МА́РХЕЛЬ (Таццяна Рыгораўна) (н. 19.1.1939, в. Шпакоўшчына Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1984). Скончыла Бел. театр.-маст. ін-т (1963). З 1963 у Гродзенскім, з 1967 у Магілёўскім абл. драм. т-рах, з 1970 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, з 1987 у Т-ры-студыі кінаакцёра, з 1994 у Рэсп. т-ры бел. драматургіі. Характарная актрыса. Створаныя М. вобразы вылучаюцца лірызмам, дакладнасцю псіхалагічнага малюнка, пранікненнем у сутнасць нац. характару, мілагучнай мовай. Найб. значныя ролі: у т-ры імя Я.Коласа — Маці і Ганна («Сымон-музыка» і «На дарозе жыцця» паводле Я.Коласа), Вольга Усцінаўна («Снежныя зімы» паводле І.Шамякіна), Бажашуткава («Амністыя» М.Матукоўскага), Ганна («Вечар» А.Дударава), Іхметава («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага), пані Проціч («Доктар філасофіі» Б.Нушыча); у Т-ры-студыі кінаакцёра — Батлейшчыца («Дзіця з Віфлеема» М.Пінігіна паводле бел. нар. песень, запісаных М.); у т-ры бел. драматургіі — Магрэта («Паваліўся нехта» паводле У.Галубка і Л.Родзевіча), герцагіня Йоркская і Ведзьма («Рычард III» і «Макбет» У.Шэкспіра), Гіра («Узлёт Артура VI, які можна было спыніць» Б.Брэхта), Мірчуткіна («Шампань-скага!» паводле жартаў А.Чэхава «Сватаўство», «Юбілей») і інш. Першая выканаўца партыі жаночага голасу ў 3-й сімфоніі «Белая вежа» А.Янчанкі, а таксама бел. нар. песень у спектаклі «Сымон-музыка», тэлеспектаклі «Новая зямля», кінафільме «Людзі на балоце» і інш. Пранікнёнасць гучання голасу, свабодная імправізацыйная манера блізкія да народна-песеннай выканальніцкай традыцыі. Здымаецца ў кіно («Подых навальніцы», «Трэцяга не дадзена», «Кантрольная па спецыяльнасці», «Радаўніца», «Плач перапёлкі», «Маці Урагану», «Яўдоха» і інш.).

А.В.Скорабагатчанка.

Т.Р.Мархель.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ХАЎ (Дзмітрый Максімавіч) (н. 27.7.1943, с. Масляніна Новасібірскай вобл., Расія),

бел. архітэктар, тэатр. мастак. Вучыўся ў БПІ (1961—64). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). З 1965 на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1970 у Спец. навук.-рэстаўрацыйных майстэрнях, з 1973 мастак-архітэктар Мінскага маст.-вытв. камбіната, у 1983—96 гал. мастак Т-ра-студыі кінаакцёра. З 1985 выкладае ў Бел. ун-це культуры і Бел. АМ. Мастак-пастаноўшчык фільмаў «Горад майстроў» (1964), «Альпійская балада» (1965), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1967), «Я, Францыск Скарына...» (1970). Аўтар праектаў рэстаўрацыі Слуцкай брамы ў Нясвіжы, вял. залы Жыліцкага палаца (Магілёўская вобл.) і інш.; рэканструкцыі інтэр’ера Нац. бібліятэкі Беларусі (усе 1973), ратушы і прылеглых будынкаў у Віцебску (1995). Аформіў больш за 200 спектакляў у муз. і драм. т-рах Расіі, Прыбалтыкі, Сярэдняй Азіі і Каўказа. Сярод спектакляў, аформленых на бел. сцэне: у Нац. акад. т-ры оперы і балета — «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага (1985) і «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі (1992); у Т-ры-студыі кінаакцёра — «Шчасце маё...» А.Чарвінскага (1983), «Гамлет» У.Шэкспіра (1987), «Генералы ў спадніцах» Ж.Ануя (1989); у Гомельскім — «Зойчына кватэра» М.Булгакава (1990), у Гродзенскім — «Уладзімір і Рагнеда» А.Дударава (1998) абл. драм. т-рах; у Т-ры юнага гледача — «Маленькі лорд» Ф.Бернета (1998). Для арганізацыі сцэн. прасторы выкарыстоўвае трансфармацыю сцэн. канструкцый, дэтальную распрацоўку павільёна, жывапіс, светлавую партытуру і ўвасабляе адухоўлены і паэт. вобраз рэжысёрскай задумы.

