Пашырана ў Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы. Жыве ў норах або інш. сховішчах на рэках і вадаёмах з густой расліннасцю па берагах. На Беларусі найб. трапляецца ў паўн. і цэнтр. раёнах.
Даўж. цела 62—117 см, маса 6—10 кг. Тулава выцягнутае, гнуткае, мускулістае. Лапы кароткія, пальцы злучаны перапонкамі. Поўсць на спіне цёмна-бурая, бліскучая, на бруху светлая, серабрыстая. Футра каштоўнае. Выдра добра плавае і нырае. Нараджае звычайна 2—4 дзіцянят 2 разы за год. Корміцца пераважна рыбай. Добра прыручаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́КАЕ,
вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл., на р. Аршыца, на аўтадарозе Орша—Віцебск. Цэнтр сельсавета. За 13 км на Пн ад г. Орша, 67 км ад Віцебска, 5 км ад чыг. ст. Хлусава. 1605 ж., 449 двароў (1996). Аршанскае дзярж.буд.-эксплуатацыйнае прадпрыемства. Сярэдняя школа, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі помнік К.С.Заслонаву. Помнік архітэктуры — сядзіба (мяжа 19—20 ст.). У 1828—85 у Высокім дзейнічала Высокаўская папяровая фабрыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́НА (Garonne),
рака ў Францыі і Іспаніі. Даўж. 647 км, пл.бас. 56 тыс.км². Пачынаецца ў Пірэнеях, цячэ па Гаронскай нізіне. Асн. прытокі: Саў, Жэр, Баіз (з Пірэнеяў), Тарн, Ло, Дардонь (з Цэнтр. Французскага масіву). Упадае ў Біскайскі заліў, утварае (разам з р. Дардонь) эстуарый Жыронда. Вясенне-летняя паводка. Сярэдні расход вады каля 680 м³/с. Суднаходства на 190 км (частка воднай сістэмы, якая злучае Біскайскі заліў з Міжземным м.). Выкарыстоўваецца для арашэння. Вадасховішча. ГЭС. На Гароне — гарады Тулуза, Ажэн, марскі порт Бардо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́НСКАЯ НІЗІ́НА, Аквітанская нізіна,
на ПдЗ Францыі, у сярэднім і ніжнім цячэнні р. Гарона, паміж Цэнтр.Франц. масівам і Пірэнеямі. Выш. да 200—300 м. Працягласць каля 200 км. Размешчана на месцы перадгорнага тэктанічнага прагіну; складзена пераважна з рыхлых кайназойскіх адкладаў. У рэльефе — чаргаванне шырокіх рачных далін (р. Гарона з прытокамі, прытокі р. Адур) і плоскіх, месцамі ўзвышаных, міжрэччаў; уздоўж Біскайскага заліва — пясчаная забалочаная частка нізіны — Ланды, з вял. колькасцю азёр. Масівы шыракалістых і пасаджаных хваёвых лясоў, міжземнаморскія хмызнякі. Сады, вінаграднікі, пасевы збожжавых, вырошчваецца тытунь. Найб. горад — Бардо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЙ МЕДЫЦЫ́НСКАЙ ШКО́ЛЫ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1770-я г. на Гарадніцы (цяпер у межах г. Гродна). Мураваны будынак мае сіметрычную кампазіцыю. Цэнтр. 3-павярховая частка накрыта вальмавым дахам. Гал. фасад раскрапаваны па вуглах 2 вял. гранёнымі эркерамі, якія раней былі накрыты самкнутымі ўвагнутымі купаламі. Фасады аздоблены ордэрнай пластыкай, 2 ніжнія паверхі аб’яднаны пілястрамі. Па баках да асн. аб’ёму прылягаюць 1-павярховыя прыбудовы з 3-схільнымі дахамі. Часткова перабудаваны ў канцы 19 ст.
А.Ю.Пятросава.
