стварэнне канструкцыі якога-н. збудавання, машыны, мадэлі, вырабу і інш. паводле праекта, плана або разлікаў. Складаныя вырабы распрацоўваюць спец. арг-цыі — канструктарскія бюро (КБ).
К. пачынаецца з задання, якое дае заказчык. У ім указваюцца зыходныя патрабаванні, напр., для машыны — яе прызначэнне і асн. параметры. КБ складае тэхн. заданне — гал. дакумент для канструктара. Пры К. ствараюць новыя дэталі машыны, падбіраюць існуючыя (камплектуючыя) з улікам стандартызацыі, узаемазамяняльнасці і уніфікаванасці дэталей і вузлоў. Матэрыял для канструкцыі падбіраюць з улікам яго тэхналагічнасці, трываласці і надзейнасці. Побач з інж. К. існуе і мастацкае канструяванне ў адпаведнасці з прынцыпамі тэхнічнай эстэтыкі. Гл.таксамаПраектаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НТЭ ФЛАМЕ́НКА (ісп. cante flamenco),
група сольных песень і танцаў Паўд. Іспаніі, а таксама стыль іх выканання. Радзіма К.ф. — Андалусія. Характэрны любоўны змест, асаблівы эмацыянальны стыль спеваў (найб.стараж. пласт наз. кантэ хонда — «глыбінныя спевы»), разнастайнасць рытмаў (прышчоўкванне пальцамі, дробнае прыстукванне абцасамі — сапатэада, суправаджэнне на кастаньетах; гал.муз. інструмент — гітара). Сярод асн. відаў — тона, пала, сігірыя, салеарэс, фанданга). Вядома з глыбокай старажытнасці. Пашырылася з узнікненнем спец. артыстычных кафэ (першае ў Севільі, 1842). Масавае пашырэнне набыло з 1870-х г. (1870—1920-я г.наз. «залатой эпохай» К.ф.). Стыль К.ф. выкарыстоўвалі ў творчасці многія кампазітары (М. дэ Фалья і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́ЎСТВА,
дзяржава з манархічнай формай кіравання на чале з каралём, якому належыць вышэйшая ўлада, што перадаецца звычайна ў спадчыну. У эпоху феадалізму існавалі саслоўная і абсалютная манархіі. У ВКЛ каралеўскай каронай каранаваўся толькі Міндоўг. Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) тытул «вялікі князь літоўскі» стаў таксама тытулам польск. караля, якога шляхта выбірала па сейме пажыццёва. Тытул польск. караля (цара) адноўлены ў 1815 для рас. імператара пры ўтварэнні паводле пастановы Венскага кангрэса 1814—15 аўтаномнага Каралеўства Польскага. Сучасныя К. (Вялікабрытанія, Нідэрланды, Бельгія, Іспанія, Данія, Швецыя, Нарвегія) — парламентарныя, з абмежаванай (часта значна абмежаванай) уладай караля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ЛЬ,
манархічны тытул. Этымалогію назвы К. выводзяць з лац. формы імя Карла Вялікага — Carolus (8—9 ст.); паводле інш. версіі, паходзіць з прагерманскага Karla (стары, старэйшына). Скандынаўскія крыніцы і хроніка Пятра Дусбургскага ўпершыню на землях Беларусі называюць К. (Konung, rex) полацкіх князёў, якія рэальна былі вярх. ўладарамі і ўспрымаліся адпаведна вярх. сюзерэнамі. К. ў Польшчы, пазней і ў Рэчы Паспалітай выбіраліся сеймам. У час каранацыі К. атрымліваў знакі ўлады — залатую карону, скіпетр, яблык (залаты шар з крыжам), каралеўскі меч і пярсцёнак. З’яўляўся найвышэйшым суддзёй, узначальваў войска ў час паходаў, быў кіраўніком знешняй палітыкі. Гл.таксамаКаралеўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РСКАГА Я.Ф. МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1964 на радзіме Я.Ф.Харскага ў в. Лаша Гродзенскага р-на пры сярэдняй школе. Больш за 1,1 тыс. экспанатаў (1998): дакументы і матэрыялы, звязаныя з жыццёвым і творчым шляхам вучонага. Сярод іх асабістыя рэчы, прадметы хатняга ўжытку, скульпт. партрэты, фотаздымкі, аўтографы. фотакопіі рукапісаў, карты, выданні яго навук. прац, а таксама кнігі з аўтографамі бел. пісьменнікаў і вучоных, мікрафільм аднаго з дакладаў Карскага, дасланы з Пражскай АН, успаміны родных і знаёмых (дачкі Н.Я.Баркоўскай-Карскай, унучкі Т.С.Карскай, рус. мовазнаўца акад.АНСССР В.І.Баркоўскага) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЧАВА́ЛЬНІК,
навясное абсталяванне да гусенічнага трактара для карчавання пнёў, хмызняку і камянёў або прычапная машына для суцэльнага карчавання пнёў і схаванай драўніны, пагрузкі іх у трансп. сродкі ці ўкладкі ў валок. Можа выкарыстоўвацца і для рыхлення шчыльных грунтоў (гл.Карчавальныя машыны). Таксама ёсць К. сцёблаў бавоўніку — машына для выдалення сцёблаў пасля ўборкі бавоўны-сырцу. Адрозніваюць К.-валкаўкладчыкі (збіраюць сцёблы ў суцэльны валок або ў невял. копы) і К.-здрабняльнікі (здрабняюць сцёблы і раскідваюць іх па полі або загружаюць у трансп. сродкі).