С.У.Пешын.

Дз.Мохаў. Макет дэкарацыі да спектакля «Генералы ў спадніцах» Ж.Ануя. 1989.

т. 10, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НІН,

вёска ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Случ. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 46 км на ПнЗ ад г. Жыткавічы, 274 км ад Гомеля, 18 км ад чыг. ст. Мікашэвічы. 875 ж., 318 двароў (1999).

Упершыню ўпамінаецца ў 1568 у прывілеі Жыгімонта Аўгуста кн. Юрыю Алелькавічу на заснаванне мястэчка. У ім названы і тапонім будучага нас. пункта — Ленін. У 1582 мястэчка перайшло да кн. Аляксандра Алелькавіча. З 17 ст. ва ўладанні Радзівілаў, з пач. 19 ст. — Вітгенштэйнаў. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Мазырскага пав. Мінскай губ. У 1863 адкрыта аднакласнае нар. вучылішча. У 1886—437 ж, 79 двароў, у 1908—1019 ж., 196 двароў. У 1922—39 у складзе Польшчы, цэнтр Ленінскай гміны Палескага ваяв. З 12.10.1940 гар. пасёлак, у 1940—50 цэнтр Ленінскага раёна Пінскай вобл. У Вял. Айч. вайну з 16.7.1941 да 6.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 4474 чал.; у жн. 1942 акупанты расстралялі ў Л. каля 2 тыс. чал., у лют. 1943 у час карнай аперацыі «Горнунг» загубілі 1200 чал. 12.9.1942 адбыўся Ленінскі бой 1942. З 9.1.1952 вёска ў Ленінскім р-не Пінскай, з 1954 Брэсцкай абл., з 1960 у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл. У 1972—842 ж., 252 двары.

Лясніцтва, цэх па перапрацоўцы драўніны. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. ваеннапалонных і ахвяр фашызму, камсамольцаў, партызан. Магілы ахвяр фашызму. Помнік партызанам. Помнік архітэктуры — капліца на могілках (1870-я г.).

т. 9, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў МІ́НСКАЙ ВО́БЛАСЦІ.

Засн. ў Мінску ў 1923 як частка сховішча Цэнтр. архіва БССР, з 1927 Мінскі гіст. архіў, з 1936 Мінскае аддзяленне цэнтр. дзярж. архіваў БССР, з 1938 Мінскі абл. архіў. На 1.7.1938 на захаванні лічылася 1088 фондаў, больш за 1 млн. спраў. Захоўваліся дакументы губ., пав., валасных органаў улады і кіравання, гасп., фін., паліцэйскіх, судовых, культ.-асв. і інш. устаноў Мінскай губ. за 1793—1918, дакументы сав. перыяду. У час 2-й сусв. вайны дакументы размеркаваны па розных памяшканнях г. Мінска, значная частка іх страчана. У ліп. 1944 архіў аднавіў дзейнасць. У 1964 дакументы дарэв. перыяду перададзены ў Цэнтр. дзярж. гіст. архіў. На 1.1.1997 у архіве 5967 фондаў, 1 237 986 спраў. Зберагае дакументы органаў дзярж. улады і кіравання, прафс., грамадскіх і каап. арг-цый, устаноў адукацыі, аховы здароўя, сац. забеспячэння, статыстыкі, судоў і пракуратуры, прадпрыемстваў, арг-цый прам-сці і сельскай гаспадаркі і інш. Сярод іх пастановы ЦВК БССР і рашэнні па моўнай палітыцы, пратаколы выканкомаў сельскіх і раённых Саветаў пра раскулачванні і высяленні, спісы высланых з тэр. вобласці, дакументы Надзвычайных дзярж. камісій па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў ням.-фаш. захопнікаў і прычыненых імі страт на тэр. Мінскай вобл., сучасныя дакументы і фонды асабістага паходжання. У 1996 архіву перададзены дакументы былога парт. архіва Мінскага абкома КПБ. Дакументы на бел., рус., польск., ням. і яўр. мовах.

