1.1.1981 створана Байкала-Амурская чыгунка з 3 аддзяленнямі — Паўн.-Байкальскім, Тындзінскім і Ургальскім. Агульная даўжыня гал. пуці БАМа больш за 3 тыс.км. На гэтым шляху пабудавана больш за 60 гарадоў і пасёлкаў, 200 станцый і раз’ездаў, больш за 4 тыс. мастоў і інш.збудаванняў, 9 тунэляў, у т. л.Паўн.-Муйскі даўж. 15,3 км. З Транссібірскай чыгункай БАМ злучаны 3 чыг. лініямі: БАМ — Тында, Вапняковая — Ургал, Валачаеўка — Камсамольск. Прадстаўнікі Беларусі будавалі на БАМе Муякан і самы паўн. ўчастак Тында—Беркакіт. Гл. схему.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАША́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
зямельная тэрыторыя з комплексам размешчаных на ёй гідратэхн. збудаванняў, прызначаных для арашэння. Уключае крыніцу вады, водазабор, водаправодную і водаразмеркавальную сетку, прыстасаванні для пераводу вады з праточнага стану ў глебавыя вільгацезапасы, прылады і абсталяванне для кіравання арашэннем, дапаможныя збудаванні.
Адрозніваюць арашальную сістэму: самацёчныя (арашальныя землі ніжэй за ўзровень вады ў вадаёме) і з мех. водападыманнем (арашальны масіў вышэй за ўзровень вады); адкрытыя (каналы і латкі), закрытыя (напорныя і безнапорныя трубаправоды) і камбінаваныя; з паверхневым паліваннем (вада размяркоўваецца па паверхні поля напускам, па палосах, па барознах), з дажджаваннем (вада распырскваецца над полем у выглядзе дажджу) і ўнутрыглебавыя (вада падаецца па поласцях у падворыўным гарызонце). Выкарыстоўваюцца таксама сістэмы дробнадысперснага (аэразольнага) увільгатнення, якія дробна распыляюць ваду ў прыземным слоі паветра, і сістэмы падглебавага ўвільгатнення, якія рэгулююць узровень грунтавых водаў з мэтай увільгатнення кораненаселенага слоя капілярнай вільгаццю. На Беларусі найбольш пашыраны сістэмы падглебавага ўвільгатнення і сістэмы з дажджаваннем.
А.П.Ліхацэвіч.
Схема арашальнай сістэмы з дажджаваннем: 1 — вадаём (рака); 2 — водазабор (помпавая станцыя); 3 — водаправодная сетка (падземны напорны трубаправод); 4 — водаразмеркавальная сетка (напорныя трубаправоды); 5 — дажджавальныя машыны кругавога дзеяння; 6 — дажджавальныя машыны франтальнага дзеяння; 7 — гідранты для далучэння дажджавальнай машыны; 8 — стацыянарныя дажджавальныя апараты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНО́ЎНЫ КАПІТА́Л,
галоўны элемент пастаяннага прадукцыйнага капіталу, які па меры паступовага зношвання ў вытв. працэсе часткамі пераносіць сваю вартасць на новы прадукт і часткамі вяртаецца са сферы абарачэння да прадпрымальніка, што авансаваў гэты капітал. У асноўны капітал уваходзіць вартасць вытв. будынкаў, збудаванняў, машын, абсталявання, унутрызаводскага транспарту і інш. Найважнейшы элемент матэрыяльна-тэхн. базы капіталізму, паказчык узроўню яго эканам. развіцця. У працэсе вытв-сці ён узаемадзейнічае з абаротным капіталам, з’яўляецца матэрыяльнай асновай эканам. цыкла.
Зах. эканамісты-тэарэтыкі суб’ектывісцкага кірунку адносяць асноўны капітал да доўгачасовых «ускосных даброт», якія маюць здольнасць узнаўляцца і паступова выкарыстоўвацца ў якасці сродку шматразовага задавальнення адной і той жа патрэбы — вырабу «прамых даброт». Для прадпрымальніка-прамыслоўца асноўны капітал — грашовая вартасць, укладзеная ім у сродкі працы і адлюстраваная ў бухгалтарскім рахунку фірмы. Яна існуе ў 2 частках: адна (асноўная) — у сродках працы («ускосныя даброты»), другая — у вырабленых таварах («прамыя даброты»). Прайшоўшы сферу абарачэння, таварная форма вартасці змяняецца на грашовую, частка якой ідзе ў амартызацыйны фонд. Гэта паўтараецца кожны вытв. цыкл, пакуль не зносяцца ўсе матэрыяльныя элементы асноўнага капіталу.
