ПЕ́РАПІСЫ СТАТЫСТЫ́ЧНЫЯ,

спецыяльныя статыстычныя абследаванні, якія фіксуюць поўны ўлік і характарыстыку адзінак вывучаемай сукупнасці. Уключаюць: суцэльную рэгістрацыю адзінак, што складаюць якую-н. з’яву; правядзенне назіранняў на пэўны момант Часу; максімальна кароткі тэрмін П.с.; запіс сабраных звестак у спец. фармуляр (перапісны ліст); перыядычнасць П.с. з мэтай супастаўлення вынікаў. Адрозніваюць П.с. перыядычныя (перапісы насельніцтва, рэдкіх металаў, вагонаў і інш.); неперыядычныя, або разавыя (асн. фондаў, работнікаў, жыллёвага фонду і інш.), прамысловыя (абследаванні прадпрыемстваў), сельскагаспадарчыя (збор звестак пра элементы с.-г. вытв-сці), гнездавыя (некат. групы насельніцтва, пэўныя тэрыторыі і інш.).

Улік насельніцтва вядомы са стараж. часоў. У Расіі ў 1638 праведзены першы перапіс промыслаў і заняткаў насельніцтва, царк. прыходаў. У 18 ст. для перапісаў распрацоўваліся спец. праграмы і інструкцыі; П.с. рэгістраваліся ў спец. кнігах (пісцовых, дарожных. межавых). Пасля рэформы 1861 праводзіліся перапісы для ацэнкі эканам. патэнцыялу, становішча краіны: сялянскіх абшчын, ваенна-конныя, абследаванне саматужнай прам-сці і інш. У 1916 зроблены 1-ы с.-г. перапіс. Пасля 1917 праводзіліся перапісы камунальных прадпрыемстваў, матэрыяльных рэсурсаў, аб’ектаў буд-ва, пасяўных плошчаў, пладова-ягадных насаджэнняў, жывёлы, с.-г. тэхнікі і інш.

На Беларусі ў 1900-я г. праводзіліся П.с.: неўстаноўленага абсталявання і асн. фондаў (практычна кожны год), жывёлы ў грамадскіх гаспадарках і ў насельніцтва, садоў і садовых пладова-ягадных культур (1998), прыватных гандл. прадпрыемстваў і аб’ектаў незавершанага буд-ва (2000). У інш. краінах П.с. праводзяцца пераважна для ўліку насельніцтва. У міжнар. статыстыцы вядомы сусв. перапіс насельніцтва і перапіс валют.

В.​М.​Тамашэвіч.

т. 12, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАПОНЧАТАКРЫ́ЛЫЯ (Hymenoptera),

атрад насякомых. Вядомы з трыясу (каля 220 млн. г. назад). 2 падатр.: сядзячабрухія (Symphyta, або Phytophaga) і сцяблістабрухія (Apocryta); сцяблістабрухіх падзяляюць на паразітычных (Parasitica) і джалячых (Aculeata). Больш за 300 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Вызначаюцца складанымі паводзінамі (адзіночныя і грамадскія насякомыя), у многіх развіты інстынкт будовы гнязда і клопату пра патомства. На Беларусі каля 3 тыс. відаў, найб. пашыраны арэхатворкі, восы, мурашкі, наезнікі, немкі, пільшчыкі сапраўдныя, пчолы. рагахвосты, трыхаграмы, хальцыды, іхнеўманіды і інш.

Даўж. 0,2—60 мм. На галаве 1 пара фасетачных вачэй і 3 простыя вочкі. Вусікі простыя, перыстыя, булава- або грэбенепадобныя. Пярэдняспінка злучана нерухома з сярэднегрудзямі, а пярэднягрудзі — рухома з пярэдняспінкай. Маюць 2 пары празрыстых перапончатых крылаў (адсюль назва), зрэдку другасна бяскрылыя (мурашкі, немкі). Ротавыя органы грызучыя ці грызуча-лізальныя або сысучыя У самак на канцы брушка яйцаклад або джала. Ногі хадзільныя, бегальныя. Дарослыя пераважна расліннаедныя, некат. — драпежнікі, паразіты; лічынкі кормяцца рознымі ч. раслін. Самцы развіваюцца з неаплодненых (гаплоідных) яец, самкі — з дыплоідных (з двайным наборам храмасом), звычайна аплодненых, толькі ў некат. відаў — з неаплодненых яец (гл. Партэнагенез). Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі бязногія або вусенепадобныя. Многія П. — апыляльнікі раслін; наезнікаў выкарыстоўваюць у біял. барацьбе са шкоднікамі с.-r. раслін; пчолы меданосныя даюць мёд, воск, пропаліс. Ёсць шкоднікі с.-г. культур і лясных парод.