Аддзелы: уліку і забеспячэння захаванасці дакументаў; камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; інфарм.-пошукавых сістэм, выкарыстання дакументаў; навук.-тэхн. апрацоўкі дакументаў.

Г.І.Ляшук.

т. 6, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСНІКО́Ў (Аляксандр Фёдаравіч) (сапр. Мяснікян, парт. і літ. псеўд. Ал.Мартуні, Бальшавік; 9.2.1886, г. Растоў-на-Доне, Расія — 22.3.1925),

рэвалюцыянер, сав. парт. і дзярж. дзеяч, адзін з кіраўнікоў устанаўлення сав. улады ў Беларусі. Скончыў Маскоўскі ун-т (1911). У рэв. руху з 1904, чл. РСДРП з 1906. З 1914 у арміі на Зах. фронце. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Мінску, чл. бальшавіцкай фракцыі выканкома Зах. фронту, чл. Мінскага Савета, Мінскага к-та РСДРП(б). Адзін з заснавальнікаў і рэдактараў газ. «Звязда» (са жн. 1917). Дэп. Устаноўчага сходу па Мінскай акрузе. З вер. 1917 старшыня Паўн.-Зах. к-та РСДРП(б). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 чл. ВРК, у ліст. 1917 галоўнакамандуючы Зах. фронту, у снеж. — в.а. Вярх. галоўнакамандуючага. З ліст. 1917 нарком ваен. аддзела, са студз. 1918 старшыня Аблвыкамзаха. Пасля акупацыі Беларусі герм. войскамі ўзначальваў Паўн.-Зах. абл. к-т РКП(б) у Смаленску. У маі—ліп. 1918 камандуючы Паволжскім фронтам, У Часовым рабоча-сялянскім урадзе БССР (з 1.1.1919) быў наркомам па ваен. справах, нам. старшыні СНК, старшынёй ЦВК. Летам 1920 нач. палітупраўлення Зах. фронту. З восені 1920 ваен. арганізатар, сакратар Маскоўскага к-та РКЛ(б), з 1921 старшыня СНК і нарком па ваен. справах Арм. ССР, з 1922 старшыня Саюзнага Савета ЗСФСР, потым 1-ы сакратар Закаўказскага крайкома РКП(б). Чл. ЦБ КП(б)Б у 1919, чл. Прэзідыума ЦК КП(б)ЛіБ у 1919—20. Чл. РВС СССР, чл. Прэзідыума ЦВК СССР у 1923—25. Аўтар артыкулаў па пытаннях марксісцкай тэорыі, гісторыі рэв. руху, арм. л-ры. Загінуў у авіяц. катастрофе.

І.П.Хаўратовіч.

А.Ф.Мяснікоў.

т. 11, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫГЕ́Я, Рэспубліка Адыгея,

у складзе Рас. Федэрацыі. Пл. 7,6 тыс. км². Нас. 426 тыс. чал. (1987), гарадскога 51%; адыгейцы, рускія, украінцы і інш. Сталіца — г. Майкоп.

Прырода. Адыгея размешчана ў паўн.-зах. ч. Каўказа на левабярэжжы рэк Кубань і Лаба; паўн. ч. — на Прыкубанскай раўніне, парэзанай далінамі рэк і лагчынамі, паўд. ч. — на перадгор’ях і схілах В.Каўказа (выш. да 3238 м, г. Чугуш). Ёсць прыродны газ, буд. матэрыялы, мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны, цёплы. Сярэдняя т-ра студз. каля -2 °C, ліп. 22 °C. Ападкаў каля 700 мм за год. Безмарозны перыяд 180 дзён. Рэкі бас. Кубані (Лаба, Белая, Пшыш, Псекупс). Вадасховішчы: Краснадарскае, Шапсугскае, Акцябрскае і інш. На б. ч. тэр. — чарназёмы, пашыраны каштанавыя глебы, у гарах — шэрыя і бурыя лясныя. Шыракалістыя лясы перадгор’яў займаюць ​2/5 тэрыторыі, у гарах піхта, елка, хвоя. Водзяцца зубр, серна, каўказскі алень, казуля, дзік, буры мядзведзь, выдра, барсук, ліс і інш. У Адыгеі асн. ч. Каўказскага запаведніка.