У сацыяліст. эканоміцы асноўны капітал — асноўныя вытворчыя фонды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАНАМІ́ЧНЫЯ АБСЕРВАТО́РЫІ,
навукова-даследчыя ўстановы па вывучэнні нябесных аб’ектаў і з’яў. Абсталёўваюцца астранамічнымі інструментамі і прыладамі, спец. лабараторыямі і сродкамі выліч. тэхнікі, могуць спецыялізавацца на пэўных кірунках даследаванняў у залежнасці ад віду ўстаноўленага тэлескопа (напр., сонечныя тэлескопы, спектрагеліёграфы, сонечныя магнітографы і інш.). Навук. даследаванні каардынуюцца Міжнародным астранамічным саюзам.
Астранамічныя абсерваторыі ўзніклі ў глыбокай старажытнасці. Рэшткі стараж.астр.збудаванняў знаходзяцца ў Англіі, Арменіі, Мексіцы, Узбекістане і інш. Найстарэйшыя дзеючыя астранамічныя абсерваторыі — Парыжская (1667), Грынвічская (1675, Англія), Пулкаўская (1839, Расія), у 1753—1876 дзейнічала Віленская астранамічная абсерваторыя. Самыя вялікія астранамічныя абсерваторыі: на Гавайскіх а-вах (буйнейшы ў свеце тэлескоп, дыяметр люстра 10 м), Спец. астрафізічная абсерваторыя Расійскай АН (Паўн. Каўказ, станіца Зелянчукская; тэлескоп з дыяметрам люстра 6 м і самы вял. ў свеце радыётэлескоп), Маўнт-Паламарская астранамічная абсерваторыя (штат Каліфорнія, ЗША; тэлескоп з дыяметрам люстра 5 м), Нац. абсерваторыя Кіт-Пік (ЗША; дыяметр люстра тэлескопа 4 м), Паўднёвая астранамічная абсерваторыя ЗША (у Чылі; дыяметр люстра тэлескопа 4 м), Гал. астранамічная абсерваторыя Расійскай АН (Пулкава, пад г. Санкт-Пецярбург), Крымская, Бюраканская (Арменія), Абастуманская (Грузія) астрафізічныя абсерваторыі, Радыёастрафізічная абсерваторыя АН Латвіі і інш. З развіццём касманаўтыкі ствараюцца арбітальныя Астранамічныя абсерваторыі на ШСЗ і касм. станцыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТО́ННЫЯ РАБО́ТЫ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў па бетанаванні маналітных бетонных і жалезабетонных канструкцый і збудаванняў. Уключаюць падрыхтоўку бетоннай сумесі, яе транспартаванне на буд. пляцоўку, укладку (звычайна ў апалубку), ушчыльненне, нагляд за бетонам пры яго цвярдзенні, кантроль якасці бетанавання.
Рыхтуюць бетонную сумесь на спец. устаноўках ці бетонных з-дах з дапамогай бетоназмяшальнікаў і дастаўляюць да месцаў укладкі спец.бетанавозамі, аўтамабілямі-самазваламі, канвеерным, помпавым і кранавым транспартам. Укладваюць сумесь у блокі бетанавання і разраўноўваюць пры дапамозе бетонаўкладчыкаў, бетанапомпаў, эстакад (з праходжаннем сумесі па вібраправодах), стужачных транспарцёраў, пнеўманагнятальнікаў, латакоў, вібражалабоў, вібрахобатаў і інш. Ушчыльняюць сумесь вібрыраваннем (гл.Вібраўшчыльненне бетону), цэнтрыфугаваннем, прасаваннем, вакуумаваннем. Выкарыстоўваюць таксама метад таркрэт-бетону, пры якім па адным гнуткім шлангу сціснутым паветрам падаюцца сухія кампаненты сумесі, а па другім — вада пад ціскам; бетонная сумесь са змяшальніка выкідваецца на паверхню, паслойна накладваецца і ўшчыльняецца пад напорам струменя. У пачатку цвярдзення бетону яго засцерагаюць ад мех. пашкоджанняў і страсенняў, падтрымліваюць неабходны тэмпературна-вільготнасны рэжым. Пры выкананні бетонных работ зімой выкарыстоўваюць супрацьмарозныя дабаўкі, падаграюць сумесь (пры прыгатаванні ці перад укладкай) і ўкладзены бетон.