С.​А.​Максімава.

Перапончатакрылыя: 1 — эфіяльт выяўляльнік; 2 — наезнік начніцавы; 3 — андрэна шэрая; 4 — сфекс зубасты; 5 — мурашка-шашаль звычайная.

т. 12, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЧ хатняя,

глінабітнае або мураванае збудаванне для ацяплення памяшкання, гатавання ежы, выпечкі хлеба; важны элемент абсталявання і арх. вырашэння інтэр’ера жылля.

Вядома са старажытнасці. У Стараж. Рыме выкарыстоўвалі перасоўныя, звычайна метал., багата аздобленыя П. У сярэднявеччы пашыраны стацыянарныя П. купальнага тыпу, вылепленыя з гліны. У 13—14 ст. з’явіліся П. з кафлі, напачатку прамавугольныя, пазней і круглыя. У 18 — пач. 20 ст. П. рабілі ў выглядзе мэблі, абеліскаў, калон, пірамід з актыўным выкарыстаннем арх. дэкору. Разнастайнасцю вылучаюцца П. ў нар. буд-ве. Найб. старадаўнія — П.-каменка і «курная» П. (без коміна). «Белыя» П. (з комінам) рабілі з гліны ці цэглы, часам на драўлянай рубленай аснове з 3—5 вянкоў ці на штандарах. Спецыфіка побыту і матэрыяльнай культуры розных народаў садзейнічалі фарміраванню своеасаблівых тыпаў П. («руская», «галандская», «шведская» і інш.).

У нар. жыллі беларусаў П. адыгрывае вядучую ролю ў арганізацыі інтэр’ера хаты. Яна магла займаць ​1/4 плошчы памяшкання. Да сярэдзіны 19 ст. пераважалі «курныя», з пач. 20 ст. — «белыя» П. З канца 19 ст. каля П. ставілі грубку. П. і асобныя часткі (прыпечак, пячуркі, падпечча, комін і інш.) заўсёды былі актыўнымі элементамі сямейных свят і розных абрадаў. Сучасныя П. маюць меншыя памеры, робяцца з цэглы, часта абліцоўваюцца кафляй або пліткай дэкаратыўнай. Новыя сродкі ацяплення і гатавання ежы звузілі функцыянальнае прызначэнне П. ў сучасным побыце.

Літ.:

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;

Помнікі этнаграфіі. Мн., 1981.

С.​А.​Сергачоў.

Печ з комінам.

т. 12, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІПЛАІДЫ́Я (ад грэч. polyploos шматразовы + eidos від),

эўплаідыя, спадчынная змена, звязаная з кратным павелічэннем колькасці храмасом у клетках арганізма. Найб. часта бывае ў раслін і прасцейшых, са шматклетачных жывёл — у дажджавых чарвей. Узнікае ў выніку парушэння разыходжання храмасом у мітозе ці меёзе пад уздзеяннем высокай або нізкай т-ры, іанізавальнага выпрамянення, хім. рэчываў (у прыродзе і ў эксперыменце). Пры П. бываюць адхіленні ад дыплоіднай колькасці храмасом у саматычных клетках і ад гаплоіднай — у палавых; могуць таксама ўзнікаць клеткі, у якіх кожная храмасома прадстаўлена тройчы (3n — трыплоіды), 4 разы (4n — тэтраплоіды), 5 разоў (5n — пентаплоіды) і інш. Адрозніваюць аўтаполіплаідыю (кратнае павелічэнне колькасці набораў храмасом аднаго віду), характэрную пераважна для відаў з вегетатыўным спосабам размнажэння (аўтапаліплоіды стэрыльныя з-за парушэння кан’югацыі гамалагічных храмасом у працэсе меёзу) і алаполіплаідыю (змена колькасці набораў храмасом на аснове міжвідавой гібрыдызацыі, пры якой звычайна адбываецца падваенне колькасці храмасом у бясплоднага дыплоіднага гібрыда і ён становіцца пладавітым). П. мае важнае значэнне ў эвалюцыі культурных і дзікарослых раслін, а таксама некат. груп жывёл (пераважна партэнагенет.). Паліплоіды часта характарызуюцца буйнымі памерамі, павышанай колькасцю шэрагу рэчываў, устойлівасцю да неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя і інш. гасп. карыснымі адзнакамі. Яны з’яўляюцца важнай крыніцай зменлівасці і выкарыстоўваюцца як зыходны матэрыял для селекцыі (на аснове П. створаны высокаўраджайныя сарты с.-г. раслін, устойлівыя да хвароб). У шырокім сэнсе тэрмін «П.» азначае кратную (эўплаідыя) і някратную (анеўплаідыя) змены колькасці храмасом у клетках арганізма.