Гісторыя. Звесткі пра стараж. чалавека на тэр. Адыгеі адносяць да палеаліту. Продкі адыгаў згадваюцца ў пісьмовых крыніцах з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. З 4 ст. н.э. адыгі апрача жывёлагадоўлі і земляробства займаліся ганчарствам, кавальствам, ювелірным і інш. рамёствамі, падтрымлівалі гандлёвыя сувязі з народамі Каўказа, Крыма, з Іранам і Візантыяй, з генуэзскімі гарадамі-калоніямі, што існавалі да 15 ст. на марскім узбярэжжы Адыгеі. Прыблізна з 13 ст. з зах.-адыгейскіх плямёнаў пачала складвацца адыгейская народнасць. У 13 ст. Адыгея заваявана Залатой Ардой. З 16 ст. на землі Адыгеі спусташальныя набегі рабілі тур. султаны і крымскія ханы. Яны бралі вял. палон, насаджалі іслам, што прымусіла адыгейцаў шукаць абароны ў Расіі. У 1555—57 Адыгея далучана да Расіі. З крас. 1917 на тэр. Адыгеі пашыралася ўлада Кубанскай рады. У студз. 1918 абвешчана сав. ўлада, з мая тэр. Адыгеі ў складзе Кубана-Чарнаморскай сав. рэспублікі, з ліп.Паўночна-Каўказскай савецкай рэспублікі. Восенню 1918 Адыгея занята войскамі Добраахвотніцкай арміі, кіравалася адміністрацыяй Дзянікіна ўрада. У сак. 1920 адноўлена сав. ўлада. 27.7.1922 утворана Чэркеская (Адыгейская) аўт. вобласць, 24 жн. перайменавана ў Адыгейскую (Чэркескую), з ліп. 1928 — у Адыгейскую аўт. вобласць; адм. ц.г. Краснадар, з 1936 — г. Майкоп. З 1937 аўт. вобласць у складзе Краснадарскага краю. У 1991 абвешчана Рэспубліка Адыгея ў складзе Рас. Федэрацыі.

Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: харч. (кансервавая, маслабойная, мясная, цукр., эфіраалейная, чайная і інш.); машынабуд. (станкабудаванне); лясная і дрэваапр. (вытв-сць мэблі, цэлюлозы, кардону). Газаздабыўная прам-сць. Асн. прамысл. цэнтр — Майкоп. Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, рыс) і тэхнічных (сланечнік, цукр. буракі, тытунь) культур. Вырошчваюць агародніну, бахчавыя, бульбу, кармавыя культуры. Вінаградарства і пладаводства. У жывёлагадоўлі вядучае месца займае развядзенне буйн. раг. жывёлы. Птушкагадоўля. Пчалярства. Суднаходства па р. Кубань. Аўтамаб. траса Майкоп — Дагамыс. Зах. ч. перасякае чыгунка Краснадар—Новарасійск.

Культура. У 1992 у Адыгеі 204 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (21,6 тыс. дзяцей), 165 агульнаадук. школ (62,7 тыс. вучняў, больш за 5 тыс. настаўнікаў), 10 ПТВ (4,5 тыс. навучэнцаў), 6 сярэдніх спец. навуч. устаноў (7 тыс. навучэнцаў); Адыгейскі пед. ін-т (больш за 5 тыс. студэнтаў), 177 б-к. Гісторыка-краязнаўчы музей у Майкопе.

