КРЭДЫ́Т ВЭ́КСАЛЬНЫ,

крэдытная аперацыя, якая ўяўляе сабой куплю вэксаля да надыходу тэрміну плацяжу па ім (улік вэксаля). Пры К.в. пакупнік вэксаля (звычайна камерцыйны банк або банкаўская кантора) датэрмінова выплачвае (крэдытуе) яго трымальніку суму, на якую выпісаны вэксаль, за вылікам працэнтаў, памер якіх вызначаецца пагадненнем бакоў на базе існуючага працэнта за крэдытны капітал у залежнасці ад якасці і тэрміну вэксаля. Пры гэтым пакупнік вэксаля атрымлівае прыбытак за кошт розніцы паміж сумай, якую ён атрымае ў выпадку аплаты вэксаля абавязанай асобай, і сумай, выплачанай пры К.в. Звычайна да ўліку прымаюцца вэксалі, што ўтрымліваюць абавязацельствы фірм, плацежаздольнасць якіх гарантавана.

т. 8, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О’КО́НЕЛ (O’Connell) Даніэл (6.8.1775, каля Карсівіна, Ірландыя — 15.5.1847),

дзеяч ірл. нац.-вызв. руху. Адвакат. У 1823 заснаваў ірл. «Каталіцкую асацыяцыю», якая дамаглася прыняцця брыт. парламентам (1829) біля аб «эмансіпацыі католікаў» (наданне ірл. католікам паліт. правоў, у т. л. пасіўнага выбарчага права). З 1828 дэп. палаты абшчын брыт. парламента, дзе ўзначальваў «ірл. брыгаду» (фракцыю дэпутатаў-ірландцаў). З 1832 выступаў за «рыпіл» (разрыў) англа-ірландскай уніі 1801, для прапаганды чаго заснаваў Асацыяцыю рыпілераў (1840). З 1842 лорд-мэр Дубліна. У 1844 асуджаны брыт. ўладамі на 6 месяцаў турмы за ўдзел у змове «супраць англ. каралевы» і «за заклік да мяцяжу».

т. 11, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎГІДРАМО́РФНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах перыядычнага празмернага ўвільгатнення (больш за 15—20 сут за год) паверхневымі ці грунтавымі водамі. Прысутнічаюць прыкметы агляення глебы. Асаблівасці паўгідраморфнага глебаўтварэння — анаэробныя ўмовы, падзолаўтварэнне, інтэнсіўны вынас спалучэнняў жалеза, паніжэнне акісляльна-аднаўленчага патэнцыялу, лесіваж. Марфалагічны профіль характарызуецца наяўнасцю шызых і белаватых плям з іржавымі пражылкамі, афарбоўка якіх залежыць ад ступені акіслення іонаў жалеза. На Беларусі да П.г. адносяцца дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы, дзярновыя забалочаныя глебы, падзолістыя забалочаныя, поймавыя дзярновыя забалочаныя і інш. Займаюць больш за 30% плошчы с.-г. угоддзяў. Для с.-г. выкарыстання П.г. патрабуюць рэгулявання вільготнага рэжыму.

Л.​В.​Круглоў.

т. 12, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСХО́Д ВАДЫ́,

аб’ём вады, які працякае праз папярочнае сячэнне патоку за адзінку часу. Выражаецца ў кубічных метрах за секунду (м³/с), для малых вадацёкаў у літрах за секунду (л/с). Рэгулярнае вымярэнне Р.в. праводзіцца на гідралагічных пастах. Вымяраецца гідраметрычнымі вяртушкамі, радзей паплаўкамі, на малых вадацёках — з дапамогай вадазліваў, на гідратэхн. збудаваннях — расхадамерамі. На аснове сістэматычных вымярэнняў Р.в. вылічаюць іх сярэднясутачныя, сярэднямесячныя, сярэднешматгадовыя, а таксама макс. і мінім. велічыні і характарыстыкі сцёку. Для падліку сцёку вады паводле даных штосутачных вымярэнняў выкарыстоўваецца крывая расходу вады — графік, які паказвае сувязь паміж расходамі і ўзроўнямі вады ў дадзеным сячэнні патоку.