Р.​Г.​Заяц.

т. 12, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ЛЫМЯ»,

аб’яднанне бел. пісьменнікаў. Існавала ў Мінску са снеж. 1927 да 27.5.1932. Ініцыятары стварэння і члены: Я.​Купала, Я.​Колас, Ц.​Гартны, М.​Грамыка, А.​Гурло, У.​Галубок, Я.​Нёманскі, М.​Піятуховіч, А.​Сянкевіч, а так сама нядаўнія чл. «Маладняка» М.​Чарот, М.​Зарэцкі, А.​Вольны, А.​Дудар, А.​Александровіч, В.​Сташэўскі. Чл. праўлення: Я.​Колас, Ц.​Гартны, М.​Чарот; кандыдаты; М.​Зарэцкі, Я.​Нёманскі, Сташэўскі. Асн. задачы: развіццё бел. маст. л-ры праз узмацненне творчай працы сваіх членаў, афармленне і замацаванне ў бел. л-ры пралет. ідэалогіі з удасканаленнем нац. формы. Значная ўвага аддавалася развіццю крытыкі, павышэнню прафес. ўзроўню і агульнаадук. ведаў чл. аб’яднання, беражліваму стаўленню да культ. спадчыны. Наладжвала літ. вечары, сустрэчы з рабочымі, арганізоўвала паездкі пісьменніцкіх дэлегацый у Ленінград, Харкаў, Кіеў і інш. Выступала за памяркоўныя адносіны і творчае супрацоўніцтва з інш. літ. аб’яднаннямі рэспублікі, імкнулася ўраўнаважваць крайнія тэндэнцыі ў літ. руху канца 1920 — пач. 1930-х г. Аднак дамагчыся гэтага не заўсёды ўдавалася з-за неаднароднасці складу аб’яднання, розных поглядаў і густаў яго членаў. Нярэдка палымянская крытыка была непаслядоўнай, неаб’ектыўнай у ацэнках літ. з’яў.

Літ.:

Пшыркоў Ю.С. Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1960;

Перкін Н.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30 гг. Мн., 1960;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968. С. 142—153;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975.

К.​Р.​Хромчанка.

т. 12, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГІМНА́ЗІЯ (ад лац. pro замест + гімназія),

няпоўная сярэдняя навуч. ўстанова ў Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Узнікненне П выклікана недахопам сродкаў на ўтварэнне неабходнай колькасці поўных гімназій. Ствараліся ў адпаведнасці са статутам гімназій і прагімназій (1864), у мясцовасцях, дзе не было гімназій, адкрываліся П. з класічным або рэальным курсам. Мелі 4 класы (пазней у некат. мужчынскіх П. — 6 класаў). Навуч. планы і праграмы П. адпавядалі 4 малодшым класам гімназіі Выкладаліся: закон Божы, рус., франц. і ням. мовы, гісторыя, прыродазнаўства, геаграфія, матэматыка, чарчэнне, чыстапісанне, маляванне. У жаночых П. даваліся навыкі і рукадзелля, у мужчынскіх — лац. і да 1901 грэч. мовы. Выпускнікоў П. прымалі ў наступны клас гімназіі без экзаменаў. З 1866 П. рыхтавалі і настаўнікаў прыходскіх вучылішчаў. На Беларусі першыя П. адкрыты як эксперымент у 1860 у Свіслачы і Маладзечне. У сярэдзіне 1860-х г. закрыты, а замест іх створаны настаўніцкія семінарыі. Пасля рэарганізацыі павятовых вучылішчаў у 1865—66 школы ў Брэсце, Гомелі і Бабруйску пераўтвораны ў 5-класныя рэальныя П. (у 1866—71 атрымалі статус класічных з выкладаннем лац. і грэч. моў). У 1865 у бел. П. 123 выхаванцы, у 1876—600, у 1879—746, у 1881—826, у 1890—568. З пачаткам 1-й сусв. вайны і акупацыяй ням. войскамі часткі тэр. Беларусі некат. П. закрыты, частка эвакуіравана. У 1916 засталіся 22 П. У 1917—18 П. скасаваны.