Гродзенскай медыцынскай школы будынак. Галоўны фасад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАФА́Н (Барыс Міхайлавіч) (28.4.1891, г. Адэса, Украіна — 10.3.1976),
расійскі архітэктар; прадстаўнік канструктывізму. Нар.арх.СССР (1970). Скончыў Вышэйшы ін-т прыгожых мастацтваў (1916) і Школу інжынераў (1919) у Рыме. З 1924 працаваў у Маскве: комплексы Нафтавага і Горнага ін-таў (1947—50), Цэнтр.ін-тфіз. культуры (1972—81); кіраваў забудовай буйных жылых масіваў (Ізмайлава, Мар’іна Рошча; 1955—66), будаваў клінічны санаторый у Барвісе пад Масквой (1931—35). Аформіў павільёны СССР на Міжнар. выстаўках у Парыжы (1937, скульпт. В.Мухіна; Дзярж. прэмія СССР 1941) і Нью-Йорку (1939, у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Іван Іванавіч) (8.2.1897, в. Трупехіна Падарожскага р-на Наўгародскай вобл., Расія — 8.7.1968),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1943), ген.-лейт. (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1935). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1918. У Вял.Айч. вайну на Паўд.-Зах., Бранскім, Цэнтр., Бел., 2-м і 3-м Бел. франтах. 15.10.1943 стралк. корпус пад яго камандаваннем фарсіраваў Дняпро каля в. Шчытцы Лоеўскага р-на, захапіў плацдарм і нанёс праціўніку вял. страты. Да 1955 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГУАНАДО́НТЫ (Iguanodontidae),
сямейства вымерлых паўзуноў атр. птушкатазавых дыназаўраў; продкі качканосых дыназаўраў. 5 родаў. Рэшткі вядомы з ніжнемелавых адкладаў Зах. Еўропы, Цэнтр. Азіі, Паўн. Афрыкі, на ЗПаўн. Амерыкі і Аўстраліі.
Памеры да 10 м. Самцы і самкі адрозніваліся памерамі. Маглі хадзіць на 2 і на 4 лапах. Чэрап падоўжаны, з невял. вачніцамі. Зубы двухрадныя, як у сучасных ігуанавых яшчарак. Першы палец кісці ператвораны ў шып і выкарыстоўваўся, верагодна, для збору ежы і абароны. Жылі вял. групамі. Вялі паўводны або водны спосаб жыцця. Расліннаедныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МАНДРА,
возера на ПдЗ Кольскага п-ва, у Мурманскай вобл. Расіі. На выш. 126,7 м. Пл. 876 км². Глыб. да 67 м. Катлавіна ледавікова-тэктанічнага паходжання. Усх. бераг слаба расчлянёны, зах. мае шмат заліваў (губ). На І. больш за 140 астравоў. Складаецца з 3 частак: паўн. — Вялікая І., цэнтр. — Іокастраўская І., зах. — Бабінская І. Упадае каля 20 рэк, выцякае р. Ніва. Воды І. вылучаюцца вял. празрыстасцю (да 11 м). Рыбалоўства. Пасля стварэння ў 1936 ГЭС на р. Ніва І. стала вадасховішчам. На паўн.-зах. беразе І. ў Монча-губе г. Манчагорск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫКІ́ СВО́ЙСКІЯ,
птушкі, якія паходзяць ад дзікага звычайнага індыка, пашыранага ў паўд. частцы Паўн. і ў Цэнтр. Амерыцы. Мяса мае высокія дыетычныя і смакавыя якасці. На Беларусі гадуюць пераважна белую і бронзавую шыракагрудыя пароды.
Маюць моцныя доўгія ногі і шырокі хвост, кароткія і пукатыя крылы. На галаве і шыі скурныя ўтварэнні — «каралы», з верхняй ч. дзюбы самцоў звісае мясісты прыдатак Апярэнне густое, белае, чорнае, бронзавае і інш.; у самцоў на грудзях кутасік з доўгіх пёраў. Жывая маса дарослых самцоў 9—35 кг, індычак 4,6—11 кг.