т. 13, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУЖЭ́БНІКІ, слугі,

ніжэйшая катэгорыя службовых асоб дзярж. або прыватнаўласніцкага кіравання ў ВКЛ у 14—17 ст. С. маглі быць шляхціцы, мяшчане, баяры і сяляне. Вышэйшую іх групу складалі дваране пры велікакняжацкім двары. С. былі пісарамі, дворнымі слугамі, збіралі даніну, прыводзілі ў выкананне пастановы органаў дзярж. кіравання і суда, наглядалі за пабудовай і рамонтам замкаў, мастоў, дарог, за парадкам у судах (возны, віж). «Устава на валокі» 1557 рэгламентавала правы і абавязкі сельскіх службовых асоб, якія карысталіся за службу 2 вольнымі ад павіннасцей валокамі зямлі. У гарадах меліся слугі месцкія, магістрацкія, купецкія.

Я.​А.​Юхо.

т. 15, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНУ́ТРАНАЯ РЫ́ФМА,

рыфма, якая звязвае 2 паўрадкоўі аднаго вершаванага радка або словы, размешчаныя ў сярэдзіне 2 суседніх радкоў:

Хоць віхры шалеюць, хоць песні нямеюць,
Хоць страшна засмучаны ты,
За добрую справу, за шчасце і славу
Душу вырывай з цемнаты.
(Я.​Купала.«За праўду»)

У.р., як і рыфма ўвогуле, мае метрычна-кампазіцыйнае значэнне, чым вылучаецца з шэрагу ўнутрырадковых слоўных сугуччаў, якія па форме падобны да яе. Найб. часта сустракаецца ў нар. паэзіі і паэтаў, творчасць якіх звязана з фальклорам (Я.​Купала, Л.​Геніюш, Т.​Шаўчэнка і інш.). На выкарыстанні У.р. засн. леанінскі верш.

В.​П.​Рагойша.

т. 16, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКУРО́РСКІ НАГЛЯ́Д,

форма праваахоўнай дзейнасці, якая ажыццяўляецца органамі пракуратуры. У Рэспубліцы Беларусь П.н. ажыццяўляецца: за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і інш. нарматыўных актаў мін-вамі і інш. падведамнымі Савету Міністраў органамі, мясц. прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, прадпрыемствамі, арг-цыямі і ўстановамі, грамадскімі аб’яднаннямі, службовымі асобамі і грамадзянамі; за выкананнем законаў пры расследаванні злачынстваў; за адпаведнасцю закону суд. рашэнняў па цывільных і крымін. справах, справах аб адм. правапарушэннях; за выкананнем законаў у месцах папярэдняга зняволення, пры выкананні пакаранняў і інш. мер прымусовага характару, якія назначаюцца судом. У выпадках, прадугледжаных законам, пракуратура праводзіць папярэдняе расследаванне злачынстваў, пракуроры прымаюць удзел у разглядзе спраў судамі, падтрымліваюць дзярж. абвінавачванне. У працэсе ажыццяўлення П.н. пракурор правамоцны апратэстоўваць рашэнні і акты, калі яны супярэчаць закону, прыцягваць правапарушальнікаў да адказнасці, прымаць меры для забеспячэння спагнання матэрыяльных страт, нанесеных парушэннем закона, і г.д.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РКІ,

вёска ў Беларусі, у Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на Пд ад г. Бяроза, за 100 км ад Брэста, 28 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская. 342 ж., 127 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 3, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНІФА́ЦЫЙ VIII (Bonifacius VIII; свецкае Бенедзета Каэтані; Benedetto Caetani; каля 1235, Ананьі, Італія — 11.10.1303),

рымскі папа [1294—1303]. Актыўна змагаўся за папскую тэакратыю, за паліт. ўплыў у барацьбе з феад. манархіямі Еўропы. Пацярпеў паражэнне ў канфлікце з франц. каралём Філіпам IV Прыгожым, што з’явілася перадумовай Авіньёнскага паланення папаў.

т. 2, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЙДА́-БЯЛЁЎСКІ КАНА́Л,

меліярацыйны канал у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 33 км. Пачынаецца за 5 км на ПнУ ад в. Бялёў, вусце за 5,5 км на ПнЗ ад в. Хлупін. Прытокі — меліярац. каналы, у т. л. Найда-Бялёўскі 1-ы.

т. 11, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)