Літ.:

Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСТЫ́НЯ,

занальны тып ландшафту, які склаўся ва ўмовах дэфіцыту вільгаці (арыдная П.) або цяпла (халодная П.). Для П. характэрны вельмі разрэджаныя і збяднелыя раслінныя згуртаванні. Пашыраны ў пустынных зонах трапічнага, субтрапічнага і ўмеранага паясоў, а таксама ў Арктыцы і Антарктыдзе (ледзяная П.), у гарах утвараюць вышынны ландшафтны пояс (халодная высакагорная П.). Адрозніваюць кантынентальныя П. (Гобі, Такла-Макан), размешчаныя ва ўнутраных ч. мацерыкоў, і прыакіянічныя або прыбярэжныя П. (Атакама, Наміб), што працягваюцца ўздоўж зах. узбярэжжаў мацерыкоў. Паводле характэрных глеб і грунтоў вылучаюць розныя тыпы П.: пясчаныя, друзавыя, камяністыя, гліністыя, такыравыя (гл. Такыры), лёсавыя, саланчаковыя, гіпсавыя і інш. У рэльефе П. — складаныя спалучэнні нагор’яў, дробнасопачніку і астраўных гор са структурнымі рачнымі далінамі і замкнутымі азёрнымі ўпадзінамі. Пашыраны эолавыя формы рэльефу (барханы, дзюны, пясчаныя грады, бугрыстыя пяскі). Большая ч. тэр. П. бяссцёкавая, зрэдку іх перасякаюць транзітныя рэкі (напр., Сырдар’я, Амудар’я, Ніл). Характэрны перасыхаючыя вадацёкі і азёры. Глебы развіты слаба, пераважна прымітыўныя, бурыя шэразёмы, шэра-карычневыя, светла-шэрыя карбанатныя, трапляюцца засоленыя глебы, такыры і інш. Для большасці П. характэрны ксерафільныя кусцікавыя (палынныя, салянкавыя, лебядовыя) сукуленты, галафіты, эфемеры і эфемероіды. Фауну прадстаўляюць млекакормячыя (пераважна грызуны і капытныя), паўзуны (агамы, вараны), насякомыя і павукападобныя (фалангі, скарпіёны). Найб. П. зямнога шара — Сахара. Арашальныя землі выкарыстоўваюцца пад земляробства, пашу. Плошча П. пастаянна пашыраецца ў выніку высечкі і звядзення лясоў, знішчэння натуральнай расліннасці, глебавай эрозіі, перавыпасу жывёлы. Пра клімат П. гл. ў арт. Пустынныя зоны.

В.​С.​Аношка.

Дзюны ў пустыні Сахара.

т. 13, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́СІ (Карл Іванавіч) (29.12.1775, С.-Пецярбург — 18.4.1849),

рускі архітэктар; прадстаўнік позняга класіцызму, адзін са стваральнікаў рус. ампіру. З 1796 пам. арх. В.​Ф.​Брэны. У 1802—03 вучыўся ў Італіі. Працаваў пераважна ў Маскве (пабудовы не захаваліся) і Пецярбургу (з 1816 адзін з гал. архітэктараў К-та для будавання і гідраўлічных работ). Стварыў шэраг манум. ансамбляў Пецярбурга, якія ў многім вызначылі аблічча яго цэнтра: палацава-паркавы комплекс на Ялагіным в-ве (1818—22), Міхайлаўскі палац (1819—25, праекты інтэр’ераў, у т. л. Белая зала; цяпер будынак Рускага музея), ансамблі Міхайлаўскіх плошчы (цяпер Мастацтваў) і вуліцы (цяпер Бродскага), на Дварцовай плошчы — ансамбль Гал. штаба і міністэрстваў (1819—29) з двайной праезнай аркай (у завяршэнні манум. калясніца). У 1816—34 стварыў ансамбль Александрынскага т-ра, у складзе якога Тэатральная вул. (цяпер Дойліда Росі), плошчы Александрынская (цяпер Астроўскага) і Чарнышова (цяпер Ламаносава). Сфарміраваў аблічча Сенацкай пл. з будынкамі Сената і Сінода (1828—34), злучаных аркай. Сярод інш. твораў: павільёны Анічкавага палаца (1817—18) у Пецярбургу, б-ка палаца (1822—24) і чыгунныя вароты з агароджай (1826) у Паўлаўску, званіца Юр’ева манастыра (1838—41) у Ноўгарадзе; аформіў галерэю Айч. вайны 1812 у Зімнім палацы (1826; пасля пажару 1837 адноўлена В.​П.​Стасавым). Творчасць Р. адметная шырынёй у вырашэнні арх. задач (ад планіроўкі буйных ансамбляў да дэтальнай распрацоўкі ўбрання інтэр’ераў), выразнасцю і багаццем ордэрных кампазіцый, гарман. спалучэннем арх. форм з алегарычнай скульптурай, наватарскімі канстр. прыёмамі.