Бетонныя работы: а — выгрузка бетоннай сумесі аўтамабілямі-самазваламі; б — бетанаванне з эстакад; в — укладка сумесі пад’ёмнымі кранамі; г — утоптванне буйнога запаўняльніка ў раствор цяжкім вібратарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́МАВА-ТЭХНІ́ЧНЫХ ВЫ́РАБАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
падгаліна гумаазбеставай прамысловасці. Аб’ядноўвае прадпрыемствы, якія займаюцца вырабам на агульнай гумавай аснове (з выкарыстаннем інш. рэчываў) разнастайных прылад, дэталей і інш. рэчаў вытв., прамысл. і спажывецкага прызначэння. Да іх адносяць рукавы, пасы, трансп. (канвеерныя) стужкі, сальнікі, кольцы, пыле-, вільгаце- і маслаахоўныя каўпачкі, гумава-металічныя амартызатары, вырабы для ўшчыльнення акон і дзвярэй аўтамабіляў, самалётаў, чыг. вагонаў, для герметызацыі стыкаў буд. панэлей, тэхн. прагумаваных тканін і вырабаў з іх. Па спосабах атрымання і прызначэнні вырабы падзяляюцца на фармавыя (каля 30 тыс. найменняў), нефармавыя (больш за 12 тыс. найменняў), трансп. стужкі, пасы, рукавы. У Беларусі гумава-тэхнічных вырабаў вытворчасць пачала развівацца ў пасляваен. час. Дзейнічаюць акцыянернае т-ва«Беларусьгуматэхніка», бабруйскія прадпрыемствы бел.-ірл. «Ірбел», «Бонаш» канцэрна «Белнафтахім», акцыянернае т-ва «Барысаўгуматэхніка» (гл.Барысаўскі завод «Гуматэхніка»), Магілёўскі рэгенератарны з-д. Выпускаюць гумаватэхн. вырабы для аўтамаб., трактарнай, авіяц., станкабуд., мэблевай, трыкатажнай, буд. матэрыялаў прам-сці, с.-г. машынабудавання, буд-ва наземных і падземных збудаванняў, маналітныя гумавыя шынкі, гумава-тэхн. вырабы для грузавых і легкавых аўтамабіляў, розныя камплектуючыя вырабы, рэгенерыраваную гуму, гумавыя крошку, пракладкі для шпал, пырскавікі для аўтамабіляў, дарожкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРУ́ДЖВАННЕ НАВАКО́ЛБНАГА АСЯРО́ДДЗЯ,
паступленне ў асяроддзе рэчываў, біял. агентаў або розных відаў энергіі ў колькасці, якая перавышае звычайны ўзровень. Аказвае шкодны ўплыў на існаванне жывых арганізмаў і парушае прыродную дынамічную раўнавагу. Вылучаюць прыроднае і забруджванне антрапагеннае, з якімі звязаны забруджванне атмасферы, забруджванне вод, забруджванне глеб. Прыроднае забруджванне звязана з натуральнымі працэсамі (напр., у выніку вулканічнай дзейнасці); бывае часовае, пастаяннае, лакальнае, рэгіянальнае і глабальнае. Рост антрапагеннага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе — эканам., сац., паліт. і прыродазнаўча-навук. праблемы. Барацьба з З.н.а. патрабуе заканадаўчага забеспячэння, кантролю велічынь гранічна дапушчальных канцэнтрацый шкодных рэчываў, грунтуецца на пастаянным павышэнні агульнай, тэхнал., экалагічнай культуры насельніцтва, стварэнні экалагічна бяспечных сістэм гасп. дзейнасці, узвядзенні ачышчальных збудаванняў і інш. (гл. таксама Ахова прыроды, Экалогія). На Беларусі на 1.1.1996 намнажэнне адходаў складала 619 млн.т, за год утвараецца да 20 млн.т (у прам-сці да 80%, у быт. сектары да 20%). Гал. доўгатэрміновай экалагічнай праблемай з’яўляецца радыеактыўнае З.н.а. пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986, якая ахапіла каля 23% тэр. рэспублікі (па цэзіі-137).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕНЯЎБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны для выдалення камянёў пры ачыстцы с.-г. угоддзяў, буд-ве дарог, гідратэхн. збудаванняў і інш. Бываюць прычапныя і паўпрычапныя. навясныя і паўнавясныя, цыклічнага і бесперапыннага дзеяння.