Схема работы карчавальніка: 1 — пры суцэльным карчаванні хмызняку і драбналесся; 2 — пры ўборцы камянёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́БСКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́,
спецыялізаваны орган супрацоўніцтва краін Карыбскага басейна. Створаны ў 1969. Яго ўдзельнікамі з’яўляюцца 12 краін-членаў Карыбскага супольніцтва (Барбадас, Беліз, Гаяна, Гранада і інш.), а таксама Багамскія а-вы, Канада, Вялікабрытанія і яе ўладанні на Карыбскіх а-вах. З 1972 членамі К.б.р. сталі Венесуэла і Калумбія. Афіц. мэта банка — садзейнічаць эканам. і сац. развіццю краін-членаў, аказваць ім тэхн. дапамогу і інш.Асн. крэдытнай крыніцай у рамках К.б.р. выступае Спец. фонд развіцця, створаны ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай і Венесуэлай. Кіруючыя органы — Савет кіруючых і Выканаўчы к-т. Месцазнаходжанне — г. Брыджтаўн (Барбадас).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́СТА (партуг. casta род, пакаленне ад лац. castus чысты),
1) эндагамная група людзей, аб’яднаных адзінствам спадчынных прафесій, строга абмежаваная ў зносінах з інш.сац. групамі. У старажытнасці прыкметы падзелу грамадства на К. сустракаліся ў Кітаі, Іране, Японіі, Егіпце і інш. У Індыі яны сталі пануючай сілай (у 1940-я г. было каля 3,5 тыс. К. і падкастаў); эканам. і грамадскую дзейнасць членаў К. кантралявалі каставыя саветы (панчаяты); выгнанне з К. ставіла чалавека па-за грамадствам. Паводле Канстытуцыі Індыі (1950) фармальна прызнана раўнапраўе К. Гл.таксамабрахманы, варна, «недатыкальныя».
2) У пераносным значэнні К. — замкнёная грамадская групоўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛО́Г (ад грэч. katalogos пералік, спіс),
сістэматызаваны пералік прадметаў (кніг, рукапісаў, экспанатаў, тавараў і інш.), падабраных па пэўнай прыкмеце і размешчаных у канкрэтна-вызначаным парадку, што аблягчае іх пошук. Даведачнае выданне аналагічнага характару (напр., К. выставак маст. твораў, К. марак і інш.). Можа быць у выглядзе картак, кніг, альбомаў (часам ілюстраваных), камп’ютэрных звестак. К. бібліятэчны — пералік твораў друку, што ёсць у бібліятэцы. Паводле сваёй структуры падзяляецца на алфавітны, сістэматычны, прадметны, нумарацыйны і інш., паводле прыналежнасці — чытальніцкі і службовы, па ахове фонду — ген., спец., зводны. Існуюць таксама К. краязнаўчыя, мясц. друку, зорныя каталогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТРА́НАВЫЯ (Squalidae),
сям. храстковых рыб атр. катранападобных. 9 родаў, 20 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Трапляюцца да глыбіні каля 3000 м. Найб. шматлікі з К. — катран (Squalus acanthias), пашыраны ў Баранцавым, Белым і Чорным м. і ў морах Д. Усходу.
Даўж. да 2 м, маса да 14 кг. Маюць вострыя калючыя шыпы перад 1-м і 2-м спіннымі плаўнікамі. Кормяцца рыбай, ракападобнымі, галаваногімі малюскамі, доннымі беспазваночнымі. Яйцажывародныя, выношваюць да 20 яец (катран — 13—15 яец, на працягу 22 мес; даўж. нованароджаных акулят да 26 см). Аб’екты промыслу. Гл.таксамаАкулы.