Выходзяць газеты «Адыгэ макь» («Голас Адыга»), «Адыгейская правда» і інш.

Нар. паэзія адыгейцаў уключае паданні пра нартаў, гераічныя, ваенна-гіст. песні, песні-галашэнні, калыханкі, паляўнічыя, працоўныя, лірычныя, вясельныя і інш. Развіццё адыгейскай л-ры звязана са стварэннем у 1918 пісьменства і друку на адыгейскай мове. Першыя поспехі звязаны з імёнамі І.Цэя, М.Паранука, А.Хаткова, Т.Керашава. У 1930-я г. зроблены першыя запісы песень нар. ашуга Цуга Тэўчэжа і створаных ім паэм. У пасляваенны час плённа працавалі А.Еўтых, А.Гадагатль, Ю.Тлюстэн, Дж.Джагупаў, І.Машбаш, Х.Ашынаў і інш. Развіццю адыгейскай л-ры ў 1970—90-я г. спрыяла творчасць М.Тхаркаха, Е.Мамія, К.Кумпілава, Н.Куека, П.Кашубаева, Т.Чамокава і інш.

Найб. стараж. помнікі на тэр. Адыгеі (дальмены, наскальныя выявы, залатыя і сярэбраныя пасудзіны і фігуркі т.зв. майкопскай культуры) адносяцца да мезаліту і бронзавага веку. Да ранняга жал. веку належаць ювелірныя вырабы «звярынага стылю», кераміка, рэшткі абарончых і культавых збудаванняў. З даўніх часоў пашырана прыкладное мастацтва (залатое шыццё, разьба па дрэве і камені, лямцавыя дываны і інш.). У 1950 у Майкопе створана абл. маст.-вытв. майстэрні Краснадарскага аддз. маст. фонду Расіі.

Музыка адыгейцаў мае шэраг самабытных адметных рысаў. У яе аснове дыятанічныя лады, 2-дольная метрыка, у архаічных жанрах — нерэгулярна пераменная метрыка, мноства трыёляў, сінкопаў і інш. Сярод песенных жанраў працоўныя і абрадавыя песні. Танцы: зафак, ісламей, зыгатлат, удж-турыту, удж-хурай, зекакаш. Сярод інструментаў: флейта камыль, гармонік пшынэ, драўляная трашчотка пхачыч, струнна-смычковы апепшын. Найб. вядомыя кампазітары: У.Тхабісімаў, А.Нехай, Г.Самогава, М.Бесіджаў, Г.Чыч, Дж.Натха, Ч. і В.Анзарокавы. У Адыгеі працуюць (1988): Ансамбль нар. танца (Майкоп), філармонія, муз.-пед. ф-т Адыгейскага пед. ін-та, вучылішча мастацтваў, муз. школы.

Вытокі тэатр. мастацтва Адыгеі ў стараж. нар. эпасе, жартоўных сцэнках, якія ўваходзілі ў бытавыя, святочныя і працоўныя абрады. Першы нац. тэатр. калектыў — Адыгейскі абл. калгасна-саўгасны тэатр (1936). У 1941 у Майкопе створаны абл. драм. т-р імя А.С.Пушкіна (рус. і адыгейская трупы). У рэпертуары п’есы нац., рус., замежных драматургаў.