Літ.:

Тарановская М.З. К.​Росси. Л., 1980.

А.​А.​Воінаў.

К.І.Росі.

т. 13, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́СТАВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

эндагенныя і экзагенныя рэгулятары размнажэння клетак. Маюць спецыфічную здольнасць стымуляваць ці прыгнечваць дзяленне клетак у тканках-мішэнях і падтрымліваць тканкавую раўнавагу (стацыянарны стан). З’яўляюцца натуральнымі рэгулятарамі клетачнага цыкла, нетаксічныя, уздзейнічаюць выбіральна і пераважна лакальна, таму адносяцца да аўтакоідаў. У жывёл адрозніваюць гармоны, цытакіны, фактары росту і кейлоны. Гармон росту — адзін са стымулятараў размнажэння клетак. Цытакіны (лімфакіны, інтэрлейкіны, манакіны) — нізкамалекулярныя поліпептыдныя фактары (мал. м. 10 000—45 000). Абумоўліваюць узаемадзеянне паміж клеткамі імуннай або інш. сістэм. Фактары росту (у т. л. нерваў, эпідэрмальны, тромбацытарны, інсулінападобны, калоніестымулюючы і інш.) — поліпептыды (мал. м. 5000—50 000) з’яўляюцца стымулятарамі клетачнага дзялення. Кейлоны — поліпептыды або нізкамалекулярныя глікапратэіды — прыгнечваюць дзяленне клетак і стымулююць іх дыферэнцыроўку; дзейнічаюць па прынцыпе адваротнай сувязі (напр., памяншэнне колькасці лімфацытаў пры крывацёку выклікае памяншэнне ўзроўню кейлонаў і павышэнне мітатычнай актыўнасці адпаведных тканак). Прымаюць удзел у нармальным і злаякасным росце тканак, гаенні ран, імунных рэакцыях і інш. У раслін Р.р. — арган. рэчывы, якія стымулююць або прыгнечваюць рост і развіццё раслін. Да натуральных Р.р. адносяцца фітагармоны і інгібітары негарманальнай прыроды (некат. фенолы, вытворныя мачавіны і інш.), сінт. — стымулятары тыпу аўксінаў (індалілалейная або нафтылвоцатная к-та) і інгібітары (морфактыны, рэтарданты, дэфаліянты і інш.). Выкарыстанне Р.р. дазваляе атрымліваць зрухі ў абмене рэчываў і развіцці раслін, ідэнтычныя тым, якія ўзнікаюць пад уплывам пэўных знешніх умоў (даўж. дня, т-ра і інш.). Напр., у сельскай гаспадарцы Р.р. выкарыстоўваюцца для прадухілення ападання завязі ў пладовых дрэў і ягаднікаў, для затрымкі прарастання клубняў бульбы пры захоўванні.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛІ́ЙСКІЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ 17 СТАГО́ДДЗЯ,

раннія бурж. Рэвалюцыі 1640—53 і 1688—89, выкліканыя паліт., рэліг. і сац.-эканам. супярэчнасцямі англ. грамадства. Звязаны паміж сабой перыядамі пратэктарату О.Кромвеля (1653—58) і рэжыму рэстаўрацыі (1660—88), у час якога склаліся перадумовы для 2-й рэвалюцыі.