Буйныя і сярэдняга памеру камяні выдаляюць карчавальнікамі, карчавальнікамі-збіральнікамі, машынамі са сківічным захопам, бульдозерамі, валуны — ланцуговымі або тросавымі прыстасаваннямі. Камяні сярэдніх памераў і часткова дробныя ўбіраюць паўпрычапной аднавосевай машынай з грабеньчатым рабочым органам (агрэгатуецца з трактарам «Беларусь»), Збіранне камянёў робяць прачэсваннем верхняга слоя глебы. Паднятыя грэбенем камяні скідваюцца ў бункер, а потым у прычэп ці на пляцоўку складзіравання. Дробныя камяні (дыям. да 30 см) выбіраюць машынамі з грабеньчатымі, ротарнымі, барабаннымі, элеватарнымі, грохатнымі, дыскавымі і камбінаванымі рабочымі органамі. Ёсць таксама К.м. для адначасовай уборкі і драблення камянёў. Камяні ў трансп. сродкі грузяць каўшовымі, грэйфернымі і інш. пагрузчыкамі, з поля вывозяць рознымі прычэпамі-самазваламі, лыжамі-самазваламі і інш.
І.І.Леановіч.
(Каменяўборачныя машыны: а — навясная з пярэднім сківічным захопам (1 — трактар, 2 — зубы, 3 — верхнія захопы, 4 — гідрацыліндры, 5 — заднія зубы); 6 — прычапная (1 — гідрасістэма павароту бункера, 2, 3 — хадавыя колы, 4 — грэбень; I — збіранне камянёў, II — пагрузка іх у бункер, III — выгрузка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНЫ ПЛАСТ,
прынятая ў археалогіі і геалогіі назва пласта зямлі, які ўтварыўся ў выніку жыцця і дзейнасці чалавека. Мае сваю кансістэнцыю (гумус, вуголле, попел, вапну, трэскі, буд. друз і інш.), структуру (шчыльную або рыхлую), спецыфічны колер, часам і спецыфічны пах (двухвокісу вугляроду). У К.п. звычайна захоўваюцца рэшткі стараж. жытлаў, гасп. пабудоў, помнікаў манум. дойлідства (храмы, палацы), прадметы матэрыяльнай культуры (прылады працы, зброя, упрыгожанні і інш.), кухонныя адходы (косці дзікіх і свойскіх жывёл, рыб, абпаленае збожжа, костачкі пладоў і інш.). На фарміраванне К.п. ўплываюць інтэнсіўнасць жыцця і род дзейнасці людзей, ступені канцэнтрацыі жыхароў на адпаведнай плошчы ў пэўны перыяд, працягласць пражывання, а таксама знешнія абставіны (стыхійныя бедствы, варожыя навалы і інш.). Датаванне К.п. робяць па знаходках, датаваных на раней даследаваных помніках, па манетах, рэштках мураваных збудаванняў (гл.Археалагічнае датаванне). Глеба, на якой залягае К.п. і якая ўжо не мае слядоў жыццядзейнасці чалавека, называецца мацерыком. К.п. адносіцца да помнікаў і ахоўваецца дзяржавай, распрацоўка яго павінна весціся ў адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове помнікаў і існуючай навук. методыкай раскопак. Раскапаны К.п. знікае назаўсёды і ў адрозненне ад помнікаў архітэктуры не паддаецца аднаўленню.