т. 1, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РСКАЯ БІ́ТВА 1943,

адна з вырашальных вайск. аперацый у Вял. Айч. вайну. Адбылася на тэр. сучасных Курскай, Арлоўскай, Белгародскай, Бранскай і Калужскай абл. Расіі, Харкаўскай і Сумскай абл. Украіны. Складалася з 2 этапаў: абарончых баёў (5—23 ліп.) і контрнаступлення (12 ліп. — 23 жн.) сав. войск. Летам 1943 ням.-фаш. камандаванне падрыхтавала аперацыю «Цытадэль» — наступленне на т.зв. Курскі выступ сустрэчнымі ўдарамі з раёнаў Арла і Харкава, каб акружыць і знішчыць тут сав. войскі, вярнуць стратэг. ініцыятыву пасля паражэння ў Сталінградскай бітве 1942—43. На лініі Арол — Харкаў было сканцэнтравана 50 ням. дывізій (больш за 900 тыс. чал., да 2,7 тыс. танкаў і штурмавых гармат, каля 10 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 2 тыс. самалётаў), што ўваходзілі ў 9-ю і 2-ю арміі групы армій «Цэнтр» (камандуючы ген.-фельдмаршал Г.Клюге), 4-ю танк. армію і аператыўную групу «Кемпф» групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.Манштэйн), г.зн. каля 70% танк., 30% матарызаваных і больш за 20% пяхотных дывізій, што дзейнічалі на сав.-герм. фронце. Сав. камандаванне разгадала намеры праціўніка і падрыхтавала эшаланіраваную абарону глыбінёй да 300 км. Абарону паўн. раёна Курскага выступу трымалі войскі Цэнтр. фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі), паўд. — Варонежскага фронту (ген. арміі Л.Ф.Ватуцін): больш за 1,3 млн. чал., каля 20 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 3,4 тыс. танкаў і самаходных гармат і каля 2,2 тыс. самалётаў. У іх тыле знаходзіўся ў рэзерве Сцяпны фронт (ген.-палк. І.С.Конеў). Для контрнаступлення былі падрыхтаваны Зах. (ген.-палк. В.Д.Сакалоўскі) і Бранскі (ген.-палк. М.М.Папоў) франты, а таксама 57-я армія (ген.-лейт. М.А.Гаген) Паўд.-Зах. фронту. Дзейнасць франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза Г.К.Жукаў і А.М.Васілеўскі. Раніцай 5 ліп. сав. артылерыя нанесла апераджальны ўдар па варожых пазіцыях. Ударныя ням. групоўкі пачалі наступленне на Курск з раёнаў Арла і Белгарада. На Арлоўскім напрамку каля с. Поныры вораг уклініўся ў сав. абарону на 10—12 км, на Белгародскім напрамку каля с. Прохараўка — на 35 км. 12 ліп. каля Прохараўкі адбылася самая буйная сустрэчная танк. бітва 2-й сусв. вайны, у якой з абодвух бакоў удзельнічала да 1200 танкаў і самаходных гармат. Пасля 8-дзённых малавыніковых атак ням.-фаш. войскі перайшлі да абароны. 12 ліп. пачалі контрнаступленне войскі Зах. і Бранскага франтоў, 15 ліп. ў напрамку Арла — Цэнтр. фронту, 16—18 ліп. на Белгародска-Харкаўскім напрамку — Варонежскага і Сцяпнога франтоў ва ўзаемадзеянні з Паўд.-Зах. фронтам (ген. арміі Р.Я.Маліноўскі). 5 жн. вызвалены Арол і Белгарад, 23 жн. — Харкаў. У выніку К.б. ням.-фаш. войскі страцілі каля 30 дывізій і шмат баявой тэхнікі. У ходзе бітвы ў тыле групы армій «Цэнтр» бел. партызаны правялі аперацыю «Рэйкавая вайна»ліп. пусцілі пад адхон 761 эшалон), чым у значнай ступені скавалі перавозкі праціўніка і адцягнулі на сябе каля 80 тыс. яго вайскоўцаў. У час бітвы вызначыліся воіны-беларусы лётчык А.К.Гаравец; танкісты М.М.Антонаў і В.Ф.Марцехаў, мінамётчык Б.Т.Шабан і інш. К.б. завяршыла карэнны пералом у ходзе Вял. Айч. вайны, стварыла ўмовы для пераходу сав. войск да агульнага наступлення, наблізіла пачатак вызвалення Беларусі (канец вер. 1943). Паражэнне Германіі ў К.б. вымусіла яе перайсці да абароны на ўсіх тэатрах 2-й сусв. вайны.

Літ.:

Колтунов Г.А., Соловьев Б.Г. Курская битва. М., 1983;

Кэйдин М. Курская битва — величайшее сухопутное сражение в истории // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагические страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992;

Меллентин Ф. Танковые сражения 1939—1945: Пер. с англ. М., 1957. С. 186—202;

Соловьев Б.Г. «Кутузов» и «Румянцев» против «Цитадели» // Военно-ист журн. 1998. № 4.