Рэвалюцыя 1640—53, якая вызначалася жорсткай паліт., узбр. і рэліг. барацьбой, пачалася са склікання каралём Карлам I Сцюартам т.зв. Доўгага парламента (1640—53) для зацвярджэння падаткаў і субсідый, неабходных для фінансавання ваен. аперацый супраць паўстання ў Шатландыі. Парламент ператварыўся ў арганізац. цэнтр новага дваранства і буржуазіі, якіх падтрымлівала б.ч. сялян, рамеснікі і рабочыя. Парламенцкая апазіцыя патрабавала спыніць злоўжыванні з боку каралеўскай улады, кіраваць краінай разам з парламентам, даць свабоду прадпрымальніцтву, правесці пурытанскую рэфармацыю царквы. Кароль, які абапіраўся гал. чынам на феад. дваранства і англіканскую царкву, 22.8.1642 аб’явіў парламенту вайну. Лепш арганізаваная каралеўская армія на працягу года авалодала б.ч. Англіі. Ва ўмовах грамадз. вайны парламент заключыў саюз з Шатландыяй і правёў ваен. рэформу. Новая армія, створаная з сялян, дробных гандляроў і рамеснікаў, 14.6.1645 у бітве пры Нейзбі нанесла рашаючае паражэнне каралеўскаму войску. Кароль апынуўся ў палоне. Ахвярамі грамадз. вайны, якая цягнулася да 1646, сталі тысячы жыхароў Англіі. Паміж паліт.-рэліг. групоўкамі прэсвітэрыян (кансерватыўнай буржуазіі), індэпендэнтаў і левелераў пачалася складаная барацьба па пытаннях дзярж ўладкавання Англіі. Калі ў канцы 1647 Карл I уцёк з-пад арышту, пачалася 2-я грамадз. вайна, у якой кароль пацярпеў канчатковае паражэнне і 30.1.1649 пакараны смерцю. 19.5.1649 Англія абвешчана рэспублікай. Аднак англ. рэспубліка не мела моцнай сац.-паліт. апоры, у грамадстве не было рэсп. традыцый. Новая ўлада з дапамогай арміі лёгка расправілася са сваімі левымі ворагамі — левелерамі і дыгерамі («сапраўдныя» левелеры, заклікалі да маёмаснай роўнасці і калектывізму, іх праграма выкладзена ў т.зв. «Дэкларацыі беднага прыгнечанага народа Англіі»), але не змагла ліквідаваць пагрозу дыктатуры. Доўгі парламент, які к гэтаму часу страціў давер народа, быў гвалтоўна разагнаны лідэрам індэпендэнтаў Кромвелем. 16.12.1653 Кромвель абвешчаны лордам-пратэктарам Англіі, Ірландыі і Шатландыі, устанавіў ваенна-паліцэйскую дыктатуру. Пратэктарат, як і рэспубліка, не меў дастаткова моцнай падтрымкі. Пасля смерці Кромвеля (3.9.1658), кароткачасовага праўлення яго сына Рычарда (вер. 1658 — май 1659), праўлення парламента т.зв. другой рэспублікі (май 1659 — май 1660) адбылася рэстаўрацыя Сцюартаў. На англ. трон запрошаны сын Карла I, абвешчаны каралём Карлам II [1660—85]. Намер яго пераемніка Якава II [1685—88] устанавіць абсалютысцка-каталіцкі рэжым выклікаў незадаволенасць амаль усяго насельніцтва Англіі і новую рэвалюцыю 1688—89 (т.зв. «слаўную рэвалюцыю»), якая прайшла хутка, у форме бяскроўнага дзярж. перавароту. У 1688 лідэры буржуазіі і дваранства запрасілі на англ. прастол штатгальтэра Галандскай рэспублікі Вільгельма Аранскага, які ў студз. 1689 абвешчаны каралём Вільгельмам III. У кастр. 1689 выдадзены «Біль аб правах». Ён юрыдычна аформіў узаемаадносіны паміж каралём і парламентам: кароль пазбаўляўся права прыпыняць выкананне законаў, збіраць падаткі і набіраць войска без згоды парламента.

Англійскія рэвалюцыі 17 ст. завяршыліся кампрамісам паміж бурж. сіламі і арыстакратыяй. У Англіі былі закладзены трывалыя асновы канстытуцыйна-манархічнай дзяржаўнасці, дэмакратыі і лібералізму; прызнаваліся правы пратэстантаў, пашыралася свабода прадпрымальніцтва, дваранскія зямельныя ўладанні сталі ўласнасцю іх трымальнікаў.

Літ.:

Барг М.А. Великая английская революция в портретах ее деятелей. М., 1991;

Английская буржуазная революция XVII века.Т. 1—2. М., 1954.

В.​І.​Сініца.

Да арт. Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя. Тытульны ліст «Дэкларацыі беднага прыгнечанага народа Англіі», напісанай дыгерамі ў 1649.

т. 1, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)