В.А.Юшкевіч.

Да арт. Курская бітва 1943. Мастак П.А.Крываногаў. 1949.

т. 9, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў цэнтр. Беларусі (пераважна на ПнЗ Мінскай і ПнУ Гродзенскай абл.), які бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Зазнаў уплыў гар. касцюма, што выявілася ў прыёмах крою і пашыву, шырокім выкарыстанні крамных тканін. У жаночы гарнітур уваходзілі кашуля, спадніца, фартух, гарсэт (у будні замест яго надзявалі безрукаўку-сканцэрку). Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, з сярэдзіны 19 ст. — з гесткай, аздаблялі паскам расліннага ці геам. чырвона-чорнага арнаменту на грудзях, плячах і каўняры. Узоры клетак і паскаў на спадніцы (з 4 прамавугольных, пазней трапецападобных полак) утвараліся за кошт чорных, цёмна-сініх, шэрых, жоўтых прасновак і прокідак утку. Спадніцу-андарак ткалі ў буйнарапортныя зялёна-вішнёвыя клеткі ці аднаго сіняга, чорнага колеру (спадніца-рудляк). Фартух аднаполкавы, белы льняны ці паркалёвы або цёмны з крамных тканін; упрыгожвалі гафтам, нашыўкамі стужак, маршчэннем. Гарсэт (шнуроўка) з чорнай або цёмна-сіняй шарсцянкі ці аксаміту кроілі з баскай у 6—8 кліноў. Жаночыя галаўныя ўборы: намітка, белая палатняная або разнаколерная з фабрычнай шарсцянкі хустка і вялікая тканая або вязаная з воўны хустка-ахінанка, каптур. Традыцыйную жаночую вопратку — бурнос і паўбурнос, расшыраныя ўніз, аздаблялі нашыўкамі гладкіх і зубчыкавых паскаў чорнага аксаміту, тасьмы ў спалучэнні з машынным штапам. Святочнай вопраткай былі суконныя капоты. Мужчынскі гарнітур складаўся з кашулі, нагавіц, сіняй ці чорнай камізэлькі (доўгай са стаячым каўняром ці кароткай), аздобленай нашыўкамі, трохвугольнай шыйнай хустачкі (каляшыйнік), галаўнога ўбору. У віленскім строі шмат відаў мужчынскай вопраткі, што адрозніваліся якасцю тканін, кроем, маст. афармленнем. У халодную восень і вясну насілі армяк, сярмягу, чуйку, бурку, якія шылі з валенага сукна, узімку — непацягнутыя або пацягнутыя кажухі.

М.Ф.Раманюк.

т. 4, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ГУБЕ́РНСКІ ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т,

вышэйшы надзвычайны орган сав. улады на тэр. Мінскай губ. ў 1918—20.

Створаны 10.12.1918 у Мінску па ініцыятыве Паўн.-Зах. абл. к-та РКП(б). Старшыня І.І.Рэйнгольд. Меў аддзелы: ваенны, фінансаў, зямельны, СНГ, працы, харчавання, асветы, аховы здароўя, сац. забеспячэння, юстыцыі, ЧК і інш. Вёў работу па стварэнні на вызваленай ад герм. акупантаў тэр. губерні рэўкомаў і Саветаў, устанаўліваў і падтрымліваў рэв. парадак і законнасць. 7.1.1919 скасаваны ў сувязі з утварэннем БССР, аддзелы зліліся з камісарыятамі рэспублікі. 25.2.1919 адноўлены паводле пастановы ЦВК БССР у сувязі з утварэннем Літ.-Бел. ССР. Дзейнасць пашырыў і на Вілейскі пав. Віленскай губ. Старшыня І.С.Саваціеў. Рыхтаваў скліканне з’езда Саветаў Мінскай губ. 29.4.1919 скасаваны ў сувязі з пераездам урада Літ.-Бел. ССР з Вільні ў Мінск, аддзелы зліліся з наркаматамі, функцыі перайшлі да Савета абароны, СНК і інш. цэнтр. органаў рэспублікі. 26.7.1919 зноў адноўлены у Бабруйску ў сувязі з акупацыяй большасці тэр. Беларусі польск. войскамі, скасаваннем Савета абароны і згортваннем работы СНК Літ.-Бел. ССР. Старшыня Р.В.Пікель. У жн. 1919 спыніў дзейнасць у сувязі з акупацыяй губерні польскімі войскамі. Створаны зноў 9.7.1920 у сувязі з пачаткам вызвалення Мінскай туб. ад польск. войск. Старшыня А.Р.Чарвякоў. Вёў работу па стварэнні органаў сав. улады на вызваленай тэр., забеспячэнні харчаваннем і абмундзіраваннем Чырв. Арміі, аднаўленні прам-сці і сельскай гаспадаркі, па нарыхтоўцы і размеркаванні харчавання, аказанні дапамогі сем’ям чырвонаармейцаў, рабіў захады да адкрыцця школ, наладжвання аховы здароўя. Спыніў існаванне ў сувязі з прыняццем 31.7.1920 Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь і ўтварэннем Ваен.-рэв. к-та БССР. На базе аддзелаў рэўкома створаны камісарыяты ВРК БССР.

М.І.Камінскі.

т. 10, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ НО́ВЫ ЗА́МАК, Гродзенскі каралеўскі палац,

помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў стылі позняга барока ў 1734—51 у Гродне каралём Аўгустам III на месцы Гродзенскага Ніжняга замка. Асн. праект М.Д.Пёпельмана, у стварэнні ўдзельнічалі арх. І.Х.Яўх і І.Ф.Кнобель (апошні дабудоўваў капліцу-капэлу). У 1789 рэканструяваны арх. Дж.Сака. Размешчаны на правым беразе Нёмана, арыентаваны на Гродзенскі Стары замак, складае з ім адзіны арх. комплекс. Непасрэдна ў ядро ансамбля ўключаны мураваныя службовыя будынкі, якія ўтвараюць за левым крылом замка гасп. двор. Тут засядаў Гродзенскі сейм 1793, размяшчаліся каралеўская канцылярыя, шпіталь, стайні, карэтная і інш. службы. П-падобны ў плане 2-павярховы палац з мансардамі ўтвараў адкрыты парадны двор, які з боку Старога замка заканчваўся 1-павярховымі флігелямі і брамай. З боку дваровага фасада да паўкруглага эркера была прыбудавана палацавая капліца. Маляўнічае вырашэнне палаца дасягалася спалучэннем чырв. дахоўкі, зялёнага колеру сцен і белых элементаў арх. пластыкі і ляпнога дэкору. Планіроўка калідорная з авальнай у плане цэнтр. купальнай залай, ад якой адыходзілі парадныя памяшканні, вял. вестыбюль, капліца. Жылыя памяшканні размяшчаліся на 2-м паверсе і ў мансардзе, службовыя — у скляпеністых падвалах. Інтэр’еры капліцы, Сенатарскай, Пасольскай і Круглай залаў былі ўпрыгожаны жывапісам, размаляванымі плафонамі, панэлямі, стукавай залачонай лепкай у стылі ракако, скульптурай, паркетнай падлогай. У 1780-я г. інтэр’ер размаляваны сюжэтнымі сцэнамі (дэкаратар Манькоўскі). У першапачатковым выглядзе захаваліся ўязная брама, фланкіраваная манум. пілонамі са скульптурамі сфінксаў, дэкар. вайсковай арматурай (створана пад уплывам творчасці франц. арх. Ф.Бландэля). У 1944 палац значна разбураны. Пасля перабудовы (1952, арх. У.Вараксін) у ім размяшчаўся Гродзенскі абком КПБ, у наш час — частка экспазіцыі Гродзенскага гісторыка-археал. музея і абл. навук. б-ка імя Я.Ф.Карскага.

У.А.Чантурыя, А.М.Кулагін.

т. 5, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)